Цяпер перад вамі з душы
хваляваннем
стаю й выяўляю
сардэчны свой жар,
і кожны мой водклік вам повен
каханнем,
бо вас паважае і любіць пясняр.
Менск - сталіца майго краю
Спелым збожжам звоняць ланы,
льюцца радасці званы.
Менск радзімы, Менск каханы,
сэрца нашай стараны!
Ты, як зорка ў небе цёмным,
мілым светам вабіш душу!
Ты квітнееш, мы не згінем,
пераможам мора, сушу...
Беларусам я названы,
Беларусі мы сыны,
Менск радзімы, Менск каханы,
сэрца нашай стараны!
Доўга край наш быў стаптаны,
кроў пілі з нас груганы,
Менск радзімы, Менск каханы,
сэрца нашай стараны!
Перасціхнуў боль і раны,
з рук нам спалі кайданы.
Менск радзімы, Менск каханы,
сэрца нашай стараны!
Ты, як зорка ў небе цёмным,
сваім светам вабіш душу.
Ты квітнееш, мы ня згінем,
пераможам мора, сушу!
Сёння шчасця дужа маю,
новых злыдняў не страшусь!
Менск - сталіца майго краю,
край мой родны - Беларусь!
На дзень імянінаў Спадару Дзямідаву
(акруговаму інспектару ў Лідзе)
У гэты цудны, зімні час,
пад небам роднае краіны
наш семінарны ІІІ клас
ўстрачае Вашы імяніны.
З глыбінь душы ў саду душы,
вам поўныя кахання
прыносяць ў дар для Вас, Спадар,
сардэчны пажаданні.
У гэты дзень так дарагі
рады за волю змагароў,
узняўшы радасці сцягі,
Вам жыць жадаюць сто гадоў!
Ў красе жыцця - для Вас дзіця
праменіць шчасцем воблік,
бо толькі Вы сабе знайшлі
ў ягоным сэрцы водклік.
І гэтых мілых дзетак рой,
што кожна ранне ў школу йдзе,
Вам кожна з іх ў душы сваёй
падзяку шчырую нясе.
І кожны з нас у гэты час
сардэчна просіць Бога,
каб Ваш прамень і ўноч,
і ўдзень
паказваў нам дарогу.
Бо Вы, як месяц паміж зор,
што светам цудным залаціцца
і рассвятляе той прастор,
дзе цемень вечная таіцца.
Ў віру награнуўшых часоў
хай ззяе нам Ваш цудны свет!
Вам жыць жадае сто гадоў
у гэты дзень юнак-паэт!
Успаміны
О, годы шчаслівыя!
Юныя годы!
Пакінулі мілы вы мне ўспамін.
У лонах праўдзіва
ўрочай прыроды
правёў я раскошна
прабегі часін.
О, вёска кахана,
дзе хата мне родна
стаіць між кудравых
і сумных бяроз,
з табой не разлучыць
нас сіла ніводна,
бо я там радзіўся,
вучыўся і рос.
Ўсе тыя куточкі і гаік урочы,
квяцісты лужочак
над ціхай ракой,
цяпер я спакойна
заплюшчыўшы вочы
ўсё гэтае бачу
жывым прад сабой.
Як ўспомню мінула,
дык з жаласці плачу,
І быццам я чую
тых птушачак хор.
О там я пазнаў свайго
шчасця праменні
мне Муза прыслала свой
скромненькі дар.
Ці чуеш? О брат мой,
мае ўсе адозвы,
мае усе ўчуцця ў гэты вось час.
З табой шчэ нядаўна
гараў тыя нівы,
цяпер промень шчасця
зацьміўся, пагас
О пробліскі шчасця,
ніякай заганай
я вас не прыкрыю
ўжо сёняшнім днём.
Як ўзоры дзяўчыны,
так мною каханай,
што сэрца праменіць
кахання агнём.
Пакінуў я вёску, радзімую хату,
пакінуў дзяцінства,
шчырэйшых сяброў,
той мілы куточак,
фалісты, узняты,
зялёныя нівы і пасмы лугоў.
О, Шчучын далёкі!
Глухі і пануры,
як сумна і сонна ў прасторы
глядзіш.
Шчэ душу ўцяшаюць
мне школьныя муры,
ў якія штораніцы
з сшыткам ляціш.
І разам з сябрамі
ў цесным з'яднанні
за школьнаю лаўкай
спакойна сядзіш,
а ўсё ж адчуваю
ў душы парыванні,
каб зноў завітаць у вясковую ціш.
У вёсцы мне роднай
чулейшыя гукі,
пад дзіўную песню
і свіст салаўя,
ніколі не чую там суму і скукі,
для вёскі і толькі народжаны я.
А сёння, о, Муза!
Прышлі мне натхненне
раскрый прада мною паэзіі свет.
Мо хто, праслухаўшы
мае ўсе тварэнні,
з усмешкаю скажа:
"Ён будзе паэт".
Цяпер перад вамі
з душы хваляваннем
стаю й выяўляю
сардэчны свой жар,
і кожны мой водклік
вам повен каханнем,
бо вас паважае
і любіць пясняр.