Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 4

Уладзімір Малец. Паэзія 


Аўтар: Малец Уладзімір,
Дадана: 17-12-2001,



Уладзімір Малец

Калі ты толькі забіраеш,

Не аддаеш

і не ўкладаеш,

Дык што

нашчадкам

застаецца?

Што ў спадчыну перадаецца?..




* * *


Разам з сонцам я дзень сустракаю,

Новы дзень!..

Залацісты прамень -

Новым вершам ізноў прывітаю,

І растануць зноў цемень і цень.

Сонца ўзыдзе і сэрца адцепліць -

Запульсуе ў радках жывых кроў.

Яна сум учарашні прасветліць

І зрыфмуе з сугучнасцю слоў.

І пральецца прамень залацісты

На пралескі, разлогі, палі,

І народзіць той дзень прамяністы

Новы плён

на радзімай зямлі!

Беларусі

Колькі вынесла пакутаў,

Ліхалеццяў, розны здзек…

Веру, вызваліцца з путаў

Працавіты чалавек!

Сыдуць у нябыт нястачы

І бязлітасны прыгнёт.

І жыццё пераіначыць

Беларускі наш народ!

У кожнага - свая Радзіма

У кожнага - свая Радзіма:

Улетку дорага і ў зіму.

Як сонца свеціць у ваконца,

Так і яна ў душу бясконца.

То спеў прывабны і чысцюткі,

То ўсмешка мілай незабудкі,

То жаль, то роспач, то ўспаміны -

Старонкі той куток адзіны.

То апячэ, нясцерпным болем:

Як журавы над ціхім полем,

Памкненні адляцяць з краіны -

Бы ў маці адымаюць сына.

Усё з табою тут гамоніць,

А ты не здольны слова змовіць,

А сэрца сумам замірае

І ў неба з думкамі ўзлятае…

Куды ляціце, думкі - гусі,

З куточкаў любых Беларусі?

Хто вас трывожыць,

Што штурхае,

Аб чым душа турботы мае?

Ці можа там, за небасхілам,

Ёсць вам куточак болей мілы,

Ці можа - лепшыя парадкі:

Без працы можна есць аладкі?..

Не веру, што там лепей будзе,

Там будзеце вы як прыблуддзе,

І будзе там вам незайздросна,

Бо без Радзімы - невыносна.

І кожны год ізноў і знову

Прыйходзіш да тае высновы,

Што як ні міла там, ні люба,

А без Радзімы сэрцу - згуба.

О, Беларусь! О, край мой мілы!

Вітаю цябе песняй шчырай!. -

З ёй уздыхнеш ты з поўнай сілай,

І мо ўзляціш са мною ў вырай!?..


* * *


Калі ты толькі забіраеш,

Не аддаеш і не ўкладаеш,

Дык што нашчадкам застаецца?

Што ў спадчыну перадаецца?..

Памяць

… А памяць - як машына часу:

Незразумелым выкрунтасам

Мінулым выплыве, асвеціць

І ўсё да дробезяў адмеціць.

Прасее крыўду, поспех, радасць,

Уздым душы і сэрца млявасць,

Неспадзявана хваляй ветру

Мільгне маланкамі ў паветры.

Мова

О мова матчыны!

Ты песняй

І шчырым сонцам на прадвесні

Расплавіш лёд душы няшчаснай.

Жыві!

Не адыходзь заўчасна!

Там, за аблокамі, высока...

Там, за аблокамі, высока

У прасцягу, недасяжным воку,

Блукае Усясветны Розум…

І ўскалыне міжволі роздум,

Што Кімсьці ўсё запланавана:

Каму і як наканавана,

Каму якой ісці дарогай,

І тых шляхоў-дарогаў многа.

І кожны, кожны шлях пад зоркай

Салодкі можа быць ці горкі,

Як выбраць, як не памыліцца,

Адзіны, і на ім не збіцца?..

Складаную жыцця задачу,

Як вырашыш ты: так ці начай?..

А вырашыш - і возмеш горку,

І разгарыцца твая зорка!

У небе зор суквецці свецяць

І ўсе дарожкі нашы мецяць...

Якую зорку хто там знойдзе?

Якой дарожкай ён і пойдзе?

Песня без слоў

Не магу я сабе дараваць,

Што не здолеў цябе зберагчы.

Каб той час мне назад адагнаць,

Дык слязінцы не даў бы сцячы

З тваіх мілых ласкавых вачэй,

У якіх я каханне знайшоў…

І цячэ мая песня без слоў,

І агнём невыносным пячэ…

1999г.

Не забыць

Думкі, думкі плывуць, як аблокі,

Праз якія - зноў сонца з нябёс.

Без цябе я такі адзінокі! -

Зруйнаваны нягодай мой лёс.

Плачам сэрца застогне, заб'ецца,

Што не можа ўсвядоміць тугу,

Ці жыву, ці мне толькі здаецца. -

Без цябе болей жыць не магу!..

1999г.

Светлай памяці Тваёй…

Мінулі летуценнем светлыя гады,

Але нязгасна ззяюць твае вочы.

Час, лепшы доктар, прыйдзе,

як заўжды,

І сонца ўзыйдзе з непрасветнай

ночы.

У валасах маіх бялее сівізна…

Вакол жыццё струменіць і

смяецца.

Была і будзеш - Сонца і Вясна!

Маё каханне

вечным застаецца!..

1999г.

Унучка

Ты так жадала быць бабулькай,

Пяшчотай цешыцца над люлькай…

Дык у Дыянкі, твае ўнучкі -

Твае танюсенькія ручкі.

І голас падае зычліва,

Як ты нядаўна, уладліва,

І плача гэтак і смяецца

Як ты… -

Ці гэта мне здаецца?..

Маёй матулі

(да 70 - годдзя)

За пяшчоту тваю,

За падтрымку тваю

І за безліч трывожных начэй

Усё сэрца сваё

Я табе аддаю,

Каб душы тваёй стала лягчэй.

1999г.

Дні маладосці

Крынічны струмень весялосці

Асветліць, душу мне ўскалыша,

Пахмельныя дні маладосці

Схваліся дзесьці

ў зацішак…

1999г.

Нараджэнне

З першым крыкам немаўляці

Свеціць шчасцем сэрца маці.

Слёзы радасці, надзеі

Ад вялікасці падзеі!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX