Параўнальны аналіз паэтычных асаблівасцяў зборніка народных песняў Земавіта Фядэцкага 'Цёплыя вечары …ды халодныя ранкі…' і 'Анталогіі беларускіх народных песняў' Алены Іваноўскай
Вывучэнне народных песняў робіць чалавека больш разнастайным, удумлівым, дае магчымасць падысці бліжэй да сваіх каранёў. Дзякуючы паэтычным тэкстам і мелодыі можна ўбачыць непаўторную прыгажосць роднай зямлі і людзей, дакрануцца да традыцый, пераасэнсаваць сучасныя культурныя каштоўнасці. Ніл Гілевіч казаў, што "калі мы гаворым пра высокую мастацкасць народных песень, то перад усім маем на ўвазе іх вобразнасць і эмацыянальнасць. А гэтыя якасці дасягаюцца дзякуючы цэлай сістэме прыёмаў і сродкаў паэтычнага адлюстравання рэчаіснасці, выпрацаваных песеннай творчасцю нароа за доўгія стагоддзі".
Яскравым прыкладам песеннага фальклору на Лідчыне з'яўляецца зборнік Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі ..." (запіс песняў адбываўся ў цяжкія часіны 2ой Сусветнай вайны ў ваколіцах маёнтка Лебяда, Лідскага павета, упершыню выдадзены ў 1992 годзе і дайшоў да Новай Зеландыі, а ў Італіі яго назвалі "Песні Атлантыды"), а таксама "Анталогія беларускіх народных песняў" Алены Іваноўскай (з 1914 да 1924 г. апублікавана чатырма часткамі ў лонданскім часопісе "Folklore", тэксты і ноты беларускіх песняў запісаны ў ваколіцах Лябёдкі Лідскага павета).
Цікавым будзе аналіз паэтычных асаблівасцяў двух зборнікаў песняў, якія збіраліся амаль што ў адзін час і на адной рэгіянальнай тэрыторыі.
Усе народныя песні дзеляцца на каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя і пазаабрадавыя.
У "Анталогіі беларускіх народных песняў" сустракаюцца сямейнаабрадавыя і каляндарна-абрадавыя песні. "Ой, пайшоў вінаград", "Загрукацелі", "Наш малады, як суравешка" - гэта вясельныя песні. Іхняя адметнасць у надзвычайнай жальбе. Зусім да нядаўняга часу ў Беларусі вяселле было невясёлай цырымоніяй. Бо, калі сяляне былі прыгоннымі, іхні пан не толькі меў над імі амаль поўную ўладу жыцця і смерці, мог іх біць, але мог і ажыццяўляць сваё права жаніць іх, цалкам гэтак жа, як гэта рабілася ў Амерыцы з рабамі. З гэтай прычыны каханне і шлюб часта падаваліся несумяшчальнымі. Таксама сустракаюцца жніўныя песні. Яны вельмі старадаўнія і магчыма больш маркотныя за ўсе іншыя песні ( "Песня на ўборку ўраджаю": "Ох, я ў полі жнейка жала, пад мяжой жменьку клала").
Зборнік Земавіта Фядэцкага насычаны паза-абрадавымі любоўнымі песнямі. У пазаабрадавых песнях даследчыкі вылучаюць песні пра каханне, сямейна-бытавыя і сацыяльна-бытавыя. Асаблівай змястоўнасцю і лірызмам характарызуюцца беларускія народныя песні пра каханне. Н.С. Гілевіч назваў лірыку кахання ў фальклоры адной "з самых прыгожых, самых светлых і самых пяшчотных старонак і адной з самых жыццяздольных".
"Мінаюць і аддаляюцца дзесяцігоддзі, мяняюцца эпохі, чалавецтва выходзіць на ўсё больш высокія рубяжы навукова-тэхнічнага прагрэсу, а складзеныя сто ці, можа, і дзвесце гадоў назад гранічна простыя радкі пра каханне не старэюць, не трацяць актуальнасці і наўздзіў патрапляюць сваім эмацыянальным ладам і настроем адгукнуцца на самыя патаемныя зрухі ў душы сучаснага чалавека", - трапна адзначыў Н.С. Гілевіч. Аднак ў зборніку Фядэцкага ў асноўным адлюстроўваецца нешчаслівае драматычнае каханне. Доля дзяўчыны ў песнях пра каханне часцей за ўсё трагічная. Галоўныя героі любоўных песень - дзяўчына і хлопец. Даверлівая і справядлівая ва ўзаемаадносінах да каханага, яна часам сустракаецца з ашуканствам і здрадай, што выразна раскрываецца ў шэрагу песняў. У зборніку "Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі…" акцэнт зроблены на адносінах свякруха-сын-нявестка. Нярэдка свякруха патрабуе ад сына біць жонку, і ніхто яе не ратуе. Несправядлівая, крывадушная свякроў уплывае на лёс маладых ("Ой, з-пад гаю конік выбягае..." "Пайдзі, сынку, у вішнёвы садочак і выкапай глыбокі далочак. Прысып жонку жоўценькім пясочкам, і прылажы зялёным дзярночкам, і пасадзі чырвону каліну…"; "Мела матуля": "Ой, вазьмі, сынок , гостру сякеру, высячы, вырубай тую былінку. Сякануў ён раз - пахілілася, сякануў другі раз - папрасілася: - ні сячы мяне, я жана твая, нарабіла гэта матуля твая"; "Ад зары да зары" " - Ой, сыночку ты мой,чаму водкі не п'еш, чаму водкі не п'еш, маладой жонкі ня б'еш?"; "Ходзіць туман" "Твая маці - чараўніца, людзкіх дзяцей разлучніца"). Становішча ў чужой сям'і найбольш выразна раскрываецца пры супастаўленні з ранейшым жыццём у родных бацькоў і сваякоў ( "За бор сонейка закацілася": "За бор сонейка закацілася, мне да брата захацелася… Ой, ці еў, браток, рэдзьку з палыном? Так мне маладой за чужым сталом"). Доля нешчаслівага замужжа вельмі часта ўспрымаецца як наканаванне, ад якога не пазбавішся ( "Баліць, баліць галованька": "Папаўшыся ў ліхі замуж, трэба ў ім жыць да смерці!"). У зборніку народных песняў Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі…" асабліва шырокае адлюстраванне атрымала тэма долі-шчасця, бяздолля, нядолі-няшчасця, гора, бяды. У сямейна-бытавых песнях пераважае паказ ліхой, няшчаснай долі жанчыны ў замужжы. Увогуле шчаслівае каханне ў зборніку Земавіта Фядэцкага амаль што не апісваецца. Прычынай драмы нярэдка становіцца жорсткасць мужчыны ў адносінах да жанчыны ( "Ой, там каля броду": "Фартушок бяленькі ад слязок макрэнькі, а мая кашуля бела кроўю акіпела"; "Ой, ты думушка-дума…": "Прыплыві к майму двару, замары маю жану").
Аднак сустракаюцца даволі феміністычныя песні, дзе жонка кіруе мужам, няверная і эмансіпаваная ( "Зашумела зялёна дуброўка…": "Кідай Ясю, зелейка зьбіраці, стала над ім зязюля каваці: "Кідай Ясю, зелейка зьбіраці, едзь Марылі вяселля спраўляці""; "Ой, там за ракою…": "- Не бі, не бі мая міла, то я буду добры"; "Абешчаў мешчанін": "- Я не жала ў свайго ойца і ў цябе не буду. Зрабі ў полі халадок, я ляжаці буду"). Філасофскі змест, мужчынскі роздум аб быцці, сэнсе жаніцьбы можам заўважыць у песні "Ой, знаці, знаці…": "Хто ажаніўся, той адмяніўся, зморшчыўся згорбіўся, з ліца змяніўся".
У "Анталогіі беларускіх народных песняў" Алены Іваноўскай не праглядваецца акцэнт на адносінах свякруха-сын-нявестка. Заўважаем адлюстраванне нешчаслівага кахання паміж маладой дзяўчынай і казаком. На жаль, казак паўстае як тыповы вандроўны лайдак і пустэча, які спакушае дзеўку, а дзяўчына становіцца ахвярай ("А ў полі крыніца": "Прывязалі дзеўку, да сасны касамі, падпалілі сосну, ад верху да долу. Падпалілі сосну, ад верху да долу"). Песня "Не ідзі мостам" ("Не ідзі мостам, беражынкаю, і не кліч казака ды з дружынкаю…..Бадай таго чорт узяў, на дарозі кінуў, як праз зіму так любіў, на лета пакінуў…") пачынаецца своеасаблівым зачынам, які з'яўляецца перасцярогай дзяўчатам не заводзіць неразборлівае сяброўства, асабліва з казакамі-прайдзісветамі і наступныя строфы расказавюць пра вынікі такіх неабдуманых паводзін: "Бадай таго чорт узяў, на дарозі кінуў, як праз зіму так любіў, на лета пакінуў". Аднак, ёсць прыклад, дзе беларуская дзяўчына - гэта сімвал жаночай годнасці і гонару ("Ой, ты дзяўчына": "Волей я буду ў моры патанаці, ніжлі з нялюбым да шлюбу стаяці"). У песні "Я ў альшыні валы пасла" раскрыты вобраз дзяўчыны-летуценніцы, якая марыць аб каханні: "Павей вечар з таго краю, скуль я мілага чакаю".
"Анталогія беларускіх народных песняў" уключае творы больш апавядальныя, чым лірычныя, якія смела можна назваць баладамі ("Ой! Пайду я на кірмаш", "А ў полі крыніца", "Ой! Ішлі казакі", "Стаіць явар пры дарозе").
І ў зборніку Земавіта Фядэцкага, і ў "Анталогіі беларускіх народных песняў" Алены Іваноўскай ёсць агульная песня з невялікімі лексіка-граматычнымі адрозненнямі пра лёс удавы ("Зашумела шум-дуброўка": " Зашумела шум-дуброўка, дый заплакала млада ўдоўка").
Песня з "Анталогіі ..." А. Іваноўскай
Зашумела, шум-дуброўка,
І заплакала млода ўдоўка,
І заплакала млода ўдоўка.
Заплакала, затужыла:
"Да што я ў Бога заслужыла,
Да што я ў Бога заслужыла?
Усе дружкі з вайны едуць,
А майго дружка каня вядуць,
А майго дружка каня вядуць.
Ты, мой конік вараненькі,
А дзе ж мой дружочак маладзенькі,
А дзе ж мой дружочак маладзенькі?
- У чыстым полі, пры даліні,
Ляжыць мой дружочак, як маліна,
Ляжыць мой дружочак як маліна.
У правай руцэ ружжо дзержыць,
Да на левую нагібае.
Да на левую нагібае.
На левую нагібае,
Да з таварышам размаўляе,
Да з таварышам размаўляе:
- Таварышу, браце родны,
Да накажы там жонцы маёй,
Да накажы там жонцы маёй.
Няхай яна замуж ідзе,
Няхай яна мяне не ждзе.
Да няхай яна мяне не ждзе.
А калі ёй лепей будзе,
То яна мяне прызабудзе,
То яна мяне прызабудзе.
А калі ёй горай будзе,
То яна па мне плакаць будзе,
То яна па мне плакаць будзе".
Песня са зборніка З. Фядэцкага
Зашумела шум-дуброўка,
Дый заплакала млада ўдоўка,
Дый заплакала млада ўдоўка.
Заплакала, затужыла,
- А што ж я ў Бога заслужыла,
А што ж я ў Бога заслужыла?
Усе дружкі з вайны едуць,
А майго дружка каня вядуць,
А майго дружка каня вядуць.
- Ах, мой конік вараненькі,
А дзе-ж мой дружок маладзенькі,
А дзе-ж мой дружок маладзенькі?
- У чыстум полі пры даліне,
Ды ляжыць ён як быліна,
Ды ляжыць ён як быліна,
У правай ручцы шаблю дзяржыць,
А на левую пахіляе,
А на левую пахіляе.
На левую пахіляе,
З таварышам размаўляе,
З таварышам размаўляе.
- Таварыш, ты браток родны,
Ой, накажы-ж ты жане маёй,
Ой, накажы-ж ты жане маёй.
Няхай яна міне не жджэ,
Няхай сабе замуж ідзе,
Няхай сабе замуж ідзе.
Калі ёй там горай будзе,
То яна па мне плакаць будзе,
То яна па мне плакаць будзе.
А калі ёй лепей будзе,
То яна міне прызабудзе,
То яна міне прызабудзе,
Песню скаргу-праклён на распуснага мужыка заўважаем ў "Анталогіі беларускіх народных песняў" ("Сабірала дзяўчынька": "Мой муж нідалог пайшоў на рэчку, дай Бог, каб ён здох, я пастаўлю свечку").
У адрозненні ад пазаабрадавай творчасці пра каханне змест многіх сацыяльна-бытавых песняў дазваляе з пэўнай доляй дакладнасці вызначыць час іх узнікнення (напрыклад, паходжанне рэкруцкіх песняў звязана з увядзеннем рэкруцкага набору, г.зн. не раней 1772 г., калі расейскі закон аб рэкрутчыне пачаў прымяняцца на ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі. На Лідчне яго пачалі прымяняць праз некаторы час пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Песні перадавалі горкія перажыванні маці, бацькі, жонкі, родных, якія развітваліся з навабранцам. Яны добра разумелі, што надзеі на яго вяртанне марныя, што выразна адлюстравалася ў шэрагу песняў. Ёсць такія песні і ў зборніку "Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі" ( "Распускайся, сыры дубе…": "Распускайся, сыры дубе, скора мароз будзе. Прыбірайся ўдовін сынок, скора паход будзе"; "Ой, ляцелі гусанькі…": "Ой, ляцелі гусанькі, ой, ляцелі дробныя. Заплакалі маладыя хлопцы да прыёму ідучы"). Рэкруцкія песні ў "Анталогіі..." Алены Іваноўскай адсутнічаюць.
Часам замест салдата ў песнях на той жа сюжэт фігуруе казак, асабліва на тэму: гібель героя. Казацкія песні таксама былі папулярнымі на Беларусі. Па сваім паходжанні яны старэйшыя за салдацкія (складзены ў XVI - XVII стст.). Казак у беларускіх песнях гэта не значыць украінец, казак у нас - гэта жаўнер лёгкай кавалерыі. У зборніку Земавіта Фядэцкага гэта песня "Ой, у полі пад вішанькаю…": "Ой, у полі пад вішанькаю, ах, мой Божа,пад вішанькаю. Там казачок забіты ляжыць, ах, мой Божа, забіты ляжыць". Паўтарэнне (таўталогія) слоў "Ах, мой Божа", якое ў дадатак спалучаецца са зваротам, вельмі распаўсюджаны сродак мастацкай выразнасці ў народных песнях. У "Анталогіі..." Алены Іваноўскай - гэта песня "Ох! Ты поле": "А пад тым кусточкам конь вараны стаіць, а пад тым конікам, казак убіты ляжыць". Песні вельмі падобныя і па сюжэце, і па форме. У абедзвюх песнях забіты казак размаўляе са сваім канём, якога просіць перадаць, што ён выслужыў сабе магілачку.
Блізкія па сацыяльнай вастрыні адлюстравання рэчаіснасці з'яўляюцца прымацкія песні. Прымак, па сутнасці часцей за ўсё быў парабкам у сям'і жонкі і такі ж бяспраўны. Працаваў без ніякай аплаты, пераносіў здзекі гаспадароў - бацькоў жонкі. Нездарма ў многіх песнях сцвярджаецца: "А хто ў прымах не бываў, той гора не знае". Пасля цяжкай працы на полі яго прымушаюць выконваць самую цяжкую і брудную работу ў хаце і гаспадарцы. Але яму не дзякуюць за шчырую працавітасць, а несправядліва папракаюць за дрэннае аранне і інш. Як і парабак, прымак скардзіцца на сваю ліхую долю. "Ой, вішанькі, чарэшанькі": "А хто ў прымах не бывае, той гора не знае", "Ой, вырасла крушынанька": "Бадай ваша тое поле гарэла, курэла, як мне, беднаму прымаку, жыць у вас надаела". Прымацкія песні сустракаюцца толькі ў зборніку Земавіта Фядэцкага.
Што тычацца агульных ці падобных песняў, то іх у абодвух зборніках акрамя "Зашумела, шум-дуброўка" ёсць яшчэ некалькі з большымі ці меншымі лексіка-граматычнымі адрозненнямі. Песня агульнана-цыянальнага кантэнту "Ой пайду я долам-лугам":
Ой, пайду я долам-лугам
Анталогія А. Іваноўскай
- Ой, пайду я долам-лугам,
Ой, пайду я долам-лугам,
Дзе мой мілы гарэ плугам.
Ой, ён гарэ, пагарае,
Ой, ён гарэ, пагарае,
На мяне младу маргае.
Ой, панясу яму піці,
Ой, панясу яму піці,
Ці не будзе гаварыці?
Ой, панясу яму есці,
Ой, панясу яму есці,
Ці не скажа ён мне сесці?
Ён наеўся, ён напіўся,
Ён наеўся, ён напіўся,
У сыру землю палажыўся.
Ой, ён ляжыць ды думае,
Ой, ён ляжыць ды думае,
Што чарняву жонку мае.
Я чарнява радзілася,
Я чарнява радзілася,
Бяляваму судзілася.
Я вымыюся, прыбяруся,
Я вымыюся прыбяруся,
Бяляваму спадабаюся.
Ой, пайду я лугам, лугам
Зборнік З. Фядэцкага
"Ой, пайду я лугам, лугам,
Ой, пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы гарэ плугам.
Ён гарэ ды паглядае,
Ён гарэ ды паглядае,
Што чарняву жонку мае.
Я чарнява радзілася,
Я чарнява радзілася,
Беляваму дасталася (судзілася).
Панясу яму я есьці,
Панясу яму я есьці,
Ці ня скажа ён мне сесьці?
Панясу яму я піці,
Панясу яму я піці,
Ці ня будзе гаварыці?
I наеўся і напіўся,
I наеўся і напіўся,
Сеў на плуг ды засмуціўся.
- Што ты, мілы мой, думаеш,
Што ты, мілы мой, думаеш,
Што сядзіш не размаўляеш?
- А я сяджу і думаю,
А я сяджу і думаю,
Што благую жонку маю.
- Браў ты мяне ў дзень, ня ў ночы,
Браў ты мяне ў дзень, ня ў ночы,
Дзе-ж тады свае меў вочы?
Чаму ехаў ў ноч, ня у дзень,
Чаму ехаў ў ноч, ня у дзень,
Ня пытаўся добрых людзей?
Нашы людзі - не татары,
Нашы людзі - не татары,
Ўсю праўдуньку расказалі б".
Пачатак песні практычна аднолькавы, сюжэт той самы, але за 30-40 гадоў песні быў прыдадзены яшчэ адзін сюжэтны фрагментам, якога няма ў Іваноўскай і ў апрацаваным агульна-беларускім варыянце.
Туман, туман
Анталогія А. Іваноўскай
Туман, туман па даліні,
Гэй! Туман, туман, па даліні.
Ліст шырокі на каліні,
На каліні.
Яшчэ шыршы на дубочку,
Гэй! Яшчэ шыршы на дубочку,
Вядзець голуб галубочку,
Галубочку.
Вядзе сваю, ні чужую,
Гэй! Вядзе сваю, ні чужыю:
- Пастой дзеўка - пацалую,
Пацалую.
- Нашто ж тое цалаванне?
Гэй! Нашто ж тое цалаванне?
Тугі сэрцу дадаванне,
Дадаванне.
Ні дадавай сэрцу тугі!
Гэй! Ні дадавай сэрцу тугі,
Ні возьмеш ты - возьме другі,
Возьме другі.
За густымі лазунькамі,
Гэй! За густымі лазунькамі,
Плачэць дзеўка слёзунькамі,
Слёзунькамі.
- Ні плач, дзеўка, ні тужыся!
Гэй! Ні плач, дзеўка, ні тужыся!
Твой міленькі ні жаніўся,
Ні жаніўся.
Калі будзе жаніціся,
Гэй! Калі будзе жаніціся,
Просіць віна напіціся,
Напіціся.
- Тваё віна мне не міла,
Гэй! Тваё віна мне не міла,
Твая любасць мне ні слава,
Мне ні слава.
Тваё віна мне не міла,
Гэй! Тваё віна мне не міла,
Твая водка ні салодка,
Ні салодка.
Ходзіць туман...
Зборнік З. Фядэцкага
Ходзіць туман па даліне,
Ходзіць туман па даліне,
Шырокі ліст на каліне.
Яшчэ шыршы на дубочку,
Яшчэ шыршы на дубочку,
Клікаў голуб галубочку.
Хоць не сваю, а чужую,
Хоць не сваю, а чужую:
- Хадзі, міла, пацалую.
- На што тое цалаваньне,
На што тое цалаваньне,
Сэрцу жалю задаваньне.
Сэрдцу жалю, а мне тугі,
Сэрдцу жалю, а мне тугі,
Не ты возьмеш, возьме другі.
За частымі лозунькамі,
За частымі лозунькамі
Плача дзеўка слёзанькамі.
- Не плач, дзеўка, не тапіся,
Не плач, дзеўка, не тапіся,
Яшчэ хлопец не жаніўся.
А як будзе жаніціся,
А як будзе жаніціся,
То дасць піва напіціся.
- Не зьдзівуе твоё піва,
Не зьдзівуе твоё піва,
Не зьдзівуеш міне віном.
А зьдзівуе твая маці,
А зьдзівуе твая маці,
Што не дала міне браці.
Твая маці - чараўніца,
Твая маці - чараўніца,
Людзкіх дзяцей разлучніца.
Разлучыла нас з табою,
Разлучыла нас з табою,
Як рыбаньку ды з вадою.
Цяжка рыбе з акуньцамі,
Цяжка рыбе з акуньцамі,
А мне младой з малайцамі.
Цяжка рыбе пад вадою,
Цяжка рыбе пад вадою,
А мне младой за табою.
У гэтым выпадку сітуацыя амаль тая самая. Абодва варыянты пачынаюцца амаль аднолькава і рэалізуюцца аднымі і тымі ж выяўленчымі сродкамі: "Туман на даліне... шырокі ліст на каліне... яшчэ шыршы на дубочку...". Але потым, у больш познім варыянце, знаходзім яшчэ аповед пра ліхую маці каханага.
Прыляцелі гусі
Анталогія А. Іваноўскай
Прыляцелі гусі да чужога краю,
Памуцілі воду на сінём Дунаю.
- Бадай жэ ж вы, гусі, так марне прапалі,
Як мы любіліся - цяпер перасталі.
Бо дзе сонца ўзыйдзе, там расы не будзе,
З нашага кахання нічога не будзе.
Куды я хадзіла, хадзіці не буду,
Каго я любіла, любіці не буду.
Дзе тая дзяўчына з чорнымі броўцамі?
Успамінаеш яе добрымі слоўцамі?
Ці яна забіта, ці ў няволю ўзята?
Ні відаць жа яе ні ў будзень, ні ў свята.
- Ні яна забіта, ні ў няволю ўзята,
Як папала ў ліхі замуж - усё яе прапала.
Прыляцелі гусі
Зборнік З. Фядэцкага
Прыляцелі гусі ды з чужога краю,
Замуцілі воду на сінім дунаю,
Замуцілі воду на сінім дунаю.
(Ой, ляцелі гусі з далёкага краю,
Замуцілі воду на сінім дунаю,
Замуцілі воду на сінім дунаю.)
Бадай тыя гусі так марне прапалі,
Як мы кахаліся, цяпер перасталі,
Як мы кахаліся, цяпер перасталі.
Як мы кахаліся, як пташачкі ў стрэсе,
Цяпер расстаёмся як туман па лесе,
Цяпер расстаёмся як туман па лесе.
На гуліцы камень сонца разпаліла,
Кліча маць вячэраць, вячэра не міла,
Кліча маць вячэраць, вячэра не міла.
- Вячэрай, матуля, калі наварыла,
Я з тым павячэраю, з кім я гаварыла,
Я з тым павячэраю, з кім я гаварыла.
Німа майго мілага, німа майго пана,
Каму дастанецца пасьцель бела заслана,
Каму дастанецца пасьцель бела заслана.
Німа майго мілага, німа мае душкі,
Каму дастануцца пуховыя падушкі,
Каму дастануцца пуховыя падушкі.
У гэтых варыянтах падобны толькі пачатак. І не важна, гусі прыляцелі ці адляцелі. І назва рэчкі Дунай, гэта калі гусі паляцелі ў чужы край, і дунай з малой літары, калі гусі прыляцелі, бо тут дунай - гэта проста рэчка. Слова дунай - сінонім слова рэчка. Далей сюжэты зноў разыходзяцца.
Увогуле, тэматычная разнастайнасць і варыянтнасць народных песняў такая ж бязмежная, як і само жыццё.
У "Анталогіі..." А. Іваноўскай ёсць песня вядомая ўсёй Беларусі - "Рэчанька". Яе, мо, ужо стагоддзе, вучаць у школе на спевах, яе спявалі славутыя "Песняры" і ўсе, каму хочацца. Песня ўваходзіць у агульна-нацыянальны кантэнт і па ўсіх законах павінна была бытаваць і на Лідчыне. У зборніку Земавіта Фядэцкага яе няма, а вось у "Анталогіі..." Алены Іваноўскай ёсць. Розныя выканаўцы ўжываюць розныя імёны герояў гэтай песні: Янка, Лена, Маня. Алена Іваноўская запісвала песню на Лідчыне, а таму і імёны ў ёй тутэйшыя: Ясенька і Касенька. Параўнаем апрацаваны агульнабеларускі і аўтэнтычны лідскі тэксты.
Рэчанька
(у выкананні "Песняроў")
- Ой, рэчанька-рэчанька,
Чаму ж ты не поўная?
Люлі-люлі-люлі,
Чаму ж ты не поўная?
Чаму ж ты не поўная,
З беражкоў не роўная?
Люлі-люлі-люлі,
З беражкоў не роўная?
- А як жа мне поўнай быць,
З беражкамі роўнай плыць?
Люлі-люлі-люлі,
З беражкамі роўнай плыць?
Янка коніка паіў,
Лена воду чэрпала.
Люлі-люлі-люлі,
Лена воду чэрпала.
Люлі-люлі-люлі.
Рэчанька
(з Анталогіі А. Іваноўскай)
- Ой! Рэчанька, рэчанька,
Чаму ж ты не поўная?
Ой! Люлі, люлі, люлі!
У берагах не роўная.
- Ой! Як жа ж мне поўнай быць?
Ясенька каня паіць.
Ой! Люлі, люлі, люлі!
Ясенька каня паіць.
Ясенька каня паіць,
Касенька ваду бярэ,
Ой! Люлі, люлі, люлі,
Касенька ваду бярэ.
- Ой! Ясенька, Ясенька,
Чаму ж ты не жэнішся?
Ой! Люлі, люлі, люлі!
На каго надзеешся?
Ці на грошы ясныя,
Ці на дзеўкі красныя?
Ой! Люлі, люлі, люлі!
Ці на дзеўкі красныя?
- Ні на дзеўкі красныя,
А на грошы ясныя.
Ой! Люлі, люлі, люлі!
А на грошы ясныя.
За грошы я піць буду,
Дзясяткі любіць буду,
Ой! Люлі, люлі, люлі,
Дзясяткі любіць буду.
Тут "Рэчанька" паводле А. Іваноўскай мае двайны сюжэт. Першая частка - уласна рэчанька, чаму яна не поўная, другая частка - Ясенька, чаму ён не жанаты. Параўнанне гэтых двух тэкстаў трэба было зрабіць, каб паказаць, наколькі сучасная фолк-музыка адрозніваецца ад фальклору і наколькі важна, што Лідчына мае ўжо два аўтэнтычныя фальклорныя зборнікі.
А ў цэлым, ахарактарызаваныя песенныя сюжэты двух зборнікаў - толькі частка багатых зместам беларускіх народных песняў, але і з гэтых прыкладаў відаць шырыня адлюстравання ў песнях сямейнага жыцця, нацыянальнага менталітэту і побыту беларускага народа на тэрыторыі Лідскага рэгіёна. Невялікае супадзенне песенных сюжэтаў двух зборнікаў не гаворыць пра тое, што нешта там выжывала, а нешта адмірала. Яно гаворыць пра малую камунікабельнасць насельніцтва, якое групавалася вакол пэўных цэнтраў: гарадоў, мястэчак - і ўся народная культура ў значнай ступені самаізалявалася ў межах прыцягнення гэтых цэнтраў. А з'яднанне гэтых культурных агменяў і дало вялікі беларускі фальклор.
Ірына Струмскіс, метадыст ДУ "Лідскі РЦКіНТ".