Засцянковая (загродавая) шляхта
Перш, чым Сянкевіч пачаў пісаць "Патоп", ён доўгі час пражыў у Літве і добра пазнаёміўся з ляўданскай [1] шляхтай, той самай шарачковай шляхтай, у якой "дзесяць халуп адзін сабака сцеражэ і ўсё роўна не мае працы".
Сянкевіч зразумеў псіхалогію гэтых Бутрымаў - найбуйнейшых сялян ва ўсёй Ляўдзе і Дамашэвічаў - слынных паляўнічых, і сімпатычных Пацунэлек са Стак'янамі, якіх Баторы пасяліў тут за мужнасць, якую яны выказалі пад Псковам.
Мінула шмат гадоў, і многае змянілася ў Ляўдзе, надышлі часы дэнацыяналізацыі, шляхецкая традыцыя змагалася з уплывам летувіскай школы, але і зараз яшчэ ў Летуве жывуць нашчадкі засцянковай шляхты - элемент дзіўны і непакорлівы. І не толькі ў Летуве, я сустракаў гэты "шарачковы" элемент у Латвіі і на ўсходзе Польшчы. Нягледзячы на розныя палітычныя, гаспадарчыя і грамадскія ўмовы, гэтыя "засцянковыя паны" паўсюдна аднолькавыя не толькі таму, што яны "шляхецкага роду", але і таму, што адрозніваюцца ад сялян сваім менталітэтам.
У Летуве
Паміж Вількамірам, Янавым і Панявежам спакон вякоў былі раскіданы шляхецкія засценкі, якія зваліся "ваколіцамі" [2]. Памятаю яшчэ прозвішчы: Барэйшы з Барэйшаў, Богушы з Багушоў, Астрэйкі з Садкуноў, Ішоры з Тарокаў. Гэты былі паселішчы з шахаўніцай на полі, з хатамі крытымі саломай, аднак у якіх можа было ўбачыць фартэпіяна як беспамылковую адзнаку "вышэйшай інтэлігенцыі". Жылі ў гэтых хацінах людзі простыя але, крый Божа ад фамільярнасці ў стасунках з імі, гэтыя людзі з дзядоў-прадзедаў аралі родную зямлю і былі патрыётамі. Памятаю, як яны паміж сабой патаемна шапталіся: "Кажуць сярод шляхты, што на св. Міхала нашы прыйдуць". Прыходзіў св. Міхал, Новы год заглядваў у дамы шляхты, а яны ўсё чакалі. І летувіскі ўрад меў сапраўдную праблему з гэтымі непакорнымі людзьмі. Памятаю, напрыклад, як у парафію прыслалі святара, які ўвёў набажэнствы, казанні і споведзі па-летувіску. Калі "паны-браты" віталі яго "Laudatur Jezus Christus" - адказваў ім па-летувіску. Тады непісьменны старэйшына роду Барэйкаў, прадыктаваў свайму "адукаванаму" ўнуку верш, які пачынаўся са словаў:
"Krol Jagiello z grobu wstaie
by zobaczyc swoje kraje,
swoje kraje ukochane
I Zmujdz swietа i korone".
Убачыўшы такое, кароль Ягайла моцна здзівіўся:
"Zle pod sutanna ksieza skryte
i nie moze byc odkryte".
Хутка паэт Барэйша захварэў на пнеўманію і адчуў, што давядзецца яму назаўсёды развітацца з ваколіцай. Ён паклікаў сыноў і пад страхам праклёну, забараніў, каб яго хаваў летувіскі ксёндз. Яму зладзілі шыкоўныя хаўтуры, пахавалі на старых могілках за "ваколіцай", сярод тужліва-шумлівых бяроз і напаўзбутвелых белых могілкавых крыжоў.
А, напрыклад, такі Астрэйка з Садкуноў. Стала яму агідным жыццё з брыдкімі непрыемнымі асобамі - раздражнялі яго чужыя, новыя, незразумелыя яму людзі. І вырашыў Астрэйка стаць пустэльнікам. На пустках пасадзіў ён лабірынт з бяроз і елак, а ў лесе пабудаваў сабе смешную васьмікутную хатку і жыў там, больш падобны на малпу, чым на чалавека.
Маладое пакаленне, "малады лес" літоўскай шляхты. Сярод іх ужо няма такіх тыпаў у вельмі характэрных кантушах, людзей, злучаных з традыцыяй і "кляйнотамі".
Памятаю постаць старога Мімоньскага. Каб зарабіць грошы, ён крыў дахі, але пад брудным, зкалтунаваным кажухом, прама на сэрцы, заўсёды хаваў пачак пажоўклых папер, сямейных дакументаў. Падчас перапісу шляхты, яго запісалі ў 1-ю шляхецкую кнігу. І ў беднага Мімоньскага нешта здарылася з галавой - вырашыў, што ў яго жылах цячэ блакітная кроў, бо ў 1-ю кнігу запісалі! А калі нямецкія акупацыйны ўлады пачалі выдаваць пашпарты (у Першую сусветную вайну - Л.Л.), Мімоньскі заявіў сябе графам. Немец праз манокль паглядзеў на графа ў вынашаным кажуху і зашмальцованых юфцевых ботах і сказаў: "Ну, граф будзе задужа, дастаткова і барона". І пасля гэтага Мімоньскі да канца жыцця падпісваўся баронскім тытулам.
Ляўданская шляхта сёння прыціхла, збяднела, страціла фантазію, але мае яна моцны дух, а ў крыві жыве гарачая стыхія.
Засцянковая шляхта ў Латвіі
Падчас майго знаходжання ў Латвіі, у Інфлянтах, я выпадкова сустрэў засцянковую шляхту. Гэта больш заможны элемент, чым "апошнія магікане" - землеўладальнікі, якіх зямельная рэформа давяла да галечы. Латышская шляхта адрозніваецца ад Ляўданскай. Традыцыя ў іх спіць, захавала яна толькі сапсаваную мову і гэтую спецыфічную паблажлівасць да сялян, па якой усюды пазнаеш засцянковага шляхціца. І засталіся старадаўнія прозвішчы, ад якіх тхне традыцыя: Салагубы, Сальцэвічы, Зданоўскія.
Засцянковая шляхта ў нас
[…]
Каля Гародні ёсць вёскі, дзе быццам бы жывуць сяляне, але вядома, што гэта шляхта, бо ніколі яны не былі прыгоннымі. Прама каля Нёмана, на крутым беразе ракі, пасяліліся Багатыровічы - пра іх пісала Ажэшка ў сваім творы пра Яна і Цацылію (раман Элізы Ажэшкі "Над Нёманам" - Л. Л.). Некаторыя з іх зусім не ведаюць пра сваё паходжанне ці ведаюць вельмі мала - толькі тое, што яны - не сяляне.
У Пастаўскім ці Браслаўскім паветах можна сустрэць шляхецкія засценкі. Шляхта песціць свой патрыятызм і мару падняцца на маёмасны ўзровень землеўладальнікаў. З-за адчуванне сваёй вышэйшасці, сяляне яе ненавідзяць і выказваюць гэта ў прымаўках: "Поп свенціць - сабака ліняе - шляхціц галадае". […]
A.P.K. Szlachta zagrodowa // Słowo. 1937. № 336.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
[1] Ляўда (Liauda) - рэгіён на поўнач ад Каўнаса, назва паходзіць ад ракі Ляўды, правага прытоку Нявешы. Гістарычна, ажно да Другой сусветнай вайны гэта быў славянскі рэгіён і менавіта тут жыла славутая "ляўданская шляхта", апісаная Сянкевічам, колькасць шляхты тут сягала 55% ад усяго насельніцтва. - Л. Л.
[2] Традыцыйна ў "засценках" жыла шляхта аднаго прозвішча, часцей за ўсё сваякі, а ў "ваколіцы" - розных прозвішчаў. - Л. Л.