Ганна Серэхан нарадзілася ў 1984 годзе на Шчучыншчыне. Скончыла Ганчарскую СШ Лідскага р-на, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (2007) і магістратуру пры ім (2008). Працуе ў выдавецтве «Pro Christo» Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Выдала кнігі вершаў «Запаветная жменька» (2007) і «Пане, будзь заўжды са мной! (Вершаваныя малітвы для дзяцей)» (2010). Жыве ў Менску.
* * *
У хвілю позняга расстання
На сцежак простым скрыжаванні
Мяне спынялі Вы:
«Бывай...
Табе не ў гэты бок...»
Няхай...
Я забывалася, напэўна,
Бо адчувала неспадзеўна:
Хіба магу пайсці тудой,
Дзе Вы не будзеце са мной...
* * *
Гэты цвік - асабліва балючы...
Цвік майго беспрытульнага кахання,
якое ўжо колькі год выракаецца
бегчы на дрогкі агеньчык...
Яго пусцяць адно пастаяць
пад вокнамі сэрца...
Яно доўга сядзіць на парозе,
не адважваючыся пагрукаць...
Яно штораз злёгку кратае дзверы,
За якімі дыханне-маўчанне...
Захутваецца цёплаю накрыўкай
і застаецца да раніцы
пад вокнамі з цяпельцам...
А потым зноў пабрыдзе,
не змогшы забыцца
на сваю моцную прагу
гарэць і грэцца...
* * *
Ці чуеце, як шчыра заспявала між аблокаў салоўка?
Гэта яна Вам нясе сваю ўсхваляваную песню...
Бачыце, як святлеюць крылы тых аблокаў?
Гэта Вам усміхаюцца нябёсы...
Адчуваеце, як свежа дыхае вясновы дзень?
Гэта ветрык хоча палашчыць Ваш твар...
А сонца, якое так доўга хавалася?
І яно стараецца сагрэць Вашу душу...
Мне таксама хочацца стаць часцінкай прыроды,
Каб кожны дзень віншаваць Вас гэтым,
Але ўсё-такі застануся сабой,
Каб дарыць Вам любоў.
КАРУНКІ
Нібы ўбор прыязнасці ўзаемнай,
Нібы след пяшчотнага дарунка,
На руках нашу ўвесь час таемна
Я карункі з Вашых пацалункаў.
Іх у сэрцы памятна хаваю,
І ў гадзіны цішы ці знямогі
Зноў і зноў... да рук іх прымяраю
З нейкай беражлівай асцярогай.