Бірута. Дажынкі на Літве [1]
У другой палове жніўня 1887 г., дзень заканчэння жніва быў адзначаны вясковым святам у Шаўрах [2], у сына знанага гісторыка Літвы, п. Баляслава Нарбута [3]. Але і ў шматлікіх іншых маёнтках гэтай правінцыі, гэткія ж святы маюць такі самы характар, і таму дарэчы будзе пазнаёміць з ім больш шырокае кола грамадскасці, тым болей, што тыя хто бачыў гэтае свята сваімі вачыма, можа пацвердзіць праўдзівасць майго апісання.
У ахвоту ішло жніво ў чаканні абяцаных дажынак, і калі надышоў чаканы дзень, перад дваром [4] былі выстаўлены сталы з рознымі прысмакамі, такімі як: булкі, хлеб, сыр, агуркі, халоднае мяса - тут гасцінна чакалі жняярак і касцоў якія ішлі на свята з урачыстымі спевамі [5]. Гукі песні, якую разам з запявалай паўтараюць дзясяткі галасоў, дзякуючы сваім нязмушаным і натуральным словам, узрушалі сэрца:
Дажалі жыта да аблогу
І падзякавалі Пану Богу.
Плён жыта, плён
Ды з усіх старон.
Адмыкай пане шырай вароты,
Нясём пану палёў пазалоту.
Плён жыта і г.д.
Засцілай пане сталы і лавы,
Ідзе да пана госць небывалы.
Плён жыта і г.д.
Дажалі жыта аж да граніцы,
Не шкадуй, пане, мёду шкляніцы.
Плён жыта і г.д.
Там, дзе авечкі блеюць заўзята,
Дажалі жыта нашы дзяўчаты.
Плён жыта і г.д.
Па полі скачуць рабыя жабы,
Дажалі жыта старыя бабы.
Плён жыта і г.д.
Каб мы здаровы плён плянавалі,
Другога году так дачакалі.
Плён жыта і г.д.
У панскім садочку цвёрдыя слівы,
Нашы паночкі да жнеяк зычлівы.
Плён жыта і г.д.
А як на неба ўсплылі аблокі,
Нашы панове ўзяліся ў бокі.
Плён жыта і г.д.
Як па дзяцінцы качачкі ходзяць
Нашы панове ў золаце ходзяць.
Плён жыта і г.д.
Панскі садок у цянёчак кліча,
Нашы панове тысячы лічаць.
Плён жыта і г.д.
Там на аблоках сінія пасы,
Нашы панове носяць атласы.
Плён жыта і г.д.
У садзе растуць розныя кветкі,
У нашых паноў прыгожыя дзеткі.
Плён жыта і г.д.
Не шкадуй, пане, белага сыра,
Дасць Пан Бог табе слаўнага сына.
Плён жыта і г.д.
Не шкадуй, пане, коней-дрыкгантаў,
А пасылай нам ужо музыкантаў.
Плён жыта і г.д.
Не шкадуй, пане, коней-агераў,
Пашлі нам пасла па кавалераў.
Плён жыта і г.д.
Дажалі жыта да каласочка,
Пазнай нас, пане, па галасочку.
Плён жыта і г.д.
Што там, што там за стук чуваць?
Ідзе пан для жнеяк гарэлкі шукаць.
Плён жыта і г.д.
Пан шукае, пані не чуе
І сваіх жнеечак мёдам частуе.
Плён жыта і г.д.
Просім паноў стаць на ганочак
І прыняць ад нас жыта вяночак,
Плён жыта і г.д.
Каб мы здаровы плён плянавалі,
Другога году так дачакалі.
Плён жыта, плён
Ды з усіх старон.
Гэты пранізлівы і прыгожы спеў, пачаты яшчэ ў полі, пры павольнай хадзе з сярпамі на плячах, заканчваецца пасля заходу сонца перад дваром. Тады запявала выходзіць наперад і зняўшы з галавы залацісты вянок са збожжа, нясмела, з відочным узрушэннем выказвае сваё зычэнне такімі словамі:
Віншую пана тым вянком, боскім дарам,
Вянок гэты па полі сабраны,
З каласоў складаны,
Маці Божай прысвячаны.
Хай Маці Божая дабраславіць
Пана нашага гэтым вянком:
Каб да гумна копамі,
Да спіжарні бочкамі,
Да шкатулкі тысячамі
Прыносіў.
Потым пявуння здымае з сябе вянок і кладзе яго перад сабой, а наўзамен прымае ад гаспадароў хлеб, соль і грошы. Пацалаваўшы рукі панам, весела вяртаецца да сваіх сябровак. Музыкант на скрыпцы зайграў польку, і пасля гарэлкі з закускай, усе ахвотна танчаць.
Праз некалькі гадзін запанавала цемра, і пачаў капаць дождж. Добрыя гаспадары насцеж адчыняюць дзверы свайго дома і ахвяруюць перадпакой і ядальню для забавы, да якой самі заахвочваюць сялян, маючы для кожнага ласкавае слова і кілішак. Для нашага селяніна алкаголь ёсць нектарам, які ўзнімае настрой і здымае жыццёвы смутак, без яго падняць селяніна вельмі цяжка. Ад гарэлкі адмаўляюцца толькі тыя, хто ад яе зарокся.
Усе бавяцца з вялікай бадзёрасцю. Ніхто з гаспадароў дома, нават ад п'яных сялян, не адчувае нават самай малой нягжэчнасці. Яна засцярагаюць самі сябе: "Адсунься, браце, бачыш, тут пані стаіць", - "Асцярожна, Марысю, глядзі, каб танцуючы, не ўразіла паненкі", - "Паненачка, прашу сесці на гэтае крэсла, бо вядома, што п'яны селянін можа часам і наступіць …". Гэтыя і падобныя словы чутны ад сялян, якія адпачываюць.
Бірута.
Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.
[1] Biruta (Amelia Derewińska). Dożynki na Litwie, Szawry, pow. Lidzki // Wisła. 1889. T. III. z. 1. S. 92-94.
[2] Віленская губерня, Лідскі павет.
[3] Баляслаў Нарбут (1843 г.н.), паўстанец 1863 г., ад'ютант кіраўніка паўстання на Лідчыне - свайго брата Людвіка. Пасля паўстання быў прыгавораны да смяротнага пакаранне, якое было заменена на 15-ці гадовую ссылку ў Сібір. Пасля вяртання ў Шаўры, заняўся гаспадаркай. Тут ажаніўся са сваёй кузінай Габрыэляй Нарбут, дачкой Валерыя Нарбута, уладальніка Капыля. Памёр ад набытых у Сібіры сухотаў у 1889 г., пакінуўшы двух сыноў: Зыгмунта ды Тадэвуша і адну дачку. У 1871 г. у Шаўры вярнулася жонка Тэадора і маці Баляслава, Крысціна Нарбут (1813-1899), якую пасля паўстання, за "няправільнае выхаванне дзяцей" выслалі ў глыб Расіі. На момант напісання гэтага артыкула яна жыла з сынам ў Шаўрах. - Л. Л.
[4] Маецца на ўвазе, перад маёнткавым домам Нарбутаў. - Л. Л.
[5] Мужчыны толькі косяць сена, кабеты сярпамі жнуць збожжа. Спяваюць толькі кабеты.