Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 5

Мікола Лазоўскі. Частушкі 


Аўтар: Лазоўскі Мікола,
Дадана: 03-02-2002,



Частушкі

Звенявою я была, (3 разы)

Буракоў я накрала.

Буракоў я накрала, (3 разы)

Самагонкі нагнала.

Самагоначка ўдалася, (3 разы)

Ўся брыгада напілася.

І напіўся галава, (3 разы)

Шчэ й з раёна было два.

І міліцыя піла (3 разы)

Шчэ і прэмію дала.

(З народнага)


Змардаваўся дэпутацік,

Ад гарэлачкі памрэ.

Наша партыя радная

Нам другога падбярэ.

Сабраліся ля канторы,

Ужо паўдня як раюцца,

Дзе ж гарэлачкі дастаць,

Каб "галаве" паправіцца.

Дачакаліся Пятра,

За жніво ўзяліся.

Жменю жыта прынясла,

-Еш, хоць падавіся.

Нашы куры не нясуцца,

У куратніку сядзяць.

Пятуха здалі на мяса,

Каб дзяржаву падтрымаць.

Ходзь ту хаме!- Клікаў пан,

Мне было абідна,

Як калгаснікам празвалі,

Тады стала стыдна.

Мы не кепска працавалі

І без хлеба не жылі.

Тады сталі пабірацца,

Як суботнікі ўвялі.

Гарадскога мужыка

Дача выручае,

Як пачне бульбу садзіць,

Жонку запрагае.

Хопіць нас ужо пужаць

Мы ж ужо пужатыя,

Давай пойдзем у новы век

З галавой паднятаю.

Кожны дзень у калгас хадзіла

Зарабляла працадні,

А ў кішэнях заўжды пуста,

Хоць ты ногі працягні.

Замест Бога я ў куточак

Грамату павесіла,

Увесь дзень прымач талдыча,

Ну а мне не весела.

У нас адгрохалі кантору,

Можна падзівіцца.

У калгасе "Глаўных" многа,

Усім не памясціцца.

Заатэхнік, аграном…

А колькі тых намаў,

Не кантора, а дурдом,

А справы ідуць слаба.

"Шэф" прыехаў памагаць,

Крыху задаецца,

А як сядзе за стол жраць,

Дык, як вол, напрэцца.

А як пойдзе ён у поле,

Дык не хоча працаваць.

У яго адна турбота,

Дзе б гарэлачкі дастаць.

А з раёна, што ні дзень,

Прыязджае зграя.

І не бачаць ні халеры,

Вёска ж вымірае.

Ужо і цэркву адчынілі,

Бацюшка спявае

Не, маленькіх каб хрысціць,

Дзядуль адпявае.


Успаміны

Я дзядок з той цёмнай вёскі

Што над Нёманам стаіць.

Дзе саломенныя стрэхі,

А па хаце печ дыміць.

Дзе ў каморы жорны круцяць

Муку мелюць на бліны.

Дзе зусім нядаўна

- Ходзь ту хаме збунтаваны!

Мяне клікалі паны.

Я даўно як пасівеў

І ўжо ўнукі маю,

А далёкае дзяцінства

Што дзень успамінаю.

Гараваць і бядаваць

Добранька прыйшлося

Ды, што кепскае было

З часам забылося.


* * *


На самым ускрайку лесу

Будынкі стаялі,

А бярозкі смачным сокам

Вясной частавалі.

Салавейка вечарам,

І зязюля з рання,

А ўдод чубаты

Бубніў каля хаты.

Як вясновай раніцаю

Сонейка зайграе,

Курачкі мацней сакочуць

А пеўнік спявае.

Парсючок бульбу грызе,

Брыкаюць цялушкі,

А як конік заіржэ,

Гэдак лашчыць вушкі.

Як улетку клеплюць косы…

Музыка ж якая,

Нават дзятлік, каб паслухаць,

З лесу прылятае.

Зайчанё вушы падняў,

Пакасіў вачыма -

Мусіць трэба ўцякаць,

Косяць канюшыну.

Вось і прывязлі сянцо,

Ў гумянцо злажылі.

І вакол цудоўным пахам

Ўсё паабкурылі.

А вунь з поля жнеі йдуць,

Песеньку спяваюць

І з валожак з каласкамі

Букецік трымаюць.

Так і хочацца абняць,

Мілыя браточкі,

Пакланіцца нізка ў пояс,

Заглянуць у вочкі.


* * *


Ой, зямелька родная,

Што мы нарабілі

Гірбіцыдам і нуклідам

Цябе атруцілі.

Трактар і экскаватар

Усё збузавалі,

А ў прыгожых куточках

Ірвоў накапалі.

Дзедаў нашых і бацькоў

Ты спраўна карміла,

А вадзіцаю з крынічкі

Хворанькіх лячыла.

Пажаваўшы з луга траўкі

Зараз дохне быдла.

Ад бензіну і саляркі

Пах ідзе агідны.

Колькі птушак і звяроў

Бегала на полі,

Нам-жа была тога мала

Ждалі лепшай долі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX