Зімовы настрой
Ціха-ціха снег лажыцца
На палі і на лужок.
І пяшчотны сон мне сніцца -
Ціхі, белы, як сняжок.
Завіруха завывае,
Свішча вецер за акном.
Сум трывожны набягае,
Студзіць душу халадком.
Так трашчыць мароз рыпучы,
Што на небе месяц змерз,
Але цёпла каля печы
Слухаць мне паленаў трэск.
А як сонейка засвеціць,
Заіскрыцца ўсё вакол.
Прыгажэй няма на свеце
Зімніх казачных дзянькоў.
Дзень добры, вясна!
Мароз адышоў далёка за бор,
Праглынуўшы крадком
рэшткі снегу.
Маладая вясна ідзе на парог,
Спяваючы песні сонцу і небу.
Будзіць яна гаманлівы лес.
Кветкі, траву і дрэвы.
Празрыстая сінява нябёс
Вясне адчыняе дзверы.
Ціха-ціхенька сад ажывае,
Белы бусел над хатаю кружыць,
Шпак вясновую песню спявае. ..
Аб зіме ўжо, нішто не тужыць.