Пераклад фрагмэнтаў зроблены з выданьня: Мир науки. Т. XXIV, № 4, 1980. Квартальнік Сусьветнай фэдэрацыі навуковых работнікаў. Выдаецца на ангельскай, нямецкай, расейскай, францускай і эспэранта мовах. Праф. С. Джуджаў - баўгарскі лінгвіст. Гэты артыкул С. Джуджава ў фотакопіях ды машынапісах меў шырокае хаджэньне ў беларускіх адраджэнцкіх асяродзьдзях першай паловы 80-х гг.; ягоныя палажэньні, на нашу думку, захоўваюць актуальнасьць i ў сёньняшняй Беларусі, дзе беларуская мова па-ранейшаму застаецца на правох меншасьцёвай.
Сучаснае міжнароднае жыцьцё часта ўскладняецца суперніцтвам моваў. Яно стварае рэальныя канфлікты, што часам пераходзяць у жорсткую барацьбу ці сапраўдныя войны паміж мовамі. Так супернічаюць француская i ангельская мовы ў канадзкай правінцыі Квэбэк, валёнская й флямандзкая ў Бэльгіі, гішпанская й басконская на заходнім схіле Пірэнэяў, грэцкая й турэцкая ў вілаеце Дыярбакыр (Турэцкі Курдыстан), вугорская й румынская ў Трансыльваніі, італьлянская й славенская ў Трыесьце, Гарыцыі й Удыне, нямецкая й польская ў Сылезіі, урду й сіндгі ў Пакістане. Такіх канфліктаў надта шмат, i нават найбольш вядомых не пералічыць. Існуюць краіны, тэрыторыя якіх уяўляе сабой арэну змаганьня некалькіх моваў адна з адной. У Аўганістане, напрыклад, больш за дваццаць моваў i дыялектаў. Тут аўганская (пушту), дары, узбэцкая, таджыцкая ды іншыя прэтэндуюць на роўнасьць у правох.
Моўныя канфлікты ўзьнікаюць паўсюль, дзе этнічная меншыня жыве на той самай тэрыторыі, што й нацыянальная бальшыня, i дзе меншыні пагражае небясьпека асыміляцыі ці дзе бальшыня (або меншыня), якая знаходзіцца пры ўладзе, намагаецца навязаць сваю мову падпарадкаванаму насельніцтву. Канфлікты могуць быць як адкрытыя, гэтак i замаскаваныя.
Для шмат якіх раёнаў i этнічных тэрыторыяў вайна моваў ужо скончылася перамогаю аднаго з проціборных бакоў, i пераможаная мова, калі яна яшчэ існуе, знаходзіцца ў стане кананьня або распаду. Гэткая сытуацыя з лужыцкаю моваю ў ГДР i шмат якімі мясцовымі гаворкамі ў розных краінах. Існуюць мовы, зьніклыя назаўжды: эгіпэцкая, этруская, фрыгійская, шумэрская, акадзкая, гальская, фракійская, старажытнапруская, старажытнабулгарская й шмат іншых. Зьвесткі навукоўцаў-этымолягаў у галіне тапанімікі кажуць пра існаваньне ў мінуўшчыне мноства зьніклых моваў. Л. Блюмфільд вызначыў шырокую кельцкую тапанімічную зону распаўсюджаньня, квітненьня й кананьня кельцкіх моваў, якая распасьціраецца ў Эўропе ад Багеміі да Вялікабрытаніі. Існуюць мовы ў стане заняпаду або зь першымі прыкметамі старэньня. Велізарнае мноства моваў застыла ў разьвіцьці, што пры вострай моўнай канкурэнцыі таксама ёсьць паказьнікам заняпаду.
Урэшце, існуюць тры-чатыры вялікія сучасныя мовы, якія прэтэндуюць на сусьветную гегемонію i хуткае распаўсюджаньне якіх уяўляе сабою непазьбежную пагрозу для ўсіх астатніх моваў i дыялектаў сьвету. Закон дынамічнае раўнавагі замкнёных сыстэмаў застаецца ў сіле i ў галіне лінгвістычнай экалёгіі. Паколькі агульная лічэбнасьць насельніцтва этнічнай тэрыторыі (замкнёная сыстэма) застаецца практычна нязьменнаю ці мяняецца нязначна, распаўсюджаньне аднае з нацыянальных моваў заўсёды адбываецца коштам якойсьці адной або некалькіх іншых моваў пэўнай тэрыторыі. Працэс пранікненьня вялікіх моваў цывілізацыі на тэрыторыі (лінгвістычныя арэалы) малых нацыяў становіцца ўсё больш інтэнсіўны. Навукова-тэхнічны прагрэс, сучасныя сродкі масавай інфармацыі (друк, радыё, тэлевізія, кіно), транспарт, міжнародны гандаль i турызм, сыстэма адукацыі прысьпешваюць гэты працэс, які неўнікнёна вядзе да абмежаньня дыялектаў, інтэграцыі малых моваў у вялікія, іхнага паступовага кананьня ды поўнага зьнікненьня. Сапраўды, цяпер больш мёртвых моваў, чым жывых, i нашая плянэта нагадвае гіганцкі нэкропаль моваў i культураў.
Моўныя канфлікты выяўляюцца розна, У далёкай мінуўшчыне «лінгвацыд» зьдзяйсьнялі адначасова з генацыдам. Так было ў пару эўрапейскай калянізацыі Амэрыкі. У гісторыі ЗША можна знайсьці багата надобных фактаў, Напрыклад, у 1637 г. калянізатары цалкам зьнішчылі племя пэко, што насяляла даліну ракі Канэктыкут.
У наш час лінгвістычныя заваёвы ажыцьцяўляюць танчэйшымі й больш мірнымі сродкамі: праз прапаганду, культурнае пранікненьне, але перадусім праз эканамічную й навуковую дапамогу разьвіцьцёвым краінам. Імпартаваная культура часта служыць траянскім канём для народаў, якія мяркуецца «цывілізаваць». Нягледзячы на вонкавую гуманнасьць мэтадаў i тактыкі, канфлікты паміж мовамі не становяцца менш жорсткія.
На моўныя сутыкненьні жыва рэагуе грамадзкасьць усяго сьвету. Яны становяцца аб'ектам дыскусіяў на шматлікіх форумах i канфэрэнцыях, зь якіх найбольш удалаю была Міжнародная канфэрэнцыя этнічных мяншыняў, што праходзіла ў ліпені 1974 г. у Трыесьце.
Асаблівым гатункам канфліктаў i сутыкненьняў паміж носьбітамі розных моваў ёсьць моўная дыскрымінацыя. Яна выяўляецца ў прымяншэньні сацыяльнага значэньня шэрагу моваў (улучна зь іхнаю культурнаю надбудоваю) i ў перабольшваньні значэньня мовы аднае пэўнае прывілеяванае нацыі, што азначае прызнаньне няроўнасьці правоў людзей, якія размаўляюць на розных мовах (прыкладам, пазбаўленьне права размаўляць роднаю моваю ў шэрагу сытуацыяў i прызнаньне такога права іншым людзям, чыя мова абвяшчаецца годнаю афіцыйнага выкарыстаньня ў гэткіх самых сытуацыях).
Такая форма моўных канфліктаў надта характэрная для нашай эпохі. Моўная дыскрымінацыя па-рознаму выяўляецца на зьездах i ў міжнародных арганізацыях, у дыпляматычных дачыненьнях, у агульнай i спэцыяльнай адукацыі, у эканамічным, палітычным, навуковым i культурным жыцьці, турызьме, спорце, сродках масавай інфармацыі, сучаснай тэхніцы й г. д. Яна асабліва востра адчуваецца на міжнародных кангрэсах, канфэрэнцыях, сэсіях, сымпозіюмах, лекцыях, сэмінарах i фэстывалях, але галоўным чынам на паседжаньнях Генэральнай Асамблеі ААН, UNESCO ды іхных шматлікіх камітэтаў i камісіяў, на міжнародных зьездах прафсаюзных арганізацыяў i прафэсійных асацыяцыяў.
На большасьці гэтых міжнародных форумаў удзел асноўнай масы дэлегатаў зводзіцца да ролі простых статыстаў. Нават ніштавата ведаючы афіцыйную рабочую мову, яны ўстрымліваюцца ад удзелу ў дыскусіях, бо знаходзяцца ў нераўнапраўным становішчы да суразмоўцаў, якія гавораць на роднай мове. Часьцей за ўсё, ня будучы паліглётамі, яны ня могуць непасрэдна сачыць за разьвіцьцём дыскусіі. Ім застаецца толькі давярацца перакладнікам i выказваць свае думкі праз пасярэднікаў. Між тым нават самы дакладны пераклад ніколі не бывае адэкватны арыгіналу, дзякуючы нюансам выразаў i зваротаў, пераклад якіх звычайна вядзе да скажэньня сэнсу, пацьвярджаючы італьлянскую прыказку: «Перакладнік - здраднік». Гэтых праблемаў не існуе для дэлегата, упрывілеяванага гаварыць на сваёй нацыянальнай мове, прынятай за афіцыйную рабочую мову.
Моўная дыскрымінацыя старая як гісторыя цывілізацыі. У Старажытнай Грэцыі дыскрымінацыя зводзілася ня толькі да падкрэсьліваньня эстэтычных якасьцяў грэцкае мовы ці інтэлектуальнай i маральнай перавагі тых, хто на ёй гаварыў. У пару раньняга сярэднявечча ў моўнай дыскрымінацыі зьяўляецца ідэялягічны й рэлігійны элемэнт, які знаходзіць сабе апраўданьне ў догме сьвятарнага характару трох літургічных моваў - старажытнагабрэйскай, грэцкай i лацінскай. Уважаныя за адзіна годныя, каб правіць багаслужбу, ад якой усе іншыя мовы, як «барбарскія», былі адлучаныя, тыя тры мовы мелі гэткія ж функцыі й прывілеі, што й рабочыя мовы сучасных міжнародных арганізацыяў. Грэцкая, старажытнагабрэйская й лацінская мовы захоўвалі сваё прывілеяванае становішча аж да X ст., калі догмат гэтае моўнае тройцы быў аспрэчаны братамі Кірылам i Мятодам. Тады для праўленьня хрысьціянскіх абрадаў была прынятая чацьвертая мова - славянская,- i на ёй у Ватыкане была служаная літургія ў прысутнасьці папы Адрыяна II (867-872), які ў адумысловым пасланьні дазволіў Кірылу й Мятоду пашырэньне славянскіх кніг i славянскую багаслужбу. Тады ўпершыню ў афіцыйных колах хрысьціянскай царквы было рашуча пастаўлена пытаньне аб праве кожнага народу навучацца й правіць рэлігійныя службы на ўласнай мове.
Дыскрымінацыя працягваецца i ў сучасную эпоху. Наша стагодзьдзе характарызуецца разьвіцьцём сродкаў масавай інфармацыі й пашырэньнем міжнародных сувязяў. Моўная дыскрымінацыя набыла іншы выгляд, але моўны фэтышызм, прынцып прыярытэту (рэлігійнага, эстэтычнага, навуковага, сацыяльнага, палітычнага ды інш.) аднае ці некалькіх моваў над усімі астатнімі мовамі сьвету зноў выяўляецца. Цяпер гэтыя мовы называюць «рабочымі», што ёсьць эўфэмізмам выразу «прывілеяваныя мовы». Гэта значыць, што рабочая мова становіцца моваю сусьветнаю, унівэрсальнаю, што ўсе астатнія мовы - вялікія й малыя - пачынаюць паступова траціць сваё міжнароднае, палітычнае, навуковае, эканамічнае й нават нацыянальнае значэньне ды павольна йдуць да заняпаду, што іншаземцы i нават людзі, якія жывуць у арэалах гэтых моваў, перастаюць свабодна абіраць ix як аб'екты вывучэньня, аддаючы перавагу сусьветнай мове.
Так пэўныя нацыянальныя мовы неўпрыкмет апынуліся на дарозе да павольнага кананьня: яны асуджаныя падзяліць у больш ці менш аддаленай будучыні лёс моваў, асыміляваных іншымі мовамі, што валодаюць бюльшаю энэргіяй экспансіі. Але ад моўнай дыскрымінацыі да дыскрымінацыі культурнай, а ад дыскрымінацыі культурнай да дыскрымінацыі палітычнай i нацыянальнай толькі адзін крок. Прыняцьце аднае мовы ў якасьці рабочай, г. зн. абавязковай для ўсіх удзельнікаў міжнародных форумаў, стварае вялікія нязручнасьці й дыскрымінацыю для тых, хто не валодае гэтаю моваю.
Са зьнікненьнем мовы зьнікае i этнічная культура, для якой мова - крыніца i апірышча, а разам-з кананьнем этнічнае культуры гіне i нацыянальная самасьведамасьць. Страта мовы - гэта самая вялікая катастрофа для народу. Нацыянальная мова i ўкаранёная ў ёй вусная традыцыя: паэзія.
народныя музыка й танец, гульні i тэатралізацыі, міталёгія i ўфармаваная вякамі народная мудрасьць - утвараюць этнічную культуру, якая ёсьць жывым увасабленьнем нацыянальнага генію. Таму малыя нацыі гарліва ставяцца да сваіх моваў, змагаюцца за іхнае захаваньне. Уся гісторыя нацыянальнага адраджэньня балканскіх народаў напоўненая барацьбой моваў, вайной за захаваньне ці гегемонію тае ці іншае нацыянальнае мовы.
Моўныя канфлікты праходзяць розныя стадыі інтэнсыўнасьці. На фазе найменшай інтэнсыўнасьці народы яшчэ ня ведаюць пра існаваньне моўнага канфлікту. Іхныя палітычныя, эканамічныя й культурныя ўзаемадачыненьні могуць быць нават сяброўскія. Могуць яны мець супольныя палітычныя й эканамічныя інтарэсы, але з гледзішча закону замкнёнае сыстэмы іхныя моўныя інтарэсы знаходзяцца ў супярэчнасьці, паколькі распаўсюджаньне аднае мовы нават ва ўмовах добрасуседзтва заўсёды адбываецца коштам другое мовы i нясе ў сабе зародак моўнага канфлікту. Прыкладам, у рамках Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці ці Эўрапейскага Зьвязу праблема рабочае мовы застаецца нявырашаная i ўяўляе сабою канфлікт у стадыі зараджэньня.
Моўная дыскрымінацыя - гэта больш высокая стадыя разьвіцьця канфлікту. На гэтай фазе носьбіты дамінацыйнае мовы ўсьведамляюць сваю перавагу й выкарыстоўваюць яе дзеля ўсталяваньня палітычнай, эканамічнай, адміністрацыйнай ці праўнай гегемоніі. Доўгатэрміновая задача - падпарадкаваць іншы народ шляхам прышчапленьня яму сваёй мовы, сваёй культуры, сваёй нацыянальнай сьведамасьці й рашчыніць яго такім чынам у сваёй палітычнай супольнасьці.
Такая моўная палітыка праводзіцца пэўнымі буйнымі дзяржавамі, але праводзіцца яна тонка, з выкарыстаньнем сучасных сродкаў масавай інфармацыі, транспарту, найноўшай тэхнікі. Яна скіраваная на забесьпячэньне максымальнай экспансіі сваёй мове, сваёй нацыянальнай культуры. Уся інфармацыйная й прапагандысцкая машына нацэленая на перакананьне ў адсутнасьці практычнай каштоўнасьці моваў малых нацыяў, мясцовых дыялектаў па-за межамі этнічных i нацыянальных культураў, аснову якіх яны складаюць. Таму, маўляў, неабходна адмовіцца ад мовы й нацыянальнай культуры i, як вынік, ад уласнай нацыянальнасьці ды засвоіць мову й культуру цывілізаванай нацыі,
Моўная вайна - гэта больш высокая стадыя канфлікту. Менавіта на гэтай фазе носьбіты дыскрымінаванае мовы аказваюць актыўны супраціў культурнай агрэсіі. Моўны канфлікт можа набыць форму сапраўднай грамадзянскай вайны, часта зацятай i бязьлітаснай, як паміж сіндгамі й урду ў Пакістане ў 1972 г. Усё гэта сьведчыць, што міжмоўныя спрэчкі ня менш небясьпечныя, чым спароджаныя эканамічнымі канфліктамі.
Кульмінацыйная фаза моўных канфліктаў - гэта асыміляцыя, або лінгвацыд. Асыміляцыя аднае мовы іншаю азначае паміраньне асыміляванае мовы й нацыянальнае сьведамасьці народу, які такою моваю гаворыць. Моўная асыміляцыя ляжыць у аснове асыміляцыі культурнай, нацыянальнай, палітычнай, эканамічнай i г. д. Менавіта таму яна служыць адною з мэтаў заваёўнікаў i калянізатараў. Асыміляцыя азначае поўнае разбурэньне сацыяльнага арганізму - народу, нацыі, расы, племя - ды ягоную інтэграцыю ў іншы сацыяльны арганізм, ці, кажучы больш дакладна, паглынаньне аднае сацыялінгвістычнае групы другою,
Могуць запярэчыць, што мова - гэта толькі інструмэнт, што ён народжаны чалавекам i ня можа мець уласных, не залежных ад чалавека функцыяў, а таму ня можа вызначаць існаваньне й разьвіцьцё сацыяльнага арганізму (нацыі); што можна зьмяніць мову, як мяняюць бялізну ці як прадмет хатняга ўжытку, i што таму адміністрацыйныя захады да некаторых мясцовых моваў i дыялектаў, скіраваныя на палітычную й культурную ўніфікацыю дзяржавы, не закранаюць палітычных правоў грамадзянаў i не пагражаюць эканамічным інтарэсам нацыянальных мяншыняў.
Сапраўды, мова ствараецца ў чалавечым грамадзтве й не існуе па-за ім, але мова праз зваротныя сувязі ўплывае на грамадзтва, што яе спарадзіла,- яна выконвае канструктыўную й арганізацыйную функцыі, даючы грамадзянам магчымасьць кантактаў i ўзаемадзеяньня. У рэшце рэшт, мова ўяўляе сабою найбольш надзейную й трывалую лучнасьць паміж людзьмі. Функцыянаваньне чалавечага грамадзтва грунтуецца на мове. Нішчачы мову, нішчаць i грамадзкі арганізм, апірышчам якога яна служыць. Гэты прынцып мае вельмі сур'ёзныя практычныя наступствы.
Асыміляцыя моваў i культураў не адбываецца зьнянацку. Яна працякае павольна, няўлоўна, пасьлядоўнымі этапамі. Звычайна вылучаюць два этапы гэтага працэсу: фаза частковай, ці няпоўнай, асыміляцыі i фаза татальнай асыміляцыі. Татальная асыміляцыя мовы азначае поўнае й канчатковае яе зьнікненьне, а разам з моваю - i самога народу як нацыянальнага й культурнага адзінства.
На раньнім этапе асыміляцыі небясьпека зьнікненьня мовы яшчэ не фатальная. Так, прыкладам глыбокага пранікненьня ангельскае мовы ў мовы народаў Далёкага Ўсходу, Акіяніі й Заходняй Афрыкі, аднак без выцясьненьня самых моваў, ёсьць pidgin-english - разнавіднасьць ангельскай мовы, дзе ангельская лексыка, марфалягічна й сынтаксычна зьмененая, злучаецца з элемэнтамі кітайскай граматыкі. Ператварэньне мовы ў мясцовую гаворку таксама ўяўляе сабою фазу няпоўнай асыміляцыі. Але ў гэтым выпадку працэс зьнішчэньня старой мовы зайшоў ужо досыць далёка.
Дзеля абароны нацыянальных культураў, якія знаходзяцца пад пагрозаю, i ўратаваньня культурнага й моўнага плюралізму сучаснага сьвету неабходна як мага хутчэй урэгуляваць міжмоўныя дачыненьні. Патрэбныя хуткія й рашучыя захады дзеля ліквідацыі моўных канфліктаў i дыскрымінацыі моваў ды культураў, дзеля аховы ўсіх нацыянальных i этнічных моваў, дыялектаў, мясцовых i рэгіянальных гаворак, этнічных, нацыянальных, мясцовых i рэгіянальных культураў, што складаюцца на грунце моўнай дзейнасьці.
Эфэктыўным сродкам можа служыць міжнародная, наднацыянальная мова, якая не належыць якой-колечы этнічнай групе, нацыі ці групе нацыяў, Цяперашнім часам у сьвеце не існуе нацыянальнае мовы, якая б адпавядала гэтым умовам. Такую функцыю магла б узяць на сябе толькі штучная мова, г, зн. мова скадыфікаваная, сплянаваная, скампіляваная, рацыяналізаваная й прыстасаваная да сучаснага жыцьця.
3 усіх праектаў міжнародных моваў эспэранта стала адзінаю штучнаю моваю, якой удалося стварыць для сябе сацыяльны арганізм, «народ», што налічвае цяпер больш за мільён прыхільнікаў ва ўсіх краінах сьвету. У гэтай мовы існуе велізарная досьледная лябараторыя, дзе на працягу прыблізна стагодзьдзя з шырокім размахам праводзяцца лінгвістычныя досьледы: адбыліся 63 сусьветныя кангрэсы, дзе ўдзельнічалі тысячы эспэрантыстаў; спаборніцтвы аратараў, дзе майстрам рыторыкі ўтрапёна пляскалі шматлікія слухачы; праўленьне багаслужбаў; арыгінальная й перакладная літаратура, што налічвае больш як 20 тыс. тамоў; пэрыядычны друк - больш як 150 часопісаў i газэтаў; шматлікія музычныя канцэрты, на якіх шэдэўры вакальнага мастацтва выконваюцца на мове эспэранта выдатнымі артыстамі; некалькі міжнародных тэатраў; унівэрсытэцкія курсы i г. д. Такія лінгвістычныя экспэрымэнты ўпершыню назіраюцца ў культурнай гісторыі чалавецтва.