Не так жаль
мне замак,
Як шкада ваякаў,
Што агонь паглынуў,
Палены крыжакам.
Ян Чачот
Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года
Рынгольд Альгімунтавіч, Першы Вялікі Князь Літоўскі, Жмудскі і Рускі Час успомніць нам Рынгольта 1, Альгімунта сына, За якім славутай стала Наша ўся краіна. Зайздрасьць, ведама, заўсёды Бачыць толькі крыва. Пазайздросьцілі Літве ўсе, Што жыве шчасліва. Выйшаў з Кіева са зброяй Сьвятаслаў 2 той горды, З ім Леў 3 , Дзьмітрый 4 , а таксама Курдасовы 5 орды. Ды Рынгольт іх стрэў на Нёмне, Дзе падходзіць Дзітва 6 , І ўсчалася ўмомант з тымі Прыхаднямі бітва. Кроў цякла ракой, ды йшла там Зноў на сілу сіла. Дзень сканаў -- Літва ў той сечы Ворага разьбіла. Бітвы той сьляды ля Нёмна: Сыпаныя шчыльна Курганы. Ды вёскі імя Даўняе -- Магільна 7 . 1 Рынгольт - легендарны літоўскі князь, нібыта бацька Міндоўга. Летапісы называюць яго вялікім князем. 2 Сьвятаслаў Усеваладавіч - кіеўскі князь. 3 Леў Данілавіч - уладзімірскі князь (Валынь). 4 Дзьмітрый - друцкі князь. 5 Курдас - татарскі хан. 6 Дзітва - рака, прыток Нёмана. 7 Магільна - тут, відавочна, блытаецца старадаўняе мястэчка Магільна цяперашняга Уздзенскага раёна. Каранацыя Міндоўга. 1252 г. 1 Што гэта за паны? Наваградка званы аму звоняць ім доўга? Ах, гэта ж крыжакі Ідуць, каталікі, Каранаваць Міндоўга! Усё на іх блішчыць Ды золатам зіхціць. Ад іх наўкол сьвятлее! Увесь твой строй, крывіч, Крывэ-Крывэйтаў зьніч Прад бляскам тым бляднее У князя заўтра хрост. А нас пашле наўпрост Мо крыжакам на яткі 2 ? Ужо, тыран, сваіх Пляменьнікаў дваіх 3 Прагнаў з радзімы-маткі. Міндоўг не верыць, не! Сваю карысьць тут гне -- Ён сам кіруе лёсам. Ён будзе каралём! Тры дні -- каталіком... Крыжак жа будзе -- з носам! 4 1 Міндоўг (1203-1263) - вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага. У 1253 г. прыняў тытул караля, быў каранаваны ў Навагародку (цяперашнім Наваградку) -- сваёй рэзідэнцыі. 2 Яткі - бойня, мясныя лаўкі на рынку. 3 ...пляменьнікаў дваіх. - Тут, як відаць, мова пра Таўцівіла і Эрдзівіла, ад якіх Міндоўг адабраў іх уладаньні ў мэтах умацаваньня сваёй улады. 4 Як лічаць гісторыкі, хрышчэньне Міндоўга было палітычным манеўрам - імкненьнем стаць каралём Літвы. У сапраўднасьці ён адрокся ад хрысьціянства ў 1261 г. Магіла Міндоўга. 1263 г. У Наваградку дагэтуль Ёсьць гара Міндоўга. Там ляжыць ён, яго помніць Люд наш будзе доўга. Быў ён свой кароль, ліцьвінскі, Меў калісьці сілу. Ды абманам жыў 1 . Абман той Зьвёў яго ў магілу. Быў прыняў сьвятую веру, Ды адкінуў вонкі. Што ж ён гэтак Даўмантовай 2 Не адрокся жонкі? Галаву Даўмонт у гневе Зьняў з яго за жонку. Тым Літву асіраціў ён, Ліху здаў старонку. Што з таго, што ўзьдзеў карону Князь сваёй парою, Раз не ўстояў перад тою Жонкаю чужою? 1 Ды абманам жыў. - Тут, відавочна, гаворка ідзе перш за ўсё пра яго абманнае хрышчэньне. 2 Даўмонт -- нальшанскі князь. Забіў Міндоўга за тое, што ён адабраў ягоную жонку, калі тая прыехала на пахаваньне сваёй сястры -- Міндоўгавай жонкі. Калі ў Наваградку стаў княжыць сын Міндоўга Войшалк, Даўмонт уцёк у Пскоў, зрабіўшыся яго ўладаром. Войшалк, Альбо Вальстынік Міндоўгавіч. 1264 г. 1 Адзецца можа ў скуру Авечкі й воўк, як трэба. Хадзіў у ёй і Войшалк, Калі быў служкай Неба. Хоць быў ён княскім сынам, Насіў манаха расу. Надзеўшы нават мітру, Крыж не кідаў да часу. Калі ж забілі бацьку, Ён помсьціць стаў ліцьвінам, Іх забіваў ён безліч Найжорсткім самым чынам. Каб край пашырыць, Войшалк Валынь надумаў, хцівы, У Льва адняць, прысвоіць У час нелітасьцівы. Яго ж той ва Ўладзімір2 Пазваў з ліхім намерам. Там частаваў ён госьця, Паіў сваім манерам. Уночы Леў прыходзіць У спальню госьця ў тлуме. З пасьцелі ўзняўшы, кажа: - Яшчэ мо вып'ем, куме? І ўзняўшы меч, са словам Нянавісьці з размаху Б'е Войшалка. Хто быў там -- Аж анямеў ад жаху. Такі канец прышоў во Міндоўгаваму сыну. Хто ворагам быў людзям, Хіба б інакш загінуў? 1 Войшалк (1223-1268) -- князь навагародскі (наваградскі), вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1264-1267, старэйшы сын Міндоўга. Каля 1254 г., аддаўшы Раману, сыну галіцкага князя Данілы, наваградскую зямлю, пастрыгся ў манахі. Пасля забойства Міндоўга і яго пераемніка стаў літоўскім князем. Войшалк быў забіты Львом Данілавічам, князем валынскім. 2 Уладзімір -- горад на Валыні, цэнтр княства. Пра Яцьвяга 1 Комата 2. 1264 г. Вы пра Комата-яцьвяга Чулі? Не? Тады -- увага! Быў той Комат -- нібы кома 3, Не сядзеў ён сіднем дома. Як надумаў Сарамлівы Баляслаў 4 нелітасьцівы Зьнішчыць люд той вольналюбы, Не збаяўся Комат згубы. З гікам, сьмела, зухавата Ў бой імчаў ён, бы на сьвята. Біў чужынцаў, прагавіты, Ды стралой быў сам прашыты. І паляк, бы звар'яцелы, Біў яцьвягаў дзень той целы, Бо ўсё ж пана ўжо не мелі, А ўцякаць яны не ўмелі. І таму, сыны адвагі, Ўсе пагінулі яцьвягі. Іх імя хіба мо рэкі Захавалі нам навекі. Хоць даўно без іх Падляшша, Ды край помніць іх бясстрашша. А ўцалеў з іх хто ў віхурах, Дык згубіўся ўжо ў мазурах. 1 Яцьвягі, альбо ядзьвінгі (яшчэ -- судовы, судзіны) -- заходне-балцкія плямёны, якія ў 1 -- пач. 2-га тысячагоддзя н.э. насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі ракі Нараў. Некаторыя гісторыкі лічаць яцьвяжскімі Падляшша, Берасьцейскую зямлю, частку верхняга Панямоньня. Расейскі гісторык XIX ст. С.М. Салаўёў, адзначаючы сьмеласьць і непакорлівасьць гэтага "загадкавага народа", пісаў, што "яцьвягі ў бітвах ніколі не ўцякалі і не здаваліся ў палон, а гінулі разам з жонкамі". Яцьвягі былі амаль поўнасьцю зьнішчаны ў няроўных бітвах з іншаземцамі. С.М. Салаўёў даводзіць, што рэшткі яцьвягаў быццам бы заставаліся ў яго час на Скідэльшчыне: "Яны рэзка адрозніваюцца ад беларусаў і літоўцаў смуглым тварам, чорнай вопраткай, норавамі і звычаямі, хаця ўсе ўжо гавораць на беларускай мове з літоўскім акцентам". Ад яцьвягаў засталіся некаторыя геаграфічныя назвы галоўным чынам на Гродзеншчыне -- ёсьць там, напрыклад, рака Ятвезь і на ёй жа сяло Ятвезь. 2 Комат -- правадыр яцьвягаў, пра якога не раз упамінаюць летапісы. Загінуў ён 22 чэрвеня 1264 года ў бітве з палякамі. 3 Кома -- камета. Стрыйкоўскі ў сваёй "Хроніцы" піша пра камету, якая якраз у той час пралятала над зямлёй. Хадзілі чуткі, што быццам ад яе пачаўся у Польшчы мор, які лічылі карай божай за зьнішчэньне яцьвягаў. 4 Баляслаў Сарамлівы -- князь кракаўскі і сандамірскі, польскі кароль (1279). Сьвінтарог Утанэсавіч. 1268-1271 г. 1 Як загінуў сын Мендога 2, Ўладаром Літва абрала Князя з Жмудзі 3 Сьвінтарога, Бо яго даўно ўжо знала. Ён амаль быў стогадовы, Добры сэрцам, не суровы. Ён Літву не доўга цешыў: І яго знайшла касая. Пад гару, дзе замка вежы, У жалобе люд сьпяшае Пахаваць там Сьвінтарога, Як і зычыў, ля парога. Бы ў паход, яго прыбралі -- Шабля, лук, кап'ё пры боку. Выжлаў двух, хартоў зьвязалі, З імі -- сокала звысоку, Потым ястраба з-пад неба І каня з сядлом -- як трэба. Гэта ўсё на стос -- вам дзіва?-- Узьвялі. З слугой адданым! Паднясьлі агонь імкліва, Міг -- і ўсё ў віры агняным! Кінулі ў агонь -- да высяў -- Кіпцюры мядзьведзяў, рысяў 4. Меркавалі: так жа будзе, Як на гэтым, на тым сьвеце. Так жа там ваююць людзі, Так палююць, ладзяць клеці. А караскацца на неба Па крутых гарах там трэба. Пахавалі Сьвінтарога Па-паганску, урачыста. Мы, хто сёньня з ласкі Бога Мае сонца веры чыстай, Час паганства ўсе ганьбуем. Сьвінтарога ж --мы шануем. 1 Сьвінтарог -- легендарны князь Літвы (1268-1271). Паводле Нарбута, пражыў 98 гадоў. Упадабаўшы месца, дзе рэчка Вільня (Віленка, Вілейка) ўпадае ў Вілію, папрасіў свайго сына Гермунта пасьля сьмерці спаліць яго цела там паводле паганскага звычаю. Гэтае месца (цяпер цэнтр Вільні) было названа імем Сьвінтарога. Там была сьвятыня Перуна і палаў вечны агонь - Зьніч. 2 Мендог -- так называлі яшчэ Міндоўга. 3 Жмудзь, альбо Жамойць -- адна з назваў балтыйскага племя, продкаў сучасных літоўцаў. 4 Каб лепш караскацца на неба, і трэба было ў ахвярны агонь кінуць кіпцюры рысяў ды мядзьведзяў. Віцень, Вялікі Князь Літоўскі. 1283-1315 г. , Вера наша, хрысьціянства! Шмат ты ран крывавых мела, Покуль сэрцы ўсе ў паганскай У Літве заняць здалела. Бо цябе, што ўсім вяртаеш Дабрыню, любоў, спагаду, Прышчапіць Літве хацелі Праз пажары, кроў і здраду. Ордэн той, што меч крывавы Нёс на ўласных дабрачынцаў, Што ў набегах нішчыў Польшчу, Што біў прусаў, бы злачынцаў, Што ішоў вайной на ўласных Сьветароў ды на рыжанаў2, Жыў рабункамі. Таму так Шчыраваў "для хрысьціянаў". Мечам злым хрысьціў Літву ён, Пляжыў Жмудзь, зьнёс мур Рамновы 3. На пажарышчах тых ставіў Ён за замкам замак новы. Ды на трон Літвы сеў Віцень, Князь рашучы, мудры, сьмелы. Крыжакоў ён біў у сечах, Ад Літвы адвёў іх стрэлы. Сьветарам жа іх ён собіў. І мяшчанам, што раўкамі Прывязьлі яго пад Рыгу, Каб змагаўся з крыжакамі. Пад Браўнзберг, Каліш і Добжын4 Ён хадзіў з сваёй літвою, Праслаўляў наш край у сьвеце Зброяй праведнай сваёю. Нездарма ж і сьмерць да князя Не змагла ўсё падступіцца. Сам Пярун яго ў нябёсы Ўзяў пад водбліск бліскавіцаў 5. Шмат хто ў час той, кажуць, бачыў, Як між хмар, дзе золак мройны, На кані, бы месяц, белым, Пралятаў ён, рыцар збройны 6. 1 Віцень (г.н. невядомы -- п. каля 1316) -- вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1293-1316). Шмат зрабіў для ўмацаваньня і пашырэньня дзяржавы. 2 Рыжскі архіепіскап быў супраць панаваньня крыжакоў над Рыгай, яго падтрымлівалі ў барацьбе з імі і рыжане, якія дапамаглі Віценю перамагчы гэтых нямецкіх агрэсараў. 3 Рамнова -- легендарная паганская сьвятыня, дзе гарэў Зьніч. 4 Браўнзберг, Каліш, Добжын -- гарады ў Польшчы. 5 Як паведамляе Т. Нарбут, Віцень быў забіты громам. Яго цела адвезьлі на капішча Сьвінтарога і спалілі там згодна з паганскім звычаем. 6 Аўтар тут падкрэслівае, што з імем слаўнага збройнага рыцара Віценя зьвязана нарадженьне герба Пагоня. Спаленьне Крыжака Руды ў часы Гедыміна. 1320 г. 1 Ты дарма прыйшоў да Меднік, Руда, з намі біцца: Мусіш -- звязаны, са зброяй -- На каня садзіцца. Ды не ў бой ты зноў паскачаш, А на стос агністы. Нанясеш багам паклом ты Ад нас урачысты! Ехаў Руда, мусіў ехаць Пад кліч зычны рога У гарачыя абдоймы Віру агнявога! Бы паходня, гарыць Руда, А Літва ў гуморы, Што багам сваім ахвяру Шле такую ў зоры. Хоць было ў Літвы быліннай Шмат паходаў плённых, Так яна паліла толькі Крыжакоў палонных. 1 Як расказвае храніст Пётр Дузбург, а за ім -- Мацей Стрыйкоўскі, 27 ліпеня 1320 г. пад Меднікамі адбылася вялікая бітва ліцьвінаў з крыжакамі. Пасьля перамогі над нямецкімі рыцарамі ліцьвіны, аддаючы ахвяру аднаму з паганскіх багоў, спалілі на ахвярным агні аднаго з крыжацкіх военаначальнікаў па імені Руда -- на кані і ў поўным узбраеньні. Тураў рог Гедыміна. 1321 г. Тут, у Вільні, на гары Туравай вядомай Гедымін над стромай Тура ўклаў быў пры бары, На гары 1. Нам на памяць -- тураў рог Быў пазалачоны, Гожа аздаблёны. Князь яго схаваў у лёх 2, Тураў рог. З рога тога Вітаўт піў Разам з каралямі, З важнымі панамі. Як іх з'езд у Луцку быў, З рога піў. Падарыў князь гэты рог За сталом, па-людску Зыгмунту ў тым Луцку 3, Ды Літве ён не памог... Дзе ж той рог? 1 Легенду пра тое, як Гедымін забіў каля ракі Віленка тура і як ён заснаваў там горад Вільня, апрача Стрыйкоўскага, падаюць яшчэ іншыя пісьмовыя крыніцы. 2 Як паведамляе Стрыйкоўскі, Гедымін загадаў аздобіць рогі забітага ім тура золатам і дарагімі каменямі і захоўваў іх як рэліквію сярод сваіх каштоўнасьцяў. 3 На з'ездзе ў Луцку (Валынь) з'ехаліся ў студзені1429 г. вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт, польскі кароль Ягайла і рымскі імператар Зыгмунт I. Апошні выказаў там прапанову абвясьціць Вялікае Княства Літоўскае каралеўствам і каранаваць Вітаўта. За гэта Вітаўт, які хацеў быць каралём дзеля ўмацаваньня дзяржавы, шчодра адарыў Зыгмунта I, аддаўшы яму нават самую дарагую родавую рэліквію -- прыгожа аздоблены тураў рог Гедыміна. Заснаваньне Вільні. 1322 г. На гары, дзе замкаў вежы, Дзе палаў зьніч Сьвітанрога, Гедымін забіў калісьці З лука тура немалога. Вельмі ўсьцешаны здабычай Незвычайнаю такою, Па бяседзе лёг спачыць ён На траве па-над Вільлёю. Зоркі сьвецяць, ветрык вее. Бачыць князь у сьне шчасьлівым: Перад ім стаў воўк жалезны, Бляск на латах -- пералівам. А завыў -- заклала вушы: Бы ваўкоў была тут зграя. -- Што ж ён значыць, сон мой дзіўны?-- Князь, прачнуўшыся, пытае. Тут Крывэ-Крывэйт Ліздзейка Гэтак мудры сон тлумачыць: -- Князь вялікі Гедыміне, Воўк той -- замак новы значыць. Гэта ж будзе тут во замак, Горад велічны тут будзе. Галасы ж ваўкоў -- то слава Пра яго, што пойдзе ў людзі. Князь паслухаў гэту раду І, абдумаўшы, без спрэчкі Горад тут заклаў, што Вільняй Ён назваў ад Вільні-рэчкі. Давід, Стараста Гарадзенскі 1 ў часы Гедыміна. 1322 г. Па-над Нёмнам ў Гародні Колісь замак моцны стаў. Шмат разоў крыжак ды мазур Хмары стрэл па ім пускаў. Быў за старасту ў тым замку Сьмелы, годны муж Давід. Мчаў з дружынай ён на Рэвель 2 Праз крыжацкі краявід. Шмат дабра ўзялі там воі, Тысяч пяць -- паненак з ім. Болей быў ліцьвін давольны, Як здаўна, палонам тым. А пасьля Давіда ў помач Гедымін Лакетку3 даў. Хоць дапяў ён да Франкфурта 4, Ды палону там не браў. Бо йдучы назад героем, Меўся ўзяць мазураў ён. Толькі ў гэтых гайдамакаў 5 Сам Давід знайшоў свой скон. Мазур быў з канём падкраўся Да яго й прашыў наскрозь. Наш Давід славуты тут жа Цяжка ўпаў, бы дужы лось. 1 Давід (ці Давыд) Гарадзенскі (г.н. невядомы - 1326) - военачальнік і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, стараста Гародні. Зяць і правая рука Гедыміна. Пасьпяхова змагаўся з крыжакамі. У час паходу на Брандэнбург быў па-здрадніцку забіты мазавецкім воем Андрэем за зганьбаваньне польскіх шляхцянак. 2 Рэвель -- так называўся сучасны Талін. 3 Уладзіслаў I Лакетак (1260-1333) -- польскі кароль. Яго сын Казімір ажаніўся з дачкой Гедыміна Альдонай. 4 Франкфурт -- нямецкі горад на Одэры. 5 Гайдамакі -- тут: бесшабашныя воі. Альдона, Гедымінава Дачка. 1325 г. 1 Гарады гараць і сёлы, Там хапаюць бранак, бранцаў. Крык ляціць праз горы-долы -- Хто стрымае нас, паганцаў? Тых лясных ліцьвінаў дзікіх, Што так польскі край дратуюць? Сьмерць ізноў нясуць на піках -- Ці каго хоць пашкадуюць? Каб задобрыць іх, Лакетка Шле сватоў да Гедыміна, Хоць яшчэ сын -- малалетка, Просіць зяцем быць для сына. Гедымін аддаў Альдону Ў жонкі тому Казіміру 2: Што ж, цяпер ім абарону Разам ладзіць дзеля міру. Тысяч шмат ішло палонных У пасаг тады Альдоне 3. Мчаў картэж вазкоў шматконных У край польскі ў бомаў звоне. Радасьць скрозь у местах, сёлах, Скрозь надзеі ўваскрасаюць. Богу моляцца ў касьцёлах, Сьлёз шчаслівых не хаваюць. Прыгадайма ж сьвята тое -- Гэтак цешыліся людзі! З добрай згадкай штось сьвятое, Можа, кожны з нас набудзе. 1 Альдона -- трэцяя з сямі дачок Гедыміна, нарадзілася каля 1310 г. Перад замуствам прыняла хрышчэньне і атрымала новае імя -- Анна. Гэты шлюб з каралеўскім сынам паспрыяў зьмякчэньню стасункаў паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. 2 Казімір III Вялікі (1310 - 1370) -- польскі кароль (ад 1333 г.). 3 Як падае Нарбут, Альдоне ў пасаг было апрача ўсяго перададзена 24 тысячы польскіх і мазавецкіх палонных. Вяртаньне іх было для Польшчы сапраўдным сьвятам. Альгерд і Марыя ў Часы Гедыміна. 1 Над Дзьвіною дзевіч-вечар, Тут Альгерд з раднёю: Браць прыехаў шлюб з князёўнай Нашай маладою. Замак віцебскі ўсе сьвечкі Сёньня азараюць. Ёй, князёўне, ёй, Марыі, Косу расплятаюць. Не плач, красна, не плач, міла,-- Хто б сьлязу ёй выцер? І табе руку, і княству Падае той рыцар. З ім табе і ўсяму княству Зажывецца ў шчасьці. Вы забудзеце з Літвою Горы ды напасьці. Ты ідзі за князя з Богам, Каб жыць разам вечна. Шчасьце княстваў тых, што разам Зьвязаны сардэчна. 2 1 Альгерд (каля 1296 - 1377) -- вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1345-1377), трэці сын Гедыміна, бацька 12-ці сыноў (Ягайлы, Сьвідрыгайлы і інш.). Узяў у жонкі дачку віцебскага князя Яраслав Марыю, а калі яна памерла -- дачку Цьвярскога князя Юльяну. 2 Віцебскае княства канчаткова ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага ў 1320 г.: яго атрымаў Альгерд ва ўладаньне як бацькаўскую спадчыну жонкі. Жахлівы Падзел Здабычы, 1326 г. 1 Мы ўсе, дзякуй Богу, Іншыя ўжо людзі. Так, як продкі нашы, Не сядзім у будзе. Рабаваць не едзем, Кожны працай слынны. А не так, як колісь Дзеялі ліцьвіны. Па адзінай жонцы К сэрцу прытуляем, Рабаваных жонак Мы цяпер не маем. У часы былыя Князя Гедыміна Бачыў пад Франкфуртам Немец меч ліцьвіна. Продкі нашы часта Ў сьвеце рабавалі, У палон паненак, Моладзь толькі бралі. Неяк два ліцьвіны Спрэчку распалілі -- Гожанькую панну Між сабой дзялілі. Не маглі да згоды Ўсё прыйсьці абое. Сварку немалую Усчынілі воі. Ухапіў адзін з іх Меч свой у хвіліну І расьсёк з размаху Напалам дзяўчыну 2 . Зганьбіў імя й род свой Ён ад зьверства тога. Мужнасьці адзнака -- Не караць слабога. Гэта нам навука, А ўсім ім хай будзе Супачын, збавеньне -- Гэтак зычаць людзі. 1 Старыя хронікі зьвязваюць з апісаным тут выпадкам забойства Давіда Гарадзенскага. 2 Апісваючы ў сваёй "Хроніцы" гэты "падзел здабычы", Пётр Дузбург апавядае, што ліцьвін, расьсекшы напалам прыгожую панну, сказаў: "я раздзяліў яе на дзве часткі -- хай кожны з нас возьме тую, якая яму падабаецца". Гедымін Віценевіч, Вялікі Князь Літоўскі. 1328 г. 1 Плач, Літва -- такая страта У цябе сягоньня: Твайго князя Гедыміна Сьмерць знайшла ў Вялоне 2. Бараніў ад зграй крыжацкіх Нас ён па-геройску. Сёньня сам ад рук тых хіжых Паў ва ўласным войску. Дзіва ў немца: бье здалёку Жудасная зброя!3 Гром, маланка -- і няма ўжо, Гляньце, князя-воя! Кроў струменем палілася З тых грудзей трывалых, Што Літву ўсю засланялі Ад ліхой навалы. Ты чаму ж пакінуў, княжа, Край, дзяцей уласных? Ці ж яды тут не ставала, Ці дзяўчатак красных? Ці ж ты Кіевам, Валыньню Не ўзмацніў дзяржаву? 4 Ці ж з суседзьмі не зрадніўся Нам і ім на славу? 5 Дык чаму ж ты нас сам-насам З немцамі пакінуў? Без цябе як абаронім Мы ад іх Айчыну? Плач, Літва -- такая страта У цябе сягоньня: Твайго князя Гедыміна Сьмерць знайшла ў Вялоне. 1 У сапраўднасьці Гедымін загінуў у 1341 г. 2 Вялона -- абарончы замак у Жамойці, на беразе Нёмана. Непадалёку крыжакі пабудавалі яшчэ адзін замак -- Баербург. Якраз пры яго штурме, як паказваюць гісторыкі, і загінуў Гедымін. 3 Жудасная зброя ... -- Крыжакі скарысталі ў той бітве гарматы, адно з каменных ядраў і трапіла ў Гедыміна. 4 У выніку пераможных бітваў з валынскімі і кіеўскімі князямі Гедымін заваяваў Кіеў і Валынь і пасадзіў там сваіх прыбліжаных. 5 Маецца на ўвазе парадненьне Гедыміна з польскім каралём Лакеткам праз жаніцьбу іх дзяцей. Яўнута Гедымінавіч, Вялікі Князь Літоўскі. 1329 г. 1 Шабля -- рыцарам не робіць, Як і князем -- мітра. Даказаў то добра Кейстут, Што ўмеў дзеяць хітра. Меньшы брат Яўнута, млявы, Толькі спаў на троне. Ды шум Кейстутавай змовы Князь пачуў спрасоньня. Босы ўцёк у кажушку ён У сьнягоў сувоі, Ды яго злавілі ў лесе Кейстутавы воі. Хоць сябры Альгерд і Кейстут, Не было ў іх веры: Княства долі змацавалі Добра на паперы. Стаў Альгерд вялікім князем -- Жыць ліцьвінскай славе! А Яўнуту ва ўладаньне Аддалі Заслаўе. Меў ён розум: не ірваўся За сваё да бою. Не заліў, як Сьвідрыгайла2, Ён Літву крывёю. 1 Яўнута (альбо Яўнут, Яўнуцій) -- вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1341 - 1345), сёмы, самы малодшы сын Гедыміна. Заступіў на трон згодна з тастаментам бацькі адразу пасьля яго сьмерці. Быў занадта спакойны, "лянівы", яго неўзабаве сагналі з вялікакняскага пасада ягоныя больш энергічныя браты Альгерд і Кейстут. Вялікім князем стаў Альгерд са згоды Кейстута, які ўзяў у княжаньне Жамойць і Трокі. Яўнуту ж аддалі Заслаўе. 2 Сьвідрыгайла Леў (Баляслаў; каля 1370 - 1432) -- вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1430 - 1432). Сын Альгерда. Вёў барацьбу з Жыгімонтам Кейстутавічам за вялікакняскі пасад, дзеля чаго ўступіў у саюз з Лівонскім ордэнам. Пра Князькоў Карыятавічаў у Часы Альгерда. 1331 г. 1 Хто пустэльняй край свой зробіць, Той не варт і згадкі. Хто ж яго узвысіць, будуць Помніць і нашчадкі. Як прагнаў Альгерд татараў Аж па Волгу ў поле, Карыята за геройства Даў сынам Падоле. І яны -- ад стрэл ды мечаў Хеўры ваяўнічай -- Заснавалі замкі: Бэкат, Смотрыч над Сматрычай.2 На рацэ той, дзе ўвесь бераг Камянямі скуты, Карыятавічы ўзьнесьлі Камянец славуты. Меджыбок і Тэрэбоўля, Вінніца з Браславам Па-над Бугам -- гарады іх, Помнік іх і слава. Так князі з Новагародка Дзеялі ў Падолі. Не забудуць слаўных дзеяў Іхніх тут ніколі. Хай жывуць у гарадах іх Людзі ўсе шчасліва І сыноў тых Карыяты Спамянуць зычліва. 1 Карыятавічы -- унукі Гедыміна, дзеці яго сына Карыяты Міхала, які ўладарыў у Наваградку. Гэта -- Юрка, Аляксандр, Тэадор і Канстанцін. У 1363 годзе яны памаглі Альгерду разьбіць татараў пад Сінімі Водамі, за што атрымалі ва ўладаньне Падоле (на Украіне). 2 Бэкат, Смотрыч (над ракой Смотрыч) -- гарады на Украіне, якія ўтварыліся вакол пабудаваных Карыятавічамі замкаў. Уцёкі Кейстута з Мальборга. 1361 г. 1 Ой быў мулярам наш Кейстут, Як яго прыгнула доля: У Мальборгу мур вязьніцы Малатком прабіць ён здолеў! Разам з Альфам, што служыў там, Дзёўб той мур штоноч зацята -- Толькі б з сьцен крыжацкіх воля Зоркай блыснула крылата! Ой, наш Кейстут крыжаком быў! Дзякуй Альфу -- з ім праз гоні Князя ў белым з крыжам чорным Проста ў зоры несьлі коні! На дарозе -- Wer-da?2 -- варта Супыніла іх у браме. Штосьці немцам Альф пабаіў І -- зноў гром пад капытамі! Ды не злодзей Кейстут: немцам Плашч іх белы з чорным крыжам, Коней іх -- усё вярнуў ён, Нават шчыт з іх мечам хіжым. Пеша брыў ён да Мазоўша, Дзе жыла дачка Данута З князем Янушам. Іх замак У аблокі меціў крута. Шмат дачцы было ўжо ўцехі! Толькі Кейстут рваўся ў Трокі, Каб хутчэй сваёй Біруты Смутак-жаль прагнаць глыбокі. Немцу ж дзякуй за гасьціннасьць Шле ў пісьме і абяцае: Калі ён магістра ўловіць, То надзейней ухавае! 1 Кейстут (каля 1300-1382) -- сын Гедыміна, князь Вялікага Княства Літоўскага. Усё жыцьцё змагаўся з крыжакамі. Каля 1361 г. трапіў у засаду і быў узяты крыжакамі ў палон. Прывезьлі яго ў Мальборг (ці Марыенбург) да вялікага магістра Вінрыха фон Кніпродзе і пасьля допыту пасадзілі ў надзейную вязьніцу. Але наглядчык Альф аказаўся таксама ліцьвінам: яго яшчэ дзіцем паланілі крыжакі. Альф патемна прынёс Кейстуту ў камору малаток, і той восем месяцаў прабіваў ім лаз у сьцяне. Разам з Альфам, апрануўшыся ў белыя рыцарскія плашчы, яны ўцяклі з крыжацкага замку. 2 Wer-da? -- хто гэта? (ням.) Альгерд, Вялікі Князь Літоўскі, 1330-1345 гг. 1 Як дагнаць жаўронку цяжка Арла маладога, Так паэту цяжка ўславіць Песьняй мужа тога. Утаймоўваў крыжакоў ён, Розныя плямёны. У Альгерда ўрад быў мудры, Добрыя законы. А чужынец лез -- дадому З роднай гнаў сьвятліцы. Прысланяў кап'ё ён Да яго ж сталіцы 2. Быў ён грозны, ды гатовы Да суседскай згоды. "Не хачу, казаў, каб марна Кроў лілі народы". Каб усе былі такія, Што сядзяць на троне, На зямлі, крывёй палітай, Быў бы мір па сёньня. Люд да іх, як да Альгерда Жывучы ў дастатку, Праз вякі б сваю пашану Перадаў нашчадку. 1 Альгерд (каля 1296 - 1377) -- вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1346 - 1377), трэці сын Гедыміна, бацька 12-ці сыноў (Ягаўлы, Сьвідрыгайлы і інш.). Гэта папраўдзе неардынарная асоба. Альгерд пасьпяхова змагаўся з крыжакамі, татарамі, маскоўскім царом. Пад яго кіраўніцтвам тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага падвоілася. 2 Маецца на ўвазе паход Альгерда на Маскву, калі яго войскі нечакана з'явіліся на Паклоннай гары і вялікі князь маскоўскі Дмітрый Іванавіч вымушаны быў багатымі дарамі задобрыць Альгерда. Альгерд згадзіўся на мір. Пры гэтым ён сказаў маскоўскаму князю: "Хоць мы с табой памірыліся, але мне інакш не выпадае, як толькі прысланіць кап'ё сваё да сьцяны твайго горада Масквы, каб славу ўчыніць, што вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Альгерд кап'ё сваю да Масквы прысланіў". Кейстут 1 Ой, было, казалі, Кейстуту не міла, Што сястру Ягайлы ў жонкі ўзяў Вайдыла 2. Той Вайдыла з немцам свайго пана сватаў, Праз яго ж аднялі Полацк ад Вайдата. 3 Ой не даспадобы ўсё было старому, Да Ягайлы ў Вільню засьпяшаў ён з дому. А перад сабою выправіў ён фуры, Добра прыхаваўшы трокцаў паміж скуры. 4 Кейстут шапку князя ўсёй Літвы ўзьдзявае, А Ягайлу ў Крэва княжыць пасылае. Як пайшоў туды ён, дзе ўзняў бунт Дзімітрый 5, Адплаціла Вільня князю здрадай хітрай. Бо Ягайла шапку князя ўжо ўзьдзявае, Кейстута ж у Крэва ў путах адпраўляе. Аж чатыры дні там ён з чыёйсьці волі Прасядзеў у гэтай жорсткае няволі. Быў чатыры дні там, а ўначы на пяты Склеп глухі падземны адчынілі каты. Там і задушылі Кейстута старога, Што зрабіў для краю добрага так многа. Верны быў паганству ён, таму й самога Адвязьлі, дзе попел цела Сьвінтарога. Там усклалі князя на касьцёр высокі, І ў пламеньні ўзьнёсься Кейстут пад аблокі. 1 Кейстут (каля 1300-1382) -- сын Гедыміна, князь Вялікага Княства Літоўскага. Усё жыцьцё змагаўся з крыжакамі. 2 Вайдыла -- прыбліжаны Ягайлы, з "плябеяў". Узяў замуж Ягайлаву сястру Марыю. Кейстут не любіў Вайдылу за яго інтрыгі. 3 Вайдат (1342-1399) -- сын Кейстута, княжыў у Полацку. 4 У 1381 годзе Кейстут, схаваўшы сваіх вояў пад сенам ды скурамі, быццам падрыхтаванымі на продаж, выправіўся абозам на Вільню, заняў горад, а Ягайлу паслаў княжыць у Крэва. 5 Як паведамляе Стрыйкоўскі, у траўні 1382 г. Кейстут выступіў у паход супраць свайго ўзбунтаванага пляменніка Дзімітрыя Карыбута Альгердавіча, які княжыў у Ноўгарадзе Северскім. У адсутнасьць Кейстута Ягайла вярнуўся ў Вільню і заняў вялікакняскі пасад. Кейстута ж пасьля яго звароту і яго сына Вітаўта пасадзіў у Крэве ў вязьніцу. Ганна Вітаўтава і Гэлена Амулічова. 1382 г. 1 Адалела ўсё каханьне -- Замкі, варту -- для спатканьня Сэрцаў двух, што разлучыла На зямлі ліхая сіла. Гэта ж вымкнула з астрога Жонка Вітаўта самога! Крэва князя ў склеп схавала, Згуба там яго чакала. Там, як Кейстута, хацелі Задушыць у змрочнай цэлі. Ліха сэрцам чула Ганна, Паляцела ў Крэва рана. З ёй -- Гэлена. У скляпеньні Вітаўт, у яе адзеньне Апрануўшыся, паволі З брам ішоў насустрач волі. А Гэлена? У той цэлі Засталася ў падзямельлі. Вось прыйшлі па князя каты, Ад яго ж там -- толькі шаты. Каты ў злосьці ў той жа хвілі Служку верную забілі. Скажам ёй ухвалы слова: Чэсьць табе, Амулічова! Пра Літву, пра Ганну дбала, Ім жыцьцё ахвяравала. Ганарыся слаўным чынам! Вітаўт век быў двум жанчынам Вінен -- Ганьне і Гэлене -- За жыцьцё, за вызвалене. 1 Ганна -- жонка Вітаўта, выйшла за яго замуж каля 1370 г. Вітаўт (1350-1430) -- вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1392-1430), сын Кейстута. Змагаўся за самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага, супраць уплыву польскіх феадалаў. Пры ім Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшых памераў, стала магутнай еўрапейскай дзяржавай. Разлад Вітаўта 1 з Ягайлам 2 Жах, калі браты ўжо ў доме Распачнуць сварыцца. Будзе трэсьці дом, ён хутка Можа й разваліцца. Калі Вітаўт з Ягелонам Бойкі распачалі, 3 Крыжакі з агнём у дом наш Тут жа засьпяшалі. Тры разы ў хаўрус наш Вітаўт З імі ўваходзіў, Тры разы Жмудзь прадаваў ім І Літве тым шкодзіў. І братоў стрыечных Вітаўт Біў нелітасьціва. Прад яго нападам Вільня Узнялася жыва. Ён не змог яе ўзяць сілай -- Нішчыў край вакольны. Здрадзіў брату, дык і здрадзіць Крыжакам быў здольны. Памірыўшыся з Ягайлам, Ён свайго дабіўся. Да крыві ж якой на Жмудзі Быў ён прычыніўся! Для нашчадкаў тут навука Будзе вунь якая! Хто ж так сварыцца, хто ў дом свой Ворага ўпускае? 1 Вітаўт (1350 - 1430) -- вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1392-1430), сын Кейстута. Змагаўся за самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага, супраць уплыву польскіх феадалаў. Пры ім Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшых памераў, стала магутнай еўрапейскай дзяржавай. 2 Ягайла (каля 1351 - 1434) -- сын Альгерда, вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1377-1381, 1382-1392), кароль польскі. 3 Паміж браценікамі Ягайлам і Вітаўтам вялася барацьба за трон, за ўладанні. Часта прычынай былі розныя інтрыгі прыбліжаных. У гэтых спрэчках выкарыстоўваліся іх агульныя ворагі -- крыжаносцы, якія спусташалі краіну. Памірыліся браценікі толькі ў 1392 годзе дзеля барацьбы з тымі ж крыжакамі. Радзівіл у Часы Ягайлы. 1384 г. 1 Меньш гавораць, болей робяць Моцныя мужчыны. Вось такі ў часы Ягайлы Радзівіл быў чынны. Раз, як Вісла перашкодай Легла ў час паходу, Шум ды гам усчаўся, ён жа -- Там без слова ў воду! Пераплыў і ўзяўся секчы Ля ракі лясіну. "Не стаяць! -- сказаў ён толькі. -- Зробім тут драбіну". За работу ўсе ўзяліся Там, ля Завіхвосту 2 . Перайшлі праз роў драбінай, Быццам бы па мосту. З ходу замак быў узяты. Шмат было там шуму! Радзівіл жа наш маўклівы Збоку думаў думу. 1 Радзівіл узначальваў адзін з атрадаў ягелонскай конніцы. Як паказвае Стрыйкоўскі, быў маўклівы, але энэргічны і сьмелы. 2 Завіхост -- польскі абарончы замак на Вісле. Ягайла і Ядзьвіга, 1386 г. 1 І чаго ж вы, дуб і явар, Дужым гольлем так спляліся? Вас пярун хутчэй праніжа -- Разам грымнецесе з высяў! Так, але зваліць не лёгка Долу ўсё-ткі нас, з'яднаных. Ды і падаць міла разам З-пад нябёс для закаханых. І чаго ж, Ягайла, ў Кракаў Ты ляціш у бурцы чорнай? Сьвеціць сьвету каралеўна Там красой карпацкай горнай! Разлучыць сьмерць можа сэрцы, Могуць нішчыцца народы, Ды з'яднаным не так проста Нарабіць вялікай шкоды. У Літве -- быць веры яснай! Людзі ўсе палагаднеюць. А яшчэ ж тут Бог паможа Зерне добрага пасеяць. І паехаў наш Ягайла, Хоць крыжак маніў інтрыгай. Аб'яднаў з Літвой ён Польшчу, Ажаніўся сам з Ядзьвігай. Шлях паказвала Ядзьвіга У ясноты хрысьціянства, І ў Літве пад сонцам веры Уцякла ўжо ноч паганства. Так адна для двух народаў Стала доля і нядоля. Іх сама любоў з'яднала -- Боская была тут воля. 1 Ядзьвіга (1374-1399) - дачка караля венгерскага і польскага Людвіка. 18 лютага 1386 г. Ягайла ажаніўся з маладзенькай Ядзьвігай і стаў каралём Польшчы. Перад гэтым ён прыняў каталіцтва, атрымаўшы новае імя -- Уладзіслаў. Ядзьвіга была каралевай Польшчы з 1384 г. да яе сьмерці. Дзяцей у яе не было. Чачот Ян, ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ / Уклад., пер. з польскага, прадм. і камент. К. Цвіркі. -- Мн.: МФ "Беларускі кнігазбор", 1996.