Да 595-годдзя Грунвальдскай бітвы. Ці спявалі мы "Багародзіцу"?
У 2000-м годзе да 590-х угодкаў Грунвальдскай бітвы "Лідскі летапісец" упершыню ў Беларусі надрукаваў тэкст "Багародзіцы" на сучаснай беларускай мове. Мы радыя да 595-х угодкаў падаць развіццё гэтай тэмы і ўпершыню ў Беларусі надрукаваць тэкст "Багарордзіцы" на старабеларускай мове.
Ёсць чары ў забытым, старадаўным,
Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць
І жыць мінулым-гэткім мудрым, слаўным,-
Мы любім час далёкі спамянуць...
"Тэрцыны", М. Багдановіч.
"...Невялікае войска стаяла на дарозе арды. Іх было вельмі мала, але твары, у прадчуванні канца, былі суровыя... Яны стаялі на бялёсай вапняковай зямлі, пад гарачым апошнім сонцам. Белыя на белым. Увесь акаем перад імі варушыўся. І тады нехта заспяваў старажытную "Багародзіцу". Страсным і грубым голасам..." (1).
"Багародзіца"... Яе пелі нашыя продкі і пад Грунвальдам, і пад Наклем, і пад Вількамірам. Чым яна была для іх - гімнам, малітвай, проста песняй?
Выпадковая знаходка раскрывае некаторую незразумеласць: у 1529 годзе тэкст "Багародзіцы" на беларускай мове быў змешчаны ў першай рэдакцыі Статута (!) Вялікага Княства Літоўскага. І ці гэта не сведчыць аб высокай знакавасці твора? Простую песню наўрад ці змясцілі б у галоўным дакуменце дзяржавы. Польскія даследчыкі ў кнізе "Багародзіца" таксама даюць спасылку на гэта "... Bogurodzica pisana jest cyrylica w przedziwnej mieszanine jezykowej polsko-bialoruskiej..." (2).
Польскі народ здаўна лічыць "Багародзіцу" сваёй песняй. Самі яны яе называюць "найстаршая польская песня рэлігійная". І нават зараз можна пачуць варыянты выканання яе рознымі польскімі гуртамі, яна гучыць на святах і ў касцёлах. Дзякуй ім за гэта вялікае, бо мы маем магчымасць у 21 стагоддзі пачуць найстаражытнейшы гімн. І не толькі касцёлы ды музычныя гурты цікавяцца "Багародзіцай". Шмат польскіх даследчыкаў выдавалі і выдаюць зараз багатыя матэрыялы па "Багародзіцы", яна ўнесена ў літаратурныя і музычныя слоўнікі, яе словы ведаюць усе, зацікаўленыя гісторыяй (калі трапіце на які-небудзь польскі фестываль сярэднявечнай культуры, вы пачуеце, як усе рыцарскія клубы спяваюць "Багародзіцу" на адкрыцці такога фестывалю).
У пісьмовых крыніцах "Багародзіца" з'явілася ў пачатку 15 стагоддзя. З таго часу да нас дайшлі два тэксты: 1-шы Kcynski (ахоплівае два першыя куплеты з нотамі), і 2-гі - Кракаўскі (ахоплівае 13 куплетаў без нот). Наступныя тэксты "Багародзіцы" паходзяць з другой паловы 15-га - пачатку 16-га стагоддзяў. Першы вядомы надрукаваны тэкст песні змяшчаецца ў статуце Laskiego (кракаўскі ў 1408 г.). Далей былі выданні ў 1456 годзе (варшаўскі), канцы 15-га стагоддзя (чэнстахоўскі) і г. д..
Яшчэ не ўдалося вызначыць, з якога стагоддзя дайшлі да нас два першыя куплеты "Багародзіцы" - можа быць, з канца 13-га стагоддзя, а можа быць з 14 -га. Аб аўтарстве таксама вядома мала(3). "Багародзіцу" лічаць касцельнай рэлігійнай песняй, якая была напісана на лацінскай мове з уплывам грэцкай і царкоўна-славянскай моваў(4).
"Багародзіца" была звязана спачатку са службамі і рэлігійнымі працэсамі. Але ўжо у 15-ым стагоддзі стала рыцарскай песняй - яе спявалі перад бітвамі, яна гучала ў час каранавання Уладзіслава Варнейчыка. Таму Длугаш назваў "Багародзіцу "Carmen Patrium" ("Песня Айчыны").
А што адбывалася на Беларусі ў 1529 г.?
У студзені 1529 года быў прыняты заканадаўчы акт кіравання, 29 верасня зацверджаны і ўведзены ў карыстанне першы Статут ВКЛ. Уладар ВКЛ у гэты час - Вялікі князь Жыгімонт І Стары, які адначасова з'яўляецца каралём Польскім. У кастрычніку 1529 года на сойме ў Вільні Вялікім князем ВКЛ абраны 9-гадовы Жыгімонт ІІ Аўгуст, а ў снежні ён стаў і каралём Польскім(5). І менавіта ў гэтым Статуце змешчана "Багародзіца" на старабеларускай мове(6).
Адна дзяржава, адзін уладар, адзін дакумент. Дык можа быць не толькі для палякаў "Багародзіца" была гімнам (не столькі гімнам, колькі сімвалам, роднай песняй); дык можа быць не толькі на лацінскай ці польскай мовах спявалі яе нашы продкі, ідучы ў бой, карануючы князя ці проста стоячы ў храме падчас службы?... Ці была "Багародзіца" выключна каталіцкай песняй, ці ўсе ж такі магчымасць яе візантыйскага паходжання дае падставы сцвярджаць, што і ў праваслаўных храмах яна займала сваю нішу?
Шмат пытанняў, на якія так складана даць адказ. І чаму маўчаць нашыя беларускія даследчыкі? Дзякуй богу, што зараз людзі маюць магчымасць пачуць "Багародзіцу" на сваёй мове(7).
Але хочацца ведаць пра яе больш. Хочацца пачытаць даследванні на роднай мове, а не толькі на польскай. Гэты артыкул ні ў якім выпадку не з'яўляецца спробай крытыкі нашых даследчыкаў музыкі і літаратуры. Гэта проста разгорнутае пытанне звычайнага зацікаўленага чалавека.
1). Ул. Караткевіч. "Хрыстос прызямліўся ў Гародні".
(2). "Bogurodzica". J. Woronczak, E. Ostrowska, H. Feicht, 1962.
(3). Раней лічылі аўтарам тэксту Святога Войцаха, але даследчыкі адкінулі гэтую версію.
(4). Kirieelejson - грэцкая малітоўная формула . Ці не сведчыць гэта пра яе візантыйскае паходжанне?...
(5). Фактычна ўлада у ВКЛ яму перададзена на Берасцейскім сойме ў кастрычніку 1544 г., сапраўдным Вялікім князем ВКЛ і каралём Польшчы ён стаў пасля смерці бацькі 1-га красавіка 1548 г.
(6). У Статуце "Багародзіца" змешчана пад назвай "Песнь о велебной девици панне Марии".
(7). На дысках "Легенды Вялікага княства", "Старажытная зямля" ў выкананні хора "Унія"