Папярэдняя старонка: Паэзія

Алеся Бурак 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Алеся Бурак нарадзілася ў вёсцы Варацец Хойніцкага р-на ў 1930 годзе. У Лідзе з 1955 года. Настаўнічала ў 8-й і 11-й школах. Друкавалася ў "ЛіМе", "Вячэрнім Мінску", раённых і абласных газетах. Аўтар кнігі "Прастора дабрыні".


ПРЫЗНАННЕ

Мова матчына, мова родная,

Ва ўсякай нагодзе прыгодная.

Мова бацькава, мова годная,

Ты - адзіная, ты - народная.


Ты - бальзам для майго сэрца кволага,

Трапяткая мая, непакорная,

У народзе маім - душа вольная,

Прыгажосцю сваёй бездакорная.


Мове светлай сваёй, з якой знаюся,

Я ў любові адданай прызнаюся,

З мовай рускай грашу я і маюся,

А на роднай малюся і каюся.

СЯБРАМ - ПАЭТАМ

Не адкажа вам мой дамафон,

Бо яго ў мяне проста няма,

Лепш прыходзьце пад мой вы балкон,

Ля свайго чакаць буду акна.

І ўсмешку пашлю без прынукі,

Не счарсцвела душа ў паняверцы,

Я ключы кіну ўніз - проста ў рукі -

Ад кватэры сваёй і ад сэрца.

Наша роднасць і роднае слова

Зазвіняць у маўклівай цішы,

І лагоднасць гаючае мовы

Збудзіць чуйныя струны душы.

Дык навошта мне той дамафон?

Я з балкона вітаць буду вас!

Хай спакойна маўчыць тэлефон,

Балкон заменіць

мне яго на час.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX