Толькі пасля перакладчыцкай практыкі ў два дзесяцігоддзі я, нарэшце, асмеліўся дакрануцца да радкоў Аляксандра Пушкіна. З вялікім хваляваннем і цнатлівай надзеяй на прыхільнасць прапаноўваю падборку - маю дзёрзкую спробу запрасіць Аляксандра Пушкіна да гутаркі па беларуску.
Пётр Макарэвіч
Руслан і Людміла
- Урывак з паэмы -
Ля лукамор'я дуб зялёны;
На дубе залаты ланцуг:
І днём, і ноччу кот вучоны
На ланцугу брыдзе наўкруг.
Направа пойдзе - спеў заводзіць,
Налева - казка загучыць.
Там цуд: лясун паважна ходзіць,
Русалка на суку сядзіць;
На таямнічых тых дарожках
Сляды нябачаных звяроў;
І хатка на курыных ножках
Стаіць без вокнаў, вушакоў;
Там лес з далінай зданяў поўны;
На золку хвалі хлынуць вольна
На берагоў пустых пяскі,
І трыццаць віцязяў агністых
Ідуць чародкай з хваляў чыстых,
А з імі дзядзька іх марскі;
Там каралевіч мімаходам
Няволіць грознага цара;
Ў аблоках там перад народам,
Кране ледзь мора й лес зара,
Вядзьмак праносіць змагара;
Там у турме царэўна тужыць,
Ей шэры воўк аддана служыць;
Там ступа з Бабаю Ягой
Ідзе-брыдзе сама сабой;
Над золатам Кашчун там чахне;
Там рускі дух… там Руссю
пахне!
І я там быў, і мёд я піў;
Ля мора бачыў дуб зялёны;
Пад ім сядзеў я, кот вучоны
Свае мне казкі гаварыў.
Адну я помню казку гэту
Паведамлю цяпер я свету…
Вакхічная песня
Што змоўк наш раскацісты бас?
Грыміце, вакхальныя спевы!
Хай вабяць пяшчотныя дзевы
І юныя жонкі каханыя нас!
Гэй, шклянку паўней налівайце!
На звонкае дно
Ў густое віно
Таемны пярсцёнак кідайце
Узнімем бакалы і зрушым іх разам!
Няхай жывуць музы, няхай жыве розум!
Ты, сонца святое, гары!
Як гэта лампада бляднее
Прад золакам ясным ўгары,
Так мудрасць ілжывая гасне і тлее
Прад мудрасці сонцам: у ім фальшу няма.
Няхай жыве сонца, няхай згіне цьма!
* * *
Пара, мой друг, пара:, спакою сэрца просіць -
Лятуць за днямі дні, і кожны міг адносіць
Часціначку быцця; і мы з табой ўдваіх
З намерам доўга жыць бярэм апошні ўздых.
А шчасця не знайсці, ды ёсць спакой і воля.
Даўно зайздросная ўяўляецца мне доля -
Даўно, стамлёны раб, замысліў я ўцячы
Ў прыстанак для работ, пяшчоты ў далячынь.
* * *
На ўзгорках Грузіі ўначы ляжыць імгла;
Арагвы шум перада мною.
І лёгкі сум душы, і светлы, як сляза;
Бо сум напоўнены табою,
Табой, адной табой... І смутку ўжо майго
Нішто не мучыць. Не трывожыць,
І сэрца зноў гарыць, кахае - з-за таго,
Што не кахаць яно не можа.
Элегія
Той час маёй шалёнай весялосці
Гняце і ломіць, як пахмеллле косці.
І як віно - журба з-за тых падзей
У маёй душы з гадамі ўсё мацней.
Мой сумны шлях. І зычыць працу,
Мне прышласці захмаранае мора.
Ды не хачу, сябры, я паміраць;
Я жыць хачу, тварыць, перажываць.
І ведаю: уцешны час настане
Між клопатаў, нягод і хвалявання:
Гармонія падорыць зноў экстаз,
Над выдумкай пралью слязу не раз,
Мажліва, й мне на схіле дзён
фатальных
Каханне блісне ўсмешкай
развітальнай.
* * *
Хай жыццё нашле падманаў -
Не журыся, не сярдуй!
Часам смутку не бядуй:
Дзень ружовы, вер, настане.
Сэрца прышласцю жыве;
Відавочнае паныла:
Усё - імгненна, ўсё сплыве;
А міне - як будзе мілым!..
* * *
Я вас кахаў: маё каханне можа
Яшчэ ў душы пагасла не зусім;
Няхай яно вас болей не
трывожыць;
Я не хачу вас засмучаць нічым.
Я вас кахаў маўкліва, безнадзейна,
Ў агні пакуты, рэўнасці, тугі;
Кахаў так шчыра, як багатварэнне,
Як дай вам Бог
каханай быць другім.
Уставай, суайчыннік, з каленяў
Я на зломе вякоў і на зломе эпох
Бачу: ідалы ўміг расыпаюцца прахам,
А рэжымам закляты, як чартапалох,
П'едэстал пасмяротна бярэ адным махам,
Ды пілуе найлепшых дзяржаўны тартак:
У фаворы Дзям'ян, у ваганні -
ШАЛЯПІН…
Колькі ж слаўных сыноў беларускіх
мы так
Па-вар'яцку загадзім, загубім,
прашляпім?
Як да ганьбы такой дакаціўся народ?
Славу нацыі, імя сусветнае - БЫКАЎ -
Слініць гадка, паскудна зімоўскага рот
На кісельным экране са свістам і гікам!?
Уставай, суайчыннік, з каленяў! Не трусь!
Годзе свет нам смяшыць і гібець як
папала!
Беларускае Слова - жыве!
І жыве Беларусь!
Ёсць Скарына у нас, Багдановіч,
Купала…
Настрой мяняецца з дарогай
Ля сцен, дзе Павел Шарамет
Утрымліваўся за калючкай,
Нясе мяне веласіпед
Да меншае дачкі і ўнучка.
А з пліт бетонна-змрочны
плот
І металічныя вароты
Тырчаць,
вады набраўшы ў рот,
Завышаны калючым
дротам.
Чаму і што мяне наўздзіў
Адсюль так шпарка
міма гоніць?
Дэманстратыўна й я хадзіў
Ускрай гранічнага
прадоння.
І я казёныя табу
Не раз нагой і словам
кратаў.
Магчыма, і мяне зграбуць
І штурхануць яшчэ
за краты…
Я вызвалю багажнік, руль,
І запаветны інтэрнацкі
204 -ты блок бяру
Ў настроі слаўным
дзеда, бацькі.
З плячэй скарб дачны
дастаю,
І з годнасцю сялянскай
маркі
Крывінкам родным я даю
Кампот, цыбулю,
бульбу, скваркі…
Дзень векапомны Белагруды
Ля Дзітвы, пад вярбовым шатром,
Прытуліла ўдваіх плашч-палатка.
Адгукаецца соладкі стогн…
Ад абдымкаў ці спірту Рахаткі?*
Асядланы пушынкай-табой,
Ад любові я стаў нецвярозы.
Дораць пошчакі нам над ракой
Салаўіныя сосны, бярозы.
Уцяклі мы ад сцен і вачэй
Пад блакітны дах неба на волю,
Дзе люстэрка прывольна цячэ
Між азёрнага паху наўколля.
Ўся прырода - падножжа табе!
Грае гімн для цябе ўверасе лісце.
Як і плоць, у святой варажбе
Ў маналіт нашы лёсы зліліся.
Незабыўны пчалы дзіўны звон -
Нечаканай над намі прыблуды -
Рай вярбовы на ўвесь гарызонт
Векапомнага дня Белагруды…
* Рахатка К.У. - дырэктар лікёра-гарэлачнага завода АФ "Мажэйкава" Лідскага раёна.
Усё бляднее прад
каханнем
Хай паўсвета стане ганіць
І клясці паўсвета ўслед -
Усё бляднее прад каханнем
Па-сапраўднаму, як след.
Што нам люду азвярэласць?
Ці ў кішэні - ні шыша?
Абы толькі сэрца пела
І свяцілася душа.
Рвецца феерверкам гожым
З нас другая маладосць.
Свет цудоўны, свет харошы,
Як святло кахання ёсць.
Атуляю ў пацалункі
З макаўкі тваёй да пят.
Стала й восень падарункам:
Сыпле Бог нам зарапад.
… Чытаю радкі пра каханне
Каб два стукачы і стукачка -
Такога са мной не было! -
З наскоку, уміг, без раскачкі
Адно падстаўлялі сіло.
Сіло гэта - танны сцэнарый -
Яршыстыя "ЗЛІТКА" радкі.
Угледзелі ўрэшце цанавы
Крамольны агонь трапяткі.
Нацэлена сочыць кампутар
Сусветнае фірмы "Самсунг".
А трыо трэ рукі з пакуты:
Агучу я, што ні падсунь?..
Ды я ламануў рэжысуру
І кінуў у шок, як зайшоў,
І гэту жаночую шкуру,
І гэтых дваіх алкашоў.
Заместа чужых прадпісанняў -
Ў сваім перакладзе, дзівак,
Чытаю радкі пра каханне,
Што Пушкін дарыў, Пастэрнак.