Гэты зборнік выдаецца як лагічны працяг папярэдніх лідскіх літаратурных зборнікаў, а гэта - шэсць нумароў альманаха "Ад лідскіх муроў" і зборнік "Шануйце роднае слова".
Зборнік меркаваўся як гадавік за 2010 год, але фінансавыя і арганізацыйныя праблемы не дазволілі выдаць яго ў канцы 2010 або ў пачатку 2011 года. Таму атрымоўваецца выніковае выданне за два гады.
У зборнік уключаны выняткі з творчага даробку лідскіх літаратараў, крытыкаў, даследчыкаў літаратуры, кампазітараў за 2010-2011 гг. У зборнік трапілі матэрыялы, якія былі апублікаваны ў гэтыя гады або падрыхтаваны да друку. У зборнік увайшлі і іншыя матэрыялы, датычныя літаратурнага жыцця Лідчыны.
Літаратурнае жыццё на Лідчыне ў гэты перыяд было дастаткова актыўнае і плённае. Рэгулярна праходзілі паседжанні літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" (кіраўнік Міхась Мельнік), "Літаратурная старонка" газеты рэгулярна публікавала творы сяброў літаб'яднання. Творы лідскіх літаратараў друкаваліся ў іншых выданнях краіны. Было выдадзена больш за дзесятак чыста мастацкіх кніг, а ўсіх кніг выдадзена каля двух дзесяткаў. Праводзіліся прэзентацыі кніг у вузкім коле і пры шматлікіх аўдыторыях. Праводзіліся літаратурныя сустрэчы з віднымі пісьменнікамі і паэтамі Беларусі.
У 2010 годзе ў Лідзе быў адкрыты літаратурны музей (літаратурны філіял Лідскага гістарычна-мастацкага музея) у доміку каля замка, у якім у 1939-1941 гадах жыў слынны паэт Валянцін Таўлай (Замкавая, 7). Музей ужо наведала дачка Вялянціна Таўлая Галіна.
Лідская літаратурная супольнасць панесла ў гэты перыяд вялікую страту. Памёр слынны лідскі краязнавец і літаратуразнавец Алесь Жалкоўскі.
Безумоўна, зборнік не ахапіў усяго і ўсіх, але трэба спадзявацца, што выйдуць наступныя зборнікі, і прабелы будуць запоўнены.