дае этнографу магчымасць звяртацца
да іх са зразумелымі пытаннямі і
атрымліваюць патрэбныя дакладныя адказы.
Браніслаў Маліноўскі [1]
"Бог адзін, вер многа". З этнаграфічных даследванняў на Гарадзеншчыне.
"Кожная нацыя сваю веру мае"
З красавіка 1993 да лістапада 1994 года мною і групай студэнтаў з кафедраў Этналогіі і Антрапалогіі Культуры Варшаўскага Універсітэта на тэрыторыі Гарадзеншчыны вяліся навуковыя доследванні. Прадстаўляем у гэтай публікацыі некаторыя іх вынікі, а таксама фрагменты сабранага матэрыялу.[2]
Галоўнаю тэмай нашых зацікаўленняў была самасвядомасць мясцовых грамадзянскіх супольнасцяў сумежных культур, перш за ўсё - спосабы катэгарызацыі іх свету на культурным памежжы. А канкрэтна, намі высветлена, як прадстаўнікі лакальных супольнасцяў адказваюць на пытанне "хто мы такія?" (г. зн. самі апытваныя, - удакладн. перакл-ка) і "хто такія тыя?" - суседзі, іншыя, чужыя. Намі зроблена спроба вылучэння з гэтых адказаў заключанай у іх сістэмы паняццяў. Мы вывучалі таксама абрадавасць, звязаныя з пахаваннем і тагасветным жыццём вераванні і занатоўвалі фальклёр, бо сыходзілі з меркавання, што гэты матэрыял можа нам даць дастаткова фактаў, якія дапамогуць ў апісанні "свайго ўласнага вобразу" і "вобразу суседняй групы" на культурным памежжы. Дзеля даследванняў мы абралі абшар, размешчаны некалькі на поўдні ад летувіска-беларускай мяжы, на якім каталіцкія (з поўначы) вёскі суседнічаюць з праваслаўнымі вёскамі (з поўдня). Тут прыблізная лінія падзелу тэрыторыі на каталіцкую і праваслаўную пазначаецца шашою Горадня - Ліда. Па гэтай тэрыторыі пралягае даўняя балтыйска-славянская мяжа (вызначаецца на падставе моўных паказчыкаў, якая ад лініі Нёману (у сярэдневеччы) пасоўвалася штораз усё далей на Поўнач.[3]
Мы працавалі ў Лідскім і Воранаўскім раёнах Гарадзенскай вобласці: у ваверскай, крупскай, белагрудскай, скрыбаўскай і пеляскай каталіцкіх парафіях, а таксама ў лебядскім праваслаўным прыходзе. Вывучаныя намі вёскі належаць калгасам у Ваверцы, Тарнове, Больцішках і саўгасу ў Малым Мажэйкаве.
У ваколіцах Ліды на падзел паводле веравызнання накладваюць свой адбітак яшчэ два тыпы разрозніванняў: сацыяльна-грамадскі і моўны. Не гледзячы на амаль 50 год калектывізацыі (тут калгасы існуюць з 1948 году) захавалася не толькі ў свядомасці жыхароў, але таксама ў грамадскай практыцы моцна характэрнае для гэтых абсягаў раздзяленне на мужыкоў і дробную шляхту. Тут існуюць мужыцкія вёскі, сярод якіх, калі звярнуцца да ўжыванага ў асяродку нашых суразмоўнікаў падзелу, можна адрозніць вёскі: каталіцкія, праваслаўныя і змешаныя, а гэтаксама - шляхецкія ваколіцы: усе, зразумела, каталіцкія.
Найбольш складанаю ў Лідскім і Воранаўскім раёнах з'яўляецца моўная характарыстыка. Тут агульная для ўсяго вясковага люду - беларуская гаворка, называная яе карыстальнікамі простаю або мясцоваю моваю. Гэтае азначэнне роўнае 'мове простых, не маючых грунтоўнай адукацыі людзей, гаворцы' і супрацьпастаўляецца яно мовам чыстым: рускай, польскай і літаратурнай беларускай, якімі паслугоўваюцца людзі вучоныя, інтэлігентныя і шляхетныя. Беларуская літаратурная мова прысутнічае ў школе, ды на радыё і тэлебачанні (паралельна з рускаю); ёю актыўна карыстаюцца толькі дзеці ў школе ды яшчэ частка моладзі і настаўнікі. Руская і вельмі "зрушчаная" старажытнацаркоўнаславянская мова - гэта мова праваслаўнай малітвы. Больш адукаваныя карыстальнікі "простай""мовы ў якасці афіцыйнай, прыгоднай для пазалакальных кантактаў ужываюць мовы рускую (малодшыя - што атрымалі адукацыю пасля вайны) і / або польскую (старэйшыя - вучні перадваеннай польскай школы). Гэтая "польская" мова - то, канешне, яе рэгіянальны варыянт: г. зв. паўночнакрэсавая (віленская) пальшчызна. Яна з'яўляецца таксама мовай касцёлу і каталіцкай малітвы. Чацвёртая ўжывальная ў гэтым рэгіёне - летувіская мова. Летувіскаю гаворкаю (трэба прыняць да ўвагі тое, што яе носьбіты называюцца тут ліцвякамі, літоўцамі, ліцвінамі або барцякамі). Летувіская літаратурная мова прысутнічае ў школе і ў касцёле. Двухмоўе, трохмоўе і нават чатырохмоўе часта дадаткова яшчэ ўскладненыя падзелам на літаратурныя і гаворкавыя (дыялектныя) варыянты, ёсць у даследваных намі наваколлях з'явай паўсюднай і звычайнай. Самі мы ў апытаннях карысталіся польскаю і беларускаю (у "простай" версіі), а ў некаторых асобных выпадках рускаю і літоўскаю мовамі.
Нашы даследванні ахоплівалі трыццаць мясцовасцяў: у значнай частцы даследванні былі стацыянарнымі (прыязджалі пяць разоў на 10-12 дзён). Па некалькі разоў зноў вярталіся да абраных вёсак. Найлепш пазнаёміліся з наступнымі з іх: Пеляса (цэнтр каталіцкай летувіскамоўнай парафіі), Сурконты (шляхецкая польскамоўная ваколіца) і суседнія вёскі (Пялюнцы, Паўлока); Ваверка (цэнтр польскамоўнай каталіцкай парафіі) і Красноўцы; Паперня і Серафіны (мужыцкія вёскі ваверскай парафіі) і Роўбы (шляхецкая ваколіца), а таксама праваслаўныя, прыналежныя да прыходу Лебяда і саўгасу Малое Мажэйкава вёскі: Радзівонішкі, Більтаўцы, Феліксава, Шпількі. Намі праведзена каля 180 размоў. Стараліся сустракацца з прадстаўнікамі ўсіх пакаленняў (у т.л. і з дзецьмі), аднак, з прычыны таго, што вёскі Лідчыны - гэта вёскі людзей пажылога веку, пераважная большасць (80%) нашых суразмоўцаў складалі асобы, старэйшыя за 60 год. Часцей, чым з мужчынамі (36%) мы размаўлялі з кабетамі (64%), характэрнай групай сярод іх былі адзінокія ўдовы. Даследванні насілі характар не так колькасны, як якасны. Распачалі мы іх з правядзення класічных у этнаграфіі інтэрвію, карыстаючыся распрацаванымі на Кафедры Этнаграфіі і Культурнай Антрапалогіі анкетамі: "Этнічныя зносіны", "Звесткі пра вёску", "Штогадовыя звычаі" (у беларускай этнаграфіі: "Каляндарныя абрады", - удакладн. перакл-ка) і "Пахаванне". З часам, калі мы некалькі лепш азнаёміліся са спецыфікаю тэрыторыі і, перш за ўсё, з сістэмаю паняццяў, якімі карыстаецца яе насельніцтва, мы распрацавалі ўласную анкету, якой далі назву "Самасвядомасць тутэйшых грамадскіх супольнасцяў". Аднак гэтая анкета была для нас толькі сцэнарнымі накідамі апытанняў: нашых суразмоўнікаў мы стараліся больш выслухваць, чым "распытваць", бачачы ў іхніх асобах хутчэй партнёраў у дыялозе, чым "інфарматараў"[4].
Калі падчас чарговых выездаў мы вярталіся да вёсак і асоб, з якімі ўжо былі знаёмы раней, наша роля ў размовах паступова пераходзіла з пазіцыі чужога ці госця на пазіцыю добрага знаёмага, або непасрэднага ўдзельніка сямейнага жыцця нашых гаспадароў, а назіральнасць удзельніка ператваралася ў дасведчанне.
Мы мелі магчымасць спрычыніцца да шэрагу сямейных і абрадавых звычаяў. Між іншым сярод іх былі: святкаванне ў прыязнай сям'і праваслаўнага вялікадня, сумеснае з глыканікамі (так называюцца ў гэтых мясцінах спевакі - валачобнікі або кукольнікі, - перакл.), якія ў абмен на гарэлку, яйкі і грошы абыходзяць вёску з песнямі і велічальнымі арацыямі (святочна-урачыстымі вершаванымі, часта ў выглядзе прыказак і прымавак, часта жартаўлівага характару "прамовамі" - зваротамі да гаспадароў наведванага дома, - тлумач. перакл-ка), праваслаўныя задушкі (Радаўніца - вясеннія Дзяды, падчас якіх людзі моляцца, аплакваюць у галашэннях памерлых, ядуць і п'юць за іх на могілках), лістападаўскія каталіцкія задушкі (Дзяды, - заўв. перакл-ка) (у гэтым выпадку мы былі пасвечаныя ў сакрэты абрадавых рытуальных дзеяў бабкі, якая малілася за душы), вяселле (па шлюбе ў касцёле маладога-каталіка з маладой-праваслаўнай) і начное чуванне пры памерлым з удзелам пахавальных спевакоў. Давялося нам быць таксама пацыентамі, якіх лячылі з дапамогаю замоваў, на нас уздзейнічалі рознага роду спосабамі лекарскай і любоўнай магіі [5]. Выкарыстоўваны намі даследчыцкі довед дакладна характарызуе словы, выказаныя Аннай Выкай[6] : "Даследчык […] спрабуе выпрацаваць аўтэнтычныя сувязі з людзьмі, якіх мы называем суб'ектамі даследванняў, адчыняючыся на магчымасць таго, што абодва [узаемадзейныя] бакі змяняюцца пасродкам гэтага працэсу. З'яўляючыся вучнем суб'екта даследванняў, даследчык становіцца яго партнёрам […] і апісвае падзеі, карыстаючыся мовай суб'ектаў даследвання часцей, чым мовай, прынесенай з вонку, з кантэксту вывучэння".
Прыгадваючы нашы даследванні ў вёсках Гарадзеншчыны, я зрабіла б акцэнт на фармулёўцы "вучань суб'екту даследванняў".
"Карыстанне моваю суб'ектаў даследвання" для нас сталася істотнаю метадалагічнаю праблемаю з прычыны таго, што суб'ектам нашай цікаўнасці былі з'явы свядомасці: сістэма паняццяў і каштоўнасцяў, што функцыянуюць у грамадстве, якім заселены вёскі памежжа. Вывучэннне свядомасці было цяжкім перш за ўсё па дзвюх прычынах. Па-першае, тут даследным матэрыялам з'яўляецца мова, у разуменні якой магчымы сур'ёзныя памылкі: паняцці, канатацыі і сэнсавыя стэрэатыпы, нярэдка з выгляду тоесныя нашым моўным узорам, з-за гэтага цяжкія для вывучэння і аналізу. Таму мы былі вымушаны гэтай мове, перш за ўсё менавіта як сістэме паняційнай, навучацца самі. Па-другое, даследванне свядомасці вымагае пастаяннай увагі, каб не навязваць суразмоўцам сваіх уласных катэгорый і ўласнай мовы.
Нам было важна тое, каб рэчаіснасць, з якою мы сутыкнуліся, зразумець як найлепш, таму мы заўсёды стараліся пераасэнсоўваць уласную сістэму паняццяў. І ўважліва сачыць, каб размовы з суб'ектамі доследаў не служылі ўмацаванню нашых, асабістага характару, поглядаў, стэарэатыпаў і перадузятых меркаванняў.
Ці вывучанае намі сумежжа, якое можна, здавалася б, на падставе аб'ектыўных крытэрыяў разглядаюць паводле веравызнання і мовы, з'яўляецца таксама сумежжам народнасцяў або народаў? Этнасаў?
Пры больш уважлівым разглядзе нават "аб'ектыўнасць" раздзяленняў паводле веравызнання і мовы тут перастае быць відавочнаю. Таму, што мяжа паміж католікамі і праваслаўнымі не праходзіць ні паміж асобнымі вёскамі, ні нават - сем'ямі. Амаль кожная вёска з'яўляецца ў нейкай ступені "змяшанай" (у т. зв. каталіцкіх вёсках жывуць сем'і праваслаўныя і vice versa[7] , а змяшаныя, каталіцка-праваслаўныя шлюбы - гэта практыка, якая не з'явілася, як тое магло вынікаць з распаўсюджанай тут міфічнай інтэрпрэтацыі мінулага, перш за ўсё пасля астатняй вайны, калі "свет змяшаўся", але якая, (аб чым сведчыць гісторыя многіх асобных сем'яў) дзеяла на гэтых абсягах ад дзядоў-прадзедаў. Для многіх асобаў "веравызнаўчая мяжа" ўзнікае на момант шлюбу, пасля якога або змяняюць рэлігійную традыцыю, у якой былі выхаваны, або (і гэтак у большасці выпадкаў) культывуюць абедзве традыцыі: уласную, узятую з дому бацькоў, і новую - свайго (-ёй) сужанца (-кі). Веравызнаўчая мяжа з'яўляецца ў значнай ступені хутчэй таксама феноменам суб'ектыўным, ментальным. Яна існуе ў людзях, не паддаецца нанясенню на геаграфічныя карты.
Падобная ж рэч адбываецца з моўным сумежжам. Я ўжо згадвала пра распаўсюджанае пад Лідаю трох -, а нават чатырохмоўе. Гэтую з'яву можна патлумачыць на асобным, тыповым прыкладзе. Сям'я праваслаўная. Мова ў хаце - простая, мова малітвы, як у царкве. Дзядуля размаўляе і па-польску (перадваенная школа) і па-руску (навучыўся пасля вайны). Чыстае па-польску, на рускай і беларускай мовах. Піша па-польску і на рускай мове. Ведае польскія малітвы і катэхізм (меў намер ажаніцца з каталічкаю). Бабуля чытае на кірыліцы і лацінцы (слаба), не піша (ставіць подпіс лацінкаю, па-польску). Дочкі і зяці размаўляюць на рускай мове (паваенная школа), разумеюць польскую і крыху гавораць на ёй. Унукі спраўна валодаюць рускаю мовай, польскую разумеюць слаба, за выключэннем мужа адной з унучак, каталіка. Праўнукі добра ведаюць рускую і беларускую мовы (дзіцячы садок і школа), частка з іх ведае таксама польскую, як мову малітвы (другая бабуля водзіць у касцёл). Падчас святочных і сяброўскіх святочных сустрэч уся сям'я спявае. Рэпертуар - беларускі, рускі і польскі, а таксама ўкраінскі.
А калі мы з лябёдскага прыходу ці ваверскай парафіі перамесцімся на дзесятак-другі кіламетраў на поўнач, у Пелясу і навакольныя з ёю вёскі, то можам да гэтай моўнай мазаікі дадаць яшчэ і літоўскую мову. Наўрад ці мы здолелі б пазначыць гэта на мапе…
Тут мы закранаем адно з прынцыповых пытанняў - разуменне паняцця сумежжа. Наш даследчы досвед на гэтай тэрыторыі падказвае нам разумець гэтае паняцце як 'зону ўзаемадзеяння элементаў, прыналежных да адрозных культурных комплексаў', або, таксама, як 'пераходны ад аднае іншасці да другой паядальны абшар, які інтэгруе элементы іх абедзвюх'. Такім чынам, калі мы карыстаемся паняццем сумежжа, 'то ні ў якім выпадку нельга атаясамліваць яго з мяжою ні ў сэнсе 'лініі' (бо сумежжа - гэта хіба што, паласа, зона, абшар), ні ў сэнсе 'нечага такога, што аддзяляе' адкуль ужо блізка да супрацьстаяння і, магчыма, варожасці)[8] .
А затым, ці з'яўляецца сумежжа этнічным? Тэрміну 'этнічны' мы вырашылі ўвогуле не ўжываць: ён атрымліваецца шматзначным, а з-за гэтага - недакладным, а таму магчыма яго няправільнае ўжыванне[9]. І зноў жа, сумежжа народнасцяў ці, можа, народаў?
Пасля двух гадоў доследаў адказ на гэтае пытанне гучыць так: ні тое і ні другое. Не народнасцяў або нацыяў, і не народаў, а пранародаў.
Тут неабходны дзве заўвагі. Такая катэгорыя, як народнасць, здаецца аб'ектыўнай у намнога большай ступені (увогуле намнога большай), чым веравызнанне, або мова. І каб было магчыма ўжываць гэтую катэгорыю ў якасці тэрміну, трэба ведаць адказ на два пытанні: чыя гэта катэгорыя (г. зн. хто ёю карыстаецца) і што яна можа азначаць.
Калі мы задалі сабе гэтыя пытанні і калі пачалі з'яўляцца першыя адказы, то атрымалася, што пытанне аб народнасці ці народзе з пэўнага пункту погляду безсэнсоўнае. З'яўляецца безсэнсоўным менавіта для нашых суразмоўцаў. У іх мове паняцці гэтых суб'ектаў даследвання адсутнічаюць. Бо сябе саміх яны мысляць у іншых, чым гэтак відавочныя для нашага звычнага (і, часта, навуковага) мыслення паняцці аб народнасці, катэгорыях.
У наваколлях Ліды мы маем дачыненне не столькі да народнасцяў, колькі да нацый. Нашы размовы на "народныя" тэмы выглядалі прыблізна так:
- Вы сказалі, што з'яўляецеся патрыётам свайго народу, або…
- … або сваёй веры.
- Народ - гэта палякі, а нацыя?
- Нацыя таксама польская.
- Ці нацыя і народ - такі ж самыя словы?
- Нацыя і народ тое самае. Нацыя гэта ёсць нацыя: польская нацыя, праваслаўная нацыя, нацыя мусульманаў - гэта (таксама) нацыя.
- А нацыя і вера? Ці яны нечым адрозніваюцца, ці гэта тое самае?
- Кожная нацыя павінна верыць у сваё [кабета і мужчына, год каля 70-ці, каталікі, в. Паперня, Ваверскі с/с; размаўл. Д. Жычыньска - Цёлэк].
Адным са слоў-ключоў да апісання самасвядомасці жыхароў вёсак сумежжа сталася, такім чынам слова нацыя, якое разумеецца большасцю нашых суразмоўцаў як "вера". Тым самым яны пацвердзілі назіранне, зробленае 60 год таму на Палессі Юзафам Абрэмбскім: "Незалежна ад палітычнага самаўсведамлення людзей, якія насяляюць гэтую тэрыторыю краіны, і ўлады, якая кіруе імі, падданыя падзяляюцца на нацыі, г.зн. рэлігійныя групы, адрозныя паміж сабою культураю, а ў першую чаргу вераю і мовай"[10].
Такое раздзяленне (на "нацыі гэта азначае рэлігійныя групы") з'яўляецца традыцыйным усталяваннем свету, які мы даследвалі[11]. З'яўляецца міфічным ладам свету: цераз пяршэнства жыхары вёсак і ваколіц спасцігаюць і класіфікуюць сацыяльна-грамадскую рэчаіснасць. Больш таго, атрымліваецца, што палітычныя падзеі, пераследы рэлігіі астатняга 50-годдзя не пашкодзілі гэтаму ладу, ва ўсякім разе ў свядомасці найстарэйшага пакалення сялян і шляхты пад Лідай. З часоў перабудовы на Гарадзеншчыне існуе выраз: "Гарбачоў адчыніў веру, але зачыніў жыццё"[12]. Адначасова з "адмыканнем веры" умацаваўся і традыцыйны лад:
"Праваслаўных палякаў няма. "Перахрышчванняў" няма. Усе беларусы праваслаўныя, палякі каталікі" [кабета, 64 гады, каталічка, в. Крупава, с/с Навіцкія; разм. Д.Жычыньска - Цёлэк].
"Католік верыць у польскую веру і ў ксяндза. А як жыд, так у жыдоўскую веру. Праваслаўныя вераць у бацюшак і ў сваё" [кабета, каля 70-ці год, каталічка, в. Роўбы, с/с Малое Мажэйкава; разм. П.Пішчатовскі].
"Там і татары жывут […]. Ані і молятся па своему, у ніх свая та… , как она называется. […]. Ужэ как разрэшылі, то ужэ кажда нацыя сваю веру ма(е)" [дзве кабеты, каля 60-ці і каля 35 год, каталічка, в. Пеляса, с/с Больцішкі; разм. Ю. Страчук].
Не ўжываючы слова нацыя самасвядомасць тутэйшых прадстаўнікоў грамадства не паддаецца апісанню. Ці таксама апрача гэтага слова ўводзіць народнасць? У пытанні падбору тэрміналогіі гэта, зразумела, праблема рашэння на выбар. Калі б мы вырашылі карыстацца паняццямі народнасць і народ, то ў гэтым выпадку яны належалі б выключна мове даследчыка (большасць з нашых суразмоўцаў першае з гэтых слоў не ведае, другое ж ужывае амаль выключна ў этымалагічным значэнні 'людзі'). Мы вырашылі ўсё ж карыстацца толькі ўзятым ад суразмоўцаў словам нацыя. Яно з'яўляецца сінонімам, хоць і недакладным, народнасці, і таму, каб падкрэсліць гэтую асаблівасць яго сэнсу і разам з тым пазбегнуць непаразуменняў, даследваную тэрыторыю мы вызначылі не як "сумежжа народнасцяў", а як "свет розных нацый".
З прычыны таго, што свае доследы мы проводзілі ва ўтворанай наноў беларускай краіне, распачатыя ў ёй народаўтваральныя працэсы былі заўсёдным аб'ектам нашай увагі. А з тае прычыны, што доследы гэтыя вяліся ў мясцовых, вясковых грамадскіх супольнасцях, або таксама, як можна было б іх назваць следам за Юзафам Абрэмбскім, робячы ў гэтым месцы выключэнне і беручы тэрмін, які мы не ўжывалі, ў этнічных групах[13] ; для нас было відавочным, што маем дачыненне да супольнасцяў грамадства, якія народам (народамі) ўсяго толькі яшчэ становяцца (або могуць, але не абавязкова становяцца). На пачатковым этапе доследаў мы стараліся быць надзвычай уважлівымі, каб на нашых суразмоўцаў міжвольна не накладваць праекцыі відавочных для нас катэгорый, вынікалых з паняцця "народ". Мы вымушаны былі, напр., старацца не ствараць з тутэйшых католікаў, якія пра сябе кажуць, што яны палякі, "запатрабаванага народу" - сукупнасці людзей, нейкі свядомы народ што па той ці іншай прычыне лічыць прыналежным да сябе, без увагі на іх асабістую народную свядомасць або адсутнасць яе[14]. Бо мы не з'яўляемся народнымі патрыётамі, мы мелі намер быць даследчыкамі, і як даследчыкі знайшлі ў нашых суразмоўцаў пацверджанне апошняй складнай дадзенага азначэння: адсутнасць народнай свядомасці.
Затое на вывучанай тэрыторыі можна паказваць на ўздзеянне трох ідэалогій "свядомых народаў", для якіх запатрабаванымі народамі, нават ў пэўным акрэсленні, з'яўляюцца гэтыя самыя людзі[15]. У гэтым і хіба толькі ў гэтым сэнсе тут можна было б казаць пра сумежжа народаў. Шляхі ўздзеяння гэтых ідэялогій наступныя: беларускай - школа (гэта датычыцца толькі наймалодшага пакалення [16] і ў нашмат большай ступені тэлебачанне, радыё і прэса (людзі перш за ўсё глядзяць маскоўскае тэлебачанне, радыё намнога больш слухаюць польскае, прэсу чытаюць што раз менш, бо даражэе і беларускіх газет не любяць); польскай - касцёл і польскія арганізацыі (на вёсцы лічацца толькі касцёл, уканкрэтызаваны ў асобе ксендза і яго спаможных - найчасцей законніц з Польшчы); летувіскай (у Пялясе) - касцёл (ксёндз-летувіс, мова літургіі і казанняў - летувіская), школа (тут працуюць настаўнікі з Летувы), сродкі масавага вяшчання і сямейныя кантакты (многа моладзі з вёскі жыве ў Вільні).
Падчас выездаў у "нашыя вёскі" з намі саўдзельнічалі беларускія калегі і этнографы, фалькларысты і мовазнаўцы з Менску. Супрацоўніцтва з імі, іх дапамога, кансультацыі, і што таксама важна, шчырая дабразычлівасць мелі для нас велізарнае значэнне. Нашу ўдзячнасць выказваем перш за ўсё прафесару Вячаславу Вярэнічу а таксама Уладзіміру Васілевічу, Ігару Карашчанцу і Валерыю Каліноўскаму за вялікую падтрымку, мудрыя парады і заахвочванні. Мы ўдзячны таксама і Эльжбеце Смулковай, якая апрача абавязкаў амбасадара РП ў Менску заўсёды знайходзіла час на размовы з намі.
Аднак перш за ўсё мы дзякуем нашым суразмоўцам, якія прымалі нас, як сваіх, кармілі, паілі, давалі нам начлег, церпяліва адказвалі на нашыя, часта наіўныя, нязручныя або нетактоўныя пытанні і ахвотна пасвячалі нас у свой свет.
Мы многаму ад іх навучыліся. Напэўна, найбольш таму, што адрозненні не павінны вызначаць раздзяленняў і не выключаць садружнасці. Бо, як прыгаворвае пані Ніна са Шпілек: "Надта цяжка разабрацца в этых вярах, в этых людзях… І я думаю, каб лепей это все начальство выжшэе, все учонэ адчапіліся ад тых людзей. Які ён радзілся, хай такі будзе, абы дружно жылі, абы любілі друг друга. Якая тут разніца, мы дзеці адной планеты. Мы дзеці адной планеты".
Пераклад з польскай мовы Юрыя Карэйвы.
Заўвагi
Ганна Энгелькінг - этнограф і мовазнаўца, працуе на Кафедры Этналогіі і Антрапалогіі Культуры ВУ. Вядзе доследы на Гарадзеншчыне і Палессі. Аўтарка артыкулаў аб вуснай народнай творчасці і на беларускую тэматыку.
[1] Jezyk jako narzedzie, dakument i ictoty element kyltury, [w:] Oqrody koralowe i ich maqia, Dzieta, t.5.Warsz. 1987.
[2] Занатоўкі, якія я тут змяшчаю, будуць служыць чытачам толькі ў якасці ўводзінаў да наступных па іх сямі манаграфічных тэкстаў. Больш грунтоўнае, падрабязнае апісанне як метадалогіі, так і найважнейшых вынікаў нашых даследванняў змяшчаю ў артыкуле "Нацыі - азначае рэлігійныя групы. Пра вынікі этнаграфічных тэрытарыяльных даследаванняў на Гарадзеншчыне (Nacje, to znaczy grupy religijne. O wynikach etnograficznych badan terenowych na grodzien'szcyz'nie, "Kultura i Spoleczen'stwo", 1996, nr.1). "Адзін з галоўных кірункаў гэтых доследаў я прадставіла ў тэксце "Калі католік, то паляк". Што гэта азначае? Уводныя заўвагі да тэрытарыяльных доследаў на Беларусі, у кн.: "Усходняе памежжа ў сацыялагічнай перспектыве ("Jak katolik to Polak". Co to znaczy? Wstepne z Badan' Terenowych na Bialarusi, w: Wschodnie pogranicze w perspektywie socjologicznej, Biatystok, 1995)".
[3] Гл. напр.: M.Pokropek, Zrok'nicowanie kulturowe na pograniczu etniczno-jezykowym i jego adbicie w swiadomos'ci mieszkan'cow na przykladzie pogranicza polska-litowska-bialaruskiego w polnocno-wschodniei Polsce, "Etnografia Polska, 1979, t.23,z.2.).
[4] Гэткае паняцце я ўжываю ў кантэксце навуковага разумення А.Выкі. Яна вылучае тры прынцыповыя асноватворныя складнікі навукова-даследчай мадэлі, вызначаемай як "даследванні пасродкам сумеснага пасвячэння": засваенне на досведзе даследуемых суб'ектаў навуковых суб'ектыўных падстаў для даследчыка, непасрэднае пасвячэнне даследчыка ў засвойваемую рэчаіснасць, а таксама "агульнасць свету" абодвух бакоў, якая ўзнікае з узяцця пад увагу суб'ектыўных ведаў даследуемых і асэнсавання ўласнага вопыту. ("Badacz spoteczny wogec doswedczenia, worsz. 1993,s.50 i 55).
[5] Сведчаннем нашага ўваходжання ў жыццё даследваных вёсак і ўдзелу ў ім з'яўляецца змястоўная фатаграфічная дакументацыя. Частка здымкаў склала выставу "Папросту". У беларускіх вёсках 1993-94", прэзентаваную ў Варшаўскім Універсітэце ў сакавіку 1995 г., а ў траўні ў сядзібе Фундацыі "Памежжа мастацтваў, культур, народаў" у Сэйнах. Прысвечаны выставе тэкст, за аўтарствам Катажыны Галэнгоўскай, публікаваўся ў "Этнаграфіі Польскай", 1995, т. 39.
[6] A. Wyka, op. Cyt, s.53.
[7] 'Vice versa' - наадварот (лац.)
[8] Прапановы разумення сумежжа не, як дэмакрацыйнай лініі, але, як зоны, падае між іншым З.Сташчак у тэксце "Этнаграфічныя перадумовы пазначэння этнічных сумежжаў" (Etnograficzne przestanki wyznaczenia pogranicz etnicznych, "Lud", t.59,1975).
[9] Некалькі магчымых адрозненняў разумення (а таксама выніклыя з іх памылковыя разуменні) тэрмінаў, якія паходзяць ад грэцкага ethnos, прадстаўлены, напрыкл., у тэмах Этнічнасць (Etnicznos'c') і Група этнічная (grupa etniczna), у "Этнічным слоўніку ( "Slownik etnologiczny" [ red. Z.Staszczak, Warszawa - Poznan, 1987]).
[10] Ю. Абрэмбскі,"Людзі Палесся сёння" ("Dzisiejsi Ludzie Polesia, "Przeglad Socjologiczny"), 1936, nr 1-2, s.427.
[11] У адносінах да тэрыторыі, якая суседнічае з Гарадзеншчынай - усходняй Беласточчыны - гэты лад апісваў В. Павлючук у працах "Беларусы, як этнічная група" ("Bialorusini jako grupa etniczna, "Studia Socjologiczne", 1968 nr 2) і "Светабачаннне ва ўмовах распаду традыцыйнага грамадства" ("S'wiatoglad jednostki w Warunkach rozpadu. Spolecznos'ci tradycyjnej", Warsz. 1972). Нашыя доследы пацвердзілі многа яго назіранняў і высноваў, між іншым, і апісанне механізму выпрацоўкі тоеснасці мясцовай групы як "супольнасці сакральнай" у грунтаванні на вартасцях не толькі народных, але і рэлігійных.
[12] Дакладней: "Гарбачоў адамкнуў веру, але замкнуў жыццё".
[13] Ю. Абрэмскі, Problem grup etnicznych w etnologii i jego socjologiczne ujcie, "Przeglad Socjologiczny" 1936, nr 1-2.
[14] Паняццямі "свядомы народ" і "народ запатрабаваны" мы карыстаемся згодна з разуменнем А. Вайнберга, якое пада-дзена ў тэксце "Narod wobes ezyka, "Oboz", nr 32, 1992.
[15] "Свядомасць людзей, аднак, можа яшчэ доўга заставацца ў вузкіх межах этнічнай, рэгіянальнай "свойскасці". Сітуацыя ўскладняецца тады , - а выпадкі такога роду, у асаблівасці на этнічных сумежжах, не належаць да рэдкасці - калі да свядомасці дадзенай групы апелююць кіраўнікі з некалькі народных укладаў. Пра тое, у склад якога народу ўвойдзе дадзеная група, залежыць перш за ўсё такія фактары, як інтэнсіўнасць культурных, эканамічных і палітычных уплываў", - пісаў В. Павлючук ("Беларусы, як група…").
[16] Сярод дзяцей мы назіралі яскравы адбітак адначасова, як традыцыйнага ўзору мыслення катэгорыямі нацыі, так і засвойванне катэгорый новага часу. 11-гадовы хлопчык на пытанне, хто ён, адказвае: "Па нацыянальнасці беларус, па рэлігіі паляк".