Побач з намі жыў Прарок, і цяжкім быў яго шлях на Галгофу.
Аркадзь Мігдал
Калі разважаць пра вялікі вычын Сахарава, міжвольна ўзнікае вобраз Сына Чалавечага, Які каля дзвюх тысяч гадоў таму хадзіў па зямлі Галілеі, спрабуючы несці людзям праўду.
Ці можна было спадзявацца на поспех барацьбы некалькіх самаахвярных людзей, барацьбы з магутным апаратам улады, улады бесчалавечнай, пабудаванай на фашыстоўскім прынцыпе "мэта апраўдвае сродкі"? Вычын Сахарава ў тым, што ён паверыў у магчымасць поспеху і не адступаўся ні ў Горкім, калі "дактары" валілі яго на падлогу і выкручвалі рукі для гвалтоўных уколаў, ні на З'ездзе народных дэпутатаў, дзе яго словы заглушвала здзеклівае, шалёнае лямантаванне "агрэсіўна-паслухмянай большасці".
Калі спрабуеш пісаць пра чалавека, перад якім схіляешся ў пашане, галоўнае жаданне - не прымешваць сябе. Але гэта немагчыма без стратаў. Каб даць уяўленне пра час і пра людзей, якія жылі побач з Андрэем Дзмітравічам, мне волей-няволей давядзецца распавесці і пратакія падзеі, ў якіх ён непасрэдна, наўпрост нават і не ўдзельнічаў. Мне падаецца, што і самы малы эпізод з іх, які мае хоць нейкае дачыненне да Андрэя Дзмітравіча, заслугоўвае згадвання.
Упершыню я сустрэўся з Сахаравым у 1947 годзе, калі ён папрасіў мяне быць апанентам на абароне яго кандыдацкай дысертацыі. Гаворка ішла пра карэляцыю электронаў і пазітронаў пры нараджэнні іхніх параў. Павінен прызнацца, што тады я не ацэньваў маштабу гэтага чалавека, а проста ўбачыў вельмі таленавітага пачаткоўца-фізіка.
Пасля гэтага Андрэй Дзмітравіч надоўга знік з майго відавоку; ён пачаў займацца атамнымі таямніцамі. У 1950 годзе ў Інстытут атамнай энергіі, дзе я тады працаваў, прыйшла справаздача А. Д. Сахарава і І.Я. Тама, ў якой І. В. Курчатаў папрасіў мяне разабрацца. Яны прапаноўвалі праект устаноўкі для кіраванага тэрмаядзернага сінтэзу. З гэтай дзівоснай ідэі ўзніклі сучасныя збудовы, задача якіх - ажыццявіць тэрмаядзерны сінтэз практычна. Пакуль што гэта ўдалося толькі ў лабараторных умовах. Калі ў выніку такіх намаганняў з'явіцца экалагічна чыстая крыніца неабмежаванай энергіі, чалавецтва яшчэ не раз згадае імя Сахарава не толькі, як вялікага гуманіста, але і як вялікага навукоўца.
Напрыканцы тэксту справаздачы рукою Сахарава было дапісана (цытую напамяць): "Спадзяюся, што ажыццяўленне гэтай ідэі дасць у рукі нашай краіне такую крыніцу энергіі, якая дазволіць супрацьстаяць імперыялізму". Гэтая наіўная фраза патлумачыла мне яго адносіны да працы над вадароднаю бомбай. У той час я ўжо разумеў, у якія рукі трапіць ядзерная зброя, і вырашыў, што не буду займацца засакрэчанымі працамі. На шчасце, Курчатаў, які вельмі добра да мяне ставіўся, здагадаўшыся пра гэта, выдзеліў мне асобны сектар, у задачы якога ўваходзіла фундаментальная, а не прыкладная ядзерная фізіка. Пазней словы Андрэя Дзмітравіча перасталі падавацца дзіўнымі. Зразумела, ён мог займацца ядзернай зброяй толькі пры ўпэўненасці, што працуе на дабро для людзей. Ў аўтабіяграфіі Андрэй Дзмітравіч піша: "… Дваццаць гадоў - бесперапынная праца ва ўмовах звыштаемнасці і звышнапружання спачатку ў Маскве, затым у спецыяльным навукова-доследным сакрэтным цэнтры. Усе мы тады былі перакананыя ў жыццёвай важнасці гэтай працы для раўнавагі сілаў ува ўсім свеце і захопленыя яе грандыёзнасцю".
Вымушаныя стасункі з тымі, хто вяршыў лёсы нашай краіны, дапамаглі яму хутка зразумець, да якіх жахлівых наступстваў можа прывесці створаная ім зброя ў руках гэтых беспрынцыпных і неадукаваных авантурыстаў. Можна ўявіць сабе, якой трагедыяй было для яго збаўленне ад ілюзій…
Новы перыяд маіх стасункаў з ім пачаўся пасля абрання 32-гадовага Сахарава наўпрост у акадэмікі, мінаючы членкораўскую стадыю. Яго навуковы маштаб на гэты час быў ужо відавочны нават для тых, хто не ведаў дэталяў яго закрытых працаў. Мы сустракаліся на паседжаннях Аддзялення ядзернай фізікі і часта размаўлялі на навуковыя і ненавуковыя тэмы. Тады Андрэй Дзмітравіч быў захоплены сваёй ідэяй атрымання звышмоцнага магнітнага поля з дапамогай выбуху. Менавіта гэтым метадам у 1964 годзе атрымана самае моцнае на Зямлі магнітнае поле - 25 мільёнаў гаўс.
У 60-х гадах Сахараў пачаў займацца палітыкай. Надзвычайна, што тады ж, у 1966 годзе, ён зрабіў лепшую сваю працу па тэарэтычнай фізіцы - дзіўнай глыбіні даследванне па касмалогіі. У 1968 годзе ён апублікаваў за мяжой першую са сваіх прарочных кніг, якая ў той час магла падацца наіўнай. Але, як сказаў Шапэнгаўэр, талент трапляе у цэль, у якую ніхто трапіць не можа, геній трапляе ў цэль, якую ніхто не бачыць.
Андрэй Дзмітравіч некалькі разоў даваў мне зразумець, што хацеў бы паклікаць мяне да грамадскай дзейнасці. Аднойчы на яго канкрэтную прапанову я адказаў, што гэта рашуча змяніла б той лад жыцця, які я для сябе выбраў. Вартая ўвагі была рэакцыя Андрэя Дзмітравіча. Мне не давялося тлумачыць, што я не валодаю грамадзянскім тэмпераметам і мужнасцю, неабходнымі для іншадумца, і не хачу страціць нутраную свабоду, без якой мне немагчыма займацца навукай ,і, нават, само жыццё. Ён зразумеў і прыняў маю адмову.
У 1978 годзе, у знак пратэсту супраць пераследу дысідэнтаў у СССР многія замежныя навукоўцы адмовіліся прыехаць у Маскву на Міжнародную канферэнцыю па калібраваных тэорыях. Перад пачаткам паседжанняў, калі ўсе ўжо сабраліся ў зале - і нашыя, і нешматлікія, прыехаўшыя з-за мяжы, - Андрэй Дзмітравіч падышоў да дошкі і напісаў вялікімі літарамі: "Дзякуй усім, хто не прыехаў!". Зала спачувальна загула, а да дошкі па просьбе старшыні падышоў малады чалавек і спешна сцёр надпіс.
Напрыканцы студзеня 1980 года Сахараў, пазбаўлены ўсіх узнагародаў і ордэнаў, быў высланы ў Горкі. Повадам паслужылі яго выступленні ў заходнім друку супраць бессэнсоўнай і злачыннай вайныў Афганістане. Пачаўся горкаўскі перыяд жыцця Сахарава. Неўзабаве прайшла чутка, што на чарговым сходзе яго збіраюцца выключаць з Акадэміі. Напярэдадні сходу я паехаў у Вузкае, каб высветліць справядлівасць гэтых чутак і параіцца з сакратаром аднаго з аддзяленняў Акадэміі, які там знайходзіўся.
Увечары тым жа днём я прыехаў да Пятра Леанідавіча Капіцы. Я сказаў яму, што ніколі не быў дысідэнтам, але калі будзе паднятае пытанне аб выключэнні Андрэя Дзмітравіча, заяўлю на сходзе пра ўсё, што думаю. Між іншым паўтару тое, што казаў мне Леў Андрэевіч Арцімовіч незадоўга да сваёй смерці: "Калі зойдзе гаворка пра выключэнне Сахарава, я выйду на кафедру і папрашу паказаць мне хоць бы аднога з прысутных у гэтай зале, хто зрабіў для краіны больш, чым ён". Пётр Леанідавіч сказаў мне: "Пачніце, а больш пажылая частка Вас падтрымае…". Калі мы вычарпалі гэтую тэму, Капіца пачаў чытаць мне свае лісты, цяпер ужо апублікаваныя, якія ён пісаў Сталіну і іншым членам ураду з нагоды розных выпадкаў, у прыватнасці, з нагоды арышту акадэмікаў Ландаву і Фока.
Да гонару Акадэміі, пытанне пра выключэнне Сахарава не ставілася.
У лістападзе 1981 году, калі я даведаўся, што Андрэй Дзмітравіч і яго жонка абвясцілі галадоўку, я, акрамя трывогі за іх здароўе і жыццё, вельмі востра адчуў небяспеку магчымых наступстваў, пачынаючы з размяшчэння ў Еўропе амерыканскіх ракет, якіх тады яшчэ там не было, і закончваючы поўным спыненнем з нашай краінай усіх міжнародных навуковых кантактаў. Не ўсе разумелі, што повад галадоўкі (патра-баванне дазволіць Лізе Аляксеевай выехаць да свайго мужа-- сына Алены Георгеўны) прадыктаваны не сваяцкімм пачуццямі, а імкненнем абараніць правы і годнасць кожнага чалавека. Як распавяла мне нядаўна Алена Георгеўна, нават Лідзія Карнееўна Чукоўская засмучалася, што повадам паслужыла асабістая прычына, а не патрабаванне вызвалення Анатоля Шчаранскага. Маці Шчаранскага, якая прысутнічала пры гэтым, усклікнула: "Як вы не разумееце, што так ён змагаецца за ўсіх!".
Некалькі членаў Акадэміі спрабавалі дапамагчы Андрэю Дзмітравічу. Распавяду пра тую спробу, ў якой ўдзельнічаў я сам. Усе, з кім я размаўляў у Прэзідыюме Акадэміі навук, вельмі спачувальна ставіліся да намаганняў выратаваць Сахарава. Таму мне своечасова паведамілі пра нараду наконт яго, скліканую ў прэзідэнта Акадэміі А.П. Адяксандрава. Павінны быў прыехаць Андропаў, але ў апошні момант высветлілася, што заміж Андропава будзе яго намеснік. Да пачатку паседжання я падрабязна выказаў віца-прэзідэнту Я. П. Веліхаву свае меркаванні пра магчымыя трагічныя наступствы галадоўкі. Потым стаў чакаць у ніжнім вестыбюлі Аляксандрава, да якога ў гэтыя дні немагчыма было трапіць. І мне надарылася ўсяго некалькі хвілін, пакуль мы з ім падымаліся па прыступках лесвіцы. Я сказаў: "Ёсць толькі адзін ключ да развязкі праблемы. Трэба безагаворна згадзіцца з ягонай па сутнасці дробязнай просьбай. Адмова прывядзе да непрадказальных наступстваў для нашай навукі". На гэта Аляксандраў, паўтараючы версію КДБ, адказаў: "Вінавацьце ўва ўсім яго жонку". Я запярэчыў, што ў яго (Аляксандрава) недакладная інфармацыя. Андрэй Дзмітравіч - чалавек зусім незалежнай думкі і робіць усё паводле глыбокага нутранога пераканання.
Пазней я цераз Веліхава перадаў Аляксандраву кароткую цыдулку, ў якой па пунктах пералічваліся довады, паводле якіх патрэбна неадкладна ўхіліць прычыну галадоўкі. Цыдулка тая пачыналася з заявы, што для Акадэміі --і не толькі для яе - праблемы, больш важнай за гэ-тую, зараз не існуе, таму пытанне павінна вырашацца на самым высокім узроўні. Да мяне дайшлі чуткі, нібыта адзін з нашых кіраўнікоў сказаў: "Хто такі Сахараў, каб паставіць нас на калені?" Таму я ўключыў, магчыма, наіўную фразу: "Вялікадушша моцнага падкрэслівае яго сілу". З небяспекі, што "дактары ў цывільным", якія назіралі за Сахаравым, ужывуць гвалтоўнае кармленне, я напісаў у адным з пунктаў: "Неабходна ўлічыць яго незвычайныя душэўныя якасці: неасцярожныя прымусовыя захады маглі б прывесці да непрадказальнай рэакцыі і фатальнага зыходу".
Нарада ў Аляксандрава ні да чаго не прывяла. Намеснік Андропава заявіў, што яны кантралююць сітуацыю.
Аляксандраў трапіў пад вялікі ціск - тэлеграмы ў абарону Сахарава ішлі з розных канцоў Зямлі. Цяжкасць такой сітуацыі, як відаць, была ў тым, што Андропаў рашуча стаяў супраць задавальнення просьбы Сахарава. І я зразумеў, што трэба любым спосабам падштурхнуць Аляксандрава пайсці да Брэжнева і дабіцца рашэння.
Познім вечарам я прыйшоў да майго даўняга знаёмага В. Р. Рэгеля, блізкага сябра Аляксандрава, і некалькі гадзін, не абмяжоўваючыся ў выразах, тлумачыў яму, якую нікчэмную памяць пакіне пра сябе гэты яго сябар і якой ганьбай будзе на вякі пакрыта яго імя ў выпадку фатальнага зыходу. І сустрэў поўнае разуменне Вадзіма Робертавіча і яго жонкі. У тую ж ноч ён паехаў да Аляксандрава дадому і размаўляў зім у прысутнасці жонкі Анатоля Пятровіча, добрай і разумнай жанчыны. Мне здаецца, яе прысутнасць сыграла вырашальную ролю. На наступны дзень Аляксандраў паехаў да Брэжнева і дабіўся станоўчага рашэння
Андрэй Дзмітравіч і Алена Георгеўна галадалі сямнаццаць дзён…
Праз некаторы час я даслаў Андрэю Дзмітравічу ў Горкі сваю кніжку "Пошук праўды". У адказ прыйшла тэлеграма з паведамленнем аб атрыманні, якую хаваю, як рэліквію: "Дзякуй за кнігу, за ўсе водгукі, ваш Андрэй Сахараў".
Сахаравы вярнуліся ў Маскву ў снежні 1986 года, правёўшы ў высылцы сем гадоў без аднаго месяца, тады, як "паводле закону", гранічны тэрмін высылкі - пяць гадоў.
У першы ж дзень прыезду Андрэй Дзмітравіч адправіўся на семінар у Фізічны інстытут ім П. Н. Лебедзева. Каб яго пабачыць, я прыйшоў туды на наступны семінар -- 30 снежня. Акрамя вядомых мне фізікаў сюды прыйшлі журналісты Юры Рост і Алег Мароз. Пасля семінару яны прапанавалі адвезці Андрэя Дзмітравіча і мяне дадому. Па дарозе Андрэй Дзмітравіч распавёў, як скончылася горкаўская высылка. Паўтару яго аповед так, як ён мне запомніўся.
Зусім нечакана да Сахаравых прыйшлі манцёры і паставілі тэлефон. На наступны дзень патэлефанаваў Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў і сказаў, што прынята рашэнне, згодна з якім ён з жонкаю могуць вярнуцца ў Маскву. Андрэй Дзмітравіч адказаў: "Дзякуй, але на днях у чыстапольскай турме загінуў мой сябар Анатоль Марчанка. Ён быў першы ў спісе, які я Вам паслаў. У савецкіх турмах гібее шмат вязняў сумлення, і іх усіх трэба вызваліць". Гарбачоў запярэчыў, што сярод іх ёсць розныя людзі. "Усё роўна, - настойваў Сахараў, - вызваліць трэба ўсіх". Гарбачоў не згадзіўся з гэтым, але Андрэй Дзмітравіч не адступаў: "Умольваю Вас вярнуцца да гэтага пытання. Гэта неабходна для Вас асабіста, і для міжнароднага прэстыжу нашай краіны…". Гэткай надзвычайнай размовай закончылася сямігадовая высылка Сахаравых.
Але і пасля іх вяртання доўгі час існавалі негалосныя забароны згадваць імя Сахарава ў друку і на тэлебачанні. Я з гэтым непасрэдна сутыкнуўся. У 1987 годзе тэлебачанне здымала фільм "Сумняваюся ў яўным, веру цуду…", прысвечаны навуцы і адказнасці навукоўца, ў якім я прымаў удзел. Адным з эпізодаў фільму была мая гутарка ў клубе працоўных на Ляніўцы. Мне задалі пытанне пра Сахарава. Калі я адказаў, падняўся малады чалавек і сказаў: "Я адчуў Вашае хваляванне, калі вы гаварылі пра Андрэя Дзмітравіча, і лічу абавязкам нашага сходу вынесці пастанову пра дапушчаныя ў адносінах да Сахарава парушэнні правоў чалавека".
Неўзабаве высветлілася, што кіраўніцтва Цэнтральнага тэлебачання намерылася выкінуць увесь кавалак з напамінам пра Сахарава. Тады я напісаў ліст на імя члена Палітбюро А. М. Якаўлева. Ён закончваўся такімі словамі: "А. Д. Сахараў - не толькі буйнейшы фізік, але і здуменнік з глыбокімі і нечаканымі гуманітарнымі ідэямі. Ён з адабрэннем і даверам адносіцца да пераменаў, якія адбываюцца ў нас, але дзеля таго, каб паклікаць яго да грамадскага жыцця, трэба, як мне здаецца, перш за ўсё аднавіць яго добрае імя ў краіне, для якой ён так шмат зрабіў. Згадванне пра яго ў тэлефільме, зробленае неафіцыйнай асобай - далікатны і дастаткова эфектны пачатак гэтай справядлівай справы. Спадзяюся на Вашую дапамогу. Праз некаторы час мне паведамілі, што фільм выходзіць без купюр.
У 1988 годзе ў Маскву прыехаў выдатны амерыканскі фізік Дэвід Грос. Ён папрасіў мяне дапамагчы яму сустрэцца з Сахаравым. Андрэй Дзмітравіч ведаў Гроса і як фізіка, і як грамадскага дзеяча. Ён выкраіў з свайго раскладу час для сустрэчы і папрасіў мяне ў ёй удзельнічаць. Размова пачалася з абмеркавання пераменаў, якія адбываюцца ў нас. Мы ўсе тады ўспрымалі іх, як пачатак пераходу да сапраўды дэмакратычнага грамадства. Затым размова перайшла да навукі. Мяне ўразіла, з якой жвавасцю Андрэй Дзмітравіч рэагаваў на навуковыя навіны. Асабліва яго хвалявалі апошнія вынікі ў тэорыі квантавых струнаў, якой ён больш за ўсё цікавіўся яшчэ да вяртання з Горкага.
У тым жа годзе ў Маскву прыехаў вядомы фізік, прафесар інстытуту Вейцмана, Гары Ліпкін. Ён -- адзін са шматлікіх замежных вучоных, які таксама прыкладаў вялікія намаганні для вызвалення Сахарава. Я запрасіў яго з жонкай у госці. Андрэй Дзмітравіч, даведаўшыся, што Ліпкін будзе ў мяне, патэлефанаваў мне і запытаўся: "А што, калі мы з Люсяй зараз да вас прыедзем?". Ці трэба казаць, як мы ўзрадаваліся! Былі смачныя стравы, і ўсе вячэралі з вялікім апетытам. Потым Андрэй Дзмітравіч і Алена Георгеўна падрабязна распавядалі пра сваё паднагляднае жыццё ў Горкім. Немагчыма было без камяка ў горле слухаць гэты пералік здзекаў і беззаконняў. Пазней Алена Георгеўна бязлітасна апісала горкаўскія пакуты ва ўспамінах, надрукаваных у часопісе "Нява".
У гэты вечар я зрабіў некалькі здымкаў для Сахаравых, Ліпкіных і для сябе…
Яшчэ адна нечаканая сустрэча адбылася, калі я прыехаў на некалькі дзён у Стэнфардскі універсітэт для дакладу на семінары. Мяне памясцілі ў кабінеце адсутнага ў той час Сіднея Дрэла, вялікага сябра Сахарава. На стале я ўбачыў фатаграфію абняўшых адно аднога Андрэя і Люсі. Яны былі такімі шчаслівымі, што я лішнім разам зразумеў - усе, хто любіў Андрэя Дзмітравіча, павінны нізка пакланіцца Алене Георгеўне за шчасце, якое яна яму падаравала, нягледзячы на ўсе цяжкасці іх жыцця, і за яе вялікую мужнасць, якая дазволіла ёй з годнасцю несці званне сяброўкі Сахарава.
Увосень 1988 году Андрэй Дзмітравіч папрасіў мяне ўвайсці ў ініцыятыўную групу па стварэнню "Маскоўскай трыбуны". Калі я выказаў сумневы, што змагу ўдзяляць дастаткова часу, ён запярэчыў: "Мне б хацелася, каб Вашае імя было ў ліку ініцыятараў". Цяпер я вельмі рады, што згадзіўся. Гэта дазволіла мне правесці некалькі вечароў на славутай кухні Сахаравых і пазнаёміцца з выбітнымі людзьмі, якіх да таго ведаў толькі па іх артыкулах. Там прысутнічалі А. М. Адамовіч, Ю. М. Афанасеў, Л. М. Баткін, Ю. Г. Бурцін, Л. В.Карпінскі, Ю. Ф. Каракін, Р. З. Сагдзееў. Андрэй Дзмітравіч меў на "Маскоўскую трыбуну" вялікія надзеі і вельмі прыспешваў нас з арганізацыяй яе выдання.
Праглядваючы спіс меркаваных сяброў, я са здзіўленнем выявіў імя аднаго страціўшага розум матэматыка. Калі я спытаў, як яно там апынулася, адказ уразіў мяне сваёй наіўнасцю: "Я паспадзяваўся, што ў нашай грамадзе ён пераменіцца…" Дзіўна, як спалучылася ў ім найвялікшая глыбіня думкі з дзіцячай верай ў добрыя якасці людзей.
Значнасць чалавека праяўляецца ў здольнасці здзяйсняць учынкі, яму не адпаведныя, прадыктаваныя пачуццём абавязку. Можна ўявіць сабе, як пакутліва цяжка было Сахараву пераадолець прыроджаную далікатнасць і выцяць па твары нягодніка, які напісаў паклёпніцкую кнігу. З тых часоў гэтая поўха гарыць на тварах усіх, хто з выгады ці з баязліўства падпісваў хлуслівыя лісты. Гэтая рыса Сахарава з асаблівай сілай праявілася на З'ездзе народных дэпутатаў і на паседжаннях Вярхоўнага Савету.
Тэлевізар дазволіў мільёнам людзей адчуць праўду і боль яго ціхіх непахісных словаў, якія перарываліся воклічамі старшыні. Нямая прамова Сахарава перад выключаным мікрафонам набыла значнасць сімвалу - сімвалу, які дапаможа людзям разагнуць спіны і ўсяляе надзеі на перамогу дабра і розуму.
Побач з намі жыў Прарок, і цяжкім быў яго шлях на Галгофу.