Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 4

Юры Карэйва. Вершы для дзетак 


Аўтар: Карэйва Юры,
Дадана: 17-12-2001,



З "Чароўнае скарбоначкі"


Скарагаворка

Скора-скоранька Рыгорка

згаварыў скарагаворку,

гэтак скора згаварыў,

што й забыў, што гаварыў!

27.10.99 г.

Хованка-лічылка

Раз і два

і тры-чатэры:

хто ў кватэры -

прэч за дзверы!

Раз, два, тры,

чатэры-пяць:

уцякай!,-

іду шукаць!

Пяць і шэсць,

і сем, і восем:

хто на шафе -

злесці просім!

Шэсць, сем, восем,

дзевяць-дзесяць:

хто не злез -

сядзець на месце!

17.10.98 г.

Ходзікі

На ходзікаў ціхенькіх

тонкае вечка,

на стрэлкі іх

часам глядзім мы

ці так?.. -

здаецца, ім цікаць

і цікаць так вечна,

а нам ім вось так

і падтакваць у такт!..

Павучок

Павуцінку на цвічок

пачапляе Павучок,

кажа:

- Паглядзеце, дзеці,

павучэцеся, як плесці! -

Хутка з гэтых павуцінкаў

новую спляту хацінку.

Дзеці дзівяцца :

- Каму

хаткаў столькі?!..

- А для мух. -

Павучок ім у адказ, -

Спецыяльна пад заказ!

Вось і зараз

адна муха,

Муха - хуткая лятуха,

просіць хатку збудаваць,

бо няма дзе, беднай, спаць!

Падышла тады дзяўчынка,

павуцінную хацінку

разарвала

І сказала:

- Вы не верце яму, дзеці:

муху зловіць -

будзе есці!

І схаваўся за цвічок,

горка плача Павучок;

выглядае з-за цвічка…

шкада муху й павучка…

16.10.98 г.

Майце добрую душу

Мне заўжды шкада каткоў,

мне шкада сабачак бедных:

іх, бяздомных, я гатоў

частаваць сваім абедам.

Есці папрасіў: гаў-гаў!,

пёсік некуслівы шэры, -

абы ты не галадаў -

вось вазьмі з маёй вячэры.

Пад маім акном каток

з ранку жаласліва мяўкаў -

ты, маленькі мой браток,

на сняданку

з'еш смятанку.

Вось які я,

я - такі!

У мяне ў самога дома

два вясёлыя каткі,

і сабачка ёсць, вядома!

Вас, дарослыя,

прашу:

вы жывёлак не кідайце,

майце добрую душу.

За дабро вам

Бог адплаціць!

16.10.99 г.

Коця і Каця

А ў нашага Кіцкі,

коціка-вуркоціка

востранькія кіпцікі!

Ён віхляе хвосцікам,

ён махае лапкамі,

мяўкае так ціхенька:

- Пагуляйма ў ладкі мы.

- Хітранькі ты, Кіцанька!, -

кажа коцю Каця, -

табе б толькі драпацца,

драпацца й кусацца!

Схавай кіпці-драпці!

Дастае цукерку:

- Вось табе - паперку!

Што так углядаешся,

З паперкай не гуляешся?..

16.10.98 г.

Алька з лялькай

- Чаго плачаш, Алька,

не гуляеш з ляльлкай?

- Бо падкраўся коцік

і зняў з яе боцік,

ды схаваўся недзе,

ледзь паспела згледзець...

Ні коціка - ні боціка!

Злаві, тата, коціка!

- Я злаўлю таго ката,

будзе коцю а-та-та!

- Біць не трэба, тата,

будзе плакаць надта!..

16.10.98 г.

Жамярэчы канцэрт

Дзе зіхоткім сваім лускавіннем

срэбна рыбкі

блішчаць у рацэ -

вунь за вёскаю, на лугавіне,

Жамярэча стаўляе канцэрт!

Зноў зыркатыя бзыкаторы,

Каляровая машкара.

О! Яны ўсе - акторы й танцоры!,

пацяглі ў карагод Камара.

Камарок ім - давай выдзіліньгваць

сваім цененькім галаском.

Камарку тому стаў падцілінькваць,

хто як мог: хто піском,

хто - баском!

Весяліліся - аж стаміліся,

танцавалі-гулі.

Аж калі

шыйкі й ножкі ў іх

ледзь не зламіліся!..

Спаць да раніцы

ў траўку ляглі.

16.10.99г.

Калыханачка

Спаць пара: вунь за ваконкам

залатое гасне слонка,

ветрык месіка калыша,

пяе песеньку ўсё цішай…

Ужо й ветрык не спявае -

Прытаміўся, засынае.

Сядзіць ціхенька ў куточку

коцік Цішка: усю ночку

коцік з намі спаці будзе,

калі мышкі не разбудзяць.

Хай каточак засынае,

а я дочку залюляю 1).

А вы, мышкі, цішай, цішай,

не жартуйце мышкі з Цішкай.

Калі збудзіце мне дочку 2)-

коця ўсіх паесць за ночку.

спаць лягайце, засынайце

мышкі дайце дзеткам спаці.

1) або: Хай каточак спаць лягае -

я сыночка залюляю.

2) ці: Калі збудзіце сыночка

коця ўсіх паесць вас ночкай.

17.10.99г.

Малітва дзіцяці

У Імя Айца-Бога

і Божага Сына,

і Духа Святога,

у Тройцы Адзінай

і ў вас, майго роду

анёлаў апекі

прашу я:

заўсёды

цяпер і навекі

ад спраў духа злога

жыццё няхай будзе

маё ўратавана. -

Адзінаму Богу

і ўсім добрым людзям

адданы я.

*) Амэн!

*) ці:... і ўсім добрым людзям

я верная.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX