Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Дэ Унамуна Мігель. Шлях да магілы Дон Кіхота 


Аўтар: Дэ Унамуна Мігель,
Дадана: 05-06-2014,
Крыніца: Дэ Унамуна Мігель. Шлях да магілы Дон Кіхота // Спадчына №1-1995. С. 105-111.



Мігель дэ Унамуна (1864-1936) - вядомы іспанскі пісьменьнік. Аўтар шматлікіх аповесьцяў, раманаў, вершаў. Адзін з заснавальнікаў экзыстэнцыялізму ў сусьветнай філязофіі. Лічыўся выведнікам новых мастацкіх формаў. Найбольш любімым літаратурным жанрам яго было эсэ. «Шлях да Магілы Дон Кіхота» напісана ў 1906 г.

Ты пытаешся ў мяне, дарагі сябра, ці ня ведаю я, якім чынам можна было 6 увагнаць у вар'яцтва, у трызьненьне, ва ўсеагульны псыхоз няшчасныя масы людзей, што захоўваюць такі спакой i парадак, якія нараджаюцца, ядуць, сьпяць, плодзяцца i паміраюць. Ці ня можна, кажаш ты, заразіць ix ізноў якой-небудзь эпідэміяй накшталт тых, што ахапілі флягелянтаў i канвульсынарыяў? I ты нагадваеш мне пра эксцэсы, якія папярэднічалі наступленьню тысячнага года.

Я, таксама як i ты, нярэдка адчуваю тугу па сярэднявеччы; мне, таксама як i табе, хацелася 6 жыць тады, сярод сутаргаў нараджэньня другога тысячагодзьдзя. Калі б у нас атрымалася нейкім чынам пераканаць народ, што ў пэўны дзень - скажам, 2 траўня 1908 года, у стогадовы юбілей пачатку Вайны за незалежнасьць,- Іспанія загіне, што ў гэты дзень усіх нас перарэжуць, як бараноў, то 3 траўня 1908 года стала б, на мой погляд, найвялікшым днём нашай гісторыі, заранкаю нашага новага жыцьця.

Нікчэмны век! Безнадзейна нікчэмны век! Усім i на ўсё напляваць. А варта якой-небудзь адзінцы паспрабаваць падняць тое ці іншае пытаньне, зьвярнуць увагу на тую ці іншую праблему, як гэта адразу ж будзе прыпісана карысьліваму інтарэсу, жаданьню праславіцца ці быць арыгіналам.

Людзі нават развучыліся разумець, што ў некага можа скрануцца розум. Пра вар'ята ў нас ужо i думаюць i гавораць, што, маўляў, розум ён згубіў паводле разьліку, а значыць, цалкам разважна. Разумная падкладка страты розуму - рэч непахісна абгрунтаваная ў вачох сёньняшніх вартых жалю нікчэмнасьцяў. Калі б наш слаўны рыцар Дон Кіхот уваскрос i вярнуўся б у сучасную нам Іспанію, тут узяліся б вышукваць, якімі заднімі думкамі выкліканыя ягоныя шляхотныя дзівацтвы. Калі хто-небудзь выкрывае злачынствы, змагаецца зь несправядлівасьцяй, бічуе неадукаванасьць, нявольніцкія душы зьдзіўляюцца: «Чаго ён гэтым для сябе дамагаецца? Якая яму карысьць?» Іншы раз яны думаюць i кажуць: ён хоча, каб яму заткнулі рот золатам; іншы раз - што яго захапілі подлыя пачуцьці i ганебныя жарсьці накшталт помсьлівасьці ці зайздрасьці; іншы раз - што яму хочацца з-за пыхлівасьці падняць як мага болей шуму, каб пра яго загаварылі; іншы раз - што ён i падобныя да яго проста пацяшаюцца ад няма чаго рабіць, дзеля спорту. Як шкада, што гэтак мала ахвотнікаў займацца падобным спортам!

Ты толькі зьвярні ўвагу - зь якой бы праявай шляхотнасьці, гераізму ці дзівацтва ні сутыкнуліся гэтыя абмежаваныя сёньняшнія бакалаўры, сьвятары i цырульнікі, ім у галаву не прыходзіць нічога, апрача пытаньня: а дзеля чаго гэта ён так робіць? I калі ім падасца, што ва ўчынку ёсьць разумная прычына - так яно будзе альбо не, як яны яе разумеюць, - яны кажуць сабе: ага! ён зрабіў гэта таму i таму. Усё, што хоць колькі-небудзь тлумачыцца розумам, як толькі яно імі растлумачана, губляе ў іхных вачох усялякую вартасьць. Вось дзеля чаго ім патрэбна лёгіка, іхная паршывая лёгіка.

Кажуць: зразумець - значыць дараваць. Але гэтым вартым жалю нікчэмнасьцям неабходна разумець, каб дароўваць усякаму, хто не лянуецца ix прынізіць, усякаму, хто словам альбо справаю тыкне ix носам ва ўсю іхную ганебную нікчэмнасьць.

Яны дайшлі да таго, што задаюць сабе ідыёцкае пытаньне: дзеля чаго Госпад стварыў сусьвет? I самі адказваюць сабе: дзеля большай славы гасподняй! - адказ, што напаўняе ix такой самазадаволенасьцяй i самазахапленьнем, i яны ўяўляюць сябе ўзьнесенымі на велічныя вяршыні, адкуль ім дадзена разумець, у чым менавіта выяўляецца слава гасподняя.

Рэчы першасныя - ix прызначэньне другаснае. Дайце мне скласьці ўяўленьне пра якую-небудзь новую рэч, i тады ўжо яна сама растлумачыць мне, дзеля чаго яна створана.

Іншы раз, калі я выкладаю праект ці плян чаго-небудзь такога, што варта было б зрабіць, асабліва калі настойваю на тым, пра што лічу патрэбным гаварыць, абавязкова знойдзецца цікаўны даведацца: «Ну, а што далей?» На падобныя пытаньні застаецца адказаць толькі контрапытаньнямі. «Ну, а што далей?» павінна рыкашэтам выклікаць: «Ну, а перад тым што?».

Будучыні няма; будучыні не бывае ніколі. Тое, што называюць будучыняй,- усяго толькі вялізны падман. Сапраўдная будучыня - гэта сёньняшні дзень. Што будзе з намі заўтра? Ніякага заўтра няма! Есьць сёньня, цяпер. I ўсё пытаньне ў тым, што такое мы самыя ў гэтым сёньняшнім дні.

Што ж да сёньняшняга дня, гэтыя нікчэмныя душы сабой цалкам задаволеныя, яны ж існуюць менавіта сёньня, i нічога іншага ім i ня трэба - толькі існаваць. Існаваньне, адно толькі голае існаваньне,- гэтым вычэрпваюцца ўсе іхныя духоўныя запатрабаваньні. Яны i не здагадваюцца, што ёсьць нешта большае, чым існаваньне.

Але ж ці існуюць яны? Ці існуюць яны ў сапраўднасьці? Думаю, што не. Бо калі б яны існавалі, існавалі папраўдзе, яны б пакутавалі 6 ад таго, што толькі існуюць, а не здавальняліся б гэтым існаваньнем. Калі б яны сапраўды i рэальна існавалі ў прасторы i часе, яны б пакутавалі, што ім ня дадзена быцьцё вечнае i бясконцае. А ўжо ж такая пакута, гэтая пякучая Прага вечнага i бясконцага, ёсьць у нас пачуцьцё, што патрабуе Бога. Бога, што пакутуе ў нас, бо ў нас ён адчувае сябе нявольнікам нашай канечнай прыроды, нашай недаўгавечнасьЦІ. Калі б яны ведалі гэтую боскую пакуту, яны б разарвалі нікчэмныя зьвёны лягічнага ланцуга, з дапамогай якога імкнуцца зьвязаць свае вартыя жалю ўспаміны , ca сваімі вартымі жалю надзеямі, а ілюзіі свайго мінулага зь ілюзіяй будучыні.

Чаму i навошта ён гэта робіць? А хіба Санча ніколі не пытаўся ў Дон Кіхота, чаму i навошта ён так робіць?

Вяртаюся да пачатку, да таго, што цікавіць цябе, да твайго пытаньня: ці нельга прывіць гэтым няшчасным людзкім натоўпам які-небудзь масавы псыхоз, якую-небудзь дзівацкую ідэю.

Але ў адным з тваіх лістоў, калі ты засыпаў мяне кучай пытаньняў, ты сам усутыч падышоў да вырашэньня праблемы. Ты мне пісаў: як ты глядзіш на спробу распачаць нейкі новы крыжовы паход?

Што ж, я цалкам пагаджаюся з табой, лічу, што варта было б паспрабаваць распачаць сьвяты крыжовы паход за вызваленьне Магілы Дон Кіхота з-пад улады бакалаўраў, сьвятароў, цырульнікаў, герцагаў i канонікаў. Я мяркую, што трэба адважыцца на крыжовы паход, каб адваяваць Магілу Рыцара Дзівацтваў у завалодаўшых ёй васалаў Разважнасьці.

Натуральна, яны стануць абараняць свой беззаконны захоп, імкнучыся з дапамогаю шматлікіх выпрабаваных доказаў розуму абгрунтаваць, што права на ахову сьвятыні i ўтрыманьне яе ў парадку належыць ім. Бо яны ж ахоўваюць яе дзеля таго, каб Рыцар не паўстаў зь мёртвых.

Адказваць на ix разважлівыя доказы трэба лаянкай, градам каменьняў, разьятраным крыкам, ударамі дзідаў. Толькі не імкніся сам даводзіць штосьці да іхнага разуменьня - яны абваляць на цябе столькі найразумнейшых сваіх доказаў, што ты загінеш.

Калі ж яны, па сваёй звычцы, будуць пытацца ў цябе, паводле якога права ты прэтэндуеш на Магілу, не адказвай ім ні слова, яны ўжо потым убачаць паводле

якога. Потым ... мажліва, калі ўжо ня будзе ні цябе ні ix - ва ўсялякім разе, ня будзе ў гэтым сьвеце ўяўнасьцяў.

Наш сьвяты крыжовы паход вельмі выгадна розьніцца ад тых даўнейшых крыжовых паходаў, зь якімі прыйшоў досьвітак новага жыцьця ў гэтым старым-ста­рым сьвеце. Крыжаносцы былых часоў, што гарэлі сьвятым натхненьнем, ведалі, дзе знаходзіцца Магіла Гасподняя, ведалі гэта хаця б паводле чутак, тады як удзельнікам нашага крыжовага паходу ня будзе вядома, дзе ім шукаць Магілу Дон Кіхота. Знайсьці i здабыць яе можна будзе толькі ў бясконцых бітвах.

У сваім донкіхоцкім вар'яцтве ты ўжо ня раз гаварыў са мною пра «кіхатызм», як пра новую рэлігію. На гэта магу сказаць табе: калі меркаваная табой рэлігія прыжыве i пачне распаўсюджвацца, яна будзе валодаць дзвюма рэдкімі перавагамі. Па-першае, тым, што мы зусім ня ўпэўненыя, ці існаваў у сапраўднасьці яе заснавальнік i прарок Дон Кіхот - ай, канешне ж, не Сэрвантэс, - інакш кажучы, ці быў ён жывым чалавекам з плоці i крыві; больш таго, мы хутчэй падазраем, што ён фігура ад пачатку i да канца прыдуманая. Дру­гая перавага тая, што прарок гэты - асоба камічная, усеагульнае пасьмешышча, прадстаўленае народу дзеля забавы i зьняслаўленьня.

Але акурат гэтае рысы: не баяцца трапіць у камічнае, сьмешнае становішча - нам не хапае больш за ўсё. Палохаць нас тым, што мы сьмешныя,- вось яна, зброя ўсіх пагарджаных бакалаўраў, сьвятароў, канонікаў i герцагаў, што хаваюць ад нас, дзе знаходзіцца Магіла Рыцара Дзівацтваў. Рыцара, зь якога сьмяяўся ўвесь сьвет, але які сам не адпаліў аніводнага жарту. Ен быў занадта вялікі духам, каб разьменьвацца на досьціпы. Сьмех ён выклікаў сваёй сур'ёзнасьцяй.

Ну, што ж, сябра, бярыся за справу, вазьмі на сябе ролю Пятра Пустэльніка, кліч людзей далучацца да цябе, далучацца да нас, i скіруемся ўсе разам заваёўваць Магілу Рыцара, хоць i ня ведаем, дзе яна знаходзіцца. Сам крыжовы паход прывядзе нас да сьвятога месца.

I як толькі сьвятое воінства вырушыць у шлях, ты ўбачыш, як загарыцца ў небе новая зорка, бачная адно крыжаносцам, прамяністая i трапяткая зорка, i ў доўгай, запаланіўшай нас з усіх бакоў ночы яна засьпявае для нас новую песьню; i зорка гэтая пойдзе па небе, як толькі вырушыць у шлях крыжаноснае воінства; а калі паход закончыцца перамогай альбо калі ўсе крыжаносцы загінуць (i магчыма, што гібель - адзіны шлях атрымаць сапраўдную перамогу), - тады зорка ўпадзе зь неба, i месца, куды яна ўпадзе, будзе магілаю Дон Кіхота. Магіла Дон Кіхота там, дзе сустрэне сьмерць крыжаноснае воінства.

А там, дзе магіла, там i калыска, там пачатак усіх пачаткаў. I там ізноў загарыцца i падымецца на неба прамяністая i трапяткая зорка.

І не пытайся ў мяне больш ні аб чым, дарагі сябра. Калі ты выклікаеш мяне на размову пра падобныя рэчы, то з тваёй ласкі з дна маёй душы, спакутаванай ад пошласьці, што абступае i абкладае мяне з усіх бакоў, спакутаванай ад маны, у якой мы цялёпкаемся, запырскваючы брудам адзін аднаго, спаку­таванай ад усіх подласьцяў, якія раняць, разьдзіраюць i душаць нас, - з дна маёй спакутаванай душы падымаюцца абуджаныя табой бессэнсоўныя відмы, алягічныя ідэі, невядомыя думкі i вобразы, i я ня толькі ня ведаю, якое іхнае значэньне, але i ня думаю ў ім разьбірацца.

Што ты гэтым хочаш сказаць? - штохвіліны пытаешся ў мяне ты. А я адказваю табе: адкуль жа мне ведаць?

Не, не, добры мой сябра! Часьцей за ўсё я i сам ня ведаю, што хачу сказаць якім-небудзь нечаканым меркаваньнем, якім узнагародзіла мяне гульня розуму i якім я дзялюся з табой; альбо ва ўсялякім выпадку менавіта я гэтага i ня ведаю. Ува мне быццам сядзіць хтосьці, i дыктуе мне раптоўныя думкі, i асяняе азарэньнем. Я павінуюся яму, але не заглыбляюся ў сябе, каб глянуць яму ў твар i спытаць яго пра імя. Я ведаю толькі адно: калі б я ўбачыў яго ў твар i калі б ён мне назваўся, я памёр бы, каб замест мяне жыў ён.

Мне сорамна з тае прычыны, што неаднойчы мне здаралася ствараць выдуманых герояў, выдумляць раманных пэрсанажаў, у чые вусны можна было б укласьці тое, чаго ад сябе гаварыць я не адважваўся, - i вось яны быццам жар­там выказвалі тое, да чаго я стаўлюся больш чым сур'ёзна.

Зрэшты, ты... ты добра ведаеш мяне, i табе вядома, што вымучаныя парадоксы, наўмысная экстравагантнасьць i арыгінальнічаньне - гэта нешта цалкам мне чужое, што б там ні думаў пра мяне тузін нейкіх дурняў. Мой добры i адзіны сябра, сябра безь ніякіх скідак, мы з табою ня раз на адзіноце спрабавалі зразумець, што такое вар'яцтва, i абмяркоўвалі пастаноўку гэтай тэмы ў ібсэнаўскім «Брандзе», духоўньгм дзіцяці К'еркегора, думалі пра яго адзіноту. I мы прыйшлі да высновы, што любое вар'яцтва перастае быць вар'яцтвам, калі яно робіцца калектыўным, завалодвае цэлым народам, калі гэта, можа быць, вар'яцтва, што ахапіла ўсё чалавецтва. Калі галюцынацыю зазнае калектыў, сацыяльны чалавечы арганізм, то галюцынацыя ператвараецца ў рэальнасьць, у нешта зьнешняе ў адносінах да кожнага, хто яе зазнаў. I ты, i я, абодва мы згодныя, што настала неабходнасьць унушыць масам, унушыць народу нейкую вар'яцкую ідэю; вар'яцкую ідэю, запазычаную ў аднаго зь яго звар'яцелых сыноў, i звар'яцелага ўсур'ёз, а ня жартам. Вар'ята, але ня дурня.

Абодва мы, дарагі мой сябра, заўсёды абураемся, чуючы, што называюць у нас тут фанатызмам, бо, на нашае з табой гора, гэта ніякі не фанатызм. Не, ніяк ня можа быць фанатызмам тое, што рэглямэнтуецца i стрымліваецца, уводзіцца ў рамкі i накіроўваецца бакалаўрамі, сьвятарамі, цырульнікамі, канонікамі i герцагамі, ня можа быць фанатызмам тое, што выступае пад сьцягам лягічных формулаў, узбройваецца праграмай, ставіць перад сабой на заўтрашні дзень пэўную задачу, якую з усёй мэтадычнасьцяй выкладзе табе які-небудзь прамоўца.

Памятаеш, неяк раз мы з табой убачылі каля дзесяці маладых людзей, якія абступілі свайго таварыша, ён заклікаў ix: «Пайшлі, хлопцы! Мы такога пакажам!..» - i яны дружна пайшлі за ім. I гэта было якраз тое, чаго мы з табой так прагна жадаем: каб народ, сабраўшыся ў натоўп, з клічам: «Мы такога пакажам!..» - рушыўся ўрэшце наперад. А калі які-небудзь бакалаўр, які-небудзь цырульнік, які-небудзь сьвятар, які-небудзь канонік альбо які-небудзь герцаг надумаўся б спыніць ix, кажучы: «Дзеці мае! Усё гэта цудоўна, я бачу, што вы перапоўненыя гераізмам, што вы гарыце сьвятым абурэньнем, i я далучаюся да вас, але, перш чым усе мы, вы i я разам з вамі, вырушым у шлях з мэтаю «паказаць такога...», нам, пагадзіцеся, ня шкодзіла б прыйсьці да адзінае думкі адносна таго, што ж, уласна, мы хочам «паказаць». Што гэта значыць: «Мы такога пакажам!..»? - калі б хто-небудзь са згаданых мной махляроў паспрабаваў спыніць натоўп вашэйпамянёнымі словамі, дык яго трэба было б адразу зьбіць 3 ног i ўсім, ідучы па ім, заваленым, растаптаць яго,- з гэтага яно i пачалося б, гераічнае «паказаць такога»...

Ці ня думаеш ты, мой сябра,што сярод нас знойдзецца нямала самотных душаў, у каго сэрца проста рвецца «паказаць такога...», зьдзейсьніць нешта, без чаго ім i жыцьцё не ў жыцьцё? Дык вось, паглядзі, можа быць, у цябе атрымаецца сабраць гэтых самотных, стварыць зь ix воінства i рушыць нас усіх разам у паход - бо i я таксама выпраўлюся зь імі, усьлед табе,- у паход за вызваленьне Магілы Дон Кіхота, якая - дзякаваць Богу! - невядома нам, дзе знаходзіцца. Але прамяністая i трапяткая зорка пакажа нам дарогу.

А ці ня станецца так - кажаш ты мне ў хвіліны, калі падаеш духам i здраджваеш самому сабе, - ці ня станецца так, што, уяўляючы, быццам мы ідзем па прасторах палёў і адышлі ўжо за трыдзевяць зямель, мы на самой справе будзем кружыць на адным i тым жа месцы? Не, бо тады прамяністая зорка, што вызначае наш шлях, спыніцца i замрэ над нашымі галовамі, а Магіла Рыцара апынецца ў нас самых. Зорка ж упадзе зь неба, але ўпадзе дзеля таго, каб мы пахавалі яе ў нашай душы. I душы нашыя ператворацца ў сьвятло i зьліюцца ўсе ў адно прамяністае i трапяткое сьвяціла, i яно, ператварыўшыся ў сонца гармоніі, што гучыць вечна, яшчэ зырчэй, яшчэ больш прамяніста зазьзяе на небе нашай выратаванай радзімы.

Значыць, у шлях! I паклапаціся, каб ня ўплішчыліся да цябе, у сьвятое воінства крыжаносцаў, ні бакалаўры, ні сьвятары, ні цырульнікі, ні канонікі, ні герцагі, пераапранутыя пад Санча. Не бяда, калі яны стануць выпрошваць у цябе выспы для губэрнатарства. Але бяз жалю гані ix у плечы, як толькі яны заікнуцца пра маршрут паходу, пачнуць пытаць у цябе пра праграму далейшых дзеяньняў, возьмуцца хітравата, шэпчучы на вуха, дазнавацца ў цябе, у якім баку ляжыць Магіла Дон Кіхота. Ідзі за зоркаю. I рабі так, як Рыцар: выпраўляй усялякую крыўду, якую сустрэнеш на шляху. Сёньня рабі тое, што патрэбна сёньня, i тут тое, што патрэбна тут.

Дык вырушвайце ж у шлях! Але куды ісьці? Куды вас пакліча зорка: да Магілы! А што рабіць нам у дарозе? Што рабіць? Змагацца! Змагацца! Але як?

Як? Трапіўся вам ілгун? Кінуць яму ў твар: мана! I далей наперад! Трапіўся злодзей - крыкнуць на яго: зладзюга! I наперад! Трапіўся балбатун, чые глупствы натоўп слухае адкрыўшы рот? Крыкнуць ім: ідыёты! 1 наперад! Заўсёды i толькі наперад!

Аднак хіба магчыма - пытаецца ў мяне адзін наш агульны знаёмы, што гарыць жаданьнем уступіць у крыжаносцы, - хіба магчыма падобным чынам зьнішчыць на зямлі ману, зладзейства, дурноту? А хто сказаў, што нельга? Самая ганебная з усіх ганебных подласьцяў, самая агідная i брыдкая з хітрыкаў палахлівасьці ў сьцьверджаньні, быццам, выкрыўшы злодзея, мы гэтым усё роўна нічога не даб'ёмся, бо іншыя будуць працягваць красьці i быццам мы нічога не дасягнем, кінуўшы ў твар махляру, што ён махляр, бо ад гэтага на сьвеце ня стане менш махлярства.

Так, безумоўна, выкрываць прыйдзецца ня раз i ня два, а тысячу разоў, таму што, калі ў цябе атрымалася аднойчы, першым жа сваім выкрыцьцём скоичыць раз i назаўсёды хоць бы з адным толькі падманшчыкам, на зямлі было б раз i назаўсёды скончана з усялякім падманам.

Значыць, у шлях! I гані ca сьвятога воінства кожнага, хто захоча разьлічыць дакладна даўжыню кроку, якім трэба ісьці на маршы, яго хуткасьць i рытм. Асабліва вось гэтых, хто толькі i ведае што бубнець днём i ноччу пра рытм, усіх гэтых гані прэч! Інакш яны ператвораць тваё воінства ў балетную трупу, а паход - у танец. Усіх ix - прэч! Хай выпраўляюцца як мага далей апяваць зманлівасць плоці.

Суб'екты, што могуць паспрабаваць ператварыць крыжаносцаў у балетных танцораў, называюць сябе, а таксама адзін аднаго паэтамі. Але яны не паэты. Яны нешта цалкам іншае. Да Магілы яны ідуць з-за аднае цікавасьці, дзеля ахвоты паглядзець, а што гэта такое, i, магчыма, таму, што шукаюць новых вострых адчуваньняў альбо спадзяюцца ў дарозе разьвеяць сваю нуду. Усіх ix прэч! Калі каму-небудзь па дарозе прыйдзе ахвота сарваць кветку, што ўсьміхнецца яму зь мяжы, хай сабе сарве, але між іншым, не затрымліваючыся, каб не адстаць ад іншага воінства,- аднак афіцэр-сьцяганосец, што крочыць пап^адзе, павінен глядзець не адводзячы вачэй на прамяністую i тряпяткую зорку. Калі ж хто-небудзь упрыгожыць латы ў сябе на грудзёх сарванаю кветкай не дзеля таго, каб ёй любавацца, а дзеля таго, каб пафарсіць перад іншымі,- прэч яго! Хай выпраўляецца ca сваёй кветкай на грудзёх куды-небудзь далей займацца танцамі.

Ведаеш, мой сябра, калі ты хочаш выканаць сваю місію i верна служыць айчыне, неабходна, каб ты ўзьненавідзеў чульлівых маладзёнаў, што ня ўмеюць глядзець на сьвет інакш, як вачыма дзяўчат, у якіх яны закаханыя. Альбо чыімі-небудзь яшчэ горшымі. Няхай твае словы рэжуць ім слых, працінаюць ix атрутнай горыччу.

Прыпынкі будуць дазволеныя воінству толькі па начох, на ўскрайку лесу альбо Ў сховах гор. Крыжаносцы паставяць палаткі, абмыюць свае ногі, павячэраюць тым, што прыгатуюць ім жонкі, зачнуць потым зь імі новае дзіця, пацалуюць ix i моцна заснуць, каб раніцай рушыць далей у паход. Калі ж хтосьці памрэ ў даро­зе, цела пакладуць на ўзбоччы, i дасьпехі будуць ягоныя саванам, пра астатняе паклапоціцца груганьнё. Пакінем нябожчыкам хаваць сваіх нябожчыкаў.

Калі на маршы хто-небудзь паспрабуе зайграць на флейце, дудзе альбо на якой іншай дудцы, альбо на віуэле ці якім іншым інструманце, адбяры i пабі інструмант, а таго, хто граў, прагані з шарэнгаў воінства, каб не перашкаджаў іншым чуць голас зоркі, што сама сьпявае. Тым больш, што яму самому голас яе ня быў чутны. Той, хто глухі да сьпевау, што ліюцца зь неба, ня мае права выпраўляцца на пошукі Магілы Рыцара.

Гэтыя танцоры пачнуць балбатаць табе пра паэзію. Не зьвяртай на ix увагі. Той, хто распачынае выводзіць руляды з дапамогай сваёй ці то сьвістулькі ці то спрынцоўкі - мітычная ж сірынга, іхная прамаці, была ўсяго толькі пустой усярэдзіне прыладай двайнога прызначэньня - i аддаецца гэтаму занятку пад небам, не ўслухоўваючыся ў музыку нябесных сфэраў, той сам не заслужыў, каб яго слухалі. Яму не вядомыя цёмныя прорвы паэзіі фанатызму: яму не вядомая вялікая паэзія сьвятыняў, пазбаўленых усялякага ўбранства, ня зьзяючых ні жырандолямі, ні пазалочанай разьбой, не ўпрыгожаных ні стодамі, ні карцінамі, бяз водару кветак i фіміяму сьвятыняў, без прыкметаў раскошы, без усяго таго, што называюць мастацтвам. Чатыры голыя сьцяны i дашчаны дах - як у кожнай стадоле.

Дык вось, усіх гэтых спрынцавальных танцораў выганяй з воінства бяз жалю. Выганяй перш, чым яны пачнуць уцякаць ад цябе дзеля чачавічнай поліўкі. Гэта ж філёзафы цынізму, напоўненыя памяркоўнасьцяй дабрадзеі, з пароды ўсёразумеючых i ўсёдаруючых. Але той, хто разумев ўсё, не разумев нічога, а хто ўсё даруе, той нічога не даруе. Яны гандлююць сабой, не пакутуючы сумленьнем. У сваёй раздвоенасьці яны - там i тут, i таму, захоўваючы сваю свабоду там, яны тут спакойна пачуваюцца ў няволі. Яны эстэты, але адначасова могуць захапляцца рознымі пэрасамі, радрыгесамі i лопэсамі.

Калісьці казалі: чалавечым жыцьцём кіруюць голад i каханьне. Нікчэмным чалавечым жыцьцём, скажу я, жыцьцём тых, хто поўзае ў праху. Танцоры, тыя сапраўды скачуць толькі ад голаду альбо каханьня; жывёльнага голаду i такога ж жывёльнага каханьня. Прагані ix з твайго воінства, i хай сабе дзе-небудзь на лузе скачуць да зьнямогі, іграючы на сваіх спрынцоўках-сьвістульках, рытмічна б'ючы ў ладкі i сьпяваючы гімны ў гонар чачавічнай поліўкі i сьцёгнаў сваіх аднадзённых сябровак.

Калі ж зьявіцца да цябе хтосьці i скажа, што ён умее будаваць масты i што, можа быць, мастацтва яго спатрэбіцца для пераправы праз рэчку,- гані яго прэч! Інжынэраў - прэч! А праз рэчку - уброд ці пераплыць, яе, нават калі б патапілася палова крыжаносцаў. Хай інжынэры выпраўляюцца будаваць масты туды, дзе ў тым ёсьць патрэба. Тым, хто ідзе на пошукі Магілы, патрэбен толькі адзін мост - вера.

Мой добры сябра, калі ты хочаш ісьці за сваім прызваньнем, так, як гэта трэба,- ня вер мастацтву, ня вер навуцы ці, ва ўсялякім разе, таму, што прынята называць навукай i мастацтвам, што ў сапраўднасьці ўяўляе сабой усяго толькі нікчэмную карыкатуру на праўдзівае мастацтва i навуку. Хай будзе табе дастаткова веры. Вера - вось што будзе тваім мастацтвам, вера будзе тваёй навукай.

(...) Гнюсная літаратуршчына - натуральная сaюзьнiцa ўсялякай няволі i ўсялякіх брыдотаў. Заваёўнікі добра ведаюць: да таго часу, пакуль нявольнікі захапляюцца прыгожымі гімнамі свабодзе, яны задавальняюцца сваім нявольніцкім станам i ня думаюць разарваць свае ланцугі.

(...) Хай жыцьцё тваё будзе бурным, неслабеючым віхрам жарсьці, аддайся гэтай адзінай жарсьці цалкам. Толькі па-сапраўднаму захопленым людзям пад сілу пакінуць пасьля сябе нешта праўдзіва даўгавечнае i плённае. Калі пра чалавека скажуць у тваёй прысутнасьці, што ён дасканалы - у якім бы ні было значэньні гэтага ідыёцкага слова,- ратуйся ад «дасканаласьці» ўцёкамі; асабліва, калі ён служка музаў. Падобна да таго, як менавіта дурань ніколі ў жыцьці ня скажа i ня зробіць глупства, якраз той служка мастацтва, хто менш за ўсё паэт, хто паводле сутнасьці сваёй якраз антыпаэт - а сярод людзей мастацтва натуры антыпаэтычныя пераважаюць,- якраз ён i будзе дасканалым мастаком, акурат яго ўвянчаюць лаўрамі спрынцавальныя танцоры, яго ўзнагародзяць яны прэміямі i дыплёмамі, яго абвесьцяць дасканалым.

Мой бедны сябра, цябе зьядае неадчэпная ліхаманка, ты прагнеш неабсяжных i нязьведаных акіянаў, ты прагнеш новых сусьветаў, ты шукаеш вечнасьці. Розум стаў для цябе крыніцаю пакутаў. I ты сам ня ведаеш, чаго хочаш. А зараз, зараз ты вырашыў ісьці да Магілы Рыцара Дзівацтваў, каб там сысьціся сьлязамі, зьнясіліць сябе ліхаманкай, высахнуць ад прагі неабсяжных акіянаў, ад таго, што прагнеш іншых сусьветаў, ад таго, што шукаеш вечнасьці.

Выпраўляйся ж у шлях! Адзін. Усе іншыя адзіночкі пойдуць побач з табой, хоць ты ня будзеш ix бачыць. Кожн.ы будзе думаць, што ідзе адзін, але усе разам вы створыце сьвяты аддзел, аддзел сьвятога i бясконцага крыжовага паходу.

Мой добры сябра, ты ж нават добра не ўяўляеш сабе, як гэтыя адзіночкі, цалкам адзін з другім незнаёмыя, ня ведаючы адзін аднаго ў твар, ня ведаючы адзін аднаго па імёнах, усе ж ідуць разам, дапамагаючы адзін аднаму. Іншыя ж пляткараць, падаюць руку, віншуюць, гавораць кампліменты, абражаюць адзін аднаго, i кожны ідзе сваім шляхам. I ўсе бягуць прэч ад Магілы.

Ты не належыш да марнаслоўнай чэрні, ты з аддзелу вольных крыжаносцаў. Навошта ж ты спрабуеш зірнуць на зборышча гэтых пустазвонаў i слухаеш, пра што яны трашчаць. Не, мой сябра, не! Праходзячы каля зборышча чэрні, затыкай сабе вушы, кінь у ix вострае слова i ідзі далей - да Магілы. I хай у гэтым слове палае ўсё, чаго прагне i шукае душа твая, усё, што напаўняе яе любоўю.

КалІ ты хочаш жыць справамі чэрні - жыві дзеля яе. Але тады, бедны мой сябра, ты чалавек, які загінуў.

Я ўспамінаю смутны ліст, які ты напісаў мне ў хвіліну, калі ўжо быў падрыхтаваны ўпасьці, скласьці зброю, адмовіцца, далучыцца да іхнае супольнасьці. У той час я зразумеў, як абцяжарвае цябе твая самота, тая самая самота, што павінна быць для цябе суцяшэньнем, прытулкам, крыніцай сілы.

Ты дайшоў тады да самага страшнага, да самай мяжы адчаю, дайшоў да краю бездані, якая магла цябе паглынуць, дайшоў да сумненьняў у сваёй адзіноце, дайшоў да таго, што ўявіў, быццам вакол цябе людзі. «Магчыма,- пытауся ты Ў мяне,- мае перакананьне, што я самотны, выдумка, плён маёй ганарлівасьці, пыхі, i, як ведаць, маіх пустых трызьненняў? Чаму ў добрым настроі я заўважаю, што вакол мяне людзі, што яны сардэчна паціскаюць руку, я чую галасы, якія падбадзёрваюць, прыветныя словы, інакш кажучы, няма недахопу ў сьведчаньні таго, што я ніколькі не самотны?» I далей падобным чынам. Я зразумеў, што ты падманваешся, што ты гінеш, я бачыў, што ты ўцякаеш ад Магілы.

Не, не падманвайся, як бы ні мучылі цябе прыступы тваёй ліхаманкі, якой бы сьмяротнай журбой ні пякла цябе прага,якой бы лютай ні рабілася твая згаладаласьць, - ты самотны, цалкам самотны. Укусы - гэта ня толькі тое, што здаецца табе ўкусам, але i тое, што здаецца пацалункам. Тыя, што б'юць у ладкі табе, на справе цябе асьвістваюць; тыя, што крычаць: «Наперад!», на справе спрабуюць спыніць цябе на шляху да Магілы. Заткні сабе вушы. I самае галоўнае, сьцеражыся небясьпечнай спакусы, бо колькі б ты ад яе не адмяжоўваўся, яна, як надакучлівая муха, будзе вяртацца да цябе зноў i зноў: cьцеpaжыcя спакусы турбавацца пра тое, што ўяўляеш ты сабой у вачох людзей. Думай толькі пра тое, што ты ўяўляеш сабой перад тварам Бога, думай пра тое, які ты перад вокам Госпада.

Ты самотны, куды больш самотны, чым сам уяўляеш, але пры ўсім гэтым ты знаходзішся толькі на шляху да поўнай, абсалютнай, сапраўднай самоты. Абсалютная, поўная, сапраўдная самота наступае, калі траціш свайго апошняга таварыша - самога сябе. I па-сапраўднаму абсалютна i цалкам самотным ты зробішся не раней, чым скінеш зь сябе усё тое, што ёсьць ты сам, - ля дзьвярэй Магілы. Сьвятая самота!

♦ ♦ •

Так пісаў я свайму сябру, i ён адказаў мне доўгім лістом, напоўненым нястрыманай горыччу.

Усё, пра што ты мне гаворыш, вельмі добра, усё гэта вельмі добра, так, усё гэта нядрэнна; але ці не здаецца табе, што замест таго, каб выпраўляцца на пошукі Магілы Дон Кіхота i вызваляць яе ад бакалаўраў, сьвятароў, цырульнікаў, канонікаў i герцагаў, варта было б накіравацца на пошукі Магілы Гасподняй i вызваліць яе ад завалодаўшых ёю веруючых I няверуючых, атэістаў i дэістаў, i там, сярод гвалтаў бязьмежнага адчаю i кроячых сэрца сьлёзаў, чакаць, калі ж уваскросьне Госпад i ўратуе нас, не даючы нам ператварыцца ў нішто.

Пераклала Галіна ТЫЧКА

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX