Папярэдняя старонка: Этнаграфія

Вялікдзень. Беларускія народныя звычаі 


Аўтар: Вітан-Дубейкаўскі Лявон; Шукевіч Вандалін,
Дадана: 27-03-2024,
Крыніца: Вялікдзень // Наша слова.pdf № 13 (117), 27 сакавіка 2024.

Спампаваць




Калі меркаваць па песнях і некаторых абрадах, Вялікдзень бярэ свой пачатак з цыклу вясновых паганскіх святаў. Любоў да вясны і яе дароў была вельмі вялікай ў беларусаў. Пра гэта сведчыць пропаведзі апекуна Беларусі св. Кірылы Тураўскага (XII ст.), у якіх ён у паэтычнай форме сказаў пра гэты культ.

Вясеннія абрады пачынаюцца з Дабравешчання і да сёння ў некаторых мясцовасцях дзяўчаты з пагоркаў ці з саламяных стрэх гукаюць вясну. Гуканне працягваецца да часу выхаду на палявыя вясновыя работы.

Змест вясновых песень - развітанне з зімой, гуканне вясны і пажаданне добрага лета.

Блаславі, Божа, зіму замыкаці

Зіму замыкаці, вясну загукаці …

У іншых песнях расказваецца пра ажыўленне прыроды, жаданне добрых ураджаяў і дабрабыту наогул, і ў тым ліку, каб вясна прынесла "красным дзеўкам па вяночку". У некаторых мясцовасцях дзяўчаты распальваюць вогнішча льнянымі ці канаплянымі запальнікамі і (9 сакавіка) ставяць арэлі, на якіх павінны ўсе гойдацца, таксама існуе звычай мыцця перад світанкам у лазні.

Гэта вельмі старажытныя звычаі, у якіх ачышчэнне можа мець месца праз агонь, паветра і ваду. Вясна ў песні падаецца як жывая істота (багіня), і характэрнымі з'яўляюцца песні, у якіх згадваецца і дачка вясны:

Вясна, вясна, вясняначка,

Ідзе твая дачка Мар'яначка?

- Сядзіць у садочку,

Ш'е сыну сарочку!

Нядзеля перад Вялікаднем мае назву Вербніца (ці Белая). Паводле народных уяўленняў, пасвенчаная вярба ратуе ад злых духаў і хвароб як людзей, гэтак і быдла. Таму, б'ючы вярбой, прыгаворваюць:

Не я б'ю, вярба б'е …

Хвароба - у лес, на верас,

А здароўе - у косці …

Будзь здароў, як вада,

А расці, як вярба.

Каб ачысціць ад злога духа, вярбой б'юць і быдла, і так рабілі яшчэ ў дахрысціянскія часы.

Падрыхтоўка да Вялікадня пачынаецца ў сераду з прыборкі хаты. На свята рыхтуюць стол, на якім павінен быць белы хлеб з чатырохканцовым крыжам з цеста, хатні сыр, кавалак сала, фарбаваныя яйкі і мяса (у залежнасці ад дастатку ў хаце). Яйкі фарбуюць адварваючы іх у шалупінні цыбулі (чырвонай). Усё, што ёсць на стале, свенціцца.

Даўней, калі з храма разносіліся гукі першай велікоднай песні, пачыналася стральба, цяпер яе замянілі феерверкі, якія выражаюць радасць Уваскрэсення. А ў паганскія часы шумам адганялі нячыстых духаў.

Пасля вяртання з храма адно з чырвоных пасвенчаных яек апускалі ў ваду, якой усе мыліся, а потым яйкам націралі твар, каб не хварэць увесь год. Пасля гэтага садзіліся за стол, і старэйшы ў сям'і дзяліўся з кожным з прысутных кавалкам асвечанага яйка. Потым елі іншую прыгатаваную да свята ежу і клаліся спаць.

На працягу ўсяго велікоднага тыдня на Беларусі спявалі велікодныя песні. Характэрна, што гэтых песень няма нават у ўкраінцаў, а сярод іншых славян падобныя песні маюць толькі сербы. Гэтыя песні па змесце блізкія да ўкраінскіх калядак ці шчадровак, але пераўзыходзяць апошнія па паўнаце адлюстравання ўрадлівасці і росту раслін і па падзеле ролі розных святых у гэтых працэсах.

Акрамя ўласна велікодных песень існуюць і песні пра шлюб. Спевакі - звычайна, гэта з дзясятак хлопцаў на чале якіх стаіць "пачынальнік". Ён спявае саму песню, а ўсе астатнія хлопцы спяваюць толькі прыпевы. Таксама ў гэтым можа прымаць удзел скрыпач і "механоша", які носіць мяшок ў атрыманымі падарункамі. Змест песень складаецца з пажаданняў і хвалы гаспадара, гаспадыні і іх дзяцей, пра іх прыгажосць і дабрыню. Як і калядаванне, гэта вельмі старажытны абрад.

Да асаблівасцяў беларусаў належаць і карагоды. Цяжка сёння сказаць, што азначае гэтае слова, якое мы сустракаем ў старым беларускім пісьменстве яшчэ ў XVI ст. - у бібліі Скарыны і выдадзеным у Нясвіжы кальвінскім катэхізісе. Карагоды спяваюць пераважна дзяўчаты.

Велікодная серада мае назву "градавая" і святкуецца, каб засцерагчыся ад граду. Чацвер велікоднага тыдня мае назву "Вялікдзень мёртвых". У гэты дзень людзі наведваюць магілы сваіх родных, прыносяць да іх яйкі і іншую ежу якую спажываць на месцы, хаця сапраўдным днём памерлых лічацца Дзяды на Радуніцу (панядзелак пасля правадной нядзелі).

Велікоднымі забавамі моладзі можна лічыць качанне яек і іх біццё - выігрывае той, чыё яйка мацнейшае.

Ostoja [верагодна, Лявон Вітан Дубейкаўскі]. "Wialikdzien". Bialoruskie zwyczaje wielkanocne // Kurjer Wilenski. 1935. № 109.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Спосабы фарбавання яек у Лідскім павеце

Вандалін Шукевіч

Як дадатак да артыкула сп. Антаневіча "Пісанкі ў Польшчы", надрукаванага ў №12 "Ziemi", падаю спосабы фарбавання велікодных яек, якімі некалі карысталіся людзі ў Лідскім павеце, гэтых спосабаў я не знайшоў у артыкуле сп. А.

1) Каб пафарбаваць яйкі ў зялёны колер, іх варылі ў свежасабранай руні жыта.

2) Блакітны колер атрымліваўся, калі яйкі варылі ў кветках васілька (сentaurea cyanus). Для гэтага збіралі і сушылі самі пялёсткі кветак.

3) Чырвоны колер надаюць апілкі дрэва фернамбук, ці ажынавай цезальпініі (caesalpinia echinata). Ва ўсе фарбы дадаюць трохі галыну.

Са згаданых сп. А., нашы людзі выкарыстоўваюць цыбульнае шалупінне. У наш час усё часцей выкарыстоўваюцца анілінавыя фарбавальнікі, яны забяспечваюць лепшыя колеры, і таму ад традыцыйных паступова адмаўляюцца.

Пісанкі ў нашых краях цалкам страчаны. Некалькі дзесяцігоддзяў таму яшчэ быў вядомы спосаб абводкі малюнка воскам, у выніку якога ён заставаўся белым на каляровым фоне. Таксама на ўжо пафарбаваным яйку, вострым інструментам выдрапвалі розныя ўзоры.


Са святкаваннем Вялікадня ў нашым народзе сцісла злучаны звычай "качаць" яйкі. Час, адведзены на гэтую забаву, абмежаваны з першага дня Вялікадня да праводнай нядзелі, уключна. Звычайна вясковая моладзь, а часам і больш старэйшыя людзі, збіраюцца ў купкі, ставяць на чыста вымеценым роўным месцы з невялікім нахілам драўлянае карыта, адкрытае з абодвух канцоў і строга па-чарзе коцяць па карыце вараныя і фарбаваныя яйкі. Той, чыё яйка патрапіць у другое, выйграе і забярэ тое яйка, у якое патрапіў. Таксама часам гуляюць т. зв. "банк". Гульня заснаваная на тым, што на пэўнай адлегласці перад вусцем карыта ў адну лінію кожны ўдзельнік ставіць сваё яйка на адлегласці прыкладна 1/2 локця адно ад аднаго, а потым, па-чарзе коцяць другія яйкі па карыце. Той, хто сваім яйкам трапляе ў любое з яек у шэрагу, забірае ўсе выстаўленыя яйкі. Калі не патрапіць, дык аддае кожнаму ўдзельніку па яйку. Яйкі, якія добра падыходзяць для такога качання, тыя што маюць форму бліжэйшую да сферычнай, лепшыя яйкі называюцца "катуны".

Гуляюць таксама і ў біццё яйкамі. Папярэдне яйкі правяраюць праз лёгкія ўдары па сваіх зубах. Чыё яйка такім чынам прайшло праверку, тое разаб'е больш яек і пераможа.

Вось, што я хацеў паведаміць пра велікодныя яйкі.


Сярод іншых гульняў, якія мясцовыя жыхары практыкавалі толькі на Вялікдзень, адзначу "Скачкі па дошцы".

Звычайна ў гэтай гульні ўдзельнічаюць дзяўчаты, радзей хлопцы. Гульня заключаецца ў тым, што на драўляны брусок кладуць доўгую дошку, затым дзве дзяўчыны становяцца на яе два канцы і па-чарзе скачуць, г. зн. калі адна падае на канец дошкі, другая падкідваецца ўверх і адначасова сама падскоквае, павялічваючы тым самым вышыню свайго падскоку.

Гэтая гульня, адбываецца штогод толькі на Вялікдзень, гэта наводзіць на думку аб тым, што яна павінна была раней мець іншы, магчыма, нават сімвалічны, сэнс, звязаны з ідэяй абуджэння прыроды ад зімовай летаргіі. Шмат такіх перажыткаў яшчэ жыве ў нашым народзе, але трэба паспяшацца з іх зборам, бо яны хутка назаўсёды страцяцца. Напрыклад, распаўсюджаная некалькі дзесяцігоддзяў таму гульня "Скачкі па дошцы" перастала прывабліваць дзяўчат - яны лічаць за лепшае танчыць з хлопцамі пад бадзёрую музыку, чым скакаць з рызыкай упасці ці атрымаць удар дошкай па нагах. Мэта такіх скачкоў сцерлася з памяці, некаторы час гэтая звычка заставалася механічнай і выконвалася толькі як рытуал, і нарэшце, саступіла месца новым забавам.


Ад перакладчыка: Яшчэ нават мой сын "качаў" яйкі на Вялікдзень недзе ў першай палове 1990-х гг.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Szukiewicz Wandalin. Sposoby farbowania pisanek w pow. Lidzkim // Ziemia. Tygodnik Krajoznawczy Ilustrowany. 1913. № 19. S. 314-315.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX