Дзейнасць Язэпа Драздовіча як этнографа багатая i разнастайная. Пра яе сведчаць сотні малюнкаў, жывапісныя i скульлтурныя кампазіцыі, аўтэнтычныя рэчы матэрыяльнай культуры народа, што сабраў ён падчас навуковых экспедыцыяў, творчых вандровак, археалагічных раскопак. Асабліва цікавая калекцыя аўтэнтычнага народнага адзення, галаўных убораў для Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, а таксама дакументальныя замалёўкі народных тыпаў, архітэктуры, рэчаў матэрыяльнай культуры, зробленыя на Палессі, Наваградчыне, Дзісеншчыне. Самастойную мастацка-навуковую вартасць маюць намаляваныя пяром i тушшу відарысы замкаў, цвердзяў, гарадзішчаў, касцёлаў, цэркваў - дасканалыя ўзоры станковай графікі i выдатная крыніца вывучэння народнага дойлідства Беларусі.
Ідэю распачаць вывучэнне i збор народнага касцюма, рэчаў сялянскага побыту падаў Язэпу Драздовічу слынны грамадскі дзеяч Антон Луцкевіч. Менавіта на яго просьбу летам 1926 г. Язэп Драздовіч едзе ў самую глыбінку Беларусі - Пінскае Палессе, ейную Зарачанскую частку, дзе ў найлепшым выглядзе захаваўся традыцыйны жыццёвы ўклад беларускай вёскі, дахрысціянскія веранні i абрады.
Арсень Ліс у кнізе «Вечны вандроўнік» згадвае цікавыя ўспаміны вядомага беларускага журналіста Яна Багдановіча пра лекцыю Драздовіча ў беларускай гімназіі, прачытаную паводле ўражанняў ад экспедыцыі на Палессе: «Мастак тады толькі што вярнуўся з Палесся, куды ездзіў па камандзіроўцы Беларускага навуковага таварыства. Перапоўнены ўражаннямі, сакавіта, з захапленнем, якое перадавалася слухачам, апавядаў пра самабытнае драўлянае дойлідства палескай зямлі, пра багатую каляровую гаму ўбораў палешукоў, ix распеўныя песні. Пры гэтым паказваў замалёўкі вясковых цэркваў, званіц, капліц, гожых формамі, паэтычных у сваёй адзіноце».
Пад уражаннем прыгажосці народнага дойлідства, традыцыйных строяў, пластыкі апавітых белымі тканінамі крыжоў, прыладаў рыбнай лоўлі i бортніцтва, Язэп Драздовіч стварае своеасаблівую ілюстраваную "энцыклапедыю беларускай этнаграфіі. Малюнкі захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага музея гісторыі i культуры Беларусі, у
Цэнтральнай бібліятэцы імя Якуба Колеса АН Беларусі, у Музеі этнаграфіі Літвы. Выкананыя пяром i тушшу, алоўкам, акварэллю, яны вызначаюцца дакументалізмам, графічнай выразнасцю. Панарамныя замалёўкі вёсак, селішчаў, могілак чаргуюцца з фрагментарнымі графічнымі выявамі гаспадарчых i жыллёвых пабудоваў, прыладаў сялянскага побыту, якія трапна раскрываюць канструкцыю, спосабы, прыёмы вырабу i аздаблення. Драздовіч засяроджваў увагу на тыповых i мастацка-дасканалых з'явах. Ен трымаўся пазіцыі вядомага беларускага этнографа А. К. Сержпутоўскага, які ўзвышаў лепшыя i тыповыя з'явы традыцыйнай культуры Беларусі, мінаючы нехарактэрнае i не вартае пераемнасці. Этнаграфічныя малюнкі аўтар часта дапаўняў вопісамі, у якіх захоўваў мясцовую тэрміналогію, пазначаў дакладнае месца знаходжання вырабу, даваў шмат іншых звестак, неабходных для навуковага аналізу i рэканструкцыі.
Найбольш малюнкаў прысвечана вёскам Пінскага Палесся. Сярод ix - вядомыя Пінкавічы, дзе з жніўня 1904 г. да студзеня 1906 г. у народнай вучэльні працаваў настаўнікам Якуб Колас, а таксама Парэчча з выдатным паркам i сядзібаю Скірмунтаў, Сернікі, Плешчыцы, Марочна, Лавічы, Дубнавічы. Крыху меней замалёвак было зроблена на Наваградчыне, Дзісеншчыне. Паводле адлюстраванай тэматыкі малюнкі мастака можна класіфікаваць на некалькі групаў: краявіды, народнае драўлянае дойлідства; інтэр'еры жылля; сельскагаспадарчыя прылады працы; транслартныя сродкі; рыбная лоўля; бортніцтва; ганчарства; народны касцюм.
Замалёўкі краявідаў у творчай спадчыне Драздовіча займаюць галоўнае месца. Рамантызаваныя ўяўленнем i рукою мастака, яны тым не менш выразна ілюструюць характэрныя для таго ці іншага рэгіёна ландшафт, прыроду, архітэктуру. Адзін з палескіх краявідаў - лаляшуцкая сядзіба i буслянка, траліў як ілюстрацыя да лапулярных у Заходняй Беларусі падручнікаў Сяргея Паўловіча «Першыя зярняткі», «Засеўкі» i такім чынам разышоўся ў дзесятках тысяч асобнікаў. Менавіта з гэтага малюнка распачынаўся ў падручніку раздзел «Беларусь i беларусы». Народнае дойлідства адлюстравана ў шматлікіх замалёўках сядзібаў, вясковых вуліцаў, асобных хатаў, гаспадарчых i вытворчых пабудоваў; а таксама цэркваў, капліцаў, касцёлаў. Прыкладам, малюнкі «Дубовы крыж-памятнік, хата i «буські» на хаце», «Капліца i крыжы-памятнікі ў Серніках», «Міжвулічны крыж у Лозічах. Піншчына» дапамагаюць узнавіць планіроўку забудовы беларускай вёскі, пабачыць канструктыўна-будаўнічыя i мастацкія асаблівасці народнага дойлідства канца XIX - пачатку XX стст. у Заходнім Палессі. Пільнае вока мастака-этнографа заўважала характэрныя канструкцыйныя вырашэнні страхі з усечаным зверху франтонам («з начолкам»), тыповыя агароджы ў выглядзе сцяны з плашчакоў, закінутых у пазы дубовых шулаў, двусхільныя брамы ля ўваходу у царкву i шмат іншага, што стварае вобраз палескай вёскі ці шаркоўшчынскага засценка. У малюнках інтэр'ераў сялянскай хаты ён адлюстраваў пэўную паслядоўнасць i кампазіцыйную ўзаемасувязь паміж асобнымі часткамі ўнутранай прасторы i печчу.
З дзённіка Язэпа Драздовіча вядома, што не толькі ў 1926 г. ён выконваў этнафафічныя замалёўкі, але i пазней. Беларускае навуковае таварыства ў Вільні набыло ў 1933 г. два ягоныя альбомы, прысвечаныя гаспадарчым сялянскім пабудовам i палацава-замкаваму дойлідству. «Дастаў ... 30 залатовак як першую рату за праданыя музею альбомы замкавага будаўніцтва на Беларусі i 30 залатовак за альбомы «Гумны».., ад пахворваючага на ногі, найстарэйшага з сяброў управы Беларускага навуковага таварыства інжынера Трэпкі, які выказаў сваё жывое зацікаўленне да маіх апавяданняў з жыцця на Месяцы i на іншых планетах...»,- пісаў у 1933 г. у дзённіку Драздовіч.
Сакральная архітэктура малых формаў яскрава выяўленая ў шматлікіх малюнках міжвулічных крыжоў, якія былі адметнымі помнікамі калектыўнага шанавання, маральнага ачышчэння, заступніцтва ды г. д. У адрозненне ад прыкаплічных i прыхатніх крыжоў, яны багата аздабляліся ручнікамі, фартухамі, абразамі. Кампазіцыйная пабудова накладання i завязвання тканінаў на міжвулічных крыжах в. Лозічы нагадвае красны покуць інтэр'ера сялянскай хаты. Абразок, прымацаваны прыкладна па цэнтры вертыкальнага бруска крыжа, пакрываецца ручніком. Сіметрычныя канцы прымацоўваюцца поясам. Крыху ніжэй драпіруюцца вялікія i малыя фартухі. Яны апярэзваюць стрыжань крыжа, ствараюць каскад складак, які асацыюецца з адзеннем жанчыны. Варта заўважыць, што ў беларусаў-каталікоў кампазіцыі з узорыстых тканІнаў замяняюць бажніцы з драўлянай скульптурай.
Металічныя абракальныя крыжы на Палессі - з'ява рэдкая. На малюнку «Жалезны крыж - помнік у Серниках» (аловак і туш) ледзь бачныя канцы крыжа, абкручаныя дзесяткам кавалкаў палатна - выдатнае ўвасабленне паганскіх светапоглядаў палешука, які верыў у сілы прыроды. Вера ў цудадзейную сілу белых палатняных намітак, ручнікоў, фартухоў дагэтуль засталася ў душах беларусаў. Як i колісь, жанчыны Палесся ў шчасліва-радасны або трывожна-тужлівы дзень ускладаюць апатрапейныя белыя палотны на карычневыя перакладзіны аброчнага крыжа. Яны пэўныя, што ў цяжкую хвіліну ён ператвараецца ў бялюткага, чыста прыбранага чалавечка - дарадцу i заступніка, які ўратуе ix ад ліха, паспрыяе шчасцю i дабрабыту сям'і. Каштоўнасць малюнкаў з апатрапейнымі тканінамі найперш у раскрыцці семіётыкі помнікаў сакральней аб'ёмнай пластыкі, якая была звязаная з сюжэтамі хрысціянскай міталогіі i глыбокім паганскім зместам.
У той самай вёсцы Сернікі Язэп Драздовіч замаляваў i трох жанчын у традыцыйных галаўных уборах. Бадай, толькі з пільнасцю фотааб'ектыва можна параўнаць дасціпна-ўважлівы погляд мастака на палескіх жанчын у белым кужалі намітак. Паводле партрэтных малюнкаў у профіль i тры чвэрці можна дакладна рэканструяваць спосаб завівання i аздаблення пінскай наміткі, уявіць характэрны вобраз беларусак, які складаўся стагоддзямі.
Пэўным лаканізмам, спалучаным з дакладным маляваннем ліній крою, складак, узораў арнаменту, вылучаюцца малюнкі жанчын i мужчын на ўвесь рост, зробленыя пяром i тушшу, - «Антося. Палеская вопратка дзяўчат Зарачанак», «Беларуская палеская народная вопратка кабет Зарачанак, на астравах Пінскіх балот Палесся», «Беларус-паляшук». Яны даюць мажлівасць разабрацца ў архітэктоніцы летняга i зімовага адзення, характары крою, спосабах нашэння касцюма з арнаментальным аздабленнем, які прызначаны на розныя поры года i для розных групаў насельніцтва.
Калі на Палессі людзі ў пэўнай ступені захавалі па сённяшні дзень рэліктавыя формы адзення, галаўных убораў, абутку, дык Наваградчына амаль цалках ix згубіла. Таму малюнкі Язэпа Драздовіча з выявамі жанчын у святочным традыцыйным адзенні маюць яшчэ большую каштоўнасць. Дарэчы сказаць, жаночыя ўборы, замаляваныя ў в. Лозкі-Антонаўшчына каля Шчорсаў, былі закупленыя Драздовічам для Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Сёння яны экспануюцца ў музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі. Паводле малюнка «Кабета з-пад Шчорсаў у Навагрудчыне», які набыў Антон Луцкевіч у 1927 г., можна зрабіць дакладную рэканструкцыю тыповага для тых мясцінаў спосабу завязваць хусткі. Ягоная асаблівасць у тым, што вакол твару хустка ўтварае маляўнічы, аздоблены махрамі веер. Уважлівасць, з якой ставіўся Язэп Драздовіч да кожнай дэталі адзення, дазваляе аднавіць раслінны арнамент пазухі i каўняра, кашулі, крой гарсэта з адразной баскай у выглядзе закругленых трапецыяпадобных клінкоў i прастакутнага выразу пазухі.
Асаблівую навукова-гістарычную вартасць маюць дакументальныя замалёўкі традыцыйных прыладаў працы сялянаў з каментарамі i тлумачэннямі. (Яны захоўваюцца ў Фундамёнтальнай бібліятэцы АН РБ.) Сярод ix сустракаюцца ўнікальныя, якіх няма ні ў водным музеі рэспублікі i за ейнымі межамі. Прыкладам, «кошык для саджэння бульбы ў печ на печыва». На асобным аркушы намаляваны ўвесь набор бандарных вырабаў (13 відаў) майстроў в. Лозічы. Яшчэ 16 відаў мэблі, 16 формаў ганчарнага посуду, конская вупраж, розныя тыпы вулляў («двухрал», «стаяк-калода», «лежань») ды шмат іншага з рэчаў сялянскага ўжытку знайшло месца на старонках экспедыцыйнага альбома.
Дарэчы, у дзённіках (яны захаваліся) Язэп Драздовіч выказваў спадзяванне, што ягоная праца як мастака-этнографа спатрэбіцца нашчадкам: «Мяне яшчэ пашукаюць». Так яно i здарылася. Па сцежках Драздовіча прайшлі Арсень Ліс, Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Мікола Купава i шмат іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія рупяцца за адраджэнне Беларусі, нашай багатай культуры.
Лёс этнаграфічнай спадчыны Язэпа Драздовіча, аднак, не просты. Гэта выдатна, што ейная большая частка захоўваецца ў фондах музеяў i бібліятэк на Радзіме. Дрэнна, што раскіданая па кавалках, а часткова і знішчаная ў Менску падчас перадачы з Вільні ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Прызначаная для Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, створаная, дзякуючы ідэі i на сродкі свядомых беларусаўадраджэнцаў, членаў Беларускага навуковага таварыства, яна, нібы плыты на вадзе, прыбіваецца да берагоў тых, хто праяўляе клопат i ўвагу. На жаль, Беларускага музея імя Івана Луцкевіча даўно няма. Савецкая ўлада мэтанакіравана знішчала памяць пра жыццядайныя пласты беларускай культурнай спадчыны, у тым ліку i пра тыя, што захоўваліся ў іншых рэспубліках. Але засталіся авальныя фіялетавыя адбіткі пячатак «Беларускі Музей Б. П. Т-ва імя Ів. Луцкевіча» на любоўна вымаляваных а цяпер раскіданых па свеце, графічных аркушах Язэпа Драздовіча.
Заўвага. Подпісы пад малюнкамі зробленыя самім Я. Драздовічам. Арыгіналы ілюстрацыяў захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі, кіраўніцтву якога аўтар артыкула выказвае падзяку за дадзеную магчымасць зрабіць фотакопіі для публікацыі ў часопісе.