Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Грыцкевіч В. Міфы i гісторыя 


Аўтар: Грыцкевіч Валянцін,
Дадана: 13-09-2015,
Крыніца: Грыцкевіч Валянцін. Міфы i гісторыя // Спадчына №2-1996. С. 56-88.



У духоўным спусташэнні Беларусі вялікую ролю адыграла пазбаўленне беларускае нацыянальнае гісторыі самастойнасці, падпарадкаванне яе расійскацэнтрычнай мадэлі гісторыі.

У асвятленні беларускай гісторыі за апошнія сто трыццаць гадоў, ад часоў тлумлення апошняга паўстання супраць імперскага прыгнёту, паназапашвалася шмат расійскацэнтрычных міфаў i легендаў. Памеры працы не дазваляюць спыніць увагу на ўсіх гэтых міфах. Частку ix я разабраў у сваім артыкуле 1982 года "Каб ведалі факты". Ен пабачыў свет з - за ўмяшальніцтва пэўнага аддзела ЦК КПБ са спазненнем на пяць гадоў i быў надрукаваны толькі ў 1987 г.

Але перад тым, як ахарактарызаваць асноўныя міфы, якія ўкараняюць нават дасюль у галовы беларусаў, трэба асветліць, што такое міф.

Гэтаму i прысвечаны наш артыкул.


Міф i гісторыя... Звычайна спалучэнне гэтых паняццяў выклікае ўспамін пра месца міфу ў антычным свеце, пра лжэцароў ці пра старца Фёдара Кузьміча з расейскай гісторыі. Але, абмежаваўшы сувязь гісторыі з міфам гэтымі прыкладамі, мы замыкаемся ў тое кола поглядаў на мінуўшчыну, якое нам паслужліва падсоўваюць традыцыйныя гістарычная навука i адукацыя.

Апрача гэтых дзвюх сфераў гістарычных поглядаў, існуюць яшчэ іншыя. Гэта, напрыклад, - гістарычная свядомасць (або гістарычныя веды, якія функцыянуюць у чалавечай свядомасці, якія прасякнутыя каштоўнаснымі элементамі, прадвызначаныя актуальнай сітуацыяй i акрэсленым бачаннем будучыні), гістарычная ідэалогія (або гістарычна - палітычныя дактрыны, гістарычны змест палітычнай ідэалогіі), гістарычная традыцыя (або частка гістарычнае спадчыны, пэўнай сацыяльнай групы - этнасу, класу, лакальнай трупы, сям'і i інш., - якая ацэньвае i выказвае прынятую пэўнаю групаю сістэму каштоўнасцяў) і, урэшце, гістарычныя міфы.

Усе памянёныя сферы, уключаючы гістарычную адукацыю, гістарычную навуку (вывучэннем. апошняй абмяжоўвалі сябе савецкія гісторыкі), складаюць нешта больш агульнае - гістарычную культуру. Гістарычнаю культураю можна было б назваць сістэму каштоўнасцяў, якая замацавалася з дапамогаю атрыманых ведаў пра мінуўшчыну ў пэўнай групе грамадства ў пэўны перыяд, а таксама комплекс твораў, звязаных з пазнаннем i перажываннем мінуўшчыны.

Да розных складовых частак гістарычнае культуры мы абавязкова вернемся. Зараз жа хочацца прапанаваць чытачу размову пра гістарычныя міфы. Бо менавіта іхнае існаванне ў гістарычнай адукацыі майго пакалення адыграла фатальную ролю ў мысленні сучаснага беларускага грамадства.

Я маю на ўвазе насаджэнне міфаў "заходнерусізму", міфаў пра існаванне беларусаў выключна ва ўлонні дабрадзейкі матухны Расіі, якая толькі i робіць, што ратуе ix ад "чужынцаў". Дзякуючы настойліваму насаджэнню падобных міфаў грамадства Беларусі было пераарыентаванае з традыцыйных "самастойніцкіх" поглядаў на мінуўшчыну - на імперскія, якія цалкам супадалі з дарэвалюцыйнымі русіфікатарскімі. Гэта не магло не прывесці да рэзкага падзення даверу гісторыкам кшталту Абэцэдарскага. Такія спецыялісты былі перакананыя ў магчымасці неабмежавана маніпуляваць гістарычнаю свядомасцю грамадства, падмяняць гістарычныя веды вышэйпамянёнаю гістарычнаю ідэалогіяй. Адсюль ішла пагарда да фактаў, фальшаванне гістарычных крыніцаў, навязванне гістарычнай навуцы прынцыпаў, выпрацаваных праз палітыку, гвалтоўнае ўмяшанне ў асновы гісторыі дзеля неадкладнага палітычнага эфекту.

Мне даспадобы іншая пазіцыя - пазіцыя дыялогу, пазіцыя шчырай, адкрытай размовы з грамадствам, гэта значыць, партнёрскія паводзіны. Яны прадугледжваюць адпаведнае стаўленне да пазанавуковых гістарычных уяўленняў, якія непазбежна функцыянуюць у грамадстве побач з навуковымі. Надзённыя пабытовыя веды гісторыі складаюцца як з праўдзівых, так i з памылковых элементаў. Некаторыя лічаць, што ix трэба «выкараняць». Я лічу, што трэба разважліва спрабаваць ix рабіць больш навукова абгрунтаванымі. На мой пункт погляду, няма іншага шляху да рацыяналізацыі гістарычнае свядомасці грамадства, а гэта значыць, да разумения ісціны, апроч паступовага выдалення з яе фальшывых элементаў i замяшчэння ix як магчыма добрасумленнымі ведамі.

Ненармальныя ўмовы нацыянальнага жыцця ў часы доўгае няволі ў значнай ступені наканавалі беларусам уяўленні пра сваю гісторыю. З'явіліся стэрэатыпы не тых, хто будаваў, а тых, хто ваяваў i разбураў. Расчараванне спадчынай таталітарызму i сучаснасцю можа прывесці да будавання чарговых гістарычных утопіяў, да «антыміфаў» ці новых міфаў, да стварэння якіх іншым разам заклікаюць з зусім добрымі намерамі ў друку.

Гэтак заўсёды бывае ў пару крызісаў. Гісторыя, якая выракаецца балючых праўдаў, якая кажа толькі тое, што грамадства ў гэты момант хоча пачуць, траціць не толькі магчымасць чаму - небудзь навучаць, але раней ці пазней страчвае аўтарытэт.

Вось чаму я палічыў бы надзённым звярнуцца да досведу сумежных з гісторыяй гуманітарных навук i паспрабаваць разабрацца ў суадносінах міфу i гісторыі.

РАЗУМЕНИЕ МІФУ

Праблема суадносінаў паміж міфамі i гісторыяй дасюль недастаткова высветления. На праблему міфаў ужо даўно звярнулі ўвагу этнолагі, сацыёлагі, псіхолагі, культуролагі, тэолагі, гісторыкі літаратуры, гісторыкі мастацтва. Гісторыкаў жа грамадства гэтая праблема абмінала. Асабліва гэта датычыць краін былога СССР. Амаль усе гуманітарныя навукі там былі наскрозь прасякнутыя міфамі, а ў доме павешанага аб вяроўцы не гавораць. Мне не ўдалося знайсці ў рускім навуковым друку працаў пра месца міфу менавіта ў гістарычнай думцы. Адна з галоўных прычынаў таму карэніцца ў неадназначных суадносінах тэрмінаў «міф» i «гісторыя».

Азначэнне міфу, якое ўспрымалася б усімі - i навукоўцамі, i неспецыялістамі, - аднолькава, даць цяжка. Тэрмін "міф" мае некалькі значэнняў. Навукоўцы розных профіляў даюць міфу розныя азначэнні ад этналагічнага ў Тэйлара праз псіхалагічыае ў Юнга да тэасофскага ў Лосева.

Для Эліядэ міф - гэта апавяданне пра падзею, што адбылася ў дагістарычныя часы, для Леві - Строса - гэта сістэма паміж сэнсавымі супрацьлегласцямі, змешчаныміў розных плоскасцях. Сацыёлагі разглядаюць міф у аспекце першаснасці ў стасунку да ўстойлівасці сацыяльна - культурнае супольнасці (ці культурнае папуляцыі), паколькі ён стварае сацыяльнае быццё. Паводле тэолага Бультмана, міф ёсць аб'ектывацыяй панадсветнага. У гэтым выпадку культурная папуляцыя выступае як крэатура міфу, а той, у сваю чаргу, i есць прастора каштоўнасцяў i мэтаў, у якой чалавек жыве. Нутраная праца дзеля пераадолення разыходжанняў міфу i канкрэтных падзеяў, якія перажывае асоба, - i ёсць зместам духоўнага жыцця. Такім чынам, міф стварае, а не тлумачыць сацыяльную рэальнасць.

У вузкім значэнні этнолагаў міф - гэта апавяданне пра багоў ды іхныя ўчынкі, пра пачаткі свету, пра паходжанне рэчаў, з'яваў, устанаўленняў. Пачатковаю, асноўнаю якасцю міфу ёсць вера ягоных носьбітаў у суцэльнуіо верагоднасць міфічнага апавядання.

Паводле меркавання Бэскама, міф ёсць празаічнаю аповесцю, якую грамадства спавядае, лічыць праўдзівым паведамленнем аб здарэннях з даўняе мінуўшчыны i штораз аднаўляе. Этнолагі звяртаюць увагу на тое, што міфічныя здарэнні, развіваныя ў часе, складаюць структуру, якая адносіцца адначасова да мінуўшчыны, сучаснасці i будучыні. У выніку гэтага міф апынаецца ўяўленнем існай i нязменнай (спыненай) рэчаіснасці.

Апісваючы паходжанне элементаў свету, міф аднолькава тлумачыць ix структуру i надае ім сэнс. Паходжанне чагосьці з міфічных часоў складае найвышэйшы сэнс, не патрабуючы ніякіх дадатковых абгрунтаванняў. Міф непасрэдна мадэлюе i асвячае прынцыпы жыцця адзінкі i грамадства, даючы прызнаныя дадзеным грамадствам узоры паводзінаў. Міфічны час ёсць эпохай першых i з гэтае прычыны ўзорных рэчаў.

Другое пашыранае разумение міфу прыводзіць да прызнання яго своеасаблівага спосабу бачыць i адчуваць свет. Гэты спосаб можа праяўляцца не толькі ў тыповай міфічнай аповесці, але таксама ў іншых формах, прыкладам, у песнях. Такое тлумачэнне міфу стасуецца, як правіла, першабытнага грамадства, ягонага своеасаблівага погляду, мыслення, якое звычайна называюць сымбалічным.

Такое мысленне канкрэтнае, з крайняй антрапамарфізацыяй свету. Пашыраным паняццем міфу карыстаюцца галоўным чынам даследнікі першабытных культураў. Дзеля аналізу гістарычных міфаў, якія функцыянуюць у сучасных грамадствах, яно, хутчэй за ўсё, малапрыдатнае.

Большае значэнне мае ў гэтым выпадку абагульненае паняцце міфу. Яго з роўным поспехам можна аднесці як да першабытнага, так i да сучаснага, суцэльна цывілізаванага грамадства.

ЧАМУ ЎЗНІКАЮЦЬ МІФЫ

Міфы ўзнікаюць з натуральнае патрэбы чалавека валодаць цэласнаю i асэнсаванаю карцінаю свету, з патрэбы бачыць свет як працяглае існаванне, з патрэбы верыць у трываласщь людскіх каштоўнасцяў. Згодна з меркаваннем Л. Калакоўскага, «і роля міфу як стваральніка сувязяў у грамадскім жыцці, i ягоная інтэграцыйная функцыя ў арганізацыі свядомасці асобы здаюцца незамяшчальнымі, асабліва немагчыма ix устараніць на карысць перакананняў, якія рэгулююцца крытэрыямі навуковае веды».

Абагульненая канцэпцыя міфу звязвае гэтае паняцце з пэўным уяўленнем з'яваў мінуўшчыны, сучаснасці або будучыні. Часцей за ўсё спатыканым крытэрыем, які адрозніваё міф ад іншых уяўленняў ці поглядаў, ёсць ягоная аб'ектыўная памылковасць. З уяўленнем пра міф звязаная таксама моцная адзінкавая або калектыўная вера ў ягоную сапраўднасць, дзякуючы чаму міф функцыянуе як фактар, які вызначае паставы i паводзіны пэўнай адзінкі ці калектыву i спосаб успрымання імі рэчаіснасці. У гэтым сэнсе тэрмінам «міф» можна ахопліваць розныя формы калектыўнай i індывідуальнай містыфікацыі, такія напрыклад, як палітычная ідэалогія, стэрэатыпы (нацыянальныя, расавыя, рэлігійныя), мода, прапаганда, рэклама, папулярызацыя кіназорак, спартсменаў, "міс" краін, кантынентаў, свету i г. д.

Да асноўных якасцяў зразумелых такім чынам міфічных уяўленняў залічаюцца эмацыйнасць, нарматыўнасць, апераванне сымбалічнымі клішэ, рытуалізаванымі паводзінамі.

Мірча Эліядэ разглядае міф як рытуалізаваны ўзор паводзінаў. Напрыклад, міф «пакутніцтва i барацьбы за лепшае жыццё», які існуе ў сучасным грамадстве, выводзіцца з традыцыі першаснага хрысціянства. Узоры барацьбітоў - рэвалюцыянераў, якія ідуць на смерць дзеля дабра народу, выходзяць з архетыпу святых i цакутнікаў.

Узор пакутніцтва i барацьбы амбівалентны, двухсэнсоўны. З аднаго боку, ён узаконьвае існую сістэму, уладу, а з другога боку - легітымізуе барацьбу супраць ix. Гэты ўзор вырастае з паняццяў, характерных для грамадстваў, якія выводзяцца з вёскі i прадстаўнікі якіх цярпелі пакуты, пакуль не прыстасаваліся да іншага асяроддзя i ўладкаваліся ў ім, вялі барацьбу за сваё існаванне ў гэтым асяроддзі, бо страцілі ранейшыя суседскія сувязі i засцянковыя ўзоры паводзінаў.

З ходам урбанізацыі i індустрыялізацыі, якія пранікаюць у псіхіку чалавека, гэты ўзор мусіць саступіць месца чамусьці іншаму. Бо ягоная прапаганда на доўгі тэрмін можа быць самагубнаю.

Другі прыклад калектыўнага міфу - ідэалізацыя разбойніцтва i рабунку. Яна таксама пашыралася пасля пераезду вясковых жыхароў у гарады, надаючы годнасць іхнай мабільнасці і, у пэўнай ступені, прадпрымальнасці, актыўнасці. Зараз, ca спусташэннем вёскі i стратаю традыцыі працаваць на зямлі, ідэалізацыя рабунку мусіць сустрэць супраціў этнолагаў i гісторыкаў. Варта шукаць больш уяўленняў, якія надаюць годнасць менавіта традыцыі грунтоўнай працы.

Існуе функцыянальная тэорыя міфу, якую прапанаваў этнолаг В. Маліноўскі. Згодна з ёй, міф ёсць абавязковаю часткаю кожнае культуры i безупынна абнаўляецца. Кожная гістарычная змена стварае сваю ўласную міфалогію, хоць яна толькі апасродкавана звязаная з гістарычнымі фактамі. Падобных поглядаў трымаецца Ганна Імбс, якая лічыць, што «міф адыгрывае ў культуры пазнавальную ролю, складае цэласную сістэму, якая фармулюе тэрміны, што ўпарадкоўваюць i высвятляюць свет (...). Міф ёсць асаблівым знакам, які адлюстроўвае лад культуры, здзяйсняе ў ім аднанасова падзел i ўніфікацыю парадку вартасцяў i рэчаў, сферы «святога» i даступнага ўсім. Тэндэнцыі выключэння міфу з культуры становяць сабою імкненне замяніць сферу «святога», бо яна ёсць непазбыўнаю воссю культуры. Замена сферы «святога» разбурае культурны лад (...). Гэта ў той самы час i эрозія сілаў, якія ствараюць культуру».

МІФ I РЭАЛЬНАСЦЬ

Міф жывучы менавіта таму, што прапануе самыя простыя адказы наскладаныя пытанні. З гледзішча людзёй, для якіх гістарычная навука не існуе, - а гэта тычыцца не толькі першабытных грамадстваў, - міф ёсць ісціна. Назваўшы нешта міфам, навуковец праяўляе крытычнае стаўленне да веранняў або ўяўленняў, якія ён разглядае. Гэтым ён аспрэчвае іхную аб'ектыўнасць i ісціннасць. Міф - гэта тое, што даследнік лічыць вымыслам. Падобнае стаўленне прадвызначае адсутнасць у міфе сапраўдных падзеяў, якія даследнік мог бы пазней вылучыць.

Мае рацыю Поль Валеры, які сцвярджае, што «міф - гэта тое, што гіне пры найменшым удакладненні. Строгі погляд i катэгарычныя высновы, шматлікія i ўзгодненыя ўдары,якія наносіць сваімі пытаннямі жвавы розу м, забіваюць міф, прыводзячы да бясконцага збяднення свету, невызначальных рэчаў i ідэяў».

У кожную гістарычную эпоху абшар міфічнага залежыць ад таго, што людзі прымаюць заі «рэальнае». Па меры развіцця навукі абшар міфу натуральна пашыраецца, бо навуковыя i філасофскія тэорыі акрэсленыя i мяняюць крытэрыі рэальнага.

Ужо грэцкія філосафы пасля Ксэнафонта называлі міфічнымі традыцыйныя апавяданні пра багоў, несумяшчальныя з вымаганняі розуму. Але яны не крытыкавалі пабудовы свету, у якім адбываліся апісаныя ў міфах падзеі. З развіццём навукі i гэты свет быў аднесены ў міфічныя абшары.

У XIX i XX стст. міф быў падданы суровай крытыцы гісторыкаў. Лічылася, што ён адпавядаў дзяцінству людскога роду. Падобна таму як фантазіі дзіцяці ўводзяць яго ў свет казак, якія паступова выцясняюцца сур'ёзнымі жыццёвымі ўяўленнямі, так i чалавецтва, яшчэ не асэнсаваўшы сваёй магутнасці над сабою i над светам, дазваляла калыхаць сябе міфамі.

Паводле П. Рыкёра, пасля "збяднення мовы", якое адбылося ў наш час, «міф узбагачае яе па - новаму». Сёння мы адчуваем патрэбу пакінуць спусташальныя метады крытыкі i зноў «задавать пытанні», бо міфы i сымбалі «прымушаюць задумацца».

Як лічыць Ф. Рэфуле, усе міфы супрацьстаяць гісторыі - апісанню мінуўшчыны. Як расповед, яны лічацца міфамі, калі падзеі, якія яны апісваюць, не адпавядаюць звесткам гістарычнае крытыкі (аналізу гістарычных крыніцаў. - В. Г.). Але сярод гэтых міфаў навуковец заклікае адрозніваць міфы, з якімі сутыкаецца этнолаг i якія паказваюць імкненне першабытнага чалавека пазбегнуць прыняцця гістарычнага рашэння, ад міфаў, якія раскрываюць чалавеку новыя магчымасці ягонага існавання i падахвочваюць яго да свабоднага рашэння. I ўрэшце, калі вернікі прызнаюць біблейскую гісторыю ў найбольшай ступені экзістэнцыяльнай, яны перастаюць разглядаць яе як міф. Інакш хрысціянская (дадам: - i іудзейская. - В. Г.) вера перастае быць сапраўднай.

У кожны гістарычны момант абшар міфу лёгка мяняецца ад індывіда да індывіда, бо крытэрый рэальнасці ва ўсіх розны. Сёння, напрыклад, можна назіраць, як рацыяналістычны падыход да свету выключае з яго ўсё звышнатуральнае, адносячы да міфу веранні хрысціянаў i іудзеяў, у той час калі вернікі бачаць звышнатуральнае, але адначасова лічаць яго сапраўднаю рэальнасцю.

Таму выбар слова «міф» заўсёды мае на ўвазе карэннае супрацьстаянне рэальнасці. Так, гістарычная навука дае адзін з крытэрыяў рэальнасці. У той ступені, у якой традыцыйныя апавяданні, што адносяцца да падзеяў мінуўшчыны, не супадаюць з рэканструкцыяй мінуўшчыны, якую праводзіць сучасная гістарыяграфія, яны лічацца міфічнымі. У шырокім сэнсе мы называем міфам кожны аповед, які мы не можам узгадніць са звесткамі гістарычнае крытыкі. Менавіта на аснове гэтае крытыкі сучасныя гісторыкі лічаць міфічнымі імёны першых цароў Крыту i Рыму. На той жа падставе герой швейцарскай легенды, якая адлюстравала барацьбу швейцарцаў супраць Габсбургаў у XIV ст., Вільгельм Тэль лічыцца міфічнаю асобаю. Сапраўды, няма сведчання пра існаванне швейцарскага гараджаніна з такім імем i прозвішчамі, як няма сведчання пра існаванне габсбургскага намесніка Германа Геслера, якога паводле падання забіў Тэль. Адначасова можна даказаць, што падобныя апавяданні існавалі ў шматлікіх краінах аж па самую Індыю.

У разгледжаных выпадках апавяданні лічацца міфічнымі, бо яны не адпавядаюць паслядоўнасці падзеяў, якую высветліла сучасная навука. Але гісторыя, апісваючы падзеі, не абмяжоўваецца фіксаваннем грубага шэрагу падзеяў, якія адбываліся ў пэўны час i ў пэўным месцы. Яна імкнецца знайсці значэнне i важнасць гэтых падзеяў, зразумець іхны сэнс. Іншым разам аказваецца, што значэнне, нададзенае гістарычным падзеям сучаснымі гісторыкамі, не супадае са значэннем, якое прыпісвае ім традыцыя.

Напрыклад, ангельскія бароны ў XIII ст. дамагаліся ад каралёў пэўнага абмежавання правоў кароны. Аднак яны не лічылі гэта новаўводзінамі, а ўсяго толькі вяртаннем да «добрых старых часоў» караля XI ст. Эдуарда Спавядальніка, калі нібыта дзёйнічалі "справядлівыя" законы. У існаванні Эдуарда Спавядальніка сучасныя гісторыкі не сумняваюцца, але яны не падзяляюць стаўлення баронаў да ягоных законаў, як "добрых" i «справядлівых». Эпоха Эдуарда была не залатым векам, а звычайнымі варварскімі часамі. Таму сучасныя гісторыкі існаванне справядлівых законаў пры Эдуардзе Спавядальніку адносяць да міфалогіі. У гэтым выпадку міфічныя «справядлівыя» законы прыпісваюцца сапраўднай асобе.

Тое ж адносіцца да ўзяцця ў 1789 годзе Бастыліі, адкуль нібыта былі вызваленыя «няшчасныя» вязні. Насамрэч, у гэтай турме сядзелі звычайныя крымінальнікі - фальшываманетнік, крывазмяшальнік, вядомы сваімі ненармальнасцямі маркіз дэ Сад i падобныя асобы.

Асобныя аўтары разважаюць пра міф «вызвалення Парыжу» ад гітлераўцаў. Сам факт вызвалення Парыжу сумненню не падлягае. Аспрэчваецца толькі інтэрпрэтацыя, якую надаюць яму тыя ці іншыя палітычныя партыі, значэнне, якое гэтыя партыі ў ім вышукваюць. Інакш кажучы, гісторыкі адносяць да міфаў не толькі апавяданні, нязгодныя з гістарычнымі падзеямі, але таксама іхнае тлумачэнне, заснаванае на гістарычнай рэальнасці. У якасці бліжэйшых да нас прыкладаў можна было б прывесці спрэчкі пра Варшаўскае паўстанне 1944 г., пра забойства польскіх афіцэраў у Катыні, жыхароў Беларусі ў Курапатах (у апошнім выпадку міфічнымі лічацца версіі, нібыта ў Курапатах фашысты забівалі гэбраяў з менскага гэта ці савецкія НКВДзісты забівалі калабарантаў) i г. д.

Хочучы карыстацца крытычным метадам, мы павінны правільна ацэньваць ягоныя магчымасці. Наўрад ці варта цалкам падпадаць пад ягоны ўплыў. Дзякуючы даследаванням нашай эпохі мы асэнсоўваем i абавязковыя запатрабаванні розуму, i абмежаванасць гістарычна - крытычнага метаду.

ФУНКЦЫЯ МІФУ

Функцыя міфу палягае на тым, што ён уключае чалавека ў суцэльнасць Сусвету. Гэтае намаганне людскога ўяўлення інтэгруе ўсю сукупнасць людскога досведу, чаго не могуць зрабіць ані навука, ані тэхніка. Паводле Л. Жыяра, роля міфу палягае на тым, каб увесці чалавека ў рэальнасць, якая перасягае яго ва ўсіх адносінах i да якой трэба прыстасавацца, каб выжыць. Папярэджваючы тугу i смерць, міф прыходзіць на дапамогу да чалавека, штораз актуалізуючыся праз абрад. Д. Хэмпэл адзначае, што міф аднолькава абапіраецца як на гісторыю, так i на сучаснасць, у якой жыве чалавек i ў якой ён імкнецца жыць у бяспецы.

Не дзіва, што міфы звязаныя з гістарычнаю сітуацыяй: іхная роля палягае на тым, каб абгрунтаваць яе. Яны мяняюцца адначасова з ёю i нават паміраюць, калі выявіцца, што не выконваюць сваіх функцыяў. Леві - Строс звяртае ўвагу на зменлівасць татэмічных міфаў. Тое ж, паводле Ф. Рэфуле, стасуецца да апакаліптычных міфаў, Яны нараджаюцца ў асабліва трагічныя перыяды гісторыі i гінуць, кал i хада падзеяў ix больш не апраўдвае. Так было на руінах эсхаталагічных i апакаліптычных надзеяў, якія скончыліся падзеннем Ерусаліма ў I - II ст. н. э. Гэта нарадзіла новае вучэнне гнастыцызму. Крах апакаліптыкі выклікаў да жыцця новыя формы рэлігійнага "самавыражэння", у якое перайшлі старажытныя веранні.

Вудучы звязаным з гістарычнай сітуацыяй, мяняючыся адначасова з ёю, міф прымітыўных народаў у той жа час самою сваёю прыродаю негістарычны. Гэта аднолькава стасуецца як да міфаў апакаліптычных, так i да міфаў касмаганічных i этналагічных - пра паходжанне свету i пэўнага этнасу. Апошнія два міфы ацавядаюць, як пачала існаваць нейкая рэальнасць; ці то Сусвет, ці то ягоная частка, выспа, пэўная ўстанова або практыка, стэрэатып паводзінаў, рамяство. Яны імкнуцца надаць рэальнасці, якой бы яна ні была, сутнасны характар. Міф робіць яе саўдзельнай панадчасоваму, вечнаму.

Разам з тым міф не ведае гістарычных падзеяў i не патрабуе ix. Тое, што ён абвяшчае, не адбывалася тут, але адлюстроўвае касмічны, незмяняльны, лёс чалавека.

Міф адлюстроўвае не толькі касмічны лёс чалавека, але i структуру грамадства, у якім ён жыве, бо звязвае яе з прыродай. Ва ўсялякім выпадку, гэта адносіцца да татэмных міфаў.

Перавод рэальнасці ў міфе адбываецца шляхам пераносу падзеяў у абшар пазачасовага. Міфы аб паходжанні ці стварэнні імкнуліся «ўмацаваць» чалавека, зрабіць яно гаспадаром свайго лёсу, зводзячы на нішто надзейнасць жыцця. Яны давалі чалавеку магчымасць распараджацца магутнымі сіламі, ад якіх ён залежаў.

Згодна з П. Рыкёрам, "гісторыя міфу - гэта барацьба з падзеяй, яна ўяўляе сабою намаганне грамадства, скіраванае на знішчэнне ўзбуральнага ўздзеяння гістарычных фактараў, яна імкнецца адмяніць гісторыю, паслабіць падзейнасць жыцця, пад яе ўздзеяннем гісторыя i яе пазачасовая мадэль узаемна адлюстроўваюць адно аднаго, змяшчаючы ўяўленне гісторыі i ствараючы з гісторыі дакладны вобраз продкаў, дыяхранія пэўным чынам спалучаецца з сінхраніяй так, каб паміж імі не ўзніклі новыя супярэчнасці".

Міф, такім чынам, раскрываецца як спантаннае імкненне чалавека адысці ад патрабаванняў, якія яму выстаўляе падзейнасць жыцця, ад неабходнасці выбару. Чалавек імкнецца знішчыць сваё гістарычнае існаванне.

Апакаліптычныя міфы, як відаць, не маюць дачынення да мінуўшчыны. Аднак зроблены аналіз міфу можна дастасаваць i да ix. Калі верыць М. Бубэру, "штораз, калі чалавек з жахам адступаецца ад пагрозы непасільнае працы i імкнецца пазбегнуць таямнічых патрабаванняў, якія накладае на яго гісторыя, перад ім амаль у апакаліптычным уяўленні паўстае працэс, які немагчыма спыніцы".

Папраўдзе апакаліптычныя міфы ўяўляюць сабою спосаб нейтралізацыі гістарычнага жыцця, ухілення ад рашэння, якога патрабуе сучаснасць. У апакаліптыцы канец гісторыі не належыць гісторыі як такой, будучыня ўяўляецца як незалежная ад сучаснасці, ад вольнага рашэння, якое прымае чалавек. Выратаванне, якога чакаюць, - гэта выратаванне, якое, як ка.жуць, даецца па даверанасці.

Такім чынам, адлюстроўваючы гістарычную сітуацыю, міф у той жа час супрацьстаіць гісторыі не толькі сваёй пазачасовасцю i ў гэтым сэнсе агістарычнасцю, але імкнецца дапамагчы чалавеку знішчыць сваё сапраўднае быццё. Інакш кажучы, міф супрацьстаіць не толькі гісторыі, якую пішуць, але, магчыма, гісторыі, якая адбываецца.

Аднак, як зазначае Эліядэ, міф уяўляе сабою адну з велізарных рухальных сілаў гісторыі, якія, будучы мадэлямі, што не адчуваюцца дотыкам, павінны былі б паралізаваць людскую ініцыятыву. Але папраўдзе яны стымулююць чалавека да стварэння, яны бесперапынна адкрываюць новыя перспектывы для ягонага вынаходлівага розуму. Супакойваючы чалавека, робячы яго гаспадаром свайго лёсу, запэўніваючы яго, што тое, што ён збіраецца зрабіць, ужо рабілася, міф дапамагае чалавеку адкінуць сумнеў у выніку свайго пачынання. Як сведчыць гісторыя гэбрайскага народу, апакаліптычныя міфы натхнялі людзей на смелыя рашэнні i здзяйсненні.

Ці ўсе расповеды, якія гісторыкі акрэсліваюць як міфы дзеля ix неадпаведнасці звесткам гістарычнае крытыкі, будуць міфалагічнымі таксама з прычыны ix няўзгодненасці з гісторыяй як з тым, што адбываецца? П. Рыкёр лічыць такое абагульненне няслушным. Поруч з татэмістычнымі міфамі, варта прызнаць існаванне «гістарычных міфаў», сэнс якіх не вычэрпваецца адпаведнымі сацыяльнымі інстытутамі, але мржа быць свядома i свабодна зразумелы ў межах аднаго i таго самага семантычнага поля.

Да гэтай катэгорыі міфаў належыць міф пра Вільгельма Тэля. Мэта міфу ўжо не ў тым, каб нейтралізаваць падзейнасць, але каб раскрыць чалавеку магчымасці ягонага існавання, якое інакш ён бы не спазнаў. Да гэтае катэгорыі, паводле П. Рыкёра, трэба залічыць біблейскія міфы. Сапраўды, хоць Р. Бультман, Г. фон Рад, П. Рыкёр разглядаюць Святую гісторыю як міфічную, яны, тым не менш, цвердзяць, штр біблейская думка сваёю глыбіннаю сутнасцю антыміфічная. Есць падстава лічыць, як запэўнівае Р. Вультман, што біблейская гістарыяграфія пранізвае сучаснасць усведамленнем адказнасці перад абліччам праклёнаў i блаславенняў, якія дайшлі ў спадчыну з мінулага, i перад будучыняю, якая прынясе выратаванне або смерць. Гэта казань, звернутая да народаў, казань, якая кажа кожнаму пра ягоную адказнасць. Старазапаветныя ўяўленні, у высокай ступені экзістэнцыяльныя, не маюць нічога супольнага з міфалагічнымі канцэпцыямі. Святая гісторыя - гэта не гісторыя - апісанне, гэта ў ніайвышэйшай меры гісторыя, якая адбываецца.

ГІСТАРЫЧНЫ МІФ

Пад гістарычным міфам можна разумець уяўленне, якое ў апісальнай форме стасуецца да пэўнае гістарычнае з'явы, г. зн. да падзеі, якая пацвярджаецца гісторыкамі з дапамогаю крыніцаў.

Тэрмін жа "гісторыя" змяшчае ў сабе два сэнсы: гісторыя як навука, што вывучае мінуўшчыну, i гісторыя як тое, што адбываецца з грамадствам у часе i прасторы. У першым сэнсе мы лічым гісторыяй расповед пра людскую мінуўшчыну, адносна верагодны, храналагічна ўпарадкаваны, унутрана арганізаваны, змешчаны ў гістарычным кантэксце, які мае непасрэднае ці апасродкаванае дачыненне да гістарычнае рэчаіснасці.

Калі расповед пра мінуўшчыну не адпавядае гэтым вымаганням або хоць аднаму з ix, гэта значыць, яго можна назваць «парагісторыяй», тым, што знаходзіцца «каля» гісторыі. Прыкладамі парагісторыі могуць служыць утопія, большая частка мастацкае літаратуры на гістарычную тэму i міф.

Гістарычны міф, як i ўсялякі міф, - з'ява натуральная. Яна задавальняе не задаволеныя гістарыяграфіяй духоўныя патрэбы чалавека. Аб'ектам міфатворчых аперацыяў могуць быць як даўнія, слаба пацверджаныя крыніцамі часы, так i здарэнні i з'явы нядаўняе мінуўшчыны, якія адбываліся на вачах пакалення, што яшчэ жыве, а гэта значыць, прынамсі ўяўна добра вядомыя.

Нас цікавіць механізм узнікнення менавіта гістарычнага міфу, а не іншага. Ен высветлены недастаткова. Прыклады такіх механізмаў прыводзяцца на канкрэтным матэрыяле ніжэй. Некаторыя мяркуюць, што вялікі ўдзел у стварэнні i распаўсюджванні гістарычных міфаў бяруць самі гісторыкі. Спецыялісты часта не асэнсоўваюць крытычна досвед i перакананні свайго грамадзянскага асяроддзя, светапогляду, ідэалагічнай плыні, навуковай школы. Карыстаючыся пэўнаю сістэмаю каштоўнасцяў, яны ўносяць яе ў праіцэс пазнання. Затым гісторык, ацэньваючы мінуўшчыну, падмацоўвае сваю суб'ектыўную ролю ў працэсе яе пазнання.

Паводле М. Эліядэ, самую гістарыяграфію можна лічыць працягам міфічнай думкі, паколькі яна выконвае функцыю, падобную міфу ў традыцыйных грамадствах. Гэта можна заўважыць не толькі, як лічыць Эліядэ, у даўніх хрысціянаў i летапісцаў, але таксама i ў шматлікіх найноўшых гісторыкаў.

Гістарычнасць міфу ў пэўнай ступені ўмоўная. Яна датычыць толькі ягонае вонкавае абалонкі, а не сутнасці, якая носіць безгістарычны характар. Вельмі сумнеўнае меркаванне, нібыта гістарычны міф ёсць гістарычным фальшам. Не кожнае памылковае ўяўленне пра гістарычны факт ёсць міфам. Вытокі "фальшу" гістарычнага міфу выплываюць з няведання або памылковага прачытання гістарычных крыніцаў.

З другога боку, гістарычны міф часта звяртаецца да фактаў сапраўдных, пацверджаных гістарычнымі крыніцамі, хоць i ўціскае ix ў рамкі акрэсленых архітыпных схемаў.

Традыцыя ў суб'ектыўным сэнсе - гэта асноўнае ўяўленне пра мінуўшчыну, якое ўплывае на механізм людскіх дзеянняў і перажыванняў, а таксама акрэслівае погляды на сучасную рэчаіснасць. Таму незалежна ад таго, ці тая традыцыя сапраўдная ці цалкам выдуманая, у суб'ектыўным сэнсе яна мае містычны характар. Традыцыя ёсць міфам з увагі на механізмы яе ўздзеяння i рэакцыі, якія яна выклікае ў чалавеку.

Гістарычны міф, як правіла, аб'ектыўна фальшывы, але суб'ектыўна ён заўсёды праўдзівы. Міф - гэта тое, у што шчыра i свята вераць, што прымаецца без доказу, як абсалютная праўда. Міфічнае стаўленне да мінуўшчыны характарызуе эмацыйнасць i спрашчэкне складаных гістарычных з'яваў.

Гістарычныя факты выконваюць на глебе міфічнага мыслення ролю сымбаляў, якім аддаюць перавагу ў пэўным грамадстве ці, наадварот, якія сымбалізуюць сілы зла, падлеглыя выключна асуджэнню. Міф ёсць словам, якое акрэслівае ягоныя намеры больш за ягоную «літару».

Гістарычны міф служыць перадачай пэўных вартасцяў, пажаданняў i падзеяў, апавядаючы ніе гэтулькі пра тое, што было, колькі пра тое, як павінна быць. Такім чынам, ён апранае ў гістарычную вопратку "надчасовыя" ўзоры паводзінаў, прынятыя i асвячоныя іхнымі носьбітамі.

Адна з важйых якасцяў міфічных уяўленняў - іхная нарматыўнасць. Міфы навязваюць узоры паводзінаў i складаюць істотную частку матывацыі людскіх дзеянняў, усё роўна, ідзе гаворка пра паводзіны адзінак ці групаў.

Міфічная свядомасць можа суіснаваць з навуковым светапоглядам. Гэта стасуецца да гістарычнага мыслення, якое мае нібыта два пласты - навуковы i міфічны. Гэты другі пласт можна знайсці не толькі ў гістарычнай свядомасці шырокіх колаў грамадства, але таксама i ў людзей са спецыяльнай адукацыяй, значыцца, i ў гісторыкаў, i ў іхных працах. Пра пэўныя абшары мінуўшчыны мы можам мысліць навуковым спосабам, у выпадку іншых мы падпарадкоўваемся міфам. Гэты працэс стыхійны, i ён цяжка паддаецца кантролю.

ГІСТАРЫЧНЫ МІФ ЯК ЧАСТКА ГІСТАРЫЧНАЕ КУЛЬТУРЫ

Гістарычны міф складае істотную частку гістарычнае культуры. Кожная нацыя i кожная гістарыяграфія маюць свае міфы. Свой асобны пункт погляду на Суворава, Касцюшку, Пілсудскага маюць расейцы, беларусы, палякі, літоўцы.

Гістарычны міф у грамадскім жыцці можа выконваць шмат станоўчых функцыяў. Ен можа быць, i гэта бывае часцей, разбуральным элементам.

Вышэй згадвалася аб'яднаўчая функцыя міфаў. Важная ix дыдактщчная, адукацыйная роля. Яна разлічвае, між іншым, на прапаганду грамадска каштоўных вартасцяў, напрыклад, патрыятычных i грамадзянскіх пастваў.

Але ўвогуле міфы прыносяць больш шкоды, чым карысці, бо яны скажаюць вобраз мінуўшчыны, робяць немагчымым правільнае разумение гістарычныга працэсу i механізмаў грамадскага жыцця, неаднойчы прыводзяць да значных памылак у практычных дзеяннях.

Возьмем, напрыклад, «ягелонскі» міф. Ен абцяжарваў разумение адмоўных вынікаў польска - літоўска - ўкраінска - беларускіх дзяржаўных уніяў, якія вялі пачатак ад вялікага князя, а потым караля Ягайлы i ягоных нашчадкаў. Пэўны час (падчас вызваленчых войнаў 1794, 1812, 1830 - 1831 гг., паўстання 1863 г.) гэты міф адыгрываў інтэграцыйную ролю, гуртуючы актыўныя колы грамадства розных этнасаў былое Рэчы Паспалітае супраць іншаземнай агрэсіі i дэспатыі. Але калі яго пачалі рэанімаваць на пачатку XX ст., польскія ўлады не ўлічылі нацыянальнага абуджэння ўсходніх суседніх з Польшчай этнасаў. Гэты міф адцягваў увагу палякаў ад іхных заходніх земляў, што знаходзіліся пад нямецкім панаваннем. Ён прыводзіў да ідэалізацыі ўзаемнага суіснавання Літвы з Каронаю i падтрымліваў у асяроддзі польскага грамадства ілюзіі магчымай адбудовы Рэчы Паспалітай у яе даўніх тэрытарыяльных межах, зразумела, пад польскім кіраўніцтвам. Адмоўныя вынікі гэтага далі сябе знаць у 1918 - 1920 гг. Тады адбывалася барацьба за межы паміж узноўленымі Польшчай, Літвой, Украінай, Беларуссю. Зразумела, гэта выкарыстала ў сваіх мэтах спадкаемца Расійскай імперыі Савецкая Расія.

У польскім грамадстве не здолелі зразумець, што літоўцы, украінцы, беларусы не жадаюць больш дзяржаўнага звязу з Польшчаю. А без іхнае згоды няможна было марыць пра ўзнаўленне уніі. Паддаючыся міфам, польскія грамадскія дзеячы не здолелі рэальна ацаніць актуальную палітычную сітуацыю на ўсходзе i наканавалі Польшчы паразу ў 1939 г.

Утапічнасць гісторыі, яе гераізацыя служаць петрыфікацыі (акамяненню) міфаў, створаных у грамадстве або самастойна, або дзякуючы мастацтву i літаратуры як выраз аўтэнтычных грамадскіх патрэбаў.

Калі мы вышэй разглядалі міф, паводле Эліядэ, як рытуалізаваны ўзор паводзінаў, мы не краналіся дылемы гісторыка. На этапе ўтварэння міфу гэта дылема паміж ягоным зместам i праўдаю, а на этапе петрыфікацыі - супярэчнасць паміж даўнімі ўзорамі i новымі грамадскімі патрэбамі.

ПАЛІТЫЧНЫЯ МІФЫ

Традыцыя i гістарычныя веды маюць асаблівае значэнне ў фармаванні палітычных міфаў, шчыльна звязаных з гістарычнымі міфамі. Е. Мялецінскі ў "Паэтыцы міфу" пісаў, што палітычныя міфы не ёсць "відавочнай хлуснёю ці пацверджаннем праўды. (...) Міф з інструмента першаснага вобразнага мыслення (...) інтэлектуальна пераўтвараецца ў інструмент палітычнай дэмагогіі, якая надае ідэалогіі натуральны выгляд".

Паводле культуралісцкіх поглядаў на палітычны міф, апошні ёсць складанаю псіхічнаю структураю, што ўзнікае ў выніку калектыўйае несвядомасці, агульнае для ўсіх людзей. Згодна такім поглядам, у свядомасці змяшчаецца ўсё, i калі несвядомае выяўляецца праз свядомасць, знікае праблема таго, што праходзіць межы свядомасці. Таму Е. Тапольскі падкрэслівае, што міфы паўстаюць стала, бо адной з якасцяў чалавечага мыслення ёсць міфалагізацыя, спыненне ведаў, змена ix кваліфікацыі ў пэўны момант, на дадзеным этапе. Пазнанне пашыраецца, даследніцкія метады развіваюцца, а веды, якія калісьці былі навуковымі, нязменнымі, пераўтвараюцца ў міф. Першасныя людскія веды таксама адлюстроўваюць свет ненавуковым спосабам, хоць, можа, i слушным. Калі акажацца, што веды сапраўдныя, тады ix можна разглядаць не як міф, а як толькі ўспамін пра міф, які пацвердзіўся.

З'яўленне палітычных міфаў суправаджаецца псіхічнымі працэсамі: скажэннем памяці, забыванием, фантазіяй. Кожнае людское дзеянне абапіраецца на якія - небудзь матывацыі, часта ірацыянальныя i ўгрунтаваныя на ведах, атрыманых падсвядома. Пацверджанне гэтаму - назіранні за масавымі паводзінамі грамадскіх рухаў i псіхалогіяй натоўпу. З'яву міфалагізацыі i дагматызацыі навуковых ведаў тлумачыць псіхолаг Л. Фэстынджэр. Ен заўважыў, што ў момант нарастания спрэчнасцяў між поглядамі i паставамі людзей i грамадскай рэчаіснасцю або ў сітуацыі, калі рэчаіснасць немагчыма дастасаваць да людскога ўспрымання, калі нельга змяніць погляды, не парушаючы іхных ідэалагічных падставаў, тады прыходзіць у рух неўспрымальная псіхалагічная сістэма. Яна палягае на тым, што чалавек не ўспрымае невыгодную i некарысную інфармацыю. Неўспрымальны механізм людской псіхікі прыводзіць да таго, што засвоеныя калісьці навуковыя веды застаюцца эмацыйна "нейтралізаванымі" i "вышараванымі" са свядомасці. Чалавечая асоба становіцца абыякавай да ўсялякіх вонкавых стымулаў i аргументаў. Дагматызацыі навуковых ведаў спрыяюць яшчэ стэрэатыпы i міфалагізацыйны стылі мыслення i дзеяння.

Сацыяльная псіхалогія дала ўжо шмат доказаў залежнасці між працэсам забывания i людскімі паставамі. Хутчэй забываецца тое, што не згодна з паставамі, чым тое, што супадае з імі. Гэтая навука спрабуе таксама знайсці адказ на пытанні, якія датычаць залежнасці між якасцямі чалавечай асобы i схільнасцю да стэрэатыпнага i міфалагізацыйнага мыслення i дзейнасці.

Да тыповых палітычных міфаў адносяцца міфы, якія ўводзіла камуністычная партыя i яе цяперашнія паслядоўнікі ў розумы грамадзянаў нашай краіны i замежжа. А. Ролік пералічвае некаторыя з ix. Гэта міфы:

· аб уяўнай агульнанароднай уласнасці (хоць фактычна яе гаспадаром была партыйная верхавіна);

· аб адсутнасці класу эксплуататараў у сацыялістычным грамадстве (хоць у дэмакратычных краінах з рынкавай эканомікай ці «капіталістычнай сістэмай» ад вырабленага прадукту на заробак працоўным ішло 30 - 60 %, а ў СССР ад 5 да 15 %, i яшчэ каля пяці працэнтаў ад вырабленага прадукту вярталася дзяржаве ў выглядзе г. зв. "бясплатнага" медыцынскага абслугоування i адукацыі);

· аб правільнасці марксісцка - ленінскай тэорыі (хоць у імя сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі» былі знішчаныя дзесяткі мільёнаў людзей, а народы краін, дзе карысталіся гэтаю тэорыяй, прыйшлі да агульнага заняпаду, да адсталасці ў эканоміцы, да вынішчэння навакольнае прыроды);

· аб тым, нібыта эканамічны крызіс на тэрыторыі былога Савецкага Саюза есць вынікам распаду адзінай эканамічнай прасторы i былых эканамічных сувязяў (хоць у савецкай прэсе 60 - 70 - х гг. увесь час пісалі пра безупынны зрыў паставак з прадпрыемстваў розных частак былой краіны);

· аб тым, што пры камуністах у СССР быў устойлівы дабрабыт, а тагачасны рубель быў стабільны (хоць адносны дабрабыт 60 - х гг. быў вынікам ранейшага рабавання вёскі, прымусовае працы мільёнаў грамадзянаў, безагляднага рабунку айчынных прыродных рэсурсаў. Але ў пачатку 70 - х гг. легка дасягальныя радовішчы прыродных багаццяў былі вычарпаныя, было цяжка набываць тавары, выраслі чэргі, грашовая маса не забяспечвалася таварамі, масавае спойванне насельніцтва нізкаякасным віном дасягнула небывалага ўзроўню);

· аб высокай прадукцыйнасці калгасаў i саўгасаў (у Беларусі на душу насельніцтва ворнае зямлі прыпадае больш за заходнееўрапейскія краіны, але чвэрць неабходнага збожжа ў рэспубліку імпартуецца).

У 1978 г. Віктар Някрасаў разгледзеў міфы, звязаныя з камуністычнай партыяй. Адзін з гэтых міфаў - міф пра сілу партыі. Яна, сапраўды, была моцная, але таму, што ў яе быў КДБ, таму, што яна вырашала ўсё за ўсіх. Папраўдзе ж яна была слабая - з - за боязі свайго народу, каб той не даведаўся тое, чаго яму было не варта ведаць, з - за страху перад дысідэнтамі, але больш за ўсё таму, што кіраўнікі партыі баяліся адзін аднаго.

Міф аб праўдзівасці партыі абвяргаўся яе беспрынцыповасцю, бо ў СССР то ганілі Гітлера i фашызм, то сябравалі, а то ваявалі з імі. Газеты, радыё, тэлебачанне, мастацкая літаратура, сходы, мітынгі, школа - усё было прасякнута хлуснёю i падманам.

Міф пра дысцыплінаванасць партыі грунтаваўся на боязі яе членаў страціць сваё месца. Міф пра любоў народу да партыі абвяргаўся агульнаю нянавісцю народу да яе, недаверам рабочых i сялянаў да інтэлігента, бо ў ім (часцей за ўсё слушна) падазравалі партыйца.

Палітычныя міфы могуць мабілізоўваць мільёны людзей на барацьбу за слушныя мэты, напрыклад, за вольнасць, за грамадскую справядлівасць. Але часцей яны каламуцяць яснасць поглядаў, настаўляюць палітычныя думкі на заганны пілях.

Варта адзначыць найбольш значныя рысы міфічнага мыслення, а менавіта перавагу ў ім дагматызацыі гістарычных ведаў, высноўванне з яго практичных рэкамендацыяў, пазбаўленне гісторыі руху. Чалавек, які мысліць міфалагічна, не бачыць дынамікі гістарычнага працэсу, глядзіць на сучаснасць скрозь прызму нерухомых гістарычных уяўленняў.

СТЭРЭАТЫПЫ

Прыкладам міфалагічнага мыслення служаць стэрэатыпы. Стэрэатыпамі завуцца схематычныя, стандартызаваныя вобразы сацыяльных з'яваў ці аб'ектаў, снрошчаныя ўяўленні аб пэўных постацях, грамадскіх, этнічных, рэлігійных трупах, установах, краінах. Звычайна яны эмацыйна афарбаваныя i вельмі ўетойлівыя. Стэрэатыпы - гэта звычайна перадузятыя ўяўленні, фальшывыя вобразы, «хадзячыя» меркаванні, звязаныя з групавымі (класавымі, расавымі, этнічнымі, рэлігійнымі i г. д.) забабонамі.

Падобныя стэрэатыпы ёсць вынікам дагматызацыі гістарычнага міфу. Упершыню гэты тэрмін у сацыялогію ўвёў амерыканскі публіцыст Уолтэр Ліпман (1922).

Этнічныя, расавыя, рэлігійныя i іншыя групавыя стэрэатыпы не варта ацэньваць з гледзішча сучасных настрояў, нельга ix разглядаць выключна праз прызму этнасу, расы, рэлігіі, якія яны кранаюць. Цяжка патрабаваць ад нашых продкаў халодных ацэнак. Яны ў свой час актыўна не ўспрымалі ерэтыкоў ці «вядзьмарак» (як мы - "агентаў замежнага імперыялізму", «ворагаў народу», прадстаўнікоў "варожых класаў", «рэакцыйных нацыяў»).

Як сумясціць памяць аб рахунку крыўдаў, што існуюць паміж дзвюма сацыяльнымі групамі - этнасамі, класамі, расамі, вернікамі? Патрэбнае шчырае папярэджанне, каб процідзейнічаць групавой нянавісці. Гэта можа здацца задачаю накшталт квадратуры кола, але выйсце ёсць: трэба сумленна прызнаць праблему i выклікаць неаднабаковыя дыскусіі, як такую задачу вырашаць. Г. зн. выйсце можа быць толькі адно - шчырае папярэджанне. Прыкладам можа служыць разгляд "змоўніцкай тэорыі гісторыі".

ЗМОЎНІЦКАЯ ТЭОРЫЯ ГІСТОРЫІ

Прыхільнікі гэтай тэорыі рашучае значэнне ў гісторыі, у гістарычным развіцці аддаюць змовам i адмаўляюць усе іншыя рухальныя фактары гісторыі. Папраўдзе, змовы існавалі ўсюды i заўсёды. Успомнім змову забойцаў Юлія Цэзара, змову асасінаў падчас крыжовых паходаў i мангольскае навалы, тугаў - душыльнікаў у Індыі, камору ў Нэапалі, мафію, дзекабрыстаў. Але ўсе гэтыя змовы былі звязаныя з пэўнаю мясцовасцю i абмежаваныя часам.

Апроч сапраўдных змоваў, існавалі i існуюць змовы ўяўныя. Надта доўгае жыццё прыпісвалі зноў - такі абмежаваным у прасторы i часе рыцарам - тампліерам, сябрам сакрэтных таварыстваў розэнкройцараў, ілюмінатаў, масонаў. У сучаснай гісторыі змова з імкненнем скарыць свет па чарзе прыпісвалася: езуітам, масонам, «сіёнскім мудрацам», Трэцяму інтэрнацыяналу, а прыхільнікі згаданае тэорыі лічаць, што ўсімі імі (і нават езуітамі - !) нібыта кіравалі гэбраі. Для прыхільніка змоўніцае тэорыі гісторыі ідэальным супраціўнікам быў бы езуіт з сэміцкімі рысамі твару, які насіў бы фартух масона i трымаў у кішэні партийны білет камуністычнае партыі.

З'явілася нават мастацкая літаратура з раскрыццём падобных змоваў - "Іосіф Бальзамо" i «Дваццаць год пасля таго» Дзюма - бацькі, "Вечны жыд" Сю, трылогія Крастоўскага "Цемра егіпецкая", «Тамара Бендавід» i «Перамога Ваала», «Судны дзень» Віктара Іванова, «У імя айца i сына» Івана Шаўцова, «Усё наперадзе» Васіля Бялова. Змоўніцкая тэорыя дачакалася i свайго «Дон Kiхота» - пародыяў на падобныя творы: «Сутарэнняў Ватыкану» Андрэ Жыда, «Маятніка Фуко» Умбэрта Эка.

Згаданыя аповесці i раманы прысвечаныя вымысленым змовам. Такія ўяўныя змовы той, хто мае ўладу прыпісвае сваім ідэйным сапраўдным або ўяўным вора гам, каб расправіцца з імі або зваліць віну за свае няўда чы на іншага. Такім чынам Гітлер прыдумаў змову свайго магчымага суперніка i прэтэндэнта на ўладу Рэма, каб расправіцца з ім i ягонымі прыхільнікамі ўнутры нацысцкае партыі. Пазней такім жа вымыслам была трацкісцка - зіноўеўска - бухарынская змова «Bopaгаў народу», якая выклікала ў СССР хвалю рэпрэсіяў супраць бязвінных людзей.

Вось такія ўяўныя змовы i маглі легчы ў аснову «змоўніцкае тэорыі» гісторыі. Прыняцце падобнае тэорыі робіць зусім непатрэбнаю карпатлівую прафесійную гістарычную крытыку з высвятленнем складаных з'яваў або абумоўленасці гістарычнага працэсу. Просты адказ на складаныя пытанні - усё залежыць ад змоваў - дазваляе прыхільнікам «змоўніцкае тэорыі» тлумачыць увесь ход гісторыі.

Месца рэальных даследаванняў у гэтай тэорыі займае прымітыўнае мысленне, своеасаблівы від магіі. Паводле гэтай тэорыі, не грамадскія i палітычныя рухі, не звычаі, не духоўныя сувязі, не складанае развіццё розных палітычных i эканамічных чыннікаў фармуюць людскую гісторыю. Прыняцце змоўніцкага бачання гісторыі вызваляе людзей ад разумовых намаганняў. Уяўны вораг выступае ў ролі ахвярнага казла.

Людзі не любяць прызнавацца ва ўласных памылках, жадаюць прыпісаць гэтыя памылкі іншым. Замест бачання гісторыі, пры якім шмат выпадкаў бывае вынікам супадзення ці збегу акалічнасцяў, а іншым разам i проста глупства, больш спакусліва ўявіць сабе, што намі кіруюць таямнічыя сілы, якія дзейнічаюць з карыслівым намерам. У такіх умовах чалавеку не трэба самому спрабаваць нешта зрабіць, каб уплываць на хаду падзеяў. Гэта тыпова фаталістычная тэорыя, якая нараджае ў чалавека пасіўнае стаўленне да рэчаіснасці.

Змоўніцкая тэорыя гісторыі складае значную частку грамадскае свядомасці. У краінах з дыктатарскім стылем кіравання яна дазваляе аб'ядноўваць прыхільнікаў безупыннае барацьбы супраць уяўных супраціўнікаў рэжыму i ажыццяўляць да ix тэрор.

Дзеля пяцверджання сусветных змоваў, пачынаючы з XVII ст., пэўныя палітычныя сілы выкарыстоўваюць супраць сваіх ворагаў творы, якія пры ўніклівым крытычным разглядзе аказваюцца фальшыўкамі. Першаю з такіх фальшывак была апублікаваная з ініцыятывы пратэстантаў кніга «Прыватныя парады Таварыства Ісуса». У ёй пры дапамозе скажэння сапраўдных інструкцыяў езуітам прыпісваліся ўсемагутнасць i імкненне захапіць уладу над светам.

За прыкладам «Прыватных парадаў Таварыства Ісуса» ў самым канцы XVIII ст. езуіт А. Баруэль склаў працу, у якой абвінаваціў таямнічыя таварыствы розэнкройцараў, ілюмінатаў i масонаў у тым, што яны справакавалі Французскую рэвалюцыю з мэтаю сусветнага панавання.

Уяўная ўсемагутнасць езуітаў не перашкодзіла ў 1773 г. Папу Рымскаму распусціць іхны ордэн, а ўяўная ўсемагутнасць масонаў i сяброў іншых сакрэтных таварыстваў не перашкодзіла прыходу ў Францыі да ўлады перш Дырэкторыі, а потым Напалеона. Сувораў i Кутузаў, якія належалі да масонства, грамілі войскі французаў, якія нібыта ажыццяўлялі планы сусветнага масонства.

З сярэдзіны XIX ст. у еўрапейскіх краінах абвастрылася канкурэнтная барацьба між фінансістамі i капіталістамі, у ліку якіх былі асобы карэннага i гэбрайскага паходжання. У рэвалюцыйным руху супраць адных i другіх пачалі браць удзел прадстаўнікі бяднейшай гэбрайскай меншыні жыхарства еўрапейскіх краінаў. Гэта выклікала з'яўленне новае версіі змоўніцкай тэорыі гісторыі - абвінавачванне гэбраяў тымі ж спосабамі, што раней ужываліся супраць езуітаў i масонаў, у сусветнай змове з мэтаю захапіць уладу ў свеце.

Не пазней за 1899 г. у Парыжы група супрацоўнікаў царскай ахранкі на чале з П. Рачкоўскім склала «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў». У гэтым творы рол я змоўшчыкаў супраць свету прыпісвалася гэбраям. "Пратаколы" вывучаліся, пачынаючы з 1920 - х гг. англійскім журналістам Ф. Грэйвзам, рускімі гісторыкамі П. Дэлеўскім, П. Мілюковым, багасловам А. Карташовым, журналістам В. Бурцавым, а ў 80 - я гг. дырэктарам Інстытута гісторыі Польскай Акадэміі навук Я. Тазбірам. Гэты твор уяўляе сабою не толькі падлог, але i плагіят. Да гэтае ж высновы прыйшоў суд над фашыстамі - распаўсюднікамі i выдаўцамі «Пратаколаў» у Бэрне ў 1935 г. 26 лістапада 1993 г. Чаромушкінскі суд Масквы прыйшоў да высновы, што публікацыя "Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў" ёсць праявай антысэмітызму.

«Пратаколы» складзеныя на аснове памфлета французскага журналіста М. Жалi «Дыялог у пекле між Макіявэлі i Мантэск'ё» (1864). Памфлет быў накіраваны супраць французскага імператара Напалеона III, які быў выведзены ў «Дыялогу ў пекле» ў вобразе італьянскага палітолага Макіявэлі, што ў памфлеце вызнаваў беспрынцыповасць дзеля захопу ўлады над светам.

Аўтары "Пратаколаў" перапісалі з 2560 радкоў "Дыялогу ў пекле" 1040 радкоў. Перапісчыкі слепа паўтаралі нават памылкі друку.

Задумы «Макіявэлі» - Напалеона III прывесці свет да распаду, прапагандаваць марксізм, дарвінізм i падобныя «разбуральныя» тэорыі, распаўсюджваць парнаграфію, ператварыць друк у сродак разбурэння фальсіфікатары прыпісалі ў «Пратаколах» тым самым гэбраям, пра якіх Жалі нават не ўспамінаў у «Дыялогу ў пекле».

Пераробнікі "Дыялога ў пекле" ў «Пратаколы» выкарысталі таксама вядомы царскай ахранцы «Катэхізіс рэвалюцыянера» С. Нячаева - арганізатара сакрэтнага расійскага таварыства, які карыстаўся метадамі правакацыі i тэрору i паслужыў прататыпам аднаго з герояў "Бесаў" Дастаеўскага, а таксама ўзялі сёе - тое з антысэміцкіх кніг французскіх публіцыстаў Шабаці i Друмона, а таксама з рамана (гэта значыць, з відавочнага вымыслу) пісьменніка Гёдшэ.

Былы прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі i міністр веравызнанняў Часовага ўраду А. Карташоў характарызаваў «Пратаколы» так: «Перад намі - злоўленыя на гарачым буйныя палітычныя i культурныя махляры, якія лічылі i лічаць магчымым хлуснёю, наклёпам i чужою крывёю "ратаваць Расію". Барані нас Божа напярод ад такіх выратавальнікаў».

Я. Тазбір лічыць, што ўсіх тых, хто лічыць "Пратаколы" сапраўдным творам, аб'ядноўвае ў вачах гісторыка не толькі злая воля, але i страшэнная прафесійная нядобрасумленнасць, якая відаць у тым спосабе, пры дапамозе якога былі сфабрыкаваныя «Пратаколы». Аўтары гэтай фальшыўкі проста шараговыя халтуршчыкі, на якіх творцы «прыватных парадаў» з таго свету павінны глядзець з пагардай. Іерархія праваслаўнае царквы яшчэ паўстагоддзя таму назад ахарактарызавала ix як фальшыўку. Сёння ніхто з сур'ёзных людзей не выступае ў абарону сапраўднасці ўяўных «сіёнскіх мудрацоў». Асобе, прызнанай у навуковым свеце, нельга рабіць гэтага, бо ўсім відавочная іхная несапраўднасць».

Нягледзячы на падазрэнні ў неаўтэнтычнасці з самага пачатку, «Пратаколы» друкавалісй падчас рэвалюцыі 1905 г. у Расіі, потым ва ўсім свеце, а зараз зноў у месцы першадруку. Падчас рэвалюцыяў i грамадзянскай вайны ix выкарыстоўвалі для дыскрэдытацыі грамадскіх сілаў, што выступалі супраць самаўладства, i для арганзацыі шматлікіх гэбрайскіх пагромаў. Нацысты ў Германіі з падачы той ix часткі, якая паходзіла з Расіі, адразу выкарысталі «Пратаколы» для грунтавання сваіх прэтэнзіяў на ўладу. Пасажы з «Пратаколаў» фігуравалі ў «Міфе XX стагоддзя» выхадца з Расіі Розэнбэрга i ў «Маёй барацьбе» Гітлера. Нацысцкая прапаганда распаўсюджвала "Пратаколыі" вялікімі тыражамі, каб абвінаваціць ва ўсіх бедах грамадства гэбраяў i знайсці зачэпку для ix фізічнага вынішчэння.

Гітлераўцы самі ставілі перад сабою тыя мэты, якія ў фальшыўцы прыпісваліся "сіёнскім мудрацам", а менавіта захоп свету, выкарыстоўвалі палітычныя правакацыі. Кожная фашысцкая партыя, будучы патаемнаю суполкаю, не магла цярпець нават уяўнае канкурэнцыі падобнай арганізацыі. Нацысты стваралі сваю арганізацыю паводле тых рэкамендацыяў, якія прыпісвалі ўяўным «Мудрацам» складальнікі фальшыўкі.

Адрозна ад ранейшых аналагічных падробак, «Пратаколы» пацягнулі за сабою масавае знішчэнне некалькіх мільёнаў бязвінных ахвяраў - гэбраяў Еўропы. Упершыню спажыўцамі падобных падробак сталі людзі, слаба ўстойлівыя да такой канцэнтраванай атакі дэмагогіі, палітычнае хлусні, якая звяртаецца да эмоцыяў, комплексаў, рэлігійных i этнічных прымхаў.

Аніводзін з чытачоў «Пратаколаў» не задумаўся, як жа гэта «сіёнскія мудрацы» пры іхнай уяўнай усемагутнасці не здолелі папярэдзіць вынішчэнне свайго этнасу падчас Другой сусветнай вайны. Так i рэалізацыя "Прыватных парадаў" не прынесла езуітам перамогі над пратэстантамі i не прадухіліла ў свой час ліквідацыі ордэну.

Масавая прапаганда дзейнічала на слабыя галовы людзей, якія дагэтуль не сутыкаліся з падобнымі рэчамі, падобна гарэлцы. Гэтым i тлумачыўся ў значнай меры поспех "Пратаколаў" сярод тых, хто гатовы абвінаваціць у сваіх бедах каго - небудзь, каб толькі не спрабаваць разабрацца ў сапраўдных прычынах бязладу.

ГІСТАРЫЧНЫЯ ЛЕГЕНДЫ

Часта сустраканы прадукт міфічнага мыслення - гістарычныя легенды. Гэта або ідэалізаваныя, або зацемненыя, насычаныя варожым стаўленнем вобразы пэўных гістарычных установаў, з'яваў, персанажаў.

Пэўныя легенды i міфы гісторыі Беларусі падрабязна разгледжаныя мною ў шэрагу публікацыяў. тамy не лічу вартым пералічваць гэтыя міфы, а спашлюся на легенды, на якія звярнулі ўвагу іншыя даследчыкі.

Так, Ю. Туронак адзначае, што ў беларускай нацыянальна свядомай літаратуры ўладкаваўся міф пра адмоўнае стаўленне нямецкіх акупацыйных уладаў у 1918 г. да беларускае дзяржаўнасці. Прычына - тое, што 25 лютага 1918 г. кайзераўскія жаўнеры скінулі беларускі нацыянальны сцяг з будынку Народнага сакратарыяту ў Менску i сканфіскавалі касу гэтае ўстановы. Той інцыдэнт, паводле Ю. Туронка, засланіў сабою станоўчыя ўчынкі вайскаводца X нямецкай арміі Э. фон Фалькенгайна, хоць той перадаў мясцоваму апарату ўлады ўсе краёвыя дзяржаўныя ўстановы i дазволіў пашырыць беларускую адукацыю. Другім прыкладам легенды Ю. Туронак лічыць міф пра будаўніцтва Беларускае дзяржавы пад гітлераўскай акупацыяй у 1941 - 1944 гг., нібыта перапынены прыходам Чырвонай арміі.

ГІСТАРЫЧНАЯ АДУКАЦЫЯ I МІФЫ

Вялікі ўдзел у распаўсюджванні міфаў, легендаў, стэрэатыпаў, як адзначалася вышэй, прымае гістарычная адукацыя. Нярэдка ix падтрымлівае думка пра іхны выхаваўчы плён. Не ўпэўнены, што такім чынам можна дасягнуць дыдактычных мэтаў. Хутчэй мае рацыю наш зямляк, выхадзец з Беларусі польскі пісьменнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі. У сваім творы «Літва. Старажытная гісторыя, законы, мова, вера, звычаі» паўтара стагоддзя таму ён пісаў: "Гісторыя нагэтулькі значная, наколькі праўдзівая; становячыся служкаю якой - небудзь думкі i пакорлівай яе нявольніцай, яна страчвае сваё настаўніцкае i філасофскае значэнне".

У школьнай адукацыі цяжка пераконваць моладзь у няслушнасці міфаў, стэрэатыпаў, легендаў. Міфалагічны спосаб мыслення характарызуе не толькі штодзённую гістарычную свядомасць, але i жыве ў літаратуры, мастацтве, сродках інфармацыі, у навукова - папулярных i навуковых працах. Вакол нас свет, поўны міфаў, i ў гэтым вонкавыя цяжкасці праблемы.

Але існуюць i ўнутраныя цяжкасці рацыянальнага даказвання няслушнасці міфаў. I звязаныя яны з немінучым спрашчэннем выкладання, невялікаю колькасцю гадзінаў, адведзеных на выкладанне, абмежаванымі магчымасцямі, ўспрымання вучняў. Гэтае спрашчэнне вынікае з шмат якіх міфічных арыентацыяў адносна мінуўшчыны. Нічога не спрыяе міфам больш, чым няведанне. З гэтага вынікае відавочная выснова: спрашчэнне школьных ведаў не можа ісці надта далека. Спрошчаныя веды вельмі лёгка могуць ператварыцца ў крыніцу міфаў, стэрэатыпаў i легендаў. Так адбывалася неаднойчы.

Другая выснова наступная: школьную гісторыю нельга арыентаваць аднабакова толькі на выхаваўчыя мэты якія павінны быць прыстасаванымі да фармавальных пазнавальных мэтаў. Рацыянальнае тлумачэнне сутнасці міфаў патрабуе падвышэння навуковага ўзроўню прад мету i большай увагі да высокае гістарычнае культуры Трэба фармаваць у моладзі навуковае стаўленне да мінуў шчыны, узбуджаць крытычнасць да абыдзённых гіста рычных ведаў.

Тлумачыць міфы нялёгка таму, што шматлікія спасылкі на факты, пацверджаныя навукай, ствараюць выгляд гістарычнае праўды.

Гістарычны факт шматзнакавы. Ен мае i літаральны пласт, выражаны ў апісанні канкрэтнага здарэння, установы ці персанажа, i метафарычны пласт, стасаваны да шырэйшага дыяпазону з'яваў, які перадае прынятыя носьбітамі міфаў сінтэтычныя меркаванні i каштоўнасці.

Прыкладам можа служыць легенда пра словы палітрука Клачкова ля раз'езду Дубасекава пры абароне Масквы ў 1941 г. Гэтыя словы былі сказаныя абаронцам пазіцыяў. Але ж усе 28 абаронцаў пазіцыяў, паводле афіцыйнае версіі, загінулі. Г. зн. перадаць словы Клачкова журналісту Крывіцкаму, які апісаў подзвіг, ніхто з ix не меў магчымасці.

Гістарычны міф пагрозлівы не толькі ў літаральным, але i ва ўласна метафарычным пласце. Узнікненне гістарычнага міфу звязваецца са спрашчэннем i абагульненнем фрагменту гісторыі (гэта можа быць працэс, з'ява, гістарычны факт). Гэтая працэдура выклікае, з аднаго боку, канцэнтрацыю ацэнкі толькі ў адным пункце (бачанне гістарычнага перыяду праз прызму толькі гэтага фрагменту), а з другога боку - выклікае стварэнне пэўнага пазыўнога сігналу, які ва ўспрыманні чытача быў бы роўны ўспрыманню пэўнага знака.

Міфалагічнае мысленне носіць выбарковы, скарочаны i аднамерны характар. Яно неаднаразова засяроджвае ўвагу на дробных эпізодах, якім надае значэнне сымбаляў. Гэткае мысленне адсоўвае ў цень астатнія факты або ўціскае ix у прынятыя схемы, паслугоўваецца простаю шкалою ацэнак. Перавага аддаецца чорна - белым схемам "добры - дрэнны", «герой - здраднік» i г. д.).

Асобная праблема - карыстанне сымбалямі. Здавён яны мелі вялікую ролю ў гістарычнай адукацыі - як у школе, так i па - за ёю. Дыдактычная гісторыя надае пэўным фактам, часам «значным», часам «другарадным», немалое сымбалічнае значэнне. Ix апісваюць не толькі надта падрабязна, але таксама i вельмі сымбалічна. Дастаткова ўспомніць світку Каліноўскага (або бранявік Леніна, шынель Дзяржынскага, люльку Сталіна).

НАСЫЧАНАЕ СЫМБАЛЯМІ ВЫКЛАДАННЕ НАЙНОЎШАЕ ГІСТОРЫІ

Апераванне сымбалямі прыносіць пэўныя карысці выхаваўчае прыроды. Але адначасова яно стварае значныя перашкоды на шляху да зразумення гістарычнага працэсу. У дыдактычна пададзеным апісанні гісторыі часта бывае парушанай структура гістарычные рэчаіснасці, дэфармуюцца прапорцыі i суадносіны. Гэта датычыць пачатковай адукацыі, у якой пераважаюць выхаваўчыя мэты. Яна моцна насычана міфічнымі элементамі. Ад ix цяжка вызваліць прывучаны ў дзяцінстве розум. Гэта тлумачыць адносна слабыя вынікі сярэдняй школы ў рацыяналізацыі гістарычнае свядомасці.

Ці мэтазгодна падаваць факты - сымбалі ў пачатковай школе? Можа, страты ад гэтага будуць значна большыя, чым магчымы плён? Варта ў вывучэнні гісторыі абмяжоўваць міфічна - сымбалічныя элементы, але надаваць школьнаму навучанню гісторыі больш навуковы характар.

Зразу мела, гэта пацягне за сабою адмаўленне ад асвечаных традыцыяй фактаў - сымбаляў або адсуне ix ца. менш бачнае месца ў гістарычным выкладанні. Выказваемся за наданне школьнаму гістарычнаму выкладанню больш рэчавага характару з узважаннем у ім рацыянальных i эмацыйных элементаў. Карыснаю зброяю ў пераадоленні гістарычных міфаў можа быць крытычны аналіз выбраных міфаў, стэрэатыпаў, легендаў.

Напрыклад, "чорным" стэрэатыпам немцаў i Нямеччыны, што ўкараніліся ў нас з часоў Другой сусветнай вайны, можна было б супрацьставіць моманты збліжэння беларусаў i немцаў падчас перабывання апошніх у Беларусі як меншыні на працягу стагоддзяў, паказу таго, як нямецкая мова дала пачатак пэўным словам беларускае мовы, таго, як лекары нямецкага паходжання лячылі мясцовае насельніцтва, настаўнікі нямецкага паходжання навучалі дзяцей, майстры працавалі ў рамястве i прамысловасці i г. д.

У сярэдняй школе можна было б аналізаваць "чорныя" i «белыя» легенды такіх постацяў, як В. Ластоўскі, бр. Луцкевічы, С. Булак - Балаховіч, К. Каліноўскі, Чарвякоў, В. Казлоў, "наш" Пётр Міронавіч Машэраў, Грамыка, маршал Якубоўскі i г. д. Такі аналіз дазволіў бы моладзі зразумець складаны i адначасова дынамічны характар гістарычных ведаў i яе ўсялякія пазанавуковыя i навуковыя абумоўленасці. Гэта магло б прышчапіць моладзі крытыцызм у стаўленні да гістарычных меркаванняў, імкненне выпрацоўваць уласны nor ляд на гістарычныя i сучасныя справы i здарэнні.

Патрэбна змяніць спосаб падачы гістарычных персанажаў, як гэта спрабавалі зрабіць нацыянальна сведамыя беларускія даследнікі А. Бяляцкі i В. Брмалёнак да асобы С. Булак - Балаховіча.

Дасюль яшчэ гістарычныя персанажы маюць надта спрошчаны выгляд, яны схематычныя, аднапамерныя. Варта паказваць асобаў мінуўшчыны як людзей жывых, якія мелі пэўныя вартасці, але таксама i недахопы, якія паддаваліся пэўным слабасцям, рабілі памылкі, глупствы i г. д.

Магчыма, варта ўзбагаціць школьную шкалу ацэнак. Яны мусяць быць больш адцененымі, чым зараз. Пры гэтым трэба перавагу даваць не гэтулькі першасным ацэнкам ("прагрэсіўны - рэакцыйны"), колькі параўнаўчым («у параўнанні з...», "гэта было выйсце больш...").

СПРОБЫ ПЕРААДОЛЕННЯ МІФАЎ

Пераадольваць міфы цяжка i складана. Гэта надта няўдзячная задача. С. Гжыбоўскі прыводзіць наступны прыклад. Ен даведаўся ад аднаго гісторыка, што той, вывучаючы біяграфію Яна Кіліньскага, паплечніка Касцюшкі ва ўзброеным чыне 1794 г., а потым удзельніка змовы братоў Цяцерскіх у Вільні супраць царызму (1797), знайшоў у архіве справаздачу прадпрыемства, якое той трымаў. У прадпрыемстве былі занятыя толькі кабеты маладога ўзросту. Гісторык зразумеў, што гэта быў «вясёлы дом», які трымаў герой паўстання i змовы супраць царызму. Гісторык адмовіўся пісаць пра гэты факт біяграфіі Кіліньскага. Нават калі гэта анекдот, то ён варты таго, каб яго мець на ўвазе. На наш пункт погляду, i пра такое трэба пісаць, не баючыся дэміфалагізацыі герояў.

Дэміфалагізацыі Жанны д'Арк, Рычарда III англійскага, Рышэлье, Пятра I, Леніна, Троцкага, Сталіна сустракаюцца з вялікімі цяжкасцямі, а іншым разам заходзяць надта далека (як у прыкладах Марыі Сцюарт або дон Карласа Габсбурга, якіх занадта ідэалізавалі).

Пераадоленне міфаў патрабуе пераказу грамадству як мага больш поўных ведаў пра мінуўшчыну. Мы мусім бачыць гістарычную рэчаіснасць такою, якою яна была, а не такою, якою яна «павінна» быць. Нельга засяроджваць увагу толькі на адным - станоўчым або адмоўным - баку гістарычных з'яваў. Трэба асвятляць ix усебакова, адпаведна патрабаванням прафесійнае навукі, а не прыстасоўваючыся да надзённых палітычных мэтаў тае ЦІ іншае палітычнае партыі.

Існуе гіпотэза, што схільнасць паддавацца гатовым узорам грамадскіх паводзінаў адваротна прапарцыянальная ўзроўню ведаў i грамадскага досведу асобы. Аднак жа грамадства перадае чалавеку міфы i стэрэатыпы стыхійна або ў выглядзе гатовай свядомай перадачы, якая натхняецца адпаведнымі цэнтрамі, напрыклад, цэнтрамі ідэйна - выхаваўчага ўздзеяння, якія звязваюць акрэсле ныя падзеі з трываласцю гэтых міфаў i стэрэатыпаў

Можна сцвярджаць, на падставе даследаванняў фармавання грамадскімі рухамі таталітарнага i аўтарытарнага характару індывідуальнага чалавека (якія пачалі ў свой час Г. Олпарт i Т. Адорна), што існуюць людзі асабліва здольныя да пераймання i пераказу міфаў.

Звязана гэта з існаваннем у ix пачуцця пагрозы, адчужэння, адасаблення, патрэбы бяспекі i аўтарытэту. Людзі з падобным характарам "аўтарытарнай" замкнёнай асобы больш падрыхтаваныя да прыняцця гатовых узораў мыслення i паводзінаў, чым асобы з дэмакратычнаю, адкрытаю паставаю. Яны выяўляюць большую схільнасць да абвостраных супрацьстаўленняў i схематычнага стылю мыслення, а таксама да нецярплівых адносінаў да іншых вартасцяў ды іхных прыхільнікаў. Адсутнасць шырокіх эмпірычных даследаванняў перашкаджае акрэсліць псіхічныя якасці асобы i грамадскае групы, якія спрыяюць працэсу міфалагізацыі гістарычнае свядомасці. Зрэшты, ix па - рознаму тлумачаць асобныя школы i псіхалагічна - сацыялагічныя тэорыі. У самых гістарычных i паліталагічных даследаваннях свядомасці адзінкі i грамадскай групы слаба ўлічваецца праблема ірацыянальных матывацыяў палітычных паводзінаў.

Міфалагізацыі гістарычнае свядомасці напэўна спрыяюць адзінкі i грамадскія групы, слаба інфармаваныя i з недастатковым грамадскім досведам. Гэта звязана з псіхічнымі працэсамі забывания, фантазіі, дэфармацыі памяці. Міфалагізацыю палягчаюць пэўныя асабістыя якасці чалавека, якія выяўляюцца ў схематычным стаўленні да грамадскай рэчаіснасці, варожасці да іншых вартасцяў i перакананняў, у моцна ідэйна матываваных паставах i г. д.

Таму вызваленне гістарычнае i палітычнае свядомасці жыхароў Беларусі ёсць надта цяжкаю задачаю. Гэты грамадскі працэс залежыць не толькі ад гісторыкаў i папулярызатараў гістарычных ведаў, але, не ў апошнюю чаргу, ад самога грамадства.

Менавіта грамадства патрабуе перабудовы псіхікі i змены найбольш закасцянелых формаў мыслення i даеяння. Найперш трэба звярнуць увагу на тое, што ў розумы беларусаў на працягу дзесяцігоддзяў уводзіліся русіфікатарскія міфы гісторыі, якія моцна ўтрываліся ў ix. Не менш зроблена для падпарадкавання камуністычнай дактрыне i яе трывалым міфам. У далейшай дэміфалагізацыі гісторыі ўсё гэта варта ўлічваць.

У нащыя часы стаўленне да міфу мяняецца. Гэтаму спрыялі працы М. Эліядэ. Ен пісаў: «Трэба разумець, што XIX стагоддзе не магло ўспрыняць сымбаль - міф i вобраз як факты духоўнага жыцця, якія можна хаваць, скажаць, змяншаць, але якія немагчыма знішчыць». Міфы звырадняюцца, сымбалі становяцца свецкімі, але яны ніколі не зводзяцца ў нішто нават у такі рацыяналістычны час, якім было мінулае стагоддзе. Сымбалі i міфы карэннем ідуць у глыбокую етаражытнасць. Яны складаюць частку людскога існавання. Няма такой сферы людскога жыцця, дзе б яны не сустракаліся.

Пераканаць у няслушнасці міфаў, стэрэатыпаў, легендаў можна толькі таго чалавека, які падрыхтаваны быць перакананым. Калі ён не гатовы, калі нешта ў ім супраціўляецца, то з ім нічога не зробіш. Ен заўсёды знойдзе падставу, каб, апраўдаць свае жарсці.

Калі настойліва паказваць усю агіднасць, усю брыдоту, да якіх вядзе, напрыклад, фашызм (карычневы, чырвоны, чорны - тыпу клерыкальнага фундаменталізму), пэўная частка тых, хто вагаецца, адыдзе ад яго. Але немагчыма пераадолець псіхалагічны закон: вобраз ворага, які падаюць чалавеку прыхільнікі фашызму, змяншае страх бязлікага, туманнага зла, пачуцця бездані, у якую ўсё ляціць. Я згодны 3 Г. Памеранцам, калі той піша, што, пакуль чалавек адчувае боязь зменаў, боязь невядомага, боязь бездані, пакуль чалавек не знайшоў апоры ў самім сабе, - масавая істэрыка, давер міфам, стэрэатыпам, легендам непазбежныя.

I ўсё ж чалавек не можа жыць дзесьці ў іншым месцы, - там, дзе няма гісторыі. Ен па натуры ёсць гістарычнаю істотаю. Мы ўсе «наканаваныя» на гісторыю. Таму мы мусім дбаць пра тое, каб свет нашых гістарычных уяўленняў быў складзены з як мага найлепшага матэрыялуу а не з міфаў, стэрэатыпаў, легендаў сумнеўнага характару.

ЛІТАРАТУРА

Бурцев В. «Протоколы сионских мудрецов»: доказанный подлог. - Париж, 1938.

Бяляцкі А. Бандыт ці нацыянальны герой // Грунвальд (Талін). - 1990. - №2; Ермалёнак В. Генерал Булак - Балаховіч - хто ён? // Браслаўскія чытанні. - Браслаў, 1991. Грыцкевіч В. Якой быць беларускай гістарычнай навуцы? // Полымя. - 1992. - № 5.

Грыцкевіч В. Два погляды на а дну канстытуцыю. - Тамсама. - 1993. - № 9.

Грыцкевіч В. Міфы застаюцца міфамі // Літаратура i мастацтва. - 1991, 20 верасня.

Грыцкевіч В. Гістарычны міф ці разумение гісторыі? // Тамсама. - 1992, 4 верасня.

Делевский Ю. Протоколы сионских мудрецов (История одного подлога). - Берлина Эпоха, 1923.

Кон Н. Благословение на геноцид. Миф о всемирном заговоре евреев и «Протоколах сионских мудрецов». - Москва: Прогресс, 1990.

Марле Р. Миф и историко-критический метод; Рефуле Ф. Миф и история // Символ. - 1986. - Июль. (Т.) 15. Ролік А. Наменклатурная міфалогія // Наша слова. - 1993. - 8 снежня. - № 49.

Туронак Ю. Беларусь над нямецкай акупацыяй. - Менск: Беларусь, 1993.

Eliade, М. Aspets du Mythe. - Paris, 1963.

Jaskólski, M. Historia i mit historyczny w doktrynie politycznej // Historyka. - T. 14.

Maternicki, J., Majorek, Cz., Suchoński, A. Dydaktyka historii. - Warszawa: PWN, 1994.

Mity i stereotypy w dziejach Polski. - Warszawa, 1991. Pod red. J. Tazbira.

Niżnik, J. Mit jako kategoria metodologiczna // Kultura a społeczeństwo. - 1978. - T. 22. - № 3.

Sidorski D. Nie znam takiego monarchy. Jan Kiliński. - (Katowice:) Śląsk, 1982.

Śliwa M. Odmitologizować świadomość historyczną Polaków // Po co uczyć historii? - Warzawa, 1988.

Tazbir, J. Protokoły mędrców Syjonu: Autentyk czy falsyfikat. - Warszawa, 1992.

Tomicki, F. Mit // Słownik etnologiczny: terminy ogólne. - Warszawa, 1987.

Życiorysy historyczne literackie i legendarne. - Warszawa, 1980. - Seria 1; Warszawa, 19ІВ9. - Seria 2; Warszawa, 1992. - Seria 3.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX