Папярэдняя старонка: Паэзія

Іван Гушчынскі 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Іван Гушчынскі нарадзіўся 7 ліпеня 1951 года ў вёсцы Парэчча Лідскага раёна. У 1972 годзе закончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школах Лідчыны і на заводзе "Лідсельмаш". Друкуецца з 1974 года. Аўтар кнігі "Ідзі і вяртайся".


* * *

Л. Бандарэвіч


Ноч узяла ў пуховыя далоні

твой твар з усмешкай дня,

а ты не ведаеш, што сёння

з нябёс спускаецца зіма.


Бяжы, паслухаем хутчэй,

сняжынкі шэпчуць зверху:

- Ляцець зіме куды цяжэй,

чым бегчы з пятага паверху.


Ноч узяла ў пуховыя далоні

твой твар з усмешкай дня,

і светла ад таго, што сёння

ідзе зіма, ідзе зіма.

Лайкоўская вясна


Ой, вясна, вясна нясмелая!

На дварэ - не чорнае, не белае…

Дзетвары ты радасна буркочаш,

сонцам скачаш з лужынаў у вочы.


Мацi не загнаць малога ў хату,

верыцца заўзятаму яму,

што сваёй дзiцячаю лапатай

ён скiруе ў рэчку ўсю зiму.


Што, зайдросна? Так чакаюць дзецi

тысячы адкрыццяў i прыгод.

А з-за печы быццам не прыкмецiў

гэтых перамен вусаты кот.


Пастаяў ля лужыны, як мiны,

з лапы мокры снег абтрос…

Карапуз ружавашчокi кiнуў

снежкай у падняты хвост.


I мая зiма там уцякала

мiж платоў і градаў да ракi…

Так знаёма сэрца задрыжала!

Так знаёмы ранак дарагi!

Гармонiк грае

Там, за лугам, гармонiк грае…

Рэчка - быццам юнацтва парог.

I чаго яшчэ сэрца чакае?

Для каго яшчэ песня гукае

з летуценных юнацкiх трывог?


Узбягу на забытую кладку

на сустрэчу з той песняй хутчэй,

бо i месяц свой танец - загадку

з купкай зорак танцуе ўпрысядку.

Толькi час спраўней рэчкi цячэ.

А за лугам гармонiк грае

песню даўнiх, шчаслiвых трывог.

I чаго яшчэ сэрца чакае?

Для каго яшчэ песня гукае,

клiча, клiча з далёкiх дарог?

Тост

Банкетам у гонар сваёй жонкi

той дзень адзначваў муж.

Пад чарку тост з'явiўся звонкi

ўжо падпiтаму яму.


- Мая палова дарагая!

За дваццаць год я п'ю тваiх!

У iх цвiла ты ружай мая,

гадкоў не будзе больш такiх.


I з гэтай чаркi поўнай - поўнай

хай вып'юць госцi заадно

за трыццаць год тваiх чароўных.

У iх ты - церпкае вiно.


Як ўсе, я старасць не люблю,

непажаданы гэта госць,

за пяцьдзесят тваiх я п'ю.

У iх ты - як супавая косць.


На шчырасць мужа адказала

кабета шчырасцю сваёй:

- У дваццаць - ружай расцвiтала,

ды нюхаў нос не толькi твой!


У трыццаць год маiх чароўных

бывала нешта і ад церпкiх вiн.

Не думай ты, што чаркай поўнай

таго вiна папiў адзiн.


Дык вып'ем, дарагiя госцi,

за пяцьдзесят ад нарадзiн,

за мужычка майго, што косцю

ўсё ж падавiцца адзiн!

Максім і Вераніка


То не туман падняўся белы,

не сон спадае на лясы -

Максіма крокамі нясмела

ступае памяць праз часы.


А вечар казак і кахання

апошнім заравам паклікаў

дзівосаў і красы чаканнем,

адкуль гукае Вераніка.


На небе лёгкія аблокі

спынілі бег упершыню:

забылі пра сваё "далёка",

сваю забылі вышыню.

Песні Купалы

Кветкай шчасця цяжкога

зорка з неба ўпала

ў лес дрымучы і цёмны,

ў лёс нядолі людской.

Дзеўкі й хлопцы ў Купалле

дарма шчасцю гукалі -

на якой яно сцежцы,

у старонцы якой?


Можа, рукі не тыя

лашчаць - песцяць зямліцу?

Можа, ногі не тыя

абхадзілі яе?

Можа, торба не тая

слёзны скарб субірае,

што на грозных пуцінах

ўсё бяда не міне?


Можа, песні не тыя,

можа, слёзы не тыя?

Бо чаму ж тады доля

абмінае спрадвек?

На курганах самотных

шэры воўк ноччу вые

і не кожны ўжо помніць,

што і ён чалавек.


Ды ці думала маці,

што яе гушкі - песні

абагрэюцца сэрцам

і марамі сына,

А з сагнутых плячэй,

што прыгнёт вечны неслі,

шматпакутны мужык

цяжар горкі свой скіне.


Песня - кліч павядзе

мужыка ў грамадзе

ад забітасці вечнай,

ад ліхога жабрацтва

к долі светлай сваёй,

к песні новай сваёй,

у каторай пачне

Чалавекам ён звацца.

Малiтва бабулі

Бабулька мая набожная

на каленях прад Маткай Святой

маладосцi сабе не выпрошвае,

а бядуе над доляй маёй.


Гэтак грэшнiка, хоць не п'янiцу,

пхне заўзята старая да раю!

Хоць ў куточак прыставiць, хоць з краю

ўсё малiтвай сваёй стараецца.


Ой, баюся, няма там мне месца,

пэўна, лепшыя занялi.

Не бяда, што пакуль не ўдаецца

паспытаць гэты рай на зямлi.


Не кажы, што жыву я без веры,

грэшны, кiнуты i забыты:

у Любоў, Дабрыню я веру

i складаю сваю iм малiтву.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX