скажам мы:
неба над намі роднае!
Мужнасцю неба
зараджана,
ласкаю неба
напоўнена.
І. Імгненні
* * *
Іду
спахмурнелы і ў скрусе.
На сэрцы
нуда і стома.
І раптам такая вясёласць...
Я дома!
Я дома!
Я дома!
* * *
Адзін
у гняўлівай трывозе
па вуліцы цёмнай
крочу.
Глянуў у неба.
А месяц
смяецца мне ў вочы!
* * *
Дождж за акном імглісты.
І неба ў шэрані злоснай.
На правы бок павярнуся -
ты побач!
Мне светла і млосна...
* * *
Дотык
да тваіх вуснаў.
Дотык
да твайго цела.
Утрапенне...
Душа ўзляцела!
* * *
У майго кахання
арліныя крылы.
І ніякай сіле
іх не адарваць,
ніякай кулі
іх не прастрэліць.
У майго кахання
блакітныя вочы,
якія далёка-далёка
глядзяць
і лёс мой святлом азараюць.
ІІ. Кроплі суму
* * *
Помню выразна нават цяпер я,
як да Вас ішоў
я з вялізным букетам...
Я вельмі кахаў Вас
і думаў аб гэтым
сказаць Вам.
І вось адчыняюцца дзверы...
Кветкі я моўчкі
Вам працягнуў.
Вы ж у адказ,
з усмешкаю дзіўнай
паставіўшы кветкі мае на віду,
мне падарылі ўзамен
свой позірк,
поўны надзеі,
што ўжо я пайду.
* * *
З табою не каханне - гора:
вачэй тваіх так баюся.
Яны ў цябе, нібыта мора,
Я ж плаваць толькі што вучуся...
* * *
Ты чаго сумуеш, юная бярозка?
Што цябе хвалюе, мілая, скажы?
Можа, клён гарэзны,
што шуміць за вёскай,
узбянтэжыў струны
маладой душы?
Можа, адчуваеш ты маю трывогу,
боль вялікай страты
у маім жыцці...
Не вярнуць ніколі
той шчаслівай песні,
што была, як сонца,
для мяне заўжды...
* * *
Стаяць, нібыта здані,
зажураныя дрэвы...
Калісь жыло каханне.
Цяпер яно памерла.
Як цяжка і маркотна
мне без твайго даверу...
Няўжо ўсё незваротна?
Забіце хоць - не веру!
Роднае неба
Неба па дахах стукае
ліўнямі, промнямі, градам.
Гамай вясёлковых гукаў
неба абрушыцца рада б.
Толькі б ні попелам-гарам,
толькі б ні воблакам гібельным,
ні тэрмаядзернай хмарай,
неба, ніколі не быць табе.
Можа, стаць хочаш ты песняй
з грому вясенняга... Можа,
хочаш матуляю сесці
каля дзіцячага ложка.
І кулачкі ўзяць сонныя,
казку сказаць пра жорава,
вецер пусціць азонавы,
нашага хлеба паспробаваць...
Што б ні здарылася, скажам мы:
неба над намі роднае!
Мужнасцю неба зараджана,
ласкаю неба напоўнена.