У гісторыі культуры ёсць з'явы, якія з цягам часу набываюць сімвалічнае значэнне. Да ix, безумоўна, адносіцца пераклад на беларускую мову эпапеі Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», зроблены Браніславам Тарашкевічам пяцьдзесят год назад. Па загаду буржуазных улад яго, рэвалюцыянера i вучонага, кінулі тады ў гродзенскую турму - бадай, самую строгую ў даваеннай Польшчы. Пасадзілі яго, хворага на сэрца, у камеру-адзіночку. Зрэдку аднастайную адзіноту вязня перапыняла з'яўленне наглядчыка, які кідаў колькі абыякавых, а то i абразлівых слоў. Словы гэтыя былі на мове блізкай, зразумелай, але не роднай, не той, на якой гаварылі бацькі i суседзі Тарашкевіча ў маленькім засценку Чарнулішкі, што каля Вільні. Польская мова ў вуснах турэмнara начальства не вешчавала i не магла вешчаваць для вязня нічога добрага...
I тым не менш Браніслаў Тарашкевіч, седзячы ў польская турме, дзень за днём перакладаў на беларускую мову шэдэўр польскага генія. Перакладаў у надзвычай цяжкіх умовах. Начальства пільна ўлічвала кожны шматок паперы, нумаравала кожную старонку ў агульным сшытку. Таму нельга было дазволіць сабе раскошу рабіць чарнавікі. Увесь пераклад выношваўся i шліфаваўся ў галаве i толькі потым фіксаваўся на паперы - ужо ў закончаным выглядзе. Не было пад рукой самага элементарнага - слоўнікаў, даведнікаў. I зноў прыходзілася спадзявацца толькі на памяць, на грунтоўныя веды, назапашаныя ў Віленскай гімназіі i Пецярбургскім універсітэце. Каментарыі да перакладу здзіўляюць сваёй знцыклапедычнасцю, а сам пераклад - багаццем мовы, творчым выкарыстаннем дыялектызмаў, дакладнасцю ў перадачы зместу i формы міцкевічаўскага арыгінала.
Чаму Браніслаў Тарашкевіч, знаходзячыся ў зняволенні, выбраў для перакладу - побач з «Іліядай» Гамера - менавіта «Пана Тадэвуша»? Ды, відаць, таму, што, з'яўляючыся інтэрнацыяналістам, ён добра ўсведамля'ў: санацыйныя ўлады не маюць нічога агульнага з гераічным i шматпакутным польскім народам. Відаць, таму, што «Пан Тадэвуш» - вяршыня ў творчасці выдатнага сына гэтага народа Адама Міцкевіча, вяршыня ва ўсёй польскай паэзіі. I не толькі ў польскай. Гэта адна з вяршынь агульнаславянскіх, агульнаеўрапёйскіз, сусветных. Твор, які можна па праву паставіць побач з «Яўгеніем Анегіным» Пушкіна i «Фаўстам» Гётэ. Твор, які з'яўляедца выражением не толькі нацыянальнага духу, але i агульначалавечых імкненняў да свабоды i шчасця.
I яшчэ, відаць, таму што паэма была напісана земляком перакладчыка, заснавана на беларускім матэрыяле. Яе аўтар, Адам Мічкевіч (1798-1855), нарадзіўся на Навагрудчыне. У Навагрудку прайшло яго дзяцінства. Ходзячы па сялянскіх кірмашах i вяселлях, будучы паэт пільна прыслухоўваўся да мясцовых песень i казак, прыглядаўся да народных абрадаў. На Навагрудчыне, у Туганавічах, жыло першае вялікае каханне Міцкевіча -Марыля Верашчака. У родныя мясціны паэт часта прыязджаў з Вільні Дзе ён вучыўся ва універсітэце, з Коўна, дзе працаваў настаўнікам. Сюды, у край свайго дзяцінства i юнацтва, імкнуўся ён у марах, калі знаходзіўся ў ссылцы i эміграцыі.
З гэтай нязмернай любові да Навагрудчыны, да яе народа нарадзіліся лепшыя творы Міцкевіча - балады «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка», паэма «Гражына», другая частка «Дзядаў». Нарадзіўся «Пан Тадэвуш» [1].
Задума напісаць вялікае эпічнае палатно прыйшла да Міцкевіча сто пяцьдзесят год назад, у 1831 г., калі ў сувязі з нацыянальяым паўстаннем паэт знаходзіўся ў ваколіцах Познані. работа працягвалася ў эміграцыі - у Парыжы. Апошні радок быў дапісаны ў лютым 1834 г., a ў лiпенi таго ж года паэма выйшла з друку двума асобнымі томікамі.
«Пан Тадэвуш» - гэта ўзнёслы гімн Навагрудчыне, яе палям i лясам, яе працавітым людзям. У паэме творча выкарыстаны беларускія казкі i легенды, ужываюцца беларускія словы (покуць, вырай, рунь i інш.). Міцкевіч каларытна паказаў быт і норавы мясцовай шляхты, з якой выйшаў i сам. Паэт любуецца сваімі Сапліцамі, Гарэшкамі, Дабрынскімі, часам нават ідэалізуе ix. Аднак у цэлым «Пан Тадэвуш», як пісаў сябар Аляксандра Герцэна Станіслаў Ворцаль, з'явіўся «магільнай плітой, пакладзенай рукою генія на старую Польшчу». Сімпатыі аўтара перш за ўсё на баку юнага Тадэвуша, адважнага змагара за вызваленне радзімы i шчырага народалюбца, які дае свабоду сялянам. Сваёй эпапеяй паэт хацеў натхніць суайчыннікаў на барацьбу з самаўладствам, даць ім адказ на самыя хвалюючыя пытанні. Праўда, адказ гэты ў многім утапічны. Міцкевіч падзяляў пашыраныя тады напалеанісцкія ілюзіі, празмерна вялікія надзеі ўскладваў на добрую волю шляхты, на тое, што яна сама вызваліць народ ад прыгону. Аднак не гэта галоўнае ў паэме. Галоўнае - страсная любоў да сваёй заняволенай айчыны i перакананая вера ў яе вызваленне - пачуцці, якія валодалі i Браніславам Taрашкевічам.
Нягледзячы на забарону царскай цэнзуры, «Пан Тадэвуш» хутка стаў вядомы ў Беларусі, трапіў «пад сялянскія стрэхі». Яго перапісвалі, завучвалі на памяць. У 1858 г., відаць, рыхтуючыся да 60-годдзя з дня нараджэння Міцкевіча, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч зрабіў беларускі пераклад паэмы. Гэта быў яе першы славянскі пераклад - ранейшы, чым рускі, чэшскі, сербскі, i пазнейшы толькі за нямецкі. У 1859 г. першыя дзве кнігі (быліцы) «Пана Тадэвуша», «прыбранага ў мужыцкую сярмягу», былі выдадзены ў Вільні. Але цэнзура спаліла ўвесь тыраж, i сёння ад яго захаваліся толькі два экземпляры. Потым Дунін-Марцінкевіч двойчы, у 1882 i 1884 гг., прапаноўваў выдаць пераклад асобнай кніжкай, ды заклік ягоны застаўся без рэха. Толькі ў 1888 г. у Львове быў апублікаваны - побач з іншымі - пачатак беларускага перакладу як сведчанне папулярнасці Міцкевіча сярод славянскіх народаў.
Услед за Дуніным-Марцінкевічам за пераклад «Пана Тадэвуша» на беларускую мову ўзяўся Аляксандр Ельскі. Першая частка яго працы, на жаль, вельмі недасканалай у мастацкіх адносінах, убачыла свет у Львове ў 1892 г. [2]
І вось у 1931 -1932 гг. у турэмных засценках нарадзіўся трэці беларускі пераклад паэмы, той самы, які прапануецца цяпер чытачу. Для нас асаблівае значэнне мае тон факт, што зрабіў яго Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч (1892-1938), выдатны грамадскі дзеяч, вучоны-энцыклапедыст, акадэмік АН БССР. Яго імя добра вядома беларускаму народу. Прыгадаем, што ў 1923-1927 гг. Тарашкевіч з'яўляўся паслом польскага сейма, дзе страсна абараняў правы працоўных Заходняй Беларуси У 1925 г. ён звязаў свой лёс з КПЗБ. Тады ж узначаліў Беларускую сялянска-рабочую грамаду, якая аб'ядноўвала каля 120 тысяч членаў. Гэта была самая масавая дэмакратычная арганізацыя ў тагачаснай буржуазнай Еўропе. Польскія ўлады неўзабаве разагналі Грамаду, а яе кіраўніка прыгаварылі да 12 год зняволення. Турмы ў Вільні, Грудзёндзы, Плоцку, Вронках, Гродна... Знаходзячыся ў заключэнні, Тарашкевіч пісаў рэвалюцыйныя адозвы i брашуры, стварыў тэкст песні «Марш Грамады», працаваў над гістарычнай граматыкай беларускай мовы, перапрацоўваў сваю славутую «Беларускую граматыку для школ», якая вытрымала шэсць выданняў. У абарону вязня выступіла прагрэсіўная грамадскасць Еўропы. У Мінску камітэт у абарону Грамады i яе кіраўніка ўзначаліў Янка Купала.
Пад націскам грамадскасці польскія ўлады вымушаны былі адпусціць Тарашкевіча. У 1933 г. ён прыязджае ў СССР. З сабой вязе пераклады «Пана Тадэвуша» i «Іліяды», акуратна перапісаныя выпускніком Радашковіцкай гімназіі Леанідам Ліманоўскім. У Маскве Тарашкевіч загадвае аддзелам Польшчы i Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце, піша працы па эканоміцы, гісторыі, мовазнаўству, уносіць праўкі ў рукапіс перакладу «Пана Тадэвуша», рыхтуецца яго выдаць.
Пасля смерці Тарашкевіча [3] восем тоўстых сшыткаў з перакладам засталіся ў Маскве, у яго ўдавы Ніны Аляксандраўны. У 1967 г. яна перадала рукапіс у адзін з музеяў. Аднак шырокая літаратурная грамадскасць не ведала пра існаванне сшыткаў. Лічылася, што яны загінулі. I ўсё ж жыла вера, што раней або пазней пераклад Тарашкевіча знойдзецца. Калі ў 1962 г. у «Полымі» быў надрукаваны ўрывак з паэмы, выдатны польскі пісьменнік Яраслаў Івашкевіч аптымістычна пісаў: «Трэба мець надзею, што пераклад Тарашкевіча поўнасцю будзе апублікаваны ў самым бліжэйшым часе».
Ішлі гады. Эпапея польскага паэта па-ранейшаму прываблівала беларускіх перакладчыкаў. Былі апублікаваны ўрыўкі з яе ў перакладзе Максіма Танка, Сяргея Дзяргая. Сёння ўжо існуюць у рукапісах поўныя пераклады паэмы, зробленыя Язэпам Семяжонам i Пятром Бітэлем. У беластоцкім альманаху «Белавежа» ў 1971 г. была надрукавана чацвёртая быліца з Тарашкевічавага перакладу «Пана Тадэвуша». У Вільнюсе, на кватэры былой супрацоўніцы Беларускага банка Марыі Паўловіч, знайшлі арыгінал 11 i 12-й быліц таго ж перакладу. Урэшце ў музейных запасніках адшукаліся i сем «маскоўскіх» сшыткаў. У 1978 г. ямы паступілі ў аддзел рэдкай кнігі i рукапісаў Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР. Там жа захоўваецца частка арыгінала, знойдзеная ў Вільнюсе. На аснове ўказаных рукапісаў i падрыхтавана гэта публікацыя.
Такім чынам, сёння можна сказаць, што надзея Яраслава Івашкевіча здзейснілася. Беларускі чытач упершыню атрымоўвае поўны тэкст «Пана Тадэвуша» на роднай мове. Як сцвярджае ў Польшчы пісьменнік Сакрат Яновіч, для перакладу, зробленага пяцьдзесят год назад у турэмных засценках, уласціва «кранальная вернасць у дачыненні да арыгінала, якая шчасліва спалучаецца з бясспрэчнай паэтычнасцю» [4]. Праца Браніслава Тарашкевіча з'яўляецца красамоўным сімвалам беларуска-польскага літаратурнага яднання, дружбы двух братніх славянскіх народаў.
Адам Мальдзіс
[1] Падрабязней пра сувязі Міцкеаіча з бсларускім фальклорам гл.: Лойка Алег Адам Міцкевіч i беларуская літаратура. Мн., 1959.
[2] Падрабязней пра першыя пераклады паэмы на беларускую мову гл.: Skibińska-Chагуlo Zofia. О przekładach «Рапа Tadeusza» na język białoruski.- Sludia Polono-Slavica Orienłalia, t. II (1973), c. 181 - 198.
[3] Падрабязнсй пра рэвалюцыйпую i навуковую дзейнасць Браніслааа Тарашкевіча гл.: Ліс Арсен. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966; Bergman Aleksandra. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977.
[4] Janowicz Sokrates. «Pan Tadeusz» w celi więziennej.- Kultura, 1977, nr 12, c. 5.