Вандалін Шукевіч
Як вядома, з канца 18 да пачатку 20 стагоддзя Беларусь знаходзілася ў складзе Расіі. Антынацыянальная палітыка царскай Расіі ў дачыненні да карэннага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю прытармазіла і запаволіла яго духоўнае развіццё, але не магла цалкам спыніць гэты працэс. Працоўны люд, пераважна яго найбольш шматлікая частка сялянства, збярог, нягледзячы на 125 гадоў гвалтоўнай асімілятарскай палітыкі, для будучых пакаленняў мілагуч-ную беларускую мову, багаты і арыгінальны фальк-лёр, цудоўныя песні. На шчасце нашчадкаў, шматвяковы сацыяльны і нацыянальны прыгнёт не выкараніў у беларусаў пачуцця нацыянальнай годнасці, да канца не размыў іх нацыянальную самасвядомасць. Безумоўна, страт было занадта шмат, і на агульнае развіццё культуры яны зрабілі надзвычай цяжкі адмоўны ўплыў, але галоўнае, што народ выжыў, адстаяўсваё месца ў гісторыі. Ён, як з вялікім гонарам пісаў Янка Купала, "праз доўгія вякі нацыянальнай і сацыяльнай няволі пранёс, захаваў і давёў да слаўных вышынь сваю нацыянальную культуру і свой нацыянальны твар і яшчэ мацней сфармаваўся як народ".
Багацці матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа раскрылі этнографы, краязнаўцы і фалькларысты. З сярэдзіны 19 стагоддзя цікавасць да вывучэння побыту і вуснай народнай творчасці захоплівае шарокія колы адукаванага грамадства. Знайшліся людзі, якія самааддана займаліся этнаграфічным вывучэннем і нашай Лідчыны. Адным з іх быў Вандалін Шукевіч (1852-1919). Нарадзіўся ён у маёнтку Нача Лідскага павету, дзе і пражыў амаль усё жыццё. Гэта быў вялікі аматар гісторыі роднага краю, археолаг, этнограф. Свае доследы ён праводзіў пераважна ў Лідскім павеце. Вядомы тры яго асноўныя этнаграфічныя працы: "Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, прадказанні і інш.), сабраныя ў Віленскай губерні" (у гэтым артыкуле змешчана 432 запісы), "Некаторыя вераванні, прымхі і забабоны нашага народа, легенды і паданні" (змяшчае 15 легенд, паданняў, у якіх расказваецца пра каралеву Бону, пра ваенныя дзеянні з татарамі, шведамі, французамі і інш., 159 вераванняў і прымхаў), "Старажытныя лекавыя сродкі".
Усе вераванні і прымхі Шукевіч разбіў на 6 груп:
1) спосабы хутчэйшага замужжа (жаніцьбы);
2) паводзіны ў замустве, адносіны да цяжарнасці, да немаўлят;
3) сакрэты, якія забяспечваюць поспех у жыцці і гаспадарцы, спосабы барацьбы з сурочаннем;
4) спосабы шкодзіць іншым і розныя заклінанні;
5) варажба і прадказанні;
6) лячэнні і замовы.
Шукевіч прыходзіць да высновы, што трывалая вера ў таямнічыя звышнатуральныя сілы захоўваецца ў народзе, дзякуючы яго глыбокай рэлігійнасці. Шукевіч адзначае, што забабоны часам даходзяць да абсурду. Перажыткі былі настолькі трывалымі, што калі б не юрыдычныя нормы і не страх пакарання з боку дзяржаўных улад, то простыя людзі карысталіся б у жыцці звычаёвым сярэдневяковым правам дзеля расправы з "чараўнікамі", людзьмі, якія могуць "сурочыць". Этнограф падкрэсліваў, што ў народзе створаны цэлы кодэкс паводзін, прыдатны на ўсе выпадкі жыцця, які складаецца з розных перасцярог, абмежаванняў, забарон і г. д. Яшчэ адна прычына трываласці перажытачных з'яў - гэта канкрэтныя гістарычныя ўмовы развіцця беларусаў, калі тыя былі ў прыніжаным становішчы ў часы Рэчы Паспалітай. Тады дзяржава, на думку Шукевіча, абапіралася на адзін прывілеяваны клас, а народ застаўся сам па сабе і замкнуўся "ў межах свайго быту". Такое "непатрыятычнае" меркаванне выклікала незадаволенне пэўных колаў. Але Шукевіч пісаў, што нават калі болей жыцця любіш Польшчу, нельга заплюшчваць вочы на зло, якое ў ёй творыцца. "Мы былі ў адносінах да нашых братоў - сялян несправядлівымі, прызнаемся ў гэтым", - заклікаў ён.
Артыкул Вандаліна Шукевіча "Старажытныя лекавыя сродкі" прысвечаны народнай медыцыне. У аснову яго ляглі матэрыялы, атрыманыя даследчыкам ад свайго дзеда Мацея Карачэўскага. Згодна запісу, зробленаму самім дзедам, усе прыведзеныя спосабы лячэння адносяцца да 18 стагоддзя. В. Шукевіч зрабіў агульны аналіз матэрыялаў і вылучыў сярод спосабаў лячэння, тыя, якія заключаліся ў выкананні пэўных дзеянняў, і, тыя, якія былі звязаны з выкарыстаннем рэчавых сродкаў расліннага і жывёльнага паходжання. Да 1-й групы ён ставіўся вельмі скептычна, затое лічыў, што веданне прыродных лекаў можа быць вельмі карысна. У артыкуле згадваецца 32 спосабы лячэння з дапамогай сродкаў расліннага і жывёльнага паходжання, прыводзяцца рэцэпты выкарыстання жывёльнага тлушчу, сала, мяса, асобных органаў жывёл, малака. Усе гэтыя рэчывы браліся ў свіней, мядзведзяў, зуброў, зайцоў, вожыкаў і іншых хатніх і лясных жывёл. Розныя захвораванні лячыліся рознымі метадамі, нават калі выкарыстоўвалі адны і тыя ж сродкі (тлушч, малако і інш.). Гэта сведчыць аб разуменні лекарамі рознабаковага ўздзеяння гэтых сродкаў. Яшчэ ў гэтай працы гаворыцца пра тое, што жывёльныя рэчывы выкарыстоўваліся для таго, каб ад здаровай жывёлы перадаць моц хвораму чалавеку.
Шукевіч спачуваў "страшэннай галечы" беларускага і літоўскага сялянства. Чалавечнасць, спачуванне бедам простага люду, любоў да роднага краю, імкненне дапамагчы беларусам у развіцці іх культуры, мовы паляпшэння эканамічных умоў існавання пранізвае такія яго працы, як "Яшчэ раз пра галечу", "Статыстыка і рэчаіснасць", "Аб беларускай асвеце" і інш. У адной з іх прыводзіцца апісанне ялянскай хаты: "Нізкія, занядбаныя, цмяныя хаткі з глінабітнымі печамі, якія нярэдка былі без коміна, самая простая ежа ў іх гаспадароў (бульба, улетку розная зеляніна), хранічнае малазямелле".
Уладзіслаў Вярыга
Этнаграфічным вывучэннем Лідчыны займаўся таксама польскі філосаф і этнограф Уладзіслаў Вярыга (1868-1916). Ён вучыўся ва універсітэтах Варшавы, Берліна, Прагі і Берна. Вярыга займаўся збіральніцтвам беларускага фальклёру. У 1889 г. у часопісе "Збор звестак па айчыннай антрапалогіі" апублікаваў працу "Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе", у якой змясціў 45 беларускіх народных песень. Яшчэ вядома, што друкаваўся ў часопісе "Вісла". Выдаў кнігу "Беларускія паданні" ў Львове ў 1889 г., дзе змясціў 32 беларускія казкі з Лідскага павету.
Наталля Шкодзіч, г. Ліда.
Бірута
Збіральніцай, даследчыцай і папулярызатарам фальклору беларусаў Лідчыны ў другой палове ХІХ ст. была Амелія Даравінская (1863-1891). У шэрагу сваіх прац яна выступала пад псеўданімам Бірута. Нарадзілася А. Даравінская ў в. Ройсталі*, якая знаходзілася недалёка ад г. Вільні. Атрымаўшы адукацыю ў Варшаве, яна потым працавала настаўніцай у Лідскім павеце Віленскай губерні. У адрозненне ад некаторых сваіх калег Бірута не была пасіўнай назіральніцай жыцця і побыту навакольнага насельніцтва, а імкнулася пазнаць яго духоўны свет, вывучыць народныя норавы, звычаі, песні.
Ёй былі вядомыя важнейшыя працы па польскай фалькларыстыцы і этналогіі. У канцы 80-х гадоў А. Адальберг збіраў матэрыял да выдання "Кнігі польскіх прыказак". На старонках прэсы, у прыватнасці "Wisly", змяшчаліся звароты да чытачоў з просьбай дасылаць яму вусна-паэтычныя выразы з розных старонак краю. Пра гэта ведала і Бірута, якая даслала яму спачатку 350, а затым 200 прыказак з в. Пілатаўшчына Беластоцкага павету. На жаль, дасланы ёй матэрыял па нейкіх прычынах не быў апублікаваны.
Першай публікацыяй, пад якой даследчыца падпісалася словам Бірута (аўтарка, аднак, ніколі не тлумачыць прычыну выбару гэтага псеўданіму) быў этнаграфічны нарыс "Дажынкі на Літве". Ён быў надрукаваны на старонках краязнаўча-этнаграфічнага часопіса "Wisly" ў 1988 г. Праўда, у першапачатковым варыянце дасланы рукапіс не быў прыняты да друку, і толькі пасля адпаведнай дапрацоўкі яго апублікавалі. У ім даецца апісанне абраду дажынак у в. Шаўры Лідскага павету, дзе яна знаходзілася ў сына вядомага гісторыка і археолага Тэадора Нарбута. Бірута сама прысутнічала на гэтым свяце. Яна адзначае, што правядзенне дажынак у гэтым маёнтку (як і ў многіх іншых) дадзенай правінцыі носіць амаль аднолькавы характар. Робячы апісанне свята ў гэтым баку Лідчыны, Даравінская па ходу паведамляе цікавыя звесткі пра ўборку ўраджаю, спяванне песень пасля заканчэння работ і т.п. Мы пераконваемся, што звычаі, распаўсюджаныя ў ваколіцах Шаўроў напярэдадні і ў час дажынак, мала чым адрозніваюцца ад звычаяў іншых месц Беларусі. На карысць гэтага сведчыць, напрыклад, тое, што на Лідчыне толькі адны жанчыны жалі жыта, і тое, што толькі мужчыны касілі сена, а таксама тое, што пасля заканчэння жніва пераважна жанчыны выконвалі песні. Гэта ў пэўнай меры можа сведчыць у цэлым пра адносна аднародны характар традыцыйнай народнай культуры беларусаў. Жнеі і касцы вяртаюцца з поля ў двор з песняй на вуснах, матыў якой даследчыца характарызуе так: "Мелодыя песні, якая паўтаралася за запявалай некалькімі дзесяткамі галасоў, надавала чароўнасць нязмушаным, але сваёй натуральнасцю кранальным сэрца словам…" Словы гэтай дажыначнай песні яна прыводзіць у перакладзе на польскую мову. Аднак у ёй публіцыстка захавала і шмат беларускіх слоў ("рабые", "старые", "сіне", "сыра", "колосочку", "голосочку" і інш.), якія выдзелены ў тэксце іншым шрыфтам. Беларускія словы тут пакінуты не толькі для захавання рыфмы, але і ў некаторай ступені для нацыянальнага каларыту песеннага твору. Пасля заканчэння спеву першая жняя падыходзіць да гаспадароў маёнтку, здымае з галавы залацісты жытні вянок і з прыкметным хваляваннем выконвае для іх велічальную песню. Пасля гэтага яна, паклаўшы вянок на паднос і прыняўшы з яго ўзамен хлеб і соль, а таксама грошы, пацалаваўшы пры гэтым рукі ў сямейнай пары, вяртаецца да сваіх сябровак. Сялян чакалі накрытыя сталы з рознай закускай. Заканчваецца нарыс апісаннем гуляння ўдзельнікаў свята.
А. Даравінская здолела не толькі ўлавіць характэрныя асаблівасці правядзення абраду ў маёнтку, але і ўказаць на агульныя рысы яго з такім жа абрадам у іншых месцах Гарадзеншчыны. Атрымаўшы задавальненне ад першай сваёй працы "Дажынкі на Літве", яна зрабіла яшчэ адну спробу надрукаваць артыкул "Двор і сяло" у польскіх часопісах. На гэты раз, аднак, дадзеная спроба аказалася няўдалай. Верагодна, па прычыне слабасці і недасканаласці гэтага сачынення. Зазначым, што яго вярнулі не толькі з рэдакцыі часопіса "Wiek", але і не прынялі да друку ў штомесячніку " Wisla".
Аднак сапраўдны даследчык, маючы часам няўдачы на сваім творчым шляху, зноў і зноў спрабуе свае сілы на навуковай ніве. Верагодна, да такой катэгорыі даследчыкаў належала і Бірута (апантаная ў працы, улюбёная ў сваю справу, гатовая перанесці любыя цяжкасці і перашкоды толькі б прынесці сваёй працай карысць грамадству).
Таму ў хуткім часе яна дасылае галоўнаму рэдактару "Wisly" крыху матэрыялаў па традыцыйнай народнай культуры: "Асмялеўшы пасля ласкавага прыняцця маіх "Дажынак на Літве", пасылаю зноў трохі матэрыялаў у "Wisle" ("Віслу". - А.Л.), якія, калі будуць панам палічаны за прыдатныя, прыемна мне будзе бачыць надрукаванымі, тым больш што аб маёй радзімай Літве так мала польскія часопісы пішуць, нібыта яна зусім не існуе!"
У гэтым жа годзе ў раздзеле "Пошукі" быў апублікаваны цэлы шэраг воклічаў, з дапамогай якіх у Лідскім павеце клічуць і адганяюць свойскіх жывёл і птушак, а таксама некалькі народных паданняў, атрымаўшых літаратурную апрацоўку Біруты. У адной з іх "Сосны ў Лідзе" распавядаецца пра дзве сасны, якія выраслі на схіле ўзгорка (замка). Гэтыя дрэвы з'явіліся на месцы забойства дзевяці францішканцаў-місіянераў, якія прыйшлі ў гэту краіну яшчэ ў часы паганства, каб абярнуць мясцовае насельніцтва ў хрысціянскую веру. Паганцы расправіліся з духоўнікамі і іх целы кінулі ў агульную магілу, выкапаную на схіле замкавага ўмацавання. Цераз некаторы час патомкі паганцаў прынялі хрысціянства ў выглядзе каталіцызму і ўжо з глыбокай пашанай адносіліся да гэтых дрэваў як сімвалаў пакутніцтва місіянераў. Аднойчы хтосьці ссек галінку сасны, і кроў пачала сачыцца, таму ніхто з той пары не адважваецца падняць сякеру на дрэвы, якія прыкрываюць сваім ценем магілу пакутнікаў. У паданні "Пра касцёл святой Ганны ў Вільні" распавядаецца, як была захавана таямніца колеру цэглы гэтага арыгінальнага архітэктурнага збудавання. Матэрыялы з Ваўкавыскага павету паслужылі асновай для "Падання пра Пілакальскую гару".
На жаль, гэтыя творы былі апошнімі, якія Бірута пабачыла надрукаванымі. У 1891 г. штомесячнік "Wisla" змясціў невялікі некралог, у якім падаў асноўныя этапы яе жыцця: "Здольная і вельмі заслужаная ў айчынным нарадазнаўстве панна Амелія Даравінская, вядомая чытачам " Wisly" пад прыдуманым імем Біруты, якая нарадзілася ў 1863 г. у Ройсталях, у мілі ад Вільні, і выхоўвалася ў Варшаве, літаратарка і настаўніца, памерла ад хваробы сэрца 27 ліпеня ў Варшаве і пахавана на Павонзках. Пасля яе засталося багата рукапісаў і сярод іх "Апісанне Лідскага павету". Няхай зямля будзе ёй такая лёгкая, як страта яе нам і сям'і - цяжкая!"
Рукапісная спадчына, якую пакінула пасля сваёй смерці даследчыца, мае, верагодна, не меншую каштоўнасць, чым усё тое, што яна апублікавала яшчэ пры жыцці.
Як мы ўжо адзначылі, яна перапісвалася з Янам Карловічам. У адным з лістоў, выказваючы сваё захапленне народнымі песнямі, збіральніца паведамляе настаўніку, што крыху сабрала іх у розных ваколіцах, "між іншым і прыгожыя беларускія. Ці можна іх прыслаць і ці не знойдуць яны месца ў часопісе пана?" Але толькі праз год пасля смерці Біруты штогоднік "Zbior Wiadomosci do Antropologii Krajowej" апублікаваў на сваіх старонках 25 тэкстаў**, запісаных даследчыцай. Гэта падборка атрымала назву "Беларускія песні з Лідскага павету". Яшчэ пры жыцці збіральніцы Я. Карловіч прыслаў гэтыя рукапісныя матэрыялы ў Кракаў у рэдакцыю вышэй-згаданага перыядычнага выдання на імя Ісідара Капярніцкага. 2 траўня 1891 г. апошні паведаміў галоўнаму рэдактару " Wisly": "Некалькі дзён таму назад было ў нас пасяджэнне Антрапалаг[ічнай] камісіі, на якой я прадставіў ласкава прысланы нам збор беларускіх песень, запісаных Бірутай. Калі дойдзе да друкавання - напэўна, не хутка - то як я павінен назваць уласным прозвішчам аўтарку гэтага збору?" Збіральніца запісвала песні, узнікшыя ў розным сацыяльным асяроддзі (сялянскія, дваровыя, рабочыя), а таксама песні, што прышлі звонку, якія ахвотна спявалі беларусы (рускія, украінскія). Амаль усе яны пазаабрадавыя. І толькі дзве адносяцца да абрадавай паэзіі: восенская "Ой пайду я каля лугу" (№14), *** вясенняя "Лазянское сяло на весялосці стаіць" (№2). Дарэчы, першая вядома была і раней (як варыянт) у працах іншых даследчыкаў.
Больш за ўсё песень любоўных: дзесяць. У адных ("Дзеўчына жаўнераньку любіла") выказваецца сум па прычыне раставання з каханым, у другіх ("Ой, пайду я каля луга") спяваецца аб любоўным пачуцці, у трэціх ("Не стой, міла, над вадою") раскрываецца тэма няўдалага сямейнага жыцця. Лірычных жа песень усяго тры, прытым адна з іх "Паслушайце, братцы, як я там бывал" (№8) руская. У публікацыі ёсць таксама і дзве рэкруцкія (№№11,21) песні. Першая з іх "Скора осені дажджом", насычаная русізмам ("матушкі", "рэбяцішкі", "дзевушкі" і інш.), на сваіх мастацкіх якасцях уступае другой.
Балад таксама дзве: "Ты, дзяўчына, спадобанька мая" і "Пад калінаю, пад зялёнаю". Ім уласцівы ноткі трагізму.
Маюцца ў падборцы і песні з жартоўнымі матывамі, рабочая, салдацкія, прыпеўкі. Праца мае частковую пашпартызацыю: з першай па дзевятнаццатую песню збіральніца ўказала месца запісу: в.в. Красна, Лазяны, Кемейшы, Сядзеймы. Аднак пра інфарматараў звестак няма. І толькі да адной рэкруцкай песні "Стаяла каліна, стоячы завяла" Бірута змясціла заўвагу, якая ў пэўнай меры пралівае святло на яе збіральніцкую працу: "Дыктуючы мне гэтую песню, русінка (беларуска. - А.Л.) пры тлумачэнні дадала, што яна спяваецца на падставе фактаў, якія парою здараліся ў часы прыгону. У войска даўней у нас выбіралі галоўным чынам са сваіх вёсак толькі тых хлопцаў, што вызначаліся кепскім характарам і паводзінамі, а таксама злодзеяў, гультаёў і тых, што мелі злачынныя намеры і г.д. Бывала часам і так, што хтосьці, маючы злосць на маладога хлопца, наўмысна прадстаўляе яго ў такім святле ў двары, а аканом, падахвочаны хабарам, выдаваў яго ў рукі паліцыі ці тых, хто фармаваў палкі, і абвінавачаны мусіў ісці ў войска. Такім вось чынам, здаралася, карысталіся помстаю дзяўчаты, прымаючы на сябе ролю даносчыцы".
Цяжкія для разумення чытача беларускія словы аўтарка перакладае на польскую мову і змяшчае іх у зносках. Акрамя таго, да асобных песень зроблены заўвагі.
Гэта падборка народных песенных твораў з Лідчыны ўсё ж не была апошняй пасмяротнай публікацыяй Біруты. Ёй аказаўся нарыс "Над прускай граніцай", у якім падрабязна адлюстраваны жыццёвы ўклад літоўцаў паўднёва-заходняй часткі Ковенскай губерні. Гэтая публікацыя змяшчае статыстычныя дадзеныя адносна ўжывання літоўскай і іншых моў у гэтым рэгіёне, апісанне размяшчэння гаспадарак, звесткі пра адзенне, сямейныя звычаі, абрад дажынак і інш. Заўважым, што ў гэтай мясцовасці пражывалі бацькі Біруты, і яна прабыла ў іх палову лета 1890 г., праводзячы свае навуковыя назіранні.
І ўсё ж, верагодна, найбольш значнай працай, якую пакінула пасля сваёй смерці Бірута, была "Народ ідскага павету". Даследчыца даслала яе галоўнаму рэдактару "Wisly", і той з задавальненнем прачытаў гэты нарыс. У апошнія месяцы свайго жыцця Бірута інтэнсіўна працавала над галоўнай сваёй працай, удасканальваючы яе паводле заўваг Я.Карловіча. польскі фалькларыст прапанаваў збіральніцы выдаць нарыс "Народ Лідскага павету" асобным томікам у "Бібліятэцы "Wisly", што з вялікім задавальненнем успрыняла яго аўтарка: "На пытанне, ці згаджуся я, каб "Народ Лідскага павету" пабачыў свет як том "Бібліятэкі " Wisly", спяшаюся запэўніць пана, што вельмі прыемна будзе бачыць сваю працу ў такой форме выдання… Што да цэнзуры - змагацца з ёю было б справаю беспаспяховаю, нягледзячы на тое, што кожны з апісаных фактаў я магла б у выпадку патрэбы растлумачыць яшчэ больш дакладна - застаецца нам толькі пакорна падпарадкоўвацца ёй". Наколькі праца над рукапісам "Народ Лідскага павету" захоплівала яе і адымала шмат сіл і часу, сведчыць наступны ліст да Карловіча: "Шаноўны пане рэдактар! "Народ Лідскага павету" не можа быць так хутка выпраўлены, таму што асоба, якую я прасіла дапамагчы ў пошуках правінцыяналізму, абяцала іх толькі на наступны тыдзень… Беларускія тэксты, якія падаюцца, перакладаю. Большую частку песень выкрэсліваю, паколькі ў перакладзе шмат трацілі ў форме. Правінцыяналізмы, за выключэннем пары толькі выразаў, не ідуць ад няведання, я іх сама цяпер падкрэсліваю, але … мая віна, што раней гэтага не зрабіла. Усё гэта стараюся выраўняць, наколькі задаволю пажаданні і патрабаванні пана - не ведаю. Ведаю толькі тое, што суровы прыгавор з вуснаў пана за выказванне супраць цэнзуры вельмі закрануў мяне, але прыняла яго пакорна, як пакаранне за маю непрактычнасць на літаратурнай ніве. На будучыню, калі б давялося пісаць што-небудзь яшчэ для " Wisly", ведаю, чаго прытрымлівацца".
Аднак працы Біруты не давялося пабачыць свету. Перашкодаю стала цэнзура, і друк гэтага рукапісу быў адкладзены. 17 кастрычніка 1891 г. Я. Карловіч пісаў Гераніму Лапацінскаму: "Цэнзура канфіскавала ў мяне рукапісы кс. Пл[яшчынскага] і Біруты "Народ Лідскага павету". Першы я дастаў на пару тыдняў, каб перапісаць; што ж датычыць другога, дык падаў прашэнне ў Пецярбург. Гэта меліся быць ІХ і Х тамы "Бібліятэкі "Wisly".
Пад канец нам хацелася б выказаць свае меркаванні наконт таго, чаму даследчыца выбрала сабе псеўданім Бірута.
Можа таму, што яна нарадзілася недалёка ад Вільні фактычна на тэрыторыі этнічнай Літвы. А яе бацькі ж менавіта ў этнічнай Літве і жылі пэўны час. Можа яшчэ і таму, што Лідчыну (відаць, і паўночна-заходнюю, а то і заходнюю часткі Беларусі) яна называла і лічыла Літвой (у ХІХ ст. многія польскія даследчыкі цэнтральную і заходнюю часткі беларускай этнічнай тэрыторыі называлі Літвой). Такім чынам, выбарам гэтага псеўданіму аўтарка як бы хацела паказаць далучанасць зямлі, на якой яна нарадзілася і жыла, да Літвы ў гістарычным і, мажліва, у этнічным значэнні, далучанасць яе самой да літоўшчыны (гістарычна мінулага, дзяржаўных і гістарычных асоб, менталітэту, культуры і інш.).
Такім чынам, Бірута, нягледзячы на непрацяглы перыяд сваёй фалькларыстычна-этнаграфічнай дзейнасці, унесла пэўны ўклад у збіранне і даследванне беларускай традыцыйнай народнай культуры, у прыватнасці, фальклору.
* Цяпер тая мясцовасць, на якой была размешчана в. Ройсталі, з'яўляецца часткай Вільні
** На самай справе арыгінальных тэкстаў толькі 24, бо № 2 і № 24 даслоўна супадаюць паміж сабой (гэта недарэчная хіба, верагодна, з'явілася па віне рэдакцыі).
*** У архіве НДЛ беларускага фальклору БДУ маецца некалькі варыянтаў песні "Ой, пайду я каля луга", якія па мелодыі адносяцца да восенскіх.
Літаратура:
Самалевіч Я. Даследчыца беларускага фальклору // Полымя. 1969. № 11. С.250-251.
Васілевіч У. Панна Бірута // Работніца і сялянка. 1984. №2. С.22-23.
Васілевіч У.А. Збіральнікі. - Мн., 1991.
А. Ф. Літвіновіч, г. Менск.
Юры Іваноўскі
Несумненую цікавасць выклікае матэрыял Юры Іваноўскага, прысвечаны беларускаму народнаму тэатру-батлейцы, "Батлейкі ў Лідскім павеце Віленскай губерні" (1901 г.). Батлейка вядома на Беларусі з 16 стагоддзя. Назва тэатру паходзіць ад польскай назвы горада Віфлеема, месца нараджэння Хрыста, Бетлеем. Юры Іваноўскі адзначыў, што батлейка здаўна вядома ў Лідскім павеце і сумежных землях. На Каляды, Новы год моладзь абыходзіла вёскі і двары з лялечнымі тэатрамі. Змест дзеяў быў рэлігійны з устаўкамі сцэн народнага жацця. На Лідчыне была паказана драма "Цар Ірад" "жывой" батлейкай, дзе гралі людзі. Іваноўскі ў сваёй працы даў падрабязнае апісанне ўсіх неабходных для прадстаўлення прыстасаванняў і змест актаў драмы. Для пастаноўкі выбіралася вялікая хата, пасярод якой ставілі стол і крэсла (трон цара Ірада). Акцёры апраналіся ў ангелаў, салдат, пастараў, пілігрыма, д'ябла і цара Ірада. Трупа налічвала 12-15 чалавек. Усе акцёры гаварылі "па-мазурску". У пачатку "анёл" на стол "шопку" - скрынку ў выглядзе хаткі, аклееную паперай, з выявамі Хрыста, св. Язэпа, Божай маці. Ён запальваў святло ў гэтай хатцы і гаварыў: "Няхай будзе ўсхвалены Ісус Хрыс!". І пачыналася п'еса. Прадстаўленне заўсёды суправаджалася песнямі. Хор з 3-5 галасоў складалі мясцовыя людзі. У час прадстаўлення было шмат гумару. Батлеечнікі ўносілі ажыўленне ў аднастайнае вясковае жыццё. Але ў пачатку 20 стагоддзя яны пачалі знікаць. Традыцыйную цікавасць польскай інтэлігенцыі да Панёманскага рэгіёну абумовілі з'яўленне ў канцы 19 - пачатку 20 стагоддзя шматлікіх публікацый па гісторыі, этнаграфіі, фальклёру Ліды і яе ваколіц у такіх польскамоўных часопісах, як "Вісла", "Земя", "Земя Наша", "Земя Лідска".
Наталля Шкодзіч, г. Ліда.
Уладзімір Урбановіч
Пра гэтага даследчыка практычна нічога не вядома. У 1939 годзе ў газеце "Ziemia Lidzka" № 26 надрукаваныя "Народныя прыказкі, запісаныя ў вёсцы Пудзіна, у гміне Дакудава, Лідскага павету" за імем Уладзіміра Урбановіча. Падборка ўключае 83 прыказкі. Прыказкі надрукаваны на беларускай мове польскай лацінкай. Большасць з гэтых прыказак мае агульнабеларускую вядомасць, і кожная сама па сабе не ёсць нечым унікальным. Але запіс 83 прыказак у адной невялікай вёсцы сведчцыць пра багацце беларускага фальклёру ў сярэдзіне 20-га стагоддзя. А тое, што большасць прыказак мае агульнабеларускую вядомасць, падкрэслівае агульнасць культурнага пласту Лідчыны з усебеларускім культурным пластом.
Народныя прыказкі
(запісаныя ў вёсцы Пудзіна, у гміне Дакудава, Лідскага павету)
Абы - балота, то чэрці будуць.
Ад сьмерці нікто ні выкупіцца, ні выкруціцца.
Адрэзанай лусты не прылепіш.
Бацька сахою так не дагодзіць дзецям, як матка голкаю.
Бацькі падзяруць грудзіну дзецям носячы, а дзеці - ад бацькоў хаваючы.
Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца,
А бедны зявая - гдзе багаты дзевая?
Бяз Бога - ні да парога, а з Богам хоць - за мора.
Бяз гаспадара гумно плача, а бяз гаспадыні - хата.
Бяз прыказкі і з лаўкі ня валіцца.
Бог сірату любіць, але долі не дае.
Брахаў бы каток, ды язык караток.
Брат на брата, як кат на ката.
Хочаш дочка прадзі, хочаш гола хадзі.
Хваробу ня трэба клікаць - сама прыдзя.
Ці аб пень савою, ці пнём па саве, - саве ўсяроўна баліць.
Далікатнаму і ў небе раскашнейша мейсца.
Да пары збан ваду носіць, як вуха ўрвецца, то збан паб'ецца.
Добрая далёка чуваць, а ліхоя яшчэ далей.
Добрых бацькоў - добрыя дзеці.
Добрыя жорна ўсё перамелюць.
Добры сабака лепшы за ліхога чалавека.
Дошч у пору - усяроўна як золата.
Дурню гавары - дурэнь дагары.
Дурной галаве розуму і калом ня ўваб'еш.
Дзіця і п'яны праўду скажа.
Дзіру дзірою ня залатаеш.
Гаспадарка сьвет корміць.
Гора мучыць, гора вучыць, гора песянькі спяе.
Гострай галавы і меч ня бярэ.
Грошы - круглая рэч: раскоцяцца.
І на гладкай дарозе прыпадэк можа стацца.
Як цешчы зяць хлеба ўрэжа, дык кажа: "На барджджэй, бо пяраломіцца",- а як жонцы: "На, бо рука замлея".
Як чалавек здароўя страціць, тагды яго ацэніць.
Як з міленькім пастаяць, то і ножкі ня баляць.
Як - да любаго, то - сцежкі, дарожкі,
Як да нелюбаго, так дробныя сьлёзкі.
Каб чалавека пазнаць, трэба з ім бочку солі з'есьць.
Каб конь ведаў а сваей сіле, тоб яго нікто ў рукі ня ўзяў.
Калі боб цьвіце, а сабака ліняе, то і добры гаспадар хлеб ня мае.
Калі ня поп, то ня ўбірайся ў рызы.
Калі ўжо падаць, дык з добраго каня.
Каменя - хоць забійся, вады хоць залійся, дроў хоць спаліся, а прыкупіўшы хлеба жыць можна.
Каждай матцэ свае дзеткі - мілыя.
Каждыя граблі да сябе горнуць.
Кажды млын на сваё кола ваду цягне.
Кажды праўду любіць, ды ня кажды яе мая.
Крывоя ды дзюравае трудна выпрастаць.
Куравыя раны (трэба - хаты) дыму не баяцца.
Ляпей як харошы наб'е, чым брыдкі пацалуя.
Ліхі сабака і на Бога брэша.
Ліжучы ня пад'ясі, а даганяючы ня пацалуяшся.
Лазьня чорна, а людзей бела мыя.
Малыя дзеткі - малыя бедкі, а падрастуць дзеткі, падрастуць і бедкі.
Моладасьць - буйнасьць, а буйнасьць дурносьць.
Мужык жонку любіць здаровую, а брат сястру багатую.
На ўсякую рэч ест свая прыказка.
На злодзею шапка гарыць.
Ня хацела быць сабачая нага на стале, няхай будзя пад сталом.
Ня хвалі каня запрагаючы, а дзеўкі прыбіраючы.
Ня кайся рана ўстаўшы, а малады ажаніўшыся.
Няма гораў бяз далінаў.
Ня слаўна хата вугламі, а - пірагамі.
Паедзям, бабка, у чужую вёску, дык будзям ведаць, што робіцца ў нашай.
Панская хвароба - беднаго здароўе.
Родная маці б'ючы ранаў ня наробіць, а мачыха гладзячы параніць.
Розум - найлепшае багацце.
Слаўны бубен за горамі, а як збліжыцца, то роўны з намі.
Шануй адзежу ўдома, адзежа цябе - у людзях.
Што край - то абычай, што старана - то навіна.
У бабы волас доўгі, ды розум кароткі.
У каго дочак сем, то і доля ўсем, а ў каго адна, то і тая - жадна.
Усё можна купіць, толькі маткі за грошы ня купіш.
Вялікай крыўды і чорт ня любіць.
Відзеў Бог, што ня даў сьвіне рог, але доўгія вушы, бо каб сьвіне рогі, то неба достала б.
За добрым мужыком і чучала - жонка.
Пазволь дурню маліцца, то ён лоб разаб'е.
Здароўя за грошы ня купіш.
Зямля - усіх нас маці: яна нас корме, яна і прыгорне.
Злодзей хоць вуглы пакіне, а агонь усё заберэ.
З лысаго цяляці лысы вол будзя.
Жонка не рукаво - ня адпораш.
Жонкі, стрэльбы і каня ў чужыя рукі ня давай.
(Транслітарацыя з захаваннем правапісу арыгіналу.)