Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 5

Іван Гушчынскі. Паэзія 


Аўтар: Гушчынскі Іван,
Дадана: 03-02-2002,




Лёс надзяліў нас
гэтым казачным светам,
назаўжды знепакоіў,
падарыў прыгажосць.
Зорка мая!
У вечар позняга лета
ты на зямлі,
хоць далёка, а ёсць

* * *


Вяртанне ў любы сэрцу край,

як ад чужых калючых ружаў.

Здароў, спавіты бэзам май!

Прывет, вясенні вецер дужы!

Вядзе дамоў страла шашы...

І ўжо звініць нязвонка чарка,

а ў стоеным кутку душы--

у хмару вырастае хмарка.

І здасцца раптам: не будзь там -

трава не вырасце зялёна,

і я спыніўся тут не сам,

а толькі цень пад гонкім клёнам.

Вяртанне ў любы сэрцу край,

як ад чужых калючых ружаў...

У душы--спавіты бэзам май,

Лістом матуліным абуджан.


Дома

Ля сенцаў - мята кружыць галаву,

лянотнага ката стаміла лета,

і куры накупаліся ў пяску,

і пеўнем бойкім песня поўдню спета.

Заўсёды рады ў гэтай хаце мне

гурок і хлеб, святочная бутэлька.

тут беды шчыра так клялі мае -

святая не знасіла б іх зямелька.

Лета. Ліпень. Нядзеля.

Лета. Ліпень. Нядзеля.

Не схавацца нідзе -

дожджык з рэшата сее

ўсё шпарчэй і гусцей.

Лета. Ліпень. Нядзеля.

нам да лесу абы.

Мы жаданні падзелім,

на астатку - грыбы.

Папалам гэта неба,

што між елак дрыжыць.

Лета. Ліпень. Не трэба

ні ілгаць, ні прасіць.

У агеньчык мы дзьмулі,

цверазела краса,

покуль сохлі кашулі

і спадала раса.

Лета. Ліпень. Далёка

ад сябе стаў я сам.

І душы не высока,

й не далёка вачам.

Лета. Ліпень адплакаў,

у елках вецер завыў:

- Т ы навошта сабакам,

бацька, сена касіў?


* * *


Там, за лугам, гармонік грае...

рэчка, быццам юнацтва парог.

І чаго яшчэ сэрца чакае?

Для каго яшчэ песня гукае

з летуценных юнацкіх трывог?

Узысці на забытую кладку

на сустрэчу з той песняй хутчэй!

Там і месяц свой танец-загадку

з купкай зорак танцуе ўпрысядку,

толькі час хутчэй рэчкі цячэ...

а за лугам гармонік грае

песню даўніх, шчаслівых трывог.

І чаго яшчэ сэрца чакае?

Для каго яшчэ песня гукае?

Кліча, кліча з далёкіх дарог.


Ранак

Вось цяпер цябе

разбудзіць ранак.

Босы пракрадзецца ён праз шкло.

І рука, што холадам скавана,

апячэцца аб шчакі цяпло.

Нечаканы, як начны мой вершык,

упільнуе, можа, узлёт брыва,

ці ўкрадзе чароўную усмешку,

каб маёй ніколі не была.

Ранак праз імгненне пастарэе,

згубіць рыфму ў пытанні верш.

Ты салодка спіш,бо разумееш,

што ў жыцці найгорай,

што найлепш.


Эскіз

Намаляваў неясна, невыразна

Туман пушысты

лесу ўздых-эскіз...

Вясенні вецер

хутка клямкай бразне,

вясна шугне,

як з зоркі стромкай уніз.

Зямля напухла

пад падталым снегам,

шукаюць сонца сосны ў вышыні ,

а недзе там, за лесам і за светам

наш бусел лічыць

да спаткання дні.

Туманным гэтым ціхім раннем

і знізу ўверх, і зверху ўніз

гляджу, гляджу эскіз чакання

і лесу лёгкі ўздых-эскіз.

Зорка мая

Зорка мая!

Табой здзіўлены вечар.

Развітаемся з летам -

адлётным птахам.

Вандравалі мы доўга

да нашай сустрэчы

недзе між Сонцам

і Млечным шляхам.

Лёс надзяліў нас

гэтым казачным светам,

назаўжды знепакоіў,

падарыў прыгажосць.

Зорка мая!

У вечар позняга лета

ты на зямлі,

хоць далёка, а ёсць.

І хоць гэта пара

ячшчэ летам завецца,

спас буслоў устрывожыў

дарогай далёкаю.

А ці будуць шчаслівымі

нашы ў выраі сэрцы?

Так зайздросна адзіныя,

толькі ўсё ж адзінокія.

Аб усім,

аб чым трэба было расказаць,

расказалі і словы, і вочы...

аб надвор'і сіноптыкі

будуць ілгаць,

не забыўшы на гонар рабочы.

Учора сонца свяціла для іх

неўпапад,

на сягоння - прагноз апраўдаўся:

у асобным раёне

не гудзе снегапад .

Толькі сэрцам раён аказаўся.

Не прыручаны буры,

снягі і дажджы -

апраўданне, ва ўсякім разе,

а за тых, што паспелі

к сабе прыручыць,

трэба, усё-такі, быць у адказе.

Скончыць Прынц між планетаў

далёкіх лятаць,

так адказнасці нечай захоча!..

Аб усім, аб чым трэба было расказаць,

расказаў.


Сябру

А ноч шаптала,

што ўжо дзень патух...

Ды не ўлягліся спрэчкі,

роспач і развага.

Рукою часу

ставяцца на вагі

задумаў вартасць і

цана натуг.

Што не ўлягліся спрэчкі,

роспач і развага,

крычыць да ранку

ў акне святло,

і матылькі

адчайна б'юцца ў шкло,

далёкія ад страху

і адвагі.

Рукой цярпення

ставяцца на вагі

падман і праўда,

і святло, і цені. ..

Цяжэй за ўсе -

твае сумненні,

для задаволеных -

не вартыя ўвагі.

Для іх, мой дружа,

сам ты б'ешся ў шкло.

І смешна ім

з твайго цяжкога шчасця.

Спяшу руку сваю

ў тваю пакласці -

жывем,

пакуль заве святло.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX