Папярэдняя старонка: Этнаграфія

Рэлігійны элемэнт у беларускай народнай творчасьці 


Аўтар: Крэчэўскі Петра,
Дадана: 17-10-2013,
Крыніца: Крэчэўскі Петра. Рэлігійны элемэнт у беларускай народнай творчасьці // Спадчына №5-1994. С. 4-9.



Часопіс «Божым шляхам», Парыж, 1957 г., № 76-81, стар. 3-9.
а. Л. ГАРОШКА

Кажучы, што найбольш істотным элемэнтам у беларускай народнай творчасьці ёсьць рэлігійны элемэнт, мы быццам забягаем напярод, але гэта не толькі ведамы факт для ўсіх тых, хто ведае беларускую народную творчасьць, што да нядаўна яго ніхто не аспрэчваў. Нават такі ваюючы бязбожнік, як К. Крапіва ў артыкуле аб беларускіх прыказках, мусіў сьцьвердзіць: «Сярод прыказак, у якіх адбіліся вераваньні народу, лершае мейсца займаюць такія, дзе аб'ектам зьяўляецца Бог» (Кандрат Крапіва. Зборнік твораў. Том 2, стар. 391. Мінск 1956). Да гэтага сказу трэба дадаць, што такое-ж мейсца Бог займае наагул ува ўсёй беларускай народнай творчасці, а напрыклад, абрадавыя песьні дык амаль усё ёсьць рэлігійныя, прызначаныя для апяваньня сьвятаў, як: калядныя, шчадроўскія, валачобныя, сёмушныя, купальскія, пятроўскія. А колькі ёсць глыбокарэлігійных беларускіх казак і лягэндаў! Некаторыя з ix глыбінёю сваіх ідэяў i мастацтвам формы дараўноўваюць клясычным творам сусьветнае літаратуры. Напрыклад, казка «Марка пякельны» гэта быццам кароценькая «Боская камэдыя» Алігіерэ Дантэ.

Свае філязафічныя i рэлігійныя перакананьні народ выказвае найбольш ясна ў прыказках. Не дарма ix называюць скарбам народнае мудрасьці. Таму ў далейшым, разглядаючы рэлігійны элемэнт у беларускай народнай творчасьці, мы абмяжуемся перадусім спасылкамі на прыказкі i пагаворкі.

Для беларускага народу праўда аб існаваньні Бога ёсьць бяссумніўна пэўнаю, i дзеля гэтага для падцьверджаньня якоесь бяссумніўна пэўнае праўды ўжываецца пагаворка: «Як Бог на небе». Аб пазнаньні-ж Бога гаворыцца коратка:

Бога ня бачыш, але чуеш.

Што да прыметаў Бога, дык народная мудрасьць больш зьвяртае ўвагу на тыя прыметы, якія выяўляюцца ў Божай

дзейнасьці. Перадусім Бог зьяўляецца абсалютным валадаром сусьвету:

Бяз божае волі нічога ня станецца.

Бог бярэ. Бог i дае.

Бог захоча, i з рук адыме.

Бог лесу не параўнаваў, дык i людзей не раўнуе.

Бог так дае, як сам знае.

Бог усё можа.

Бяз Божае волі нічога не станецца.

З Богам кантрактаў ня робіш.

З Богам не спрачацца.

З Богам ні біцца, ні судзіцца.

З Богам таргавацца ня будзеш.

З Богам у суд ня пойдзеш.

I людзі не памогуць, калі Бог не паможа.

Каго Бог злучыць, ніхто не разлучыць.

Тое будзе, што Бог дасьць.

У Бога нічога ня трудна.

Як Бог скажа, так i будзе.

Як Бог сьвет тварыў, дык цябе розуму ня пытаў.

Як абсалютны валадар сусьвету Бог ёсьць усемагутным. Але з гэтага гледзішча ў дачыненьні Бога да людзей беларуская народная мудрасьць часам заходзіць задалёка i ня ўзгляднівае тае акалічнасьці, што Бог, адзін раз даўшы чалавеку вольную волю, ніколі яе ня зьнішчае, ня гледзячы на сваю ўсемагутнасьць. А па-за тым выказваньне народнае мудрасьці аб Божай усемагутнасьці правільнае:

Бог захоча i сьляпы ўбача.

Бог не захоча, то як ня круціся, а нічога ня будзе.

Божае волі не пераможаш.

Бог з людзей робіць ігрыско, аднаго ўгару, а другога нізко.

Бяз Бога людзі не памога.

Бяз Бога ні да пaрoгa, а з Богам хоць за мора.

Над Бога няма нікога.

Ніхто ў Бога ня быў, з Богам не меркаваўся. Зн. Ніхто ня ведае Божых плянаў i не ўмаўляўся з ім.

Сілаю ў Бога ня возьмеш.

У Бога ўсё напагатове.

Чалавек круціць, а Бог разкручвае.

Што Бог дасьць, тое i будзе.

Божая ўсемагутнасьць праяўляецца ня толькі ў пэўных дачыненьнях, але ўва ўсім i на кожным мейсцы. Ен усюдыпрысутны:

Ад Бога нідзе не схаваешся - усюды знойдзе.

Ад Бога нікуды не ўцячэш.

Зусім згодна з аб'яўленаю багасловіяю беларуская народная мудрасьць прымае як бясспрэчную праўду, што Бог ёсьць усёзнаючым:

Бог бачыць з неба, чаго каму трэба.

Бог адзін ведае, а ня мы грэшныя.

Бог ведае, хто як абедае.

Бога ня думай абмануць.

Бог найлепш ведае, хто чаго варт.

Бог усё бачыць, усё ведае; ад Яго нічога ня ўтоіш.

Грэх не схаваеш у мех - Бог далёка бачыць.

Заўтра аднаму Богу ведама.

Ня строй жарцікаў. Бога не абманеш.

Перад Богам нідзе не схаваешся.

Неразлучна зьвязана з папярэднімі Божымі прыметамі Ягоная мудрасьць. I так як Божыя прыметы твораць у сабе адну непадзельную суцэльнасьць, падобна i прыказкі часта выказваюць некалькі прыметаў адначасна, але дзеля эканоміі мейсца паўтараць ix ня будзем:

Бог ведае, што робіць.

Бог лепшы за нас гаспадар.

Бог так дае, як сам знае.

Бог стары гаспадар - ведае, што робіць.

Ведаў Бог, што ня даў сьвіньні рог, а то ўвесь сьвет перавярнула-б.

Нам Бога ня вучыць, сам знае.

Так як ведаў Бог, чаму не параўнаваў гораў i далінаў, так ведае, чаму людзей не раўнуе.

Калі Божая мудрасьць часам можа выдавацца людзям вельмі строгаю, дык затое іншая азнака злагоднівае яе - гэта доўгацерпялівасьць. Бог ніколі не сьпяшаецца вымерваць людзям сваю нагароду ці кару:

Бог доўга цярпіць.

Бог цярпеў i нам казаў.

Сабака i на Бога брэша, а Бог маўчыць.

Зразумела, што доўгацерпялівасьць не абмяжоўвае свабоднае Божае волі, ад якое залежыць увесь сусьвет, а тым самым i чалавек:

Усе пад Богам жывём.

Чалавек жыве з Божае ласкі.

Чалавек працуе, а Бог ім кіруе.

Часам людзям здаецца, што Бог запавольна выказвае сваю волю i сваю кіруючую руку, i тут беларуская народная мудрасьць зусім згодная з багаслоўскаю навукаю, што для Бога часу няма, а ўсе свае пляны i абяцанкі Ен выконвае непамылна ў найбольш адпаведны мамэнт:

Абяцаў Бог даць, але казаў пачакаць.

Бог ня стучон, а лучон. Бог праўду бачыць, але ня скора скажа.

Бог, што абяцае, тое й датрымае. Найбольш Істотныя Божыя абяцанкі адносяцца да вечнага шчасьця ў будучым жыцьці, але ў дачасным жыцьці кожнага чалавека Бог выстаўляе на пробу, дзеля гэтага i кажацца:

Каго Бог любіць, таму крыжык дае, бо ведама, што вечнае шчасьце трэба заслужыць i ў зьвязку з гэтым народная мудрасьць добра азначае сапраўдны сэнс цярпеньня:

За цярпеньне дасьць Бог збаўленьне. На гэтым сьвеце адпакутуеш, на тым ня будзеш.

Акрамя гэтага глыбокага сэнсу цярпеньня, часта Бог яго пасылае як перасьцярогу людзям, каб яны апамяталіся: Бог пакарае. Бог i памілуе. Бог засмуціць, Бог i пацешыць. Ня Божае караньне, а сваё дураваньне. Як трывога, дык i да Бога. Калі перасьцярога не памагае, тады грзшнікам Бог пасылае больш даймаючыя дачасныя кары:

Бог за ліха ліхам плаціць. Забыўся аб Богу, Бог аб ім забыўся. З Богам жартаў няма. З Богам кепскія жарты. Каго Бог хоча пакараць, таму перш розум адыме.

Калі Бог разгневаецца, то непрыяцеляў пашле.

Кары ёсьць розныя, за лёгкія правіны праз шчырую пакуту можна нават унікнуць кары, але за нявінна пралітую кроў пакараньне нямінучае, бо:

Нявінная кроў будзе плакаць перад Богам аб помету.

Дачасныя кары, хоць i нясуць з сабою цярпеньне, але маюць на мэце збаўленьне чалавека. Што-б з чалавекам ня сталася, але да апошняе хвіліны дачаснага жыцьця Бог не пакідае чалавека: Чалавек у няшчасьці, а Бог у парозе. Наагул, ува ўсёй дзейнасьці, а перадусім у адносінах да людзей. Бог заўсёды выступае як найлепшы нябесны Айцец: Бог бачыць сірочыя слёзы. Бог дае на ўсіх долю. Кожны аб сабе, а Бог аб усіх. На ўсякага Бог родзіць. Пры тым нават i ў пакараньнях:

Бог ласкавей судзіць за людзей.

Каго Бог любіць, таго не загубіць.

А любіць Ен усіх людзей i адпаведна да патрэбы нікому не адмаўляе свае помачы, якая патрэбна ўсім:

Бяз Божае помачы нічога ня зробіш.

Дапамог Бог зрабіць, дапаможа I спажыць.

З адным Богам на сто ворагаў.

За сіратою Бог з калітою.

Калі-б ня Бог, хто-б нам дапамог.

Калі Бог ня дасьць, то i людзі не памогуць.

Калі будзем у Бога годны, ня будзем галодны.

Над удавою Бог з калітою.

Удаецца, кал) хто з Богам бярэцца.

Хто Богу, таму i Бог.

Хто-ж нам дапаможа, калі ня Ты, Божа!

Як Бог адбярэ, то I людзі добрыя не памогуць.

Як Бог адступіцца, то добрыя людзі не памогуць.

Як Бог дапаможа, то ўсё пераможам.

Сьведамасьць таго, што Божая і караючая і мілуючая рука заўсёды кіруе чалавека да дабра, выклікае шчырую ўдзячнасьць:

За ўсё Богу дзякуйма.

За ўсё хваліць Бога.

Характэрна, што беларуская народная мудрасьць вельмі трапна азначае спосаб Божае помачы:

Калі Бог памілуе, то чалавека пашле.

Схоча Бог даць, то знойдзе кім паслаць.

Народная мудрасьць строга асуджае тых, хто дрэнна разумее Божую помач, і, спасылаючыся на яе, апраўдвае сваё гультайства. Бязьдзейнасьць ёсьць грахом, бо-ж Бог дае чалавеку сілы на тое, каб карыстацца імі, а не на тое, каб яны марнаваліся:

Адважнаму і Бог памагае.

Бог ды Бог, але і сам ня будзь плох.

За старанным Бог.

Калі хочаш, каб даў Бог, сам ня будзь плох.

На Бога надзейся, але і сам рук не апускай.

На Бога спадзявайся, але і сам, нябож, старайся.

«Памажы, Божа!» да-й ты не ляжы, нябожа.

Працуй, нябожа, і Бог дапаможа.

Сьцеражонага і Бог сьцеражэ.

Хто позна ўстае, таму Бог не дае.

Хто стараецца, таго Бог не цураецца.

Акрамя прыродных сілаў, якімі Бог абдзяляе чалавека ад нараджэньня, Ен укладае ў душу кожнага жаданьне да духовага росту. У першую чаргу гэта павінна праявіцца ў набыцьці багаслоўскіх i грамадзкіх цнотаў. Калі-ж замест цнотаў у душы чалавека закарэняцца заганы, гэткіх людзей народная мудрасьць асуджае вельмі востра.

Гордага Бог з неба скідае.

Хто без надзеі ў Бога, той плача многа.

Хто Бога не баіцца, той баіцца людзей.

Асуджаючы заганнае жыцьцё i ўсе дрэнныя нахілы, народная мудрасьць прадстаўляе адначасна цноты ў ix сапраўдным сьвятле, каб ніхто ня думаў, што цнатліваму чалавеку жыцьцё будзе йсьці як па масьле, не: цнатлівае жыцьцё, гэта пабожнае жыцьцё. I цнатлівым людзям Бог часам можа пасылаць жыцьцёвы крыж цяжэйшы, як ліхадзеям, але ўва ўсіх цярпеньнях цнатлівым людзям Бог дае асаблівую ласку нясьці жыцьцёвы крыж з унутраным супакоем, бо:

Добраму Бог памагае.

Добрых людзей Бог не забывае, хлеб да хаты пасылае.

Госьць на дварэ i Бог на дварэ.

Каго Бог любіць, таго не загубіць.

У простых сэрцах Бог спачывае.

Хто для людзей добры, той i ў Бога шчасьлівы.

Хто з Богам, з тым і Бог.

Хто знае Бога, той знае ўстыд.

Хто па праўдзе жыве, таму Бог дае.

Шчырага Бог любіць, але долі не дае.

Шчыраму і Бог памагае.

Шчырая каянка Богу міла.

Цнатлівае жыцьцё вымагае ад чалавека нямала ахвяраў і вялікага гарту волі, але праз гэта чалавек збліжаецца да Бога, бо цнатлівае жыцьцё ёсьць праведным жыцьцём, а Бог любіць праўду i праўдамоўнасьць:

Адзін Бог праўду любіць.

Бог любіць праведніка, а чорт ябедніка.

Бог не такі, ня слухае сабакі.

Бога ня думай абмануць.

Бог усякага праўду бачыць.

За праўду Бог стаіць.

За справядлівым Бог.

Праўда груба, але Богу люба.

У аднаго Бога праўда.

Затое крывадушных людзей Бог моцна ня любіць i асабліва гідзіцца крывадушнаю пабожнасьцю, ці, як яе інакш называюць, фарысэйствам:

Анёлам ляцеў, а чортам сеў.

Абрыд i Богу i людзям.

Калі трывога, тады да Бога, а як па трывозе, дык i па Бозе.

Людзей ашукаеш, а Бога не.

Махлярствам да Бога ня дойдзеш.

Набожны, як жыд падарожны.

Набожны, як конь сьвятога Юр'я; сьвяты Юры да касьцёла, а конь да кабылы.

Перад Богам кленчыць, а людзей мэнчыць.

Гэтак сама востра асуджаецца грэх, як вялікае зло, да якога нельга адносіцца абыякава:

Грэх не схаваеш у мех. Бог далёка бачыць.

Грэх ня сьмех - не адстане, хіба папу (ксяндзу) аддасі.

Ня менш востра асуджаецца нягодных духоўных, што служыць:

Не для Ісуса, а для хлеба куса, асабліва тады, калі яны на сьвятарства глядзяць выключна, як крыніцу нажывы:

Каму мярцьвец, а каму таварэц.

Ксёндз кажа: «Падай, Божа, што высока, а што нізка, дык я i сам вазьму».

Поп адно ўмее, як браць, а ня знае, як даваць.

Поп i за жывога i за мёртвага бярэ.

Поп людзей карае, а сам ліха мае.

Народ асуджае дрэнных духоўных перадусім дзеля таго, што высока цэніць сьвятарскае становішча, якое павінны выконваць «залатыя людзі»:

Даўней былі чашы дзеравянныя, але папы залатыя, а сёньня чашы залатыя, але папы дзеравянныя.

Усё, што патрэбнае чалавеку для прыроднага i надпрыроднага жыцьця. Бог дае ці то ў форме прыродных сілаў, ці ў форме надпрыроднае ласкі, аднак для ўтрыманьня, умацаваньня i пабольшаньня ласкі неабходна малітва, яна такжа патрэбна для ўсякае іншае надпрыроднае помачы i для падтрыманьня духовага жыцьця наагул:

Бога ня купіш, Ен толькі па малітвам дае.

Богу маліся i надзею мей.

Едзеш у дарогу, памаліся Богу.

Не хваліся, упярод Богу памаліся.

Так нам Бог дае, як мы просім.

Хто Бога просіць, таму Бог дае.

Ведама, што малітва - гэта зварот да Бога, каб Яго або славіць, або прасіць, або дзякаваць, але ўжо ад вякоў так вядзецца, што найчасьцей да Бога зьвяртаюцца з просьбам! ці то ў форме малітвы, ці ў форме кароткіх заклікаў, аднак ня ўсе просьбы Бог выслухоўвае, i ў гэтым народная мудрасьць бачыць сапраўдную дабразычлівасьць Бога да людзей i бесканечную Боскую мудрасьць. Падумаць толькі, якое шчасьце для людзей, што Бог ня выслухоўвае праклёнаў:

Бог ня слухае, як сьвіня рухае.

Дзе «бадай» умяшаецца, там Бог адступаецца.

Калі-б Бог слухаў пастуха, то з чарады ні нагі не асталося-б.

Патуль Бог нам даваў, пакуль «бадай» не ўмяшалася.

Дзеля гэтага без дакораў, але з належнаю павагаю выказваецца прызнаньне Богу нават тады, калі Ен дзейнічае зусім інакш, як гэтага хацелі-б людзі:

Людзі так, а Бог інак.

Нечага на Бога грашыць.

Чалавек так думае, а Бог іначай.

Бо Ў сваім кіраўніцтве сусьветам i людзкою доляю Бог усё робіць паводля сваіх плянаў, i найлепш чалавеку будзе тады, калі ён зможа ўцяміць накіраваньне Божых плянаў:

Hi думаў Hi гадаў, а так Бог даў.

Чалавек працуе, а Бог ім кіруе.

Чалавек страляе, а Бог кулі носіць.

Таму, калі Бог i пакрыжуе людзкія меркаваньні, дык Ен робіць гэта дзеля дабра людзей, бо як усюды, так i асабліва Ў раздаваньні сваіх ласкаў Бог добры для ўсіх:

У Бога няма ні багатых, ні бедных: усе роўныя.

У Бога ўсе роўныя: няма горшых, ні лепшых.

А калі так, дык Божае кіраўніцтва і Божую волю трэба ўспрыймаць з надзеяю i даверам, што толькі ўзгодніўшы сваю дзейнасьць з Божаю воляю, чалавек робіць найразумней:

Абы Бог i добрыя людзі, то ўсё добра будзе.

Без надзеі на Бога людзі не падмога.

Дасьць Бог дзень, дасьць i дарогу.

Дасьць Бог дзеці, дасьць i на-дзеці.

Няхай так Бог дае, як Сам знае.

Няхай так будзе, як Богу падабаецца.

Нажаль, людзкая натура вельмі прывярэдлівая, таму:

i Бог усім не дагодзіць.

Бог i то няпрыяцеляў мае.

З гэтага гледзішча, у адносінах людзей да Бога вялікі ўплыў мае матэрыяльнае становішча людзей:

Бедны Бога памятае, а багаты ўсіх забывае.

Сьведамасьць усяго вышэй сказанага ад вякоў дыктавала беларусу практычныя рады на штодзень:

Ад Бога пачынайма.

Бога не забывай, чужых грахоў не перасуджвай.

З людзьмі жыві, а з Богам памірай.

Не гані Бога ў лес, калі ў хату ўлез. Не наракай.

Не гняві Бога.

Памажы чалавеку ў худабе, то дасьць Бог i табе.

Гэтыя рады беларускі народ ня толькі ведаў, але ix практычна выконваў, стараючыся быць у заўсёднай лучнасьці з Богам, як гэта ясна выяўлялася ў розных пажаданьнях:

Барані, Божа, ад напасьці.

Дай, Божа, анельску сыць, а мядзьвежу сілу.

Дай, Божа, даваць, а не прасіць.

Дай, Божа, замаладу косьці грызьці, каб на старасьць мякіш есьці.

Дай, Божа, заўсёды сьмяяцца, а ніколі плакаць.

Дай, Божа, i сьмерць, абы не пад плотам.

Дай, Божа, каб было гожа.

Дай, Божа, на жыцьцё, на быцьцё, на добрае здароўе i на доўгі век.

Дай, Божа, на сваёй лаўцы ўмерці.

Дай, Божа, памяць.

Дай, Божа, працаваць, абы ўдома начаваць.

Дай, Божа, разам двое: i шчасьце, i здароўе.

Дай, Божа, старым вочы, а маладым розум.

Дай, Божа, у добры час сказаць, а ў ЛІХІ памаўчаць.

Дай, Божа, усё ўмець, але ня ўсё рабіць.

Дай, Божа, чутае бачыць.

Каб тваё слова, ды Богу ў вуха.

Тую-ж самую глыбокую пабожнасьць можна бачыць у беларускіх прывітаньнях працуючы: «Памажы, Божа!», «Прыспарай, Божа!», «Прыступі, Божа, к нашаму пачатку!», «Радзі, Божа!», «Сыць, Божа!».

Усё вышэй сказанае, ёсьць толькі дробнаю часткаю рэлігійнага элемэнту Ў беларускай народнай вуснай творчасьці. Тут няма прыкладаў з казкаў, лягэндаў, жартаў з заклікамі Бога, i, як на пачатку ўспаміналася,- прыкладаў з абрадавых песень, але i з таго, што вышэй сказана, відаць, аж лішне ясна, што рэлігійнасьць беларускага народу выказаная ў вуснай творчасьці, ёсьць глыбокаю i шчыраю. Між іншым у гэтай-жа творчасьці ёсьць прыгожы адказ сучасным бязбожным бальшавіцкім верхаводам, якія стараюцца сіламоц залічыць у народную творчасьць блюзьнерскія выдумкі бязбожных пісакоў:

Можна сабаццы i на Бога брахаць.

Ліхі ні Бога ні баіцца, ні людзей не слухае.

Ня конь вязе, а дарога; ня Бог паганяе, а пуга.

Хто Бога не баіцца, той i людзей не шануе.

Ужо ад даўна вядома, што «пабожнасьць народных масаў ёсьць непарушная, як вада ў глыбінях мора; плыні марское паверхні яе ня могуць пацягнуць за сабою, ані агрэць» - як гэта трапна сказаў бэльгійскі вучоны Фр. Кюмон (1868-1947). Таму ўсе намаганьні жменькі бязбожнікаў засланіць сапраўднае аблічча духовага жыцьця беларускага народу астануцца ня чым іншым, як намаганьні таго казачнага асла, які сваімі вушамі хацеў засланіць сонца.

На працягу свае доўгавяковае гісторыі беларускі народ няраз перажываў вельмі цяжкія пэрыяды. Аднак ніколі не зьняверваўся ў тое, што пераможа ўсе цяжкасьці жыцьця i дачакаецца лепшае будучыні. Беларусы з упэўненасьцю казалі: «Перажылі канстытуцыю, перажывём i гэтую долю куцую». У падтрыманьні гэтае непахіснае веры i нязломнага духу змаганьня мела вялікі ўплыў вусная народная творчасьць, прасякнутая глыбокаю рэлігійнасьцю. Дзеля гэтага сёньня, падобна як гэта было заўсёды, беларускі народ, не зважаючы на ўсе цяжкасьці, якія цяпер перажывае, верыць у лепшае заўтра. А зарукаю непахіснае веры ў перамогу ёсьць гарт волі, выраблены глыбокаю рэлігійнасьцю, якое ня змогуць зьнішчыць ніякія варожыя сілы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX