Перш,
чым ясна сонца
ўзойдзе,
Ноч зямлю захіне,
Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года
Ян Чачот - беларускі паэт і фалькларыст, сучаснік і сябар Адама Міцкевіча. Пісаў па-беларуску і па-польску. Напісаў шэраг баладаў, выдаў 6 фальклорных зборнікаў, каля 1000 песень, у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале. Аўтар шэрагу іншых твораў і сярод іх 55 баладаў на польскай мове: "Спевы пра даўніх ліцьвінаў". Гэтыя "Спевы…" вартыя ўвагі ўжо тым, што ў савецкіх энцыклапедыях яны не згадваліся, як бы і не існавалі зусім. Ну і, вядома, чытачу яны былі недаступныя.
У 1989 годзе Яніна Кажэняўскене пераклала гэтыя балады на летувіскую мову. У1994 годзе ў Летуве балады выйшлі асобнай кнігай на польскай і летувіскай мовах.
У 1996 годзе ў серыі "Беларускі кнігазбор" выйшлі 24 балады "Спеваў…" у перакладзе Кастуся Цвіркі. І адразу стала зразумела, якому ж народу належаць гэтыя творы. Яшчэ сам Чачот казаў Міцкевічу, што ён вельмі хацеў бы, каб яго балады заспяваў народ. І заспявалі. Заспявалі, менавіта, беларусы. "Наша слова" пачало друкаваць ноты "Спеваў…", напісаныя рознымі беларускімі кампазітарамі. Станіслаў Суднік паводле ўзгаднення з Кастусём Цвіркам прыступіў да перакладу астатніх 31-балады. Першыя з іх мы прапануем нашым чытачам. Усе яны на Беларусі друкуюцца ўпершыню.
Беларусь не мае свайго гістарычнага эпасу ў звыклым выглядзе, але нашая гісторыя мае вялікую колькасць гістарычных асобаў і герояў. Ян Чачот, грунтуючыся на "Кроніцы…" Мацея Стрыйкоўскага і "Гісторыі…" Тодара Нарбута фактычна стварыў гэты эпас у выглядзе 55 балад пра гістарычных дзеячоў старажытнай Літвы. Героі балад, як рэальныя гістарычныя дзеячы, так і міфічныя. Адлюстроўваюцца, як рэальныя падзеі, так і выдуманныя. Але ўсё разам гэта мастацкія творы, 55 гістарычна-мастацкіх мініяцюраў.
Кроніка Стыйкоўскага мае ў аснове жмудскую версію ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Але ў Чачота ад яе засталося ўжо няшмат. А тыя балады жмудскай тэматыкі, што ўвайшлі ў "Спевы…" ніякай жмудскай версіі не прытрымліваюцца, а адлюстроўваюць жмудскія фрагменты нашай супольнай гісторыі.
І. Пра Керна*, 1040 г.
Перш, чым ясна сонца ўзойдзе,
Ноч зямлю захіне,
Перш, чым скажуць аб народзе,
Ён у цемры гіне.
Так Літвы імглою скуты
Дзеі тых стагоддзяў,
Ды ад Керна і Гімбута**
Нам святло даходзіць.
Кернаў Керн узводзіць будзе
Побач Віллі-рэчкі,
Керн Літве, а Гімбут Жмудзі
Лад далі адвечны.
Перуна тут шанавалі,
Зніч-агонь палілі,
Дзікай мужнасцю буялі,
Смела ў бой хадзілі.
Аж да Полацка ў Падзвінні
Людства ваявалі,
Латышы ўзамен ліцьвінаў
Дома рабавалі.
Па вяртанні ўлёт напалі
На чужых ліцьвіны
І нявольнікаў пагналі
Пад свае хаціны.
Керн у грознай бітве згінуў,
Люд аплакваў страту,
Ён нашчадкаў не пакінуў,
Акрамя Паяты***.
На Дзяволтве пахавалі,
На гары. Дубочкаў
Там дубраву насаджала
Ля магілы дочка.
Гай дубовы разрастаўся,
Тлеў агонь там знічны,
Для ліцьвінаў пачынаўся
Шлях іх гістарычны.
* Керн - легендарны ліцьвінскі князь, сын Куна, унук Палямона, заснавальнік легендарнай сталіцы Літвы Кернава.
** Гімбут - брат Керна.
*** Паята - дачка Керна.
ІІ. Жывібунд* Дарспрунгавіч князь Літоўскі і Мантвіл** Гімбутавіч Жмудскі, 1205 г.
Пры Жывібунда і Мантвіла праве
Ліцьвін на полі
быў пры рупнай справе.
А, як на нівах жыта зелянее,
То край таксама весела квітнее.
Так і ліцьвінаў расцвіла краіна,
І моладзь біцца
рвецца за Айчыну.
З мядзведзяў, рысяў
шкуры за апратку,
А за прылбіцамі -
іклы на шапках.
На дзёрзкіх конях,
у сядле дубовым,
З адважным сэрцам,
з дзідай адмысловай
Выскокваў смела
ў Прыпяцкія плыні,
Здабычу вёз дадому наш ліцьвіне.
Адно Альговіч,
кіеўскім быў князем,
Дагнаў літву
з здабычай адным разам.
На слонімскіх палетках
бой звязалі,
Ліцьвіны ў пушчы
хутка паўцякалі.
Знаёмай сцежкай набягалі зноўку,
Даніны ж Кіеву - ніяк, ніколькі.
* Жывібунд - легендарны князь, уладарыў Літвой пасля Керна.
** Мантвіл - легендарны князь, сын Гімбута, бацька Эрдзівіла.
ІІІ. Паята Кернаўна, жонка Жывібунда, каля 1220 г.
Ой, Паята - добра дочка,
Бацьку ўшанавала,
На кургане гай дубочкаў
Густа насаджала.
Ой, Паята - добра жонка,
Паў Літвы трымала,
А з пакорай Жывібунда
Слухала, кахала.
Ой, Паята - добра маці,
Сын яе - не песта,
Кукавейт гатоў у раці
Княжы гонар несці.
Ён з падзякай на магіле
Ў памяць для народу
Па-над Зослам* вобраз мілы
Выразаў з калоды.
Хоць той помнік згніў праз годы,
Ліпы паўзрасталі,
Да Паяты род за родам
Модлы тут складалі.
* Зосла - возера, рэальнае месца-знаходжанне дакладна не высветлена
ІV. Эрдзівіл* Мантвілавіч,1217 г.
Памяць князя Эрдзівіла
Для ліцьвінаў слаўна, міла,
Ён прасунуў краю гоні
На абшары Занямоння,
Без вайны, крыві і хціўства,
А сярод дабразычліўства.
Як панішчыў хан Батыга
Край крывіцкі, далей ліха
Па-над Віслу падалося
І за іх муры ўзялося,
Эрдзівіл у Занямонне
Войска ўвёў на добрых конях.
Над высокаю гарою
Бачыць крушні пасля бою,
Там Наваградак геройска
Біўся супраць дзікіх войскаў,
Люд вакол цяпер блукае,
Князя прыбыцце вітае.
Замак зноў адбудаваўся,
Князь у горадзе застаўся,
А калі з арды пасланцы
Дань хацелі дабівацца,
Моцна іх ушанавалі,
Дзве стралы падаравалі.
Князь да Прыпяці кіруе,
Койдан-хан** туды ж прастуе.
Марны быў набег чужыны,
Мужнасць ён спаткаў ліцьвінаў,
Нібы пырскі адляцелі,
Узялі ў даніну стрэлы.
Эрдзівіл ахоўваў княства,
Цэліў раны гаспадарства.
Слаўная краіна стала,
Аж да Буга даставала.
Скончыў век у Наваградку,
Слёз па ім было ў дастатку.
* Эрдзівіл - легендарны прашчур Радзівілаў, міфічны наваградскі князь.
** Койдан-хан - мангольскі хан, разбіты пад Крутагор`ем (Койданавым).
V. Мінгайла* Эрдзівілавіч, князь Літоўскі і Наваградскі
Полацк будзіць звон вячовы
З верхняе званіцы,
І да бою люд гатовы
На пляцы тлуміцца.
Князь Мінгайла ўсердаваны
Полацкім свавольствам,
Хоча помсціць палачанам
Ды з усім геройствам.
Дарам збройны люд храбрыцца,
Князь перамагае,
І крывіцкая сталіца
Браму адчыняе.
З таго часу ў вечнай згодзе
Полацк быў з Літвою,
І не помняць у народзе
Нават бойкі тое.
* Мінгайла - легендарны наваградскі князь
VІ. Скірмунт* Мінгайлавіч, князь Наваградскі, 1220 г.
Скірмунт, князь Навагародскі,
Звышгеройскі быў,
Хто б яго на пляц не клікаў,
Без разбору біў.
Першы быў Мсціслаў--
князь Луцкі,
Бою зажадаў,
Па-над Ясельдай навуку
Скірмунт князю даў.
Пінск і Тураў, нашы княствы,
Пад уладу ўзяў,
Пагубіў бацькоў уласнасць
Прагны князь Мсціслаў.
Балаклай, царок заволжскі
Пасланцоў прыслаў,
Дані з Скірмунта прывычнай
Цар той зажадаў.
Скірмунт тут, забыўшы меру,
Рассупоніў гнеў
Паслам вушы паабрэзваў,
Права не глядзеў.
Ды як змераў з Балаклаем
Сілы ў полі зноў,
Многа ў Койданаўскім краі
Зляцела галоў.
Балаклай там сам на полі
З мурзамі прылёг,
Скірмунт з войскам задняпроўскі
Вытаптаў быльнёг.
І Чарнігаў, і Карачаў
Ён забраў назад
І сыноў сваіх прызначыў
Там наводзіць лад.
Сам вярнуўся паўнаўладным
Па гарачых днях
І ў Наваградку пасадным
Свой закончыў шлях.
* Скірмунт - легендарны наваградскі князь, міфічны прашчур Скірмунтаў.
VІІІ. Трайната* Скірмунтавіч , князь Наваградскі, Падлесся і Літвы Павілейскай
Рушыць Курдас з помстай смерці
Бацькі Балаклая,
За ім з Крыму, і з Заволжжа,
І з Нагаяў зграя.
Нішчыць край агнём і мечам,
Стаў Мазыр абклаўшы,
Там над рэчкай Акунёўкай
Стаў Літву чакаўшы.
Сцяўся смелы сын Скірмунта
З Курдаса ардою,
Ледзьве ўцёк Курдас памслівы
З цэлай галавою.
Мноству вязняў, што паспелі
Паланіць татары,
Князь ліцьвінскі, князь Трайната
Тут свабоду дарыць.
Ды не выйшаўся без стратаў
Гэты бой упарты,
Пісімунта там Трайната
Страціў і Любарта.
Згінуў князь Сямён там Друцкі,
Курдаса прыцяўшы,
Згінуў князь Андрэй там Луцкі,
Страху панагнаўшы.
Бо адна Літва час доўгі
З цэлае Еўропы
Адбівала аж за Волгу
Дзікіх орд патопы.
Як падсуседзі - краіны
Вычын іх не зганяць,
Людскасць мужных тых
ліцьвінаў
Ушануе памяць.
* Трайната - тут легендарны дзед Міндоўга
ІХ. Барыс* Гінвілавіч Полацкі
Яшчэ ці ёсць той камень
над Дзвіною,
Што ад Дзісны
адной не далей мілі,
Дзе крыж і словы:
"Дапамож, о Божа,
Твайму рабу Барысу,
сын Гінвілу"
Прад Богам гнецца
кожны чалавеча,
Карона голаў крые ці сярмяга,
Барыс быў князем даўнім,
раннявечным,
А як скіроўваў моц сваю і вагу.
Чатыры цэрквы збудаваў святыя,
І над Бярэзінай Барысаў ззяе,
Свабоды Полацку вярнуў старыя,
І шчасце, а не слёзы памнажае.
Так сэрца,
што набожнае папраўдзе,
Любоў Хрыста
якому шчыра міла,
Дабром да бліжняга
краінай радзіць,
Барыс так радзіў,
князь і сын Гінвіла.
* Барыс - рэальны полацкі князь, заснаваў Барысаў, наўстанаўліваў гэтак званых Барысавых камянёў, але не Гінвілавіч, а з роду Рагвалодавічаў
ХV. Гярмунт Скірмунтавіч 1271 - 1275 г., Гілінгін Гярмунтавіч, 1275 - 1278 г., Ромунд Гілінгінавіч, Траб Гярмунтавіч, 1279 г.*
Хто жадае ведаць многа
Аб Літоўскім краі,
Пра нашчадкаў Свінтарога**
Я вам заспяваю.
Гілінгін, Гярмунт, Траб, Ромунд
Мала што зрабілі,
Добра хоць, што ў тыя годы
Згоды не згубілі.
Бо бацькоў сваіх і кроўных
Памяць шанавалі
І Літву на шлях грунтоўны
Шчыра кіравалі.
Часам дзікія ліцьвіны
Польшчу рабавалі,
Парубежныя краіны
Пад мячом трымалі.
Гермунт горад нам пакінуў,
Што завуць Гярвяты,
Траб на памяць тут раскінуў
Нашых Трабаў хаты.
І што хочаце, каб стала
Вам яшчэ вядома,
Тога знаюць вельмі мала,
Хто сядзіць удома.
* Гярмунт Скірмунтавіч, Гілінгін Гярмунтавіч, Ромунд Гілін-гінавіч, Траб Гярмунтавіч - легендарныя, а, магчыма, недзе і рэальныя ліцьвінскія князькі, нашчадкі Свінтарога.
** Свінтарог - легендарны ліцьвінскі князь.
ХVІ. Нарымунт, Вялікі князь Літоўскі, Даўмонт Уцянскі і Трайдзень Рамунтавіч; Лаўрыш, альбо Рамунт Трайдзенавіч, манах, да 1283 г.*
Не жадай чужое жонкі,
Сэрцам чута праўда тая,
Што ж, не ўмеў ліцьвін чытаці,
Хай цяпер усё чытае.
Князь Даўмонт ды з Нарымунтам
Брат быў родны з родным братам,
На ліфляндскага магістра
Дочках дзвюх былі жанаты.
Як Даўмонтава спачыла
Жонка ў смутным, чорным годзе,
Нарымунт паслаў сястрыцу
Брату сэрца разлагодзіць.
Той у братаву ўкахаўся
І не выпусціў з Уцяны.
Нарымунт з вялікай раццю
Наваліўся нечакана.
Уцякаў Даўмонт і ў Пскове
Князем стаў, ды, быўшы хватам,
Ён па смерці Нарымунта
Так зрабіў з малодшым братам.
Толькі Трайдзень стаўся князем,
Быў Даўмонтам ён забіты,
Палачан і пскавіцянаў
На Літву той вёў адкрыта.
Ды вайсковы спрыт Лаўрыша
Ад паразы край ратуе,
І Літва таму Лаўрышу
Князем быць тут прапануе.
Ды Лаўрыш пастрыгу верны,
Князем быць ён не жадае,
Ён манах і манастырскі
Лёс сабе ён выбірае.
Пад Наваградкам, дзе Нёман
Між лугоў і дрэў віецца,
Ззяе цэрква ад Лаўрыша
І Лаўрышавым завецца.
*У баладзе сабраны рэальныя і легендарныя князі ды падзеі з розных часоў.
Даўмонт Пскоўскі - бацька Давыда Гарадзенскага, жыў у часы Гедзіміна.
Лаўрыш або Войшалк, сын Міндоўга падаецца, як Рамунт Трайдзенавіч і г. д.
ХVІІ. Куршы* з Судавіі ў часы Віценя, 1284 г.
Цягнуцца, быццам
жоравы з поўдню,
Куршы ад родных Судаваў,
Край свой, зраўняўшы
з голай пустыняй,
Кідаюць з горам, няславай.
Сурда вядзе іх вояў аддзелы
Братняй Літвой цераз поле,
Той правадыр,
даланёю што ўмелай
Збіў крыжаносца фон Голе.
Склаўшы астатнім
боствам ахвяру,
Сурда ў народа пытае:
"Ці тут паляжам,
ці з дзецьмі пойдзем
Мы да ліцьвінскага краю?"
Кліч: "Да ліцьвінаў,
мы - да ліцьвінаў",-
Глуха разнесла пустыня,
Край пакідаюць куршы радзімы,
Новую бачаць краіну.
З сэрцам братэрскім
тут іх прымалі,
І там, дзе сёння Эйшышкі,
Па-над Дзітвою тады збудавалі
Куршы сабе тут Куршышкі.
*Куршы - прускае племя, паводле паданняў пад націскам крыжакоў перасялілася ў Літву.
ХVІІІ. Сурмін і Надам, 1290 г.
Здрада вечна здрадай будзе,
Тут супроць не скажуць людзі,
Пэцкаць ёй душу не справа,
Ды аповесць ёсць цікава
Пра паганага ліцьвіна,
Пра Надама і Сурміна.
Князь Сурмін Калайнай княжыў,
Як крыжак прыплыць наважыў
З хітрай выведкай сваёю,
Каб не даць Літве спакою.
Дык тады Сурмін Надаму
Загадаў прыбрацца ў даму.
Вось Надам наш, як кабета,
Добра ўбраўся, каб са свету
Крыжакоў звясці. Даўмеўся,
Па-над Нёманам усеўся,
Здаўся паннай хрысціянскай
Ды нявольніцай паганскай.
Каб "паненку" ўратаваці,
Лодзь пад бераг кіраваці
Крыжакі распачынаюць.
Рукі "дзеўчыны" хапаюць
Тую лодку, абдымаюць
І ля берага трымаюць.
А Сурмін з сваёй гурбою
Налятае той парою,
Не зважаючы на Бога
Крыжакоў тут да аднога
Без шкадобы выбівае,
Так віжоў ён паважае.
ХІХ. Яжбут у часы Віценя, 1290 г.
Колькі можа здзеяць шкоды
Бляшка залатая,
к зрабіла нам з Яжбута
Здрайцу бляшка тая.
Ён за грошы слаў даносы
Пра Літвы сакрэты,
Ён за грошыкі тэўтонаў
Край прадаў бы гэты.
На Літву палон з Мазоўша
Гоняць. Яжбут здрадай
Цёмным лесам да крыжацкай
Вывеў іх засады.
Перабег алень дарогу,
Гэты знак пужае.
Яжбут супраць забабонаў
Галаву стаўляе.
Эх, паставілі, як звыклі,
Як заўжды стаўлялі,
Па-над Нарваю буйныя
Голавы паклалі.
Крыжакам дабра падводы,
Яжбут долю мае...
Колькі можа здзеяць шкоды
Бляшка залатая!
Ды згрызоты ржа з'ядае
І сумленне будзіць,
Б'ецца Яжбут з крыжакамі,
Што ідуць са Жмудзі.
І прабіты вострай дзідай
Здрадны чалавеча
Крыжаку мячом двухвострым
Палец пакалечыў.
ХХ. Зруйнаванне Рамновы* ў часы Віценя, 1294 г.
- На Рамнову, на Рамнову,-
Кліча комтур Лібэнцоле,
- Знойдзем золата і срэбра,
Знойдзем скарбаў там даволі.
Ну дык што ж яшчэ патрэбна
Для крыжацкіх прагных вояў,
Што пад ціхім знакам крыжа
На Літву пайшлі з разбоем.
Дрэвы толькі той парою
Шчэ пупышкі распускалі,
І вясной, а не вайною
Песні жаўранкаў гучалі.
Ноч упала на Рамнову,
Край ляжыць у сне цнатлівым,
Пад святыню Нёмнам ціхім
Падплывае злыдзень хцівы.
На валхвоў напалі сонных,
Сеюць смерць і хаты паляць,
Ну а золата крупінкі
Хіба толькі позірк жаляць.
Невялікая здабыча,
Больш галоў нявінных знята,
Сонца ўзносіць над Рамновай
Чорны крыж на дымных шатах.
Бачна з цвердзі Палямона,
Што ў Рамнове ноччу стала,
Больш не трэба абарона,
Бо святыня дагарала.
Заламалі толькі рукі,
Боль скаваў, а Нёмна хвалі
Крыжакоў так, як прынеслі,
Так з сабой назад забралі.
*Рамнова - легендарная ліцьвінская паганская святыня, вядомая ў нашай літаратуры, як Ромаў. Але Чачот паказвае паходжанне назвы ад Roma nowa , таму ў перакладзе падаецца назва Рамнова.
ХХІ. Жмудзін Кайлім у часы Віценя, 1298 г.
Хто дубіну Кайліма
Паспрабуе плячыма?
Жмудскі лес - край радзінны
Тое страшнай дубіны.
Пан магістар Майнгардзе,
Ты ў апошнім нападзе
Атрымаў, чалавеча,
Той дубінай у плечы.
Дагадзіла дубіна,
І дух цела пакінуў,
Бо дубіну Кайліма
Хто ж спрабуе плячыма?
Жмудскі лес - край радзінны
Тое страшнай дубіны,
А Кайлім у тым лесе
Быў асілак найлепшы.
ХХІІ. Сурмін у часы Віценя, 1313 г.
Плыў Сурмін, ваяка слаўны,
Сто чаўноў з ім і лодзяў,
Плыў пад замак Юнігеду*
На падмогу залозе.
Там на чыстых Нёмна хвалях
Стала, як дом, галера,
Крыжакі з якой бясспынна
Па літве страшна пераць.
Волава агнём кідаюць
Стрэльбаю перуновай,
Ды на смерць там не зважаюць
У залозе сто вояў.
Наляцеў Сурмін і ўцялі
Той галеры канаты,
Вір скруціўся, паляцела
Пад кустоў яна шаты.
І разбілася страшыдла,
Што агнямі кідала
І што замку Юнігедзе
І Літве пагражала.
Шкада толькі, што Сурмін там,
Страціў брата Сталдона,
Ды яго смерць баявая
Будзе слаўнай да сёння.
* Юнігеда - Велона.
Пераклад з польскай Станіслава Судніка