Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Андрусіў Стэфанія. Страх перад моваю як псыхакомплекс сучаснага ўкраінца 


Аўтар: Андрусіў Стэфанія,
Дадана: 22-09-2015,
Крыніца: Андрусіў Стэфанія. Страх перад моваю як псыхакомплекс сучаснага ўкраінца // Спадчына №3-1996. С. 196-204.



Страх - сталы спадарожнік чалавека ад нараджэння й да сьмерці. Падстава да страху залежыць ад нашага самапачуцьця ў сьвеце, пэўнасьці ці няпэўнасьці ў сабе, псыхалягічнай абароненасьці нашае (калектыўнай ці індывідуальнай) самасьці ды собасьці, даверу ці недаверу да сьвету, людзей ды акалічнасьцяў - карацей, ад стану й функцыянаваньня экзыстэнцыйных структураў асобы, якія, пераважна прыкрытыя вышэйшымі ўзроўнямі -сацыяльнага характару ды сацыяльных роляў, - у экстрэмальных, памежных становішчах раптоўна агольваюцца i выяўляюць чалавеку й сьвету касьцяк, асновы быцьця.

Псыхалягічная сытуацыя страху, афэкт страху - гэта псыхафізыялягічны стан, што выяўляецца як нутраное напружаньне, здранцьвеньне цела й душы, паралюш мускулаў ды волі, трымценьне, "мурашкі", інтэнсыўнае потавылучэньне, сьцісьнены подых, страта мовы - зьняменьне, а таксама мажлівае маторнае суправаджэньне: інстынктыўнае прыкрываньне аблічча рукамі, намаганьне ўцячы i да т.п.

Псыхічны й фізычны малюнак стану страху, ягоная дэталізацыя ды інтэнсіўнасьць залежаць ад тыпу страху, сярод якіх найгалоўныя - тры: страх рэальны, страх экзыстэнцыйны i страх нэўратычны. Хваравітым, псыхапатычным тыпам страху ёсьць, безумоўна, толькі трэці, хоць i першыя два ў пэўных акалічнасьцях могуць перарастаць у хваравіты. Стрыжнем тыпалягічнай структуры страху зьяўляецца экзыстэнцыйны страх. Зрэшты, ён зьяўляецца."будаўнічым матар'ялам" для ўсіх іншых відаў страху; нармалёва ён выяўляецца як інстынкт самазахаваньня, гатовасьць да самаабароны ў рэальным тыпе страху, як рэакцыя на рэальную небясьпеку з рэальным аб'ектам, а пры псыхатраўмах i фіксацыі на ix - нэўратычны страх - разнастайныя фобіі, нэўрозы ды псыхакомплексы.

Сытуацыю страху спараджае ўжо сама экзыстэнцыя чалавека ў сьвеце, ягонае раздваеньне: чалавек належыць да прыроды i не належыць, бо ёсьць адзінаю часткай прыроды, якая ўсьведамляе жах свайго існаваньня, непазьбежнасьць уласнае сьмерці. Людзкая сьвядомасьць зрабіла чалавека самотным у сьвеце, а самота спарадзіла страх існаваньня й страх сьмерці. Гэты страх філёзафы-экзыстэнцыялісты называюць трывогай, нудой, тугою, клопатам. Экзыстэнцыйны страх неаддзельны ад чалавека, безь яго асоба была б асуджана на расьліннае, пазалюдзкае гібеньне. Імкненьне да страху, неабходнасьць страху, нават перад самім сабой - ажно да дэструктыўнага характару, як напрыклад: вось яміна - чаму б у яе ня скочыць? - мае экзыстэнцыйны сэнс. Страх, трывога, туга, нуда спараджаюць пачуцьцё ўласнае немачы, нікчэмнасьці, прыгнечанасьць, наступны этап - чыннасьць, пратэст супроць ix, шырокі выбар варыянтаў процідзеі, паводзінаў. Лічыцца, што гісторыя чалавека ў сьвеце, а значыць i ягонага страху пачалася з моманту яго першага выбару - зрываць ці не зрываць забаронены плод, выбіраць ці не выбіраць свабоду. Чалавек выбраў свабоду i быў выгнаны з раю, дзе за яго выбіраў Бог. Ён зрабіўся вольны, самотны i... ахоплены страхам.

Ёсьць розныя ўзроставыя пэрыяды экзыстэнцыйнага страху: страх нараджэньня (сьцісьнены подых, асьфіксія, сьмерць-нараджэньне) - правобраз усіх наступных страхаў; страх у раньнім дзяцінстве - боязь страціць аб'ект любові; страх пакладаньня крыху пазьней, але таксама ў дзіцячым веку; страх перад бацькоўскім аўтарытэтам у падлеткавым узросьце, што ў дарослым аформіцца як страх сумленьня, кантраляваны ўласным Супэр-Я; страх існаваньня (як страх самоты, сьмерці i да т.п.).

У структуры людзкае псыхікі, што складаецца зь Я (сьвядомасьць) - Яно (несьвядомае) - Супэр-Я (надсьвядомае), менавіта інстанцыя Я зьяўляецца прадуцэнтам страху, але тыпы страху залежаць ад стасункаў Я зь іншымі паверхамі структуры чалавечай асобы: страх рэальны - ад стасункаў з вонкавым сьветам, страх сумленьня - стасункаў Я й СупэрЯ, страх нэўратычны ад стасункаў Я зь Яно, індывідуальным несьвядомым, а экзыстэнцыйны - ад стасункаў Я з архетыповымі пластамі калектыўнага несьвядомага.

Украінскія комплексы, сярод якіх найбольш красамоўным, яскравым ёсьць страх перад роднаю мовай, фармаваліся доўга й на розных узроўнях псыхікі. Найперш гэта страх нараджэньня, якое ніяк ня можа скончыцца, - ператварэньня этнасу ў нацыю, страх перад неабходнасьцю нараджэньня, палахлівае нежаданьне нарадзіцца, намаганьне застацца ў матчыным (этнічным) улоньні - штосьці накшталт алегарычнай постаці Дна ў капэле Мэдычы ў Флярэнцыі Мікелянджэлё: творца выбівае яе з каменнае брылы, а яна нібыта хоча застацца каменем. Гэта выяўляецца ў моўнай "шапялявасьці" шматлікіх украінскіх моўнікаў розных адукацыйных узроўняў. Мусіць, аніхто з моўнікаў, прыкладам, на тэлеэкране (найпрыступная ілюстрацыя), ня мае такога нутранога канфлікту з моваю, як украінскі, што вонкава выліваецца ў непрыхаваны афэкт страху. I гэта - ад вядомых штатных супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачаньня да выпадковага мінака на вуліцы, "злоўленага" для інтэрвію.

Страх украінца перад уласнаю мовай фармаваўся шматгадовым страхам быць украінцам, найістотнейшай i найкрамольнейшай прыкметай якога лічылася злачынная й шкодная мова - настолькі, што яе трэ было забараняць яўна загадамі ці няяўна праграмамі яе зьнішчэньня, асабліва ў XX ст., якое i ў сусьветным маштабе было стагодзьдзем генэраваньня, пашырэньня й прышчапленьня страху. Гэтае стагодзьдзе спарадзіла два царствы страху - гітлераўскую Нямеччыну й Савецкі Саюз. Хіба што Нямеччына сеяла страх пераважна па-за ўласнымі межамі, а Савецкі Саюз культываваў яго й на ўласных абшарах. Найвялікшая канцэнтрацыя страху была на тэрыторыях з найбольшай патэнцыяй сэпаратызму. Усім вядомы лёс Украіны ў XX ст.: атручаная страхам, зьнішчаная страхам - "страшная" зямля. I татальнае зьняменьне - страта мовы - ад страху. І сапраўды:

Неначе люди подурілй,

Німі на панщину ідуть

I діточок своіх ведуть!..

Таксама нямых.


Няйначай людзі падурэлі,

На паншчыну нямыя йдуць

I дзетачак свіх вядуць!..

Гэтае генэраваньне страху, кіраваньне людзьмі з дапамогаю страху, маніпуляваньне сьвядомасьцю праз страх, а ў моўнай палітыцы - дзяржаўная ўстаноўка на паступовае зьнішчэньне ўкраінскае мовы, кантроль за ейнай структурай, лексычным складам (сьпісы забароненых "нацыяналістычных" словаў, слоўнікі й правапісы, скіраваныя на русыфікацыю) - ператварылі рэальны страх у нэўратычны - у нэўрозы страху, комплексы страху ўкраінца перад сваёй мовай.

Усё гэта адбывалася на тле камунізацыі мовы наагул, у тым ліку нават "человеческой" - расейскай. Аніякі рэжым не бярог так сваёй манаполіі на слова, як камуністычны. I ніякаму не ўдалося ў. такой ступені авалодаць мовай ды прыстасаваць яе да сваёй мэты. А мэта - падпарадкаваньне чалавека ня толькі фізычнае, але й псыхічнае з дапамогаю страху й мовы: ейнай уніфікацыі, абмежаваньня лексычнага запасу, скасаваньня "залішніх", "шкодных" словаў (ня будзе пратэсту, выбуху, калі ня будзе словаў, якімі яны афармляюцца-думаюцца, бо няможна думаць пра штось, што ня мае найменьня), перавага вайсковай ды ваеннай лексыкі ("бой" за ўраджай, посьпех, мір, выхаваньне моладзі ў духу, за прагрэс i г.д.), выпустошваньне сэнсу, спрашчэньне ўсіх моўных формаў i працэсу.маўленьня да магічных замоваў, ix рытуальнае паўтарэньне, што дзейнічала як масавы гіпноз.

Апроч таго, такая моўная палітыка была й важным спосабам дэпэрсаналізацыі, дэіндывідуалізацыі сьвядомасьці, выхаваньня гомасавэтыкуса, Толькі чалавеку ўласьціва ўсьведамляць існаваньне ўласнага "Я" ў сьвеце, а савецкі валапюк (навамова, драўляная мова i да т.п.) замінае йснаваньню гэтага "Я", паслабляе ці ліквідуе яго, i пры гэтым навязвае замест яго "Мы", што замацоўвае ў мове абмежаваньне ролі індывідуальнага ў пазамоўнай чыннасьці на карысьць калектыўнага, зьяднанага ідэалёгіяй i падпарадкаванага ёй. "Мы" як зьяднаная станоўчымі вартасыдямі супольнасьць процістаўляецца адмоўна афарбаванай супольнасыді "Яны" (капіталісты, рэакцыйныя сілы й да т.п.). Апазыцыя Мы/Яны, што па-маніхейску дзяліла сьвет на дабро (усё "наша") i ліха (усё "нянаша"), расколвала яго й прасторава на дыхтамію Тут/Там, што таксама бязьмежна звужала сьвет мовы. Малаўжыванае "Я" значыла, што настолькі ж малаўжываным было ў тэкстах навамовы "Ты" - г.зн. дыялёг сам па сабе. "Мы" было зацішкам, утульным жытлом для абяздоленых, дэпэрсаналізаваных людзей, i чым цяплейшай была атмасфэра ў сьценах "Мы", тым больш нянавіснымі выглядалі "Яны". А таму як "Яны" былі ня толькі за акіянам, але й сярод "Нас", то кожны мусіў баяцца любой датычнасьці да "іx". Гэты рэальны страх (кожны мог быць зарыштаваны за гэта й расстраляны) дзякуючы саёй татальнасьці й незваротнасьці хутка ператварыўся ў нэўратычны, таксычны страх. Гэты ўсеагульны бясконцы антыкарнавал, квазікарнавал - жыцьцё навыварат, дзе ўсе грамадзяне былі ўдзельнікамі, усе маглі быць адначасна судзьдзямі й падсуднымі, ахвярамі й катамі, увесь час мяняцца месцамі й перамяшчацца пры гэтым зьверху ўніз ды зьнізу ўверх, зьмяняць адзеньне й ролі, дзе ўсе нормы звычайнага жыцьця былі адмененыя (любоў бацькоў да дзяцей i дзяцей да бацькоў, да роднага), дзе панавалі фамільярныя стасункі (парткамы разьбіралі падзеі прыватнага жыцьця), карнавальныя блюзьнерствы (супроць Бога, Царквы, радзімы), паліваньне брудам, высьмейваньне аўтарытэтаў (ворагаў народу, капіталістаў), карнавальнае самазванства (бацька народаў, СССР - апора міру, пралетарскія ды сялянскія - сын беднага селяніна - біяграфіі ў індывідуальным маштабе), пляц, дзе народны "хор" заўжды гатовы радасна маршаваць, крычаць "ура", паслухмяна сьмяяцца, дэманструючы формулу "жить стало веселей", - слугаваў не праектыўнай разрадцы, зьліквідаваньню псыхічнай напружанасьці, а наадварот - ейнаму нагрувашчваньню, стварэньню атмасфэры масавага псыхозу й гістэрыі страху. I гэта, замацаванае, падпарадкаванае шокавай сілаю ў несьвядомым, на ўсіх паверхах псыхічнай структуры, застанецца там надоўга. Лягчэй зьмяніць уладу, ніж псыхалёгію гомасавэтыкуса ды яе вэрбальнае выяўленьне, як i страх гомасавэтыкуса перад мовай. Гэты страх (не сказаць залішняга, каб не падслухалі й не данесьлі) ва ўкраінцаў быў падвойны, бо страшна было размаўляць менавіта ўкраінскай - буржуазна-нацыяналістычнай моваю, што было раўназначна да прыналежнасьці да "Яны", а значыць страху страціць зацішак "Мы". Менавіта ўсё ўкраінскае ў шматгадовым камуністычным квазікарнавале заўжды высьмейвалася, разьвенчвалася, заўсёды знаходзілася ўнізе (праўда, згодна з законамі жанру, тое-сёе з палітычных меркаваньняў уздымалася ўверх, увенчвалася, напрыклад, вышыванка ў Постышава ці Хрушчова, дні ўкраінскай культуры ў Маскве i да т.п.), добра сплянаваныя карнавальныя блюзьнерствы былі скіраваныя супраць гісторыі, Царквы, традыцыяў, культуры, мовы усяго, што было зьнітавана з нацыянальнай самасьвядомасьцю. Самазванства й пераапрананьне ва ўкраінскім карнавальным варыянце - гэта перадусім пераапрананьне ўкраінскай гісторыі ў расейскія шаты (поўнае прысабечваньне гісторыі Кіеўскай Русі), ператварэньне ўкраінскіх культурных дзеячоў у расейскіх, а тое, што не паддавалася пераапрананьню-пераніцоўцы, - у блазенскія каўпакі ці брудныя адзежыны здрадніцтва. 1 пакораны ўкраінскі "хор", прарэджаны судовымі працэсамі, адстрэламі, голадам, высяленьнямі, суправаджаў гэтую дзею на пляцах украінскімі скокамі ў народных строях (нават у чарнобыльскім траўні), але зносіўся ў пераважнай масе ўжо на "общепонятном". Дый расейская ва ўкраінскіх вуснах ня ёсьць зусім расейскаю, хіба няправільнай, карнавальна пераапранутаю моваю.

Украінец, як Эдып, забіў свайго бацьку - сваю самасьць, мову, i вяртаецца яна да яго хіба ў песьні за сталом ці, яку героя навэлы Ю.Шчарбака, у перадсьмяротным трызьненьні. Але забіў ён i дар мовы. Новай, прыбранаю, заместа забітай у сабе роднаю моваю ўкраінцы яшчэ могуць зносіцца між сабой, выяўляць сваю агрэсію, але ня могуць тварыць (сьведчаньне таму, напрыклад, расейскамоўныя фільмы кінастудыі імя Даўжэнкі). I роднаю таксама: паміж ягонай сьвядомасьцю й архетыповымі, творчымі пластамі стаіць Эдыпаў комплекс - пачуцьцё віны, нянавісыдь да сябе, што звонку выяўляецца як нянавісьць да мовы, страх перад мовай ды іншыя дэструктыўныя пачуцыді, якія псыхолягі называюць сындромам раскладаньня. Даўнія комплексы малавартасыді, выкліканыя зьняцэненьнем, разьвенчаньнем усяго ўкраінскага на працягу доўгага часу, адсутнасьцю ў аўтарытэтных інстанцыяў любові да нас i бракам любові да сябе ў нас саміх, памножаныя на сыстэматычную антыўкраінекую прапаганду ва Ўкраіне, на правалы нашай дзяржавы ў палітыцы й асабліва эканоміцы; татальнае зьбядненьне, інфляцыя нашых карнавальных грошай, што абавязкова суправаджаецца й інфляцыяй нашага патрыятызму, расчараваньнем i разгубленасьцю, перашкаджаюць узьняць прэстыж украінскае мовы, зьліквідаваць страх перад мовай ва ўкраінскай дзяржаве. Нават цяпер у незалежнай Украіне наша мова залежная: залежная ад далейшага прышчэпліваньня расейскай, ад нашага страху перад ёй i за яе.

Страх перад роднаю мовай маюць ня толькі тыя ўкраінцы, што адракліся ад яе, забіўшы ў сабе, але й тыя, хто збярог яе ў сваіх сем'ях, у штодзённай вэрбальнай практыцы. Украінцы й надалей баяцца за сваю мову, баяцца таго, што фарсавана навязаная расейская паглыне яе - гэтак маці баіцца за сваё хворае дзіця, параджаючы сваёй любоўю й страхам комп­лексы i ў сябе, i ў дзіцяці.

Сьмерць мовы ў сьвядомасьці адной катэгорыі ўкраінцаў ці сталая пагроза яе сьмерці ў іншай парадзілі ў ix сындром безбацькоўства, сіроцтва і... сіроцкую мову: сірата гаворыць ціха, занадта ціха, сірата пачцівы й прыстойны, мае сьціплыя патрэбы, прэтэндуе на надта малую плошчу (у кутку, каля дзьвярэй), пакутуе праз пачуцьцё свае залішнасьці, другаснасьці ды безабароннасьці ў сьвеце, а сіроты-ўкраінцы яшчэ i з праблемы ідэнтыфікацыі з прычыны недакладнага імя-саманазову: русы - русічы-маларосы - хахлы - рутэнцы - русіны - украінцы?

Гісторыя ўкраінскае мовы ў XX (і ня толькі) стагодзьдзі - гэта бесьперапынная барацьба нацыянальнай эліты за тое, каб ня даць памерці мове - так змагаюцца ў рэанімацыі за жыцьцё цяжкахворага: ляжаць, не хадзіць, не паліць, есьці працертыя поліўкі й кашы. Ня ўсе здатныя на ахвярныя зносіны зь цяжкахворым - уцякаюць на сьвежае паветра, да сонца, сьмеху і... чужой мовы. Адсюль вялікі разрыў паміж элітарнай украінскай мовай, стылістычна выпрацаванай, але занадта прычасанай, дыстыляванай, штучна вытанчанай, i мовай звычайных моўнікаў. А мова, якая не ахоплівае ўсяе нацыі, так ці гэтак становіцца недамоваю.

Страх за мову, адказнасьць за яе парадзілі асаблівы ахвярна-мэсіянскі комплекс у "правільных" моўнікаў ды празьмерную сур'ёзнасьць, асаблівую цнатлівасьць нашае мовы - цнатлівасьць паджылай паненкі, да якой "ніхто не заляцаўся, не жартаваў". У галаве сучаснага ўкраінскага моўніка - сьвядомага й дасьведчанага - мусіць стала працаваць моўны сэлектар, ATK - суворы кантроль за слушнасьцю маўленьня, культурай маўленьня - мажлівымі русізмамі, калькам! i да т.п., што прапісаліся ў нашай мове праз сталае бамбаваньне ейнага цела ін'екцыямі расейшчыны.

Але пры гэтым страчваецца адвольнасьць, непасрэднасьць маўленьня; рацыянальны роздум над кожным словам таксама параджае страх перад моваю. Размаўляць па-ўкраінску замест радасьці маўленьня, задаволенасьці ад мовы часта зводзіцца да абавязку перад мовай, псыхалягічнага дыскамфорту й незадаволеньня сабою ды... моваю. Украінская мова ў антыўкраінскім моўным сьвеце асобных украінскіх гарадоў хочаш-ня хочаш набывае прыкмету дэманстратыўнага й нават правакатыўнага маўленьня i выклікае страх перад пометаю моўнікаў-адступнікаў (як у дрэсіявальнікаў у клетцы льва?) ці гатовасьць пакутаваць за мову й страх самотнасьці ў мове. Цярплівая, упартая, дэманстратыўная ўкраінамоўнасьць галічан па-за Галіччынай (тут яна цалкам арганічная, хоць таксама абцяжарана сваімі, галіцкімі, страхамі перад мовай) амаль ператварылася ў нашу другую (ці першую?) прафэсію, місію. А моўнае місіянства - таксама зьява пазамоўная - гістэрычная ад прыроды ці блізкая да гэтага.

У стабільным, прыродным украінамоўным асяродку страх перад моваю выяўляецца i як страх перад граматыкай, грахом памылкі. Правапіс наш недасканалы, грувасткі, часта нелягічны, вывучыць яго нялёгка, але, прынамсі пунктуацыю ды артаграфію, можна. Тымчасам татальная непісьменнасьць шматлікіх, нават высокаадукаваных, украінскіх моўнікаў дае падставы дапускаць, што, верагодна, найбольш баяцца тыя, што выкладаюць яе ў школах, асабліва пачатковых (сярэдніх таксама), бо інтэнсыўнасьць гэтага страху паказвае на яго дзіцячае паходжаньне.

Вядома, у сытуацыі вострай судзіннай няздатнасьці нашае мовы празь зьмяншэньне плыняў "крыві" моўнікаў, што ажыўляюць ейную цэнтральную нэрвавую сыстэму, неабходна радыкальнае лекаваньне: дзяржаўная абарона мовы (як гэта робяць іншыя краіны з зусім добрым станам сваіх нацыянальных моваў, прыкладам, Францыя), негаласьлівы, спакойны, але пасьлядоўны ўвод Закону пра мовы, хаця б слабога, але Закону, пад апекай якогасьці канкрэтнага дзяржаўнага органу. У такіх інстытуцыях, як тэлебачаньне, што, апроч усяго іншага зьяўляецца ўсеўкраінскаю школай маўленьня, варта было б увесьці нейкія моўныя інстанцыі, якія б мусілі калі ня быць "сітам" пры адборы супрацоўнікаў, дык, прынамсі, навучыць ix слушнаму ўкраінскаму вымаўленьню перад тым, як тыя зьявяцца на экране. Патроху гэта ўжо робіцца: i на УТ зьявіліся новыя дыктары з добрым вымаўленьнем, прыроднымі моўнымі паводзінамі, i ICТV, у гэтым пляне сапраўдная "зорка тэлебачаньня Ўкраіны", стала дэманструе беззаганнае ўкраінскае маўленьне, i "Вікна" ўвялі сумна-іранічную манэру накладаць украінскі пераклад на неўкраінскія тэксты сваіх рэспандэнтаў (праўда, іншы раз гэта падвойная іронія: украінскі тэкст мае гэткую ж самую расейскую фанэтыку). Але гэта ўсё выняткі. Украінскае тэлебачаньне працягвае жыць запалохана-правільным, пачціва-нудным сіроткам, дзьвюхмоўным ад прыроды, бо ў маўленьні шмат якіх тэлеманаў дамінуе стала псыхалягічна прысутная расейская: яны думаюць па-расейску, з натугай перакладаючы на зьнявечаную ўкраінскую, вымаўляюць расейскія словы па-расейску i ўшчыльняюць пры гэтым да мінімуму фізычную ды псыхалягічную прастору млявай, спустошанай украінскай. Натуральна, гэткі ж i зьмест. Думаю, невыпадкова новыя ўкраінскія тэлепраграмы, новыя канцэптуальна, падбіраюць сабе назовы, за якімі, без сумневу, стаяць, усьвядомленыя ці не, намеры пераадоленьня, пашырэньня гэтае моўна-разумовай прасторы: "Вікна" ("Вокны"), "Нова мова".

Кантроль, Закон, зазвычай, не паляпшаюць адразу й масава стасункі ўкраінскага моўніка з мовай, мажліва, на нейкі час i пагаршаюць, выклікаючы супраціў пэўным момантам прымусу, што мае ў сабе ўсялякі закон; відавочна, што яшчэ больш павялічваецца страх перлд мовай, за якім, як было ўжо сказана, стаіць або нянавісьць да сябе й свае мовы - Эдыпаў комплекс, або страх за мову, пачуцьцё абавязку й віны, патрэба кары й-пакутаў - гіпэртрафаванае Супэр-Я, пэўная форма калектыўнага мазахізму.

Яшчэ неабходныя мове й новыя канцэпцыі ў яе выкладаньні, новыя, мажліва, нават дзёрзкія, правакатыўныя мэтодыкі. Дагэтуль цэнтральным у працэсе навучаньня мове, фармаваньня ўзаемінаў украінца з сваёй моваю быў аргумант із сфэры Супэр-Я, які ў структуры чалавечае псыхікі ёсьць рэпрэзэнтантам усіх маральных нормаў ды абмежаваньняў, прыхільнікам самаўдасканаленьня, носьбітам традыцыі, сумленьня, абавязку: родная мова - гэта найдаражэйшы скарб у жыцьці чалавека, сьвятыня. Гэта так. Але, з аднаго боку, Супэр-Я дзіцяці або падлетка толькі пачынае фармавацца, дый тое паводле вобразу й падабенства Бацькі, а значыць, верагодна, i ў дзіцяці будзе тая ж непаўнавартая псыхіка: або недааформленае праз наяўнасьць Эдыпавага комплексу Супэр-Я бацькі, які адрокся ад роднае мовы, або гіпэртрафаванае Супэр-Я бацькі-патрыёта. А гэта у абодвух выпадках падвышэньне страху перад моваю. Зь іншага боку, нават без уплыву бацькоўскай інстанцыі (напрыклад, калі дзіця атаясамлівае сябе з Супэр-Я ня бацькі, а настаўніка) гэты аргумант выклікае страх перад мовай: скарб шануюць, але хаваюць далека ад вачэй, ад штодзённага жыцьця; зь сьвятыняй таксама не жывуць - на яе моляцца, яе баяцца. А 3 мовай i ў мове трэба жыць, бавіцца зь ёй, хітраваць зь ёй, мець ад яе задавальненьне, кідацца, як у глыбокую раку, плысьці й цешыцца вадой-моваю або мяць, як гліну, i тварыць ёй i зь ёй свой сьвет, як першабог Ганчар ляпіў сьвет, людзей ды іхныя лесы. Сьвет у слове й праз слова: напачатку было Слова, i Слова было Бог... Сьвет, космас ствараўся словам праз называньне рэчаў, існага. У кожным слове, як у міце, закладзены касмаганічны сэнс, касмаганічная сіла, тое, што Шаўчэнка называў "Боскім кадзілам", "кадзілам праўды". Гэтыя касмаганічныя, архетыповыя пласты слова, мовы зьяўляюцца ейнай крывёй, жыватворнымі касмалягічнымі водамі, ейным ядром, жытлом Бога ў ёй, самасьцю. Ахопленаму страхам перад мовай прыступныя хіба вонкавыя поведна-прадметна-лёгіка-камунікатыўныя пласты мовы, моўная маска; псыхакомплекс, перадусім Эдыпаў, што будуецца на нянавісьці да сябе як да ўкраінца i нянавісьці да свае мовы, страху перад ёй, цалкам закрывае яму прыступ да жывых, архетыпова-міталягічных, касмаганічных плыняў роднае мовы - таго, што мову робіць моваю, а маўленьне - радасьцю быцьця - быцьця ў мове й быцьця ў сьвеце.

Пераклад Сяргея СМАТРЫЧЭНКІ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX