Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 5

Валянцін Таўлай. Паэзія 


Аўтар: Таўлай Валянцін,
Дадана: 03-02-2002,



Дзе за годам год,
Сівеюць людзі, хаты, -
І ўсё ў ярме народ,
А над шляхамі - краты.

І ўсё фарбуюць брук
Крыві ахвярнай плямы.
Чуваць астрожнай
брамы
На ўсю краіну грук.

* * *


Гэта ўсё - знаёмыя шляхі.

Аглянешся - затанулі ўдалеч.

На адных - палын расце глухі,

На другія - зоры ападаюць.

Пры юнацтве, што здалёк звініць,

І арлы садзіліся ахвоча,

Часам - каб да лёту заманіць,

Часам - каб выдзёўбваць вочы.

Але мы, улюбіўшыся насмерць

У шляхі, пракладзеныя ў заўтра,

Навучылі песню разумець,

Што ў змаганні і загінуць варта.

Вокам на шляхі куды ні кінь, -

Тлеюць косці звестуноў

прадвесня

І ляжаць жалобныя вянкі

Анямелых з болю

верных песень.

Не даклічацца ніякая вясна, -

Голас расплывецца

ў чыстым полі,

Не збудзіўшы стомленнага сна

Змагароў, загінуўшых за волю.

Але хай высокі маладняк

Боль магіл кране

карэннем шчырым, -

І насустрач заўтрашняга дня

Нашы песні зазвіняць

з-пад жвіру.

Ліда, 1941г.


* * *


Ідзе за годам год,

Сівеюць людзі, хаты, -

І ўсё ў ярме народ,

А над шляхамі - краты.

І ўсё фарбуюць брук

Крыві ахвярнай плямы.

Чуваць астрожнай брамы

На ўсю краіну грук.

І маці не адна

Глытае моўчкі слёзы:

Зноў сына па дарозе

Пагналі ў кайданах…

Ад гэтае пары

Ўдавою тужыць ніва,

Каню гнядую грыву

Расчэсваюць вятры…

Мо вернецца, мо згіне

Таварыш дарагі,

Услед за ім другія

Ўзняліся, як сцягі.

Той самаю дарогай

Яны вядуць народ,

І ўжо да перамогі

Бліжэй на цэлы год.

в. Рудаўка

1 студзеня 1929 г.

Напрадвесні

Уздыхнулі Нёмана грудзі:

- Вясна будзе! Вясна будзе! -

Покліч скалыхнуў паветра,

Адгукнуўся ў пушчы нетрах,

І расплыўся, і загінуў…

Наўздагон - свой покліч кіну:

Рэхам хай плыве шырокім,

Несучы прывольна, лёгка

І мяне на гулкім крыллі…

Жаўрукі асерабрылі

Сцежку сонечнаму ранку…

Жаўруковыя вяснянкі -

Быццам звонкія праменні…

І стаю я ў захапленні,

Неразгаданным і новым,

Поўны цёплае любові,

І гатоў гарэць, загінуць

За вясну маёй краіны…

Радасна ўздыхнулі грудзі:

- Адчыняйце хаты, людзі!

- Адчыняйце сэрцы, людзі!

- Вясна будзе! Вясна будзе!

Вільня, 1928г.


Настаўніку

Стаяць ля маладых гадоў,

Ля чалавечага дзяцінства -

Вялікі гонар, светлы доўг

Настаўніцтва і мацярынства.

Спачатку ў сэрцах прабудзі

Цягу і смагу да асветы,

Пасля - задуманых вядзі

Аж да крыніцы чыстай, светлай.

На ростані шляхоў-дарог,

Абвеяных паходным пылам,

Народ навекі нам збярог

Крыніцу мудрасці і сілы.

Ты чэрпаць навучы з глыбінь

Жывучую ваду рукою,

Каб наш народ і край любіць,

Мудрэць і харашэць душою.

в. Ваўкавічы,

23 жніўня 1942г.

Малой сястрычцы

Пакуль, сястрычка, падрасцеш

І шлях пратопчаш свой жыццёвы, -

Напамяць вывуч гэты верш,

Які складаю шчырым словам.

Не зразумееш мо мяне -

Пішу табе яго навыраст,

Я знаю: гэты дзень міне,

З якога верш сягоння вырас.

Магчыма, толькі ён адзін

І астанецца жыць на памяць,

Як рэха дальняе гадзін,

Што сэрца мне гнятуць і раняць.

Тады, сястрычка, успамяні

Ўсіх, хто з бою не вярнуўся,

Каб намі высненыя дні

Зноў паплылі над Беларуссю.

Ліда,

23 лютага 1943г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX