Паклон пашаны Блаславёнаму Яну Паўлу ІІ
Змест
На сьветлую беатыфікацыю Яна Паўла ІІ
Ян ПАВЕЛ ІІ. Рымскі трыпціх. Роздумы
Рыгор БАРАДУЛІН. Рымскі дыпціх
Гэтая кніга - паклон пашаны Блаславёнаму Яну Паўлу ІІ
Яна змяшчае:
- прысвечаныя Яну Паўлу ІІ тэксты Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна
- зроблены Рыгорам Барадуліным аўтарскі пераклад на беларускую мову "Рымскага Трыпціха" Яна Паўла ІІ
- Рымскі Дыпціх
Рыгор БАРАДУЛІН
Полацк
Грэка-Каталіцкая парафія Святамучаніка Язавата ў г. Полацку
2011
УДК 293 ББК 86.37
Б24
БАРАДУЛІН, Р.
Б24 Вяльмуе Бог абаньнікаў сваіх. Паклон пашаны блаславёнаму яну Паўлу ІІ / Рыгор Барадулін - Полацк: Грэка-каталіцкая парафія Святамучаніка Язафата, 2011. - 66 с.
ISBN 978-985-6448-32-7.
Гэтая кніга - паклон пашаны Блаславёнаму Яну Паўлу ІІ. Яна змяшчае: Прысвячаныя Яну Паўлу ІІ тэксты Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, зроблены Рыгорам Барадуліным аўтарскі пераклан на беларускую мову "Рымскага Трыпціха" Яна Паўла ІІ і Рымскі Дыпціх.
Кніга выдадзеная з нагоды бэатыфікацыі Папы Яна Паўла ІІ.
УДК 293 ББК 86.37
ISBN 978-985-6448-32-7
На сьветлую беатыфікацыю Яна Паўла ІІ
Нябёсы пасылаюць на зямлю
Пачутых Усявышнім.
Каб сагрэлі
Аблудных душ
Азяблую ральлю.
Каб словы вешчай кнігі не старэлі,
Абраўшы горкі шлях зямны
Яны
Змагаюцца з цемрай,
Памагаюцць зорам,
Ахвярнасьці бяссонныя званы
Шчырэюць разбудзіць у здрайцаў сорам.
Жыцьцё спакусы сыпле як з каўша.
І непахіснай вераю сьвятая
Узяўшы боль і страх людзей,
Душа з анёламі ў нябёсы адлятае.
Вяльмуе Бог..
Памяці Яго Сьвятасьці Яна Паўла ІІ
Бог пасылае верных,
Каб яны
Пераканалі душы ласкай шчырай.
Мальбы недатыкальныя званы
Дабраслаіляюць шлях у вечны вырай.
Бог давярае мужным
Весьці люд
У непарушную гасподу веры.
Кут у Гасподзе вольны для пакут,
Засланы стол для Тайнае Вячэры.
Бог выбірае мудрых,
Каб вякам
Было з кім памаўчаць
І ўзважыць скруху.
І па жарсьцьве прыступна ступакам
Ступаць за далягляд,
Дзе сьветла духу.
Пасланьнікі нябесныя,
Ад іх
Вядзе адлік бясконцасьць маладая. Вяльмуе Бог абраньнікаў сваіх. Бязь іх
На сэрцы сьвету халадае...
Дошка выратаваньння
Jezus Chrystus jest jedyną deską ratunku dla dzisiejszego świata.
Ян Павал ІІ
Хай празарлівая воля нябёс
Душам пашле дараваньне.
Ў небе ўрагану Ўваскрослы Хрыстос -
Дошка выратаваньня.
Госпад дазволіў на дошцы плысьці,
Маючы ветразем веру.
Дно не дастаць у прадонным жыцьці
Ломкім шастом намеру.
Сьцежкаю думкі, дарогай хады,
Ветрам дыханьня жывога
Вечныя нашы й зямныя гады Рушаць да Пана Бога.
Крыжам аслонены сьвеньціцца лёс
Радасьцю райскага раньня.
Ў моры адчаю Сьветлы Хрыстос - Зорка выратаваньня.
Небесны Пасланнік
Бог стварыў чалавека па вобразу й адабенстве Сваім, кожны вернік носіць у сэрцы сваім Усявышняга. Кожнаму Ўсятрымца ўсяго жывога й існага бачыцца ва ўяве па- свайму. Бог шматаблічны і вечны.
Госпад усіх нас любіць, усіх нас бароніць, усіх нас церпіць. Але ў Яго ёсць і абраньнікі, якім дазволена набліжацца да сходцаў нябеснага пасаду.
Нябёсы дазволілі мне, сьціпламу ўніяту, бачыць і чуць, сказаць словы падзякі аднаму з абраньнікаў Усявышняга ў Вечным горадзе.
Ян Павал ІІ быў незямным і зямным чалавекам, асобай, якая Боским Словам вызваляла душы людзкія з д"ябальскага палону ўсіх праяваў Дух трымаў яго, калі Папа Рымскі нёс крыж свой пакорліва й непахісна.
У тыя сьвятыя хвіліны, калі чуў я Папу, калі перадаваў яму ягоны "Рымскі трыпціх" у сваім перакладзе на матчыну мову, калі цалаваў ягоны пярсьцёнак, мне нясьмела падалося, што бачу адно з абліччаў Усявышняга. І рэшту веку свайго жыцему тымі хвілінамі, якімі быў блізка каля Яна Паўла ІІ.
У смутныя дні разьвітаньня з Папам склаліся ў мяне радкі, якія кладу ў абножжа дамавіны нябеснага Пасланьніка.
Ян ПАВЕЛ ІІ. Рымскі трыпціх. Роздумы
Пераклад Рыгора Барадуліна
І. Струмень
Ruah
Дух Божы лунаў па-над водамі
1. Зьдзіўленьне
Затока лясная схлынае
ў рытме горных патокаў,
гэта рытм безназова мне выяўляе Цябе,
Спаконвечнае Слова.
Якое ж да дзіўнаты незвычайнае
Тваё маўчаньне ва ўсім,
чым адсюль прамаўляе
створаны сьвет...
што разам з затокай лясною
схлынае ў дол кожным сьхілам...
гэта ўсё, штозносіць з сабою
срабрысты каскад патоку,
які праз гады спадае з гары рытмічна
панесены ўласнай плыньню...
- панесены ён куды?
Што кажаш мне сваёй гаманою, горны струменю?
у мейсцы якім маеш спаткацца са мною?
са мною, які таксама мінуў у журбе -
падобна як ты.
Ці да цябе падобна?
(Дазволь мне тут затрымацца, струменю, -
дазволь затрымацца мне на парозе,
вось адно з тых найпершых зьдзіўленьняў.)
Паток не зьдзіўляецца, калі неўзнароку спадае ў дол
і лясы, маўкліва схлынаючы ў рытме патоку,
- адно зьдзіўляецца чалавек!
Парог, які сьвет пераступіў сам, -
парог зьдзіўленьня.
(Колісь мяноўна зьдзіўленьню гэтаму
нададзена ймя "Адам".)
Быў самотны з гэтым сваім зьдзіўленьнем
спасярод істотаў, у якіх не было турботаў зьдзіўляцца
- ім ставала існаваць і мінаць.
Чалавек за ценем імгненьняў мінуў разам зь імі
на хвалі зьдзіўленьняў.
А, зьдзіўляючыся, ўвесь час вылучаўся
з гэтай хвалі, якая яго адносіла,
як бы кажучы ўсяму наўкола:
"затрымайся! - ўва мне твой прыстанак"
"ува мне невыпадкова ёсьць месца спатканьня
са Спаконвечным Словам" -
"затрымайся, благаю, мінаньне гэтае сэнс мае"
"сэнс мае. сенс мае. сенс мае!"
2. Крыніца
Затока лясная схлынае
ў рытме горных патокаў…
Як хочаш знайсьці крыніцу,
угору мусіш ісьці, да плыні.
Прадзірайся, шукай няспынна,
вер, што яна мусіць тут дзесьці біцца -
Дзе ты, крыніца?.. Дзе ты, крыніца?!
Ціша.
Струменю, лясны струменю,
выяві мне таямніцу
зьяўленьня свайго пачатку!
(Ціша - чаму маўчыш?
Як жа ўтаіцца пастаралася таямніца твайго пачатку.)
Дазволь мне губы змачыць
у крынічнай вадзе,
ачуць, як ідзе
жыватворчая сьвежасьць
ІІ. Роздумы над "Кнігаю Роду" на парозе Сыкстынскае капліцы
1. Першы Відушчы
"У ім жывем, рухаемся й ёсьць мы" -
кажа Павал на афінскім Арэапагу -
Дапытлівасьць прагнаць смагу прагне:
Хто Ён?
Як бы нявыказаная прастора, якая ўсё ахінае -
Ён Творца:
Ахінае без перашкоды ўсё закліканае да існаваньня
зь нябыту ня толькі на пачатку, але заўсёды.
Усё трывае, растаючыбез перастаньня -
"На пачатку Слова было і ўсё празь Яго сталася.
"Таямніца пачатку нанова нараджаецца разам
са Словам, выкунежваецца са Слова.
Слова - спрадвечны зрок і спрадвечны вырак.
Гэты, які ствараў, варушачы тло, бачыў-бачыў,
"што добра было",
бачыў зрокам нашчым, адрозным ад нашага,
Ён - першы Відушчы -
Бачыў, адшукваў ва ўсім нейкі сьлед Істоты сваёй,
сваёй паўнаты -
Бачыў: Omnia nuda etapertasunt ante oculis Eius [1] -
Раптоўна й празрыста -
Праўдзіва, добра й прыгожа -
Бачым зрокам нашчым інакшым ад нашага.
Спрадвечны зрок і спрадвечны вырак:
"На пачатку Слова было і ўсё праз Яго сталася",
усё, у чым жывем, рухаемся й ёсьць мы -
Слова, найдзівоснае Слова - Слова спрадвечнае, быццам нябачны парог
усяго, што існасьцю стала, існуе й існаваціме, нізрынуўшы тло.
Слова было як бы парогам.
Парог Слова, ў якім усё немагчыма бачным было,
спрадвечны й боскі - за гэтым парогам гісторыя распачынаецца!
Стаю ля ўваходу ў Сыкстыну -
Можа ўсё гэта лепей было выказаць моваю
"Кнігі Роду" -
Ды кніга цярплівачола чакае вобразу. - І слушна.
Чакае свайго Міхала Анёла
Аднак гэты, які ствараў, "бачыў" - бачыў,
што "добра было".
"Бачыў", а значыцца, Кніга чакала плёну "бачаньня".
О ты, чалавеча, які таксама бачыш, прыйдзі -
Клічу ўсіх вас "відушчых" усечасінаў, усевакольля.
Клічу цябе, Міхале Анёле!
Ёсьць у Ватыкане капліца,
якая плёну твайго пагляду чакае!
Чакала вобразу бачаньне.
З тае пары, калі Слова сталася целам,
бачаньне стала чакае.
Стаімо на парозе Кнігі.
Гэта Кніга Роду - Genesis.
Тут, у гэтай капліцы, выпісаў яе Міхал Анёл
ня словам нашчым, але багацьцем
колераў нагрувашчаных.
Уваходзім, каб вычытваць захапленьне,
ад зьдзіўленьня йдучы да зьдзіўленьня.
Гэтак вось тут - узіраемся й распазнаем
Пачатак нераспазнаны, які выявіўся зь нябыту
паслухмяны стваральнаму Слову;
Тут прамаўляе са сьценаў гэтых.
А бадай што яшчэ магутней прамаўляе Канец.
Так, магутней яшчэ прамаўляе Суд.
Суд, апошні Прысуд.
Гэта дарога, якою якраз праходзім усе -
кожны з нас.
2. Вобраз і падабенства
"Стварыў Бог чалавека на свой вобраз і падабенства,
мужчынам і жанчынаю стварыў іх -
і бачыў Бог, што дужа добра было,
а былі абое галюткія й не зазнавалі сораму".
Ці гэта мажліва?
Сучасьнікаў пра гэта не пытай, як назола,
лепей спытай Міхала Анёла,
(а можа таксама сучасьнікаў!?).
Пытай Сыкстыну.
Як шмат сказана на гэтых сьценах!
Пачатак нябачны. Усё тут на гэта паказвае.
Уся гэтая бачнасьць бучная,
якую вызваліў геній людзкі.
І канец нябачны такі.
Хоць тут трапляе сурова ў твой зрок, вандроўца,
выява Суду апошняга.
Як бачным зрабіць, як пранікнуць належыць
паза межы дабра й зла?
Пачатак і канец, нябачныя, нятленна пранікаюць
да нас з гэтых сьценаў!
Ён
"У Ім жывем, рухаемся й ёсьць мы".
Ці Ён толькі прастора існаваньня існоўцаў?
Ён - Творца
Ахінае ўсё, ствараючы й падтрымліваючы ў існасьці -
Падабенства ладзьбуе.
Калі апостал Павал прамовіў на Арэапагу,
ў словах ягоных адбілася ўся традыцыя Запавету.
Кожны дзень там сканчаўся словамі:
"І бачыў Бог, што добра было".
Бачыў, вышукваў сьлед Істоты свае -
Знаходзіў свой воблік ва ўсім, што бачылася самавіта.
Спрадвечнае Слова нібыта парог,
за якім жывем, рухаемся й ёсьць мы.
Чалавек (Я)
Чаму мяноўна пра гэты адзіны дзень
з пашанай сказана:
"Бачыў Бог, усё, што стварыў, дужа добра было"?
Дарэчы, ці гэтаму не пярэчыць гісторыя?
Хоць бы наш век дваццаты! Дый не толькі дваццаты!
Аднак ніводзін век ня можа засланіць праўду
пра вобраз і падабенства.
Міхал Анёл
З гэтай праўдай калісьці ў Ватыкане замкнуўся,
каб выйсьці адтуль,
застаўшыся Секстынскай Капліцай.
"Стварыў жа Бог чалавека на свой вобраз,
на вобраз Божы яго тварыў,
мужчынам і жанчынаю стварыў іх.
Хоць жа абое былі галюткія,
сябе не зазнавалі ў сораме"!
І бачыў Творца, што дужа добра было.
Ці ж мяноўна ня Ён бачыў усё ў праўдзе ўсяе?
Omnia nuda et aperta ante oculis Eius -
Яны
Яны таксама ля парогу гісторыяў
бачаць сябе ў праўдзе ўсяе:
былі абое галюткія...
Яны таксама сталіся ўдзельнікамі гэтага бачаньня,
Якое Творца на іх перанёс.
А ці не хацеў застацца імі?
А ці не хацеў знаходзіць нанава бачаньне гэтае?
А ці не хацеў для сябе быць праўдзівым,
празрыстым - як для Яго?
А калі гэтак, сьпявае гімн падзячны,
якісьці Magnificat людзкой глыбіні
і як жа чуе глыбока тады,
што мяноўна у Ім жывем, рухаемся й ёсьць мы" -
Мяноўна ў Ім!
Гэта Ён ім дазволіў удзельнічаць у харастве гэтым,
якое у іх сьветла ўдыхнуў!
Гэта ён аднойчы адчыніў ім вочы.
Калісьці Міхал Анёл выходзячы з Ватыкану,
застаўся шматкалёрнасьцю, ключом якое ёсць
"вобраз і падабенства".
І ключ гэты ўдзячна нябачнае адмыкае,
робячы яго бачным.
Таемства найсамае.
3. Найсамае таемства
Хто Ён? Невыказны. Самотнае Існаваньне.
Адзіны. Творца ўсягуткага.
Адначасова Спалука Асобаў.
У гэтай Спалуцы ўзаемнае абдарэньне поўняю
праўды, дабра й хараства.
Аднак над усім - невыказальны.
А ўсё ж нам сказаў пра Сябе.
Сказаў таксама, ствараючы чалавека на свой вобраз
і падабенства.
У сыкстынскае шматкалёрнасці Твроца мае
людзкую паставу.
І паўстае Ўсемагутным Старцам - Чалавекам
падобным да створанага Адама.
А яны?
"Мужчынам і жанчынаю стварыў іх".
Застаўся ім Богам дадзены дар.
Узялі ў сябе назусім - па меры людзкой - адзьдзячаньне
ўзаемнае гэтае,
якое цяплее ў Ім.
Абое галюткія.
Сораму не адчувалі, пакуль дар трываў
дадзены ім ня сьпехам -
Сорам прыйдзе ўжо разам з грэхам,
а зараз трымціць парыў. Жывуць усьведамляючы дар,
хоць можа нават ня ўмеюць гэта назваць.
Але тым жывуць Чысьцюткія.
Casta placentsuperis; pura cum veste venite,
et manibus puris sumite fontis aquam [2] -
словы гэтыя чытаў штодня праз восем гадоў у павазе,
заходзячы ў браму вадовіцкае гімназыі.
Найсамае таемства - бачны сутнасьцю знак
спрадвечнае Мілаты.
А калі стануць "целам адным"
- дзівоснае паяднаньне -
за даляглядам ягоным адкрыецца на адхланьне
бацькоўства ды мацярынства.
- Дападуць тады да крыніцаў жыцьця, якія ў іх ёсьць.
- Дападуць да Пачатку.
- Адам пазнаў жонку сваю,
а яна зачала й нарадзіла.
Рупіла на пытаньне спрадвечнае адказ занайсьці.
Ведалі, што пераступілі парог
найвялікшай адказнасьці!
Зьдзяйсьненьне - Апакаліпсіс
Канец такі ж небясьпечны, як і пачатак.
Сусьвет са Слова паўстаў
і вяртаецца да Слова таксама.
У самым цэнтры Сыкстыны гэты нябачны мастак
адлюстраваў канец
у выяўнае драме Суду -
І гэты нябачны канец стаўся бачным,
Быццам празрыстасьці шчыт:
Omnia nuda et aperta ante oculis Eius!
Словы запісаныя ў Мацьвея,
тут замененыя ў мастакоўскай выяве:
"Прыйдзіце дабраславёныя... Сыйдзіце праклятыя"...
І так пакаленьні праходзяць -
Галюткія прыходзяць на сьвет і галютькія вяртаюцца зноў
у зямлю, зь якое калісьці ўзяліся.
"З праху паўстаў і ў прах ператворышся".
Што форму трымала, нязграбным стала.
Што жывое было - мёртвае зараз.
Што гожым было - зараз брыдота спустошаная.
Але ня ўсё памірае,
гэта тое, што ўва мне трывае невынішчальна!
4. Суд
У Капліцы Сыкстынскай мастак пасяліў Суд.
У грудзёх капліцы Суд над усім пануе.
Тут нябачны канец стаўся пранізліва бачным.
Канец і адначасна празрыстасьці шчыт трапяткі. -
Вечны шлях пакаленьняў такі.
- Non omnis moriar [3] -
Гэтае, што ня вынішчыць ува мне
стаіць зараз твар у твар з Гэтым, які тут ня госьць,
Ён Ёсьць!
Так засялілася сьцяна цэнтральная
сыкстынскае шматкалёрнасьці.
Памятаеш, Адаме? Ён на пачатку
пытаўся ў цябе "дзе ты ёсьць?"
А ты адрокся: "Ад Цябе ўтаіўся, бо я галюткі".
"Хто ж сказаў табе, што галюткі?.."
"Нарачонка, якую мне даў",
нявінна мне падала садавіну...
Ці ўсе, што засяляюць сьцяну цэнтральную
сыкстынскае шматкалёрнасьці,
Нясуць у сабе, як свае гады,
спадчыну твайго адказу тады!
Пытаньня важнага й адказу важкага!
Такі канец шляху вашага.
Пасьляслоўе
І тут мяноўна ў нагах гэтай дзівоснай
сыкстынскае шматкалёрнасьці
зьбіраюцца кардыналы -
супольнасьць адказная за спадчыну
ключоў Каралеўства.
Сыходзяцца мяноўна тут.
І Міхал Анёл зноў апаноўвае іх бачаньнем.
"У Ім жывем, рухаемся й ёсьць мы."
Хто Ён?
Вось стваральная даланя, Ўсемагутнага Старца,
ськіраваная ў бок Адама...
На пачатку стварыў Бог…
Ён усёвідушчы…
Сыкстынская шматкалёрнасьць прамовіла тады
Словам Госпада:
Tu est Petrus [4] - пачуў Сымон сын Ёны.
"Табе дам ключы Каралеўства."
Людзі, якім клопат спадчыннасьці ключоў давераны, зьбіраецца тут, дазваляюць апанаваць іх
сыкстынскай шматкалёрнасьці,
выявам, якія пакінуў Міхал Анёл -
Так было ў жніўні, а потым у кастрычніку
памятнага году двух канклаваў,
і так будзе зноў, як стане патрэба,
па сьмерці маёй.
Трэба, каб прамаўляла да іх выява Міхала Анёла.
"Con-clave [5]": агульны клопат пра спадчыну ключоў,
ключоў Каралеўства.
Вось бачу сябе спаміж Пачаткам і між Канцом,
спаміж Днём Стварэньня й Днём Суду…
Пастаўлена чалавеку пасьля пакут раз памерці,
а потым на Суд!
Канчатковая празрыстасьць і сьвятло.
Празрыстасьць гісторыяў -
Празрыстасьць сумленьняў -
Патрэба, абы ў часе канклаву Міхал Анёл людзей
давёў да сьвядомасьці -
Не забывайцеся:
Omnia nuda etaperta sunt ante oculis Eius.
Ты, які скрозь пранікаеш, ня ведаючы мяжы, -
пакажы!
Ён пакажа...
ІІІ. Пагорак у краіне Морыя
1. Урый на зямлі халдзейскае
І часіны былі, калі
людзі без перапынку пачалі вандраваць.
Акружаныя чародамі вялікімі йшлі туды,
куды ўраджай іх клікаў:
там, дзе зямля, як пладаносная матка,
здольная была пракарміць жывіну,
там і чалавек напінаў шатры
дый пачаў жыць.
Чаму шукаема сёньня
гэтае мейсца ў халдзейскай зямлі,
адкуль рушыў Абрам Тэрахаў чын зьнячэўна
з гурмой сабепадобных качэўнікаў?
Думаў магчыма: чаму адсюль адыходзіць маю?
Ці думалася яму так? Ці адчуваў ён ростані смутак?
Ці азіраўся назад?
Ня ведаем. Ведаем толькі, што Голас чуў,
які сказаў яму аднакроць: Выходзь!
Абрам пастанавіў ісьці за Голасам.
Голас сьветлаю сілай валодаў, Голас казаў:
Будзеш бацькам багата якіх народаў,
патомства тваё ня зьлічыць ні бессань, ні змора,
будзе яго, як пяску на беразе мора.
Як жа зьдзейсніцца гэтае абяацьне -
думаў Абрам паныла,
калі прырода мяне абдзяліла дарам бацькоўства?
Жонка, якая памерла ў дні маёй маладосьці,
сына мне не дала як на тое.
Таму й пакутуема абое.
Голас сьветлаю сілай валодаў,
Голас казаў:
Будзеш бацькам багата якіх народаў.
Патомства тваё ня зьлічаць ні бессань, ні змора,
будзе яго, як пяску на беразе мора.
2. Tres vidit et unum adoravit [6]
Хто мог так наклікаць прышласьць
далёкую й блізкую?
Безь-Мяноўны гэты, хто Ён такі,
які зьявіцца схацеў у голасе?
Які Абраму так схлямяжа казаў,
як чалавек чалавеку кажа?
Быў Іншы. Да ўсяго непадобны,
што мог падумаць чалавек пра Яго.
Казаў - значыць чакаў адказу...
Раз адразу прыйшоў да Абрама ў госьці.
Трох Прыбышоў было, які прымаў
у вялікай шаносьці.
Абрам жа бачыў, што гэта Ён.
Ён адзін.
Распазнаў Голас. Распазнаў абяцаньне.
Годам пазьней нявінна цешыліся з
Сарай абое народзінамі сына,
хоць веку немаладога былі.
Сын - гэта значыць: бацькоўства й мацярынства.
Будзеш бацькам, Абраме,
будзеш бацькам багата якіх народаў.
З гэтага часу будзе ўжо ймя тваё "Абрагам".
У гэтым імі дабраслаўляю цябе.
У гэтым імі патомства тваё размножыцца
аж да самых далёкіх канцоў зямлі.
Імя азначае: "Гэты, які насупор надзеі паверыў".
Наўкола людзі й чалавекі багоў тварылі сабе самім
(так Эгіпет, та Эляда, так Рым).
Ён, Абрагам, паверыў Таму, хто Ёсьць,
з Кім размаўляў, калі йшоў за Голасам,
перад Кім насьцежыў дзьверы свайго шатра,
ў госьці Яго запрашаў,
зь Ім расцалаваўся.
Мы сёньня мяноўна да гэтых мясьцінаў вяртаемся,
бо гэтай дарогай калісьці Бог да Абрагама прыйшоў.
Да Абрагама, які паверыў, прыйшоў Бог.
Калі людзі й чалавекі багоў тварылі сабе самім,
прыйшоў Гэты, хто Ёсьць.
У гісторыю чалавека ўвайшоў назусім
і выявіў яму затоеную Таямніцу
ад заснаваньня сьвету.
3. Размова бацькі з сынам у краіне Мор'я
Так ішлі й размаўлялі ўжо трэйці дзень:
Вось пагорак, на якім маю Богу злажыць ахвяру маю -
бацька сказаў. Сын маўчаў, не асьмельваўся пытаць:
Дзе ахвяра? маем агонь, дровы й ахвярны нож,
адно ж дзе ахвяра?
Бог сам сабе ўгледзеў ахвяру гэтую -
так сказаў, не асьмеліўся ўголас
выказаць суровыя словы:
ахвярую, сыне мой, будзеш ты -
ды словы ня выпусьціў зь нематы.
Гэтым маўчаньнем зноў праваліўся ў глухія нетры.
Чуў Голас, які яго вёў.
Голас змоўк гэтым часам.
Застаўся сам-насам зь імем сваім
Абрагам: Гэты, які насупор надзеі паверыў.
Праз хвіліну вогнішча ахвярнае раскладзе,
разбудзіць агонь, зьвяжа Ісааку рукі -
і тады - што? застогнецца вогнішчу...
Бачыць сябе ўжо бацькам мёртвага сына,
якога Голас даў яму, як напавер,
а цяпер у яго адбірае?
Абрагаме, каторы ўзыходзіш
на гэты пагорак у краіне Мор'я,
ёсьць такая мяжа бацькоўства, парог такі,
які ты не пераступіш.
Іншы бацька тут прыме ахвяру Сына свайго.
Абрагаме, ня бойся, йдзі далей перад сабою
І рабі, што маеш рабіць.
Ты будзеш бацькам багата якіх народаў,
рабі, што маеш рабіць, да канца.
Ён сам затрымае тваю руку,
калі нанесьці гатовая будзе той ахвярны ўдар...
Ён сам не дапусьціць, каб рука твая спраўдзіла
гэта, што спраўдзілася ўжо ў сэрцы тваім.
Так - завісьне ў паветры твая рука, як нямая.
Ён сам яе затрымае.
І з гэтага часу пагорак у краіне Мор'я стане чаканьнем,
бо на ім мае спраўдзіцца таямніца.
4. Бог прымірэньня
О Абрагаме - Гэты, які ўвайшоў у гісторыю чалавека
прагне празь цябе адхінуць таямніцу гэтую
затоеную ад заснаваньня сьвету,
таямніцу даўнейшую чымся сьвет!
Калі сёньня вандруем да гэтых мясьцінаў,
зь якіх калісьці пачаў Абрагам вандраваньне,
дзе Голас пачуў, дзе абяцаньне зьдзейсьнілася,
дык таму,
каб стаць на парозе -
каб дапасьці да пачатку,
да карэньня вешчага Запавета.
Бо апавясьціў Бог Абрагаму,
што для бацькі ахвяра ўласнага сына -
ахвярная сьмерць.
О Абрагаме - бо так Бог сьвет узьлюбіў,
што сына свайго аддаў, каб кожны, хто паверыў у Яго,
жыцьцё вечнае меў.
- Затрымайся -
Я нашу ў сабе ймя тваё,
імя гэтае - знак Запавету,
якое заключыла з табою Спаконвечнае Слова
раней чымся быў створаны сьвет.
Запомні гэтае мейсца, калі пойдзеш адгэтуль,
яно чакацьме свой дзень -
З польскае. Пераклаў Рыгор Барадулін.
Рыгор БАРАДУЛІН. Рымскі дыпціх. Узрушэньне. Яну Паўлу ІІ
ДЗЯКУЙ УСЯВЫІШНЯМУ!
Мне выпала адказнае шчасьце перакласьці на беларускую мову «Рымскі трыпціх» Яна Паўла II. Да 25-годзьдзя пантыфікату Папы пераклад быў выдадзены невялікім накладам пры дапамозе Беларускай Грэка- Каталіцкай Царквы.
Клопатам Апостальскага візытатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека мне падоліла зрабіць пілігрымку ў Вечны Горад, наведаць галоўныя базылікі, катакомбы, у якіх маліліся першыя хрысьціяне, а таксама беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё.
28 чэрвеня 2004 г. напярэдадні Сьвята апосталаў Пятра і Паўла Сьвяты Айцец Ян Павал II прыняў нас на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане. Я перадаў Сьвятому Айцу пераклад «Рымскага трыпціху» і прасіў у Папы Апостальскага блаславеньня для ўсіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія працуюць на разьвіццё беларускай хрысьціянскай культуры, працуюць на адраджэньне Беларусі.
Сьвяты Айцец пераклаў на мае рукі сваё блаславеньне, прыняў пераклад і падараваў мне асьвечаны ружанец. Варта было жыць, каб дапасьці душой да незвычайнай паэзіі Яна Паўла II, бо гэтаразмова зь Вечнасьцю, са Словам, гэта прачытаньне Вечнай Кнігі сьвятой душой.
Тое, што я адзін свой зямны дзень буду бачыць і чуць Сьвятога Айца, і ў велікодным сьне не марыў прысьніць. А тут - гаварыць з Рымскім Папам Янам Паўлам II, цалаваць яго пярсьцёнак.
Гэта дар Усявышняга. Гаварыў я з Папам па-беларуску, і ён добра разумеў нашую мову. Апамятаўшыся ад шчасьця, я ня ведаў, чым маю адзьдзячыць Ягонай Сьвятасці. Апостальскі візытатар для беларускіх грэка- католікаў архімандрыт Сяргей Гаек параіў напісаць «Рымскі дыпціх». І я закончыў дыпціх у мамінай хаце ў Вушачы і даў яму назву «Узрушэньне».
ДЗЯКУЙ УСЯВЫІШНЯМУ!
І
***
Укленчыць і прыпасьці да рукі,
Якая сьвет мудрэць дабраслаўляе.
Адчуць, як ціхамірацца вякі,
Як у душы зьняможанай сьвітае.
Прыняць ружанец з дарчае рукі -
Замроеныя пацеркі Сусьвету.
Пачуць сустрэчы голас трапяткі
Ўваскрэслы сьветла
Ў словах Запавету.
Сьцяжынай з-пад ускрыленай рукі
Ісьці, ані зважаючы на стому,
Да маладой нябеснае ракі,
Якая смутак і ўзьнясе на строму.
Бо багавейна нагадалі ксты,
Што недасяжна блізкі Дух Сьвяты.
***
Качае словы, быццам камяні,
А не таму, што падупаў гадамі.
Адзін ён чуе Голас вышыні
І думкі небакрылыя гайдае.
Ён бачыць нам нябачныя сьляды.
Ён Голас слухае душою нашчай.
Уся зямля -
Суцэльныя клады,
А мы яе вялічым хатай нашай.
Ён нашыя адмольвае грахі
У Звышняга.
І воляй незямною
Зло хоча супыніць,
Ды люд глухі
І дзякуй не сказаў
Дагэтуль Ною.
Сагрэты сном сусьветных завірух
У ім з'аблічваецца вышні дух.
***
Калодзежы сьвятла,
Як нашы вочы -
Калодзежы зьняверанага тла
Глядзяць у глыбіню
І па-сірочы
Чакаюць абяцанага сьвятла.
Яна халодная,
Зямля сырая,
- Надзейны схоў ад мітусьні зямной,
У вечную ўсыпальню забірае
Труну душы,
Спавітую маной.
Спавітую наіўным спадзяваньнем,
Што цень жывы
Свой цень перажыве.
Усе мы на зямлі самохаць вянем,
Зайздросьцім вечна маладой траве.
Здаецца, нашы цені ўжо былі
У катакомбах - зьвілінах зямлі.
***
Крыж - вольны птах
Застыглы на імгненьне,
Каб пераняць разнасьцежанасьць рук.
Цьвікі напоўняць болем кожны рух.
Саломай пераломіцца праменьне.
Паразумецца сподзеў і спакора
Пасьпеюць,
Быццам ядры спарыша.
І адляціць у немаведзь душа,
І захлыне мальбу людзкое мора.
І ўдалеч павандруюць небасхілы,
І хмарамі прыкінуцца сьнягі,
І ад зьнячэўнай роспачы й тугі
У птаха ціха анямеюць крылы.
Каб забыцьцё ня ведала мяжы,
Жагнаюць неба смутныя крыжы.
***
Сабе самому любіць сон прысьніцца.
Ня хочацца настрою быць старым.
Як воклічы,
Ўзляцелі камяніца,
Нябёсы ў здзіве выдыхнулі:
- Рым!
Тут Вечнасць прыдрамала на хвіліну.
Ўсяму жывому трэба перадых.
Спакою цяжка вырвацца з нахлыну
Гадоў і парыванняў маладых.
Зялёным сном пазасыналі стоды,
І Тыбр прыручаны пазелянеў.
Наблізіцца да ранішняй лагоды
Ня мае сьмеласьці ўначэлы гнеў.
Ратунак нашых душ, як пілігрым,
Шляхамі выраяў імкнецца ў Рым.
***
Белакрылы анёл
І анёл чарнакрылы.
Белакрылая чайка
І чарнакрылы кажан.
Дні відушчым сьвятлом
Маладзяць небасхілы.
Ночы змрокам сьляпым
Смутак зводзяць у зман.
Ад святла аддзяляў
Усявышні цямрэчу,
Надзяліў мілатой
Нашых воч прамяні.
І сьпяшаецца час
З досьвіткам на сустрэчу.
І хапае для зор
І для дум вышыні.
Белата з чарнатой
Узаемна жывыя.
Рэха збытлівых мрой
Б'ецца памяці ў скронь.
Завіруха рашучасьці
Ўзрушана вые.
Чым чарнейшая ноч,
Тым зырчэйшы агонь.
Прагне ўсё, што расьце,
Перш чым станецца тлом,
Як даўжэй быць аблашчаным
Ціхім сьвятлом.
***
Памаўчаць са здарожаным смуткам разам
Ля ўсыпальні пакутніка Язафата,
Адчуваючы, што незавершаным сказам
Замаўкаць пачынае жыццёвае сьвята.
Так, жыццё - гэта сьвята
Здаровага цела
І душы несуцешнай дасконная праца.
Ты наважыўся жыць,
А жыцьцё праляцела.
Хоць запомніць сябе хочацца пастарацца.
Радасьць мёртвая,
Толькі пакуты жывыя.
Вечнасьць вечная
Толькі сваім нябытам.
Праплываюць высока аблокі сівыя -
Сны сасьнёныя глыбіннадумным блакітам,
Толькі трываліць душу на пакуты.
Голас вернасьці верыць,
Што будзе пачуты...
ІІ
***
Высока ў небе слова птушкам лёсу.
Глыбока ў моры слова рыбам плёну.
Раздольна ў полі слова ветру славы.
Прароча ў ночы слова зоркам сноў.
Што не збылося, ўсё пераплялося.
А што збылося, шле хвалу палону,
Бо ў самаіснасьці палон ласкавы.
Наноў пачнецца сьвет
Са слова зноў.
***
І неўміручы памірае,
Каб уваскрэснуць. Жыцьцядар
Яму пялегваць давярае
Ў далонях
Зорнай жарсьці жар.
І покуль жар незадзіманы
Сузорыцца,
Жывы жыве.
Гараць вякам Хрыстовы раны.
Студзіць іх
Сум здалёк плыве...
***
Крыж і якар
На сьцяне ўсыпальні.
Прыляцелі душы на спачын.
Клопатаў зямных
Чаўны прысталі.
Толькі жалю жураўліны клін
У нябёсах змораных курлыча.
А ў застылай цішыні дарма
Немата забыты голас кліча,
Бо ня чуе ўжо сябе сама.
А пад сонцам
З мудрымі вякамі
Ані нагаворацца вятры.
І крыжы пасталі ветракамі.
Разьвінаюць крылы якары.
І крыжы, і якары на волі
Па сваіх памкненьнях сваякі.
І зьгінаюцца рукою долі
Ў дрэва росту ломкія сукі...
***
Канец такі ж небясьпечны, як і пачатак.
Ян Павал ІІ
Пачатак нецярплівы, трапяткі,
Яму хутчэй адбыцца нецярпіцца.
Крыніца, каб зьнямозе даць напіцца,
Сьпяшаецца прабіцца празь пяскі.
У дзюбах чорны сум нясуць крукі.
Жывіць сасну ня томіцца жывіца.
Завязвае развага вузялкі.
Дым думае, як пад аблокі ўзвіцца.
Канец спакойны, хочацца яму
Перахітрыць няўмольную куму
І ля цяпельца кайнасьці пагрэцца.
Час пасьвіць незьлічоных дзён гурму.
Няспыннасьць, пэўна ведае, чаму
Канцу з пачаткам новым не сустрэцца.
***
Як ішоў малады Хрыстос,
На зямлі ўсё жывое ня спала.
Не сьпяшаўся зьдзейніцца лёс.
Гамана цішэла падтала.
Як на Млечным Шляху,
Сьляды
На зьнямелым пяску гарэлі.
Адступаліся халады
І зямныя грахі старэлі.
Дзе ступаў,
Там сьвятло расло.
Дзе стаяў,
Сьмялела лагода.
Усьміхацца вучылася зло.
Быць шчасьлівай хацела нагода.
На зямлю
Сыйшоў назаўжды,
Каб наблізіць вечныя далі.
І сьвятыя Хрыстовы сьляды
Душы верніцкія захавалі.
***
Адразу з горада вечнага ў горад спаконны,
Дзе цягнуцца ў неба сумныя гмахі соснаў,
Да цябе прыйшоў я з паклонам,
Мама.
Ва ўсіх урачыстых бажніцах Маліў Усявышняга,
Каб душы тваёй паслаў супакой,
... Ты несла мяне да ксяндза,
гнанага бязбожнай уладай.
Касьцёлам трывожным было
Вушацкае наша неба.
І пасланы лёсам сьвятар
Сьвятлом сьвятога крыжа
Багаславіў мяне на дарогу ў Рым.
... І вярнуўся я зь пілігрымкі,
каб падзякаваць, мама, табе
і вушацкаму роднаму небу.
Словы, якія пачуў я
Ад айца сьвяцейшага ў Рыме,
Перакажу табе
Пры сустрэчы...
***
Можа, зь Беларусі гусі шэрыя
Рым уратавалі.
І таму так
На зьмярканні потайна вячэрае
Лустай поўні
Пілігрымскі смутак.
І нашчадкі тых гусей далёкія
Ў вырай рупяцца
Над нашым краем.
Думкі зьвечарэлымі аблокамі
Ўсьлед плывуць.
Анёлы трызьняць раем.
Тут спакоем
Сена сноў растрэсена.
Кнігаўка
Над кнігай лёсу плача.
-Рым! -
Рыпіць расчулена бярэзіна.
Шэпча стрыманы чарот:
- Ву - ша - ча...
Рым - Вушача
Ліпень - жнівень 2004 г.
[1] Усё адкрыта й адгорнута перад вачыма Ягонымі
[2] (лат.) Гэта , што чыстае,да нябеснага блізка , прыходзьце чыста апранутыя й рукамі чыстымі чарэпайце воды крынічныя.
[3] (лат. ) Ня ўвесь памру.
[4] (лат. ) Ты ёсьць Пётра.
[5] (лат. ) з ключом; сход кардыналаў для выбару папы
[6] (лат. ) Трох убачыў, але аднаму пакланіўся