Папярэдняя старонка: Этнаграфія

Каляды. Беларускія народныя звычаі 


Аўтар: Вітан-Дубейкаўскі Лявон,
Дадана: 23-12-2023,
Крыніца: Вітан-Дубейкаўскі Лявон. Каляды. Беларускія народныя звычаі // Наша слова.pdf № 51 (103), 20 снежня 2023.

Спампаваць




Абрады з іх песнямі (гл: Вітан-Дубейкаўскі Лявон. Дзяды. Беларускія народныя звычаі // Наша слова.pdf. № 44 (96), 1 лістапада 2023.) захаваліся ўрыўкамі з паганскіх часоў амаль ва ўсіх станах беларускага народа. Найбольшую іх колькасць захавала аддаленая ад культурных цэнтраў вёска. Выклікае захапленне, з якім піетэтам яна ставіцца да справы захавання самых старых звычаяў, нягледзячы на намаганні духоўных уладаў перашкодзіць гэтаму.

Паходжанне гэтых абрадаў сягае далёкіх часоў, калі прыродныя з'явы лічыліся нечым жывым, з чым можна было ўступіць у непасрэдны кантакт і, выкарыстоўваючы адпаведныя заклінанні, выклікаць пажаданыя для сябе з'явы. Гэтыя рытуалы суправаджаліся песнямі, якія сёння даюць магчымасць больш дакладна зразумець культ паганскіх продкаў. Пад уплывам хрысціянства ў большасці абрады згубілі сэнс свайго існавання і часта ператварыліся ў незразумелыя для ўдзельнікаў гульні.


Галоўным бажаством чалавека было сонца. Паганскія рытуалы прысвячаліся сонцу і групаваліся вакол яго зімовага і летняга становішча адносна зямлі. Прыярытэт аддаваўся зіме - часу, калі сонца паварочвае на лета. Верагодна да гэтых зменаў адносіцца зімовае свята "Каляды" і летняе "Купалле". Вясновыя і восеньскія раўнанні дня і ночы таксама знаходзяць свае праявы ў святах і народных песнях. Хрысціянства, якое ўсе больш пранікала ў народ, пераняла звычаі і песні. Таму ў іх так шмат хрысціянскіх элементаў: успамінаў пра Бога, Ісуса Хрыста, Божую Маці. Суадносіны паганскіх і хрысціянскіх святаў: Каляды - Божае нараджэнне, вясеннія святы - Вялікдзень і Зялёныя святы, Купале - св. Яна Хрысціцеля і г. д. Акрамя таго, святкаванне Новага года тройчы змянялася (сакавік, верасень, студзень), і такім чынам песні з пажаданнямі шчасця пераходзілі з адной пары года на другую.

Святкаванне калядаў у Беларусі звычайна пачынаецца з вігіліі Божага Нараджэння і заканчваюцца вігіляй Трох каралёў. Увесь гэты час мае назвы "Каляды". Пра тое, як выглядала гэтае свята ў даўнія часы, сведчаць старыя легенды і дакументы […].

Беларусы не спявалі "калядак" на вігілію Божага Нараджэння, хаця гэта калядны дзень і ён прысвечаны абраду "куцці". Пад куццёй разумеюць вялікую посную вячэру, у склад якой непасрэдна ўваходзіць і ўласна сама "куцця" (ячменная каша з мёдам). Стол накрываюць сурвэткай, пад якую кладуць сена. У некаторых мясцінах у куце ставяць сноп жыта або пшаніцы. Падчас ежы селянін грукае па сцяне і запрашае мароз на куццю ў пакой і просіць, каб ён не марозіў ячмень, пшаніцу, гарох і г. д. Тое самае робіць і гаспадыня, яна прасіць мароз не марозіць агароды. У некаторых мясцінах заклікі да марозу падобныя на закляцці. Падчас вячэры, выцягваюць сцябліны сена або каласы са снапа, варожаць, каб было ўраджайнае лета. Варожаць таксама і па рэштках куцці.

Аналагічная "куцця" з такімі ж абрадамі адбываецца на вігілію Трох каралёў. Саломай з вымалачанага для куцці на вігілію Новага года снапа, абвязваюць пладаноснае дрэва ці вуллі. Напярэдадні Новага года бывае так званая "шчодрая куцця". З ёй звязаны звычаі і абрады, якія калісьці адбываліся. Гаспадыня гатуе для яе як мага больш няпосных страў, у некаторых мясцовасцях абавязкова была патрэбна свіная галава.

У калядны перыяд беларуская моладзь любіла пераапранацца ў звяроў: казу, мядзведзя, жураўля. Такія пераапрананні Лукаш Жыдзята называе маскарадам. Інакенцій Гізель, расказваючы пра тагачасныя звычаі, гаворыць, што ў перыяд Каляд, апрача хрысціянскага свята, святкуюць таксама "нячысціка" Каляду, якому прысвячаюць "богамерзкія" гульні і танцы і на вячорках пераапранаюцца ў розная брыдоты.

Так выглядаюць Каляды ў Беларусі. Каляды не з'яўляюцца ўласна славянскімі бо сустракаюцца і ў іншых народаў. Параўнанне са славянскімі, румынскімі і грэчаскімі Калядамі, паказвае вялікае падабенства паміж імі не толькі ў часе, абставінах і абрадах, але вельмі часта і ў змесце песень. Гэтае падабенства існуе не толькі сёння, але яно мелася і ў мінулым, пра што ў старажытныя часы сведчаць дзеянні царквы супраць калядавання там, дзе існавала грэка-рымская паганская абраднасць.

Самое слова "каляда" не з'яўляецца славянскім. Гэта мадыфікацыя лацінскага слова "calendae", грэцкага "kalandai", запазычанага славянамі і іх суседзямі ў розныя часы. У балгар сустракаецца ў форме "коляда", у сербаў "коледа", славенцаў "coleda" і г. д. і агульным мае не толькі назву, але і рытуалы, якія хаваюць сляды паганскіх святаў.

Царкоўная кніга, так званая "кормчая", датаваная 1282 г. (на Русь прыбыла з Грэцыі), змяшчае канон Трульскага сабору (692 г.), які забараняе калядныя абрады, пераапрананне і нашэнне касматых і казліных масак з-за таго, што яны паходзяць з Дзіянісійскіх святаў.

Календамі ў грэцка-рымскай старажытнасці былі першыя дні месяца. Найбольшае значэнне мелі студзеньскія календы, якія фактычна з'яўляліся канцом цыклу свят, якія пачыналіся Урумаліямі (24 лістапада - 17 снежня), за якімі наступалі Сатурналіі і Апаліі (17-23 снежня), падчас якіх у ахвяру прыносілі парася. […]

Беларусы напярэдадні Каляд ужывалі цікавыя стравы.

Свіння. Магчыма звязана з Сатурналіямі. На нараджэнне Божай Маці свініну ядуць балгары, сербы, румыны, а таксама на Сіцыліі і ў Англіі. Пэўную ролю мела свіння ў міфалогіі старажытных германцаў. У беларускіх народных казках "свінка - залатая шчацінка", прадстаўляе сонца. І хоць калісьці хрысціянства надавала свінні д'ябальскі характар, беларускі народ глядзіць на яе па-іншаму, бо нават уяўляе сабе св. Базыля верхам на парасяці, адсюль св. Базыль лічыцца абаронцам свіней.

У славян вельмі распаўсюджана ўжыванне кашы на куццю. Кашай некалі кармілі багоў земляробства і жывёлагадоўлі, кашу ў святочны перыяд ужывалі і старажытныя германцы.

Да перажыткаў паганскіх ахвярапрынашэнняў, здаецца, адносяцца і хлебныя рытуалы. Каляды ўключаюць некалькі рытуалаў з хлебам. Напрыклад дзеці падчас калядавання абсыпаюць гаспадара зернем і прыгаворваюць:

Ходзіць Ілля

На Базыля,

Нясе пугу

Жыцяную.

Дзе замахне,

Жыта расце,

Дзе не махае,

Там не бывае!

А ў полі ядром!

А ў дому дваром!

Радзі Божа, жыта-пшаніцу

Усякую пашаніцу!

Што да святочных варожбаў, дык акрамя вышэйпрыведзенай, існуе яшчэ і шмат іншых, якія датычаць ураджаю, пачатку жніва, росту жывёлы і інш. Пажаданні ў варажбе грунтуюцца на веры ў сілу слова. На гэтым жа стаяць віншаванні і пажаданні ў песнях.

Паводле матываў, беларускія калядкі і так званыя шчадроўкі дзеляцца на рэлігійна-хрысціянскія і эпічныя. Розніца паміж шчадроўкамі і калядкамі даволі цяжка сабе ўсвядоміць, і ў розных месцах тлумачаць іх па рознаму. Напрыклад, называюць шчадроўкамі калядкі, якія спяваюць на Новы год, ці "калядуюць" пераважна дарослыя, а "шчадруюць" дзеці і жанчыны.

Вось адна з калядак:

Стаіць святліца нова зрублена.

У той святліцы чатыры акенцы:

У першым акенцы - да яснае сонца,

У другім акенцы - да ясны месяц,

У трэцім акенцы - да дробныя зоркі,

У чацвёртым акенцы - да цёмная хмарка.

Яснае сонца - то жонка яго,

Ясны месяц - то сам гаспадар.

Што дробныя зоркі - то дзеткі яго,

Што цёмная хмарка - то жыта яго …

Шчодры вечар, добры вечар!


Ці іншая:

Хадзілі да гулялі калядоўшчыкі,

Запыталіся яны да багатага двара:

Багаты двор, жалезны тын,

Жалезны тын, медзяны варотцы,

Зашчэпачка тачоная, пазалачоная.

Як стук-постук па-вакошачку Іване?

Калі ж ты спіш, так спі здароў,

А ня спіш жа - паглядзі ў вакно.

Што на тваім двары дзеецца?

Далей ідзе апісанне дабрабыту гаспадара, які не павінен скупіцца з падарункам каляднікам. Апісанне двара ў беларускіх калядках нагадвае "быліны", напрыклад пра князя Сцяпанавіча, крыніцай якой ёсць "ліст каплана Яна" (XII ст.) пра цуды індыйскага каралеўства. Уяўленне гаспадара як месяца, жонкі - сонца і г. д. сягае ў часы міфічнага светапогляду, што дае падставу лічыць, што калядкі дайшлі да нас са старажытнасці.

Наколькі беларуская народная паэзія мае добра апрацаваныя калядкі пра сялянскі быт, настолькі мала маецца калядак з хрысціянскім зместам. Ім не хапае закончанасці, яны павярхоўна трактуюць тэму, пераскокваюць на іншае, яны апакрыфічныя і г. д., што кажа пра дрэннае веданне рэлігіі.

Напрыклад:

Прачыстая дзева сына радзіла,

Сына радзіла ў кітай [1] спавіла.

Сталі папы гадаці якое імя даці?

Дай далі імя дай святы Ілля.

Дзева Марыя дай не ўзлюбіла,

Дай не ўлюбіла, дай не ўхваліла.

Сталі папы гадаці, якое імя даці?

Дай далі імя святы Пятро.


Маці Божай не падабалася і гэта імя. Тады папы наразе:

Дай далі імя дай Ісус Хрыстос.

Дзева Марыя дай узлюбіла,

Дай узлюбіла, дай ухваліла,

Пайшла ў цэркаўку дай пакланілась,

Дай пакланілась, дай азірнулась.

Азірнулась - аж сына няма.

Прачыстая Дзева дай заплакала,

Дай пайшла яна дай дарогаю,

Дай дарогаю. Дай шырокаю,

Дай сустракае Паўла з Пятром.


Пытаецца ў іх, ці не бачылі яны Хрыста? Ці не хаваюць яго ад яе?

Дай не сумуйся, дай прызнайемся,

На сінім моры, дай на раздоллі,

Хрыстос купаўся, на муку падаўся.

Ё там, стаяла жыдская школа,

Дай ўзялі Хрыста, дай замучалі,

Дай замучалі, дай разапялі.

Ды шыпшынкаю дай падпяразалі,

Ды ажынкаю ручкі звязалі.


У эпасе часта згадваюцца напады татар, выкраданне нарачонай ці яе адбіцце, або размовы з канём, заваяванне гарадоў і інш.

Падчас калядных забаў спявалі "Жаніцьбу Цярэшкі", "Яшчар", "Луч", "Апанас", "Чорт". Усе забавы былі вельмі распаўсюджаныя.

Падчас забаў "вадзілі казу", у якую, звычайна, пераапранаўся хлопчык, таксама пераапраналіся ў "дзеда", "цыгана", "музыку", "песняра". Хаджэнне з казой суправаджалася песнямі. Гэтыя забавы, як бачна з песень, маюць шмат агульнага са старажытнымі "скамарохамі" і праз гэта з Рымам і са старажытным тэатрам.

У большых гарадах бачым батлейку. На жаль, не захаваліся тэксты XVII-XVIII ст. Вядомыя, пазнейшыя зрусіфікаваныя тэксты. У батлейцы, акрамя тэкстаў і евангельскіх сюжэтаў, у асобных сцэнах прысутнічаюць: паніч з паненкай, казак, яўрэй, Аляксандр Македонскі, беларускі селянін і г. д.

Батлейка на вёсцы не прыжылася.


Ostoja [верагодна, Лявон Вітан-Дубейкаўскі]. "Kalady". Fragment z bialoruskich ludowych zwyczajow // Kurjer Wilenski. 1934. № 351.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Маецца на ўвазе так званая "кітайка" - танная баваўняная тканіна, якая ў асноўным выраблялася ў Кітаі. Гэта можа ўказваць на тое, што прыведзеная рэдакцыя калядкі з'явілася ў XVIII ст. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX