Хрысціна Лялько, нарадзілася 30.03.1956 г. у вёсцы Хадзюкі Лідскага раёна. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1979). З 1979 г. - навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы, з 1983 г. - літсупрацоўнік аддзела крытыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1984 г. - рэдактар аддзела літаратуры часопіса «Беларусь». На сёння рэдактар часопіса "Наша вера" і газеты "Ave Maria". Аўтар многіх кніг паэзіі і прозы. Сябра СП СССР з 1983 г.
ВЫПАДАК ПАД РАКАВАМ
Завяла дарога ў нікуды,
быццам кіравала злая сіла.
Каляіна, поўная вады,
нечакана шлях загарадзіла.
А навокал лес стаяў нямы,
незнаёмы і ўрачыста строгі;
і разгублена глядзелі мы
на круты абрыў лясной дарогі.
Недзе траса блізенька гула,
сонца йшчэ на захадзе свяціла,
ну а мне, як нейкая імгла,
на хвіліну розум замуціла.
Нацянькі, каб шлях падкараціць,
я праз лес паехала, блазнота…
Так бывае: нешта закарціць,
з'явіцца да рызыкі ахвота.
А пасля, па часе ўжо, трывога:
застаецца толькі задні ход…
Што рабіць, калі няма дарогі,
трэба йсці тады на разварот.
Не заўсёды ж напрасткі, наперад;
часам варта супыніць язду,
каб не трапіць, як той кажа, ў нерат,
каб не ўлезці ў большую бяду.
* * *
Адарвацца ад цябе -
не думаць, не ўспамінаць, не марыць,
забыць, што ты ўвогуле ёсць;
вярнуцца ў той час, калі цябе не было, -
ні побач, ні ў сэрцы, ні ў думках.
Уявіць сябе вясёлую, вольную, лёгкую,
без гэтага суму, спакусаў, жаданняў…
Адарвацца ад цябе -
ад сябе адарвацца -
ад душы, ад сэрца, ад болю, -
без якога ўжо жыць немагчыма.
* * *
Прыехала ў Грэцыю, каб сагрэцца
пад сонцам паўднёвым. Каб у моры
ўтапіць сваю змору, -
ў салёнай вадзе, у церпкім віне…
Ды задача такая не для мяне,
бо рука твая ўсё роўна ў маёй
злоўленай птушкай прыціхла, стаілася
яшчэ з дарогі тае, з азёрнай Івесі…
(памяць мая, як на прывязі, -
неадчэпнай, балючай, вечнай, -
усё вяртае той летні вечар,
усё гартае старонкі ненапісанай кнігі…)
Якія ж такія вярыгі
мяне да цябе прывязалі,
што бяссільныя нават далі,
такія далёкія і мора глыбокае,
і сосны, і горы, і вецер? -
Бяссільнае ўсё на свеце,
каб адлучыць мяне ад цябе…
Вось і думаю ў ціхай журбе:
куды ж мне схавацца,
куды падзецца,
і нашто мне гэта
хвалёная Грэцыя?
* * *
Адмаўленне - гэта маленне
аб тым, чаго быць не павінна.
Нахлыне пачуццяў лавіна -
паспрабуй затрымаць імгненне.
Адмаўленне - гэта маўленне
і ціхая просьба: пакінь, не трывож,
а пад сэрцам, як востры нож, -
неадольнасць і боль захаплення.
Адмаўленне - гэта спаленне
таго, што паволі тлела,
не гарэла і надта не грэла,
а пакутна жыло, як трызненне.
Адмаўленне - гэта сталенне
душы і яе цяжкая навука…
Ах, якая ўсё ж такі мука
прыняць гэты боль адмаўлення.
* * *
Напісала табе ліст -
развітальны,
і думаю: адаслаць ці не?..
Усё яшчэ баюся паставіць кропку
ў складаназалежным сказе
нашых з табою адносін.
* * *
Цвіце настурка. Сярэдзіна лета.
Водар маленства ў маміных кветках.
* * *
Боль прынясеш на талерцы,
як даспелыя ў ліпені вішні,
боль, непатрэбны і лішні,
рассыплецца ў сэрцы.
* * *
Шмат развітанняў,
мала сустрэчаў -
аддаляецца ранне,
набліжаецца вечар…