Апавяданне-быль
Памяці Пятра Кашарнова
Здалося, нейкая загадкавая ўсмешка застыгла - засталася на Пятровым твары назаўсёды. Вочы нязрушна глядзелі паўз вершаліны хвой некуды ў аблокі, як бы нарэшце знайшоўшы там вечны прытулак ягонай душы.Спазіраў на неба і Андрэй, думаў: "Мо сапраўды, Пятро ўжо там…" Уздыхнуў. Здалося, лес таксама ўздыхнуў, замёр ды ізноў задыхаў зашумеў сваёй лістотай.
Улетку кожнага дня з гэтай вялізарнай Дзятлаўскай пушчы - выходзяць людзі з рознымі ляснымі дарункамі. Сустракае іх разлітая над полем мелодыя жаўранка...
Скрай лесу віднеўся малады хвойнік. За ім высока ўзнімаліся парасоны-верхавіны старых хвой, якія неяк сумна глядзелі на сваё новае маладое пакаленне. Яны суседнічаюць тут з белымі прыгажунямі-бярозамі. Малады хвойнік і стары гэты лес зліваліся ў адну зялёную сцяну, толькі ледзьве вымалёўвалася маленькая, спрэс парослая зялёным мохам сцяжынка, па якой ішлі двое…
- Тут прыгожа. Я тут застаўся б на ўсё жыццё, - прамовіў Пятро.
- Што праўда то праўда: прыгожа, - згадзіўся Андрэй.
Андрэй Скуркоў і Пётр Кашарноў - двое дарослых сяброў. Працуюць на заводзе "Лідсельмаш".
Каторы ўжо раз, вяртаючыся з працы, ля чыгуначнага вакзала яны бачылі людзей з поўнымі кошыкамі грыбоў. Вось і задумалі махнуць па лясныя скарбы.
Зайшлі ў поўны званлівага птушынага гоману лес.
"Любата", - падумаў Пятро.
Хлопцы пасоўваліся ўсё далей і далей.
- Не відаць ніякіх грыбоў! Да нас усё павыбіралі. Прыйдзем іншым разам, - без настрою прамовіў Андрэй.
- Пайшлі далей. Звычайна з берагоў выбіраюць, а ўглыб мала хто ідзе, - параіў Пятро.
І сапраўды, праз некалькі ўжо крокаў Пятро ўбачыў купку баравікоў. Зрэзаў адзін з іх сцізорыкам, а той чарвівы, гэткія ж - і другі, і трэці… Толькі аднаго, хай сабе й цэлы, не крануў: у таго бо вельмі ж смачна ўпіўся слімак!
- Еш, еш: грыбка чапаць не буду, - усміхнуўся Пятро. Слімак як-бы тых слоў і не чуў, адно старанна працягваў выконваць сваю "працу".
- Сухавата, таму чарвівыя. О, каб дажджы былі, то добра раслі б. Хапіла б і нам, - вымавіў Скуркоў.
Але грыбоў усё ж крыху траплялася: яны як-бы клікалі хлопцаў ісці далей углыб лесу. Прайшло ўжо некалькі гадзін, а ў кошыках, як кажуць, кот наплакаў!
- Давай трохі адпачнём, - прапанаваў Кашарноў.
Сябар згадзіўся. Прыселі каля кашоў. Запалілі па цыгарэціне, пагаварылі пра тое-сёе.
Руплівыя мурашкі мітусіліся ля іх, несучы розную дробязь, здавалася, не звярталі на лясных вандроўнікаў з кашамі ніякай увагі. Але мужчыны пільна сачылі за іхняй працаю.
- Як гэта такія маленькія мурашынкі столькі ўсяго панацягвалі, каб збудаваць сабе гэткі мурашнік? Вунь вялікі які, - задумліва сказаў Андрэй.
Крыху адпачылі і пайшлі далей. Крок за крокам, і вось - грыбы!
- Гэты - усім грыбам грыб! - Усклікнуў Пятро, асцярожна падразаючы корань таўстуна ў раскошным капялюшы.
Аж раптам Пятро застагнаў і схапіўся за голаву.
- Пеця, што з табою?!..
- Нешта галава забалела.
- Што за хвароба на цябе напала? - Спалохаўся Андрэй.
- Не ведаю, гэтак ужо другі раз так, але каб так моцна - дагэтуль ні разу.
А той першы раз такое было з ім на рабоце (тады яшчэ Скуркоў у ягоным цэху не працаваў), калі прыйшлося несці паўмяха жалязяк: падняў - пайшоў, і неяк раптам узяло за галаву. Упаў, страціўшы прытомнасць. Ачуняў, калі перад ім ужо стаялі доктар і рабочыя.
- Нічога кепскага, толькі крыху здало сэрца. Замнога працуе, - канстантаваў доктар.
Пасля таго Пятру залішне цяжкой работы не давалі…
А пушча шумела, лагодна пагойдваліся хвоі. Галасы лясных крылатых спевакоў аж разлягаліся наўкола. Было чуваць, як недзе з вяршыні хвоі ўспырхнула нейкая птушка, нібы паляцела шукаць падмогу.
Андрэй зняў з сябе куртку, зрабіў з яе скрутак і падклаў Пятру пад галаву. Неўзабаве той зусім абамлеў.
- Дай вады, горача.., - папрасіў Пятро. Скуркоў даў яму піць,затым стаў прыкладваць халодныя лісты да скроняў сябра.
- Нічога, нічога, зараз стане лягчэй і мы вернемся дамоў, - нібы падбадзёрваў яго Андрэй.
Зайшлі былі яны вельмі далёка - у самую, здавалася, нетру пушчы. Агледзеўшыся кругом, Скуркоў спалохаўся і зразумеў, што выйсце адгэтуль адшукаць будзе цяжка.
Ён нейкі час змяняў тыя лісты (вельмі хутка награваліся ад, відаць, вялікай тэмпературы), затым стаў махаць кепкаю - рабіць "вецер".
Пятро амаль страціў прытомнасць, сэрца ледзь-ледзь праслухоўвалася, дыханне слабла. Андрэй стаў рабіць штучнае дыханне, але …
Урэшце, абапёршыся спіной аб хваіну, Андрэй бездапаможна заплакаў па свайму найлепшаму сябру.
Ці то зусім сціх вецер - лес неяк застыў, не зварухне ні лісцікам. І птушак амаль не чуваць. Але недзе там, далёка, над полем, мабыць, не сканчае сваю прыгожую мелодыю скаўронак… Вось сарваўся з бярозкі жоўты лісток, ласкава і ціхенька лёг ля памерлага Пятра… Здалося, нейкая загадкавая ўсмешка застыгла-засталася на Пятровым твары назаўсёды. Вочы нязрушна глядзелі паўз вершаліны хвой некуды ў аблокі як бы нарэшце знайшоўшы там вечны прытулак ягонай душы.Спазіраў на неба і Андрэй, думаў: "Мо сапраўды, Пятро ўжо там…" Уздыхнуў. Здалося, лес таксама ўздыхнуў, замёр ды ізноў задыхаў- зашумеў сваёй лістотай.
- Трэба нам шукаць дарогу дадому. - Прамовіў услых Скуркоў, глянуў на сябра, нібыта чакаючы, што той яму скажа. Падняў Пятра, прыставіў яго да хвойкі і ўзяўшы за рукі - на плечы…
Дрэвы, панылыя, разыходзіліся па баках, саступалі дарогу. Сухое сучча цяжка трашчала пад нагамі. Вельмі страшна… Недзе ў гушчары за дрэвам нехта заварушыўся, пабег, ламаючы гушчар. Страшна…
Блукаў ён з сябрам, дакладней - з ягоным, куды больш цяжэйшым за тыя мяхі з жалязякамі, целам, доўга. Смяротна стаміўся: ныюць рукі, ногі, спіна. Усё часцей і часцей прыходзілася спыняцца: то абапіраць маўклівага сябра аб хвойкі, то класці яго на мох, каб не трымаць рукамі, а пасядзець, крыху адпачыць.
- Нічога, браток, не будзе… Заўтра прадоўжым пошукі. - Зноў прамовіў да нерухомага Пятра Андрэй.
Настала ноч. Месяц і зоркі свяцілі надзвычай ярка. Прылеглыя на мох, абодва яны нерухомымі вачыма глядзелі на іх. Адному з іх, вядома ж Андрэю, неяк падумалася: "Адна з іх , напэўна, ужо згасла…" Думаў пра Пятра і ягоную сям'ю. Ныла сэрца, па шчаках каціліся слёзы.
Хацеў распаліць вогнішча, бо могуць жа прыйсці ваўкі ці іншае якое звяр'ё. Хаця, адкуль тут той лясной жывёле ўзяцца: апошнім часам амаль зусім звялася… Але гэтак знясілеў і знарваваўся, што агню раскладваць не стаў.
Было ўжо думаў, што ён і Пятро застануцца тут навечна, але прасіў Бога, маліўся і нейкая надзея, што выйсце з пушчы ўрэшце знойдзецца, усё ж была. Падсунуўся да дрэва і тут яму як бы хто паклаў руку на плячо… Азірнуўся… Сук. Адчуванне жаху гэтак жа раптоўна, як і прыйшло, знікла.
Так і праседзеў ён ля Пятра цэлую ноч. З першымі сонечнымі промнямі ў вершалінах дрэў, з першымі галасамі лясной птушэчы блукальнікі, гэты - на сваіх нагах, той - на ягонай спіне, рушылі далей.
Мінула дужа часу. Андрэй зусім знясілеў. Балела ўсё цела. Моцна хацелася піць і есці. Паклаў Пятра на мох, прыкрыў яго ламаччам і лісцем, пайшоў далей адзін. Пазначаў шлях: заломваў галінкі на дрэвах. Зайходзіў далёка і не знайшоўшы ніякага выйсця вяртаўся на тое ж самае месца, забіраў сябра ды ізноў - у лясное гушчэўе…
Бог ведае колькі бы яшчэ праблукалі, каб не сарока. Села недалёка на бярэзіну, засакатала на ўсямоц.
- Кыш! Кыш пайшла!, - выгукнуў Андрэй.
Тая крыху адляцелася, села на хвойку, ды зноў засакатала. І тут Андрэю чамусьці падумалася: "Відаць, дзесьці паблізу - людзі… Мо вёска якая… Магчыма, сарока пакажа дарогу. Бегчы за ёю!.."
Птушка ізноў адляцелася, дзесьці села і зноў засакатала. Кінуўся на ейны голас. Бег, пакуль не змеціў скрозь гушчар прасветліну. Спыніўся, затым павольнейшым ужо крокам рушыў далей. На ўскрайку пушчы - леснічоўка. Узбег на ганак, стаў грукацца ў дзверы. Але - цішыня.
- Адчыніце! Чуеце? Адчыніце!..
Нарэшце - цяжкія крокі. Дзверы адчыніліся. Выйшаў стары:
- Што трэба?
- Бяда. Пайшлі з сябрам па грыбы. Памёр ён.
Ляснік запрасіў Андрэя ў хату, падаў кубак з вадою, па заўсёднай сваёй звычцы зняў са сцяны дубальтоўку, закінуў яе за плячук. Выйшлі…
На імі высока ў небе, цудоўнымі пераліўнымі тонамі звінела песня жаўрука. Цёмна-зялёная сцяна пушчы стаяла задуменная, ціхая…