Папярэдняя старонка: Паэзія

Алесь Стадуб 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Алесь Стадуб нарадзіўся ў в . Юшавічы Нясвіжскага р - на . Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў . Аўтар 10-ці кніжак паэзіі , у т . л . "Водгук ісціны ", "Сюжэт на фоне надвячорка", "Калінавыя гроны", "Шэпты крыл", "Скрыжалі", кнігі прозы "Вандроўка між гадамі". Жыве ў Лідзе.

НЁМАН

Ён, можа, з поту, мо са слёз.

Мо з маладога нецярпення.

Нібы з засады, ён з-пад лоз

Няйначай выбег днём вясеннім.


Ніжэлі ўзгоркі на шляху,

Лясы насуплівалі бровы,

І расступаліся дубровы,

Ні слова кажучы граху.


Ён войкаў, як плылі плыты

І парушалі дум бяссонне.

Ён вечна з вечнасцю на "ты",

Ён гімн ствараў сястры-Пагоні.


Спакойна плыў, як волі лёс,

І чуў людское бедаванне.

А можа, з поту ён, са слёз,

А мо па шчасце ён пасланы.

* * *

З табою мы, няйначай, свечкі.

І ўсё ж жыццю пакінем след.

У нас світанак свой і вечар.

Як Бог, мы свой ствараем свет.


Эдэм цяпла, спакусаў, згоды,

З цярпення, з мудрасці дылем.

Каханне не выходзіць з моды.

Яно, як мора, да калень.


Хай дагарыць вялікасць свечкі.

З абзаца ўсё пачнём з табой.

Світанак наш, і дзень, і вечар -

З нягодай пераможны бой.

ВЫПАДКОВЫ ЗДЫМАК

На здымку паэты русявыя,

Лысыя, чорныя

І юныя поруч,

Разумныя ў такт рыфмаваць,

Ці будуць між імі

Атланты, Радзіме пакорныя,

Каб гмах

Беларускага слова

Прад светам трымаць?

СЛЕД

Пакуль жыву -

Не маю страху.

Цвярозасць думак нас не тне.

Не страшыць страху, што стану прахам,

Што выляціць душа з мяне.

Дзе ёй блукаць,

З кім спатыкацца.

З сябрамі, з нелюдам, з табой?

Мо будзе мучыць вершаў праца,

Мо вечны дакараць адбой.

Мне часам цень здаецца страхам

Сярод спакус, узлётаў, бед.

Прызнацца, страшна стацца прахам

І крыўдна, мой што знікне след.

ЛЮБЛЮ ЦЯБЕ

Люблю цябе, зямля мая,

І рэчак плынь сярод вякоў.

Не блудны сын я, не сваяк -

Блакіт жывучых васількоў.


Тут мовы ўласнай карані,

Тут перазвон дубоў, бяроз.

Паміж сваіх, паміж радні,

Я і мужнеў і ў праўду ўрос.


Гляджу ўрачыста з-пад брыля,

І спеласць песні на душы:

Зямля мая, мая зямля,

Ты Беларусі роднай шыр!

КРЫЖ

Не проста, не лёгка

Паставіць крыж

На мэце сваёй слабасці.

... Ураз загарышся,

Адчуўшы парыў

Радкоў рыфмаваных суладнасці.

Дарэмна чакаць, што

Упарта ў сабе

Закрэсліць спакусу захочацца.

На муляў ён мне

На мазольным гарбе

Мой крыж,

Мой крыж вершатворчасці.

Упрогся, хоць зморышся,

Радкуй і радкуй.

З крылатай надзеяй напару.

Бывае, рэдактар пагрэе руку

Адчэпным "куском" з ганарару.

Зусім не да часу і не да пары

Стыхіі сваёй я пакораны.

Не проста, не лёгка

Паставіць крыж

На ўласным хаценні і гонары.

* * *

Ненапісанага

Я не папялю,

Хоць і не горы стосаў.

Мой для ўраджаю вершаў

Плуг

Арэ,

Мой плуг адносны.

Плугуе ён праблемы дзён,

Але ці нешта ўродзіць...

Запустазелены ты дзёрн,

Народзе мой, народзе!

* * *

Ён наша ганіў, ганіў, ганіў,

Сваё хваліў, хваліў, хваліў.

Любіў чужыя сані, сані,

А творцы - мы - нязгорш жылі.

Перастараўся той, старанны,

Што бег за славай наўздагон.

Змоўк хвалько так рана-рана.

Цяпер нам сумна... Без яго...

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX