Папярэдняя старонка: Этнаграфія

Мастацкія адметнасці беларускіх народных анекдотаў і жартаў Гарадзеншчыны 


Аўтар: Хітрун Алесь,
Дадана: 08-11-2012,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 57.



Беларуская вусна-паэтычная творчасць з'яўляецца важнай часткай духоўнай спадчыны народа. Яна служыць магутным сродкам вобразнага пазнання жыцця, праўдзіва адлюстроўвае думкі, імкненні і спадзяванні народа, дапамагае яму ў вырашэнні пэўных спраў, садзейнічае выхаванню эстэтычных густаў і ідэалаў. Многія стагоддзі вуснапаэтычная творчасць была адзінай формай выражэння духоўнага жыцця працоўнага люду, неад'емнай часткай культурных здабыткаў народа і лічыцца спадарожнікам працоўнага чалавека на працягу ўсяго яго жыццёвага веку.

У фальклорнай спадчыне беларусаў народна-паэтычнай творчасці Заходняй Беларусі належыць асобнае месца. Некаторыя творы заходнебеларускай народнай паэзіі ўзніклі як жывы, непасрэдны водгук на нядаўнія войны, узброеную барацьбу з захопнікамі, на антынародную ўладу. Часам яны заключаліся ў афарыстычную форму прыказак, знаходзілі выхад у форме лірычнай песні элегічнага тону, здзекліва-насмешлівы змест мелі прыпеўкі, якія высмейвалі прыхадняў, несамавіта адчуваўшых сябе на чужой зямлі і дрыжаўшых ад страху перад народнай помстай. Аднак самыя ідэйна-вострыя і паўнагучныя творы ўзніклі ў вуснай традыцыі, дзе яны не былі абмежаваны рамкамі цэнзуры. Пакідаючы вядучае месца за песняй, народна-паэтычная практыка стала развівацца ў форме вуснага сказа і бытавой сатырычнай казкі палітычнага зместу, у форме анекдота і нават загадкі.

Заходняя Беларусь, а калі канкрэтна, Гарадзеншчына, шырока выкарыстоўвае ў фальклоры і зброю сатыры, якая накіроўваецца супраць розных недарэчнасцяў у нашым грамадстве. Рэзкасць крытыкі адмоўных з'яў нашага жыцця характэрна для народных твораў розных жанраў. Сярод сатырычных песень вялікай папулярнасцю карыстаюцца ў народзе песні-пародыі, жанр, які быў пашыраны і ў дарэвалюцыйным беларускім фальклоры. У адрозненне ад літаратурных пародый, якія складаюцца з мэтай асмяяння стылю і зместу той або іншай песні, гэтыя пародыі-сатыры накіраваны супраць недахопаў у працы калгасаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, супраць розных заган і хібаў людзей ("У сватах", в. Морына Іўеўскага р-на Гарадзенскай вобл. [7]; "Філіп і Магдуля", в. Дварэц Дзятлаўскага р-на Гарадзенскай вобл. [7]; "Багацейкі", г. Гародня) [7]).

У жанравых адносінах сярод сучасных народных твораў пераважаюць у большасці анекдоты - найбольш "аператыўны" жанр, які адгукаецца амаль на ўсе падзеі і з'явы як станоўчыя, так і адмоўныя. Анекдот займаў значнае месца ў рэпертуары розных пластоў насельніцтва як вельмі мабільны, дынамічны жанр, які дазваляў хутка рэагаваць на бурныя падзеі свайго часу. Побач з творамі бытавога плану ўзнікалі анекдоты, накіраваныя на выкрыццё сацыяльнай няроўнасці, а таксама антыўрадавыя анекдоты.

Сваю каранёвую жанравую аснову анекдоты, жарты і гумарэскі атрымалі амаль адначасова з узнікненнем сацыяльна-бытавых казак, але ў адрозненне ад апошніх актыўна бытуюць і зараз. Варта нагадаць, што анекдот паходзіць ад грэчаскага слова "анекдотас" (anekdotos) са значэннем "неапублікаваны". У ХІХ стагоддзі пад анекдотам разумелі кароткае камічнае апавяданне пра смешны выпадак з жыцця вядомай гістарычнай асобы. Пазней значэнне гэтага тэрміну пашырылася: анекдотам пачалі называць невялікае вуснае апавяданне сатырычна - гумарыстычнага характару з нечаканай камічнай канцоўкай.

У прыватнасці, анекдот у сваім змесце нагадвае сацыяльна-бытавую казку, жарт, досціп. Сатырычна-гумарыстычная казка і анекдот маюць характэрнае адрозненне. Калі ў першай характэрнай рысай з'яўляецца наяўнасць фантастыкі, то ў другім у большасці фантастыка адсутнічае. Важнай вызначальнай спецыфічнай рысай анекдота як фальклорнага жанру з'яўляюцца яго аднаэпізоднасць і нечаканасць развязкі адлюстраванай у ім падзеі, учынку, смешнага выпадку з жыцця. Канцоўка твора вызначаецца камічнасцю і дасціпнасцю.

Узнікненне анекдотаў, жартаў, досціпаў тлумачыцца імкненнем народа па-мастацку асэнсаваць асобныя з'явы рэчаіснасці ў жыцці. Вытокам многіх твораў гэтага жанру былі казкі, прыказкі, народныя афарызмы.

Блізкі да анекдота жарт, асновай якога з'яўляецца апавяданне пра смешнае здарэнне, дасціпная насмешка. Калі анекдот крытыкуе і сацыяльна-палітычныя з'явы, то жарт незласліва высмейвае бытавыя здарэнні, смешныя рысы людзей, іх дзіўныя ўчынкі і камічныя размовы. Як і для анекдота, для жарта характэрна аднаэпізоднасць дзеяння - нечаканасць выніку. Пераважнай формай жарту з'яўляецца дыялог.

Добразычлівым характарам смеху вызначаецца і гумарэска, або досціп - невялікі апавядальны твор, у якім трапна высмейваюцца прыватныя з'явы, паводзіны людзей. Для гумарэскі ў адрозненні ад анекдота камічны вынік ці аднаэпізоднасць не з'яўляецца абавязковай.

Анекдот распаўсюджваецца ў народзе. Але збіранню і вывучэнню гэтага жанру на Беларусі ў цэлым, і на Гарадзеншчыне ў прыватнасці, не надавалася належнай увагі, хаця частка працы была зроблена ў дарэвалюцыйны час. На мяжы ХІХ - ХХ стст. былі апублікаваны выдадзеныя ў Кракаве тры тамы аднаго з найбуйнейшых у гісторыі беларускай фалькларыстыкі збору вусна-паэтычнай творчасці - шматтомавага выдання М. Федароўскага "Люд беларускі..." ("Lud bialoruski na Rusi Litewskiej"). У гэтых тамах і былі сканцэнтраваны разнастайныя ў жанравых адносінах апавядальныя творы беларускага фальклору: усе жанравыя разнавіднасці казачнага эпасу, легенды і паданні, былічкі, вусныя апавяданні. Трэці том (1903 год) вялікага выдання хоць і з недахопамі ў размеркаванні матэрыялаў, з'яўляецца адным з найбольш поўных і цікавых зборнікаў сацыяльна-бытавых і авантурна-навелістычных казак і анекдотаў, у якіх знайшлі адлюстраванне паўсядзённае жыццё і клопаты селяніна, яго сацыяльныя стасункі і мараль, перадаецца багацце народнага гумару, яго адносіны да рэчаіснасці. Анекдоты, жарты і досціпы размеркаваны ў ім па тэматычным прынцыпе. Сярод іх нямала твораў пра паноў, папоў, ксяндзоў, пра адносіны паміж імі і сялянамі. Адметнае месца займаюць творы пра палешукоў, мазураў, цыганоў, немцаў, габрэяў. Асаблівасцю многіх анекдотаў з'яўляецца іх вострая сацыяльная накіраванасць. Просты селянін высмейвае ксяндза, папа, час ад часу ашуквае іх. Героямі некаторых анекдотаў выступаюць вядомыя гістарычныя асобы: Касцюшка, Радзівіл і інш.

Свой значны след у збіральніцкай працы сатырычна-гумарыстычных твораў малых форм пакінуў Е.Р. Раманаў. У 1912 г. у Вільні выйшаў яго зборнік "Матэрыялы па этнаграфіі Гарадзенскай губерні", дзе ён змясціў 19 анекдотаў. Галоўным героем у большасці гэтых твораў з'яўляецца спрытны салдат, які ашукаў някемлівую бабку ("Салдат да баба", "Не гусак, а гуска"). У іншых высмейваліся пыхлівая ганарыстасць, хцівасць, п'янства, гультайства ("Цыган на дрэве", "Маскаль-касар").

Варта адзначыць, што першым зборнікам сатырычна-гумарыстычных твораў малых форм была невялічкая кніжачка "Беларускія жарты", выдадзеная ў 1915 г. В. Ластоўскім у якасці дадатка да беларускіх выданняў; пазней выйшлі ў свет зборнікі анекдотаў і жартаў "Народныя ўсмешкі" (1961 г.), "Беларускія народныя жарты" (1970 г.), складзеныя З. Бяспалым; Нілам Гілевічам быў выдадзены зборнік "Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі" (1983 г.), у якім былі апублікаваны 44 анекдоты. Шматлікасць народных анекдотаў і жартаў змяшчалася і змяшчаецца ў сатырычна-гумарыстычным часопісе (цяпер альманасе) "Вожык", у розных газетах ("Звязда", "Рэспубліка", "Ніва" (Беласток)) і іншых выданнях. Вялікая колькасць захоўваецца ў фальклорных архівах, пераважна ў архіве ІМЭФ.

Уклад у захаванне народных сатырычна-гумарыстычных твораў малой формы Гарадзеншчыны ўнеслі і іншыя збіральнікі, да ліку якіх у першую чаргу трэба аднесці П.В. Шэйна, А.С. Фядосіка, К.П. Кабашнікава, У. Содаля і іншых рупліўцаў. Большасць сабраных імі твораў па заходняй частцы Беларусі - Гарадзеншчыне, захавана беларускай Акадэміяй навук інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ў томе серыі "БНТ" "Жарты, анекдоты, гумарэскі" (1984 г.).

Дасканалую працу ў зборы анекдотаў і жартаў Гарадзеншчыны выканаў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У 2007 годзе дзякуючы гэтай ВНУ выйшла ў свет хрэстаматыя "Беларускі фальклор Гродзеншчыны: Народны эпас. Замовы. Варажба" (складальнік Р.К. Казлоўскі), у якой змешчаны сучасныя запісы тэкстаў беларускіх народных казак, легенд, паданняў, сказаў, замоў і ў тым ліку анекдотаў і жартаў колькасцю 47 найменняў.

Трэба адзначыць, што значны ўклад ў даследаванне фальклору зрабіў даследчык М.А. Янкоўскі. У яго манаграфічнай працы "Паэтыка беларускай народнай прозы" (1983 г.) разглядаюцца праблемы вытокаў паэтыкі народнай прозы, суадносінаў слова і вобразу ў фальклорных творах, асацыятыўнасці мастацкага слова, узаемадзеяння матываў і вобразаў у розных жанрах народнай прозы (анекдота і народнага жарту, у тым ліку асобным раздзелам).

Такім чынам вынікае, што анекдоты і жарты Гарадзеншчыны канца ХІХ - пачатку ХХ стст. у значнай ступені даследаваныя.

Анекдот як жанр гумарыстычна-сатырычнага характару да цяперашняга часу не мае сваёй навуковай сістэматызацыі. Вядомы фалькларыст М.П. Андрэеў выказаў свае слушныя думкі пра класіфікацыю анекдотаў па знешнежанравай прыкмеце, пры гэтым пазначыў недасканаласць падзелу анекдотаў на пэўныя групы ў каталогу Аарнэ з навуковага пункту гледжання фармальналагічнай паслядоўнасці і ахопу ўсяго матэрыялу. Навуковец падзяліў іх на фабульныя і бесфабульныя і сістэматычна расклаў на адпаведныя тэматычныя групы. Такая класіфікацыя і сістэматызацыя мае магчымасць значна больш поўна і больш дасканала ахапіць велізарную колькасць разнастайных па свайму зместу і форме анекдотаў, у прыватнасці і Гарадзеншчыны. Выказванні М.П.Андрэева ў артыкуле "Сацыяльна-класавыя матывы ў анекдоце" вартыя ўвагі, у іх пераадолены важны недахоп сістэмы Аарнэ - ігнараванне сацыяльнага зместу анекдотаў. Трэба пазначыць, што М.П. Андрэеў меў рацыю, адзначыўшы, што "такі падзел амаль зусім (за выключэннем анекдотаў пра паноў) не раскрывае менавіта сацыяльна-класавыя элементы ў анекдотах". Аднак і ў бочцы мёду ёсць лыжка дзёгцю: новая сістэматызацыя анекдотаў М.П. Андрэева мае недахопы. Праявілася гэта ў тым, што яна не ахоплівае ўвесь масіў твораў (куды, напрыклад, аднесці анекдоты, у якіх высмейваюцца людскія заганы - прагнасць, гультайства, п'янства), і ў ёй не зусім дакладна вылучаюцца групы анекдотаў.

Анекдот па свайму знешняму абліччу - зместу, а часам і па структуры, вельмі блізкі да сатырычнай казкі і яго, пры тым, адразу немагчыма адрозніць ад яе. Свае меркавані адносна гэтай асаблівасці рабілі розныя вучоныя (А. Пельтцар, С. Саўчанка). І ўрэшце рэшт аказалася, што адрозненнем ў анекдоце з'яўляецца аднаэпізоднасць і нечаканасць развязкі, у якой заўсёды прысутнічае камічнасць і дасціпнасць.

Народны талент перш за ўсё раскрываецца ў камізме персанажаў і сітуацый, у якія яны трапляюць. Анекдоты Гродзеншчыны здзіўляюць чытача пачуццём гумару, які здольна заўважаны народам-творцам. Дадзенае назіранне сведчыць аб тым, што народ гэтага заходняга краю надзвычай кемлівы і дасціпны. Гэтым народным жанрам беларускі люд карыстаўся ў дакастрычніцкі час як важнай ідэйнай зброяй у барацьбе з сацыяльным прыгнётам.

Бязлітасная іронія і сарказм беларускага народа выкрывае дэспатызм і жорсткасць, прагнасць і скупасць, крывадушша і карыслівасць паноў, папоў і іншых прадстаўнікоў тых сацыяльных груп, якіх немагчыма крытыкаваць адкрыта. У анекдотах Гарадзеншчыны пашыранымі героямі супрацьпастаўлення з'яўляюцца дурны пан і мудры, кемлівы і дасціпны мужык. Селянін спрытна выкарыстоўвае слабасці свайго праціўніка, смяецца і здзекуецца з яго. Анекдот "Як паляшук пана сабакаю зрабіў" (в. Дварчаны Ваўкавыскага п. Гродзенскай губ.) [12] раскрывае сутнасць пана, які нават у дзіцячыя гады бачыўся палешуку ў вобразе сабакі:

" - От, Сямён, каб мы дзе і зышліся з табой разам, то не ведаў бы, хто я, а я - хто ты.

- А дзе, - кажа, - панічу, я пана пазнаў бы, калі яшчэ тады, як пан сабакам быў.

… - Паночку, не гневайся, я нічога ліхоха не сказаў, гэта я проці таго кажу, што пан яшчэ тады на чатырох лапах пад сталом хадзіў. То мы гэта кажам у простаці'' [12, c. 27-28].

Трапнае выказванне, як бачна, прыдуманае народам, мае свой каларыт, хоць і прамоўлена станоўчым героем - палешуком. Кампазіцыя ўсіх такіх анекдотаў амаль падобная. Вызначаецца яна нечаканай завязкай ў аднаэпізодным кірунку і мае такую ж самую нечаканую развязку, у якой адлюстраваны розныя смешныя выпадкі, учынкі з жыцця ў камічным завяршэнні - канцоўцы. Такія творы народ ствараў у большасці размоўнымі - у дыялогу двух герояў. Яшчэ ў ХІХ ст. былі распаўсюджаны так званыя ананімныя гутаркі пана з селянінам. У іх мужык наўмысна прыкідваецца дурнем, каб лепш накпіць з пана.

У анекдоце "Мужык і пан" (в. Драгічын Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12] з кумулятыўнай кампазіцыяй разгортваецца клубок дыялогу аднаіменных герояў. Размова пабудавана на гульні слоў і ператварае анекдот у каламбур. Пытанні пана мужык наўмысна ўспрымае не з тым сэнсам, з якім яны задаюцца, і адпаведна адказвае.

"…- Чалавеку! Хто гэты двор трымае?

- А што, - кажа, - паночку, як новы быў, то сам стаяў, а цяпер як стары, то на лісіцы ўзялі.

…- Хто ж у вас старшы?

- У нас ёсць старая баба, ёй, дальбог, ёсць лет ужо з осімдзесят, то яна найстарэйшая за ўсіх у гэтым сяле.

…- Я хачу цябе спытаць: каго ў вас слухаюць?

- Ага! Слухаюць? Ёсць, паночку, у нас у сяле адзін хлопчык, лет сямі альбо і дзевяці, то як зачне граць на скрыпачцы, то ўсё сяло збягаецца і слухае" [12, c. 29-30].

Канкрэтнага адказу, як бачна, пан і не дабіўся. Наступная іх сустрэча на рынку зноў не прывяла да агульназразумелай размовы. Пан з мэтай купіць авёс пытае ў мужыка:

" - Чалавечку! Ці не чутно тут дзе аўса?

- Аўса?

..Узлез чалавек на воз, на дровы і ветрыць носам. Паветрыў, паветрыў да й кажа.

- Не, паночку, не чутно!

- Што тут за д'ябал! - кажа пан, - ці не ўчарашні ты, чалавечку?

- Што ты, паночку, мне будзе лет больш як з сорак, а ты кажаш, што ўчарашні! " [12, c. 30]

Такія анекдоты (лепш сказаць, гумарэскі) з доўгай сюжэтнай лініяй разгортваюць маштабнае палатно паміж асобамі розных слаёў насельніцтва, і кожны герой праўдзіва адлюстраваны, пры тым, паўстае больш падрабязны малюнак ад пачутага. Кароткі анекдот мае ўжо меншы малюнак, але дасціпна і трапна б'е не горш за доўгі сюжэт, як, напрыклад, у "Што ні пан, то сабака" [12].

"Едзе мужык і вязе свінню, а насустрач ідзе пан з сабакам. Пан кажа:

- Што ні мужык, то свіння.

А мужык, доўга не думаючы, адказвае.

- Што ні пан, то сабака " [12, c. 40-41].

Як бачна, "разумны" прадстаўнік вышэйшага саслоўя застаецца абыграным з боку "дурнога" простага чалавека. І ў такіх выпадках, у ролі простага люду выступае не толькі селянін, мужык, але таксама і прадстаўнік з іншага народа, у прыкладзе з цыганом ("Сыны", в. Бародзічы Зельвенскага р-на Гарадзенскай вобл. [7]).

" Пан запытаў у цыгана:

- Што будзе: дождж ці пагода? Калі скажаш, то заплачу.

- Я не ведаю, але мае сыны ведаюць, спытай у іх.

Адзін сын сказаў, што будзе дождж, а другі - пагода. Цыган сказаў:

- Давай грошы, хоць адзін ды ўгадаў " [7, c. 40-41].

Акрамя паноў, дастаецца ў анекдотах і жартах Гарадзеншчыны і прадстаўнікам царкоўнага саслоўя. У такіх народатворах востра крытыкаваліся заганы святарства. У анекдоце "Набожны ксёндз" (м. Свіслач Гарадзенскай губ.) [12] раскрываецца недалёкасць святара, хоць ён і лічыўся вельмі пабожным. "Ён раз сказаў людзям, што ў другую нядзелю прыляціць у касцёл свенты дух, ...ажно яму прыснілася, што дух свенты не явіцца яму за тое, што ён пахваліўся. Паслаў ён свайго парабка на сяло, каб ён купіў белага галубка і ў нядзелю рана занёс яго ў касцёл на гару. А там у столі былі маленькія дзверцы… Ксёндз… сказаў: "Як толькі я ў касцёле скажу: "Духу свенты, зэйдзь на мене!", дык ты ўпусціш гэтага галубка ў касцёл". Але ж як на бяду, гэтага "святога духа" з'еў кот. І пры прамаўленні ксяндзовых слоў, пасля казання, парабак з гарышча данёс: "Немаш, дабрадзею, кот з'ядл!" [12, c. 58]

У гэтым творы нерэальнасць, міфічнасць, якая аснована на празмернай саманадзейнасці ксяндза, пераўвасобілася ў рэальнасць, якая прадстаўлена другім героем - парабкам.

Такога манеру і "Незакончанае казанне"(г. Ваўкавыск Гарадзенскай губ.) [12]. Але тут у нагрузку дадаецца яшчэ адзін недахоп "божага" служкі - сацыяльная праблема - п'янства духавенства. Рызнічы, які па загаду ксяндза вымушаны быў узяць у карчме гарэлкі ў "крэдзіт" вярнуўся назад ні з чым, таму што паводле адказу яўрэя Давыда "ксёндз ужо і так многа набраў". А ў гэты час ксёндз гаварыў казанне пра караля Давіда і прамовіў да людзей: "І што ж на тое адказаў кароль Давід?" На гэтыя словы адказаў рызнічы, які думаў што яны датычацца яго: "Давыд гаворыць, што болей гарэлкі без грошай не дасць, бо ксёндз і так у вялікім даўгу!" [12, c. 79] Такі адказ служкі адразу б'е па загане. Прыстойнасць прапаведніка, насамрэч, як бачна, праяўлялася толькі знешне, а раскрыццё сапраўднага аблічча, выявілася ў камічнай сітуацыі. [12, с. 79].

Анекдот "Паляшуцкія пропаведзі" (в. Дварчаны Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12] раскрывае тую ж тэму - ненедастатковую адукаванасць святарства. Варта пазначыць, што анекдоты пра палешукоў карысталіся ў беларусаў вялікай папулярнасцю. Гэтыя героі не ўмеюць нічога рабіць і не ведаюць самых звычайных жыццёвых ісцін. Такім героем пададзены малады поп, які накіраваны быў бацькам вучыцца на святара, "пабыў ён недзе колькі гадоў, у бацькі грошы набраўшы, ажаніўся дый прыехаў дадому" [12, c. 61]. У вёсцы для яго збудавалі царкву. І на першай пропаведзі "ён выйшаў з кніжкай дый пытае ў народа:

- Людзі, людзі, ці вы ведаеце, што ў гэтай кніжцы напісана?

- Не, - кажуць, - не ведаем, ойчэ духоўны.

- То вам і казаць нечага, калі вы такія дурні " [12, c. 61].

Такое ж пытанне, якое было зададзена на наступнай нядзельнай пропаведзі мела адказ у адваротнай форме:

" - Ведаем, ойчэ духоўны!

Але ж і тут мясцовы поп знайшоў выхад з сітуацыі:

- То што, - кажа, - буду язык аб зубы біць, калі вы самі ведаеце" [12, c. 61].

Невуцтва папа, які "пабыў недзе колькі гадоў" і меў права на правядзенні пропаведзяў, як дзіўна, не заўважана сялянамі, а наадварот, яны "пабедавалі, што занадта папа разумнага маюць, бо ўжо і невядома, як цяпер яму адказваць" [12, c. 61].

У такіх "заслужаных" святароў народ заўважаў шмат надахопаў і стараўся высмеяць іх у належным парадку. Анекдот "Кпіны шляхецкія з хлопаў" (в. Міжрэчча Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12] не толькі ўтрымоўвае з'едлівую насмешку, але і зачэпку ў саміх словах - назвах.

"Раз вёз адзін чалавек двух клерыкаў да семінарыі, а шляхціц пытаецца ў яго ў карчме на папасе:

- А каго ты вязеш, мой саколіку?

- Кнурыкаў, - кажа, - да свінарыі, мой паночку.

Вот як людзко спільшчыў!" [12, c. 61]

Словы ў пераносным паняццях "клерыкі - кнурыкі", "семінарыя - свінарыя" маюць розныя значэнні. Але ж розніцу ў іх народ бачыў невялікую. Клерыкі, як прадстаўнікі пачатковага святарства, між іншым, як і іншыя святары-католікі пазбаўлены як вядома сямейнага дабрабыту і права прадаўжэння свайго роду, прычым, надзелены прыроднымі якасцямі, як і іншыя простыя людзі. Вось гэтая праява і заўважана ў народзе, якая пасля знайшла месца ў высмейванні.

Сатырычна едка высмейваецца "божы" служка ў анекдоце "Папоўская пропаведзь" (м. Мсцібава Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12]. Прыхаджане, якія паскардзіліся "першасвяшчэннаму" на папа, які "не ходзіць на казанне", пасля прыходу вінаватага пачулі загадку-адгадку. "От стаіць кабыла сівая на чатырох нагах. Ну што гэта? Ногі? Гэта ногі - стаўбы, а кабыла сівая - гэта свет! А пад хвастом у яе што? Гэта ад! От вас, сукіных сыноў, за пятроўку, філіпаўку, вялікі пост усіх - кабыліцы пад хвост!" [12, c. 63].

Без належнага шанавання да "Святога пісання" адносіўся і просты люд. І гэта востра крытыкавалася тым жа людам. У анекдоце "Мяса ў пост" (в. Петрашы Дзятлаўскага р-на Гарадзенскай вобл.) [12] "адзін чалавек надта хітры" імкнецца абысці вялікі пост, але не перастаць пры тым ужываць мяса і застацца безгрэшным.

" - Войчанька, а што трэба рабіць з тым мясам, што пасля ночы ў зубах застаецца?

А ксёндз і кажа:

- Што ж ты зробіш з ім, трэба з'есці, ужо за гэта не будзе граху" [12, c. 85-86].

"Надта хітры чалавек" тады вырашыў укласці ў зубы на запускі "ўсмажаную ў сале гусь і заснуў". На раніцы пастаўленая мэта ім была дасягнута: у вялікі пост з'еў мяса і пры тым не ўчыніўшы граху.

Анекдот ці жарт - гэта больш празаічны твор. Але ёсць і адпаведная рыса якая яднае анекдот з родам літаратуры - паэзіяй, прынамсі, з байкай. Як і ў пазначаным вышэй творы, і ў іншых, ёсць вынікі сказанага, падобнага да баечнай маралі. Народны жарт мае задачу не толькі пацяшаць, але і прымушаць да разважанняў. І ў якасці разгрузкі чытачу хоць зрэдку, але выступае мараль, якая і тлумачыць сэнс папярэдне сказанага.

Сатырычна-народны твор тыпу "Якому ты д'яблу ставіш?" (Кобрынскі п. Гарадзенскай губ.) [12] мае мэту паказаць няўменне людзей карыстацца мовай адпаведна сітуацыі. Цэнтрам здарэння выступае "вобраз святога Мікалая", якому "адзін беларус" хацеў праз натоўп молячыхся ў царкве перадаць свечку. Але заўважыўшы, што "свячу яго ставяць перад вобразам якогасьці іншага святога, толькі не Міколы" , ён зрабіў гучную заўвагу: " - Якому ты д'яблу ставіш, Мікалаю пастаў!" [12, c. 97] Як бачна, выраз "якому д'яблу", што дарэчы ў побыце, зусім недарэчы ў царкве, дзе апрыёры ўсе святыя.

Такая ж падобная структура і ў анекдоце "Якога мяне стварыў, такога мяне маеш" (фальварак Косін Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12]. Зноў-такі, прастата і адначасова ганарыстасць шляхты, заўважаецца народам і дасціпна адлюстроўваецца. "Упаў шляхціц у стол алтара і думае, што яго ніхто не слышыць, пачаў ад такіх слоў малітву сваю: "Пане, вот я ёсць твой слуга, к таму ж яшчэ шляхціц" .

А хтось за алтаром тым часам, стоячы, гаворыць.

- Хоць шляхціц, але дурань!

Тады шляхціц думае, што там сам Бог адмаўляе, гаворыць:

- Пане, якога мяне стварыў, такога мяне маеш!" [12, c. 97]

Твор без маральнай канцоўкі, але дасціпны, годны адказ самога героя развязвае ўзгаданую праблему, у якой закладзена вызначанае "зерне" ісціны: перад Богам можна не велічацца: калі дурань, то дурань, і нічога тут не зробіш, але ўсяроўна не ён вінаваты. Бог стварыў дурня, то Бог і вінаваты.

Падобная размова-малітва да Бога пададзена і ў народным гумарыстычным творы "Як злодзей ачысціў жанчыну ад грахоў" (в. Петражоўка Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12]. Гераіня анекдота "вельмі пабожная жанчына", якая "аднаго вечара ўкленчыла каля лавы і давай пацеры гаварыць" і прасіць ў Бога ачышчэння ад грахоў. Пачатак аповеду зусім звычайны. З'яўленне другога героя - злодзея (які сядзеў пад лаваю) робіць сітуацыю гратэскавай.

" - Божа, ачысці мяне ад грахоў!

То злодзей:

- Ачышчу, ачышчу!

-… І яшчэ, Божа, мае дзеткі ачысці.

- Добра, добра. Як паспею, то ўсіх пачышчу!" [12, c.102]

Псеўда-Бог, выслухаўшы просьбу - мэту, пастаўленую яму, як "усе паклаліся спаць, …вылез, усё пабраў, што змог, ачысціў гладка і сам пайшоў!" [12, c. 102] Маралізатарская цытата: "Вось якая боская літасць!.." гучыць іранічна-сцвярджальным тонам.

Дасціпны гумар і багатая фантазія народа адлюстраваліся таксама ў анекдотах пра цыганоў, мазураў. Героі гэтых народатвораў робяць недарэчныя ўчынкі, трапляюць у камічнае становішча. Смех тут пануе незласлівы, добразычлівы. У аснове яго адсутнічае нацыянальная непрыязнасць і ўзлаванасць, з'едлівая кплівасць, а гучыць незласлівая насмешка, якая нічога не мае агульнага са сцвярджэннем нацыянальнай перавагі, пагарды да іншых народаў.

Анекдот "Як мазур спрытна рубаў галіну" (в. Дварчаны Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12] утрымоўвае незласлівую насмешку, якая адлюстравана ў смешных паводзінах мазура. Герой паказаны недасведчаным: то "рубае" тую самую галіну, на якой сядзіць; задае пытанні мужыку, ці адгадае, колькі ў яго кароў, то дзесята будзе яго; як завуць яго Марысю. І пры тым заклаў бочку піва і каня сівага, не разумеючы адкуль усё ведае гэты мужык.

З добразычлівым гумарам паказаны і палешукі, напрыклад, у такім дыялогу як "Паляшуцкая гутарка" (в. Дварчаны Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12].

" - Скуль ты?

- З Астрога.

- Чый ты?

- Папоў слуга.

- Як цябе завуць?

- Янка.

- Чы еў бы ты капусту?

- Ой-ёй! - Абы тлуста!

- А гарох?

- Ох! Ох! Ох!

- А піў бы ты піва?

- Гм. Ото дзіва!

- А чы жаніўся б ты?

- Хоць зара!

- А ўмееш пацеры?

- Не лезь у вочы!" [12, c. 112]

Такая кампазіцыя мае больш спрошчаную будову з кумулятыўным нарастаннем: пытанне і адказ. Але раскрываецца і сэнс - заганы паляшуцкага жыцця - гультайства, дармаедства, не валоданне рэлігійнымі ведамі.

У анекдоце "На Палессі то й мядзведзь ксяндзом" (Ваўкавыскі п. Гарадзенскай губ.) [12] на гэты раз у незвычайнае становішча трапіў мядзведзь, прыняты палешукамі нібыта за ксяндза, які ехаў з панам Богам.

Анекдот, у якім прадстаўлены немец "Немца і птушкі настрашаць" (м. Лыскава Пружанскага п. Гарадзенскай губ.) [12] таксама гумарыстычнага кшталту. На гэты раз тут праблемай паўстае выкрыццё крадзяжу, зладзейства. Герою не ўдаецца ўкрасці вала: то яму варона падае гук "Кра-кра!" быццам кажа "Украў, украў!", то зязюля - "Ку-ку! Ку-ку!", быццам "Купіў - купіў!", то крук з гукам "Птру! Птру!" быццам канём яго даганяюць "Тпру!". Кінуўшы вала, немец уцякае. Пакрыўджаным застаецца немец і ад парабка ( "Як парабак немца абідзеў" (в. Ходараўка Сакольскага п. Гарадзенскай губ.) [12]). Немец папрасіў парабка зарэзаць авечку, якая на яго будзе глядзець. У выніку той парэзаў усіх, бо ўсе ўглядаліся на яго.

Характэрнай рысай - хітрасцю, вызначаецца цыган ("Цыганская хітрасць", в. Дрыга Сакольскага п. Гродзенскай губ.) [12], "Якое ў цыгана мяккае сэрца", в. Ходараўка Сакольскага п. Гарадзенскай губ.) [12], "Цыган і гаспадар", м. Шэрашава Пружанскага п. Гарадзенскай губ.) [12]). "На пытанні пана "Хто будзе водку піць?", "Хто будзе каўбасу есці?", цыган наперад усіх выкрыкваў: "Я, паночку!". А як пан запытаў: "А хто пойдзе сёння касіць?", - цыган знайшоў адказ: "Дзецюкі, адзывайцеся, а то, далібог, мне аднаму ўжо цяжка - усё я да я!" [12, c. 118] Удругім творы цыган, прысеўшы ў карчме да нейкага чалавека, вырашыў разам паесці парася з ужо прыду-манай хітрасцю. Дзіця, якое час ад часу наўмысна пачало клікаць бацьку да хаты, быццам разгневала яго, і ён тады кідаецца парасём у сваё дзіцё. Вядома, тое парасё падчаканыя цыганы падымаюць і з'ядаюць. А чалавеку цыган адказвае: "Бачыш, чалавеча, якое ў мяне сэрца не мяккае: я што схаплю, тым і шпурляю!" [12, c. 118] Жвава абыходзіць гэты прадстаўнік не- беларускай нацыянальнасці і гаспадара, у якога ўкраў сала, і з мэтай выйсці з узнікшай праблемы ён кажа: "Пане гаспадару, на табе сала! Чорт яго прыслаў многа табе". На гэта гаспадар лаянкава адказаў: "Калі табе даў чорт сала, то і нясі яго сабе" [12, c. 122].

Падобную праблему народ заўважаў і ў "маскалёў", якія здольныя на хітрасць, крадзёж, ашуканства адразу ў адзін момант. Анекдот "Як маскаль спавядаўся" (в. Старынкі Лідскага п. Гарадзенскай губ.) [12] мае кумулятыўную структуру будовы твора - дыялог.

" - Што ўкраў?

- Вяроўку!

- А пры вяроўцы што было?

- Рогі!

- А пры рагах?

- Карова!" [12, c. 127]

Анекдот "Як расеец разгаварыўся" (в. Дварчаны Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12] выкрывае ганарыстых, хвалькоў, у ролі якіх дзейнічае "расеяц". Герой твора хваліўся перад мужыком: "Знаеш, дурная галава, я і там быў, і там быў" . Выслухаўшы ілжывую пахвальбу, мужык кажа: "Ну, ну, праўда, што Вы ўсю-дачкі былі". "Не, зямляк, я ва Усюдачках не быў. Пажалуйста, скажы, какой ето губерніі?" [12, c. 131]

Неабыякава ставіўся народ і да такога людскай заганы як гультайства. На гэты раз папікаецца і просты люд. У творы "Трошкі паспала" (в. Папелавічы Смаргонскага р-на Гарадзенскай вобл.) [12, c. 132] выстаўляецца "лянівая баба", якая замест таго, каб жаць, вырашыла: " Вось гэта заўтра зраблю, а гэта потым. А на сёння няма чаго рабіць. Лягу я лепей спаць." У незвычайную для яе яна трапіла сітуацыю (праспаўшы да самага вечара), у якой так і не зразумелася: "Лажылася ж я галавой да сонца, а ўстала - яно ў маіх нагах" [12, c. 131].

Адной з самых турботных праблем народа была праблема беднасці, праз якую прайшоў просты сялянскі люд. Мара аб лепшым жыцці непакоіла творчых прадстаўнікоў, якія ў гэтых пакутах вылівалі на паперу свае балючыя творы. Але і неабыякава ставіўся да гэтай праблемы сам народ, які ў сваім асяроддзі заўважаў шматлікія сатырычна-гумарыстычныя сітуацыі. Твор "Пра багацце і беднасць" (в. Сянежыцы Наваградскага п. Гарадзенскай губ.) [12] якраз і гучыць балючай нотай. Кумулятыўна падаецца структура твора пабудаваная марамі беднага чалавека, які па дарозе ўбачыў зайца і з мэтай нажыцца з гэтай жывёліны вырашыў: "Я зайца злаўлю, прадам да свінню куплю. Свіння прывядзе дванаццаць парасят - дванаццацёра шчэ па дванаццаць. Тады свінню закалю, мяса насалю - буду жаніцца! Шмат мяса! Будзе што есці. Да жонка народзіць два сыны. Яны будуць сабе мець падданых - наказываць будуць, біць людзей. А я скажу - не рушце, не бейце! Бо нам кепска даўней было!". Як гукнуў, так зайчык усхапіўся і ўцёк. І багацце яго пабегло" [ 12, c. 153].

Разнастайнасць крытычных высмейванняў даволі багатая на Гарадзеншчыне. Народ не толькі панура заўважаў беднае становішча, нахабнасць паноў і падпанкаў, якіх трапна высмейваў у фальклорнай крытыцы, але заўважаў цікавыя і практычна незласлівыя моманты з жыцця простага чалавека. Хутка і жвава змагла адкруціцца баба ("Хітра баба" (в. Дварчаны Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12]) ад пытання чалавека, які заўважыў на яе рыначным прылаўку "бруднае, што аж рабое" масла. Вось што яна адказала яму: "Ляньцеся! Бо ад рабой каровы! От пытае, бы то сам не знае!" [12, c. 154].

Цікава распавядае анекдот "Мужыцкая загадка каралю" (в. Ходараўка Сакольскага п. Гарадзенскай губ.) [ 12]. Сюжэт яго не складаны, пабудаваны як і звычайна ў форме гутаркі. Кароль, напаткаўшы чалавека, які "вёз фуру дроў" дазнаўся, што мужчына за іх атрымае "дваццаць грошы", а канкрэтней: " Пяць аддам, пяць пазычу, пяцьма жонку жыўлю, пяць у воду пушчу" [12, c. 158]. Гэтую загадку не маглі нават адга-даць служкі караля. Растлумачыць сэнс сказанага прыйшлося самому чалавеку: "Пяць, - кажа, - на радзіны, пяць на дзеці, пяць для сябе і для жонкі, а пяць на падатак " [12, c. 158]. Разгадка, як бачна, зразумелая толькі звычайнаму селяніну, які і жыве тым, што грошы аддае, пазычае, жывіць імі і пускае невядома куды. Такія жыццёвыя клопаты невядомыя былі ў свой час багацеям, і ведаць адгадку ім не пад сілу.

Такія варыянты анекдотаў бытуюць і ў цяперашні час і маюць сваю моцную крытычную насмешку, даецца слухачу самому паразважаць у такой сітуацыі ("Зяць і цёшча", в. Конна Зельвенскага р-на) [7]). Зяць, які папрасіў у скупой цёшчы грошы з мэтай купіць машыну, пачуў такі горкі адказ: " - Адгадай спачатку загадку: чатыры назад, пяты ўперад (фіга)" [7, c. 128]. Не адгадаўшы яе, "зяць сам назбіраў патрэбную суму і купіў машыну" [7, c. 129]. Другая частка і сама раскрывае адгадку, трапна высмеяўшы "скупую цёшчу", якая з мэтай пад'ехаць з зяцем на машыне пачула наступнае з'едлівае: "Адгадаеш загадку, то падвязу. Пяць налева, пяць направа (такім чынам складаюць рукі нябожчыку)" [7, c. 129].

Трапна выкарыстоўваецца ў анекдотах Гарадзеншчыны дзіцячая непасрэднасць, няўменне хітрыць, ліслівіць. Да гэтай характэрнай рысы належыць анекдот "Пуза лопне, то ўсю станцыю затопіць" (в. Н. Бярэзіна Іўеўскага р-на Гарадзенскай вобл.) [12]. У камічным становішчы апынуўся памешчык, які заўважыў на станцыі хлопчыка ў слязах, у якога і запытаўся:

"- Хлопчык, чаго ты плачаш?

- …А як жа мне не плакаць, калі ваша пуза лопне, то ўсю станцыю затопіць" [12, c. 41].

Нямала сустракаецца анекдотаў, у якіх сумоўнік хітра, адной фразай стварае камічны эфект. Напрыклад, як у творы "Новая сукенка" (в. Шылавічы Слонімскага р-на Гарадзенскай вобл.) [7].

"- Як табе падабаецца мая новая сукенка?

- Любата! Твая швачка так шые, што і на калодзе добра ляжыць" [7, c. 122].

Успышка анекдотатворчасці назіраецца ў Заходняй Беларусі і ў тым ліку на Гарадзеншчыне ў 1939-41 гг. пасля прыходу сюды саветаў. Саветы, балішавікі, камуністы становяцца выключна адмоўнымі персанажамі гэтых анекдотаў, жыхар Заходняй Беларусі падаецца выключна станоўча. Пры гэтым анекдоты з-за малога часу іх бытавання маюць вельмі спрошчаную форму, часта гэта адна фраза:

" - Хазяін, ты для чаго сала склеіў? - пытаецца савецкі салдат, убачыўшы тоўстае сала, якім яго вырашылі пачаставаць, бо ў Расіі ён такога ніколі не бачыў" (г. Ліда.).

"- Саветкі пакуплялі начныя кашулі, паапраналі і пайшліна танцы" (г. Ліда).

Фактычна мы маем тут справу не з закончанымі анекдотамі, а з анекдатычнымі сітуацыямі. Канцэнтравана анекдатычныя сітуацыі гэтага перыяду апісаны ў кнізе Сяргея Пясецкага "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі" [31].

У савецкі час узнікла шмат анекдотаў пра вядомых палітычных дзеячоў, у тым ліку пра Сталіна і яго паплечнікаў, пра савецкую ўладу і партыю. Сатырычныя анекдоты, у якіх востра крытыкавалася становішча ў краіне і непрывабна паказваўся правадыр народаў, забараняліся, іх выкананне жорстка каралася. У анекдоце "Дабрахалася" (в. Тулава Зельвенскага р-на Гарадзенскай вобл.) [7] жонка сказала мужу: "- Нічога мы не робім. Сядзім толькі як Сталін" [7, c. 122]. За гэтыя словы жонку арыштавалі. Мужык, занёсшы ёй паесці ў КПЗ адказаў: " - Дабрахалася. Я табе казаў: не брашы як савецка радыва. Цяперака і будзеш сядзець" [7, c. 122].

"- Таварыш Сталін, а якое ў Вас хобі?

- Анекдоты пра сябе збіраю.

- І ці шмат назбіралі?

- Таварыш Берыя казаў, што ўжо два лагеры" (г. Ліда).

" - Чулі? Брэжневу аперацыю зрабілі.

- Якую?

- Па расшырэнні грудзей.

- А для чаго?

- Медалёў няма куды вешаць (г. Ліда).

Нямала існуе ў народзе і ўзнікае штодзень анекдотаў, жартаў, досціпаў пра якія-небудзь смешныя выпадкі з жыцця, бытавыя здарэнні. Тэматыка іх такая ж разнастайная, як само жыццё. Гэтыя жанры адны з самых папулярных і сёння. Дасціпны жарт, смешны анекдот пра выпадак з жыцця з нечаканым камічным вынікам, расказаны цікава, з адпаведнай мімікай, жэстамі і эмацыйнай інтанацыяй, - усё гэта захапляе слухачоў. Падобная карціна паўстае ў анекдоце "Запрог" (в. Радзівонішкі Лідскага р-на Гарадзенскай вобл.) [7].

"Запрог дзед каня галавою да воза, хвастом да хамута. Другі пытае:

- Чаму ты так каня запрагаеш?

- А адкуль ты ведаеш, куды я паеду?" [7, c. 120]

У ранейшы час, асабліва цяпер папулярным стала выкарыстанне эратычных народных анекдотаў, якія ўсё больш і больш сустракаюцца. У анекдоце "Хоць бы на месяц хапіла" (в. Дварэц Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.) [7] камізм у тым, што "бабулі, купіўшай у магазіне для дзеда галёшы, не знайшлося скрынкі, і ёй у аптэцы тады прапанавалі скрынку ад прэзерватываў з надпісам "1000 штук". У аўтобусе зацікаўлены малады мужчына ў яе пытаецца:

- Бабка, і на колькі вам гэтай скрынкі хопіць?

- Ой, сынок. Як мой дзед шоркае, так хоць бы на месяц хапіла" [7, c. 121].

Гэтай тэме датычыцца гумарыстычны народны твор "Незвычайны камарык" (в. Бародзічы Зельвенскага р-на Гарадзенскай вобл.) [7].

Перабудова, пераход на рыначную эканоміку, сацыяльнае незабяспечанне людзей выклікалі ўзнікненне сатырыка-гумарыстычных твораў, у якіх выкрываюцца несправядлівасці існуючых у краіне грамадскіх узаемаадносін, беззаконня. У адным з анекдотаў ("Святар і пекла", в. Першамайская Шчучынскага р-на Гарадзенскай вобл.) [7]) святар трапна дае адзнаку міліцыянту, які прыпыніўшы яго, зрабіў заўвагу за хуткую язду, пры чым яхідна папярэдзіў, што можна патрапіць ў пекла. Святар, доўга не думаючы, яму зазначыў, што пекла няма, таму што "смалу вывезлі на дарогу, а чэрці з палкамі стаяць" [ 7, c. 125].

З'явай ў анекдотатворчасці Гарадзеншычыны сталіся публікацыі ў газетах "Голас з Ліды" і "Голас Ліды" серыі "Львоўскія анекдоты". У самім Львове пра гэтыя анекдоты ніхто нічога не ведаў, бо ствараліся яны або пераказваліся па беларуску ў Лідзе і Мастах. Адзін з іх, магчыма запазычаны:

"Едзе аўтобус па Заходняй Украіне. На дарозе яго спыняюць узброеныя бандэраўцы. Адзін з іх заходзіць у аўтобус і пытае:

- Колькі часу?

Падскаквае малады негр:

- Пятнаццаць гадзін, сямнаццаць хвілін.

- Сядай сынку! Я і так бачу, што ты не маскаль."

Такім чынам, беларускі народ Гарадзеншчыны багаты на захаваную фальклорную спадчыну сатырычна-гумарыстычных твораў малых жанраў, у якіх багата адлюстраваны змест рэалій жыцця розных часоў. Паказаць такія карціны народу пашанцавала ва ўмельстве іх пабудовы. Важнай асаблівасцю яе з'яўляецца неадпаведнасць і нават супярэчлівасць паміж апавядальнай часткай анекдота і заключнай, канцоўкай. Камічны эфект нярэдка і дасягаецца гэтай супярэчлівасцю паміж формай і ідэяй твору. Прынамсі, вельмі пашыранай з'яўляецца дыялагічная форма анекдота. У такіх выпадках дыялог выступае як паясняльнік сутнасці канфлікту і асноўных якасцей персанажа. Але незалежна ад формы анекдота кульмінацыя і развязка канфлікту змяшчаюцца ў канцы твору.

Праблемы п'янства і невуцтва, беднасці і багацця, гультайства і прагнасці, рэлігійных свавольстваў сталі галоўнымі пунктамі ў вызначэнні крытычнага стану народным сатырыка-гумарыстычным творам як сродкам "дасягнення" негатыўнага жыццёвага працэсу. Справядлівая крытыка, вострае высмейванне носьбітаў заганных рыс незалежна ад іх сацыяльнага становішча: ці гэта пан, ці памешчык, поп ці ксёндз, цыган ці паляшук, лекар ці міліцыянт - усё гэта знаходзіць месца сатырыка-гумарыстычнаму абсмяянню ўсяго негатыўнага і несправядлівага ў жыцці.

Анекдот - жанр, які патрабуе актыўнага мыслення, выказвае не ўсё, а дае магчымасць паразважаць, зразумець сэнс твору слухачу пры тым, што маральнай часткі практычна не заўважаецца. Зразумець сказанае паміж радкамі можа не кожны, таму што слухачу неабходна валодаць пачуццём гумару.

Разнастайнасці крытычнага зместу анекдотаў адпавядае багацце мастацкіх прыёмаў і сродкаў увасаблення ідэй, мноства адценняў сатыры і гумару. Як і казкавая проза, анекдот вылучае толькі адну адмоўную рысу ці якасць персанажа, на якой і канцэнтруецца ўвага. Пры гэтым, дарэчы, анекдот адразу ж уваходзіць у дзеянне без экспазіцыі або зачыну, без дэталізацыі.

У анекдоце "Даведаўся" (Ніва, 1975, 23 чэрвеня) [12] селянін пытае пасля абеду ў пана:

" - Пане, а чаму вы як паелі, то перавярнулі міску?

- Гэта значыць, што я наеўся.

- Вось яно што! А я ўсё думаў, бывала, чаго гэта мая свіння як толькі паесць, дык і перавяртае карыта." [12, с. 34-35]

Характэрнай рысай у беларускіх народных анекдотах Гарадзеншчыны і іншых рэгіёнах Беларусі наяўнасць старажытнага, сёмага склону - клічнага. У сучаснай беларускай мове формай клічнага склону выражаецца зваротак ( пане! чалавеча! ), ды, пры тым, сустракаецца і ў памяншальна-ласкальнай суфікснай форме ( паночку! чалавечку! ).

Анекдоты такога тыпу, у якіх селянін становіцца пераможцам у пэўнай сітуацыі, заўважаецца, бадай, ва ўсіх падобных варыянтах. У іх селянін, які падначальваецца свайму пану, пры чым у розных выпадках захоўвае сваю станоўчасць, а пан паказаны ў камічным становішчы (анекдот "Му-му!", в. Зачэпічы Дзятлаўскага р-на Гародзенскай вобл.) [12].

"Зайшоў мужык да пана, а той:

- Ідзь да джві і зам ы кай!

Мужык прычыніў дзверы, усунуў галаву і кажа:

- Панок, му-у!" [12, c. 53]

Пры тым, трэба адзначыць, што анекдоты маюць яшчэ і пэўную лексічную асаблівасць - з'яву гукавога супадзення розных паводле сэнсу моўных адзінак - аманімію. У гэтым варыянце народнага твора вызначаецца аманімічная форма - амаформа: "замыкай" - як у значэнні пана 'зачыніць на замок дзверы' і "замыкай" - як у значэнні мужыка 'падаць гук як карова'.

Талент народа-мастака, безумоўна, ярка раскрываецца ў трапнай абмалёўцы ўсяго некалькімі штрыхамі камічных вобразаў і паказам сітуацый, у якія трапляюць персанажы. Самыя тонкія нюансы гумару, якія адлюстроўваюцца ў народных анекдотах, багатая мастацкая вобразная сістэма - сведчанне бязмежных мастацкіх здольнасцей народа Заходняй Беларусі. Багацце анекдотаў на Гарадзеншчыне разнастайнае, доказам гучаць творы на рознасюжэтныя сацыяльныя тэмы: антыпрыгонніцкія, антыпанскія, антыклерыкальныя; на матывы накіраваныя супраць заган і хібаў людскіх; пра палешукоў, цыганоў і прадстаўнікоў іншых народаў, дзяцей. Бязлітасную іронію і сарказм заходні край Беларусі ўжываў пры выкрыванні дэспатызму і жорсткасці, прагнасці і скупасці, крывадушша і карыслівасці паноў, папоў і іншых.

Найчасцей вобраз герояў адлюстраваны ў самым кантэксце, ці лепш сказаць, у кампазіцыі - дыялогу, у размове паміж двума персанажамі. Дыялог якраз і адыгрывае важную функцыю ў выяўленні той рысы, якая і запраграмавана народам для паказу знешняга так і ўнутранага аблічча персанажа.

Камічнасць, безумоўна, адыгрывае значную ролю ў адлюстраванні аблічча персанажаў. Больш змястоўна захоўваюцца рысы герояў, калі дасціпны жарт, смешны выпадак з нечаканым вынікам, незвычайная падзея расказана цікава, з адпаведнай мімікай, жэстамі і эмацыянальнай інтанацыяй, - усе гэтыя асаблівасці захапляюць чытача. Пры чым, гэтыя крытэрыі больш успрымаюцца, калі апавядальнікам з'яўляецца чалавек з пэўнай мясцовасці, у якой і "ходзіць" гэты народны твор, захаваўшы моўныя паказчыкі, каларыт мясцовай гаворкі, дыялектаў. Гэта тлумачыцца тым, што шмат твораў занатавана ў змешанай мове (трасянцы), у якой прысутнічаюць русізмы, паланізмы, словы, якія не заўсёды зразумелыя слухачу з іншага рэгіёну.

Вядома, што самога паняцця "анекдот" першапачаткова не было і асобна твор не існаваў. Крыніцай гэтага твору з'яўлялася шматграннае жыццё, прыказкі, прымаўкі, казкі, народныя апавяданні, літаратурныя творы. Менавіта некаторыя казачныя матывы, асобныя эпізоды перапрацоўваліся ў анекдоты, калі яны былі звязаны з рэчаіснасцю і цікавілі грамадскасць. Не выключэннем з'яўляюцца легенды і паданні. Паданне, якое бытуе пра паходжанне вёскі Моцевічы Лідскага раёна [18],[28] можа ўпэўніць у вышэй сказаным.

Твор будуецца ў іранічным кантэксце на вобразе станоўчага героя Мацея. Ужо ў пачатку твор раскрываецца ў гумарыстычных элементах у спалучэнні са слоўным майстэрствам. "Ад Мацея, які некалі жыў тут, пайшла назва вёскі. Такі ўжо штукар быў, што людзі яго з замілаваннем згадваюць. А калі хто якую штуку выкіне, то і зараз скажуць: - Няйначай Мацеевы ўнукі пастараліся, іншыя да гэтага не дадумаліся б" [18, c. 264].

Штукарствы Мацея паказаны на працягу ўсяго твора.

У нечаканым становішчы апынуўся сусед, якога за працу гаспадары вырашылі пачаставаць смачным абедам. Пакуль з ім былі гаспадары, то паесці яшчэ змог, а калі выйшлі, то і "лыжку да рота так і не данёс". А "дзякуючы" гэта гаспадароваму сыну Мацейку, які абазваўся слоўным падколам: " - Ты дзядзька, есці еш, але не забывайся пра тое, што і мне пакінуць трэба. Ды не самага горшага і не таго, што сам ужо паспрабаваў…" [18, c. 264]. Разгублены мужчына так і застаўся не паеўшы і не прызнаўся гаспадарам, у чым прычына адмаўлення ад ежы. У наступным штукарстве Мацей паказаны як спрытны жартаўнік-селянін, высмейвальшчык багатых і бацюшкі.

Аднойчы штукар украў у бацюшкі "двух самых лепшых коней" і прадаў іх цыганам. У выніку "у вёсцы перапалох: гамана, крыкі, матушка плача, валасы гатова на сабе рваць, а бацюшка напіўся з раніцы…" [18, c. 265]. А Мацей адляжаўшыся ад добрага падпітку вырашыў пасмяяцца над бацюшкам і замаліць свой грэх - кражу ў яго самога (бацюшкі) коней. " У бацюшкі ледзве вочы не павылазілі" ад пачутага, але каб грэх сышоў з душы, святар прапанаваў Мацею прызнацца аб гэтым пры ўсім народзе ў самой царкве пасля малебна. Бацюшка дачакаўшыся гэтага дня "задаволена нешта спяваў, не вельмі падобнае на божыя малітвы", папярэдзіўшы сялян аб выступленні Мацея пасля малебна, маўляў, што ўсё, "што скажа ваш аднавясковец, чыстая праўда!" Гэтыя словы яшчэ больш прыдалі смаку для выхадкі Мацею, ён і прамовіў: "Усе дзеці ў нашай вёсцы, якія рыжыя - гэта бацюшкава работа" [18, c. 266].

Калі вобраз, які створаны ў мастацкай творчасці з'яўляецца тыпізаваным, то тут характэрная сатырычна-гумарыстычная форма фальклорнай тыпізацыі з яе іроніяй. Вобраз Мацея як станоўчага героя паказаны ў абліччы простага селяніна, смелага, упэўненага ў сваіх учынках. Мацей, лічачы бацюшку, як і пана-багацея несумленным чалавекам, паказаў яго з негатыўна-адмоўнага боку, у камічным выглядзе ("матушка валасы рвала", "бацюшка напіўся з раніцы", "бацюшка спяваў не божыя малітвы"). Дасціпны сялянскі гумар знешне набліжаецца да казачнага эпасу, што характэрна ў абмалёўцы сатырычнай казкі. Тут станоўчы герой вабіць сваёй смеласцю, рашучасцю, розумам, непрымірымасцю да несправядлівасці. Адмоўны персанаж створаны шляхам раскрыцця неадпаведнасці паміж вонкавай значнасцю і ўнутранай нікчэмнасцю.

Адной характэрнай мастацкай асаблівасцю, якая раскрывае вобразы герояў, з'яўляецца гіпербалізацыя, як сродак перабольшвання пэўных уласцівасцей чалавека. У адносінах да адмоўнага персанажа, чытач (слухач) заўважае, што бацюшка мае схільнасць да неверагодных з'яў: у яго "ледзве вочы не павылазілі", "напіўся з раніцы", а "матушка валасы рвала" на сабе. Гэтая мастацкая адметнасць надзяляе больш завостранасці ў творы, якая далучае да сябе ўвагай чытача для адлюстравання камічнага і сатырычнага эфекта. Падыграць у такіх выпадках першапачаткова дапамагаюць моўныя выразы, як у гэтым варыянце ў форме метафары - "чыстая праўда" і эпітэтная афарбоўка - "лепшыя коні", "божыя малітвы".

Народ - стваральнік фальклорных твораў - ніколі не сімпатызаваў панам, багацеям. З гэтага вынікае, што ў народным бытаванні пераважалі творы, у якіх падаваліся ў камічным становішчы пазначаныя прадстаўнікі, а ў сутыкненнях паміж бедняком і багачом заўсёды перамагаў бядняк і не толькі фізічна, але і маральна-псіхалагічна, інтэлектуальна насуперак жывой рэальнасці, у якой мужык заўсёды быў і слабейшым і дурнейшым.

Анекдоты такога тыпу прадстаўлены і ў іншых рэгіёнах і абласцях. Пры чым, адна фраза ў гэтых варыянтах мае сваю вагу. Напрыклад, "Лепшых паслалі да лепшых" (ЛМЯК) [12], "А мне - толькі вуха!" ("Ніва" (Беласток) [12]). У першым - пану не спадабаўся пасланец ад другога пана, таму ён спытаў:

" - Гм! Ці ж у твайго пана няма лепшага чалавека?

- Чаму, пане, няма! - кажа мужык. - Але ж ён лепшых людзей то і к лепшым паслаў" [12, c. 37].

Другі варыянт таксама грунтуецца на панскім абразлівым прамаўленні, але зноў з трапным адказам мужыка. Пан, убачыўшы селяніна з пачырванелым, распухлым вухам, спытаў:

"- Ты што, у асла такое вуха пазычыў?

- Так, пане, - адказаў селянін. - Яго ж розум узялі вы, а мне гэта толькі засталося" [12, c. 34].

Такія трапныя аповеды тлумачацца характэрнай рысай мастацкай асаблівасці. З боку селяніна, ужо чутно, што сам ён прадстаўлены як чалавек малых магчымасцяў (але з вострым языком), - у літотным стане, сам пан жа, з вялікімі магчымасцямі, - у стане гіпербалы. Ды пры гэтым, зноў такі сваёй эстэтычнасцю вызначаецца адзін з тропаў - эпітэт, які прадстаўлены як з боку адмоўнага, так і станоўчага персанажа ("лепшы чалавек", "лепшы пан") і нават у самой назве твора "Лепшых (людзей) паслалі да лепшых (паноў)".

Такой жа папулярнасцю, як анекдоты, аб'ектам сатыры ў якіх быў пан, карысталіся і анекдоты пра духавенства - папа, ксяндза, дзяка. Характэрна, што ў адрозненні ад рэчаіснасці, у якой да святароў у большасці выпадкаў ставіліся з павагай, у народных творах пераважалі сатырычныя тыпы папоў, ксяндзоў, надзеленыя заганнымі рысамі. Поп, ксёндз у іх паказваліся бязмежна прагнымі, п'яніцамі, распуснікамі, зладзеямі і ашуканцамі. Негатыўнасць гэтых прадстаўнікоў падаецца, прынамсі, як і ў творах пра паноў: з гіпербалізацыяй, літотай, гратэскам, іроніяй, сарказмам, алегорыяй.

Анекдотаў пра святароў багата захавана не толькі на Гарадзеншчыне, але і ў іншых беларускіх абласных рэгіёнах. У гумарыстычнай карціне "Хітры парабак" (в. Старынкі Лідскага п. Гарадзенскай губ.) [12] выкрываецца чалавечая рыса - хітрасць, але ўжо не з боку святара ці з боку яго жонкі - пападдзі, а з боку хітрага парабка - станоўчага героя. Камічна адлюстраваны паказ парабка за абедзенным сталом, за якім выкрыў скупасць пападдзі ( "з мужыковага боку кладзе больш скварак"[12, c. 69]). Абдурваючы, ён на паказе грэцкай кашы, "пракруціў" гістарычны сюжэт: " - Як шведы, - кажа, - прыйшлі да Польшчы, то так, зачалі біцца і мяшацца з палякамі, то так, - кажа, - як гэтыя скваркі з грэцкай кашай! - да й гэта ложкай змяшаў усё, скалаціў і давай тады есці" [12, c. 69]. Дасціпна і хітра. Сыграць такую роль, безумоўна дапамагла мастацкая асаблівасць - алегорыя, якая, зразумела, замест вайсковых вобразаў - шведаў і палякаў адлюстравала скваркі ў грэцкай кашы. А эпітэтная афарбоўка надзяляе цікавасць ў раскрыцці аблічча герояў ("хітры парабак", "добры хітрак", "скупая пападдзя").

Сатыра на духавенства ўзнікла на рэальнай глебе. Святары, як і ўсякія іншыя людзі, былі не без граху, але яны павучалі паству, прытрымлівацца рэлігійнай маралі, паважаць дзесяць Божых запаведзяў. Аднак нярэдка самі іх не выконвалі, што выклікала пэўную рэакцыю народа і стымулявала стварэнне анекдотаў пра іх паводзіны, што і заўважаецца ў захаваным фальклоры Гарадзеншчыны. Нельга адмаўляць і значэння законаў мастацтва, у адпаведнасці з якімі вобразы служыцеляў царквы маляваліся завострана, часам гратэскава, каб больш выразна паказаць іх сацыяльныя якасці і рысы. Менавіта гэтым тлумачыцца імкненне знарок падабраць такія сітуацыі, пры якіх святар выстаўляецца ва ўсім сваім "убранні" на публічнае асмяянне.

У народных анекдотах і жартах высмейваліся таксама заганы і простых людзей. Сатыра станавілася сродкам самакрытыкі, сродкам барацьбы за лепшае, ідэальнае ў жыцці. Наяўнасць сатырыка-гумарыстычных твораў, у якіх высмейваюцца розныя недахопы, характэрныя для простых людзей, сведчыць аб перавазе ў свядомасці працоўных станоўчых ідэалаў, іх высокай маральнай патрабавальнасці да сябе. У выніку ўсведамлення сваіх недахопаў, нярэдка і спантанна, з'явіліся шматлікія фальклорныя творы, накіраваныя на пераадоленне іх. Адмаўляючы шляхам высмейвання ўсё недарэчнае, дрэннае ў жыцці, народ змагаўся за ўсё станоўчае. Адлюстроўваючы адмоўнае, ён "адштурхоўваўся" ад ідэальнага, замацоўваў яго. Негатыўнае адлюстраванне рэчаіснасці ў народнай творчасці ніколі не зніжала сілу ўздзеяння тых ідэй, якія імпанавалі шырокім масам працоўных.

Галоўнымі недахопамі ў народзе лічыліся гультайства і нядбайства, побач з якімі прысутнічалі хітрасць і спрыт. Сатырычным вокам такія негатыўныя паводзіны заўважаліся не толькі ў саміх беларусаў, але і ў іншых нацыянальных прадстаўнікоў: цыганоў, мазураў, немцаў.

Анекдот "Сыны" (в. Бародзічы Зельвенскага р-на Гарадзенскай вобл.) [7] з гратэскавым адлюстраваннем паказаў вобраз цыгана, які зноў-такі хітра абкруціў пана-багача з дапамогай "дасведчаных" у надвор'і сыноў-цыганят. У другім анекдоце "Якое ў цыгана мяккае сэрца" (в. Ходараўка Сакольскага п. Гарадзенскай губ.) [12] цыган у вобразе чалавека з "мяккім сэрцам" спрытна махлюе чалавеку, што і дапамагае пракарміць сваю цыганскую сям'ю.

З іроніяй і сарказмам паказаны палешукі і мазуры, якія ў адным становішчы высмейваюцца як прадстаўнікі - носьбіты "дурных народаў" (Юдзін Ю.І.). Такія героі заўважаны не толькі на Гарадзеншчыне, але і ў значна далейшых населеных пунктах Беларусі. Мазуры косяць тупымі косамі, ад якіх нібыта пасля "сілу д'яблы ўзялі" ("Мазурская касьба", в. Кусінцы Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12]; палешукі і мазуры крытыкуюць лацінскую мову перад такімі "дасведчанымі" героямі ("Як мазур сына на ксяндза выкіраваў", в. Жухава Сакольскага п. Гарадзенскай губ. [12], "Паляшуцкая лаціна", м. Мсцібава Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ. [12]). Пры гэтым, хоць галоўным чынам задачай для адлюстравання вобразаў гэтых носьбітаў "набітых дурняў" спрыяў мастацкі сродак - іронія, але ж у высмейванні тут прадугледжваецца здольнасць - іх розум, духоўны імпульс, які дае штуршок, каб пасмяяцца з саміх сябе. І ў аснове смеху тут праяўлена незласлівасць, дабразычлівасць, спачуванне да герояў, якія хоць нават і паказаны ў камічным перабольшванні асобных рыс. Заўважаны такія сатырычныя гісторыі ў іншых народаў, беларус не забывае і пра сваю нацыянальнасць: ён смяецца аднолькава і з самога сябе. Не без граха і недахопу з'яўляецца менавіта і сам беларус. П'янства, гультайства, невуцтва, зладзейства - галоўныя асуджальныя пункты ў сатырычнай абмалёўцы гэтай нацыянальнасці.

Лянівая баба, якая праспала ў полі, не зразумеўшы чаму сонца апынулася ў яе нагах ("легла яна галавою да сонца і праспала да самага вечара") надзелена рэзка выражанай мастацкай процілегласцю - кантрастам, праз які больш яскрава падаецца малюнак такога гультайскага жыцця ў адрозненні ад працоўнага, разумнага люду ("Трошкі паспала", в. Папелевічы Смаргонскага р-на Гарадзенскай вобл. [12]). У такім паказе падаюцца і іншыя падобныя творы, прынамсі, з іншых беларускіх ваколіц і гарадоў ("Гультаявата жонка" (в. Верашчакі Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12[, "Як маладзік гультайку наўстыдзіў" (в. Новікі Ваўкавыскага п. Гарадзенскай губ.) [12], "Гультайства" (в. Ходараўка Сакольскага п. Гарадзенскай губ.) [12]).

У апошнія часы аб'ектам рэзкай ікрытыкі беларусаў стала славутая памяркоўнасці і талерантнасць:

"Паехалі тры беларусы ў Маскву прадаваць смятану. Прадалі і вырашылі паглядзець Крэмль. Ім кажуць:

- Не хадзіце, там маскоўскія хуліганы ўсіх прыезджых б'юць.

- А мы скажам, што мы масквічы.

Пайшлі, а тут тыя хуліганы. Пытаюцца ў аднаго:

- Ты хто?

- Масквач.

Плясь яму ў морду.

Пытаюцца другога:

- А ты хто?

- І я масквач.

Плясь і яму ў морду.

На трэцяга:

- Ну а ты хто?

- Ай, чаго ж ужо там, ляпі" (г. Ліда).

Камічныя сітуацыі, гумарыстычныя здарэнні заўважаюцца не толькі ў дарослым жыцці, але і ў дзіцячым. І што цікава, дзіцячыя заўвагі ці папрокі праяўляюцца больш востра і дасціпна. У анекдоце "Чым частавалі пана" (в. Грозава Капыльскага р-на Менскай вобл.) [2] у камічнае становішча з-за пачастунку хлопчыка трапіў пан, якому Міхаська прынёс у гліняным чарапку квасу, так як тому захацелася піць. Пахваліўшы юнака за смачнае пітво, пан спытаўся:

" - А ў вас яшчэ многа такога квасу?

- Вой многа. Учора ў квас уваліўся пацук, дык мама лазіла даставаць, то было па пуп.

Тут пан як разлуецца, як топне нагою ды як шпурне чарапок, той і разбіўся. А Міхаська як заплача: "А, дзядзечка, што ж вы зрабілі…" У гэтым хлопчыкавым енку вызначылася, што ў чарапку кармілі ката, а пасля таго, як яго разбіў пан, ката карміць не было ў чым. У анекдоце, які заканчваецца не шкадаваннем пана, а ката, сімпатыі адчуваюцца да хлопчыка-прасцяка. І калі казаць мастацкай трактоўкай, то вобраз хлопчыка Міхаські вызначаецца ў стане гіпербалізацыі: яго трапны адказ пану надае гэтаму належнае значэнне - велічнасць, нябоязнасць. А пан, тым часам, падаецца ў літотным стане: прасцяцкі хлапчук змог яго прынізіць. З іроніяй гучыць анекдот "Бедная цётка" (в. Горна Зэльвенскага р-на Гарадзенскай вобл.) [7], з дапамогай гэтага мастацкага сродка высвятліў Слаўка, што цётка Вера прыходзіць да іх дахаты не проста пасядзець, а па прычыне таго, што ў яе, напэўна сваіх крэслаў няма.

Любы твор - народны ён ці літаратурны, мае ў сваіх адносінах мастацкія рысы, спецыфіку адлюстравання рэчаіснасці. Дзякуючы тыпізацыі, а жанру анекдотаў і жартаў датычыцца сатырычна-гумарыстычная форма, герой мае ўласцівасць паказаць сябе са свайго належнага боку: станоўча ці адмоўна, раскрыць свой вобраз, даць характарыстыку свайму процілегламу герою. Іронія, сарказм, гратэск, гіпербалізацыя, кантраст - гэта тыя фарбы, якія перадаюць жыццёвыя рысы народа-мастака праз карціны, якія належным чынам разумее і бачыць у адзін момант слухач-чытач. І трэба адзначыць, што гэтыя мастацкія паказчыкі характэрны не толькі анекдотам і жартам Гарадзеншчыны, але і іншым рэгіёнам Беларусі, у якіх народ заўважаў шматлікія плюсы і мінусы ў грамадскай рэчаіснасці.

Анекдот - бадай, адзіны з жанраў народнай творчасці, у якім мастацкія стылістычныя сродкі пададзены ў меншай колькасці. Вядома, што стылістычная адзінка з'яўляецца ў творы "фарбавальным" элементам у адлюстраванні вобраза, навакольнага асяроддзя. Такую, але крыху іншую задачу-функцыю на сябе ўзялі іншыя "фарбавальнікі" як іронія, сарказм, гіпербала, гратэск, кантраст, без якіх ні адзін твор сатырычна-гумарыстычнага жанру не можа праявіцца актыўным.

Прынамсі, сустракаюцца стылістычныя сродкі, тыпу параўнання, як напрыклад, "што ні пан, то сабака", "што ні мужык, то свіння", якое надае ў гэтым выпадку больш алегарычнасці ў адлюстраванні вобраза персанажа. Адна з асаблівасцей анекдота, якая звычайна лічыцца адсутнай (А. Пельтцар) - гэта наяўнасць "фантастычнага элемента". Гэтую заўвагу даследчыкаў можна палічыць марнай, таму што ў анекдотах Гарадзеншчыны фантазаванасць герояў у нейкай меры прысутнічае. Да прыкладу, анекдот "Пуза лопне, то ўсю станцыю затопіць", у якім сама назва ўжо сама аб гэтым гаворыць. Можна аднесці таксама і творы антыклерыкальнага характару, у якіх раскрываецца фантазаванасць народа аб замагільным жыцці, аб раі і пекле і іншых рэлігійных дагматах.

Структурнай сувяззю з іншымі народнымі творамі "смешнай прозы" з'яўляецца і кампазіцыйная блізкасць. Агульным правілам да яе належыць зачын, завязка дзеяння, яго развіццё, фінал, канцоўка. Анекдот, як форма малой змястоўнасці, безумоўна, усіх гэтых кампазіцыйных пунктаў не прытрымліваецца. Важнейшымі спецыфічнымі рысамі анекдота з'яўляюцца яго аднаэпізоднасць і нечаканасць развязкі, якая заўсёды бывае камічнай і дасціпнай. А ў большасці гэта залежыць ад падачы твору апавядальнікам, ад характара твора, дынамічнасці развіцця яго сюжэту. Сустракаецца і кумулятыўная (ланцугападобная) падача развіцця сюжэту ("Мужык і пан", "Паляшуцкая гутарка", "Як маскаль спавядаўся", "Пра багацце і беднасць"). Зачын, як форма кампазіцыі мае падобную рысу, як і ў іншых народных творах (казках, легендах) - раскрыццё далейшага развіцця сюжэта, героя ("Даў адзін раз мужык сына на папа вучыць.."), апісанне вобраза ("Было сабе ў аколіцы дзвюх дзяўчат. От такіх, як той казаў, што "ні гловы ні мовы"). Амаль ўсёй народнай творчасці анекдота важнейшай кампазіцыйнай структурай з'яўляецца дыялог, які і выконвае пэўную роль у развіцці сюжэта, раскрывае ідэйную задуму твора. І ў большасці дыялог падаецца ад пачатку і да канца, у чым слухачу патрабуецца самому знаходзіць структурныя часткі твора.

Стварэнню вобразу героя, ці то ён падаецца ў станоўчым апісанні, ці то ў адмоўным, належыць адзін з важных спосабаў мастацкай творчасці - тыпізацыя. Прыёмы твору (іронія, гратэск, алегорыя), якія прысутнічаюць у творах сатырычна-гумарыстычнага жанру - у анекдотах, утрымліваюць у сябе адпаведную сатырычна-гумарыстычную форму. Дзякуючы гэтай уласцівасці, звычайны герой падаецца ў своеасаблівай абмалёўцы, якая быццам надае яму незвычайнасці. Ён то станоўчы - спагадлівы, добры, разумны, працавіты; то адмоўны - скупы, злы, невук, гультай.

Значнай працай ў абмалёўцы аблічча героя займаюцца мастацкія тропы - мікравобразы. У анекдотах Гарадзеншчыны яны заўважаны неаднаразова, без якіх, вядома, слабей успрымаецца асяроддзе ў тым ці іншым сюжэце. Напрыклад, у назвах твораў яскрава падаюцца эпітэтамі вобразы герояў - "Набожны ксёндз", "Хітры парабак", "Гультаявата жонка". У якасці параўнанняў сустракаюцца варыянты: "што ні пан, то сабака", "што ні мужык, то свіння", "клерыкі" - "кнурыкі", "семінарыя" - "свінарыя". Гіпербалізавана падаюцца вобразы паноў, якія быццам здольныя толькі на тое, што ўмеюць кпіць з сялян ("А мне - толькі вуха!", "Пуза лопне, то ўсю станцыю затопіць"), вобразы святароў, якія з'яўляюцца аматарамі моцных напояў ("Незакончанае казанне", паданне пра паходжанне вёскі Моцевічы Лідскага раёна) і інш.

Па-рознаму выводзіцца думка, што анекдот - "гэта кароткае апавяданне пра выдуманую і сапраўдную падзею або апавяданне большай часткай гумарыстычнае, звычайна без прымесі маралі" (А. Пельтцар). З гэтай трактоўкай можна пагадзіцца дваяка: і станоўча і адмоўна. Мараль прысутнічае: яна заўважана ў анекдотах Гарадзеншчыны. Але яна вынікае больш са зместу твору, сэнс, ідэю якога не заўсёды можна зразумець адразу, таму што часам яна заключаецца ў падтэксце. А часам - і ў канцы твора трапнай і выкрывальнай цытатай, як напрыклад: "От добраму то і ўсюды добра", "От прыраўняўся да пана!", "Вот як людзко спільшчыў!", "Добры падзел, чаму не!".

Беларускія народныя анекдоты і жарты Гарадзеншчыны маюць шмат агульнага з гумарыстычна-сатырычнымі жанрамі славянскіх народаў у сюжэтах, у сістэме вобразаў, мастацкіх сродкаў, але, між іншым, і ўносяць нямала свайго, адметнага ў скарбніцу народнай паэтыкі славян. Сюжэтны арсенал беларускіх жартаў і анекдотаў мае свае асаблівасці ў параўнанні з рускімі і ўкраінскімі: значная колькасць беларускіх сюжэтных тыпаў не мае адназначных рускіх і ўкраінскіх адпаведнікаў. У першую чаргу гэта тыя анекдоты, у якіх беларусы смяюцца над сабой:

"На табурэтку, з якой тырчаў вялікі цвік, пасадзілі папарадку рускага, немца і беларуса.

Рускі сеў на цвік, ускочыў, схапіў табурэтку, ляснуў аб падлогу так, што разляцелася.

Немец сеў на цвік, ускочыў, выцягнуў цвік, паклаў у кішэню, зноў сеў.

Беларус сеў на цвік і сядзіць.

- Табе, што не коле?

- Яно то трохі коле, але можа так і трэба" (г. Ліда).

Па сучасных падліках вызначана, што анекдоты ў беларускай народнай прозе займаюць плошчу каля 40%, такі ж сегмент займае і рускі народны анекдот - 40%, толькі першынство ў гэтым жанры бяруць браты-ўкраінцы - 60%. Але ўсё ж, беларускі народны жарт і анекдоты вызначаюцца захаваннем да нашага часу рысаў быту і светапогляду мінулых эпох, што страчаны ў фальклоры іншых славянскіх народаў.

Жывучасць сатырычна-гумарыстычных твораў на Гарадзеншчыне, папулярнасць і пашыранасць іх на гэтай тэрыторыі ў наш час - сведчанне не толькі іх надзённасці, але і адпаведнасці эстэтычным запатрабаванням народа. Ён заўсёды любіць і цэніць гэтыя фальклорныя жанры, захапляецца смехам, выкліканым анекдотамі, жартамі, досціпамі, калі лічыць што сам смех, пры тым, з'яўляецца прадаўжальнікам яго жыцця.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1. Амбайонис, О. Народный анекдот в латышском фольклоре/ О. Амбайонис/ - У кн.: Латышские народные анекдоты. / Сост. К. Арайс. Рига, 1963, - с.5 - 20.

2. Армянский фольклор / Сост. и пер. с арм. Г. О. Карапетян. - М., 1979.

3. Бараг Л. Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Сістэмны паказальнік / Л. Р. Бараг. - Мн.: Навука і тэхніка, 1978.

4. Беларуская народна-паэтычная творчасць.[ Вучэб. дапаможнік для філал. фак.ВНУ ] / В.К. Бандарчык, К.Н. Кабашнікаў, М.Ф. Ларчанка і інш. - Мн.: Выш. школа, 1979. - 448 с.

5. Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі. - Мн., 1939.

6. Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны / Склад. І.В. Гутараў, М.Я. Грынблат, К.П. Кабашнікаў і інш. - Мн., 1961. - 490 с.

7. Беларускі фальклор Гродзеншчыны: Народны эпас. Замовы. Варажба : Хрэстаматыя / склад., прадмова і апрацоўка тэкстаў Р.К. Казлоўскага. - Гродна :ГрДУ, 2007. - 208 с.

8. Беларускі фальклор: Хрэстаматыя : Вучэб. дапам. для філал. фак. ВНУ / Склад. К.П. Кабашнікаў і інш. - 4-е выд.; перапрац. - Мн.: Выш. шк., 1996. - 856 с.

9. Беларускія жарты / Склад. В. Ластоўскі. - Мн., 1951.

10. Беларускія народныя жарты / Склад. З. Бяспалы. - Мн., 1970.

11. Вожык: Альманах сатыры і гумару // Карта "Гумарыстычныя далягляды. Гродзеншчына" / Вожык. - Мінск: РВУ "Літаратура і мастацтва", 2011. - 64 с.

12. Жарты, анекдоты, гумарэскі: БНТ / Склад. А.С. Фядосік. - Мн.: Навука і тэхніка, 1984. - 438 с.

13. Кабашнікаў, К.П. Народная проза / К.П. Кабашнікаў, А.С. Фядосік, А.В. Цітовец. - Мінск: Беларуская навука, 2002. - 610 с.

14. Кравцов, Н. Проявление художественного единства в фольклорном произведении / Н. Кравцов/ - У кн:. Фольклор как вид искусства. М., 1966. - с. 164.

15. Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны: дапам. / М.А. Даніловіч. - Гродна: ГрДУ, 2008. - 227 с.

16. Ліпскі, У. Аўцюкоўцы: Аповесць пра Калінак ды Каласкоў, якія гаруюць і жартуюць. / У. Ліпскі. - Мн., 1995. - 70 с.

17. Народ спявае пра сябе: Жывы фальклор з газетнай паласы / Уклад. А.Ціхановіч. - Мн., 1994. - 36 с.

18. Ненадавец, А.М. Гродзеншчына ў легендах і паданнях. / А.М.Ненадавец / Мн. "Беларусь", - 1999. - 310 с.

19. Паэзія барацьбы / Рэд. і аўтары прадмовы К.П. Кабашнікаў, А.С. Фядосік; Аўтар прадмовы музычнай часткі П.П. Альхімовіч. - Мн., 1985. - 397 с.

20. Пропп, В. Жанровый состав русского фольк-лора / В. Пропп // Русская литература. - М., 1964., №4.

21. Савченко, С.В. Русская народная сказка (История собрания и изучения). / С. В. Савченко // Киев, - 1914.

22. Сержпутовский, А.К. Сказки и рассказы белорусов - полешуков / А. К. Сержпутовский // СПб., -1911.

23. Сержпутоўскі, А.К. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета /А. К. Сержпутоўскі // Л., - 1926.

24. Сравнительный указатель сюжетов. Восточно-славянская сказка / Составители Л. Г. Бараг, И. П. Березовский, К. П. Кабашников, Н. В. Новиков. - Л.: Наука, 1979.

25. Сидельников, В.М. Идейно-художественная специфика русского народного анекдота // Труды Уни-верситета Дружбы народов им. Патриса Лулумбы. Т. 4. Вып. 1. Вопросы литературоведения. - М., 1964. - С. 27-50.

26. Сухаревич, В. А юмор у вас есть?/ В. Суха-ревич // Лит. газ., - 1993, 19 янв.

27. Фядосік, А.С. Праблема беларускай народнай сатыры. / А. С. Фядосік // Мінск, 1978.

28. Хітрун, А. Беларускі народны эпас Лідчыны: матывы і вобразы. / Алесь Хітрун // Лідскі летапісец. №3 (51). - Ліда, 2010,. - С. 49-64.

29. Юдин, Ю. И. Русская народная бытовая сказка и легенда / Ю. И. Юдин // Русский фольклор. ХVI. Историческая жизнь народной поэзии. - Л., - 1976.

30. Янкоўскі, М.А. Паэтыка беларускай народнай прозы / М. А. Янкоўскі// Мн.: Выш. школа, - 1983. - 271с.

31. Piasecki Sergiusz. Zapiski oficera Armii Czerwonej. Sergiusz Piasecki. - Warszawa, 2002.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX