Міхась Мельнік нарадзіўся 7 лістапада 1949 года ў вёсцы Майсеевічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. З 1974 года жыве на Лідчыне. З 1984 па 2010 год выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Лідскім каледжы.
З 2004 года кіруе літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".
Суаўтар (Разам з Пятром Чаборам) зборніка вершаў "Скрыжаванне" (Менск, 1996 г.), аўтар кнігі вершаў "Лодка жыцця" (Ліда, 2009 г.). Укладальнік і рэдактар анталогіі твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова!" (2008 г.).
ЖАНРЫ КАХАННЯ
Кожны быў калісь па праўдзе
Ахінуты ў амурны сан...
У празаіка Аркадзя
Са Святланаю - раман.
Драматург Адам з Тамарай
Стаць маглі б цудоўнай парай,
Ды аднак жа ж у Адама
Здарылася з Томай драма,
Бо ў рухавага Адама
Новая знайшлася дама.
А паэт Алесь і Эма -
Рамантычная паэма.
Што ж у нас з табою, Райка,
Можа, фарс, а можа, байка?
ЛЮБОЎ
Дзеці
даўно не сталі пісаць ёй пісьмы.
Цяпер
любіць яе толькі яе карова.
Не дзіўна:
яна ж гадавала яе яшчэ цялём.
ПОЗІРК
Маладыя хлопцы глянулі мімаходзь
на старую жанчыну.
І ў момант вока растапталі, як чарвяка,
абыякавым позіркам.
Юныя дзяўчаты абыякава зірнулі
на сляпога хлопца.
І раптам раздушылі, як авадня,
несімпатычным поглядам.
* * *
На дрэве
лісток трапятаўся.
Зляцеў.
Ды толькі дрэву
не стала лягчэй.
* * *
Даўно за поўнач.
А людзі ідуць і ідуць,
хто куды...
Гляджу на іх постаці
з акна вартаўніка.
І бачу: знікаюць яны неўпрыкмет
паміж тратуарам і небам.
* * *
Сярэдніх гадоў мужчына
ноччу збірае пляшкі,
рыецца ў скрынках для смецця.
А я задумаўся:
няўжо такі клопат у яго,
што не спіцца?
* * *
Лютуюць сквапныя марозы,
Завейна сцелюцца снягі,
І аб'інелыя бярозы
Стаяць пад покрывам тугі.
* * *
Вароны чорнымі кропкамі
аселі між белых бяроз.
Восень слязамі горкімі
аплаквае жорсткі лёс.
* * *
Не здзекуйся з малога,
бо сам жа быў такім.
Не смейся са старога,
бо сам ты будзеш ім.
* * *
З самім сабой вяду гаворку
пра наш разумны, дзіўны век.
Ну што нам з атамаў тых толку,
калі няшчыры чалавек.
* * *
Жыву сам з сабой у супярэчнасці,
як мір з вайной,
дабро са злом,
як новае са старым,
жыццё са смерцю...
Калі ж я стану жыць інакш,
Лічыце мяне жывёлай.
* * *
Я іду.
Пад нагамі - гной.
Пераступаю.
І болей не трэба...
* * *
Я спаткнуўся аб камень,
які ляжыць на пагорку.
Тады падумаў:
няўжо
карае ён мяне
за тое,
што ніхто раней
не скрануў
яго
з месца.