Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 4

Юры Карэйва. Самотнік 


Аўтар: Карэйва Юры,
Дадана: 17-12-2001,



Юры Карэйва

...Крыж пакутны

нясеш за што свой,

і куды

найміласэрны

Бог Магутны

скіроўвае твае сляды?..

Ідзеш…

не помніш,

дзе ты, хто ты

ў людской вар'ятні,

чалавек…

Пустэльнік свету

адзінотны,

самотнік -

назаўжды,

навек...

Самотнік

(вершаваны аповед)


Як на Гальготу,

крыж самоты

ён праз людскі натоўп

нясе,

у штосьці ўдуманы заўсёды,

знявекі нейкі...

Як не ўсе…

Народ глядзіць

як на вар'ята:

здаецца,

не ў старых ж гадох -

твар змяты,

выглядам - няварты,

ды ж нейкі дзіўны,

далібог!

Паўсюль

у вочы і за вочы,

наўстырч і ўзбоч -

зласлівы сык:

- Ці ж ты сляпы?,

ідзеш - не збочыш!..

- Чаго маўчыш?

Зглынуў язык !?..

Ці ён глядзіць -

ці спіць, не ўцямяць:

не расштурхаць,

не разбудзіць…

Тут -

шлях яго крыжовы

ў памяць.

Хіба ж той шлях

хто разглядзіць?

Адзіны ён

выразна бачыць,

па нейкіх метах

пазнае,

дзе неўпрыкмет

згубіў, бядача,

найлепшыя гады свае.

Ці ж мог чакаць,

што родны горад

аднойчы прынясе яму,

ды гэтак скора,

столькі гора,

Бог ведае,

за што й чаму?

Вось усплыло

ў ягоных згадках,

аж захлынула, усплыло,

як жыў…-

па-рознаму: і гладка,

і гадка…

Усяляк было…

Каханне,

інстытут, вяселле...

Белагаловы карапуз…

Затым -

калецтвамі на целе

і на душы -

пакутаў друз…

Сяброў,

зычліўцаў ды знаёмых

было ж заўсёды,

аж пакуль

з жыццёвае

высознай стромы

яго не зрынула як куль.

Прыйшла,

слязьмі

ўзлілася ў хаце,

нібы паводкаю вада,

бяда:

Святло Святое згасла -

Маці...

Хоць сам памры.

Ды Бог не даў…

Памерла маці…

Збегла жонка,

як толькі

занямог ды злёг,

прыгожая,

як лялька, звонку,

але ў нутрох -

не дай ты Бог!

- Каб ведала, -

раўла як выжла, -

што скулішся,

ах ты гідкі,

я замуж за цябе б

не выйшла!

Але - ж

дзіцёнку - тры гадкі!

Таму яшчэ

падзякуй Богу,

што нейк вось

з гэтакім жыву!

Здаровы быў -

меў ж грошай многа,

бо меў жа-ж,

кажуць, галаву.

А зараз - хто?

Дурны калека!

Я ж думала,

што ты - круты!

Скалечыўся!..

Як так скумекаў!?

Ды лепш было б,

каб ты тады…"

Пагрызла,

ды, нарэшце, з'ехала:

дзіцё пад паху -

й да бацькоў…

Там бацька той -

як злыдзень з пекла,

аматар чаркі й

мацюкоў.

Там маці тая -

як вядзьмачка!

Шмульцуе ўсіх

з усіх канцоў,

лядачка, звяга,

надзімачка,

скубе нявестку і зяцёў.

Нявестка,

жонка яе сына,

ў яе ды дочак -

шлюха, зброд,

зяці ж:

у той мужык - скаціна,

а ў гэтай -

дык са скотаў скот!

Каб ж не вялося

тога б часта,

хто б мне паверыў

хоць на грош?

Сказалі б так:

ілжэш - і баста!

Дадам жа й так:

бывае горш!

Бывае й так,

што забіваюць

тэсць зяця,

ці - наадварот…

а гэткія,

'дык накш збываюць:

праз паварот

ад іх варот!

А з ім - так і было.

У госці

прыедзе, возьме

што зрабіць:

" То ж, вось, не так

рубае, косіць!", -

спадыня

скрыва-ўскос глядзіць!

Няведама,

з якой халеры,

як скуль што -

за жывое ўтне:

раптоўна

вырве з рук сякеру,

вурчыць,

"вучыць" наўсяк пачне.

Яно ж не з хватаў хват,

канешне :

не док-мастак -

то ж добра й так!

Ды, збоку паглядзеўшы,

смешна:

як дурань, туркус,

глузд, лайдак!

А цесць!

ні стаць,ні сесць,

ні легчы:

заўсёды -

абы найхутчэй

ва ўсюль ды ўсюды

ў лейцы ўпрэгчы!

Пацёг. - Дык слаба!

Прэч з вачэй!

Глядзяць

і дзівяцца суседзі:

як быццам -

хлопец не благі…

Навошта ж ён

сюды ўсё едзе

да злыдняў

д'яблавых такіх!

заўсёды й за сталом.

Ляпочуць

міжсобку,

зяцю ж (госць -

дык злосць),

падкінуць кпіну -

ды рагочуць,

аж ежа ў горле

стане ў косць.

Адкрытым цешча

чэша тэкстам

і не стыдаецца ж,

пся маць!:

дачка ў іх -

дык з нявест нявеста,

а ты - такі й сякі,

не зяць!

Дачцэ ж пры тым

няўклюдным зяцю:

- Ну ты й займела

мужычка!

А цесць яшчэ й

"прыпомніць" сваццю:

- Хто ж маці

ў гэткага сынка!?..

А тая тому -

падлівае

ды просіць:

- Сціхні

й больш не пі.

Сядзіць

Ну рыхтык як святая,

хоць ты вазьмі яе

й любі!..

Хапіўшы

лішняга з кілішку,

той збурваўся,

як той вар'ят:

аж выпірала

з горла кішку -

так "свенціў" зяця

мат на мат!

Вось гэтак жа

ізноў аднойчы,

як зяць -

у хату на парог:

ён скочыў

вытрашчыўшы вочы:

здаецца,

б задушыў, каб мог!

І - мат на мат

на зяця

з сваццяй

з гадзіны дзьве мо

поўтаў ён,

ажно звінелі

шыбы ў хаце,

ды на ўсю вёску

потым - звон!

Зяць аж знямеў,

нібы забіты,

ды акрыяўшы ад жуды

сказаў спакойна:

"Будзьма квіты .

Ну што ж …

бывайце. Назаўжды".

Ад тых "цясцёў"

ды "жонкі" сплынуў

прыстойна,

як там ні было -

сышоў без звад,

спакойна кінуў

па-чалавецку

іх кубло.

Дамоў прыехаў.

маці ў хаце

ўжо не было

а дзьвёх начох -

шпіталь…

Надвечар у палаце

памерла

на яго вачох …

Ах мама, мама,

што ж Вы, мама,

так рана,

хутка так пайшлі?..

У росквіт год

вам жыць бы сама.

Ці ж Вы

як трэба пажылі?..

Каб хоць на міг

прыйшлі ў прытомнасць,

каб хоць бы слоўка

мог пачуць…

З імгненнем тым,

ён добра помніць,

й стаў шлях крыжовы

уваччу .

Ісці тым шляхам,

з гэткім крыжам,

ці ўсе мы

здольныя ў жыцці?..

Калецтвы на душы -

ледзь выжыў,

боль з ног збівае -

як ж ісці?..

Па ўсім тым,

ледзьве апрытомнеў,

наўкол -

ніводнае душы:

ні родных ні сяброў…

Прыпомніў:

ён ж клікаў…

Вось жа й не прыйшлі…

Здзічэла, стомлена

(Ніколі

не быў такім -

ды ж лёс даў стаць...),

як пасля доўгае

зняволі,

на свет глядзіць…

Каб мог спытаць,

то б запытаў я:

"Крыж пакутны

нясеш за што свой,

і куды

найміласэрны

Бог Магутны

скіроўвае твае сляды?.."

Ідзеш…

не помніш ,

дзе ты, хто ты

ў людской вар'ятні,

чалавек…

Пустэльнік свету

адзінотны,

самотнік -

назаўжды,

навек...

28/29.09.99г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX