Папярэдняя старонка: Этнаграфія

Слуцкія паясы 


Аўтар: Ластоўскі Вацлаў,
Дадана: 11-03-2012,
Крыніца: Спадчына 3-1997. С. 134-142.



Друкуецца паводле: Власт. Слуцкія паясы // "Крывіч", 1924, № 1(7).

Паяс, з найдаўнейшых часаў станавіў у нас неадзоўную прыналежнасьць вопраткі.

Курганныя раскопкі паказуюць, што пры кождым нябошчыку меўся паяс.

Старадаўныя рысункі гэтак сама паказуюць на ўсеагульнае ўжываньне паясоў, як да вайсковай, так да хатняй і выходнай, сьвяточнай вопраткі.

Наша этнографія, на прыгожых, узорыстых паясох, перахавала нам найстарэйшыя арнаманты, сягаючыя сваімі пачаткамі ў дагістарычныя часы.

Слуцкі пас з калекцыі Дзяржаўнага гістарычнага музэя ў Маскве. Канец XVIII ст. Слуцак.

Калі мы паедзем сягоньня яшчэ ў нашу вёску, то пераканаемся, што любоў прыгожых паясоў у нашага народу дагэтуль не зьнікла. Яшчэ сягоньня вясковыя дзячаўткі ткуць дзіўныя ўзоры і орнаманты на вузкіх паясох у дар сваім блізкім і, на знак сваёй прыхільнасьці, маладым хлапцам. Але калі мы вернемся на якіх 5-10 дзясяткаў гадоў назад, то з апісаньняў тых часаў, убачым, што паяс быў далека больш пашыраны ў нашай вёсцы. Апісаньне вясельнага абраду, запісанае ў начатках XIX ст. у Барысаўскім павеце Шыдлоўскім, паказуе, што "маладая" абдарывала паясамі сваей работы ўсю вясельную дружыну, а знача павінна была кождая дзяўчына натыкаць іх дзясяткамі, дый не абыяк, бо-ж у ўрочысты момант свайго жыцьця яна павінна была прылюдна выказаць сваё ўмецтва, паказаць такое што-колечы, каб пахвалілі і сказалі: "наша Тацянка і ткаха, і праха". Вялікая прадукцыя паясоў у даўным нашым вясковым жыцьці вымагалася абычаям насіць да кождай вопраткі паяс, а часам на адным мужу бывала і на тры паясы за адзін раз: паверх кашулі, наверх жупана і ўрэшце па сьвіце.

Калі мы яшчэ далей насунемся ў мінуўшчыну, мы пабачым, што нашэньне паясоў не было нейкай сялянскай выключнасьцю: паясы насілі мяшчане, баяры, і князі. Паяс у старадаўнасьці ў нас быў такой самай прыналежнасьцю вопраткі, як цяпер гальштук.

Бывалі паясы на штодзень, на сьвята, на вясельле і похараны, да гульні і г.п. Старасьвецкія рэестры і сьпісы рэчаў баярскіх і князеўскіх паказуюць між вопраткамі нязьмерны лік паясоў. Не дармо ў нас у XVI і XVII стст. паджартовывалі з тагочасных франтаў, што "ў яго ўся маетнасьць у паясах", праўда надобна, што яно ў некатарых так і бывала.

Калі вёска, а сьцісьлей кажучы, сяляне клалі многа стараньня на тое, каб паяс быў аздобны, то станы багацейшыя ішлі ў гэтым кірунку вельмі далёка, з тэй толькі рожніцай, шго вёска абывалася сваімі ўласнымі вырабамі з лёну і воўны, а станы багатыя ўжывалі на паясы матэр'ялаў больш дарагіх: шоўк, серабро і золата.

Наша стараветная арыстакрація, баяры і князі, жылі пыміж абычаямі, што і народ, дык з усей праўдападобнасыцо можна сказаць, шго ў доўгія восенскія вечары тканьне паясоў дзяўчатамі гэтых багатых станаў так сама практыкавалася, як і дзяўчатамі вясковымі, толькі з даражэйшых матэр'ялаў і больш завілымі ўзорамі. Сьветчаць аб гэтым некаторыя адрыўкі вясельных песень, у якіх апавядаецца, як дзяўчына, думаючы аб сваім мілым: "Шаўкоў пояс ткала, мысьлямі ўзор клала".

Аб паясах XVI, XVII сталецьця можам паўзяць толькі вельмі прыблізнае паняцьце з малятур: на абразах, партрэтах і ілюстраціях ды з рэестраў баярскіх і панскіх адзежань, ці - як тады казалі шатняў.

З рысункаў відаць, што да сьвяточных вопратак паперазывалі шырожія ўзорыстыя паясы. З рэестраў відаць, што паясы бывалі белыя, блакітныя, чорныя, чырвоныя; з шоўку і дарагой кашмірскай воўны, ня раз ператыканыя золатам.

Па цане паясы даходзілі, як на тыя часы, баечных сум, прыкладам - да 500 дукатаў (дукат даваеннай вартасьці 3 залатым рублям).

Акром паясоў мясцовай работы, v рэестрах бываюць памегкі: "паяс турэцкі" "паяс хінскі", "пэрскі", гэта паказуе, што паясы былі ў тыя часы аб'ектам гандлю з далёкімі краямі Азіі.

Пры істнаваньні вялікага попыту на паясы і пры істнаваньні пакупцоў, якія маглі плаціць і плацілі высокія за іх цэны, хатні выраб паясоў на продаж, прынамсі ў большых гарадох, істнаваў і меў адпаведных майстроў (ткачоў). Гэтак у ліку рэмесьнікаў, прыслухаўшых да замкаў, ткачы ва ўсіх рэестрах фігуруюць. Ведама, ня ўсе ткачы былі ткачамі паясоў, але многалічэбны цэх ткачоў меў у сваіх радох мастакоў паясовага ўмецтва. Бо толькі гэты засаб мясцовых майстроў і даў магчымасьць, у першай палавіне XVIII ст., князю Радзівілу [1] заснавадь у Слуцку ўжо цэлую фабрыку паясоў.

Найдаражэй тады цаніліся шаўковыя паясы, якія прывозіліся з Пэрсіі. Гэта былі ў поўным слова значэньні вырабы мастацкія. Гэту галіну ткацтва і пастанавіў выкарыстаць Радзівіл у сваім Слуцку, дзеля чаго выпісаў некалькі пэрсаў і туркаў у Слуцак. У гэтай, як яе называлі "пэрсіярні" сьпярша ткалі толькі шаўковыя паясы, а пазьней паясы ператыканыя залатымі і сярэбранымі ніткамі. Ёсьць традыцыя. што раней слуцкай істнавала фабрыка паясоў у Нясьвіжы, аб чым гаворыць Аляксандар Ельскі ў сваей манаграфіі аб паясарнях у Слуцку (A.Jelski "Wiadomosc historyczna о pasarni radziwillowskiej w Slucku", Krakow; 1896), але дакумантаў, дагыкаючых нясьвіжскай фабрыкі паясоў, дагэтуль ніхто не апублікаваў, дзеля гэтага слуцкая фабрыка лічыцца першай у краю.

Ад 1758 году дырэктарам Слуцкай фабрыкі быў Ян Маджарскі, армянін, родам са Стамбулу. 24 студня гэтага году Маджарскі падпісаў з Радзівілам умову, па якой ён абавязаўся ткаць: "манаты" (кілімы), "дывдыкі" (кабэрцы або каверцы), паясы з кветкамі. асобамі, цыфрамі, золатам, шоўкам, паводле дадзенага рысунку. Акром гэтага, Маджарскі забавязываўся вывучыць хлапца гэтых работ. Работнікамі былі беларусы-сяляне з пад Слуцка і мяшчане са Слуцка.

Слуцкі пас з капекцыі Дзяржаўнага гістарычнага музэя ў Маскве. Канец XVIII ст. Слуцак.

Фабрыка мела 24 паставы, на якіх вытыкалі толькі залаталітых па 200 паясоў у год. Цэны паясоў былі ад 5 да 50 дукатаў кожды. Акром гэтага, паводле кантракту, Маджарскі меў права "рабіць са сваіх матэр'ялаў і прадаваць работы свайго ўмецтва", дзеля гэтага трэба думаць, што лік працаваўшых у Слуцку паставоў быў значна большы. Аб гэтым сьведчыць яшчэ і тое, што Маджарскі ў кароткім часе вельмі разбагацеў, так што Радзівілы сталіся яго даўжнікамі на значныя сумы. Каля 1773 году Маджарскі, акром таго, за 30.000 залатых узяў ад Радзівіла ў заставу двор Сельцы, каля Слуцка.

Каля 1778 году дырэктарства над слуцкай ткальняй пераходзіць да сына Маджарскага Лявона. Гэты так ужо разбагацеў, што ў 1792 г. становіцца шамбэлянам (камэргэрам) пры дварэ караля Станіслава Аўгуста. Хутка пасьля гэтага "ўсеагульная неспакойнасьць" прымусіла Маджарскага зьменшыць на палавіну фабрыку, а пазьней перададь дырэктарства ў рукі слуцкага мешчаніна Каролькі.

Ад 1807 году дырэктарам слуцкай ткальні паясоў становідца Язэн Барсук, быўшы майстар Маджарскага. Слуцкія ткальні істнавалі да 1844 г. Пасьля далучэньня Беларусі да Расіі забаронена было насіць кунтушы, прынятыя маскалямі чамусьці за нацыянальную польскую вопратку, якой яна ў істоце ніколі не была, бо кунтушы насілі баяры і мяшчане беларускія, украінскія, а раней уся Нямеччына і Аўстрыя, сама-ж вопратка занесена была з Пэрсіі. З гэтага часу ў Слуцку быў малы попыт на паясы, іх ткалі яшчэ для царкоўнага і касьцельнага ўжытку; замест паясоў пачалі ткаць тканіны на царкоўныя вопраткі, макаты і інш.

Слуцкія паясы адзначаюцдца выключна прыгожым бляскам, што атрымліваўся дзякуючы масяжовай валкаўніцы, якую Маджарскі часьцямі, па-крыёму, прывёз з Турцыі. Пазьней гэткія валкаўніцы рабілі, паводле модэлю, на мейсцы, у Слуцку.

Слуцкія тканіны зазвьйай бываюць значаны надпісамі, вытканымі на канцох. Першыя тканіны значыліся славянскімі літарамі ВЪ ГРАДѣ - СЛУЦКѢ і лацінскімі MADZARSKI - SLUCK; JOANNES MADZARSKI - ME FECIT SLUCIAE; ЛЕО МАДЖАРСКІ, або ЛЕОМА/ ДЖАРСКІЙ; FECIT SLUCIAE; F. S. Акром таго, загадковы паясы з надпісамі: Ф. К. С. Р.- СЛУЦК. У кождым здарэньні яны паказуюць на істнаваньне нейкай другой у Слуцку фабрыкі паясоў, акром Радзівілаўскай, аб якой у нас цяпер німа дакумантальных данных.

Слуцкі пас з калекцыі Дзяржаўнага гістарычнага музэя ў Маскве. Канец XVIII ст. Слуцак.

Што датыча стылю ўзораў на слуцкіх паясох, то ў першых вырабах слуцкіх узоры носяць ярка нэрскі стыль, гэта былі проста копіі пэрскіх узораў. Але ў хуткім часе да пэрскіх узораў начынаюць уплятацца матывы саўсім нязнаныя пэрсам, пачэрпнутыя з чыста мясцовага грунту.

У другім дзесяцілецьці істнаваньня слуцкай паясарні ўзоры на паясох маюць саўсім асобны свой стыль, які, чым далей, тым больш унікае ламаных пэрскіх ліній і штораз болей вытыкае кветак краёвай флёры. Самымі ўлюбёнымі кветкамі на слуцкіх паясох гэта былі - васількі, або валошкі, і чырвоныя гвозьдзікі.

Даходнасьць слуцкай ткальні пабудзіла другіх краевых магнатаў і прэдпрыемцаў хапіцца за вытыканьне "слуцкіх" паясоў. Засновываюцца ткальні паясоў у Гарадніцы і Ласосьне каля Горадні, у Сакалове на Падляшы (кн. Огінскіх), у Ражаньне (Сапегаў), Нясьвіжы і, здаецца, у некалькіх яшчэ іншых мясцох нашага краю.

Горадзенскія фабрыкі знаходзіліея ў Ласосьне і Гарадніды, каля Горадні. Кіраўніком гэтых фабрык быў Антон Тызэнгаўз, а тэхнічным дырэктарам француз Якуб Бэкю. Горадзенскія паясы бываюць з аднэй стараны чырвоныя, а з другой зялёныя.

Рожанская фабрыка істнавала вельмі нядоўга, усяго некалькі гадоў, ткала паясы без мэталічных нітак, у чатыры колеры.

Акром гэтых фабрык, хапіліся імітаваць слуцкія паясы і ў Польшчы, да значнейшай спаміж іх належыць фабрыка ў Кабылках і Ліпкове пад Варшавай, заложаная французам Солімондам, ткачом з Ліёну, назьней перанятая Якубам Пасхалісам (армянінам), урэшце ведзеная С.Філіжанам (S.Filsjean). Фабрыка гэта трывала ад 1782 да 1794 г.

Кракаўская фабрыка "слуцкіх" паясоў была заложена Ф.Маслоўскім у 1787 г., трывала некалькі гадоў. Вырабы гэтай фабрыкі вызначаюцца плыткай кампазыціяй і грубасьцю выконаньня.

Акром падваршаўскіх і падкракаўскіх падробак слуцкіх паясоў, іх пробавалі яшчэ, вельмі няўдатна, падрабляць у Гданску і нейкі Якуб Пётровіч (канчатак "віч" паказуе на беларуса) у Канстантынопалі, акром гэтага. была проба фабрыкаваць "слуцкія" паясы ў Парыжы і Ліёне. Але ніводная з фабрык, па дабротнасьці вырабу і багацтву рысунку, не магла даць вырабаў роўных слуцкім.

Даўжыня і шырыня слуцкіх паясоў бывае самая рознаякая. Знаны слуцкія паясы гэткай меры: даўжыня 294 цм. шырыня 29 1/2 цм.

234 - 29 -

335 - 36 -

491 - 41 -

Колеры на слуцкіх паясох: чырвоны цёмны, малінавы, блакітны, зялёны, белы і чорны ды серабро і золата.

Мастацкая слава слуцкіх паясоў спакусіла палякаў прызнацца да гэтага вытвару беларускага промыслу і мастацтва ды рэклямавацца імі перад лёгкавернай заграніцай, дзе палякі звыклі выдавадь слуцкія паясы, як "Pasy polskie". Амбіція палякаў і прыродная склоннасьць перабівацца чужым дабром спанукнула з іншага боку даволі паважных польскіх аўтараў лгаць, ня толькі шго слуцкія паясы - вытвор польскі, але да сьмешнай брахні, як: "Robotnikami byli sami polacy, ze Slucka przewaznie" (Гл. "Historya tkanin jedwabnych" Dr. Longin Zarnowiecki. Kijоw. 1915).

Высокая мастацкая вартасьць слуцкіх паясоў прычынілася да таго, што немаль ва ўсіх большых эўропэйскіх музэях знаходзяцца яны ў музэальных вітрынах. Нажаль, захавалася іх ня шмат, бо золата і серабро, паложанае ў іх, спрычынілася да таго, што іх палілі, вытапліваючы цэнны мэталь, якога ў больш дарагіх экзэмплярах бывала да 2 фунтаў.

Узоры слуцкіх паясоў дагэтуль нікім не сабраны, а яны маюць, акром агульна мастацкай цэннасьці, для нас беларусаў асаблівую цэннасьць, як аснова да далейшай распрацоўкі вельмі характэрнага стылю. Гэга характэрнасьць стылю слуцкіх узораў рана зьвярнула ўвагу беларускіх адраджэнцаў, і была спроба выкарыстываць іх як віньеткі і застаўкі ў кнігах, што у свой час (1912- 1913 гг.), запачаткаваўшы праф. Вацлаў Іваноўскі ў выдаваных ім у Петраградзе зборніках "Маладая Беларусь". Перад самай вайной, у 1914 годзе, адзін з беларускіх патрыётаў ахвяровываў патрэбныя кошты, каб сабраць узоры слуцкіх паясоў і выдаць у колерных рэпродукціях асобным альбомам, але з прычыны вайны справа гэта разьвеялася і не дашла да скутку. (...)

Падрыхтаваў да публікацыі Уладзімер АРЛОЎ.



[1] "Slownik geograficzny К. Pol." i "Encyklopedvja powszechna (t. 23, 1869) падаюць імя заснаўца: Геранім-Флёрьян Радзівіл. А Голэмбёўскі і Жарновецкі называюць Міхайлу Казіміра Радзівіла.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX