Папярэдняя старонка: Этнаграфія

Паданні вёскі Бабры 


Аўтар: Бурачэўскі Міхась, Круцікаў Уладзімір, Лаўрэш Леанід,
Дадана: 22-10-2005,
Крыніца: 'Наша Слова' № 31 (717) 17 жніўня 2005 г.



У цэнтры вёскі знаходзіцца яе галоўная славутасць - Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная у 1810 годзе. Згодна з мясцовымі паданнямі менавіта з пабудовай царквы, жыхары звязваюць паходжанне назвы вёскі. Лічыцца, што раней вёска называлася Чаплічы і стаяла ў нізіне. А калі пабудавалі царкву, то вёску перанеслі да царквы на ўзвышша, а паколькі чаплі жывуць у нізіне, а бары на ўзвышшах, то новую вёску назвалі Бабры.

У 1810 годзе царква будавалася як уніяцкая, а пасля 1839 г. стала праваслаўнай. Каля царквы расце дуб у чатыры абхваты. Згодна аповядаў ужо нябожчыка дзеда Бенядзікта, гэтае дрэва, пад час асвячэння храма у 1810 г. пасадзіў нікаму яшчэ не вядомы падлетак, а ў будучым знакаміты ўсяму свету паэт-дэмакрат Адам Міцкевіч. Ад дзеда Бенядзікіа мы пачулі яшчэ адну цікавую гісторыю, згодна з мясцовымі паданнямі менавіта ў Бабрах Вялікі князь Гедзімін гіавінен быў пабудаваць замак, а не ў Лідзе. Але вышла наадварот. Каля царквы знаходзіца яшдчэ адна мясцовая знакамітасць, камень-следавік з выявай следа Маці Божай. Наогул камяні-валуны з поўнасцю і з часткова выбітай выявай слядоў чалавека або розных жывёл, шырока распаўсюджанны ў Еўропе і Азіі, трапляюцца і ў Афрыцы. На Беларусі вядома каля сямідзесяці такіх камянёў, якія сканцэнтраваны на поўначы і ў цэнтры краіны. У большасці выпадкаў гэта адзін след ў натуральную велічыню, але сустракаюцца і два: звычайна, след дарослага і дзіцяці. Бываюць каменні са слядамі жывёл (аленя, зайца, мядзведзя, лісіцы, ваўка, казы, ката).

Паводле меркаванняў некаторых навукоўцаў ў другой палове другога тысячагодзя да нашай эры ў канцы бронзавага веку ўзнік культ камянёў-следавікоў. У той час існавала строгая забарона ствараць выявы багоў. Але зварот да небачнага бога вымушау чалавека шукаць адзнакі яго бачнай прысутнасці. Таму і з'явіліся выявы "слядоў бога".

3 прыходам хрысціянства многія следавікі сталі прошчамі. У народзе вада са следавікоў лічыцца гаючай ісвятой. Камень у Бабрах не з'яўляецца выключэннем. Раней гэты камень знаходзіўся на лузе за вёскай, а ў 20-х гадах мінулага стагодзя айцец Аляксандр перавёз яго пад царкву і асвяціў, кажуць айцец Аляксандр распаўсюджваў газету "Раніца" і прапаноўваў прыхаджанам падпісваццв на яё.

У 1966 г. царква была прымусова зачынена. Людзі баранілі свой храм, як маглі - лямант жанчын быў чуцён за шмат кіламетраў ад вёскі, мужчыны не пускалі міліцыянтаў у царкоўную браму. Толькі пасярод ночы, на наступныя суткі царква была захоплена. Вынік быў жудасны і быў знішчаны царкоўны архіў. Паводле сведчанняў вяскоўцаў кнігі былі проста выкінуты ў гразь і патаптаны. У 1991 г. царква была адрамантавана і зноў адчынена. Зараз ў яе два разы на месяц прыязджае бацюшка і праводзіць службу. Падчас апошняга нашага прыезду вяскоўцы доўга спрачаліся, колькі іх засталося 46 ці 48, амаль усе яны пенсіянеры. Перспектыў у сваёй вёскі вяскоўцы не бачаць, лічаць, што за 6-8 гадоў яна знікне.. Тут узнікае балючае пытанне, што будзе з храмам, дубам, каменем?

На наш погляд дяржаве неабходна ўзяць пад ахову не толькі ў Бабрах, але ва ўсёй краіне помнікі архітэктуры і археалогіі, бо ў адваротным выпадку іх чакае незайздросны лёс капліцы ў Цвербутах, якая была знішчана ў самым канцы 20 стагоддзя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX