Папярэдняя старонка: Літаратура

Цішук С. На вастрыні гісторыі 


Аўтар: Цішук Святлана,
Дадана: 08-09-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 56.



п'е с а

Лірычна-эпічная гісторыя са старажытных часоў
Цішук Святлана

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:


КНЯЗЬ, сталага ўзросту,

МАЦЕЙ, 25 гадоў,

ПАЛОНЯ, за 22 гады,

ЮЛІЯ, 16 гадоў,

АЛЯКСАНДР, каля 30 гадоў,

МАМКА, сярэдняга ўзросту,

БЛАЗАН, каля 40 гадоў,

ПРЫСЛУЖНІК,

ПРЫСЛУЖНІКІ, ВАЯРЫ,

ФАНАГРАМЫ гукаў, галасоў, музыкі, саборных званоў,

СВЯТЛО.


Падзеі адбываюцца напрыканцы 70-х гадоў 16 стагоддзя.


На сцэне: двор княжага замка.

Некалькі пар у ваярскім убранстве б'юцца мячамі, бердышамі, сякерамі, прыкрываючыся тарчамі.


ВАЯРЫ (молада, задзірліва): Гэй! Атрымай! Вось гэтак! Кось-кось! І табе ад мяне! Выбачай! О-то- то! Ліха цябе забяры! Не-не! Гуураа!!! Перамагу цябе...


Чуваць па бруку цокат конскіх капытоў і грукат колаў цяжкога вазка. Паволі ўваходзяць Князь, абапіраючыся на кіёк, і Мацей у падарожным адзенні.


МАЦЕЙ: Бачу, Ваша міласць, тутака ў вас усё без зменаў! Збройныя гульні...

КНЯЗЬ (прыпыняецца): Мусім трымацца разумных звычак! Моладзь мусіць гартаваць сваю моц, каб выжыць, каб падоўжыць свой век паміж драпежных ваярскіх зграяў!

МАЦЕЙ (спыняецца): I быць забітым у незлічоных крывавых бойках?! Як і ў цяперашней гінуць...

КНЯЗЬ: Гінуць! Гінуць дарагія нашаму сэрцу няўрымслівыя хлопцы! Хаця і ім можна з пашанай пакласці сваё маладое жыццё на крыж любай Айчыны!

МАЦЕЙ: За Айчыну можна!

КНЯЗЬ: Загінуць гэтак жа, як мае любыя сынкі, не паспеўшыя зведаць смаку доўгага чалавечага жыцця, не паспеўшыя пасталець...

МАЦЕЙ: Мае сябры-браты! Мае аднадумцы! Я з імі...

КНЯЗЬ: Загінуць гэтак жа,як і мае аднагодкі-прыяцелі ў мае далёкія маладыя гады, бурлівыя гарачымі недаравальнымі спрэчкамі і ваярскімі крывавымі бойкамі за свае землі...


Невысокага росту Ваяр спыніў двубой з сябрам, перадаў яму зброю і пайшоў да Князя.


ВАЯР (спыняецца): Татачка, што гэта за чарговая чужаземная птушка да нас заляцела? Ці з Італіі? Ці з Турцыі? Ці з Масковіі? Ці з...

КНЯЗЬ: А ты ўглядзіся! Можа пазнаеш?

МАЦЕЙ: Не пазнае!

КНЯЗЬ: Не дзіва! Ты не аказваўся ў нас на працягу доўгіх пяці гадоў!

МАЦЕЙ: Я, будучы падоўгу ў далёкіх краінах, рэгулярна пісаў і дасылаў вам з аказіяў свае падарожныя назіранні і ўражанні! І я цікавіўся вашымі хатнімі...

ВАЯР: Ага! Вядома!

КНЯЗЬ: I я ў сваіх адказах на твае змястоўныя, найцікавейшыя для мяне апісальныя падарожныя, заўсёды шчыра запрашаў цябе да нас! Каб ты не мінаў...

ВАЯР: Мы ўсе з цікавасцю чыталі вашыя падарожныя і шмат даведваліся...

КНЯЗЬ: Я хацеў бачыць цябе, як роднага сына! Асабліва пасля таго, як мае сынкі... абодва... (Выцірае слязу.)

ВАЯР (туліцца да Князя): Татачка! Не трэба...

КНЯЗЬ (адхіляе Ваяра): То ўжо йдзі павітайся з ім!

ВАЯР (здымае шышак, устрэсвае доўгія валасы): Я сардэчна вітаю вас на нашым падворку, шаноўны спадар Мацей!

МАЦЕЙ: Юлія?! Ужо не маленькая дзяўчынка, якая бегала за намі...

ЮЛІЯ: Ага! Я бегала за табой, за вамі, як смешнае ўлюбёнае шчаня за...

КНЯЗЬ: Калі гэта было? Тады трое маладых дзёрзскіх дзецюкоў, студэнтаў знакамітай навучальні, весела праводзілі вакацыі ў гэтым доме! А цяпер? Цяпер у мяне толькі адна Юлюшка...

Ваяры, бавячыся зброяй, выходзяць. Адзін Ваяр, аддае зброю сябру, а сам застаецца на месцы, здымае шышак.


ЮЛІЯ: Дарослая! Я ўжо не адзінаццацігадовая дурненькая дзяўчынка! Я ўжо...

КНЯЗЬ: Бачыш,якой яна ў мяне стала? А я, бы стары дуб, імкнуся сваімі слабеючымі сіламі прыкрыць малады, кволы дубок ад віруючых вакол яго маланак, навальніц... Ін спэ! З надзеяй на яе найлепшае будучае!

ЮЛІЯ: Я не кволая кветка! Я маю сілы, каб перамагчы кожнага, хто паспрабуе зняважыць мяне! (Надзявае шышак.)


Уваходзяць некалькі Прыслужнікаў, несучы ў руках і на плячах цяжкія размаляваныя скрыні і куфры.


КНЯЗЬ: Усё гэтае дабро нашага дарагога, доўгачаканага госця нясіце ў палаты! Яны прыгатаваныя для яго... Ды вы там асцярожней з паклажай!

ПРЫСЛУЖНІКІ: Слухаемся, Вашмосць! Але ж і цяжкая ношка! Чы малады пан з усіх земляў паназбіраў камянёў-круглякоў? I панакладаў у куфры...

КНЯЗЬ: Пагаварыце ў мяне! Нясіце! Ды лепш не спатыкайцеся!

ПРЫСЛУЖНІКІ (выходзяць): Цяжкая ноошкаа...

МАЦЕЙ: Не сярдуйце на іх! Вашыя паслугоўцы кажуць справядліва! Я не сумняваюся! Ды ўсё ж мушу іх папярэдзіць... Дарэчы, а ў маім багажы, сапраўды, нялёгкі цяжар!

ЮЛІЯ: Цікава, што вы прывезлі да нас?!

МАЦЕЙ: Я прывёз да вас і да Літвы шматлікія іншаземныя кніжкі, цікавыя прадметы з Грэцыі, з Венгрыі, з Балгарыі, з Турцыі і, канешне, з Італіі! Я сам асабіста быў на раскопах і пазнаходзіў там...

ЮЛІЯ: Гуураа!!! Будзе чымсьці новым, цікавым заняцца! Дзякуй вам, Мацей!

МАЦЕЙ: Я разлічваў на вашу цікаўнасць! Я вам усім хацеў зрабіць прыемнае...

КНЯЗЬ: Я неверагодна ўдзячны табе, Мацей!

ЮЛІЯ: Дзякуй! Дзякуй Вам ад усіх нас, Мацей!

МАЦЕЙ: Яшчэ ў Кракаўскім універсітэце мы з маімі лепшымі сябрамі, з Вашымі, Ваша міласць, Піліпам і Лукашам, марылі аб навучальных вандроўках па розных, аддаленых ад нас, землях!

КНЯЗЬ: Я ведаў пра запаветныя мары маіх... сыноў!

МАЦЕЙ: Мы марылі аб далучэнні да іншаземных ведаў і, схаванай у дрымучых пушчах, Літвы! Нашыя вандроўкі былі б карыснымі...

КНЯЗЬ (ціха плача): Ты, Мацей, застаўся жыць і за маіх сыноў! Ты застаўся адзін на яве здзейсніць і іхнюю мару! Я рады...

МАЦЕЙ: Сваімі далёкімі вандроўкамі па замежным краінам я, сапраўды, слугую і памяці маіх дарагіх, незабыўных ...

КНЯЗЬ (слёзы ў вачах): А мае любыя сынкі падарожнічаюць цяпер... толькі ў глыбокай цемрадзі... Эрэбавага царства! А ты, Мацей...

ЮЛІЯ (здымае шышак): Татачка, Вы далі мне слова, што не будзеце...

КНЯЗЬ (выцірае вочы): Слова! Яго можна і стрымаць у сабе, прыціскаючы цяжкім каменем, які ляжыць на гаротным бацькавым сэрцы! Дзе толькі ўзяць сілаў?

МАЦЕЙ: Ваша міласць, і я гарую разам з Вамі!

КНЯЗЬ: Нялёгка...

МАЦЕЙ: Я з далячыні прасіў прабачэння ў маіх сяброў-браткоў! Я не быў поплеч з імі ў іхнім смяротным баі за Айчыну! Несканчоная Лівонская вайна!

ВАЯР (падыходзіць да Князя): Князь, я прагну пазнаёміцца з Вашым новым госцем!

КНЯЗЬ: Канешне! Знаёмцеся! Мацей, гэта во княжыч Аляксандр! Ён гасцюе ў нас.

АЛЯКСАНДР: Вы, Мацей са Стрыкава! І мне давялося чуць пра вашыя далёкія падарожныя вандроўкі! І пра, хвалюючыя грамадства, напісаныя вамі Трактаты! Вітаю вас тут! Банжур! Гутэн таг! Хаў ду ю ду, вам!


Мацей і Аляксандр рукаюцца.


ЮЛІЯ: Гэта княжыч Аляксандр у нас госць? Ды ён тут атабарыўся...

АЛЯКСАНДР (падыходзіць да Юліі): Юлюшка, Вы хочаце пакрыўдзіць мяне? А я...

КНЯЗЬ: Я думаў, што мая дачка ўжо дарослая! Гасцінныя гаспадары не гоняць госця з двара, ці ён прыбыў на кароткі дзень, ці на доўгія месяцы!

ЮЛІЯ: Але ж ён прыжыўся ў нас, як безмаёмасны прымачына! Я праўду кажу! (Выбягае.)

КНЯЗЬ: Княжыч, выбачайце ёй, калі ласка! Яна ж у мяне яшчэ неразумнае дзіця...

АЛЯКСАНДР: Князь, не прымайце да сэрца!

КНЯЗЬ: Мне сорамна за маю неразумніцу! Даруйце ёй, княжыч!

АЛЯКСАНДР: Я, сапраўды, пачуваю сябе ў Вашым светлым, прыветным доме лепш, чым у родным! Я прызнаюся, што ля Вас я перапоўнены лагоднымі пачуццямі, як вадою чыстая гаманлівая рэчка ля сценаў Вашага замка!

МАЦЕЙ: I я ўсім сэрцам далучаюся да вашых слоў, Аляксандр! Дарэчы, мясцовая рэчка нават шырэйшая за раку Маскву, на берагах якой я бываў, будучы ў стольным градзе Маскве!

КНЯЗЬ: Вы абодва сцяплілі маё зхаладалае сэрца... Я рады вам,так бы мовіць!

МАЦЕЙ: У шчаслівыя часы майго навучання я неаднойчы наязджаў сюды разам з сынамі Князя... Незабыўныя, шчаслівыя, вясёлыя часы бавілі мы тут!

КНЯЗЬ: Мацей, і я прывеціў цябе, як вартаснага сябра маім сынам! І я сам схіліў маё сэрца перад тваім, ужо тады бачным, неюнацкім розумам!

МАЦЕЙ: Потым я бываў тут, калі нёс нядоўгую службу ў Віцебскім палку! І калі ехаў з Масквы, дзе быў з пасольствам ...

КНЯЗЬ: Мацей цікава, дэталёва апавядаў нам пра бачанае ім у замежных вандроўках! Пра звычкі, норавы, побыт невядомага нам люду...

АЛЯКСАНДР: Я ўжо заўважыў, што спадар Мацей і Вам, і Юлюшцы не чужы!


Уваходзяць хуткім крокам Мамка і Палоня, вытанчана апранутая. Яны падыходзяць да ўсіх.


ПАЛОНЯ: Дзядзя! Аляксандр! Нарэшце мы ўсе дачакаліся нашага любага падарожніка! Павітаемся? (Цалуе Мацея ў вусны.)

МАЦЕЙ (адступае ад Палоні): I я вельмі рады бачыць вас усіх ...

МАМКА: Ай! Якім жа стаў дарослым і паважным! Хаця мінулі доўгія гады - рады, аднак твае лісты-вестуны не давалі нам запамятаваць пра нашага любага стрыкуна! Я малілася за цябе, Мацейка! Я жадала табе... (Хрысціцца.)

МАЦЕЙ: Дзякуй, табе, Мамка!

МАМКА: Мо і ты не забыўся былой ласкі ад Юлюшкінай мамкі?

МАЦЕЙ (абдымае і цмокае Мамку): Я ніколі, нідзе не забываў: ні гэты гасцінны, утульны дом, ні вас усіх... Я ўспамінаў!

ПАЛОНЯ: Успамінаў? Нудзіўся? Гэта мы Вас успаміналі! Гэта мы Вас чакалі, прыслухоўваючыся да кожнага грукату колаў падарожнага вазка!

КНЯЗЬ, МАМКА: Ён памятаў!Мацей з маладых гадоў памятлівы сэрцам! Так бы мовіць...

ПАЛОНЯ: Не веру я, што ўдалячыні ад нас ён, купаючыся ў аксамітавых уражаннях, памятаў аб нашым сціплым местачковым існаванні! Хаця...

КНЯЗЬ: Палоня, не папікай Мацею! Ён праехаў да нас няблізкі шлях і...

МАЦЕЙ: Прыбываючы ў іншаземны край, я прывозіў туды маю мілосць да сваёй роднай зямлі! Для яе я дабрасумленна дбаў, выконваючы каралеўскую службу ў пасольствах!

КНЯЗЬ: Ён не ілжэ!

МАЦЕЙ: I я не цураўся мясцовага люду! Я цікавіўся мастацтвамі, літаратурай ...

ПАЛОНЯ: Шчаслівец! Як то добжэ... Ён бачыў, сузіраў адметны ад нашага свет! Зайздрошчу!

АЛЯКСАНДР: А для мяне працяглыя стамляльныя вандроўкі і, асабліва, калупанне ў людскім брудзе, у яго смуродзе - не мая стыхія! Агідна!

МАЦЕЙ: I ў замежных землях я быў неабыякавым сведкам вар'яцкіх адносінаў уладароў да прыгнечанага імі паспалітага люду! Хаця кожны чалавек прыходзіць у свет з роўнымі правамі...

МАМКА (хрысціцца): Шкадую просты няшчасны люд...

АЛЯКСАНДР: Я не згодны з вамі, сээрр, мес'ё, дэр геерр! Мае падданыя не могуць быць са мной роўнымі ў правах!

КНЯЗЬ: На жаль, не ўсе ўладары ды князі клапоцяцца аб жываце сваіх падданых хаця б так, як у пушчы дзікі звер дбае аб сваім статку! Так бы мовіць...


Убягае Юлія, апранутая ў ваяра, але без шышака. Яна падбегла да Мамкі і пашапталася з ёй.


МАМКА: Я шмат удзячная табе! І я цябе шкадую! Пабегла б ты, Юлюшка, ды пераапранулася ў дзявочае ўбранне...

ЮЛІЯ: Адчапіся!

МАМКА: Зірні! Да нас такі пажаданы малады госць завітаў можа на тонкую саломінку-хвілінку, а ты яго сустракаеш ў вайсковым строі! Нягожа...

ПАЛОНЯ: Юлія ў нас не вытанчаная паненка, а...

ЮЛІЯ: А ты...А ты...

КНЯЗЬ: Дзяўчаты, зараз жа змоўкніце!

ПАЛОНЯ: Дзядзечка, гэта не я вінаватая! Гэта ваша любая дачушка не ўспрымае...

МАМКА: Пасаромцеся госця! Вам яго трэба сустракаць каханнем, а не...

ЮЛІЯ (цмокае Мамку): Я пабегла пераапранацца!

МАМКА (кладзе крыжы ў бок Юліі): Вось і добра! Бяжы, мая галубка!

АЛЯКСАНДР: Няўжо трэба дзявочым каханнем сустракаць гэтага запыленага з ног да галавы, змэнчанага далёкімі вандроўкамі? Не разумею...

МАМКА: Ды ўжо ж!

КНЯЗЬ,ПАЛОНЯ: Мацей варты кахання!

МАЦЕЙ: Дзякуй вам на добрым слове, мае даражэнькія сябры! Я...

АЛЯКСАНДР: Вы да яго з асаблівым замілаваннем, а ён праз дзень-другі пакіне вас, як няўдзячны...

ПАЛОНЯ (бярэ Мацея пад руку): Няўжо хутка ад'едзеце? А мы...

МАМКА: А мы яму, як жарэбчыку, спутаем ногі, каб не ўскакаў ад нас! Ад дзяўчатак нашых.

МАЦЕЙ: На гэты раз, мае дарагія, я з'еду ад вас толькі тады, калі надакучу вам, і вы самі выпхнеце мяне!

ПАЛОНЯ: Не маніце?

МАМКА: Я ўжо патэпаю, паўзіраюся тамака на Юлюшку... Мо дапамагу ёй прыбрацца... Бывайце, спадары паны! (Робіць паклон, выходзіць.)

АЛЯКСАНДР: Гэтая Мамка заўсёды сунецца туды, дзе ёй не месца!

КНЯЗЬ: Мамка дабрэйшая частка нашага дому! Яна выгадавала, дагледзела, як найклапатлівейшая курка-маці ўсіх маіх дзяцей...

ПАЛОНЯ, МАЦЕЙ: I мяне!!!

АЛЯКСАНДР: Усё, усё! Я маўчу!

КНЯЗЬ: Мацей, ты, сапраўды, застанешся ў нас? Ці...

МАЦЕЙ (адступае ад Палоні): Я паставіў ужо вялікі крыж на маёй вартасці для каралеўска-вялікакняскай службы!

КНЯЗЬ: Няўжо ты прыняў рашэнне?

МАЦЕЙ: Прыняў канчаткова! Бо па маім звароце з Канстанцінопаля, сам Кароль Рэчы Паспалітай забіў ува мне жаданне служыць! Феніта ла камедыа! Я не шкадую...

КНЯЗЬ: Ты бона фінэ, добрасумленна, шчыра паслугаваў не толькі Каралю, але і сваёй Айчыне! Можаш ганарыцца, мой хлопчык! (Абдымае Мацея на хвілінку.)

МАЦЕЙ: Зараз у мяне дастане часу пісаць Гісторыю! Матэрыялаў у мяне...

КНЯЗЬ: Ты пісаў нам, што твае трактаты "Аб свабодзе Польскай і Вялікага Княства Літоўскага" і "Аб жорсткіх прыкладах няволі іншых каралеўстваў пад тыранствам Турцыі" наш Кароль успрыняў адмоўна!

МАЦЕЙ: Звышадмоўна! Яму не да спадобы...

КНЯЗЬ: Яму не спадабалася, што ты, яшчэ малады чалавек, а раіш самому, так бы мовіць...

АЛЯКСАНДР: Вялікім асобам не падабаецца, каб іх павучалі знізу нейкія там...

КНЯЗЬ: Шмат гаспадароў не прымаюць на дух слушных парадаў ад сваіх падданых!

АЛЯКСАНДР: А Вы, шаноўны Князь, не цураецеся ні надакучлівых разумнікаў, ні шалёных вынаходнікаў-майстроў, ні ...

КНЯЗЬ: Бо яны людзі з адметным розумам! Паслухаць гэткіх людзей - самому стаць багацейшым на розум!

МАЦЕЙ: Дзякуй Вам, дарагі Князь, за Вашу вялікую чалавечнасць! І Вы мяне...

КНЯЗЬ: Годзе вам! Кажуць, што кагось ухваляць - толькі псаваць!

МАЦЕЙ: Мы выказваем Вам нашу павагу і ўдзячнасць, бона фідэ!

АЛЯКСАНДР, МАЦЕЙ: Шчыра!!!

ПАЛОНЯ: Дзядзечка, мы Вас усе, усе любім, як найцудоўнейшага...

КНЯЗЬ: Я кажу вам: даволі! Вось любы нашаму сэрцу Мацей прыбыў пад наш дах і, я думаю, што ў цішы нашых ахоўных сценаў ён будзе пісаць...

МАЦЕЙ: Я занатую праўдзівыя падзеі вялікай Гісторыі! Я апішу...

АЛЯКСАНДР: Вы, як слынны грэк Ксенафонт, які напісаў дзеля наступных пакаленняў "Грэчаскую гісторыю"! Някепска! Аднак я...

ПАЛОНЯ: Някепска ведаць мінуўшчыну і свайго краю і іншых... Вельмі захапляльна чытаць!

АЛЯКСАНДР. I я не супраць пачытаць...

ПАЛОНЯ: А я чытала Мацеева "Апісанне Еўрапейскай Сарматыі"! Дарэчы, аўтарства якой нахабна прысвоіў сабе Мацеяў ганебны начальнік з Віцебска, падмануўшы нашага маладзенькага Мацейку!

МАЦЕЙ: Я даў яму рукапіс на прачытанне, а ён...

КНЯЗЬ: Сярод сыноў Адама хапае мярзотнікаў!

ПАЛОНЯ: Фу, на іх! І я, Мацей, чытала яшчэ ваш "Веснік дабрачыннасці", у якім вы даеце добрыя парады магутным уладарам, каб і яны...

КНЯЗЬ: Веданне гісторыі продкаў, якую даносяць да новых людзей гісторыяпісцы - гэта таксама парады для выбару новымі людзьмі жыццёвага кірунку ў свядомасць, у разумныя, а не дурныя дзеянні!

АЛЯКСАНДР: А ў мяне ў дадзены час адзіны кірунак - сардэчны інтарэс!

ПАЛОНЯ: Інтарэс да...


Убягае, звонячы ў званочкі, Блазан.


БЛАЗАН (спыняецца ля Мацея,дастае з кішэні невялікі ручнічок, разгортвае яго і сцеле на зямлю ля ног Мацея, спявае):

Прывітанне! Прывітанне!

Прыкаціў Мацей... Спатканне.

Мы разгортваем ручнік,

Каб Мацей ад нас не знік!

Будзь ласкавы, станавіся!

Бы анёлік прызямліся!

МАЦЕЙ (узыходзіць на ручнік): Дзякуй табе, Блазне! Рады бачыць цябе!

БЛАЗАН (бегае вакол Мацея, звоніць у званочкі):

I я рады, рады, рады...

Сэрцам ты князю не здрадзіў!

Ты знайшоў сюды дарогу.

Дзякуй, дзякуй, дзякуй Богу!

КНЯЗЬ, ПАЛОНЯ: Не здраадзііў...

МАЦЕЙ (сыходзіць з ручніка): Блазне, я памятаў і пра цябе з тваім незласлівым гумарам! У маім багажы і для цябе ёсць некалькі падарункаў з да Італьяна...

АЛЯКСАНДР: Пашчасціла табе, Блазне! З гэткай далячыні везці і для цябе...

БЛАЗАН (спыняецца):

Дзякуй, дзякуй! Я шчаслівы!

Цяжка везці ганарлівасць.

Ну, а з лёгкай дабрынёй

Шлях лягчэйшы і зімой!

КНЯЗЬ: Справядліва кажаш, мой Блазне!

АЛЯКСАНДР: Можна паспрачацца...

ПАЛОНЯ: Кінь, княжыч! Нашага Блазна мо ніхто ў свеце не перагаворыць!

БЛАЗАН: У самую сярэдзіну трапіла, шаноўная! Дайце пацалаваць Вашу непараўнальную ручку! ( Мкнецца ўзяць руку Палоні.)

ПАЛОНЯ (махае рукой на Блазна): Адчапіся! Пайшоў ад мяне! Дзядзечка?!

КНЯЗЬ: Блазне, адыдзі ад Палоні! Ёй трэба ісці папільнаваць кухароў, каб...

ПАЛОНЯ: Дзядзечка, я прасачу, каб да абеду дзічына была добра прасмажаная, каб начынне да гусак і качак было зроблена па рэцэптах, каб тарты былі ўпрыгожаныя мігдалем, каб віны падабралі венгерскія, балгарскія...

БЛАЗАН (торгае Палоню за спадніцу): Клапатлівіца - гаспадынька ў дзядзячкавым дамку!

ПАЛОНЯ: Пайшоў прэч, надакука! А вы тут, дзядзечка, не затрымлівайцеся! (Павольна выходзіць.)

БЛАЗАН: Хоць злуецца завіруха, цэлы я і маё бруха!

КНЯЗЬ: Сапраўды, хадземце! Мацею трэба змыць з сябе падарожны пыл і пераапрануцца...

БЛАЗАН (падымае ручнік і суне яго ў кішэню):

Хай ручнік ідзе дахаты...

Ён не любіць сваркі-звады...


У багатым ружовым дзявочым убранні ўваходзіць Юлія, а за ёю Мамка.


МАЦЕЙ: Юлія?! Няўжо гэтая чароўная прыгажуня - Юлія?


Юлія і Мамка падыходзяць да ўсіх, спыняюцца і робяць паклон.


АЛЯКСАНДР: Для мяне яна ніводнага разу не апранулася гэтак прыгожа...

МАЦЕЙ: Неверагоднае пераўвасабленне! Не чакаў...

МАМКА: У каго ёсць вочы, той бачыць!

АЛЯКСАНДР: I я бачу...

БЛАЗАН (спявае):

Для ўлюбёнага дзяўчына

З быльнягу стане шыпшынай

I ружовай, і духмянай...

Твар каханай без заганы!


Уваходзіць Палоня, спыняецца ля ўсіх.


ПАЛОНЯ: Сталы накрытыя ў зале, а вы ніяк не разыдзецеся?! Юлія?! На каго ты падобная? Ніякага густу! І ружовы колер не пасуе табе!

МУЖЧЫНЫ: Ёй усё да твару!

МАМКА: А чорная зайздрасць не ўпрыгожвае на выгляд нават самую прывабную паненку!

ПАЛОНЯ: Гэта ты ў мяне сваімі нямоглымі сіламі камень шпурляеш? Ды я ведаю, што ты акрамя тваёй Юлюшкі...

КНЯЗЬ: Палоня, супакойся! Усё, хадземце ўжо ў дом! Мацей, цябе праводзяць да гваіх палатаў...


Усе ідуць да выхаду.

Насустрач ім выбягаюць некалькі Ваяроў са зброяй .

Зацямненне. (Можна без зацямнення змяніць дэкарацыі.)


Чуваць лязгат зброі і воклічы: Князёўна! Княжыч! Мы чакаем вас!


Запальваецца святло. На сцэне інтэр'ер бібліятэкі: невялікая канапа, пісьмовы стол, на якім тоўстыя кніжкі, стос паперы, пісьмовыя прыналежнасці, малы столік, на якім посуд з фруктамі, ласункамі, напоямі, шахматны столік, на якім дошка з расстаўленымі шахматамі, ля шахматнага століка дзве лавачкі ці банкеткі.


Палоня паўляжыць на канапе, трымаючы кніжку. Мацей сядзіць за сталом, гартае кніжкі, піша.

ПАЛОНЯ: Мацей! Можа зробіце перапынак? Можа звернеце ўвагу...

МАЦЕЙ (піша, падымаючы калі-нікалі вочы на Палоню): Даруйце, Палоня! Мне катастрафічна не хапае нават дваццаці чатырох гадзінаў на суткі, а Вы кажаце: адпачні!

ПАЛОНЯ: I адпачніце! І паўзірайцеся наўкола сябе!

МАЦЕЙ: Нее... Мне трэба прачытаць, цікавыя мяне, мясцііныы... Мне неабходна хутчэй занатаваць тое, што прыйшло на мае думкі...

ПАЛОНЯ: Бардзо мі пшыкра, што Вам не хапіла і амаль трох гадоў, на працягу якіх Вы наведваеце наш замак! Вы прыязджаеце да нас толькі дзеля нашай багатай бібліятэкі! Вы...

МАЦЕЙ: Не спрачаюся! Хаця я...

ПАЛОНЯ: Вам недастаткова, што вы з Сымонам Будным з Нясвіжа і з Воланам пераклалі з лаціны і надрукавалі ў друкарні вашых родзічаў вялікі трактат Маджэўскага "Аб выпраўленні Рэчы Паспалітай"? Вам...

МАЦЕЙ: Недастаткова! Мне трэба крыкам пісаць дзеля людзей! Дзеля ўзвышэння іхняй чалавечай годнасці! Дзеля іхняга самавыяўлення!

ПАЛОНЯ: Аах! І я люблю разумную кніжку! Як калісь напісаў Кірыла з Турава, розум кніжкі саладзейшы за мёд! Я згодная...

МАЦЕЙ: Чытаючы, усе дысцымус, вучацца!

ПАЛОНЯ: Я з асалодай чытаю і ідылічныя "Буколікі" Віргілія, і лірычныя санеты Пятраркі, і любоўныя элегіі Авідзія, і вашыя...

МАЦЕЙ: Я вельмі ўдзячны шаноўнаму Князю і вам, дарагая Палонія,што вы першыя мае чытачы, чуллівыя крытыкі і паважныя дарадчыкі!

ПАЛОНЯ: Вы ўдзячны нам?! А Вы сам... А Ваша душа...

МАЦЕЙ: А мая душа ціраніць, прысільвае мяне працаваць, праацаавааць, не сочачы за часам, за цікаўнымі...

ПАЛОНЯ: Так Вы не ўгледзіце ні вачэй, ні душы, закаханай у Вас, дзяўчыны!

МАЦЕЙ: Шкода! Аднак я мушу збіраць па бібліятэках матэрыялы для напісання маёй "Кронікі Польскай, Літоўскай, Жмудскай і ўсёй Русі"

ПАЛОНЯ: I мае шматгадовыя далікатныя, пяшчотныя пачуцці нябачныя Вам...


Убягае Юлія, апранутая ў ваярскае адзенне, але з непакрытай галавой.


ПАЛОНЯ (сцішана): Агідная ваярка! Яе толькі не хапала тут! (Да Юліі.)

Па якой гэта прычыне наша ўсімі любая князёўна спадобілася пакінуць свае недзявочыя ваярскія гульні і завітаць у высокі храм літаратуры?

ЮЛІЯ: Я забегла да вас,бо вы ўсё гарбееце над кніжкамі, а некаторыя і над гэтым пісьмовым сталом:

ПАЛОНЯ: Вядома, хто гарбее!

ЮЛІЯ: Я жадаю зараз жа выцягнуць вас з гэтага затхлага скляпення на чыстае, празрыстае вераснёўскае паветра! Гайда са мной! Хопіць вам...

МАЦЕЙ (устае, падыходзіць да Юліі): Юлія, дзякуй Вам,што вы завіталі да нас! Якраз мне трэба з Вамі...

ПАЛОНЯ (устае, ідзе да стала, кладзе кніжку): О-о-о! Мацей? Ты, дарагая наша Юлінька... А Вы, Мацей...

ЮЛІЯ: Мацей, дык ідземце са мной! Нельга больш любіць кніжкі,чым...

МАЦЕЙ: Я люблю, аднак...

ПАЛОНЯ: Мацей, мне сорамна за Вас! Па першаму поклічу ...Юліі Вы, як цыркавы баран ускокваеце і стрымгалоў кідаецеся выконваць яе не вельмі ўжо і шляхетнае пажаданне! Вы ж не такі лёгкадумны, як...

МАЦЕЙ: Палонія, Вы несправядлівы! Наша любая князёўна Юлія не цураецца ведаў ні ў грамадзянскіх навуках, ні ў мастацтве...

ПАЛОНЯ: У яе ўсе веды - лёгкія матылькі на кветніку! А я...

МАЦЕЙ: Дарэмна Вы...

ЮЛІЯ: Маю стрыечную сястрычку старыць зайздрасць да мяне! Бо я...

ПАЛОНЯ: Ты... Ты... Ды я не старэйшая за Мацея! І ў нас з ім...

ЮЛІЯ: А нашаму любаму Мацею на дванаццаць гадоў болей, чым мне! Так?

МАЦЕЙ: Справядліва! Аднак, Юлюшка, Вы клікалі нас... I Вы пойдзеце з ёю?

ПАЛОНЯ: А я перад Вамі...

ЮЛІЯ. Уга, Палонячка! Мне шкада цябе! Хадземце ўжо, Мацей!


Мацей і Юлія выходзяць.


ПАЛОНЯ (корпаецца ў паперах Мацея і, дастаўшы спісаны ліст, моўчкі чытае яго): Ааа! Неверагодна! Гэты ліст да Юліі... Мацей, мой любы Мацей напісаў ёй, ёй, гэтай зпеставанай высокім становішчам і багаццем... Ён прама кажа, што кахае яе! Яе, а не мяне! Не мяне, якая пакланяецца яму, як Богу! Ува, якія прыгожыя, узнёслыя словы ён піша... Але ж не для мяне гэты яго слоўны мёд! Стоп! У лісце Мацей не называе імені Юліі... Гэта мой шчаслівы шанец!


Уваходзіць Мамка.


МАМКА: Палонюшка! З чаго гэта ты расчырванелася больш за ружу? Няўжо ты нарэшце атрымала чаканую табой прапанову? У гэтым лісце...

ПАЛОНЯ (бярэ сваю кніжку і кладзе ў яе ліст): А табе, Мамка, абавязкова трэба пра ўсё і пра ўсіх ведаць?! Ты, бы старажытны прывід, сноўдаешся па замку!

МАМКА: Ты, Палонюшка, чымсьці моцна раздражнёная... Мо...

ПАЛОНЯ: Можа і раздражнёная! Увогуле, цябе ды і іншых прыслужнікаў не павінна турбаваць...

МАМКА: Як жа гэта я не магу хвалявацца за цябе? Ды ты ж для мяне...

ПАЛОНЯ: А мне тваё хваляванне...

МАМКА: Калі ты, Палонюшка, засталася няшчаснай сірацінкай пасля смерці тваёй слабой на здароўе матулі і пасля няўдалага палявання на зубра твайго таткі, любага брата нашага Князя, то Князь не пакінуў цябе ў тваім сіроцтве...

ПАЛОНЯ: Хопіць мне нагадваць! Ты...

МАМКА: I наш добры Князь узяў цябе ў свае харомы і прыставіў мяне да цябе, Палонюшка! А потым я пры Юлюшцы... І яе матулю неспадзявана забраў да сябе Бог! Неймавернае гора было нашаму любаму Князейку...

ПАЛОНЯ: Я кажу табе змоўкнуць!

МАМКА: Вось Юлюшка ўжо вырасла, але не пагарджае сваёй Мамкай, як ты! Яна памятае...

ПАЛОНЯ: Усё Юлюшка ды Юлюшка! А я...

МАМКА: З нейкай злой прычыны ты часцей і часцей раздражняешся! Дапамажы табе, Божа, супакоіцца і... (На адлегласці хрысціць Палоню.)

ПАЛОНЯ: Я не дазваляю табе... Я для цябе цяпер высакародная паненка, а не...

МАМКА (згінаецца ў паклоне): Высакародная паненка Палонія...


Уваходзяць Князь і Блазан, спыняюцца.


БЛАЗАН: Мамка?! Ты што гэта? Няўжо з-за сваёй любові да нашай разумніцы паненкі Палоні, ты ўжо пераўвасобілася ў мяккую лаўку для яе?

КНЯЗЬ (дапамагае Мамцы разагнуцца): Палоня, з якой прычыны твая Мамка была перад табой у прынізлівай паставе, як звычайная прыслужніца?

ПАЛОНЯ: А хто яна як не паслугоўка? Надакучыылаа...

БЛАЗАН: Наша слічная паненка Палоня і руку пагрэбуе падаць сваёй Мамцы, каб тая разагнула здранцвелую спіну!

МАМКА: Нічога! Мяне не ўбудзе! І крыўда не бруд, які трэба змываць вадою! Палоня...

КНЯЗЬ: Палоня, ты мяне непрыемна ўразіла! Не чакаў я ўбачыць ад цябе...

ПАЛОНЯ: Ды я... Адчапіцеся вы ўсе ад мяне! (Шпарка выходзіць.)

БЛАЗАН: Пабегла! Здаецца, ніхто не абварыў яе крутым кіпенем!

КНЯЗЬ: Штосьці неверагоднае дзеецца з маёй ураўнаважанай, разумнай пляменніцай! Не разумею...

БЛАЗАН (спявае):

Бы за пазухай у Бога,

Сіраціначка жыве.

Злосцю точыць яна рогі,

Каб пырнуць цябе, мяне!

МАМКА (хрысціцца): Пашкадуй, Божа, сірату тваю Палоню! Дай ёй, Божа... Пайду адшукаю яе! Суцешу... Распытаю... (Выходзіць.)

БЛАЗАН: А мяне нешчаслівага ніхто не сагрэе цяпельцам шкадавання!

КНЯЗЬ: Незвычайная нервовасць Палоні дзівіць мяне! Не разумею...

БЛАЗАН: Шаноўная нездагадлівасць, Вы самі збудавалі мураванку прэцэдэнта!

КНЯЗЬ: Пра што ты?

БЛАЗАН: Нашай паненачцы Палоні ўжо набегла амаль трыццаць немалых гадкоў, а яна ў нас ні малжонка, ні матка, а аголеная ўзімку галінка здранцвелай ад зімовых маразоў яліны! Ёй сцюжна і пад гарачым сонцам, і ...

КНЯЗЬ: Ты, менавіта, ведаеш, што тут маёй віны няма! Яна сама нізавошта не згаджалася ісці пад вянец ні з адным самым прыстойным жаніхом!

БЛАЗАН: А Вам, Ваша мяккасць, трэба было ў спрыяльны момант і прысіліць яе дзявочую неразумнасць!

КНЯЗЬ: На жаль, я не здольны прысільваць сваёй воляй дарагіх майму сэрцу людзей! Я...

БЛАЗАН: Калі ляйчыны аслабляць, каня ў шаленстве не стрымаць!

КНЯЗЬ: Вядома...

БЛАЗАН: Дарэчы, Ваша асляпенства, як я пільна падгледзеў, наша паненка Палоня ўжо доўгую нізку гадкоў сохне па любаму намі спадару Мацею!

КНЯЗЬ: Я згодны, што іх абодвух блізіць любоў да чытання кніжак, да гісторыі...

БЛАЗАН: А наш шаноўны пан Мацей з сваіх блакітных вачэй пускае гарачыя стрэлы Амура зусім у іншым кірунку ад бядачай Палоніі!

КНЯЗЬ: У якім гэта іншым кірунку?


Уваходзіць Прыслужнік.


ПРЫСЛУЖНІК (робіць паклон): Ваша міласць, ужо ўсе спадары з'ехаліся... Вас чакаюць у зале!

КНЯЗЬ: Хадзем! Бо справы, якія нас тычацца, не павінны доўга чакаць!


Князь і Прыслужнік выходзяць.

Блазан бярэ яблык і садзіцца да шахматнага століка, есць яблык і перастаўляе шахматныя фігуры.


БЛАЗАН: Справы грамадства! Складаныя справы! Але, дзякуй Богу, наш з розумам у галаве Князь добра дбае пра іх. Бог даў нашаму ўладнаму Князю справядлівае сэрца. Князь сурова патрабуе з сваіх намеснікаў, каб у яго вотчыне мелі моц законы і правы для ўсяго люду! Аднак...

(Кладзе недаедак яблыка, п'е напой, ідзе да канапы і кладзецца на яе, заплюшчвае вочы.)

Пакуль у гаспадароў няма патрэбы ў камедыянце - Блазне, то я ўжо сам сабе дазволю трошачкі, з верабейкаў нос, пакімарыць!


Уваходзяць Мацей і Юлія, апранутая ў ваярскае адзенне, але з непакрытай галавой. Яны спыняюцца.


МАЦЕЙ: Каханая мая, Юлюшка, паверце, што я Вам не хлушу!

ЮЛІЯ: Даруйце мне, неразумнай дурнічцы! Я марыла аб Вас! Я чакала! Я спадзявалася! І вось...

МАЦЕЙ: Я адкрыў вам сваё, вельмі закаханае вас, сэрца! Я...

ЮЛІЯ: А я, менавіта, чакала, што Вы іначай скажаце мне пра свае мілосныя пачуцці да мяне!

МАЦЕЙ: Як гэта іначай?

ЮЛІЯ: Па-рыцарску! Па...

МАЦЕЙ (апускаецца на адно калена, цалуе руку Юліі): Я вельмі, вельмі моцна кахаю Вас, мая найсвятлейшая князёўна! Вы адна для мяне...

ЮЛІЯ (апускаецца на адно калена, дае другую руку Мацею): I я... І я горача, горача кахаю толькі Вас, Мацей! Толькі Вы адзін для мяне...


На канапе заварушыўся Блазан.


МАЦЕЙ, ЮЛІЯ (ускокваюць,раздымаюць рукі): Блаазаан?!

МАЦЕЙ: Не хвалюйцеся! Бачыце, ён моцна спіць, як пасля ўдалага продажу каня на вялікім торжышчы! Бачыце, ён і вухам не павёў!

ЮЛІЯ: Не чуе? Не бачыць? Ну, няхай яго, спачывае! А мы хадземце адсюль! Нам не патрэбны сведкі, хаця б і сонныя!


Мацей і Юлія выходзяць,узяўшыся за рукі.


БЛАЗАН (расплюшчыў вочы): Ха-ха! Увача відку перада мной гучалі пяшчотныя галасы сапраўд нага кахання! А во! Нехтачкі ідзе сююдыы?! Няўжо каханкі вяртаюцца? (Устае, хаваецца за спінку канапы.)


Уваходзяць Палоня і Аляксандр, апрануты па-святочнаму.


АЛЯКСАНДР (падыходзіць да стала): Відаць, тут нехта актыўна пісаў!

ПАЛОНЯ (падыходзіць да Аляксандра): Тут піша, занатоўвае новыя гісторыі Мацей Асастэвічус! Яго не спыніць! Хаця ён ужо і напісаў цікавейшы Слуцкі летапіс, аднак...

АЛЯКСАНДР: Гэты адпеты вандроўнік-гісторык яшчэ ў вас? Штосьці ён затрымаўся!

ПАЛОНЯ: На жаль, на працягу трох гадоў Мацей толькі час ад часу наязджае да нас...

АЛЯКСАНДР: I з якой такой патаемнай прычыны ён яшчэ карыстаецца ласкай, апекаваннем дабрадзейнейшага з князёў?

ПАЛОНЯ: Шмат прычынаў! А майму дзядзечку з Мацеем цікава разважаць аб усім на свеце! Яны разумеюць адзін аднаго! Яны думаюць анолькава! Яны...

АЛЯКСАНДР (садзіцца да шахматнага століка, перабірае фігуры): Нехта гуляў у шахматы...

ПАЛОНЯ (падыходзіць да Аляксандра): Мы ўсе любім гэтую складаную захапляльную гульню! Толькі вось Юлія не здольная працяглы час уседзець за імі! Яна ў нас...

АЛЯКСАНДР: Мінула гадавіна па смерці майго любага бацькі... І я, як толькі ўвайшоў у мае спадчынныя правы, то без затрымкі паскакаў у любы майму сэрцу край! Да вас... Да яе...

ПАЛОНЯ: I Вы ўжо з Божай ласкі не шляхетны княжыч, а ўладарны князь! Ваша міласць! Я радая за вас! Бардзо мі пшыемнэ!

АЛЯКСАНДР: Шкада ўсё ж, што з залежных княжат робіць уладарных князёў толькі смерць іхніх любых князёў-бацькоў!

ПАЛОНЯ: А мо і нялюбыых...

АЛЯКСАНДР: Я імчаў да вас і страшыўся непапраўных зменаў у вашым замку!

ПАЛОНЯ: Аніякіх зменаў да лепшага ў нас няма! Замак стаіць на тым жа шырокім шляху з поўдня на поўнач, як заезны двор! З усіх бакоў едуць і едуць, не мінаючы нас...

АЛЯКСАНДР: Бойкае месца!

ПАЛОНЯ: I незлічоныя пасольствы з розных чужаземных краёў, і паспешныя каралеўскія людзі, і панагружаныя багатым таварам абозы купцоў, і знакамітыя лоўкія майстры, і шматлюдныя ваярскія атрады...

АЛЯКСАНДР: Я сам, калі гасцяваў у вас, дзівіўся з гэткага наплыву людзей, коней, вазоў! Хаця і маю вотчыну не мінаюць...

ПАЛОНЯ: Вазы, коні, гразь, смырод, бруд! І ўсіх прывячай! І да ўсіх выглядай гасціннай! Надакучыла! Абрыдла! Але мой дзядзячка-князь для ўсіх расчыняе брамы замка... Ён не шкадуе ні нас, ні сваё хворае сэрца!

АЛЯКСАНДР: Я ўвесь час страшыўся, што для мілай Юліі Князь знайшоў вартага яе кахання жаніха!

ПАЛОНЯ: Знаходзіў! Аднак гэтая дурнічка імгненна давала адмову ўсім!

АЛЯКСАНДР: Няма чаму дзівіцца! Гэта Вы, Палоня, падалі ёй годны прыклад!

ПАЛОНЯ: Я...

АЛЯКСАНДР (устае): На гэты раз я прыімчаў да Князя, каб атрымаць згоду на мой шлюб з Юліяй... А яна сама адмовіла...

ПАЛОНЯ: Я прадбачыла гэта!

АЛЯКСАНДР: А цяпер я...

ПАЛОНЯ: У мяне ёсць дзейсны сродак: дапамагчы Вам у дасягненні вашай запаветнай мэты!

АЛЯКСАНДР: Нават мой сёняшні высокі статут не ...

ПАЛОНЯ: Князь, Вы потым будзеце ўдзячны мне! У маіх руках найкаштоўнейшы ліст, напісаны да... У тым лісце самыя гарачыя прызнанні ў каханні, але імя дзяўчыны не выпісана! І я...

АЛЯКСАНДР: Божухны! Як я жадаю...

БЛАЗАН (сцішана): Аёячкі! Штосьці злое, нядобрае сунецца на маю любую князёўначку!

ПАЛОНЯ: Усё для Вас будзе вшыстка добжэ! Тэкст у лісце я папраўлю! Бо і я... А зараз хадземце адсюль, бо пан Мацей можа хутка ўвайсці!


Палоня і Аляксандр выходзяць. З-за канапы вылазіць Блазан.


БЛАЗАН: Божухны! Няўжо хтось па-вар'яцку можа раздзерці залаты пояс мілоснага кахання, які звязвае маю князёўну і пана Мацея?


Зацямненне. (Можна без зацямнення змяніць дэкарацыі.)


Запальваецца святло.

На сцэне: Інтэр'ер княжай гасцёўні.


Мацей у падарожным убранні і Юлія, апранутая ў ваярскае ўбранне, але з непакрытай галавой, цалуюцца.


МАЦЕЙ: Юлюшка, я еду ў Супрасль на самы кароткі тэрмін! Вы нават не паспееце засумаваць! Мне неабходна...

ЮЛІЯ: Рэчаце адно, а самі будзеце адсутнічаць неймаверна доўга! Як у іншыя разы...

МАЦЕЙ: Цяпер я не затрымаюся! Абяцаю! Кахааюю...

ЮЛІЯ: Вам недастаткова было вандровак па кніжніцах усяго Вялікага Княства?! Па Рэчы Паспалітай?! Па...

МАЦЕЙ: Жэбы праўдзіва апісваць падзеі далёкія ад нас у часе ці цяперашнія, мне патрэбны сведчанні аб іх ці ад непасрэдных сведкаў бачанага,ці з пісьмовых занатаванняў са слоў сведкаў тых, цікавых для мяне, падзей! Будзьце ласкавая! Паразумейце мяне, мая любая, мая...

ЮЛІЯ: Мой залаценькі, каханенькі Мацейка, я вельмі, вельмі разумею, але я не ў сілах больш нудзець у чаканні Вас! Мой...

МАЦЕЙ: Каханая мая! Я таксама без Вас не здольны ...

ЮЛІЯ: Я не адмоўлюся мыць Вам ногі, як у даўнім часе ганарлівіца Рагнеда з Полацка адмовілася мыць ногі жорсткаму, нахабнаму гвалтаўніку, кіеўскаму князю Уладзіміру!

МАЦЕЙ: Дзякуй! Бо я не той вар'ят-князь, каторы сілком згвалтаваў Рагнеду, папярэдне, без жалю, забіўшы яе абаронцаў: родных ёй бацьку і братоў!

ЮЛІЯ: Ненавіджу таго вялікага князя! Паскуднік! Мярзотнік! Забойца!

МАЦЕЙ: Хаця князь Уладзімір і ўзяў Рагнеду за жонку! Хаця яна і нарадзіла князю і ўзгадавала годных дзяцей, але ж з гісторыі не выкінеш ніводнай добрай ці злой падзеі! Тэмпі пассаці! Мінуулааее...

ЮЛІЯ: Каханенькі мой! І я ніколі, ніколі не збягу ад цябе, не схаваюся ў манастыры, як калісь збегла ад нягожага, нялюбага жаніха маладзенькая і не дурненькая цнатлівіца Прадзіслава з Полацка! Во!

МАЦЕЙ: А потым яна свядома выбрала сабе жыццёвы шлях да Бога! Яна стала Еўфрасінняй, дабрасардэчнай, клапатлівай ігуменняй манастыра!

ЮЛІЯ: А я і не падумаю пайсці ў святыя чарніцы! Абовем, я не ўмею хадзіць пакорлівай авечкай! А цяпер я шчаслівая, прышчаслівая! Мой любы...

МАЦЕЙ: I я найшчаслівейшы, што Вы, ты дала згоду быць маёй жоначкай! Калі я вярнуся з Супрасля, то буду прасіць у яго міласці Князя тваёй рукі!


Мацей і Юлія цалуюцца. Уваходзіць Прыслужнік.


ПРЫСЛУЖНІК (робіць паклон): Кхе-кхе!

ЮЛІЯ (у абдымках Мацея): Мяленцій?! Ты чаго тут? Пайшоў адсюль!

ПРЫСЛУЖНІК (у паклоне): Мяне прыслалі далажыць пану Мацею, жэ коні запрэжаныя! Коні...

МАЦЕЙ (аслабаняе Юлію): Дзякуй табе! Скажы, што я хутка выйду!

ЮЛІЯ: Ідзі ўжо! Ідзі, Мяленцій! Перадай, што пан Мацей будзе праз хвіліну!

ПРЫСЛУЖНІК (выходзіць сніной у паклоне): Далажу, мае спадары!

ЮЛІЯ (здымае з шыі ланцужок з крыжыкам і надзявае яго на шыю Мацею): У далёкім краі памятай пра сваю нарачоную жоначку! Няхай сцеражэ цябе Бог ад бяспамяцтва і ад спакуслівага вока іншай дзяўчыны!

МАЦЕЙ (цалуе крыжык,здымае з свайго пальца пярсцёнак з блакітным каменчыкам і надзявае яго Юліі на безыменны палец правай рукі): А табе мой пярсцёнак! Каб ты...

ЮЛІЯ (цалуе пярсцёнак): Гэты блакітны сапфір, бы вашы блакітныя вочы! Я буду яго цалаваць цалаваць... Я буду чакаць вас, Мацей, як Пенялопа чакала Адысея!


Мацей і Юлія цалуюцца.

Уваходзіць Палоня, спыняепца.


ПАЛОНЯ: Мацей?! Вы ўжо развітваецеся з Юліяй? І я Вас шукала ...

МАЦЕЙ (адпускае Юлію, бярэ руку Палоніі і цалуе яе): Давайце, развітаемся! Шчасліва Вам заставацца... Не сумаваць...

ПАЛОНЯ: Каб жа не сумаваць па Вас, мой дарагі суразмоўца?! Бардзо мі пшыкра. (Абхоплівае Мацея за шыю, цалуе яго ў вусны.)


Уваходзіць Мамка.


МАМКА: Што гэта за фартэлі пры Юлюшцы? Вам не брыдка?

МАЦЕЙ (адхіляе Палоню): Мамка, мы развітваемся!

МАМКА: Мо галубок не назаўжды адлятае ад нас за дрымучыя пушчы?

МАЦЕЙ (падыходзіць да Юліі): Не назаўжды...

ПАЛОНЯ (падыходзіць да Мацея і бярэ яго пад руку): То хадземце ўжо?

МАМКА (на адлегласці хрысціць Мацея): У добры шлях табе, Мацейка! І на хуткае вяртанне да нас!

МАЦЕЙ (адводзіць руку Палоні): Я і з табой развітаюся, Мамка! (Цмокае Мамку.)

МАМКА: Божа міласцівы, упільнуй і захавай...


Уваходзяць Князь і Блазан, спыняюцца.


КНЯЗЬ: А я думаю, дзе ж гэта наш падарожнік забавіўся? А ён тут, навідавоку маіх прыгажуньдзяўчат, цалуецца з Мамкай?!

МАМКА (адступае ад Мацея): I я калісь была зграбнай, прывабнай дзяўчынай... Калісь была...

МАЦЕЙ: Я ўжо развітаўся з усімі і магу ехаць!

БЛАЗАН (бегае вакол Мацея, звоніць у званочкі, спявае):

Ен развітаўся! Развітаўся!

А сум у сэрцайку азваўся?

Кажы, Мацей! Бы слуп каменны,

Чаму стаіш ты задуменна?

Дык не знікай ты, галубочак!

Патрэбны ты дзявочым вочкам!

МАЦЕЙ: Вярнуся, як мага хутчэй!

ЮЛІЯ (бярэ Мацея пад руку): Я праводжу Вас да вазка!


Уваходзіць Аляксандр, апрануты ў паўсядзённае княжае адзенне, спыняецца.


БЛАЗАН (спыняецца): А вось і міласцівы князь Прыпазняльшчык з'явіўся! Мы тутака развітваемся... Жадаем нашаму пану Мацею мяккага і раўнюткага шляху...

АЛЯКСАНДР: А я чакаў вас удвары! Алес гутэ вам, Мацей! Шчаслівага шляху...

МАЦЕЙ: Дзякуй Вам, князь, за добрае пажаданне!

МАМКА: Усім будзе бракаваць адсутнасць намі любага пана Мацея! Асабліва...

КНЯЗЬ: Таму мае дзяўчаткі аніяк не хочуць адпускаць яго ад сваіх спадніц!

ЮЛІЯ, ПАЛОНЯ (бярэ Мацея пад другую руку): Не хочам!!!

АЛЯКСАНДР: Зайздроошчуу...


Уваходзіць Прыслужнік.


ПРЫСЛУЖНІК: Вашмосць! Можа скажаце свайму парабку раз і назаўсёды: чы едзе пан Мацей, чы не? Калі не едзе, то трэба раз і назаўсёгды распрэгчы коней. Бо няшчасныя коні змучаліся, стоячы гэтулькі часу. Вашмосць?!

БЛАЗАН: Зацягнулася расстанне, бо пры ім слязіць каханне!

ЮЛІЯ, ПАЛОНЯ (сцішана): Маёё каахааннее...

МАЦЕЙ: Мяленцій справядліва кажа! Мы ідзем!

АЛЯКСАНДР: Дзіўныя вы людзі! Князь, у Вашым доме спагадлівыя адносіны да чорнага люду парушаюць іерархічны закон грамадства...

КНЯЗЬ: Усе людзі перад Богам роўныя!

БЛАЗАН (звоніць у званочкі): Роўныя людзі? Адзін вышэйшы дуб у полі - другі ніжэй за князяў посах, які, як ліпка, абязголены...

МАМКА (хрысціцца): Не прывядзі, Гасподзь!

ПРЫСЛУЖНІК: Вашмосць?!

КНЯЗЬ: Мы ідзём ужо, Мяленцій! Хадземце!


Усе выходзяць, акрамя Аляксандра.


АЛЯКСАНДР (ходзіць): Ну і княжы дом! Нейкаму безмаёмаснаму галаце-бакалаўру тут увагі болей, чым высакароднаму... Я ездзіў сюды, лічыў час, калі Юлюшка падрасце... А Князь? Ён абяцаў за Палоняй немалы пасаг... Аднак, без кахання... Хаця багацця ніколі не бывае залішне!


Уваходзіць Палоня.


ПАЛОНЯ (падыходзіць да клавесіна, грае невясёлую мелодыю): Мацей ад'ехаў! А ў нас сёння на тэатры збіраліся прадстаўляць смешную "Кароткую гутарку паміж трыма асобамі: Панам, Войтам і Плябанам" Мікалая Рэя... Гатуюцца паставіць "Дэкамерона" Джавані Бакачыа...

АЛЯКСАНДР (падышоў да Палоні): А мне сёння не да гумару! У мяне сёння найчарнейшы з дзён!

ПАЛОНЯ: I мне не да камедыі... А вось нашай Юліі...

АЛЯКСАНДР: Не ведаю, што мне рабіць! У які бок...

ПАЛОНЯ (грае бравурную мелодыю): А можа нам пашанцуе? Можа і ў Вас, і ў мяне будзе шчасце? Хутка пабачыым...

АЛЯКСАНДР: Безнадзейна! Юлія хоць і маладзенькая, аднак характар у яе - крэсіва!

ПАЛОНЯ (перастае граць): Я ўмяшаюся! Дзяўчатам, асабліва маладзенькім, уласціва рэзкая змена кірунку ў сваіх сардэчных справах! Я...

АЛЯКСАНДР: Палоня, я не думаю, што нечае ўмяшанне паспрыяе... Каб абыйшлося без бяды, трэба пакінуць усё, як ёсць!

ПАЛОНЯ: I не падумаю адмаўляцца! Я выкарыстаю свой шанец! Мам надзею...

АЛЯКСАНДР: Пасля адбыцця вашага бакалаўра, усе паразыходзіліся хто куды! Дзе...

ПАЛОНЯ (устае): Дзядзя падаўся на выган агледзець ваярскі полк! Полк сёння рушыць ваяваць! А Юлія, мабыць, з дзядзем! Дзе лязгат зброі, там шукай яе!

АЛЯКСАНДР: I я...

ПАЛОНЯ: Было б лепей, каб вы, улюбёнцы ў зброю і ў крывавыя сечы, не палявалі на падобных сабе людзей, а па пушчах заганялі ў сіло лясную дзічыну! Ці лепш палявалі б на вялікакняскіх альбо каралеўскіх балях...

АЛЯКСАНДР: Мы не цураемся палявання! Паляваць - лоўкасць, сілу выяўляць!

ПАЛОНЯ: А то ў які бок ні зірні за межы Княства, усюды стачэнні, бойкі, сечы да крыві чалавечай, да смерці няўчас! Не! Добра, што мой Мацей не ваяр...

АЛЯКСАНДР: А мне цяпер - у самы час... Я з сваімі людзьмі далучуся да княжага палка! На сечу! У Лівонію! Зараз жа! (Выбягае.)

ПАЛОНЯ (стоячы, рэзка б'е па клавішах клавесіна, перастае граць): Слабы князь Аляксандр! Ашалеў ад непадзеленага кахання! А я буду змагацца за сваё каханне не ваярскай зброяй, а...


Уваходзіць Юлія, апранутая ў дзявочае ўбранне.


ЮЛІЯ: Палоня! Сястрычка! Я радая, радая! Я паведаю табе найвялікшы сакрамант! Я хутка, хутка стану венчанай жона...

ПАЛОНЯ: Для мяне не таямніца, што князь Аляксандр дамагаецца тваёй рукі!

ЮЛІЯ (цалуе пярсцёнак на сваім пальцы): Ды не! Гэта...

ПАЛОНЯ: Мусіць, мой дабрэйшы дзядзечка даў дазвол?!

ЮЛІЯ: Палонька, ты ўсё перавярцела! Аляксандр - толькі мой лепшы сябар! А з сябрамі не заручаюцца!

ПАЛОНЯ: I дарэмна!

ЮЛІЯ (дэманструе руку з пярсцёнкам): Палонюшка, толькі табе адной прызнаюся аб нашым з Мацеям вялікім каханні! Аб нашых з ім таямнічых заручынах! Гэта яго пярсцёнак!


Чуваць моцныя навальнічныя грымоты. (Можа відаць і бляск маланак.)


ПАЛОНЯ: Юлія, ты яшчэ няшмат разумееш! Слухай, нават жудасная навальніца папярэджвае цябе! Твой намер з Мацеем можа не спраўдзіцца!

ЮЛІЯ: Не страшуся я ніякіх прадказальных навальнічных грымотаў! Ён...

ПАЛОНЯ (з ліфа сукенкі дастае і разгортвае пісьмовы ліст): Мацей табе абяцаў, а мне пры развітанні перадаў гэты ліст! (Перадае ліст Юліі.)

ЮЛІЯ (чытае ліст): Палонюшка, калі я вазвярнуся з Супрасля, то мы з табой... пойдзем... да алтара! Мы з табой... Ааа!!! (Кідае ліст у Палоню, здымае пярсцёнак, кідае яго на падлогу, плача.) I ён напісаў?! Не пасаромеўся! Ліслівы ашуканец! Падманшчык! Мяне...

ПАЛОНЯ (складвае ліст і хавае яго ў ліф сукенкі): Юлія, я спачуваю табе! Ты не адна дзяўчына на зямлі, кінутая каханкам!


Уваходзяць Мамка і Блазан.


МАМКА: Юлюшка?! Што гэта значыць? Чаму ты натапыраная, як котка?

ЮЛІЯ (кідаецца на грудзі Мамкі, плача): Таму! Таму!! Мацей ашуканец! Ён падмануў мяне... А я... А ён казаў...

МАМКА: Не можа быць! Мацей праўдзівы!

БЛАЗАН: Калі пан Мацей казаў, што кахае цябе, то ён казаў крышталёвую праўду!

ПАЛОНЯ: А ты, Блазне, змоўкні! Справы гаспадароў - не твае справы!

МАМКА (выцірае Юліі вочы): Дачушка мая! Сонейка нашае...

ЮЛІЯ (адступае ад Мамкі): Вы не верыце? А ён... ён кахае іншую! Я ведаю, што мне рабіць! Я... (Выбягае.)

БЛАЗАН: Наша паспешніца нікому з нас не дала веры! Я прадчуваю нядобрае...

МАМКА (паспяшае за Юліяй): Юлюшкаа... Дзеетаачкаа ... Паслухай сваю Мамку!

БЛАЗАН (схіляецца перад Палоняй): Міласцівая панначка, Вы ўзвалілі на сваю душу найцяжэйшы грэх, які ўсё жыццё будзе ціснуць вас да самай зямлі! Маліцеся, панначка!

ПАЛОНЯ (штурхае Блазна, які падае): Пайшоў вон, дурань!

БЛАЗАН: (паўлежачы):

Адчыняе Бог вачысты

рай дурным, а не нячыстым!

(Ускоквае, звоніць у званочкі, выбягае.)

Рай дурным, а не нячыстым!!!

ПАЛОНЯ: Я дамаглася! Цяпер Мацей толькі мой! Моой...


Уваходзіць Князь, абапіраючыся на кіёк.


КНЯЗЬ: Пляменнічка, ты адна? Чамусь стаміўся я сёння... (Садзіцца ў крэсла.)

ПАЛОНЯ (падыходзіць да Князя, цалуе яго): Не дзіва, што Вы стамляецеея! Не кожны малады князь здолее вынесці гэткую неймаверную колькасць спраў, якімі займаецеся Вы!

КНЯЗЬ: Каб я асабіста не наглядаў за ўсім,то не было б у маёй вотчыне ні ткацтва, ні кавальскіх, ні ганчарскіх адметных мастацкіх вырабаў, ні...

ПАЛОНЯ: Усе рэчы на нашыя патрэбы дастаўлялі б нам купцы. І так вязуць з усіх зямель розныя мануфактуры, каштоўнасці, віны, ласункі, садавіну...

КНЯЗЬ: Дадай да свайго спісу італьянскіх, нямецкіх настаўнікаў, мастакоў, музыкаў, дойлідаў...

КНЯЗЬ, ПАЛОНЯ: I на ўсё гэта патрэбны грошы! Талеры...

КНЯЗЬ: Дынарыі, дукаты, соліды, шылінгі...

ПАЛОНЯ: Орты, драйпёркеры, патагоны...

КНЯЗЬ: Рыксдаальдары! Так бы мовіць, мы не бедствуем ў сваёй вотчыне! І мы шчодра адпраўляем ў розныя землі багатыя здабыткі нашай зямлі...

ПАЛОНЯ: Рыба, дзічына і...

КНЯЗЬ: Нешта я сёння стаміўся...


Уваходзяць Аляксандр і Юлія, апранутыя ў ваярскае адзенне, з надзетымі на галовы шышакамі, са зброяй у руках.


ЮЛІЯ: Мой любенькі, татачка! Мы з князем Аляксандрам прыйшлі развітацца...

ПАЛОНЯ: Дзядзечка, відаць, ваша дачушка нарэшце дала згоду князю Аляксандру! I яны зараз ад'язджаюць у яго вотчыну! Віншууюю ўсіх наас!!!

КНЯЗЬ (цяжка ўстае): Палоня, памаўчы!

АЛЯКСАНДР: Ваша міласць, я і Юлія... Мы...

ЮЛІЯ: Мы далучаемся да нашага ваярскага палка і з ім рушым у паход!

АЛЯКСАНДР, ЮЛІЯ: У Лівонію! На сечу!

КНЯЗЬ, ПАЛОНЯ: Ааа?!


Зацямненне.


Чуваць гукі рога, іржанне і цяжкі храп коней, лязгат жалезнай зброі, шматгалосныя крыкі: "Гайда,!!! Бі іх! Напеераад!!! Усёё!!! Мы перамагліі... Гуураа!" асобныя мужчынскія выкрыкі: "Князь Аляксандр?! Князёўна?! Параненыя! Забіітыыяя!!!", і адзін мужчынскі голас: "Ваяры, любых нашым сэрцам маладога князя і ваярку - князёўну мы з вялікай пашанай даставім у іхнія вотчыны!" Мужчынскае шматгалоссе: Мы з вялікай пашанай даставім іх!!!


Паўза.


Голас Князя: Каго гэта мае ваяры нясуць на насілах? Нешта я не ўгледжу...

Голас Мамкі, яе плач: Юлюшка мая! Твае глыбокія раны ўжо не крываточаць! Не баляць!

Голас Князя: Мая... любая... донюшка... не дыхае?! А яна ж гэтак марыла... папаляваць зубра... на каралеўскім паляванні...

Праз слёзы голас Палоні: Дзядзечка мой родненькі! Прынамсі, я не жадала гэткага зла нашай Юлюшцы! Даруйце мне, калі ласка!

Голас Блазна: Ягамосць?! Наш любы князейка не дыхае... Гора ўмее забіваць - людзі ўмеюць дараваць!


Чуваць пахавальны звон саборных званоў.

Запальваецца святло.


На сцэне: высокая канторка, на канторцы кандэлябр са свечкамі, пісьмовы прыбор і тоўстая разгорнутая кніжка.

За канторкай стаіць і піша Мацей, апрануты ў аблачэнне каноніка.


МАЦЕЙ (перастае пісаць, кладзе пяро): Вось, нарэшце я з Божай дапамогай скончыў сваю "Кроніку Польскую, Літоўскую, Жмудскую і ўсея Русі"! На календары ўжо тысяча пяцьсот восемдзесят другі год! Мінула чатыры гады з той пары, як нявінная душа маёй незабыўнай, адзінай каханай Юлюшкі адыйшла, адляцела ў вечнасць! (Хрысціцца, бярэ кніжку з канторкі.)

Гэтая мая "Кроніка" будзе, застанецца неўміручым напамінам чалавецтву пра жывых людзей, быўшых на вастрыні сваёй складанай Гісторыі! Аман! Амінь!


З А С Л О Н А.


Чуваць жыццясцвяржальныя гукі саборных званоў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX