Папярэдняя старонка: Паэзія

Іосіф Масян 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Іосіф Масян скончыў Ліпнішскую СШ Іўеўскага р-на, Лідскі індустрыяльны тэхнікум, журфак БДУ (1994 г.). Друкаваўся ў газетах "Звязда", "Чырвоная змена","Знамя юности", "Ніва", у часопісах "Родная прырода", "Дом і сям'я" і іншых выданнях. Жыве ў Лідзе.


ЛІДСКІ ЗАМАК

Між вякамі, сціраючы грані,

З высі гэтай на край свой зірні:

Бачыш, носяцца воўчаю зграяй

Крыжакі па радзімай зямлі...


І там, дзе ў абдымках зліліся

Лідзейка з Каменкай-сястрой,

Камянёвыя сцены ўзняліся

На варожым шляху той парой.


... Што пакінуў нам час? Курганы

І Вялікага Княства руіны...

Ды стаіш ты, вякоў вартавы,

Ад даўніх часоў Гедзіміна,


Зноў адноўленых вежаў вярхі

Запрашаюць нашчадкаў у госці...

... Не здавайце ж памяць у архіў,

Бо калісь нам гісторыя спомсціць.

ФРАНЦІШАК СКАРЫНА

Праз пыл летапісных лістоў,

Скрозь церні няўмольнага часу

Прарвецца мінулае зноў

У сённяшні дзень, і адразу ж

Паўстане вачам слаўны Полацк,

Дзе, пэўна, шчэ помняць руіны

Рагнеды заранкавы голас

І крокі Францішка Скарыны.


Тут ля срэбных струменяў Дзвіны

Першы крок ён зрабіў з нараджэння,

А ў далёкіх вандроўках у сны

Вобраз маці ляцеў з суцяшэннем.

І ў аздобленых друкам радках

Загучаў мілы голас Радзімы...

Шмат ёсць крокаў на слаўных шляхах,

Ды найпершы - Францішка Скарыны.

ТРЫЯЛЕТ ЛЮБОВІ

Так пяшчотна, чыста і высока

Мы гарым з табою на кастры,

Ад якога стала з той пары

Так пяшчотна, чыста і высока.


І няхай калі-нібудзь вятры

Нас засыплюць попелам глыбока...

Так пяшчотна, чыста і высока

Мы гарым з табою на кастры.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX