Пятро Макарэвіч. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг "Злітак", "Расінкі беларускіх слоў". Жыве ў Лідзе.
ЛАРЫСА ГЕНІЮШ
Перад ёю далоў…
Позна сцягнута шапка.
Ю. Голуб.
Сексот пры Геніюш Ларысе
І ў нашым лёсе доўга рыўся.
Дзесяцігоддзі не траплялі
У друк маёй душы радкі:
Занадта пільна дратавалі
"Рэцэнзіі" з яго рукі.
Ды, як яна, і я трымаўся,
Не пахіснуўся, не зламаўся;
Віжоў, даносчыкаў і шквалы
Прысудаў з годнасцю сцярпеў.
Здаўна яе ў сузор'і ставіў,
Люблю, як зорку, і цяпер.
Да творцы ж вольнай Беларусі
Прымазанага рыфмача
Спустошвала сумленне, мусіць,
Таму гібеў, марнеў і чах:
Сексот пры Геніюш Ларысе
У алкаголі растварыўся.
ЁСЦЬ РАДАСЦІ!
У абдымках з каханаю зліцца -
Як найлепшага свята жадаў.
А цяпер сэрца хоча жывіцца
Звонкай радасцю духу і спраў.
Нібы ўчора, я сонца пабачыў,
А ўжо блізіцца ... 75 !?
Гэта дата шаноўная значыць,
Што пачуцці інтымныя спяць.
Але ёсць ў сівізны далягляды,
Што й не сніліся вам, маладым!
Не кранаюць ні зайздрасці звады.
Ні хвалы абыякавы дым.
З агалоўя над ложкам-калыскай
Запаветную кнігу бяру,
Нібы мёду ліповага міску,
І да ранку не выпушчу з рук.
Аніхто нада мной не начальнік,
Я не горблю паклоны рублю,
Вольны - днём, вечарамі, начамі
Рыфмаваць сваё слова люблю.
Горы думак за спінай трывалай:
Хоць будуй з іх раманы-стагі,
Бо кіпела душа, бушавала,
Біла рэбраў маіх берагі.
Бездакорнаю зброяй - развагай
Вывяраецца сказ мой і крок,
Падключаю й маральныя вагі
Перад тым, як націснуць курок.
Не шапкую пасаддзе з кукардай
І ў мінуласці не шапкаваў,
Халуя я лінчую пагардай:
Для мяне ён - як вош ці трава.
Прад сумленнем і людам - не сорам
За размашыста здзейснены шлях,
Узыходзіў па скалах я ўгору,
Шчыраваў на лугах і палях...
Маладосці ўлюбёнай забавы
Падарылі мне ўнукаў - красу,
А яны, малайцы, неўзабаве
Нам падораць нявестак-красунь.
ДАЧНЫЯ КАТЫ ЗІМОЮ
З узлеску прайду паварот -
Чародка вусатых сірот
Ляціць напрасткі ка мне куляй.
Ніхто мяне так не чакаў,
Ніхто мяне так не страчаў,
Хіба што калісьці - матуля.
Іх кінулі гаспадары
Бяздушна да весняй пары,
На здзек завірусе, марозу.
А я спачуваю бядзе,
Вязу бедакам я штодзень
Ласункі: галодныя ж, просяць.
Частую пасля малаком...
Удзячна вуркочуць кругом.
За шыбай мяцеліца вые.
Калені заняў Белячок,
А Кузік на спіну мне лёг,
І грэецца Бася на шыі.
Сцяжынка дадому ляжыць:
Гляджу - следам Брацік бяжыць!
Пачне маё сэрца сціскацца.
Ах, мілы пухнаты звярок!
Ах, мой кіпцюрасты браток!
Не хоча ніяк развітацца.
На рукі яго я ўзніму,
Ў зялёныя вочкі зірну.
Пагладжу я шэрстку і лапкі.
Жывых камячкоў я люблю,
Да цёплай шчакі іх тулю
І вушкаў кранаюся зябкіх...
Узрушаны, ледзьве не плачу.
Кранальны той міг не міне:
Не я гэта коціка гладжу,
А ён, коцік, гладзіць мяне!
РОЗДУМ ЛЯ ПАРАДНАГА ПАД'ЕЗДУ
(Някрасаў М.А.)
Вось парадны па'езд. З урачыстых нагод,
Апантаны халопскай хваробай,
Горад з нейкім спалохам вантробным,
Рухае ў запаветны ўваход;
Запісаўшы імя сваё, званне,
Раз'язджаюцца госці затым,
IIIчасныя рытуалам пустым,
Нібы ў гэтым і ёсць іх прызванне!
Гэты пышны пад'езд у будзённыя дні
Акаляюць нікчэмныя твары:
Летуценнікі ды пражэкцёры адны,
А часамі ўдава, перастарак.
Ля пад'езду параднага зранку ўжо там
Рой кур'ераў з паперкамі скача.
Пры вяртанні шчасліўчык спявае «трам-трам»,
А прасіцель пакрыўджаны плача.
Групка, бачыў аднойчы, сюды падышла -
Усе вясковыя, рускія людзі.
На царкву памаліўшыся, сталі здаля,
Нахіліўшы галовы на грудзі.
Паказаўся швейцар. "Дапусці… да палат…"
У просьбе поўна надзеі і мукі.
Непрыгожыя ўсе - на швейцарскі пагляд:
Загарэлыя твары і рукі;
Армячок спарахнелы ліпіць на плячах,
Ды па торбе на спінах сагнутых,
Крыж на шыі і кроў на нагах,
У самаробныя лапці абуты.
(Кандыбалі, напэўна, яны
З якіх-небудзь далёкіх губерняў).
Хтосьці крыкнуў швейцару: "Гані!
Наш не любіць задрыпанай чэрні!"
Дзвярмі грукнуў швейцар і прапаў.
З кайстраў грош дастаюць пілігрымы,
Ды швейцар не пусціў, беднай лепты не ўзяў,
І пайшлі яны ледзьве жывымі.
Паўтараюць: "Судзі яго Бог!"
Безнадзейна разводзяць рукамі…
І пакуль яшчэ бачыць я мог,
Іх галовы без шапак знікалі…
За заставай, ў харчэўні ўбогай,
Усё прап'юць бядакі да рубля.
Жабраваць яны будуць дарогай
І застогнуць… Радзіма, зямля!
Назаві мне такія мясціны,
Я такога кутка не спаткаў,
Дзе б твой сейбіт-кармілец айчынны,
Дзе б ён, рускі мужык, не стагнаў?
Стогне ў полі ён і па дарозе,
Стогне ён у турме і астрозе,
У рудніках, закаваны ў ланцуг,
Стогне ён у асеці, пры стозе,
Пад драбінай у cтэпе наўкруг,
Стогне ў беднай ўласнай хаціне,
Свету божаму, сонцу не рад,
Калі вёску прымусам пакіне -
Ля пад'езда судоў і палат.
Стань ля Волгі: чый стогн раздаецца
Над вялікаю рускай ракой?
Гэты стогн у нас песняй завецца -
Бурлакі цягнуць лямку гурбой.
Волга, Волга! Вясной мнагаводнай
Ты не так заліваеш палі,
Як вялікаю скрухай народнай
Уся прастора заліта зямлі, -
Дзе народ, там і стогн… Эх, сардэчны!
Што ён значыць, скажы, стогн адвечны?
Мо ўзбушуе магутны парыў?
Ці, паддаўшыся лёсу такому,
Склаў ты песню, падобную стогну,
І духоўна навекі спачыў?..