Матывы і вобразы
УСТУП
Актыўнае збіранне фальклорных і этнаграфічных матэрыялаў пачынаецца ў Беларусі з часу заснавання ў Пецярбургу ў 1845г. Ру скага геаграфічнага таварыства. Праграма этнаграфічнага раздзела гэтага таварыства, распрацаваная ў 1847-1848 гг., была разаслана і ў беларускія губерні. Яна вызначала змест па выкананні работ этнаграфіі і фальклору. У 1853-1858 гг. з гэтай мэтай выходзіў “Этнаграфічны зборнік”, у якім быў змешчаны артыкул I. Юркевіча “Астрынскі прыход Віленскай губерні Лідскага павету”.
Багаты Лідскі край на вусную народную творчасць, абрады і звычаі. Уласціва Лідчыне і збіранне духоўнага скарбу дзеля перадачы ў культурную спадчыну нашчадкам. Вядома, што ў канцы 1880 года па Лідчыне вандравалі людзі, якія збіралі народныя песні, абрады, запісвалі іх з адзінай мэтай - данесці скарбніцу народнай творчасці да будучых пакаленняў. Багацці матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў Лідскага павету ў канцы XIX стагоддзя збіралі ў асноўным тры этнографы і краязнаўцы: Вандалін Шукевіч (1852 - 1919), Уладзіслаў Вярыга (1868 - 1916) і Амелія Даравінская (Бірута) (1863-1891).
У фальклорнай спадчыне Шукевіча вядома этнаграфічная праца”Некаторыя вераванні, прымхі і забабоны нашага норода, легенды і паданні” (змяшчае 15 легенд і паданняў, у якіх расказваецца пра каралеву Бону, пра ваенныя дзеянні з татарамі, шведамі, французамі і інш., 159 вераванняў і прымхаў).
На народным эпасе па фальклорных сюжэтах былі напісаны Бірутай паданні “Сосны ў Лідзе”, “Пра касцёл святой Ганны ў Вільні”, “Паданне пра Пілакальскую гару”.
У канцы XIX - пачатку XX ст. некалькі публікацый беларускіх твораў апавядальных жанраў з’явіліся ў польскім друку. Яны належалі Я. Карловічу, У. Вярыгу, Э. Кліху, О. Кольбергу, М. Федароўскаму. У 1887 г. была апублікавана праца вядомага даследчыка, выдаўца часопіса “Вісла” Я. Карловіча, у якой змешчана звыш 80 твораў, запісаных пераважна ў Віленскай і Менскай губернях. Самы вялікі збор беларускіх казак і паданняў, запісаных у Наваградскім і Лідскім паветах, Карловіч апублікаваў у 1887-1888 гг. у “Народных паданнях і казках, сабраных у Літве”.
У 1889 г. у Львове быў выдадзены зборнік У. Вярыгі з вялікай прадмовай Я. Карловіча, які асноўную ўвагу сканцэнтраваў на характарыстыцы асаблівасцей беларускай мовы, параўноўваючы яе з рускай і ўкраінскай. Усяго твораў 23, а не 33, як указвае С. Саўчанка, друкуюцца лацінкай з захаваннем асаблівасцей мясцовай гаворкі - ваколіц Новага Двара і Астрыны Лідскага пав. Між іншым, у зборніку У. Вярыгі пераважаюць чарадзейныя казкі розных сюжэтных тыпаў, асобныя творы кантамінаваныя.
На мяжы ХІХ-ХХ стст. былі апублікаваны тры тамы аднаго з найбуйнейшых у гісторыі беларускай фалькларыстыкі збораў вуснапаэтычнай творчасці -шматтомнага выдання М. Федароўскага “Люд беларускі”. Адзін з тамоў меў падзагаловак “Вера, вераванні і забабоны люду з аколіц Ваўкавыска, Слоніма, Ліды і Сакулкі”, які ў пэўнай ступені вызначыў мэты збіральніка і характар матэрыялаў тома: яны павінны былі адлюстроўваць духоўнае жыццё людзей, асаблівасці іх светапогляду, стаўленне да рэлігіі, уяўленні пра Бога, чорта, розных духаў і г.д. У гэтым томе пранумаравана 2835 тэкстаў, сярод якіх толькі нязначная частка (каля сотні тэкстаў) можа быць аднесена да казак, анекдотаў, паданняў і легенд.
Збор народнай спадчыны - эпасу Лідчыны даволі багаты. На шчасце нашчадкаў шматвекавы сацыяльны і нацыянальны прыгнёт не выкараніў у лідзян пачуцця нацыянальнай годнасці, да канца не размыў іх нацыянальную свядомасць. Безумоўна, страт было многа, і на развіццё традыцыйнай культуры быў зроблены адмоўны ўплыў, але народ адстаяў сваё месца ў гісторыі. Вышэй узгаданыя матэрыялы, артыкулы, нататкі толькі захоўваюць памяць, як нацыянальную культуру. Але ж даследаванне ацалелай спадчыны практычна не праводзілася, ці па крайняй меры даследчыя працы ў параўнальна шырокім коле адукаванага грамадства не дастаткова распаўсюдзіліся, ці, на жаль, не захаваліся, перашкодай чаму была цэнзура.
Неабыякава адносяцца да вуснанароднай творчасці і ў наш час. Бытаванне фальклору на Лідчыне не адыходзіць у нябыт. У пацвярджэнне гэтаму можна прывесці ў прыклад выхад новых твораў, у аснову якіх пакладзены фальклорныя сюжэты з асноўнай адзнакай вуснай народнай творчасці - варыянтнасці. Доказам паслужыў зборнік вершаў “Мой любы горад Ліда”, выдадзены Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы ў 2008 годзе. Празаічны варыянт таксама не затухае, доказам яму служыць выдадзезная ў Гародні кніга “Міфы і легенды: ад Нёмана да Буга”, у якую ўвайшло каля 30 літаратурна апрацаваных аўтарскіх легенд на фальклорныя сюжэты. Багатымі зборамі вусна - народнай творчасці з’яўляецца кніга “Гродзеншчына ў легендах і паданнях” складальніка А. Ненадаўца, а таксама “Беларускі фальклор Гродзеншчыны: народны эпас, замовы, варажба” складальніка Р. Казлоўскага.
Тым, што Заходняя Беларусь - край з цікавымі народнымі гісторыямі, якія бытуюць у народзе перадаючыся з пакалення ў пакаленне ўпэўніўся сам аўтар гэтай працы, сабраўшы вялікую колькасць (каля 20!) матэрыялаў народнай спадчыны на тэрыторыі Лідскага раёна, а таксама змясціўшы свае знаходкі ў “Лідскай газеце”: “А было гэта так...”, і “Яе называлі і Крупеня. Чаму?”
ЛЕГЕНДЫ I ПАДАННІ ЛІДЧЫНЫ: ІДЭЙНА-ТЭМАТЫЧНЫ ЗМЕСТ I ВОБРАЗЫ
На Лідчыне добра вядомы легенды і паданні пра горад Ліду і ўзнікненне рачулкі Лідзейкі. Але ў народзе распаўсюджана мноства варыянтаў такога ж вуснага празаічнага апавядання. Адны з іх гістарычнага, а іншыя - мясцовага тыпу.
Вобраз прыгажуні - дзяўчыны Ліды ўвабраў у сябе легендарныя рысы, навечна адбіўшыся ў сэрцы народа, і знайшоў шырокае адлюстраванне ў мастацкай літаратуры мясцовых майстроў прыгожага пісьменства.
Фальклор - гэта творчасць, якая ствараецца калектыўна. Але ж пазней, калі матыў і тэма твора распаўсюдзіліся ў народзе, з калектыву вылучыліся асобныя таленавітыя творцы, якія не толькі дадалі творам новыя вобразы, матывы, канкрэтныя абставіны і ўмовы, але прыдалі адшліфаванасць, падпарадкаванне эстэтычным густам слухачоў. Адбыўся творчы працэс калектыўнай апрацоўкі. Так і ўзніклі шматлікія варыянты фальклорных жанраў.
Існуюць розныя пункты погляду пра ўзнікненне горада Ліда. Прагматычныя ж гісторыкі сцвярджаюць што назва горада мае балцкае паходжанне, а славянскі адпаведнік “ляда” азначае “высечка, участак, раскарчаваны ад лесу”. Лес тут, сапраўды быў вялікім, а яшчэ наваколле атачалі непраходныя балоты. Уласна кажучы, гэтым і можна патлумачыць рашэнне таго ж Гедзіміна будаваць у міжрэччы Лідзейкі і Каменкі замак - уявіць лепшыя перашкоды для шматлікіх крыжацкіх паходаў у цэнтральную Беларусь здавалася немагчымым.
Адна з легенд распавядае так: “Прыйшоў князь на тую зямлю, дзе цяпер Ліда стаіць. У самым цэнтры пабудаваў вялікі замак прыгожы. Пачаў князь думаць, як яму свой горад назваць. А была ў яго дачка Ліда. Вось і вырашыў назваць ён горад так, у гонар сваёй дачкі - Лідай” [5, с. 70].
Варта заўважаць, што спробы “звязаць” назву гэтага горада з вядомым жаночым імем будуць марнымі. Насуперак вышэй пададзенаму аповеду аб заснаванні месца ў гонар дачкі князя Гедзіміна, усё выглядае больш празаічна. Некаторыя з легенд раскрываюць назву іншым сюжэтам - пра замураваную дачку князя Гедзіміна Ліду, імем якой быццам бы названы горад. Гэтая гіпотэза з’явілася ў часы Расійскай імперыі. Але ж ... у Гедзіміна не было дачок па імені Ліда, тым больш не стаў бы ён забіваць сваю дачку. Ды і наогул, спачатку пакрыўдзіцца - разгневацца - забіць, а пасля назваць горад імем распуснай дачкі - неверагодна! А па язычаскіх вераваннях, забойства і пралітая кроў, тым больш родная, паганіць зямлю (на такой зямлі ўжо нельга нічога будаваць).
У важным для эпасу Лідчыны пытанні пра паходжанне назвы горада характэрна арыентацыя на гістарычныя факты, абставіны якія адраджаюцца праз фальклорную “падпітку”, запазычваючы не толькі вобразы і сімвалы, але і жанравыя формы. Вялікі ўплыў аказалі легенды, у якіх на першы план вылучаюцца рамантычныя матывы: каханне, звычайна трагічнае, ахвяраванне ўласным жыццём у імя людзей, дзеля шчасця свайго і шчасця Радзімы. Тут і вобразы лютых паноў, і ліхадзеяў, і сялянскіх хлопцаў, і прыгажунь дзяўчат.
Адна з легенд, між іншым, разгортваецца ў іншай кампазіцыі, але з захаваннем прыродна-ландшафтнага зместу. У аснову сюжэту ляглі міфалагічныя элементы казачнага характару.
У адной невялічкай вёсцы, якая тулілася на беразе безыменнай рэчкі, сярод густога - густога лесу, жыла дзяўчына - сірата Лідзея (Лідзейка). Закахалася яна ў хлопца Андрэя, які аказаўся на самай справе нячысцікам. Каб вызваліцца ад яго, дзяўчына акрапіла каплічку, дзе ён хаваўся, чароўным узварам. Хлопец ператварыўся ў нячысціка і памёр, але Лідзея ад убачанага спалохалася і пабегла не ў бок вёскі, а ў супрацьлеглы. Па дарозе азірнулася, упала ў палонку і адразу захлынулася. 3 таго часу мясцовыя жыхары пачалі зваць рэчку Лідзеяй (Лідзейкай), а ўзнікшае пазней паселішча - Лідай.
Як ужо заўважана, што гэты твор ужо з самага пачатку робіць заяўку на тое, што ён фальклорнага тыпу: “Зімой да позняй восені ў бабулінай хаціне хлопцы ды дзяўчаты наладжвалі вячоркі” ...[6, с. 244]. Шмат сюжэтных момантаў апісваецца з боку казачна-фантастычнага ўяўлення. У першую чаргу сама бабуля прадстаўлена нібы чараўніцай, якая ўручае дзяўчыне клубок чорных нітак, што паказвае дарогу да жытла каханага. Ды яшчэ гэтыя чароўныя ніткі клубка - “нібы кій, якім можна было і абараніцца ў выпадку чаго”. Калі бабуля ў хаце - ніякі чорт не палезе.
Далей усплывае эпізод з міфалагічнай вобразнасцю. “Нечакана з цемры паўсталі вялікі крыж, а за ім драўляная каплічка, якую звычайна ўзводзяць на могілках сяляне, каб там пазваніць у звон, калі нябожчыка хаваюць, ці яшчэ якую нагоду справіць...” [6, с. 247]. Калі гэтае невялічкае знешняе апісанне першапачаткова надае будынку рэальныя ўспрыманні, то пасля ўбачанага вачыма гераіні ўнутранае “абсталяванне” прыводзіць да супрацьлеглых уражанняў з боку фантастычна-міфічнай умоўнасці. “Калі святло выхапіла з цемры сцены і куты невялічкай будыніны, то дзяўчыне ажно галаву закружыла - з усіх бакоў на яе пазіралі, страшна ашчырэўшыся, чарапы. Іх было многа, можа, пяць дзесяткаў, а можа, і сотня. Як ламанула Лідзея адтуль бегчы, то толькі вецер у вушах засвістаў” [6, с. 247].
Выразна апісана магічнае дзеянне як сродак анімістычнага светапогляду да навакольнай рэчаіснасці, бачыцца магічнае маніпуляцыйнае ўздзеянне знахара, як вера ў чараўніцтва - зжыць нячысціка. “Дам табе пару карэнняў вялікіх, пару голек кусцікаў..., ды ўсякіх зёлак. Звары... на малым агні ў трох водах. Злі вар у пасудзіны, астудзі, перамяшай... Дачакайся, калі аспявае трэці певень, і ў той самы момант пакрапі жытло нячысціка... Нельга спачуваць нячысціку, бо канаць ён будзе ў чалавечым абліччы.” [120, с. 248-249].
Выкананы магічны абрад Лідзеяй з прытрымліваннем парады чарадзея паказаў праўдзівасць яго сілы выконвальнікам і яшчэ адну з характэрных міфалагічных рысаў першабытнага мыслення - татэмізм - веру ў перэваратня. “Ішоў ён невясёлы, але спяшаўся, бо крык пеўня для яго быў, што смерць. Ухапіўся за клямку і адразу ж закрычаў: А - а - а! Высачыла! Да смерці мяне давяла! - і тут у таго, хто зваўся Андрэем, вопратка з плеч апала і валасістая шкура праглянула. Спалохалася Лідзея... і пабегла не ў той бок вёскі, а ў супрацьлеглы, а галоўнае - азірнулася. А гэтага нельга было рабіць! Не паспела яна пад ногі глянуць і шуснула ў палонку..., захлынулася адразу” [6, с. 249-250]. Вынік магічнага абраду пашкодзіў магчымаму яшчэ “не спеламу” каханню паміж двума героямі, і дзякуючы яму не адбыўся вясельны абрад.
Легенда, як мы бачым, пабудавана на шматлікіх асаблівасцях мастацкіх сродкаў з захаваннем усталяваных эпізодаў, пэўных папулярных герояў, як гістарычнага, так і казачна-міфічнага эпасу з такой жа вобразнасцю. Тут можна вылучыць з сюжэтнай лініі мастацкі метад як метад рамантычнага тыпу з паказам выдумкі (чароўны клубок нітак, незвычайнае асяроддзе - каплічка з адмоўнымі з’явамі рэлігійнасці), ацэнка герояў і з’яў рэзка даецца супрацьлеглая: станоўчасць і адмоўнасць. Заўважаецца гэта нават у эпізодзе: “...Спачатку хлапчына кіраваў на суседнюю вёсачку, якая таксама ў лесе знаходзілася, але праз колькі крокаў нітачка пацягнула зусім у адваротны бок, туды, дзе раскінулася Гнілое балота, а на выспе, не даходзячы блізка да яго ляжалі вясковыя могілкі...” [6, с. 247]. 3 гэтага моманту і пачынаецца супрацьлеглы і адмоўны паказ тэкста. Пасля ўжо мы бачым што са станоўчага героя - хлопца Андрэя - ўтвараецца адмоўны герой - нячысцік - пярэварацень. Ды і само асяроддзе падаецца як мяжа - пераход з “белага свету” у іншасвет: станоўчае ў адмоўнае. Адмоўны бок не даў магчымасці перайсці гераіні Лідзейцы ў станоўчы: ад сполаху яна пераблытала дарогу - пабегла ў супрацьлеглы бок вёскі з трагічным вынікам.
Найвялікшае пачуццё чалавека — каханне з’яўляецца нейкім выпрабаваннем часу ў дасягненні пастаўленай мэты. У названым творы адлюстравана каханне, за маскай якога знаходзіцца рэзка адмоўны фактар, які раскрываецца ў жорсткім абліччы, быццам бы закаханага героя Андрэя. Важнай жыццёвай адзнакай вылучаецца асабістае ахвяраванне сваім жыццём гераіні з мэтай знішчыць жорсткасць. Тое, што іншасветныя чарадзейныя сілы мацнейшыя за яўныя чалавечыя паказаны ў творы ў адваротным кірунку. Смеласць і рашучасць прыдаюць пераможнасць нават у сітуацыі пры сутыкненні слабога (дзяўчыны) з моцным (пярэваратнем). У творы праяўляецца матываванае імкненне да справядлівасці, якая адраджаецца пры дасягненні перамогі над адмоўнымі сіламі сацыяльнага жыцця.
А пра тое, як неасцярожна паступаюць некаторыя даследчыкі, адносячы да легендаў, г.зн. да фальклору, наватворы пад фольк сучасных аўтараў сведчыць уключэнне ў кнігу “Міфы і легенды: ад Нёмана да Буга”, твора “Арлінае гняздо” лідзяніна С. Бэркуса. У сваім творы С. Бэркус звязвае імя язычаскага жраца часоў Гедзіміна Ліздзейкі з назвай рэчкі Лідзейка і назвай горада Ліда.
Паданне пра тое, як Гедзімін знайшоў хлопчыка ў арліным гняздзе і назваў яго Ліздзейкам запісана ў “Кроніцы...” Мацея Стрыйкоўскага, якая выйшла ў 1582 годзе. Але ніхто на працягу больш, чым 400 гадоў не звязваў Ліздзейку з Лідай. Гэта зрабіў Станіслаў Суднік у вершы Ліздзейка з-над Лідзейкі, апублікаваным на вокладцы часопіса “Лідскі летапісец” № 1 (21) за студзень-сакавік 2003 года.
ЛІЗДЗЕЙКА
З-НАД ЛІДЗЕЙКІ
Аднойчы на паляванні князь Гедзімін
знайшоў у арліным гняздзе малога хлопчыка.
Яго назвалі Ліздзейкам. (Lizdas па-балцку -
гняздо). Пазней Ліздзейка стаў галоўным
вешчуном ВКЛ. Зусім верагодна, што назва
горада Ліда паходзіць ад гэтага слова Lizdas.
Раз у пушчу, за даліну
На краі Дайновы
Почат князя Гедзіміна
Выехаў на ловы.
I на дубе, на высокім,
Між крывых галінаў
Нешта ім упала ў вока
На гняздзе арліным.
Князь паслаў туды пахолка,
I ён з дуба тога
Ўніз даставіў спрытна-лоўка
Хлопчыка малога.
- Бачыш ты, як ён высока
Ўжо “ўзляцеў” з радзінаў,
Будзе шлях яму далёкі
Побач з Гедзімінам...
А з таго, што на гняздзе тым
Хлопца адшукалі,
Імя годнае Ліздзейка
Ўраз яму надалі.
I мясціну тую Ліздай
Нараклі адразу,
Праз гады тут стане Ліда
З вышняй волі князя.
А пасля пачнуць калейкай
Баяць казкі людзі...
... Пра Ліздзейку з-над Лідзейкі
Згадкі ў іх не будзе.
Гэты верш ніякім чынам не прэтэндуе на фальклорнасць, ці легендарнасць. Паэтычная версія легендарнай падзеі, і ўсё.
Але 5 студзеня 2008 года фактычна гэты верш у празаічным пераказе з’яўляецца пад назвай “Легенда пра Ліду” ў газеце “Принеманские вести” за подпісам Т. Асіпенкі і С. Бэркуса. Гэта першая версія “Арлінага гнязда” С. Бэркуса. Такім чынам у кнігу “Міфы і легенды: ад Нёмана да Буга” ўключылі легенду, якой ажно два гады.
Наступная легенда “Бярозаўка” Аляксея Ненадаўца быццам бы раскрывае сакрэты паходжання назвы паселішча - аднаіменнага горада Бярозаўка.
“Некалі нашы продкі пакланяліся паганскім багам. Многа іх было, і буйных, і дробных, адным словам на ўсе выпадкі жыцця. Чалавек выбіраўся ў лес — маліўся таму Богу, які апекаваў над лесам і ляснымі звярамі, каб добра ўсё у гэты дзень атрымалася, каб не было ніякіх ліхіх здарэнняў. Выпраўляўся на рыбалку - адпаведна маліўся Богу вады, каб той ненарокам не раззлаваўся і не забраў яго ў падводнае царства. Так і жылі, так і пакланяліся... Але прыспелі новыя часы, і паўсюдна пачалі ўводзіць новую веру - хрысціянскую... Першым князь са сваёй сям’ёй стаў праваслаўным, затым яго прыбліжаныя пачалі новаму Богу маліцца, а ўжо потым сталі астатніх прымушаць у цэрквы да ў храмы хадзіць, на каленях стаяць і Усявышняму паклоны адбіваць...” [10, с.252]
Гаспадаром гэтай зямлі быў вяльможны княжацкі ваявода, які толькі жорстка і прымушаў людзей каб насілі на шыі крыжык ды ўсе з іх ад вялікага да малога былі ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Але аднойчы ваяводу прынёс пасланец вестку, што непадалёку ад яго замка жыве яшчэ чалавек, які прытрымліваецца паганскай веры і лечыць людзей ад усялякіх хвароб. Па загаду ваяводы гэтага паганца - лекара даставілі ў замак. Прычыну ў веру старадаўняга паганства бядняк прамовіў так: “Я пакланяюся тым багам, якіх мае бацькі і дзяды прызнавалі. I нікога я не баюся, бо нікога не забіваў, нічога не краў... Людзей вылечваў нямоглых, але платы ніколі не браў” [10, с. 252].
Тое што праўдзіва высказаўся бедны лекар, падцвярдзіў стары дзесяцкі. Гэта яшчэ больш узлавала ваяводу, але ўсё ж з гневам адпусціўшы старога, загадаў бедняку каб той кідаў паганскую веру. А ён зноў аўказаў: “Смерці я не баюся, бо пасля смерці цела прарасце мая душа. Яна не адляціць на неба, яна застанецца тут, на зямлі, і прарасце белай бярозай, бо ніколі я не рабіў людзям благога. Ты таксама не трапіш на той свет — асінай гнуткай і гнілой пасля скону станеш...” [10, с. 254].
Здарылася бяда - у ваяводы моцна захварэў адзіны сын, хваробу яго вылячыць не мог ніхто. Напомнілі гаспадару пра тога лекара, якога хацеў калісьці ён пакараць. Не адмовіў яму той бядняк - лекар. Хлопец праз нейкі час вылечыўся на радасць і шчасце бацькі.
Расчулены ваявода, ведаючы што цудадзейны лекар за сваю працу грошай не бярэ, загадаў слугам на тым месцы дзе жыў бядняк пасадзіць шмат бярозак: “Хай яны нагадваюць пра таго вешчуна і ягоных землякоў, якія яны светлыя і чыстыя душою...” [10, с. 256].
Адзіным слабым месцам гэтай легенды з’яўляецца тое, што гэта - таксама літаратурны твор. Ніхто ніколі такой легенды не чуў і не расказваў. А сама Бярозаўка мае назву ад бярозавага гаю ў маёнтку Астроўна, у якім у 1896-98 гадах размясцілася новая гута А.Ф. Квяцінскага і К.
Гэтую легенду можна прышпіліць да любога бярозавага гаю, да вёскі з глыбокай і цмянай гісторыяй, але прышпіляць да населенага пункта з гісторыяй у 125 гадоў - не карэктна.
Тапанімічнае паходжанне вёскі Крупава з аднаіменнай легенды мае цікавы сюжэт, які вызначаецца выразным сацыяльным матывам і апяваецца каханнем.
Аснова твора пабудавана на раскрыцці вобраза аднаго з герояў твора. Крупеня - хлопец з заможнай сям’і, якая была самай адметнай у паселішчы, мела неблагі запас грошай з сялянскіх прыбыткаў, дзякуючы багатаму кавалку зямлі і вятраку. А сам Крупеня быў адзіным сынам у сям’і, ды пры гэтым вельмі хітрым і што галоўнае, ахвочым да жанчын. Спадабалася яму мясцовая, непрыгожая і незадаволеная жыццём Гэлька, з якой вырашыў ажаніцца. Але яго бацькі не далі згоды жаніцца з гэтай дзяўчынай, маўляў, толькі не з ёй. Варагаванне з паўгода з бацькамі прымусіла іх даць згоду. Але супраць гэтага была сама Гэлька, казала сваім бацькам, што калі выдадуць за яго замуж, то ўтопіцца. У час сватання ў садзе сустрэлася Гэлька з яе каханым Іванам, які і сказаў каб яна выходзіла за Крупеню - за багацейшага, чым ён сам. Але ж дзіця яна хацела мець ад Івана, для чаго і знайшлі месца ў лазенцы. Даведаўшыся пра гэта, Крупеня падпаліў будынак і ўцёк... Пажар не стрымалі, а маладую пару выпусцілі. Агонь спаліў усю вёску. Крупеню выгналі з паселішча, яго бацькі памерлі. А вёску, якая аднавілася з уцалеўшай лазенькі назвалі Крупенева, а пасля Крупава.
Увесь твор праходзіць у рамантычна-традыцыйнай абмалёўцы, у супярэчнасці ўсіх герояў, з іхнімі эвалюцыйнымі светапоглядамі на навакольнае асяроддзе. Амаль уся кампазіцыйнасць пабудавана на гнеўным пратэсце супраць непаразумення дзейных асоб. Гэтае адлюстраванне праяўляецца і ў наш час.
Вобраз галоўнай дзейнай асобы - Крупені, раскрываецца ў псіхалагічнай характарысхыцы і разам з тым з адмоўным супрацьпастаўленнем: “Сам з сябе нічога такі ўрадзіўся: высокі, плячысты, не асілак, але і не слабы, калі трэба было за сябе пастаяць ці дзе якую справу кулаком даказаць, то і гэта мог зрабіць без чужой дапамогі;... урадзіўся хітрым і надта жвавым, а ўжо такі падкі да жанчын быў, што і бацькі не ведалі, у каго ён пайшоў...” [10, с. 256].
Вобраз хлопца ў легендзе не ідэалізаваны. Ён малюецца несправядлівым, жорсткім і дэспатычным: “Узяў здаравеннае палена, падпёр ціхенька дзверы і падпаліў лазеньку, а сам адбегся да Гэльчынай хаты”. [10, с. 258].
Паказаны незразумелыя адносіны хлопца да дзяўчыны: “Была яна зусім непрыгожая, дробненькая, змізарнелая, здавалася, што яе нехта пастаянна крыўдзіў, ... была вечна незадаволена і жыццём, і тым, што адбывалася навокал...” [10, с. 256].
Але перад бядой - непажаданым замуствам - ціхасць Гэлькі (“сядзела сабе ціхенька, і нельга было зразумець ці радуецца яна, ці пра нешта іншае думае...”) пераходзіць у пратэстны стан (“упала перад сваімі бацькамі на калені і запрасілася..., пачала галасіць, валасы на галаве рваць...”).
Апісанне знешнасці і ўнутранага стану герояў, супрацьлегласць характараў - вобразаў, іх станоўчасць і адмоўнасць вызначаюць мастацкі метад фальклору рамантычнага кірунку.
У творы ўздымаецца праблема недружалюбнасці, непаразумення ў сямейным асяроддзі, дастатковасць і непрымушанасць пылкага чалавечага пачуцця, якое прыходзіць як ратаванне ад гэтага непаразумення.
Аднак і пра гэтую легенду мы можам сказаць, што яна не тутэйшага паходжання і, калі пра Крупава, то не пра лідскае, бо кожнаму вядома, назвы Крупеня вёска ніколі не насіла. Спрадвечная назва вёскі - Крупа, якая выводзіцца ад імені баярына Крупаса.
Наступнае паданне - паходжанне вёскі Лідскага раёна - Моцевічы будуецца ў іранічным кантэксце на вобразе станоўчага героя Мацея. Ужо ў пачатку твор раскрываецца ў гумарыстычных элементах у спалучэнне з слоўным майстэрствам.
“Ад Мацея, які некалі жыў тут, пайшла назва вёскі. Такі ўжо штукар быў, што людзі яго з замілаваннем згадваюць. А калі хто якую штуку выкіне, то і зараз скажуць: Няйначай Мацеевы ўнукі пастараліся, іншыя да гэтага не дадумаліся б” [10, с. 264].
Штукарствы Мацея - высмейванне, нечаканае раскрыццё вобразнасці - выказвання той ці іншай асобы паказаны на працягу ўсяго твора.
У нечаканым становішчы аказаўся сусед, якога за працу гаспадары вырашылі пачаставаць смачным абедам. Пакуль з ім былі гаспадары, то паесці яшчэ змог, а калі выйшлі, то і “лыжку да рота так і не данёс”. А “дзякуючы” гэта гаспадароваму сыну Мацейку, які вызначыўся слоўным падколам: “—Ты дзядзька, есці еш, але не забывайся пра тое, што і мне пакінуць трэба. Ды не самага горшага і не таго, што сам ужо паспрабаваў...” [10, с. 264].
Разгублены мужчына так і застаўся не паеўшы і не прызнаўся гаспадарам, у чым прычына адмаўлення ад яды. У наступным штукарстве Мацей паказаны як спрытны жартаўнік - селянін, высмейвальшчык багатых і бацюшкі.
Аднойчы штукар украў у бацюшкі “двух самых лепшых коней” і прадаў іх цыганам. У выніку “у вёсцы перапалох: гамана, крыкі, матушка плача, валасы гатова на сабе рваць, а бацюшка напіўся з раніцы...” [10, с. 265]. А Мацей адляжаўшыся ад добрага падпітку вырашыў пасмяяцца над бацюшкам і замаліць свой грэх - кражу ў яго самога (бацюшкі) коней. “У бацюшкі ледзьве вочы не павылазілі” ад пачутага, але каб грэх сышоў з душы, святар прапанаваў Мацею прызнацца аб гэтым пры ўсім народзе ў самой царкве пасля малебна. Бацюшка дачакаўшыся гэтага дня “задаволена нешта спяваў, не вельмі падобнае на божыя малітвы”, папярэдзіўшы сялян аб выступленні Мацея пасля малебна, маўляў, што ўсё “што скажа ваш аднавясковец, чыстая праўда!” Гэтыя словы яшчэ больш прыдалі смаку для выхадкі Мацею, ён і прамовіў: “Усе дзеці ў нашай вёсцы, якія рыжыя - гэта бацюшкава работа” [10, с. 266].
Калі вобраз, які створаны ў мастацкай творчасці з’яўляецца тыпазаваным, то тут характэрная сатырычна-гумарыстычная форма фальклорнай тыпізацыі з яе іроніяй. Вобраз Мацея як станоўчага героя паказаны ў абліччы простага селяніна, смелага, упэўненага ў сваіх учынках над ашуканцам - бацюшкам. Мацей, лічачы бацюшку, як і пана - багацея несумленным чалавекам, паказаў яго з негатыўна-адмоўнага боку, у камічным выглядзе (“матушка валасы рвала”, “бацюшка напіўся з раніцы”, “бацюшка спяваў не божыя малітвы”). Дасціпны сялянскі гумар, антыклірыкальнасць знешне набліжаецца да казачнага эпасу, што характэрна ў абмалёўцы сатырычнай казкі. Тут станоўчы герой вабіць сваёй смеласцю, рашучасцю, розумам, непрымірымасцю да несправядлівасці. Адмоўны персанаж створаны шляхам раскрыцця неадпаведнасці паміж вонкавай веліччу і ўнутранай нікчэмнасцю.
Географа-тапанімічныя легенды звычайна прымеркаваны да пэўных урочышчаў, рэчак і азёр і з дапамогай паэтычнай выдумкі, умоўнасці тлумачыць іх паходжанне, паходжанне назваў. Узнёсласць, уласцівая легендам, выяўлена ў творы “Крыніца” [10, с.258-261]. Тут характэрна яшчэ і такая асаблівасць, як прыкрасць, што затуляе прыгажосць і дабрадзейнасць зместу прыроднага асяроддзя. Легенда пра крынічку толькі з самага пачатку ва ўступе павернута да чытача са станоўчага боку, а астатняя частка насычана адмоўнасцю зместу, маральнай і фізічнай нявыхаванасцю герояў, дурасцю, жорсткасцю.
Змест легенды наступны: працякала “тут недзе, зусім недалёка, крыніца”, з якой людзі пілі ваду летам і зімой. Яна не замярзала, была халодная ды сцюдзёная, чыстая і сілы аднаўляла. За яе карысць, зрабілі людзі ля яе зруб, павесілі гарлачык. (Вось гэта і ёсць станоўчая асаблівасць твора). Далейшая гісторыя такая. Двое падарожных — старэйшы і маладзейшы, крочылі паўз крынічкі. Вырашылі папіць і адпачыць каля яе. Малодшы быў злейшы, не рабіў людзям дабро, ды “не толькі нораў больш суровы меў, але і сілы ў яго было болей, ... то кухталёў і надае”. [10, с. 260].
І ўшчувальныя словы старэйшага яму не дапамагалі, то і заставалася, як толькі падпарадкавацца. Вырашыў малодшы ў адказ за добры ўклад людзям па аздабленні крынічкі выканаць паскудную справу: кінуць на дно капейчыну. “Кіну яе ў ваду - яны і пачнуць ад грошай шалець. Скончыцца іх мірнае жыццё, будуць яны адзін на аднаго скоса глядзець, ваўкамі зырыць. Яны ў мяне спазнаюць, што такое ліха!... Каб яны ў нечым вінаватыя былі, дык я ім не так жыццё сапсаваў бы!” [10, с. 259].
Першай натрапіла на хітрасць маладзіца, якой закарцела даведацца, што там так свеціцца і “перагнулася цераз край і гопнулася ў ваду - толькі пырскі паляцелі”. Наступным “пашанцавала” двум дзяцюкам, якія ад убачанага “раты ад здзіўлення раззявілі”, і пасля ад уласнай сквапнасці адзін аднаго пабілі, “крычалі, енчылі, стагналі ад болю”. У знак задавальнення з удалага выбрыку, малодшы вандроўнік сказаў, што ўсе “яны мяне да скону жыцця памятаць будуць”. Валтузня местачкоўцаў была пасля зноў страшэнная, дваіх чалавек да смерці забілі. Але прыпыніўшыся, сяляне задумаліся пра сваю бойку, якая зняважыла ўсю крынічку. I вырашылі ад гэтай бяды пазбавіцца праз бацюшкавае асвянчэнне. Святар уміг развёў гэтую праблему: дастаў з дна капейку і забраў яе сабе. Прапанаваў ён выйсце з магчымага новага ліха: пабудаваць ля крыніцы святую капліцу, “тады Усявышні над усім наваколлем апекаваць будзе”.
Легенда пранізана матывам прагнасці, якая вядзе да злачынных учынкаў. Прычынай нязгоды з’яўляецца матэрыяльная неабходнасць - стыхійны матэрыялізм. “Грошай, відаць, да гэтага часу не бачылі і не ведаюць што гэта такое,” - так вырашае адзін з персанажаў. Пасля гэтага адбываецца перавага злога над добрым. Толькі заключная частка і растаўляе ўсе адмоўныя супярэчнасці на месца — як толькі “бацюшка капейку забраў сабе ў кішэню, потым асвяціў зруб, ваду...” Тут адчуваецца ўплыў рэлігійнага вучэння - як мэта паказаць сілу святарскага дзеяння (“асвяціў зруб, ваду”). А разам з тым паказваецца - прага да багацця, грошай не толькі простых людзей, але і бацюшкі. “Калі той (дзяк), ляскаючы зубамі ад холаду, вылез (з крыніцы), то бацюшка капейку забраў сабе ў кішэню” [10, с. 261]. Але гэта выглядае, як збавенне простым людзям ад усіх людскіх заганаў.
Наступны географа-тапанімічны твор тлумачыць пра паходжанне назвы вёскі Гуды. На гэты раз у аснове падання “Ці гудзеў гуд у Гудах?” з дамінантна-пазнавальнай функцыяй ляжыць апаэтызаваны вобраз.
Станоўчасць пануе на працягу ўсяго апавядання, што даказваюць вобразы двух неразлучных сяброў, якія мелі адно і тое ж імя і, што цікава, яшчэ пакахалі адну і тую ж дзяўчыну Ганну ды і нарадзіліся Міколы ў адзін і той жа дзень і год з аднолькавымі характарамі. Адна толькі розніца ў іх. Адзін меў дзіўны музычны слых, граў на розных інструментах, а ад спеваў “усё навокал замірала ад яго боскага голасу”. Другі працаваў у мясцовай гуце, дзе вырабляў цуда - вырабы са шкла і крышталю, “што немагчыма было адарваць ад іх вачэй”.
У адзін і той жа дзень яны заслалі сватоў да дзяўчыны. Вызначыць лепшага з іх павінна была перамога аднаго з закаханых у трох выпрабаваннях. У якасці аратага на раллі, у спаборніцтве пабегу былі яны роўныя. Наступным майстэрства павінна сваё павінны былі вынесці на суд жыхароў вёскі. Мікола — пясняр “запеў так, што лёгка стала на сэрцы ва ўсіх людзей... [16, с. 3].
Мікола - гутнік захапіў сваім відовішчам - клеткай. 3 яе выпырхнула незвычайная дзіўная птушка, якая перад усімі “такія каленцы сваім пошчакам пачала вырабляць, нібыта тыя салаўі”, а потым яна села на плячо Ганны “ды так забілася, зашчоўкала” што людзі радасна “падвялі Міколу - гутніка да любай Ганначкі, абвязалі іх самым раскошным ручніком” [16, с. 3] і сыгралі гучнае вяселле, ад якога гуд ішоў навокал. А Міколка - пясняр жаніўся на сястры Ганны — Марысьцы, заснаваў іншае паселішча, і там вырабляў шкляныя рэчы, але не лепшыя чым у яго сябра.
Нажаль і ў гэтай легендзе, якая нам вядома ў апрацоўцы М. Маліноўскага з Баранавіч (а магчыма і чыста ім прыдуманая), больш літаратуры, чым фальклору. Прынамсі, і гэтую легенду на Лідчыне ніхто ніколі не чуў, а назву Гуды славянская вёска атрымала ад суседзяў балтаў, гудамі і сёння літоўцы называюць усіх беларусаў.
Да мясцовага фальклорнага аповедупадання можна аднесці звесткі пра ўзнікненне Лідскай музвучэльні, на месцы якога размяшчаўся жаночы манастыр. Многія манашкі грашылі, а немаўлят - свой грэх, яны закопвалі каля сцен манастыра. Аднойчы, адзін з святароў, праязжаючы побач сказаў: “І будзе граць музыка на могілках немаўлят” [4, с. 14]. Усё б тут добра - ды быў на гэтым месцы мужчынскі кляштар, а не жаночы.
Калі казаць пра звышнатуральнасць і міфічнасць, то бытуе паданне пра Лідскае возера. Першапачаткова, тлумачыць аповед, тут знаходзілася яўрэйскія могілкі, праз якія ішла дарога. Перад тым, як запаўнялася возера, чалавечыя парэшткі перазахавалі, але не ўсе з родных адклікнуліся на гэты рытуальны абрад. I пасля гэтага ўзнікшае возера падняло на паверхню косці, саваны, розныя рэчы. А дарога, якую памятаюць лідзяне, так і засталася там.
Бадай, такі сюжэт і ў легенды пра Вялічкаўскае возера, але з характэрнымі канкрэтнымі асаблівасцямі. Аповед ідзе пра адну ўдаву, якая выдзялялася ў вёсцы Вялічкі беднасцю, маючы дзяцей. Калісьці яе сям’я жыла ў згодзе, пакуль не выехаў на заробкі сам гаспадар хаты дзеля падняцця сямейнага капіталу і ў выніку чаго не вярнуўся.
Адным разам у вёску прыйшоў стары жабрак. Але ж прытуліцца яму тут не было магчымасці: яго гналі з хатаў. Толькі ў беднай удавы ён знайшоў сабе кут для начлегу і нават падсілкаваўся нішчымнай заціркай. Назаўтра жанчына здзівілася: у хаце было многа хлеба і ўсяго іншага. Дзед ёй на адыходзе прамовіў: “Выйдзі з дзецьмі з хаты і ідзі не аглядаючыся, хоць што-небудзь і пачуеш. Як аглянешся, то на месцы тваёй хаты варасце груша” [21, с. 33].
Выканаўшы загад дзядка, яна пачула за спіною трэск, шум, енк. Усё ламалася, вёска прапала, а на яе месцы ўтварылася возера, а замест хаты ўдавы на беразе стаяла груша. Як толькі жанчына павярнулася, то адразу ператварылася ў камень.
На другі дзень суседнія жыхары бачылі як выплывалі дзверы, аконныя рамы і іншае. Дазнацца пра глыбіню возера сялянам не ўдалося. Калі яны апусцілі жэрдку, то з дна данеслася: “Не мерай тычыною, бо памераеш галавою!”, а калі вырашылі вяроўкай, то: “Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю” [21, с. 33]. (Глыбіня возера - 15 метраў.)
Так і здарылася. Калі адзін з вяскоўцаў схіліўся паглядзець у возера, то адразу і гопнуўся ў ваду, яго не сумелі выратаваць ды і само цела не знайшлі. А на беразе гэтага возера і цяпер расце груша, а ля яе ляжыць камень з адбіткам, падобным на жаночую руку.
Гэтаму твору ўласціва паэтычная выдумка, трагічнасць, а таксама замацавана адна з шырока выкарыстаных формаў мастацкай тыпізацыі як фантастычна-міфічная ўмоўнасць. Але разам з тым ёсць рэальны факт геаграфічнага размяшчэння возера і тлумачэнне сутнасці каменя і мясцовага дрэва - грушы.
Груша і камень - гэта быццам пераўвасабленне, сімвал людскасці, чуласці, вытрымкі лёсу, але разам з тым станоўчасці і стойкасці ў выпрабаванні часу. Словы жабрака “Дай вам Бог, каб за ласку да мяне ўзнагароджаны лёсам заўсёды былі... Кожны будзе ўзнагароджаны. Прыйдзе той судны час, калі ўсім будзе раздавацца тое, што заслужана” [21, с. 33] сімвалізуюцца праўдзівасцю, вернасцю і з’яўляюцца адплатай як быццам вернутай бумерангам - кармай: дабро — дабром, ліха — ліхам.
Возера - таксама пераўвасабленне і сімвал, але ўжо ў ацэнцы адмоўнасці як вынік - асуджэнне бестурботнасці, абыякавасці, нялюдскасці ў адносінах да вандроўніка.
Падобныя сюжэты з правальваннем вёскі пад зямлю і ўзнікненне на яе месцы возера сустракаюцца і ў іншых рэгіёнах Гарадзеншчыны. У прыклад гэтаму могуць паслужыць паданні “Пра паходжанне назвы возера Бяздоннае” (Зэльва) і “Пра ўтварэнне возера Свіцязь” (г. Наваградак). Адзінае адрозненне ў гэтых творах праяляецца ў тым, што разам з вёскай узгадваецца царква. Вёскі аднатыпна праваліліся пад зямлю і на месцы іх утварыліся азёры са своеасаблівымі назвамі. А доказам затануўшай царквы з’яўляецца праяўленне царкоўных крыжоў на сярэдзіне возера ды чаплянне рыбалоўнай сеткай за яе вежы. А ў якасці гераіні аповедаў - чулай жанчыны ўзгадваецца яе пераўтварэнне ў каменную пліту ці ў сам камень. Характарыстыка зместу таксама пакідаецца ў мастацкім асяроддзі з тым жа матывам і вобразам з паказам трагізму, як у знак бестурботнасці - адмоўнасці і чуласці - станоўчасці. 3 гэтага ўсяго вынікае, што дадзены твор “Вялічкаўскае возера” мае дачыненне да галоўнай адзнакі вусна-народнай творчасці - варыятнасці, і ўзнік ён папярэдне ў калектыўнай групоўцы.
Эпізод з ператварэннем чалавека ў камень можна сустрэць не ў адным фальклорным творы. Да аднаго з іх “Князёўна”[5, с. 92] датычыцца наступны аповяд пра князёўну - чараўніцу і каралевіча, якія кахалі адно аднаго. Хлопец прыязжаў да дзяўчыны на кані, а яна прывязала да конскай нагі зачарованы клубок нітак з мэтай каб каралевіч яе не кінуў. Аднойчы клубок скончыўся, зляцеў і хлопеў ператварыўся ў камень - як пакаранне за чары князёўны. Дзяўчына малілася ля каменя з просьбай вярнуць назад свайго каханага, абкрапіла жывой вадой і прачытала замовы. I цуд: камень стаў чалавекам. Вярнулася каханне, справілася вяселле.
Вышэй сустракаўся твор на міфалагічна-магічную тэму (легенда пра Ліду з персанажам пра пярэваратня). Тут такі ж самы прыём чарадзейства, магічнага дзеяння — клубок нітак як сродак не ўпусціць каханага, але ў выніку ён толькі пашкодзіў. Адным словам, бачна, што ў час нараджэння легенды панаваў анімізм з магічнымі ўяўленнямі, як вера ў існаванне духаў (у дрэве, каменні), якім людзі пакланяліся, верылі ў іх сілу, прамаўлялі розныя замовы, накляцці. Твор паказвае неасцярожнасць князёўны пры звароце да магічных сродкаў, але ж разам з тым праяўляецца і сіла магічнага слова і цудадзейная жывая вада прыйшла на дапамогу веры ў моцнае чалавечае пачуццё - каханне.
Легенда - фальклорны жанр, які мае скіраванасць у гістарычнае мінулае, але яна не поўна і не паслядоўна ўзнаўляе гістарычныя і бытавыя абставіны той падзеі, пра якую ў ёй апавядаецца. Іншым разам у ёй бывае шмат мастацкай выдумкі з набліжэннем яе да казкі з фантастычнымі сюжэтамі з сацыяльна-утапічнай класіфікацыяй.
Характэрнае ў гэтым плане легендарнае паданне “Адкуль зязюля ўзялася”.
Дзяўчына (унучка), якая дала абяцанне вужу выйсці за яго замуж толькі каб ён дазволіў набраць вады з калодзежа для хворых дзеда з бабай, прымушаецца да здзяйснення сваёй клятвы. Пераадаленне выпрабаванняў, якія ставіць сам вуж (адчыніць яму дзверы ў яе хату, павячэраць з ім; паслаць пасцель і легчы з ім разам) вядуць да разгадкі сакрэту - тайну гэтай чарадзейнай асобы. Ператварэнне вужа ў прыгожага хлопца кажа пра рысу, якая характэрна для першабытнага мыслення - татэмізму, як вера ў пярэваратня і ў магічнасць слова, як пракляцце (у гэтым выпадку “дзякуючы” пракляццю бацькоў за непаслушэнства). Казачны эпізод - спальванне бабуляй смужкі вужа ў печы разглядаецца ў міфалогіі як памежжа розных светаў і нават сімвалізуе іншасвет, што і характэрна для мноства казачных твораў. Сутнасць змея (вужа) у казках успрымаецца як варожая сіла, як увасабленне ўсяго адмоўнага, зла і несправядлівасці. У гэтым выпадку змей (вуж) паказаны больш са станоўчага боку. Ён пазбаўлены чалавечага жыцця, пракляты бацькамі, нажыў з жонкаю (унучкай) хлопчыка і дзяўчынку. Ён варожа ставіцца да сваіх бацькоў, якія прычынілі яму пакуты. Варожасць ягоных родзічаў даказана ў эпізодзе ў пазбаўленні жыцця іх сына - вужа (адрэзалі яму галаву), дазнаўшыся пра сакрэт подзыву яго да сябе. Сакрэтны подкліч “плыві - плыві, тупеначка, плыві - плыві да берага, калі прыплыве белая, то паеду, а як чырвоная, то тут буду” прымусіў дзяўчыну застацца на радзіме яго жорсткіх бацькоў. Але ж лёс склаўся іначай: “хлопчыка перамяніла ў дубочак, а дачку - у асінку, а сама стала зязюлькаю” [5, с. 83].
Гэта яшчэ раз гаворыць пра чарадзейныя з’явы з татэмістычным ухілам. А з міфалагічнага погляду вынікае, што птушка тыпу зязюлі з’явілася з-за страты свайго мужа - вужа, што часам паруецца з ім як пераўтварэнне станоўчасці ў адмоўнае, якое бытуе заўсёды побач, але на гэты раз у адным вобразе - літаратурным прыёме, алегорыі.
Пра паходжанне бабы, як чалавека здольнага на сваркі, распавядае этыялагічная легенда “Дзе чорт не мог звесці пасварыціся, то бабу паслаў”. Асноўнае ў сюжэце - падштурхоўваннне бабы да канфлікту - спрэчкі паміж мужам і жонкай. I ўсё гэта адбываецца дзеля просьбы звышнатуральнай міфічнай істоты - чорта, які “не мог ніяк звесці пасварыцеся” спагадлівую пару пражыўшую ўсё жыццё ў згодзе. Прывабіўшы бабу лапцямі, без якіх яна нават зімою хадзіла босая, чорт дасягнуў сваёй мэты.
Баба давяла гэтую справу да таго, што мужык “давай жонку біці, а яна стала адбіваціся, давай яны ўжо сварыціся і біціся” [5, с. 88].
Як бачна, што чорт - гэта хоць і звышнатуральная істота, якая здольная нарабіць нямала няшчасцяў, але ж адначасова - гэта істота, слабая розумам. Чорт у міфалагічна-фальклорным творы паказаны ў амбівалентным вобразе: валодаючы магутнай звышнатуральнай сілай, значна большай, чым баба, ён бяссільны ў супрацьстаянні чалавечага розуму.
Баба ў творы - адыёзная асоба, якая здольная паўплываць на лёс людзей з нечаканага негатыўнага боку для адчужэння блізкіх адносін нявіннаспагадлівай пары. Гэты персанаж, які бытуе ў сацыяльных з’явах паказаў праўдзівую рэальнасць грамадскай рэчаіснасці, гэта значыць непрымірымую супярэчнасць. Баба адлюстравана як вобраз з алегарычным адценкам (“і ўжо цяпер лепей чорту вер, як бабе”), з іншачалавечымі светапоглядамі непадобнымі ні да жаночых ні да мужчынскіх уласцівасцяў.
Згодна з міфалагічнай трактоўкай можна зрабіць вынік, што звонку баба - прадстаўнік жаночага полу, жанчына, а з унутранага яна выступае як прадстаўнік іншага свету і таму можа ўплываць на лёсы людзей. Персанаж паказаны з рысамі скрытай гіпербалізацыі (“I ўжо лапці перадаваў бабе цераз раку на патыку, бо ўжо і чорт баяўся да бабы даступіцца” і з гратэскавым успрыманнем [5, с. 88].
Асаблівасцю ўвасаблення рэчаіснасці твора з’яўляецца сцвярджэнне станоўчага ідэалу праз іранічна-гумарыстычны паказ архаічных з’яў у народным побыце. Кантрастнае чаргаванне эмацыянальных малюнкаў, спалучэнне фантастыкі і рэалій, дынамізму дзеяння з’яўляюцца структурнымі адзнакамі твора. Раскрываючыся ў творы, яны ўздываюць матывацыю знешніх, этнаграфічна-бытавых праяў жыцця, адлюстроўваюць праўдзівасць сацыяльнага досведу народа, ракрываюць яго ўнутраны стан, пачуцці і імкненні да несправядлівых учынкаў, здзейсненых шляхам ганебных спраў.
Асноўнай адзнакай народнай творчасці, вядома, з’яўляецца варыянтнасць твораў, якія нават апрацоўваюцца літаратурным почыркам вядомымі беларускімі творцамі-паэтамі. Твор Францішка Багушэвіча “Гдзе чорт не можа, там бабу пашле” з’яўляецца доказам вышэй аналізаванага твора.
Рэальную каштоўнасць для беларускай культуры ўяўляюць легенды, запісаныя да пачатку ХХ стагоддзя, з вялікай нацяжкай - запісаныя ў першай палове ХХ стагоддзя. Легенды, якія пачалі з’яўляцца ў друку ў другой палове ХХ стагоддзя выклікаюць глыбокі недавер, бо ў большасці сваёй з’яўляюцца тварэннямі малапісьменных аматараў. Задачай гэтых псеўдалегендаў было замаскаваць рэальную гісторыю, падмяніць гістарычныя публікацыі байкамі і казкамі, бо заглушыць само імкненне да гістарычных ведаў аказалася немагчымым. Пры савецкай уладзе гэтыя тварэнні насілі ярка выражаны класавы характар і лёгка распазнаюцца З пачатку 90-х класавы характар знік, але аматарам стварыць нешта пад гісторыю стала лягчэй друкавацца, і колькасць псеўдалегендаў значна павялічылася. Таму вельмі важна адрозніваць фальклор і фолькбелетрыстыку.
Неправільныя веды - горш за няведанне. Псеўда-легенда - гэта значна горш, за адсутнасць усякай інфармацыі.
МАСТАЦКІЯ АСАБЛІВАСЦІ НАРОДНЫХ КАЗАК ЛІДЧЫНЫ
Казка - адзін з апавядальных жанраў фальклорнай спадчыны. Узнікненне казак адносіцца да глыбокай старажытнасці, як і самога фальклору ў цэлым.
Існуе ўмоўная класіфікацыя, падзел казак на казкі аб жывёлах, чарадзейныя, або міфічныя і сацыяльна-бытавыя. Кожная з груп мае ўласную спецыфіку ў асаблівасцях зместу, сістэме вобразаў, прыёмах мастацкага адлюстравання рэчаіснасці пры дапамозе выдумкі і заключае ў сабе дыдактычна-павучальны сэнс. Як пазначана ў пачатку працы, выдатным руплівым збіральнікам фальклору на Лідчыне быў Уладзіслаў Вярыга, які ў сваёй кнізе “Беларускія паданні” (г. Львоў, 1889 год) змясціў 23 беларускія казкі з Лідскага павету. Большасць іх адносіцца да класу чарадзейных.
“Лёкай - камень” - казка з гратэскавым адлюстраваннем герояў. Вядучую ролю займае вобраз лёкая як выратавальніка, ахоўніка купца, а пазней - панскага сямейства. Аднойчы яму, калі ён плыў на караблі разам з гаспадарамі (панамі) да іх родзічаў, прысніўся сон, што, “хто на акрэнце (караблі) пераначуе тры ночы, будзе шчаслівы”. Дазвол купца на просьбу лёкая, каб выканаць гэты сон на працягу трох начэй быў дадзены. I вось раскрываецца сюжэт казкі. На карабель тры ночы запар прылятае птушка і раскрывае тайну - перасцярогу прыезду гаспадароў да сваіх родзічаў. Адна акалічнасць, якая гучыць на працягу трох начэй у гэтых таемных сцвярджэннях “хто чуе гэтае слова і перакажа, той па калена, ... то па пояс, ...то саўсім каменем абвернецца” [24, с. 357] тлумачыцца як праяўленне аднаго са старажытных жанраў фальклору - замовы.
Праўдзівасць сказанага прарочай птушкай ўбачыў і адчуў сам лёкай, перасцерагаючы купца з жонкаю ад злых учынкаў жорсткіх слугаў. Намаганні іх пачаставаць атручанай гарбатай прымусіла лёкая наўмысна ўпасці і разбіць шклянку; падвоз купца раз’юшаным канём таксама перасцярог лёкай, які вядучы, прабіў каня мячом. Усё атрымалася б у сакрэце, калі бы не трэцяя злая ноч - адпачынак купца з жонкай, у пакоі з дванаццацігаловай змяёй пад падлогай Змага ючыся з гэтай злюкай - адсёкшы ёй голавы, лёкай запырскаў змяінай крывёю ўвесь пакой.
Вырашыўшы пакінуць усё у сакрэце - змыць усю кроў, ён убачыў крывяную кроплю на ілбе пані, якую хацеў злізаць языком, і гэта ўбачыў сам купец. Думаючы, што лёкай цалаваў яго пані сказаў да смяротнага пакарання іх ахоўніка. Адчуваючы сябе ў безвыходным становішчы, лёкай прызнаецца ў прарочым сне з усімі падрабязнасцямі. I хоць бачачы, што птушынае прадказанне збываецца, ён не здаючыся распавёў усё да апошняга. “I як казаў усе гэтыя словы, так і заўсім абвярнуўся ў камень” [24, с. 358]. Шкадаванне купцом вернага служкі прымусіла забраць гэты камень. Але праз некалькі год купцу прысніўся сон і таксама прарочы, у якім тлумачылася вяртанне лёкая толькі праз смерць дзяцей самога пана — купца, кроўю якіх патрэбна абмазаць камень. Пан выканаў гэты жорсткі абрад, лёкай стаў чалавекам. Але ж у канечным выніку і самі дзеці былі жывыя.
Сюжэт казкі пераносіць слухача ў казачны свет, у якім асэнсоўваецца не сон лёкая, а сон самога купца, дзе казачнасць - у неверагоднасці ажыўлення яго дзяцей і сапраўднай удзячнасці да слугі.
У аснове казкі ляжаць праблемы маральна - этычнага плану. Барацьба дабра і зла, праўды і маны складае асноўны змест. Эпізоды з прадказаннем птушкі, прарочасць сна купца, пераўтварэнне лёкая ў камень надаюць твору таямнічасці і чароўнай прыгажосці. Марай аб чалавечым шчасці напоўнены сэнс твора. Сакрэт яго набыцця - начлег на караблі тры ночы. Цікавыя, але ў той час трагічныя прыгоды пераносяць слухача ў нябачанне яе неспраўданасці, але эпілог твора ставіць кропку над пакутамі герояў і трывогамі слухачоў.
Характэрнымі асаблівасцямі твора з’яўляюцца такія прыёмы, як рэтардацыя. Трохразовае пўтарэнне дзеяння, паэтычная формула для перадачы падабенства (“падобны да падобны”), што і надае характарыстыку дзейным асобам.
Казкі “Дурны сын” і “Іванушка - дурачок” характарызуюцца як творы, вытокі якіх ляжаць не толькі ў працавітасці нашых продкаў, у іх вераваннях і звычаях, але і ў сацыяльных адносінах, уласцівых пэўным эпохам. Сюжэт гэтых твораў мае шматлікія варыянты. Як і ў большасці з іх ён раскрываецца з сямейнага апісання. “Адзін цар (бацька) меў тры сыны: адзін дурны, а двох разумных. Як уміраў іх бацька, казаў ім прыходзіць па адной ночы каждаму начаваць на магілу” [24, с. 395].
Гэты эпізод гучыць матывам, як будучае атрыманне сваёй долі спадчыны і аналізуецца захаваннем рэшткаў культу продкаў. Малодшы сын, які адзін выконвае бацькоўскі загад прыходзячы на магілу замест двух разумных братоў і за гэта шчодра ўзнагароджаны бацькам (атрымлівае цудадзейную палачку; у другім варыянце - сакрэт незвычайнага дуба, у якім стаіць трое коней), з’яўляецца асноўным захавальнікам гэтага культу.
Дзякуючы цудадзейнаму прадмету, у творы выпрацаваны свой адметны стыль, замацоўваецца казачная абраднасць, якую складаюць мастацкія формулы - апісанні знешняга падабенства героя (“Брат іх той дурны, выйшаў за браму і махнуў палачкай: і яму конь асядланы, і ён убраны” [24, с. 395], “Іван схадзіў да таго каня, улез яму ў адно вуха, вылез праз другое і зрабіўся прыгожым хлопцам” ) [5, с. 23]. Сярод мастацкіх вобразаў, галоўнае належыць гіпербалізацыі (“Прыехаў да крулеўны і скочыў на... пентра (паверх, другі паверх) з канём”).
Вобраз героя - дурня паказаны не як вобраз чалавека без розуму, а як чалавека кемлівага, разумнейшага за яго братоў, за тых, з кім сутыкаецца. Гэтым яшчэ раз даказывае эпізод аб раненні яго нагі ў час змагання, злыгаўшы, што “сёк у жыда дровы і ўсёк ногу” [24, с. 396], ці ў другім варыянце пры сарванні пярсцёнка з пальца царэўны, адказаўшы, што палец яго абвязаны па прычыне “зрэзаў крышку палец” [5, с. 23].
Цудоўны памочнік - палачка, атрыманая ад бацькі, дапамагае герою ажаніцца з каралеўскай дачкой, перахопліваючы сваіх братоў (“даганіў сваіх братоў, па тры разы бізуном даў і сам паехаў напярод” [24, с. 395]; перамагчы непрыяцеля ў змаганні з царом, атрымаць цэлае каралеўства: і ўсё гэта здзяйсняе без усякіх выпрабаванняў і цяжкасцяў - толькі махнуць палачкай (ці сказаць “Дубе, дубе, адамкніся”). Адсюль яшчэ вынікае, што твору належыць рыса магічнага ўспрымання.
Аднатыпны сюжэт казкі “Воўк” адлюстроўваецца на гэты раз рысамі першабытнага мыслення - татэмізму. Малодшы брат - дурны, які таксама выдзяляўся сярод сваіх двух братоў паказаны вынаходлівым у пільнаванняісаду (“Шчотку падпёр пад бараду, за нагу прывязаў да яблыні сам сябе і зачаў драмаць”) [24, с. 473]. Першапачаткова доля дурня паказана ў пазбаўленні шчасця на прыкладзе эпізода з пошукамі птушкі на разгалінаванні дарог (“адзін пайшоў на дарогу, дзе шчасце, другі пайшоў таксама, а трэцяга, дурня, выправілі на такую дарогу, што смерць”) [24, с. 473]. Сустрэча з галодным ваўком, які стаў для дурня цудоўным памочнікам стварыла ўвесь далейшы сюжэт.
Вобраз татэмнай жывёлы - ваўка, паказаны не толькі як падказальніка ў якасці парадаў дурню, але і памочніка ў пошуках пастаўленай мэты - выкрыцця Жар - птушкі. Пераўтварэнне ваўка ў лодку, у каня, у паненку выводзіць на яшчэ адну рысу мастацкай асаблівасці - татэлізацыйнае пераўвасабленне (татэм у татэм). .
Учынкі дурня апраўдваюцца дакладным выкананнем загаду, але па сваёй логіцы яны бяссэнсоўныя. Парады ваўка, каб выкрасці Жар - птушку (не браць яе з клеткай, а толькі без яе; не браць каня з аброцямі, а толькі без іх) пераконваюць дурня, за што ён трапляе ў незвычайнае становішча, а ў дальнейшым наогул гіне ад рук яго братоў. У рэшце - рэшт дапамога памочніка выратоўвае чалавека і жэніць з дзяўчынай.
У мастацкую тканіну ўвайшлі частыя прамаўленні ў дыялогу двух персанажаў:
“— Я цябе з’ем. Еш, маеш волю. Сядай на мяне і паедзем”, [24, с. 474] ці: “Ах, мой шэры воўк, дзе ты астаўся?” Яны выконваючы пэўную роль у развіцці сюжэта, раскрываюць ідэйную задуму твора.
Распаўсюджаным вобразам у беларускіх народных казках, знойдзеных на Лідчыне, з’яўляецца вобраз пакрыўджанага сіраты ў аднаіменным творы “Сірата”.
Тыповая канфліктная сітуацыя паміж мачахай і сіратой развіваецца ў пачатку сюжэта. Абдзяленне дзяўчынкі ў адзежы, у ядзе мачахай прыводзіць сірату да плачу. Рванне кветак пад “пустою хаткаю” тлумачыць што будынак падобны да лёсу і пустаты дзяўчыны, а само рванне характарызуецца пазбаўленнем справядлівасці сіраты як кветкі - прыгажуні. Але ж гэты эпізод з’яўляецца характэрнай часткай твора. Пакрыўджаная лёсам дзяўчына атрымлівае ад двух асоб дараванне — перлы замест слёз у час плачу.
У творы праяўлена народныя сімпатыя і антыпатыя, асуджэнне несправядлівасці і спачуванне нявінна пакрыўджаным. Супрацьпастаўленне мачахі падчарыцы, бабінай дачкі дзедавай узмацняецца ў сацыяльным і эстычным плане. 3 боку бабінай дачкі ўласцівы адмоўныя якасці: несправядлівасць, злосць, зайздрасць, а з боку дачкі дзедавай паказана адваротная станоўчая характарыстыка: дабро, справядлівасць, сціпласць. Нават у сітуацыях, у якіх паводзяць дзве асобы падкрэслена супрацьлегласць характараў. За ветлівасць, спагаду сіраціна атрымлівае па заслугах перлы з вачэй замест слёз, а за знявагу, ляноту бабіная дачка заслужыла жабы з роту замест смеху.
Калі казаць пра ўнутранае ўспрыманне з псіхалагагічнага асэнсавання герояў, то могуць узнікнуць недакладныя супярэчнасці. Але ж эпізод з партрэтам сіраты, які паказаў яе брат цару ўпэўнена растаўляе ўсе асаблівасці і рысы, як знешняга, так і ўнутранага свету персанажаў. У параўнанні з прыгожай сіратой яшчэ больш непрывабнымі, нават з пачварным адлюстраваннем паказаны абліччы мачыхі як ведзьмы і яе дачкі. Матывам твора з’яўляецца перамога дабра над злом - пакаранне адмоўных герояў прыпыняе распаўсюджванне такіх персанажаў і асуджае здраду, няўдзячнасць, але сцвярджае вернасць, адданасць, сумленнасць.
Адметныя рысы чарадзейных казак распаўсюджваліся не адразу. Папярэднікам ім былі першасныя апавяданні, прасякнутыя пафасам барацьбы нашых продкаў з рознымі таямнічымі сіламі прыроды. Аб моцнай сувязі з працоўнай дзейнасцю чалавека, з яго марамі аб падпарадкаванні сіл прыроды сведчыць казка “Слуга стаў каралём”, у якой народная фантазія стварыла чароўныя цуды - з’явы, прарочыя рэлігійныя ўспрыманні, прымхі.
Прарочае высказванне “хто які сон прысніць на Божа нараджэнне, то выйдзе на праўду” [25, с. 407] раскрывае ўсю задуманую ідэю твору. Прысніўшы сон, герой не распаўсюджвае яго ў сямейным асяроддзі, за што ён прадаецца бацькамі каралю. Не дазнаўшыся праўды і ў гэтых абставінах, хлопец трапляе ў турму. Але вызваліўшыся тэрмінова, герой становіцца слугой каралю дзякуючы сустрэтым чарцям, якія аддалі яму боты, “шапку - відомку” і каня — самалёта. Фантазаванасць твора паглыблена пашырылася ў далейшым разгортванні падзей. Атрымаўшы магічныя сродкі, герой выконвае цэлы пералік загадаў, адрасаваных каралевай для караля з мэтай, каб ён паказаў свае здольнасці перад тым, як стаць яму жонкай. Слуга ў якасці караля дастаўляе дзве пары чаравікаў, хусцінак, нават жменю валасоў з дзедавай барады і галавы ды дванаццаць аднолькавых хлопцаў для такой колькасці дзевак.
Высвятленне праўдзівасці ў выкананні пастаўленых задач злыганага караля падштурхнулі збыццю прыснітага сна слугі, які ў выніку і стаў мужам каралевы, г. зн. каралём.
Матывацыя твора тлумачыць справядлівасць, заслужаную ўласнымі намаганнямі, хоць і скіраванымі з дапамогай праяўленага спрыту і лоўкасці. Выкрываючы сапраўдную сутнасць прадстаўнікоў пануючых класаў, твор не толькі адмаўляе тагачасную рэчаіснасць, заснаваную на няроўнасці і прыгнёце, але і сцвярджаюць свой ідэал народнага героя - простага чалавека, смелага і кемлівага, упэўненага ў пастаўленай мэце.
Будова твора вылучаецца захаванымі асноўнымі элементамі кампазіцыі. Экспазіцыя твора пераносіць слухача ў трэцяе царства. Завязкай дзеяння служыць атрыманне чароўных прадметаў як сродкаў знайсці далейшае шчасце. Характэрнымі прыёмамі з’яўляюцца трохразовыя паўтарэнні дзеяння (загады каралевы), паэтычныя формулы для перадачы падабенства (волас у волас, голас у голас), незвычайнага хуткага руху (за тры гадзіны).
Аптымізм працоўнага люду, іх непакорнасць цяжкаму лёсу, прыстасаванне да ўмоў нялёгкага жыцця, заваёўванне свайго месца “пад сонцам”, спрытнасць у пошуку выхаду з цяжкага становішча гучыць матывам у казцы “Лёкай і крулеўна”. Захаванасць рэшткаў анімістычнай даўніны, водгукаў існаваўшага некалі культу продкаў не дала пазбегнуць уплыву рэлігійнай ідэалогіі, вучэння хрысціянскай царквы. Пры ўзаемадзеянні чарадзейнай казкі і міфа існуе адпаведная платформа, а падобнасць агульных пунктаў сутыкнення фальклору і рэлігіі паказана значна менш, хаця вера ў існаванне звышнатуральнай сілы прысутнічае і там, і тут.
Цікавая карціна паўстае ў вышэй названай казцы. Лёкай, адслужыўшы ў пана 25 гадоў, за кожны год які атрымліваў 25 рублёў, звольніўся. Але ж панская натура заўсёды выдзяляецца, пан “вылічыў за пабітыя талеркі і шклянкі” і слузе засталіся толькі 3 рублі. Пайшоўшы ў свет, лёкай аддаў свае грошы за памерлага, які вінен быў калісьці людзям. Калі ў лёкая засталася толькі дробязь, ён сустракае чалавека, які становіцца яму памочнікам і дарадцам у дарозе па свеце. Знаходка грошай у час вандравання дапамагае ім пражыць, але з адной умовай: дзяліцца ўсім нажытым пароўну. Парада, якая даецца лёкаю ягоным сябрам - камратам “не баўся як тры гадзіны, бо як забавішся больш, то будзе пакута вялікая” [25, с. 494] разгортвае новую сюжэтную карціну. Лёкай трапляе на начлег у касцёл — гэта пакаранне для кожнага, хто не паспявае ўправіцца за гэты пазначаны час. “У том касцёле была крулеўна заклента (зачараваная) і той крулеўне адпускаўся чалавек на з’ядзенне” [25, с. 494]. Удачнае прабыццё ў храме на працягу трох начэй прытрымліваючыся парадаў камрата і дзякуючы маленню каля алтара (хаванне пад бэлькай, у склепе з касцьмі, у труне замест каралевы) дапамагае выжыць і не быць з’едзеным. Апошняя ноч не толькі пакідае жывым лёкая, але і выратоўвае саму каралеўну ад закляцця. А пры тым загад самога бацькі каралеўны, дазвол камрата здзейснілі вяселле. Умова, якая была заключана ў час знаёмства лёкая з камратам патрабавала дзяленне ўсяго нажытнога і нават як паказана ў чарговым выпадку - раздзіранне напалам жонкі лёкая, змыванне з яе закляцця, а пасля - ажыўленне.
Казка дае цікавы ўзор арганічнага спалучэння фантастыкі з рэальнымі замалёўкамі побыту і працы людзей, іх звычаяў і абрадаў, што робіць твор каштоўным матэрыялам для далейшага варыянтнага напісання і даследавання.
Казкі, у якіх адбываюцца неверагодныя геройскія прыгоды ў незвычайных абставінах вабяць чытача дасканаласцю формы, ды яшчэ, калі адбываюцца розныя чарадзейныя з’явы з пераўтварэннем персанажа ў розныя прадметы, напрыклад, у камень. Датычацца гэта і казкі “Купецкі сын і панскі сын”.
Як ужо бачна з назвы казкі, што перавага ў саслоўным стане некага з сыноў практычна адсутнічае, а асаблівасцю тут з’яўляецца падабенства і сяброўства паміж героямі. Сюжэт, у якім два сыны стрэлілі ў слуп, з мэтай ведаць пра жыццёвыя абставіны аднаго з іх у час вяртання дадому: “Калі з твае дзірачкі будзе кроў цячы, значыць ты загінуўшы, а калі з маёй - значыць я” [5, с. 26]. Тлумачыць гэта яшчэ адной фальклорнай уласцівасцю - забабонамі, анімістычнасцю ці проста фантазіяй - выцяканне крыві са слупа, як з цела жывой істоты.
У творы цікава апісаны эпізод, у якім сцвярджаюцца станоўчыя якасці: вернасць, адданасць, сумленнасць. Адзін важны матыў, у якім тлумачыцца па якой прычыне не стралялі два сыны ў сустрэчных жывёл, з’яўляецца спачуванне ім, хоць нельга не прыняць пад увагу і іх абяцанне спатрэбіцца яму ў прыгодзе.
Адмоўным персанажам у казцы з’яўляецца старая (бабулька), якая сваёй чароўнай палачкаю ператварыла панскага сына і яго цудоўных памочнікаў - звяроў у каменні. Але ж чуласць і кемлівасць другога станоўчага героя - купецкага сына, а таксама верная служба ў адказ на дабрыню жывёл, выратоўваюць сябра і яго памочнікаў.
Калі казаць пра сістэму вобразаў і пра мастацкі стыль, то адпаведнікам ім з’яўляюцца характар канфлікту і асаблівасці фантастыкі. На гэты раз героямі з’яўляюцца не прадстаўнікі з ніжэйшага саслоўнага асяроддзя, якія шукаюць сабе шчасця і лепшай долі, а тыя, хто забяспечаны гэтым і, што на дзіва, са станоўчымі якасцямі, з якімі рэдка сустракаюцца такія асобы ў казках.
Асноўным матывам у творы з’яўляецца аптымістычнасць, патрыятызм і адднасць роднаму краю, пачуццё павагі да чалавека, рысы, якія павінны знаходзіцца не толькі ў простага люду, але і ў больш высокасаслоўных асобаў.
Шмат казачных твораў насычана міфалагічным зместам з адпаведнымі персанажамі тыпу Бабы-ягі, Кашчэя Бессмяротнага, Ведзьмы, якія жывуць у месцах звязаных з іншасветам: у глухім, цёмным лесе, у хаце на курыных лапах, у балоце, у падзямеллі. I практычна гэтыя асобы дзейнічаюць з адмоўнага боку з мэтай нашкодзіць ці знішчыць станоўчага героя, прынёсшы яго як ахвяру для з’ядання.
Шматлікасць варыянтаў з казачным сюжэтам тыпу “Васілёк і ведзьма”[5, с.15] распавядаюць пра падман ведзьмы, якая заманьвае хлопчыка Васілька ў час яго рабалоўства на рэчцы. Даведаўшыся пра падзыўныя словы, ведзьма пад выглядам бабулі падманівае хлопца прынесеным снеданнем і зачыняе ў сваёй хаце, даўшы загад сваёй дачцы распаліць печ і сасмажыць дзіця. Але ж спрыт і кемлівасць Васілька дазваляюць абдурыць ведзьміну дачку, і тая замест яго сядае на лапату і трапляе ў печ, а сам Васілёк застаецца жывым. Ведзьма, паеўшы свежаспечанага мяса, дазнаецца што Васілёк жывы, але ж спроба зноў яго схапіць была дарэмнай.
Аднатыпная казка “Чарнушка - дачушка”[5, с. 28] з тым жа матывам і амаль з той жа сюжэтная лініяй раскрывае паралель станоўчага і адмоўнага мастацкага кірунку з татэмным уяўленнем.
Карай, якую “прысудзілі” дзед з бабай сваёй дачушцы па прычыне яе немыцця, сталася студня, як часовае месца пражывання. Калі Чарнушка там мылася, яна атрымлівала сняданак. Спроба ваўка заманіць дзяўчыну сняданкам атрымалася, але ў двухкратным паўторы дзеяння, як і ў тым вышэйшым казачным варыянце. Зачыніўшы Чарнушку ў сваёй лясной хаце, воўк загадвае ёй варыць ежу да яго прыходу.
Важнай адзнакай у творы, што характарызуе казачны эпас са знешняга боку, з’яўляецца наяўнасць сказаў, якія рыфмуюцца ў дзеясловах унутры сказа: “Хто ў лесе начуе, чый голас чуе, прыйдзі вячэраць”, “Я ў лесе начую, твой голас чую, іду да цябе вячэраць” [5, с. 28].
Калі казаць пра рысы ваўка, якія з’яўляюцца важнай асаблівасцю ў казках аб жывёлах, то яны вызначаны ў прагнасці і дурасці з гіпербалізаваным мастацкім сродкам падкрэсліваючы непрывабнасць і агіднасць падобных якасцей у іх носьбітаў.
На гэты раз у ідэі твора заключана ўжо не барацьба з сацыяльнай несправядлівасцю, а павучанне аб чысціні, якая павінна панаваць у грамадстве. Казка матывавана адлюстроўвае рэальнае жыццё, уласцівыя людскія ўчынкі, чалавечыя слабасці і недахопы. Як і ва ўсёй групе казак аб жывёлах, тут ёсць шмат агульнага і ў характары мастацкай выдумкі і ў спосабе адлюстравання рэчаіснасці.
Своеасаблівая казка “Лісічка - хітрычка” таго ж тыпу аб жывёлах, вылучаецца мастацкай дасканаласцю і лагічнай канцоўкай. Вядома, як і ўсе казачныя вобразы, жывёлы не маюць выразнай дэталізацыі, а звычайна падкрэсліваецца адна галоўная рыса характару персанажа.
Як ужо зразумела з назвы казкі, галоўнай дзейнай асобай з’яўляецца лісіца. Асноўнай яе характэрнай рысай і літаратурным прыёмам - алегорыяй, безумоўна лічыцца хітрасць, як носьбіт пэўнай чалавечай якасці ў адлюстраванні вобраза. Доказам гэтаму паслужылі паводзіны ў сітуацыі з дзедам, які вёз рыбу і пасля стаў падманутым гераіняй твора з мэтай пад’ехаць на возе. Дабрата селяніна не дазволіла адмовіць у просьбе. Але ж лісіныя штукарствы здольныя, як на выдумкі, так і на ашуканствы, нягледзячы на аказаную ёй дапамогу ці просьбу. Жвава падмануўшы дзеда, яна скінула амаль усю рыбу, скочыла з воза і падабрала ўвесь свой “заробак”.
Сустракаюцца казкі, дзе ліса нягледзячы на яе хітрасць, застаецца пераможанай, але ж яна не пазбаўляецца сваёй якасці, у якой заўважаецца і несумленнасць на мяжы са здрадніцтвам.
Калі казаць у агульным значэнні, то казкі Лідчыны класіфікуюцца па сваёй умоўнасці. Большасць іх падзяляецца на казкі пра жывёл (“Лісічка - хітрычка”, “Смерць пеўніка”, “Варона і рак”; чарадзейныя (“Лёкай - камень”, “Дурны сын”, “Воўк”, “Лёкай і крулеўна”, “Сірата”, “Васілёк і ведзьма”) і іншыя.
Кожная з іх выдзяляецца асаблівасцямі зместу: героі то ператвараюцца ў камяні, то вызваляюць сяброў, то трапляюць у розныя прыгоды. Сістэма вобразаў таксама мае разнабаковы характар: персанажы то адмоўныя, то станоўчыя, то хітрыя, то выклікаюць спачуванне. Уласцівы казкам і своеасаблівыя прыёмы адлюстравання рэчаіснасці, характар паказу мастацкай выдумкі, выкарыстанне анімізму і татэмізму як рысаў старажытнага мыслення.
КАЗКІ І ПАДАННІ, ЗАПІСАНЫЯ НА ЛІДЧЫНЕ Ў ПЕРШЫЯ ГАДЫ ХХІ СТАГОДДЗЯ
Рагаты пасажыр або вера ў Бога
Былі часы, калі нейкая частка людзей не верыла ў існаванне Бога. Яны лічылі, што гэтае вера – проста звычайнае глупства. Абразы, іконы яны не вешалі ў хаце, ды і наогул іх кідалі пад ногі, а крыжы распілоўвалі на дзве часткі. І вось аднойчы позна вечарам мужчына-нябожнік ехаў на ровары. А дарога гэтая праходзіла ля могілак. І тут ён адчуў што ў задзе на багажніку хтосьці заядла сапе, і гэтае сапенне прыбліжалася ўсё бліжэй і бліжэй. Калі нябожнік аглянуўся, то ўбачыў што з ім едзе чорт. Гэты нячысцік скокнуў яму на плечы і пачаў пазіраць таму ў вочы, не даючы далейшага руху кіроўцу.
Але ўсё ж з гэтага страху, раварыст маланкай дакруціў да сваёй хаты. З аднаго маху ён плячом выбіў дзверы з вушакамі, і кінуўся пасівелы нябожнік на калені да маці з просьбай каб тая паставіла свечку і павесіла ў кутах святыя абразы, якія ён здымаў да гэтага часу са сцен і таптаў нагамі, не дазваляючы тады маці вешаць іх зноў. І з тога часу гэты чалавек стаў верыць у існаванне Бога.
Запісана ад Хітрун (дзяв. Руцкая) Тарэсы Багуславаўны. Нарадзілася 13.11.1959 г. у вёсцы Відаўка Шчучынскага р-на.
Зыход душы
Гэтую дзіўную з’яву мне расказала сама маці. Аднойчы яна ішла позна вечарам з суседняй вёскі Верх-Крупава ад бацькоў мужа дамоў у вёску Крупава. Дарога ляжала непадалёк ад вясковых могілак. І тут маці ўбачыла, як на могілках паўстаў белы, празрысты высокі слуп. А гэтая відавочна-неверагодная з’ява, як кажуць, з’яўляецца толькі вечарам, напярэдадні якога прайшло пахаванне нябожчыка. Гэты слуп і ёсць душа чалавека, якая пакідае цела ў зямлі. А калі трапіш у гэты момант пад вышэйназваны слуп, то сваёю сілаю ён імгненна засмоктвае і забівае чалавека.
Запісана ад Хітрун (дзяв. Руцкая) Тарэсы Багуславаўны. Нарадзілася 13.11.1959 г. у вёсцы Відаўка Шчучынскага р-на.
Чортаў запальнік і Божы тушыльнік
А гэтая гісторыя адбылася ў вёсцы Калясішча Лідскага раёна ў сям’і бацькавай сястры... Была вялікая навальніца, блішчала маланка. І раптоўна ў хаце штосьці засвяціла. Праз аконную фортку ўляцеў вогненны клубок і пачаў знішчаць полымем фіранкі. А за гэтай шарападобнай з’явай следам рухаўся такі ж самы клубок які ўжо толькі тушыў з’явіўшаеся полымя. Усё адбылося так хутка, што і разгубіцца не паспелі.
Запісана ад Кенць (дзяв. Хітрун) Ядвігі Казіміраўны. Нарадзіўся 10.01.1950 г. у вёсцы Верх-Крупава Лідскага р-на.
Божы напамінак
Тую прымету, якая азначае што ў час бліскавіцы нельга нічога трымаць вострага, не ведаў брат маёй бабулі. У час добрага надвор’я ён пайшоў на поле раскідаць гной. Праз некаторы час змянілася пагода і заблішчала бліскавіца. А вясковец працягваў сваю працу. І тут раптоўна яшчэ мацней асвяціла маланка. Пад вечар знайшлі працаўніка нежывым – праткнёным сваёй прыладай працы – віламі.
Запісана ад Руцкой Яніны Янаўны. Нарадзілася 17.05.1928 г. у вёсцы Каламыцкія Воранаўскага р-на.
Чортавы штуршок
Гэта было ў 1983 годзе, калі мне было паўгода. Мы жылі ля касцёла, і заўсёды ўсё было бачна, што адбываецца ля гэтага святога месца... 8 студзеня тога ж года мама трымала мяне на руках, на якіх я салодка заснуў. Праз вакенца маці ўбачыла што ў касцёл уносяць нябожчыка, а ў брыгадзе ўношчыкаў быў мой хрышчоны бацька. Мама адразу пачала мяне будзіць, таму што пры ўносе памерлага ў храм не можна спаць. Дрэнная прымета. Чуць разбудзіўшы мяне, мама заўважыла, што з касцёла хутка выбег на двор мой хрышчоны бацька. Не зразумела, у чым прычына?
А назаўтра, 9 студзеня, нам дайшло паведамленне што мой хрышчоны павесіўся.
Мяркуюць, што ў той час, калі ён унёс труну з нябожчыкам у касцёл, то ўжо тады чэрці не давалі яму спакою, і ён вымушаны быў па іх загаду выскачыць са святога будынка.
Запісана ад Хітрун, дзяв. Руцкая, Тарэсы Багуславаўны. Нарадзілася 13.11.1959 г. у вёсцы Відаўка Шчучынскага р-на.
Матуліны выратунак
Памерла жанчына. Засталася яе маленькая дачка сіратою. Муж – удавец вырашыў прывесці да хаты сабе другую жонку, каб заняць месца памерлай жонкі, якая будзе яшчэ для дачкі ў якасці падтрымкі хоць і мачахай. Але ж прайшоў нейкі час, і мачаха не ўзлюбіла гэтую дзяўчыну і загадала мужу завезці яго дачку ў лес і прывязаць да дрэва, каб тая не ўцякла. Па нейкай неверагоднай прычыне, гаспадар згадзіўся на гэтую прапанову, і завёз сваю дачку ў лес, і прывязаў яе да прыдарожнага дрэва.
Побач ля лесу ляжала спакойная бязлюдная дарога, па якой час-ад часу, але ўсё ж хадзілі машыны. На гэты раз імчалася нейкая “іншамарка”. Кіроўца яе ехаў паслаблена з вялікай хуткасцю. І тут ён бачыць, што на дарозе стаіць нейкая жанчына, не адступаючая ні кроку на ўзбочыну. Шафёр заранёў націснуў на сігнал, але і гэтага не прывяло да сыходу з дарогі стаяўшай асобы, якая ўсё бліжэй і бліжэй пасоўвалася да набліжаўшагася аўтамабіля. І вось яна перад самым капотам. Разгублены мужчына націскае на педаль тормазу і ... Выбегшы з спыненай машыны, шафёр спужаўся: пад калёсамі нікога няма і, наогул, сляда ад гэтага здарэння таксама. Няўжо падалося? Непадалёку ад гэтага месца пачуўся плач дзіцяці. Мужчына кідаецца на гэты плач. Ля прыдарожнай хвоі прывязана безсардэчным бацькам дзяўчына-сірата . Пазней, калі ішло следства, у рукі гэтага шафёра трапілі фотаздымкі з сямейнага архіву дзяўчынкі. Мужчына адразу пазнаў на адным з іх тую самую жанчыну – смяротніцу, якая трапіла яму быццам бы пад калёсы. Але не можа і гэтага быць. Гэтай жанчыны ўжо даўно няма ў жывых. А калі паглядзела на гэты здымак тая дзяўчына, то яна з радасцю сказала што гэта яе сапраўдная родная мама. Яна і выбегла на дарогу, каб аказаць дапамогу сваёй дачушцы.
Запісана ад Хітрун, дзяв. Руцкая, Тарэсы Багуславаўны. Нарадзілася 13.11.1959 г. у вёсцы Відаўка Шчучынскага р-на.
Вядзьмарскае накляцце
Пайшлі аднойчы муж з жонкай да адной бабкі – шаптухі. Тая ім кінула на карты, якія прадсказалі будучае кліентам. Пасля бабка ім кажа што на іх накінуты негатыў, накляцце кімсьці з жыхароў вёскі. Пасля яна дабавіла, што калі ў хаце ёсць жабы, то ўзяць і адсекчы ёй лапу. А ад гэтага метаду можна даведацца, хто ў вёсцы вядзьмар ці ведзьма ўбачыўшы ці пачуўшы пасля: хто ў гэты дзень атрымаў цяжкую траўму канечнасці.
Так і зрабілі. Знайшлі ў хаце жабу (якая даўно прыжылася ў хатнім памяшканні), адсеклі ёй лапу. А назаўтра і даведаліся, што ў вёсцы адна жанчына паламала сабе руку.
Запісана ад Банцавіч Валянціны Міхайлаўны. Нарадзілася 7.09.1970 г. у вёсцы Пурсці Лідскага р-на.
Божы прадсказальнік
А быў і такі выпадак. Ішлі тры дзяўчыны – сяброўкі па рынку. Тут іх прыпыняе бедны дзядок-жабрак і просіць у іх міласціну – грошай. Дзве дзяўчыны зміла-валіся, а трэцяя пашкадавала свайго рубля. Тады гэты дзядок кажа дзяўчатам:
- Ты (кажа першай дзяўчыне) хутка выйдзеш замуж за багатага мужа і будзеш мець дваіх дзяцей.
- Ты (кажа другой) паедзеш у вялікае падарожжа, убачыш свет.
Пасля ён кінуў вокам на трэцюю дзяўчыну:
- А табе я не скажу.
Тады яе сяброўкі сталі прасіць у дзеда, каб і пра трэцюю штосьці сказаў. Доўга ўгаворвалі дзядка, але ўсё ж ён сказаў:
- Ты трапіш у вялікую аварыю. Загінеш.
У гэты адказ трэцяя сяброўка і выдала:
- Не слухайце яго дзяўчаты. Ён хлусіць вы яму заплацілі – ён і добрае вам выдаў. А я нічога не дала – так мне і дрэннае высказванне. Хлусня ўсё гэта.
Так і разышліся.
Праз нейкі час, адна дзяўчына выйшла замуж, муж багаты, двое дзяцей. Другая пачала падарожнічаць, ездзіць па свету. А трэцяя загінула ў аварыі.
Запісана ад Руцкой Яніны Янаўны. Нарадзілася 17.05.1928 г. у вёсцы Каламыцкія Воранаўскага р-на.
Божае накляцце
Было гэта даўно. У адну зажытачную хату зайшоў стары жабрак і кажа яе гаспадару:
- Гаспадар, дай, калі ласка, чаго паесці, хоць крошку хлеба.
Багаты гаспадар паглядзеў з-пад лэббя на гэтага бадзягу і злосна адказвае:
- Няма нічога ў мяне, сам галодны. Няма чаго даць табе.
Так без нічога і выйшаў жабрак з хаты.
Праз нейкі час сюды заходзіць малады хлопец і просіць у гаспадара:
- Гаспадар, дай хоць чаго-небудзь паесці. Без расінкі ў роце.
Той адказвае:
- Нічога няма. Чаго вы ўсе да мяне рынулі? Сам галодны. Што табе даць? Вазьмі хоць вонкаў паеш.
Так і гэты пайшоў без нічога з гэтай хаты.
А на заўтра, пасля ночы, падымаецца гаспадар і з жахам бачыць уся хата – сцены, столь, падлога аблеплены чалавечымі вонкамі.
А кажуць, што ў вобразе гэтых галодных быў сам Бог. Ён хадзіў па зямлі, каб даведацца, якія жывуць людзі на ёй, і прыводзіў іх у парадак.
Запісана Ходыш Валянціны Антонаўны. Нарадзілася 10.04.1929 г. у вёсцы Волдацішкі Воранаўскага р-на.)
Сон у руку
Прысніўся сон дзяўчыне, у якім з нябёс да яе спусціўся анёл і паведаміў, што сёння яна развітаецца з гэтым светам, з жыццём і дадаў, што ўсё гэта адбудецца “дзякуючы” Пяруну.
Пасля гэтага сна, яна вырашыла схадзіць у храм – у касцёл і праспавядацца. У споведзі дзяўчына прызналася святару пра прысніўшыся сон. Ксёндз толькі вачыма правёў па ёй і сказаў, што гэта глупства, маўляў што на дварэ цудоўнае надвор’е, цёпла, свеціць радасна сонца, а яна (дзяўчына) чамусьці верыць у нейкія сны, тым больш яна яшчэ маладая, і ёй жыць ды жыць. Але ўсё ж, святар прапанаваў ёй не ісці дахаты, а пабыць гэты дзень у касцёле.
Надвор’е было цудоўнае. На небе ні хмурынкі. Ксёндз з дзяўчынай выйшаў з храма на вуліцу ды зноў яе падбадзёрыў, сказаўшы што ейны сон – пустэча.
Але раптоўна аднекуль з’явілася невялічкая хмарка і павісла над дзяўчынай. Святар вынес стол з абразамі і загадаў дзяўчыне чытаць малітвы, якія ён прапанаваў ёй ад гэтага здарэння. Так тая і выканала. Неба яшчэ больш нахмурылася, пачарнела... Заблішчала бліскавіца, грымнуў дождж. Дзяўчына са святарам не кідалі малітоўнага маўлення. Біскавіца яшчэ мацней стала біць, страляць. Ксёндз тады ўжо сам убачыў гэты стан і згадзіўся са сном дзяўчыны і зразумеў, што не ў яго сілах адолець гэтую непагадзь ды і прамовіў дзяўчыне:
- Здайся, дзеўка, на волю Божую!
Тады яна і перажагналася ў апошні раз, закончыўшы свае малітвы. Над дзеўкай яшчэ мацней заблішчэла бліскавіца, перакрыжавала маланка, здзейсніўшы сваю пастаўленую мэту.
(Запісана ад Руцкой Яніны Янаўны. Нарадзілася 17.05.1928 г. у вёсцы Каламыцкія Воранаўскага р-на.)
Нераздымны крыжык
Гэтая гісторыя адбывалася ў гады вайны. У той суровы час моцная палова сям’і – мужчына, пакідаў сваю сям’ю на догляд жонкі, з надзеяй што ўсё ж такі ён вернецца жывым дамоў да жонкі і дзяцей.
Гэты жудасны час прымусіў разлучыць цяжарную жонку Алену з маладым мужам Віктарам. Адпраўляючыся на вайну, ён (муж) загадаў сваёй жонцы, што калі народзіцца іхняе немаўлятка, то каб яна дала імя: калі сыну – Віктар, а калі дачцэ – Вікторыя, і працягнуў ёй нашыйны крыжык для будучага дзіцяці з выдрарапаным на ім напамінкам “Віктару ад бацькі Віктара”.
Прайшоў нейкі час. Маладая маці нарадзіла сваё немаўля – дачушку. І па намове мужа дала імя Вікторыя. Гады праляцелі ў адно імгненне. Ваеннае ліхалецце стала заціхаць. А весткаў ад мужа – маладога бацькі - так і не прыйшло. Дачушка падрасла і стала матулінай памагатай. Але на вялікую бяду маці Алёна вельмі моцна захварэла. Да лячэнне гаспадыні далучыліся лекары, бабкі-шаптухі. Але, як на ліха, іхняе лячэнне не падняло на ногі хворую, перадсмяротную маці. Матулінай памочніцы дайшлі чуткі – прапановы, што дзесьці ў назначаным паселішчы ёсць святое месца, куды збіраюцца людзі з далёкіх краёў з рознымі хваробнымі недамаганнямі, просячыя дабраславення Божага, шукаючыя паратунку ў жыцці. Маленькая Вікторыя і вырашыла накіравацца ў гэтую дарогу, але не адна... па заснежанай дарозе. Усадзіўшы і ўкутаўшы сваю хворую матулю ў санкі, маленькая выратавальніца пачала прабірацца праз заснежаныя палі і лясы, упрогшыся конікам, шукаючы тое самае святое месца, якое на думку і на надзею дзяўчынкі павінна паставіць на ногі яе самага дарагога і гаротнага чалавека – маці. Стомленнае дзяўчына, прайшоўшы далёкую дарогу, чакала адпачынку. Але дзе яго знайсці? Дзесьці за лесам паказалася святло, агеньчык. У той кірунак і рушылі. На ўскрайку леса стаяла хатка. Змораная Вікторыя пастукала ў дзверы. Дзверы адчыніла сталая жанчына...
Сагрэўшымся цёплай ежай падарожнікам знайшоўся і кут для начлегу. Але, нажаль, дзе добрае там заўсёды побач і злое.
У гэтай хаце (лепш сказаць пры хаце, у гаспадарчай канюшні) жыў яшчэ і парабак - служка па гаспадарцы. Ён угледзеў на шыі спячай дзяўчыны крыжык і вырашыў выкрасці яго, зняць... Зрабіўшы крадзеж, ён рушыў да сябе ў канюшню.
На досвітку, адпачыўшы, дачушка і моцна хворая маці рушылі зноў у дарогу. Адыходзіўшы, падзякавалі гаспадыні за цёплы кут і паабяцалі па вяртанні з той святыні абавязкова завярнуць да яе. Пасля адходу падарожнікаў праз некалькі гадзін з вартаўніцтва прыйшоў яшчэ адзін жыхар гэтай хаты. Ужо шмат гадоў гэты мужны мужчына дапамагае не толькі сваім заробкам і працай па гаспадарцы, але каб хутчэй і без турбот спраўляцца, наняў яшчэ і памочніка, лепш сказаць, парабка, які дзеля кавалка хлеба і страхі над галавой дапамагаў на гаспадарчым падворку. Але на гэты раз у хляве было надзвычай ціха. Прычыну цішыні ўбачыў старэйшы мужчына: на току ляжаў нерухомы даглядчык гаспадаркі, у руцэ якога быў той нашыйны крыжык, які адразу кінуўся гаспадару ў вочы. А калі ён убачыў на адваротным боку яшчэ і надпіс: “Віктару ад бацькі Віктара”, - у яго заняло дыханне і сціснула сэрца. Але чаму памёр гэты чалавек? Пасля ён спытаў у хатняй гаспадыні ці быў тут хто? Яна адразу і распавяла пра дзвюх стомленых вандраўніц – хворую жанчыну маці і клапатлівую дачку-выратавальніцу, якія абяцалі сюды завярнуць пасля... Гэты прыход-сустрэчу мужчына чакаў з нецярпеннем, хвіліны здаваліся гадзінамі.
... Пачало змяркацца. Дзесьці забрахалі сабакі. У хату хтосьці ўвайшоў. На парозе стаялі тыя самыя стомленныя падарожнікі: дзяўчынка Вікторыя з вясёлымі вачыма і яе маці Алена са смелым і здаровым позіркам на твары. З пакоя выйшаў той зачаканы мужчына.
- Алена!.. Дачушка!.. – крыкнуў, як быццам на ўсю моц ён, але сілы радасці перамаглі гэты парыў і атрымаўся прыглушаны ўскрык.
- Віктар! – крыклула Алена.
Худзенькая Вікторыя не зразумеўшы гэты момант, абдымкаў незнаёмага мужчыны з маці,адышла ціхенька ў кут.
- Дачушка, гэта твой тата, - са слязьмі радасці на вачах прамовіла яе маці.
Ціха, баючыся, Вікторыя падышла да бацькі і рэзка як магнітам, радасна ашчаперыла бацькавую шыю.
У гэтыя хвіліны тут панавала радасць, а вочы не пераставалі ад гэтага пачуцця макрэць. Пяшчотна, далікатна бацькавая рука павесіла на шыю дачушкі той самы крыжык з ужо перапраўленым надпісам “Вікторыі ад бацькі Віктара”.
Так і сустрэлася разлучаная вайной, але злучаная крыжыкам уся сям’я, пераадолеўшы пакуты і галечу, ступіўшы на сцяжынку радасці і весялосці.
(Запісана ад Руцкой Яніны Янаўны. Нарадзілася 17.05.1928 г. у вёсцы Каламыцкія Воранаўскага р-на.)
Панскае пракляцце
Гэтая гісторыя дайшла ад майго дзеда (па маці), якому расказала калісьці яго маці Марыся (мая прабаба). Сведкам гэтай гісторыі быў сам бацька (мой прадзед), які быў фурманам у ксяндза.
Гэта было вельмі даўно, дзесьці ля Васілішак. Палюбіў хлопец дзеўку. І не проста палюбіў, а і дня пражыць без яе не мог. Дзеўка была багатая, хлопец – бедны. Яна яму адмаўляла ў каханні, таму што гэты хлопец не падходзіў ёй па сваім стане. Вырашыў тады закаханы нейкім чынам, але даказаць, што яна яго не за тога прымае, што ён таксама багаты чалавек.
І адным разам насустрач ехаў пан у сваёй кібітцы. Хлопец вырашае зрабіць тады страшную справу: забівае пана. Адразу перасеўшы ў гэтую павозку, ён едзе да дзяўчыны каб даказаць ёй, што ён багаты хлопец... Але тая дзяўчына адразу спытала адкуль у яго, беднага хлопца узялася багатая павозка запрэжаная коньмі. Мяўся хлопец, але сказаў праўду. Тады дзяўчына загадала яму, каб ён схадзіў на тую магілу забітага пана і прытуліў вуха да магільнай зямлі і каб паслухаў, што яму данясецца адтуль. Не хацеў гэта рабіць хлапец, але ўсё ж каханне - яму галоўней за ўсё, як і загад ягонай каханай. Выканаў і гэта ён.
Прыйшоўшы на тую магілу, хлопец прытуліў вуха на надмагілле. А адтуль даносіцца голас пана: “Прыпомню я табе праз 100 гадоў...”.
Ішлі гады. Гэтая закаханая пара і сапраўды была закаханай. У іх сям’і была заўсёды згода і цяпло. Сапраўднае каханне! Нават курыца яйка не губляла з седала. Так і ляцелі гэтыя мядовыя гады да доўгай сталасці.
І вось праз некалькі год, у калядныя дні прыязжае на запрэжанай коньмі павозцы з кіроўцам, у гэтую сям’ю ксёндз на асвячэнне хаты. Так спадабалася гэтая сталая, любячая адзін аднаго пара, што святар за размовай не заўважыў, што на двары сцямнела. Тады гаспадары хаты прапаноўваюць святару пераначаваць тут на месцы. Ён згаджаецца. Ксянзу стала цікавым даведацца падрабязнасці пра гэтую сям’ю, і запытаўся ў іх, у колькі год яны ўступілі ў шлюб. Па падліках атрымалася што пражылі яны ўдвух ужо 100 гадоў. Гаспадыня вырашыла пачаставаць святара і палезла на хлеўчык, дзе несліся куры. Ды па нейкай незграбнасці ўпусціла цэлы кошык яек. Гэтаму яна не прыдала ўвагі. Пачаставаўшы гасцей – ксянза і фурмана - гаспадары паклалі іх спаць...
Пасярод ночы ксяндзовы памагаты прысніў нейкі страшны прарочы сон, што як-быццам яны гінуць... Схапіўшыся, са спалоху ён разбудзіў святара. І нічога не кажучы гаспадарам, яны рушылі далей у дарогу. Па дарозе яны ўспамінаюць, што ў той хаце на стале забылі святую кнігу – малітоўнік. А без яе – ніяк. Вырашылі вярнуцца. Прыехаўшы, яны жахнуліся. На тым месцы дзе стаяла хата – утварылася сажалка, якая разлілася ўшыр, а на ёй плаваў той стол на якім ляжаў ксяндзовы малітоўнік. Уцалеўшая мэбля падплыла да іх, ксёндз падхапіў тую кнігу, і ўцалеўшага стала як і не было – кулём пайшоў на дно.
З тых пор прайшло нямала часу, а пра ўзнікненне той сажалкі ведаюць многія і кажуць, што яна і да гэтых пор там не высыхае і не замярзае, а толькі зарасла абапал кустамі. Гэтую сажалку бачыў і сам дзед, ды і чэрпаў з яе ваду, калі ездзіў на млын малоць збожжа. Без вады не памелеш, а сажалка там побач.
(Запісана ад Руцкога Багуслава Альбінавіча. Нарадзіўся 8.09.1924 г. у мястэчку Ражанка Шчучынскага р-на.)
(Пераказаная легенда пра возера Свіцязь. Рэд.)
Божая падзяка
Хадзіла па зямлі Матка Боская. Але не ведаў ніхто, што гэта яна. Зайшла ў зажытачную хату і кажа гаспадарам:
- Дайце што паесці, хоць кавалак чаго-небудзь.
Ёй адказваюць:
- Няма нічога самім. Усё пуста.
Пайшла яна далей. Заходзіць у бедную хацінку і пытае:
- Ці ёсць у вас што паесці, ці падзеліцеся чым?
Адказвае гаспадыня:
- Няма нічога. Усё пуста. Але дам хоць трохі табе чаго-небудзь, хаця жорны пустыя, і мукі няма.
Пасля Матка Боска адказвае ёй.
- Зайдзі ў свіран і глянь у тыя жорны.
А там у тых пустых жорнах і ў катухах з бочкамі з’явіліся поўныя мяхі мукі.
(Запісана ад Руцкога Багуслава Альбінавіча. Нарадзіўся 8.09.1924 г. у мястэчку Ражанка Шчучынскага р-на.)
Святая нізіна
Вёска (цяпер хутар) Відаўка Шчучынскага раёна мае сваю неразгаданую таямніцу. Старажылы гэтай мясціны помняць, што калісьці яе жыхары хадзілі ў капліцу пры лесе, у якой спавядаліся ў грэшны час. Але гэтае святое збудаванне да гэтага часу не захавалася. На гэтым месцы ўтварылася нізіна, узнікненне якой па невядомай прычыне не разгадана. А яшчэ кажуць, што на гэтым месцы былі габрэйскія могілкі, і ў маладых гадах жыхары знаходзілі ў гэтым лесе парэшткі (косці, чэрапы) пахованых. А цяпер для грыбніка там знаходка: заўсёды можна знайсці маладых маслякоў.
(Запісана ад Руцкога Багуслава Альбінавіча. Нарадзіўся 8.09.1924 г. у мястэчку Ражанка Шчучынскага р-на.)
Заслуга ад Бога
Хадзіў Бог па зямлі ў сялянскім апрананні. Бачыць ён - на лузе пасеццца конь. Кажа Бог яму:
- Падвязі мяне, конь.
- Не магу, - адказвае ён, - толькі распрэглі мяне, і галодны яшчэ, хоць травы трохі паскубці.
Паглядзеў на гэтую жывёліну Бог і пайшоў. Бачыць: пасецца вол. Кажа яму:
- Падвязі мяне, вол.
- Ну добра, сядай.
І павезла гэтая жывёліна яго ў патрэбнае месца. Бачыць Бог селяніна, які на жоўтым-жоўтым пяску сее жыта.
- Не сей нічога тут, дарэмна. Не вырасце нічога, - кажа яму Бог.
- Як Бог дасць, так і будзе, - адказаў гэты чалавек у адрас мінака (Бога).
- Пайшоў далей. Бачыць: па чорнай – чорнай тлустай зямлі таксама сее збожжа чалавек.
- Ну тут ужо, напэўна, вырасце багаты ўражай, - кажа яму Бог.
- Я і без Бога ведаю, што вырасце абавязкова тут, - адказаў чалавек.
Калі прыйшоў час уборкі ўраджаю, то той селянін які сеяў па пяску – уражай узяў, дай Божа, быў вялікі, як толькі пацягнуць касу. А ў тога, які сеяў па чарназёме, збожжа ўзышло толькі дзе-нідзе – у тых мясцах, дзе ступаў ён нагой.
Конь і да гэтых пор скубе і скубе, аж да зямлі выгрызае і ўсё роўна галодны. А вол (карова) мае часу і жуйку пажаваць і траву паскубці.
(Запісана ад Руцкога Багуслава Альбінавіча. Нарадзіўся 8.09.1924 г. у мястэчку Ражанка Шчучынскага р-на.)
Сучасныя казкі Лідчыны — арганічная частка казачнага эпасу беларускага народа ў цэлым, маюць шмат агульных рыс і сюжэтаў з казкамі іншых мясцін і іншых часоў. Аднак, нават вядомыя сюжэты, якія трапляюць у выніку інфармацыйных кантактаў у новае асяроддзе, набываюць у ім рысы мясцовай адметнасці. Гэтыя рысы заўважаюцца і ў сюжэтным складзе і ў трактоўцы мастацкіх вобразаў, якія моцна звязаны з папярэдняій фальклорнаій традыцыяй. Рысы мясцовай адметнасці асабліва выразна выявіліся ў мове і ва ўсім, што акружае герояў казак, у іх занятках. Усе запісаныя казкі маюць рэлігійную, хрысціянскую складовую, нясуць высокую мараль, скіраваны на навучанне дабру, на перасцярогу ад злога. Іхняя асноўная задача і апраўданасць стварэння і захоўвання - дарабіць тое, чаго не зробіць свет, школа, настаўнікі, паправіць тыя хібы ў выхаванні, якія дапусцілі сям’я, зноў жа школа, кіно, тэлебачанне, інтэрнэт. Яны ясныя, добрыя і павучальныя захоўваюць на зямлі векавечныя каштоўнасці, якім даўно не дастае месца ў іншых інфармацыйных парталах і даменах.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Асіпенка. Т., Беркус. С. Легенда пра Ліду//При-неманские вести. 2008. 10 января. С. 5.
2. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. Слоўн. /С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. - Мн.: Беларусь, 2004 - 592 с.
3. Беларуская народна-паэтычная творчасць. [Вучэб. Дапаможнік для філал. Фак. ВНУ.] /В.К. Бандарчык, К.П. Кабашнікаў, М.Р. Ларчанка і інш. Мн.: Выш. школа, 1979. - 448 с.
4. Будрэвіч В. Легенды о родном крае. Оникс. 1998. №4(8)-С. 14.
5. Беларускі фальклор Гродзеншчыны: Народны эпас. Замовы. Варажба: Хрэстаматыя /склад, прадмова і апрацоўка тэкстаў Р.К. Казлоўскага. - Гродна: ГрДУ, 2007. ¦
6. Беларускі фальклор: Хрэстаматыя: Вучэб. Дапам. Для філал. Фак. ВНУ /Склад. К.П. Кабашнікаў і інш. - 4-е выд., перапрац. - Мн.: Выш. Шк., 1996. -856 с.
7. Васілевіч У. Збіральнікі. Інстытут мастацтвазнаў-ства, этнаграфіі і фальклору. //Мн. Навука і тэхніка. - 1991.
8. Васілевіч У. Панна Бірута. // Краязнаўчая газета. 2006, верасень, №33.
9. Вярыга. У. Беларускія паданні. Львоў. 1889.
10. Грыб. С. Блукае па замку “чорны рыцар”. // Лідская газета. 2008. 26 чэрвеня.
11. Дучыч. Л. Што ў паданнях і назва? /Лідская газета. 1989. 21 лістапада.
12. Каспяровіч. Н. Легенда пра Бярозаўку /Н. Кас-пяровіч // Принеманскне вестн. - 2006. - 5 января.
13. Косцін. М. Фальклорная скарбніца пані Біруты /Лідская газета. - 2007. - 21 чэрвеня.
14. Літвіновіч А.Ф. Этнаграфічнае вывучэнне Лідчыны ў XIX - XX стагоддзях. Бірута. /Лідскі летапісец. №2 (14). с. 32 - 34.
15. Маліноўскі М. Ці гудзеў Гуд у Гудах.//Лідская газета. 1998. 25ліпеня.
16. Мамедава Т.Я., Варанько К. Дз. Беларусь у леген-дах і паданнях. //Дадатак да “Новых кніг”. 1996. №1. С. 1-16.
17. Мацулевіч. А. Легенда аб арліным гняздзе.//Лідская газета. 2008. 9 лютага.
18. Мацулевіч. А. Что в имени твоем... //Лідская газета. - 2007. - 19 мая.
19. Мой любы горад Ліда (зборнік вершаў). Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Купалы. Ліда. 2008.
20. Ненадавец А.М. Вялічкаўскае возера. //Азёры Беларусі: у легендах і паданнях. Мн. 2003. С. 31-34.
21. Ненадавец А.М. Гродзеншчына ў легендах і паданнях. //Мн. “Беларусь”, 1999.
22. Сосны ля Лідскага замка //Легенды і паданні. Мн. 2005. С. 355.
23. Хітрун А. Яе называлі і Крупеня. Чаму? // Лідская газета. 2009. 28 сакавіка.
24. Хітрун А. А было гэта так...// Лідская газета. 2008. 11 кастрычніка.
25. Чарадзейныя казкі: У 2 ч. Ч. 1 /НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Склад. К.П. Кабашнікаў, Г.А. Барташэвіч, рэд. Выд. В.К. Бандарчык - 2-е выд., выпр. і дапр. - Мн.: Бел. Навука, 2003. (Беларуская народная творчасць).
26. Чарадзейныя казкі: У 2 ч. Ч. 2. - Мн. Бел. Навука, 2003. (Беларуская народная творчасць. - С. 163 - 168, С. 218 - 220, С. 407 - 409, С. 493 - 495.
27. Черноус. Т. В Лидском замке... привидение. //Лід-ская газета. 2007. 24 сакавіка.
28. Шамякіна Т. Міфалогія. Вытокі нашай свядомасці. “Роднае слова” /”Беларуская мова і літаратура ў школе”. 1993. №8(68). Жнівень. С. 58 - 65.
29. Швед. В. Абаронца зямлі беларускай. /Гродзенская праўда. 2004. 3 красавіка.
30. Шкодзіч. Н. Этнаграфічнае вывучэнне Лідчыны ў XIX - XX стагоддзях. Уладзіслаў Вярыга. /Лідскі летапісец. №2(14). С. 31 -32.