Гэты артыкул можа быць карысным для краязнаўцаў і даследчыкаў фалькларыстыкі.
Мяне запрасілі на хрышчэнне да каваля з фальваркавай службы маёнтка п. Юзафовіч з Парэчча Докшыцкай гміны.
Натуральна, я паехаў. Мяне сустрэлі шчыра і пасапраўднаму прыязна, тым больш, што са мной прыйшла і сама гаспадыня маёнтка. Гаспадар дома і ўсе госці цешыліся, што мы не пагарджалі імі - яны самі нам гэтак казалі.
Праўда, мы трошкі спазніліся, і таму пачатак абраду хрышчэння я апісваю па расказах маіх сяброў і гасцей.
За некалькі дзён да хрэсьбін гаспадар запрашае каго-небудзь са знаёмых быць кумам і кумой. Неад'емнай апякункай немаўляці ажно да канца хрышчэння з'яўляецца бабуля, якая прысутнічала пры родах. У прызначаны дзень хросту кум з кумой разам з бацькамі дзіцяці ідуць у касцёл ці царкву.
Перад выхадам у храм усе госці садзяцца разам за стол і, чакаючы вяртання з храма, робяць так званы малы перакус. Пасля вяртання наступае момант вітання з малым, калі ўсе даведваюцца яго імя і свята. На стале з'яўляюцца разнастайныя стравы (квашаніна, каўбаса, мяса, кісель і іншае), а таксама хлеб з мукі грубага памолу, пірагі з пшанічнай або жытняй мукі з мясам і без яго, і нарэшце, літровая бутэлька з гарэлкай.
Частка, якую я ўжо апісаў, з'яўляецца менш цікавай, чым тая, якую я зараз пачну апісваць.
Найперш важным з'яўляецца само заняцце месца за сталом. Ніхто не адважыцца сесці да таго моманту, як бабуля (якая прысутнічала пры народзінах), не зойме месца ў куце хаты (ці пакоя) за сталом. Толькі пасля гэтага ўсе садзяцца: з правага боку ад яе кума, з левага дзед (муж бабулі), а потым кум. Астатнія госці не маюць вызначаных і таму займаюць любыя вольныя месцы
Пачатак свята пачынае гаспадар хаты, ён разлівае па кілішках гарэлку і разам з усімі выпівае першую чарку. Потым госці самі падтрымліваюць урачыстасць, разнастайваючы свята рознымі песнямі, адну з якіх прыводжу:
Ускачу я малада ў вішнёвы сад.
Аж там мой міленькі шчыпе вінаград.
Шчыпі, шчыпі, міленькі, і мне, і сабе,
Шчыплю, мілая, сабе ні табе.
Яшчэ шчыплю другую сабе,
Паслухай, міленькі, што я скажу:
Як галубы зляталіся,
Гэтак мой міленькі з табой павянчаліся.
Падчас святкавання да кумы, звычайна, звяртаюцца са спевам. Кума ім адказвае спевам.
Госці:
Аж ты, кумачка, ты, галубачка,
Дзе ж ты была?
Кума:
Аж вы, жоначкі, аж вы, бабушкі,
Да Хрыста ездзіла.
Госці:
Аж ты, кумачка, ты, галубачка,
Што ж ты там рабіла?
Кума:
Аж вы, жоначкі, вы, лябёдачкі,
Хрэсніка ахрысціла.
Госці:
Аж ты, кумачка, ты, галубачка,
Чым яго дарыла?
Кума:
Аж вы, жоначкі, вы, лябёдачкі,
Белай, намёткай абдарыла.
Адны песні спяваюць усе разам, іншыя па-чарзе, асобна. Толькі я не спяваў, бо Бог не даў мне ні голасу, ні музыкальнага слыху. І, мушу прызнацца, я не разумею беларускай мовы.
Калі са стала пачалі знікаць стравы і стала зразумела, што госці наеліся і, наогул, трэба заканчваць свята, тады адна з прысутных жанчын (у дадзеным выпадку бабуля з боку маці, якая нарадзіла сына), уручае бабулі-павітусе ладны кавалак тканіны.
Пасля гэтай цырымоніі адбылася яшчэ адна. Бабуля ўзяла чыстую талерку, паклала на яе чорны хлеб, соль і кілішак, у які наліла гарэлкі, і пачала па-чарзе частаваць гасцей. Тыя, выпіўшы, абавязаны былі пакласці на талерку, з якой бралі кілішак, падарунак немаўляці. Перад пачаткам гэтай апошняй цырымоніі бабуля спявае да ўсіх гасцей, запрашаючы:
Наша бабулька таньчыць мала, не дужа,
Але падаркі заслужыць.
Таньчыць мала, ці не,
Але падаркі дайце мне!
Пасля гэтай песні бабуля звяртаецца да кумы і спявае разам з гасцямі:
Наша кумка багата,
У яе шуба касмата.
Сядзе яна ў куце
З кілішкам у руцэ.
Кумок будзе наліваць,
Кумка будзе выпіваць.
Сядзе кумка ў куце,
Жоўты персцень на руцэ.
Жоўты персцень на руцэ,
Жоўты персцень шаруе,
І сваю кумку шануе
А за тое шанаваць,
Бо падарунак трэба даць.
Кума, кум і ўсе астатнія кладуць падарункі.
Потым бабуля спевам звяртаецца да кума:
А кумочак не сядзі,
А чырвонца пакладзі,
Нарадзіўся паніч,
Трэба мыла купіць,
Паніча бела мыць.
Святкаванне гэтым заканчваецца. Далей пачынаюцца спевы:
Запрагайце, да залажыце па 12 коні,
Да адвязіце, да адвязіце нашага кума дамоў.
А наш кумочак, наш галубочак, ён
Падводу любіць,
А ніхай жа ён нам за песенкі, ён
Гарэлачкі купіць.
Скончыўшы пець, выходзяць з-за стала і звяртаюцца да бабулі:
Запала, запала дарожанька сняжком,
А наша бабулька мае хадзіць пяшком,
Унучак Лаўрусік, запражы канька,
Адвязі бабульку да свайго дварка.
Абышоўшы ўсіх з кілішкам, бабулька налівае апошні, ставіць на талерку з падарункамі і аддае маці немаўляці.
На гэтым свята заканчваецца.
St. Cieślak. Chrzciny // Kurjer Wileński. 1934. № 50.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.