У пэўным сэнсе, нам лідзянам, пашанцавала - кароткі звод галоўных легенд Лідскага замка ў адным са сваіх артыкулаў надрукаваў лепшы знаўца лідскай гісторыі ХХ ст. Міхал Шымялевіч (1879-1969). Важна, што і другі наш зямляк, знаны археолаг і этнограф Вандалін Шукевіч, запісаў і выдаў амаль што аднатыпныя з лідскімі легенды пра замкі ў Троках і Коўні. Я пераклаў вялікія этнаграфічныя і надзвычай цікавыя працы Шукевіча і спадзяюся на іх хуткае апублікаванне, а ў дадатку да артыкула, прывожу дзве аўтэнтычныя легенды, запісаныя недзе ў другой палове XIX ст., яны ў асноўным супадаюць з легендамі Лідскага замка.
Шымялевіч пісаў, што адразу на поўнач ад замка, па Гедымінаўскім завулку (адразу перад паўночнай сцяной замка), яшчэ ў XIX ст. стаяў будынак гарадскога вучылішча, якое з-за свайго месцазнаходжання, было пагружана ў аўру легенд і паданняў гэтага сапраўднага гістарычнага «сэрца» нашага горада. На месцы вучылішча па Гедымінаўскім завулку раней «стаяла старое драўлянае гумно - склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедымінаўскі - вузкі, балоцісты і цёмны - усімі гараджанамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых, таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай аляёвай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: (1) пра замкнутага ў замкавай вежы невінаватага чалавека, (2) пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, (3) пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, (4) пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць у першага ж сустрэтага ёй лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы - набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў ці яму перашкаджала паліцыя, (5) пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеў і г. д. (6) У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін у поўдзень, а можа, уначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым не вінных сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?», - я пранумараваў аўтэнтычныя легенды лідскага замка, у тэксце Шымялевіча гэтай нумарацыі няма.
Легенды пра сосны ля замка.
Ксёндз Вайшвіла, лідскі экс-піяр, у сваіх успамінах, напісаных у 1853 г. (засталіся ў рукапісе), адным з першых запісаў легенду пра сосны каля Лідскага замка: «Мне вядома легенда, якую я чуў, што дзве сасны, якія і зараз растуць на самым вале замкавага мура, на галоўнай вуліцы горада, былі пасаджаны хрысціянамі на парэштках двух капланаў, забітых на гэтым месцы паганцамі. Аднак, сам узрост тых соснаў паказвае беспадстаўнасць гэтай пагалоскі».
Сосны ля замка былі, бадай, галоўнай лідскай легендай, і лідзяне ведалі, што калі прыйдзе самы страшны вораг і жыццё стане невыносным, менавіта адсюль прыйдзе збаўца.
Аляксандр Станіслававіч Макрэцкі, які паходзіў з маёнтка Дзітрыкі, што на Лідчыне, у маладосці спрабаваў сілы ў паэзіі. Захаваўся яго верш на польскай мове, напісаны ў 1850 г., пра знакамітыя дзве сасны ў Лідзе (гл. дадаткі).
Першай надрукавала легенду пра сосны этнограф Бірута (сапраўднае імя -Даравінская Амелія) у 1889 г. у часопісе «Вісла»:
«Сосны ля Лідскага замка.
На cxiлe ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве шматгадовыя сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан i навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві. Здарылася гэта быццам яшчэ ў часы, калi ў Літвe панавала язычніцтва. Прыйшлі сюды дзевяць манахаў-францысканцаў прапаведаваць хрысціянскую рэлігію. Аднак ліцвіны, не жадаючы прымаць хрысціянства, зaбілі гэтых місіянераў, а ix трупы ўкінулі ў яму на cxiлe Лідскaгa замка. На гэтым месцы, не сеяныя i не саджаныя, выраслі дзве сасны, якіх ліцвіны, ужо стаўшы католікамі, не чапалі. Але вось аднойчы хтосьці адсек галінку, i з яе выступіла кроў. З той пары ніхто ўжо не адважваўся ўзняць сякеру на гэтыя дрэвы..».
Бірута запісала паданне, якое было іншым па сюжэце ад верша Макрэцкага, але ў яе ёсць агульны з вершам элемент - калі паспрабаваць ссекчы гэтыя сосны, то з іх пацячэ кроў, і таму, хто наважыўся гэта зрабіць, пагражаюць вялікія беды.
У 1930-я гг. у старым будынку каля замка месцілася гарадская агульнаадукацыйная школа № 5 імя Людвіка Нарбута. Былая лідзянка, вучаніца гэтай школы, Яўгенія Ярмант (Ярмантовіч) пісала з сваёй кнізе ўспамінаў: «Ліда - бачу цябе вачыма душы маёй. Як на яве вяртаецца да мяне ва ўспамінах прыгажосць твая. Бачу высокія сцены замка Гедыміна, у цені якіх я жыла і вучылася. Бачу дзве карлікавыя сасны на замкавым схіле, таямнічыя і абвеяныя легендамі з-за дзіўнай формы іх крон. ... З вуснаў у вусны перадавалася легенда аб дзвюх соснах, якія растуць на схіле гары каля ўваходу. Яны звярталі на сябе ўвагу дзіўнай формай крон. Казалі, што гэта дзве зачараваныя літоўскія князёўны.
... дзве сасны пад сцяной замка, якія насамрэч не сосны, а зачараваныя князёўны - дочкі князя Гедыміна. Яны шмат стагоддзяў чакаюць, калі іх расчаруюць. ... казалі, што апоўначы па надрэзах на ствалах тых сосен сцякала людская кроў, аднак мы так ні разу не схадзілі туды ноччу, каб пераканацца ў гэтым самім.
А князёўны ўсё чакалі і клікалі сваіх вызваліцеляў. Я ўяўляю, як яны клічуць:
- Прыйдзіце да нас! Мы чакаем вас!
І аднойчы ноччу пачуўся працяглы гук і здрыганулася зямля. У замку з-пад зямлі выйшаў атрад сярэднявечных рыцараў з князем Гедымінам на чале. Я сама іх бачыла. Усе каменныя дамы ў горадзе разбурыліся ад гэтага штуршка. Доўжыўся ён усяго некалькі секунд і зноў стала ціха. Зніклі хвоі - літоўскія князёўны, не засталося следу ад школы - яна зраўнялася з зямлёй, якая пакрылася тратуарнымі плітамі, нібы надмагіллямі.
Толькі замкавыя сцены працягваюць стаяць і глядзець на новыя будынкі, якія раптоўна выраслі, зусім не падобныя на старыя, на іншы горад і яго новых жыхароў», - як бачым, Ярмант згадвае ўжо і новую, сучасную Ліду.
У другой палове 1920-х гг. дзякуючы ўмяшанню генеральнага кансерватара Ежы Рэмера (чалавек які адказваў за захаванне культурнай спадчыны ў маштабах дзяржавы), а таксама прыхільнага стаўлення ваяводскай управы і лідскага старасты (кіраўніка павета) Багаткоўскага (зяця Міхала Шымялевіча), Лідскае староства выдала распараджэнне магістрату горада Ліды, якое абавязала прысыпаць зямлёй аголеныя карэнні дзвюх соснаў і агарадзіць іх плотам. Гэты невялікі плот можна ўбачыць на тагачасных фотаздымках.
Міхал Шымялевіч пісаў, што «найвялікшая і самая паважаная легенда Ліды - гэтыя дзве акружаныя таямніцай сасны», былі пасаджаны паміж 1740 і 1790 гг. У 1754-66 гг. лідскім падстарастам і адміністратарам Лідскай эканоміі (уладальнікам якой быў лідскі стараста дэ Кампа Сцыпіён), г. зн. фактычным гаспадаром Лідскага замка і старшынёй гродскага суда быў Францішак Гадэбскі (герб Гадземба) - у 1754 г. тытулярны лоўчы, а ў 1762 г. лідскі войскі. Герб Гадземба Каспер Нясецкі апісаў так: «Мае сасну з трыма зялёнымі вяршынямі, ці галінамі, з якіх адна ў сярэдзіне а дзве па яе баках, пад імі дзве абсечаныя галіны, адна з аднаго боку, другая з другога, дрэва мае пяць каранёў, поле чырвонае». Міхал Шымялевіч заўважыў: «Хіба ж на тле калісьці чырвонага замкавага мура тры зялёныя сасны не былі натуральным гербом Гадземба?»
Далей Шымялевіч пісаў: «Чуў з вуснаў Эвеліны Сегень, ... якая - я ўпэўнены - ніколі не бачыла ніякіх старых дакументаў, а апавядала так, як чула ад старых людзей, што некалі каля тых дзвюх соснаў расла і трэцяя, якую лідскі бургамістр Перхур ... сцяў. Быў пакараны - сам Перхур памёр, і ягоны род загінуў».
Шымялевіч піша далей: «Са старых папер я даведаўся, што ў Лідзе яшчэ ў XVII ст. жыў род Перхураў, месцічаў лідскіх, з якіх каля 1717 г. лідскім бургамістрам быў Стэфан Перхур, а другі Перхур, імя якога не ведаю, таксама быў бургамістрам у Лідзе каля 1740 г. ... З паловы XVIII ст. усялякія ўзгадкі пра Перхураў у метрыкальных актах Лідскай фары знікаюць».
Па маім меркаванні, сувязь соснаў каля замка з лідскім падстарастам Гадэбскім - гэта найбольш верагодная варыянт іх паходжання.
Ад сосен зараз засталіся толькі здымкі.
Падмуркам гэтай легенды, бясспрэчна, стаў наступны радок з самага першага артыкула пра Ліду, надрукаванага Тэадорам Нарбутам у дадатку да яго 5-га тома «Гісторыі ...»: «У 1366 г. [у Ліду] прыбыла францысканская місія, рэпрэзентаваная трыма манахамі, у 1369 г. пры нейкай суматосе іх пазабівалі паганцы».
Легенды пра падземны ход.
У кастрычніку 1933 г. лідскі стараста Багаткоўскі сказаў археолагу Віленскага ўніверсітэта доктару Хелене Цэгак, што легенды аб лёхах пад Лідскім замкам гэта, часткова легенды, а часткова факт: «Расказваў мне 80-гадовы стары, 65 гадоў таму, будучы хлопцам, ён хадзіў па падзямеллях. Тады адкрыўся ўваход у гэтыя падзямеллі. І цягнуліся яны далёка, як мовілі, ажно да Трок. Так далёка стары не хадзіў, бо яго лучыны не хапіла. Той стары, можа, часткова і мае рацыю. Падзямеллі могуць існаваць».
Лідзянін Ян Станіслаўскі пісаў у сваіх мемуарах, што ў 1936 г. быў знойдзены падземны ход з замка да фарнага касцёла, але атрымаць дадатковую інфармацыю, якая пацвердзіла б гэтую знаходку, аўтар не змог.
Аналагічныя расповеды пра падземныя хады з Лідскага замка я чуў у 1970-я гады, у сваім дзяцінстве, часткай якога быў і наш замак. Замак тады ніколі не зачыняўся, і я з сябрамі праводзіў у ім шмат часу. Агульным месцам для лідзян была вера ў тое, што падземныя хады ёсць, яны вядуць ці то ў Вільню, ці то ў Наваградак, і шмат асоб іх бачыла, але каб нехта сказаў: «Я бачыў, і я па гэтых хадах хадзіў», - такога не было, але ўсе казалі, што чулі пра тых, хто хадзіў гэтымі хадамі.
Верагодна, усе замкі былога ВКЛ маюць свае легенды пра падземныя хады. Такія легенды мае і блізкі сваяк нашага замка - Крэўскі замак. Выбітныя беларускія гісторыкі А. Дзярновіч, А. Трусаў і І. Чарняўскі пісалі ў кнізе пра гэты замак: «Даследаваў Крэўскі замак беларускі фалькларыст і этнограф Рамуальд Зянькевіч, ён жа запісаў легенду пра падземны ход, якую потым скарыстаў М. Балінскі».
Таксама паводле легенды, ад сярэдняй вежы Наваградскага замка пачынаўся падземны ход, які злучаў замак з Мірам ці нават з Нясвіжам, і г.д.
Пры гэтым трэба разумець, што наяўнасць функцыянальнага падземнага хода ў абарончай пабудове таго часу было звычайнай і, магчыма, неабходнай справай, напрыклад, у Менскім Дамініканскім касцёле меўся падземны ход, які вёў з падвала левага нефа і касцёла Бернардынаў, падземныя хады мела Ляхавіцкая і Глуская фартэцыі і г. д. Але гэта ўсё ж былі чыста вайсковыя пабудовы адносна невялікай даўжыні. Таму цалкам магчыма, што нейкі непрацяглы падземны ход меў і Лідскі замак, па логіцы, ад замка ён мог ісці толькі на поўнач, бо ва ўсе іншыя бакі замак акружала багна.
Прыкладна на тым месцы, дзе ў старыя часы стаяў кармеліцкі кляштар, сёння знаходзіцца будынак музычнага каледжа. Пры дабудове да сучаснага музычнага каледжа спартовай залы былі ўскрыты магутныя лёхі былога кляштара са скляпеністай столлю - старая Ліда чарговы раз нагадала пра сябе, і гэта дало штуршок новаму адраджэнню легенды пра падземныя хады вакол нашага замка.
Покуль ніякіх рэальных слядоў такога падземнага хода не знойдзена, але самыя розныя легенды працягваюць нараджацца і пераказвацца лідзянамі. Самую апошнюю і самую бязглуздную я прачытаў некалькі дзён таму у сацыяльных сетках. На гэты раз відавочца прайшоў метраў 20 - 30 па падземнаму ходзе з замка ў ... капліцу св. Барбары на старых могілках! У капліцу, будаўніцтва якой не было нават скончана да 1939 г. і дабудаваная яна была ўжо бліжэй да нашага часу!
Упэўнены, што легенды пра падземны ход, будуць нараджацца зноў і зноў, бо іх нараджае таямнічасць нашага сярэднявечнага замка.
Легенды пра князёўну Лідзію.
Здаецца легенды пра князёўну Лідзію з'явілася не раней за 1960-я гг. Першы раз я пачуў яе яшчэ дзіцём у сярэдзіне 1970-х гг. ад ... штатнага экскурсавода.
Па адной з гэтых легенд князь Гедымін назваў горад у памяць пра сваю любую дачку Лідзію. Прыгожай князёўне Гедымін меркаваў у мужы багатага старца. Пачуўшы вырак бацькі, чарнавалосая прыгажуня спачатку замкнулася ў пакоі, а потым і кінулася з замкавай сцяны ўніз.
Па другой легендзе адзін з рыцараў тэўтонскага ордэна ўбачыў Лідзію ў акне замка і быў уражаны яе прыгажосцю. Ён захацеў узяць яе ў жонкі, але князёўна адмовіла рыцару: «Калі ты не хочаш быць маёй жонкай, то не будзеш нічыёй!» - усклікнуў рыцар, захапіў замак і загадаў замураваць Лідзію ў яго сценах. Тры дні і тры ночы працякалі слёзы дзяўчыны праз сцены, і яны далі пачатак рацэ, якая з таго часу цячэ ля замка.
Нарэшце, трэцяя легенда расказвае, што даўным-даўно ў замку жыў князь, у якога было двое дзяцей: сын і дачка. А побач з замкам ляжала невялікая вёсачка. Малады святар з гэтай вёскі сябраваў з сынам князя, які і пазнаёміў яго са сваёй прыгажуняй сястрой Лідай. Яны пакахалі адзін аднаго... але пра іх сустрэчы даведаўся князь і аднойчы, застаўшы закаханых у замкавай вежы, забіў абодвух. Смерць любай сястры горка аплакваў сын князя. А неўзабаве - невядома, ці выпадкова - жорсткі стары князь памёр. І брат прыгажуні Ліды, стаўшы князем, назваў селішча ля сцен замка імем сваёй сястры.
Гэта толькі тры варыянта адной і той жа легенды але насамрэч гэтых варыянтаў існуе значна болей.
Легенда пра д'яблаў (чарцей) у замку.
У рукапісах дачкі гісторыка Нарбута - Тэадоры Манчунскай - я знайшоў наступную легенду, у якой адчуваецца і пачуццё гумару сям'ім Нарбутаў: «Нехта з гараджан ішоў каля руін замка і пачуў галосную гаворку, а вядома было, што там часта чуліся галасы д'яблаў, спалоханы гараджанін упаў пад мур - аказалася, што на гэты раз д'яблы не размаўлялі, але з замка даносіўся скрыгат зубны, плач і лямант - новапрыбыўшы і цалкам няшчасны д'ябал, тлумачыў іншым прычыну свайго плачу: «Марачэўскі спавядаўся, а Нарбут ажаніўся», - вось чаму хорам скавыталі д'яблы.
Марачэўскі быў хлусам і бязбожнікам, а пан Тэадор ажаніўся, толькі калі меў ужо 5 дзяцей. І страціўшы такіх грэшнікаў, д'яблы ўпалі ў роспач». Д'яблы ў нашым старым замку - гэта неяк натуральна і нават да месца.
Думаю, што з гэтай старой легендай, стасуецца наступная сучасная легенда, якая нават патрапіла на старонкі прэсы.
Легенда пра прывід Лідскага замка.
Газета «Гродзенская праўда» ад 25 красавіка 2007 г. пісала: «Духі продкаў у Лідскім замку. Ігар Пешахонаў расказаў: "Паколькі ў выдавецтве «Беларусь» запланаваны мой чарговы альбом «Краявіды Лідчыны», дык у апошні час я часта здымаю ў замку. Падчас усяго гэтага працэсу нічога звышнатуральнага не бачыў, але... Калі стаў праглядаць кадры на дысплеі, аж прысвіснуў ад нечаканасці! І нават моцным слоўцам услых выказаўся! На экране была бачна пляма, у абрысах якой відавочна адгадваўся старажытным воін у плашчы, які трапеча.
На мае эмоцыі адгукнуўся Мікалай Шаўчэнка: у гэты дзень у двары цвердзі «секліся» хлопцы з рыцарскага клуба, Мікалай адрэагаваў на прагледжаныя кадры, а іх было тры, гэтак жа, як і я. А потым прызнаўся, што і сам быў відавочцам таго, як імкліва прабег уздоўж усёй галерэі цень воіна-здані. І легенду распавёў аб пакінутых князем стражніках...
Але гэта яшчэ не ўсё. Прыйшоўшы ў студыю я пачаў перакідваць зняты матэрыял на кампутар. Хацелася хутчэй у павялічаным выглядзе разглядзець загадкавыя контуры ваяра. Гэта неверагодна, але тыя самыя файлы былі ... сцёртыя, карта памяці - пустая! Я добра ведаю сваю тэхніку: яна не магла падвесці. Нічога падобнага, ніякіх тэхнічных праколаў дагэтуль у мяне не здаралася. Вось і думай, што хочаш.
Убачанае ў цвердзі на дысплеі фотаапарата мяне настолькі ўразіла, - кажа Ігар Пешахонаў, - што я як фатограф вырашыў усё ж рэканструяваць той кадр. Гэта ні ў якім разе не падробка, а аднаўленне ідэнтычнай карцінкі ...».
Легенды пра сакральныя аб'ект у замку і вакол яго.
Ва ўсё тым жа дадатку да свайго 5-га тома Тэадор Нарбут пісаў: «Капліца ў замку існавала ад пачатку яго будаўніцтва». І гэта ўсё, што мы ведаем пра існаванне капліцы ў паўночна-заходняй вежы (вежы Гедыміна). Трэба разумець, што Нарбут як аўтар не карыстаецца вялікім даверам ў гісторыкаў, бо ён быў вялікім майстрам фальсіфікацый на карысць балцкага элементу гістарычнай Літвы
Тым не менш, прааналізуем самы пачатак артыкула Тэадора Нарбута пра Ліду з таго самага дадатку да яго 5-га тома, дзе сярод іншага, згадваецца і капліца, Нарбут пісаў: «Гэтая мясцовасць пасля заваёвы каля 1180 г. Дайнаўскага княства, у якім яна размяшчалася, ёсць абшар літоўскі (у сэнсе - балцкі, а не славянскі - Л. Л.), бо Ліда абазначае паляна, поле, ачышчанае ад лесу. Замак быў заснаваны ў 1323 г. вялікім князем Гедымінам; будавалі яго кіеўскія майстры і скарыстаны былі палонныя з Валыні. Хрысціянская рэлігія русінскага (у сэнсе - усходняга - Л. Л.) веравызнання была пастаўлена ў гэтым краі з вельмі даўніх часоў; капліца ў замку існавала ад пачатку яго заснавання».
Зараз цвёрда вядома, што першае гістарычнае паселішча на месцы нашага горада, якое ад пачатку знаходзілася каля будынка сучаснай галоўнай пошты, было славянскім [1]. Гэта пацверджана археалагічна, і таму шукаць крыніцу назвы нашага горада ўсё ж лепш у беларускай мове. Замак быў заснаваны Гедымінам, ён з'яўляецца класічнай еўрапейскай «кастэллю» [2], і яго будавалі еўрапейскія майстры, якіх наняў Гедымін, а так званага "валынска палону" на той час проста не было.
Нарбут піша пра капліцу, заўважу - безымянную капліцу, а не царкву. Як для мяне, адзіным аргументам на карысць існавання капліцы ў нашым замку з'яўляецца сам факт згадвання яе Нарбутам, бо каб не ён, дык ніхто б пра капліцу не ведаў і не пісаў бы. Таму цалкам магчыма, што кут пакоя на адным з паверхаў вежы быў выкарыстаны пад капліцу для воінаў-хрысціян, якія былі ў гарнізоне. Усё гэта добра разумеюць людзі, якія прафесійна займаюцца гісторыяй нашага горада.
Аднак амаль што з ніадкуль з'явілася легенда, пра тое што:
1. Адначасова з будаўніцтвам замка была пабудавана драўляная царква для будаўнікоў, і гэта пры тым, што будаўнікі - з вялікай верагоднасцю, былі яшчэ паганцамі, а кіраўнікі будоўлі - рыма-каталікамі;
2. Потым гэтую царкву, як быццам, перанеслі ў вежу Гедыміна, а яшчэ потым яна была вынесена на падзамча, прыкладна туды, дзе зараз стаіць помнік Гедыміну.
Пасылам гэтай легенды з'яўляецца толькі адзін, цытаваны вышэй, радок Нарбута пра капліцу, і ў астатнім, яна не мае ніякага апірышча ні ў гістарычных крыніцах, ні ў археалогіі і з'яўляецца сапраўдным народным фальклорам.
Дадам, што прыкладна на месцы сучаснага помніка Гедыміну, нейкі час - з другой паловы XVII па сярэдзіну XVIII ст., стаяў драўляны фарны касцёл, папярэднік сучаснага мураванага. Пры гэтым спрадвечная тэрыторыя вакол сучаснага фарнага касцёла, дзе стаялі некалькі яго драўляных папярэднікаў, заставалася тэрыторыяй парафіі, на якой працягваліся пахаванні нябожчыкаў, косткі якіх і сёння, на жаль, выкопваюцца пры кожных земляных работах каля сучаснага фарнага касцёла.
Легенда пра паўночную браму замка і скразны шлях праз замак у паўночную браму.
Гэта зусім новая народная легенда цікавая тым, што яна не абапіраецца наогул ні на якія крыніцы, не мае пацверджання ні ў археалогіі ні ў тапаграфіі мясцовасці вакол нашага замка, ні ў канструкцыі самога замка.
Вельмі аўтарытэтны археолаг Алег Трусаў, які вялікую частку свайго жыцця аддаў вывучэнню Лідскага замка пісаў: «У ХV ст. замак меў тры ўваходы. У паўднёвай сцяне на адлегласці 22 метраў ад вежы - невялікі паўцыркульны праём на вышыні 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара, які, відаць, лічыўся запасным (на выпадак выведкі або ўцёкаў), і трапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной альбо вяраўчанай лесвіцы. Два ўваходы - ва ўсходняй сцяне: малы, зроблены на ўзроўні абрэза падмуркаў сцяны, і вялікі (відаць, крыху пазнейшы), размешчаны каля паўночна-ўсходняй вежы на вышыні 2,5 метра. Трапіць у замак праз вялікі ўваход можна было толькі дзякуючы пад'ёмнаму мосту. Пра яго наяўнасць сведчыць вялікая разгрузачная спічастая ніша, якую праразаў уваходны праём меншых памераў».
Аднак свежанароджаная легенда расказвае, што ад пачатку ў паўночнай сцяне меўся яшчэ адзін, невядомы навуцы ўваход у замак, і вандроўнік, які прайшоў праз гэтую браму, трапляў у міфічны мытны пост у замку з якога выходзіў праз запасную вузкую паўдзённую браму, якая адмыслова была зроблены на вышыні не менш за 4 метры і выходзіла у бок багны (каб ёй не скарыстаўся вораг). Уявіце сабе гэты сапраўдны «трылер»: фурманкі з грузам, людзьмі і коньмі, праціскаюцца ў вузкі (нешта каля 1 метра) запасны выхад і падаюць з яго пад сцяну замка. Але прыгоды купцоў (а хто яшчэ мог вандраваць у той час) на гэтым толькі пачынаюцца. Алег Трусаў пісаў: «Для замка была выбрана невялікая пясчаная выспа ў балоцістай сутоцы дзвюх рэк - Лідзеі і Каменкі. Выспу пераўтварылі ў штучную прамавугольную пляцоўку і месцамі яе дасыпалі жвірам, камянямі, буйной рачной галькай да вышыні 5-6 метраў. З поўначы, на адлегласці 7 метраў ад яе праходзіў шырокі (каля 20 метраў) роў, які злучаў дзве ракі і аддзяляў умацаванне ад горада». Таму на поўдзень, купцы, якія выпалі з вышыні 4 м «раптоўна» бачаць дзве ракі якія злучаюцца якраз каля замка, а за імі, на кіламетры ў бок поўдня, цягнуцца знакамітыя лідскія балоты якія пераходзяць ў Дакудаўскія, каля-Дзітвянскія і г. д. І купцы-небаракі, павінны былі б уздоўж вонкавых сцен прабірацца да замкавага мосту (ці мастоў).
Але ўсё было б яшчэ цікавей! Яшчэ пры спробе ўвайсці ў замак з поўначы, нашы купцы сутыкнуліся б з невырашальнай праблемай. Бо, з поўначы (з боку фарнага касцёла), археолагі знайшлі рэшткі вельмі шырокага рова (каля 20 метраў), але не знайшлі рэшткаў мосту. І нашым купцам трэба было б неяк разам з нагружанымі фурманкамі і коньмі пераплываць праз роў, каб пасля гэтага ўперціся ў моцную і глухую замкавую сцяну, у якой ні звонку, ні знутры няма і не было ніколі ніякіх слядоў брамы! Каб зразумець, як павінна была б выглядаць гэтая міфічная брама, калі б яна тут была, на наша шчасце, цікаўным асобам дастаткова толькі агледзець аўтэнтычныя брамы замка з гатычнымі аркамі, якія, з большага, захаваліся да нашага часу.
І апошняе. Тыя, усім бачныя некалькі цаглін знутры паўночнай сцяны замка, якія чамусьці дзеля легенды пачалі выдаваць за тое, што засталося ад брамы, найверагодней, з'яўляюцца рэшткамі былой печы ў казарме гарнізона замка. Бо, як пісаў усё той жа аўтарытэтны археолаг Алег Трусаў: «Падчас раскопак двара [замка] высветлілася, што з трох бакоў (акрамя паўднёвага) да замкавых муроў туліліся драўляныя аднапавярховыя будынкі-казармы (захаваліся рэшткі падмуркаў, печаў і абгарэлых бярвенняў). Шырыня іх каля 4 метраў». Чаму казармы імкнуліся пабудаваць каля паўночнай сцяны ці бліжэй да яе, цалкам зразумела. Бо толькі з поўначы, з сухога ўзгорка, вораг мог штурмаваць і абстрэльваць наш замак, таму месца ўнутры замка каля паўночнай сцяны было ў той час самым бяспечным. І менавіта таму з гэтага боку не было ні моста, ні брамы - імі абавязкова скарыстаўся б наш вораг. Таму, аніякіх слядоў міфічнай брамы ў глухіх замкавых паўночных мурах няма і, з вайсковага боку гледжання, быць не можа.
***
Але ўсё ж, думаю, можа, і не трэба навукова лагічна аналізоўваць сапраўдны фальклор. Бо фальклор - як песня, у ім галоўнае, каб было цікава, прыгожа і прыцягвала людзей. Усе мы любім легенды, казкі і паданні і вельмі паважаем асоб, якія маюць вялікі талент ствараць сапраўдны народны фальклор.
Але шматлікім турыстам, якія прыязджаюць у Ліду, легенды трэба падаваць менавіта, як легенды, бо сярод іх бываюць і вельмі кампетэнтныя асобы, якія потым законна абураюцца абсурднымі з навуковага боку гледжання, рэчамі. І пасля гэтага нічога не застаецца, як сказаць ім: «Гэта толькі легенды, прыгожыя, беларускія народныя легенды, падобныя легенды маюць усе замкі, мае іх і наш замак, яны былі і будуць заўсёды, іх наяўнасць пацвярджае толькі, што замак наш сапраўдны, што гэтую перлу цаніць трэба, любіць і ганарыцца!»
Дадаткі
Да дзвюх соснаў, якія стаяць пад Лідскім замкам
Аляксандр Макрэцкі
Сосны, дзве прыгажуні Лідскага замка ў нашай зямлі,
Раскажыце, чаму вы так смутна стаіце?
Раскажыце нам, раскажыце пра мінулае ваша жыцце,
Што бачылі вы? Хто вас садзіў і калі?
Як прылеглі да даўніх, амшалых тых сценаў?
Чаму абнялі іх вашыя кроны,
Як каханак каханку? Так вы хвіляў мільёны
Стаіце, нібы сёстры ў глухім задуменні.
Дзіўных казак сплялі тут старэйшыя людзі:
Вы - не сосны - заклятыя дзве каралеўны,
Што ў час невядомы, ды пэўны
Бразгат зброі і крыкі вас будзяць.
Што часта між ночы занімецца ззянне,
Пад ім жа дзве ў беллі прыгожыя панны,
Ды труны ля ног не падпусцяць цікаўных,
І доўжыцца тое да самага рання.
Раз нейкі смяльчак хацеў ссеч вас, спаліць,
Пырскнула кроў з-пад сякеры струменем,
Зямля задрыжала, і хлопец з трымценнем
Уцёк, каб жыццё ў той жа час не згубіць.
Можа выраслі вы з касцей нашых браці,
Каб пільнаваць тут іх светлай магілы?
І кронамі горад стары вы пакрылі,
Каб нікому-нікому яго не аддаці.
А мо алтары перад вамі стаўлялі
На гонар якога літоўскага бога
І кожнай галінцы маліліся строга,
Рэліквіі шчыра ў паклоне складалі.
Хай было там, як хоча, скажу вам па-свойму:
Столькі стагоддзяў на свет вы глядзіце,
Вы бачылі нашых прашчураў жыцце,
І бітвы на полі, і ў горадзе соймы.
Святыя часіны, як кожны з сабрацця
Нёс маёмасць сваю і жыццё на ахвяру
За вольнасць Айчыны, за светлую мару
І не баяўся, што ўсё можа страціць.
Іх слаўныя дзеі Бог дабраславіў,
Імя іх набатам грымела ў вяках,
Праймалі суседзяў павага і страх,
Як хто пра ліцвінаў казкай іх бавіў.
Святы час! Святы! Аддаў бы і жыцце
За светлай мінуўшчыны дзень...
Ды край па касцях маіх продкаў брыдзе,
І роспач буяе мятліцамі ў жыце.
Помнікі сведчаць, ды іх ужо мала,
Колькі ў крушні лягло і прапала на векі.
Як дзве сіраты без падмогі, апекі
Вы засталіся над стромаю вала.
Як міла пад вамі ў цяньку прыпыніцца,
Каб глянуць на горад, тлум рознага люду
І з пакорай прасіць Маці Божае цуду,
Каб яму наказала духам праўды з'явіцца.
Каб горад той ласкай сваёй ахінула,
Шлях асвяціла ў варожасці ночы...
Ды ўсё тут маўчыць, толькі вецер з паўночы
Глуха нам цвердзіць, што ўсё прамінула.
13 ліпеня 1850 г., м. Дзітрыкі, Лідскае староства.
(Пераклад Станіслава Судніка.)
Легенды пра замкі ў Тракаі (Троках) і Каўнасе (Коўні), надрукаваныя Вандалінам Шукевічам [3]
Наступныя дзве легенды, надрукаваныя Вандалінам Шукевічам, з большага ідэнтычныя лідскім і могуць быць выкарыстаны і як наш, мясцовы, фальклор.
Закляты ў Троцкім замку скарб
Шмат гадоў таму ў Троках жыў слынны злодзей Чараповіч. Ён быў сапраўднай пакутай для спакойных месцічаў і ваколічных гаспадароў, бо заўсёды так рабіў свае цёмныя справы, што ніколі не трапляўся на гарачым. І хаця, грунтуючыся на ускосных доказах, яго часам выклікалі ў суд, ён заўсёды выкручваўся і пазбягаў заслужанага пакарання.
Незадаволеныя з-за няўдач трайчане, не маючы магчымасці атрымаць справядлівы суд, вырашылі самі выправіць зло. Аднойчы ўначы вялікая грамада сабралася каля хаты Чараповіча, схапіла яго ў ложку і звязанага, як барана, павяла на востраў у замак. Там яго кінулі ў падзямеллі, таямнічыя глыбіні якіх яшчэ бачны сярод руін замка Кейстута. Зрабіўшы гэта, месцічы засыпалі яму камянямі і друзам, знішчыўшы такім чынам ўсе сляды свайго злачынства.
Але провід, відаць, пільнаваў Чараповіча і выратаваў яго ад пералому карку, а потым ад галоднай смерці ў той страшнай магіле і даў яму час адрачыся ад граху.
Апрытомнеўшы пасля перажытага жаху і падзення, пасля якога нейкім цудам косці засталіся цэлымі, Чараповіч устаў і неяк вызваліўся ад путаў. Хоць нічога не бачыў у поўнай цемры і не ведаў, у які бок падацца, ён абмацваючы рукамі сцены, пачаў павольна рухацца. Чараповіч не ведаў, колькі часу ішоў, калі ў далечыні ўсё ж убачыў слабое святло. Узрадаваны гэтым паратункам, пайшоў у той бок і раптам анямеў, бо відовішча, якое адкрылася яго вачам, магло прымусіць задрыжаць любога зуха. Ён убачыў чалавека ва ўсім белым, якія стаіць на каленях з кнігай у руцэ побач з вялікім, акутым жалезам, куфрам, на якім ляжыць вялікі сабака на ланцугу і трымае ў лапах свечкі.
Ахоплены жахам, Чараповіч захацеў уцячы незаўважаным, але сабака ўбачыў і з лютым брэхам пачаў на яго кідацца. І тут падняўся чалавек у белым. Узмахам рукі ён супакоіў сабаку і замагільным голасам спытаў у Чараповіча:
- Адкуль і чаму ты прыйшоў?
Напаўжывы ад страху, дрыжучы і ляскаючы зубамі, злодзей расказаў пра ўсё, што з ім адбылося і чаму ён быў пакараны.
- Табе пашанцавала, што сказаў мне шчырую праўду, - сказаў прывід - таму я цябе ўзнагароджу. У гэтым куфры ляжаць невычарпальныя скарбы - бяры колькі можаш панесці.
- Мне няма куды ўзяць, - адважыўся сказаць Чараповіч.
- Хоць порткі скінь і завяжы, а бяры, калі даюць!
Сказаўшы гэта, ён сагнаў сабаку і падняў вечка куфра.
Убачыўшы колькі там золата, Чараповіч на хвіліну аслупянеў. Але зрабіў так, як яму загадалі, і насыпаў столькі, колькі мог панесці. Пасля чаго прывід сказаў:
- Ідзі і не крадзі больш.
Потым загадаў сабаку вывесці яго з падзямелля.
Пасля доўгай хады яны прыйшлі да вялізнага каменя, які ад удару сабачай лапы адсунуўся і дазволіў Чараповічу выйсці на свет Божы. Як толькі ён выйшаў, валун зноў заваліў праход. Былы злодзей на адлегласці за 1,5 кіламетры ад вострава ўбачыў кляштар бернардынаў (сёння турма). Падзякаваўшы Богу за сваё цудоўнае выратаванне, ён вярнуўся дадому. Частку з атрыманага скарбу аддаў касцёлу, а з рэшты пабудаваў дом, стаў заможным і пачцівым чалавекам.
Заснуўшы ў Ковенскім замку
Звычайна кожная руіна ў Літве, ахрышчаная ў народзе «замкам каралевы Боны», мае свае легенды пра скарбы, якія, ці сцерагуць зачараваныя прынцэсы, ці скарбы знаходзяцца пад аховай чараў, якія можна пераадолець толькі пры пэўных, цяжкавыканальных, умовах. Але скарбы адчыняюць смельчаку цуды, якіх ніколі не бачыла яго вока і чула вуха.
Адну з такіх легенд падаю ніжэй. Яна цікавая тым, што ў ёй, як і ў карпацкай легендзе, мы сустракаем рыцараў усыпленных сілай заклёнаў, якія чакаюць толькі слова, каб паўстаць і выратаваць сваю радзіму.
Пры вусці ракі Віліі ў Коўні захаваліся рэшткі старога замка, дзе, паводле легенды, у акружэнні шматлікага двара і харугваў адборнага войска, некалі жыла каралева Бона. Хаця гэта было так даўно, што нават бацькі і дзяды самых старых людзей не памяталі тых вялікіх часоў, аднак дакладна вядома, што каралева Бона не памерла да нашых часоў, але спіць у падзямеллях замка, якія цягнуцца недзе ў бок Вільні, яна спіць зачараваная заклёнам трывожным сном, сярод сваіх багаццяў, слуг і рыцараў. І чакае зручнага моманту, каб выйсці з падзямелля на чале сваіх войскаў, разбіць ворагаў і адрадзіць дзяржаву. Такі момант здараецца кожныя сем гадоў, калі каралева Бона прыходзіць у сне да каго-небудзь з жыхароў Коўні і расказвае яму, што трэба зрабіць, каб зняць моц закляцця. Выконваючы яе інструкцыі, перш за ўсё патрэбна ачысціць сваю душу ад грахоў праз споведзь і пакаянне. Потым у пэўную гадзіну ночы, трэба пайсці ў замак і капаць там у вызначаным месцы, покуль не з'явіцца вуголле. Пад ім, глыбей, будуць жалезныя, а яшчэ глыбей - медныя дзверы, адчыніўшы якія, трапіш у вялізную залу, дзе на шыкоўным троне з золата і каштоўных камянёў, сядзіць каралева Бона, акружаная заснулымі прыдворнымі і рыцарамі, побач з ёй стаіць вялізны куфар, напоўнены незлічонымі багаццямі, а на куфры ляжыць леў. Аднак не трэба баяцца гэтага льва, а смела ісці да куфра, які адчыніцца сам, і тады можна будзе ўзяць усё дабро, якога толькі душа жадае. Адначасова з гэтым усе абудзяцца і пойдуць выконваць сваю вялікую справу.
Як бачым, умовы не занадта складаныя і, каб іх паспяхова выканаць, вам спатрэбіцца толькі крыху смеласці. Але ў гэту справу абавязкова ўмяшаецца паліцыя, якая пра ўсё ведае і сочыць, каб ніхто не капаў у замку. Нягледзячы на гэта, аднаму зуху ўдалося ўцячы ад паліцыі, ён пачаў капаць, дабраўся да вуголля і нават да жалезных дзвярэй. Аднак працы аднаго чалавека мала, а летняя ноч занадта кароткая, і таму пры дзённым святле падкоп быў знойдзены, і ўсё закончылася арыштам смельчака і судовай справай. Потым яшчэ шмат хто з гараджан сніў Бону, але ўсе яны баяліся ўладаў.
Бона і да гэтага часу дарэмна чакае вызвалення ад закляцця.
[1] Гл: Лаўрэш Леанід. Лакалізацыя "Ліды Нарбута", першаснага паселішча на тэрыторыі нашага горада // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 30-35.
[2] Кастэль, ад castells, замак, тып абарончага збудавання.
[3] Гл: Szukiewicz Wandalin. Niektore wierzenia, przesady i zabobony ludu naszego, legiendy i podania // Kwartalnik Litewski wydawnictwo poswiecone zabytkom przeszlosci, dziejom, krajoznawstwu i ludoznawstwu Litwy, Bialorusi i Inflant. 1910. T. 2. S. 85-102.