Уладзімір Нікулін нарадзіўся ў 1953 годзе ў Лідзе. У 1974 годзе скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут. Прымаў удзел у будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Друкаваўся ў абласных ды раённых газетах "Светлы шлях", "Лідская газета".
* * *
Ты пайшла, як бывала раней,
Не пакінула крыўды і слёз,
І сляды твае подых надзей
Разам з пылам да зорак узнёс.
І гарачых пачуццяў размах
Не стрымае бязмежнасць гадоў
Ад таго, што ў зялёных вачах
Адгарэла і ўспыхнула зноў.
У адносінах нашых зіма
Размалюе празрыстае шкло,
І таму адчуванняў няма,
Што каханне ад нас уцякло.
* * *
Нам таямнічы рух падзей
Дае звычайненькія ўрокі,
Мы ў марным росквіце надзей
Бяды свае не чуем крокі.
Цягнік жаданняў не спыніць,
Калі патрэбны нам прыпынак,
Мы з болем бачым, як гарыць
Кахання нашага будынак.
Але праз некаторы час
Мы павядзем сваю размову,
І, зразумеўшы сэрцаў змову,
Каханне зноў спаткае нас.
* * *
Калі адносіны на ўзлёце
Мы асудзілі на разрыў,
То прамаўчаў на кожнай ноце
Нязгоды стомлены матыў.
Перад заслонаю тэатра
Мы зразумелі, што нідзе
Не знойдзем сёння, нават заўтра
След, што ў мінулае вядзе.
І ў непрадвызначанай сцэне
Ці трэба нам на гэты раз
З усмешкай падаць на калені,
Згубіўшы ўсё, што губіць нас.
Сваю не вызначыўшы ролю,
Мы запытаць павінны час.
І пачуццё такога болю
Не назаўжды з'яднае нас.
* * *
За мяжою самотнасці
Я спыніцца хачу,
І на мове пяшчотнасці
Не без жалю маўчу.
Колькі часу мінула,
Зноўку слёзы ў вачах...
Гэта памяць заснула,
Узарваўшы прасцяг.
З вышыні Ўсемагутны
Пасміхаецца хай,
Калі ў стане пакутным
Ты мне скажаш: "Бывай!"
Нашых дзён яшчэ многа
І размоў уначы,
Ты апраўданы Богам,
Каб мяне зберагчы.
* * *
Мы з табой знемагаем дарма,
Кажа мне прадчуванне благое,
У пагоні за згубленай мрояй
Ад яе пазбаўлення няма.
Ланцугамі жыццёвых арбіт
Не прыняць смутных мар недарэчнасці,
Побач з імі хаваецца вечнасць,
Акунуўшыся ў зорны блакіт.
Памаліўшыся грозным багам,
Мы забылі прынесці ахвяру.
І таму, як цудоўную кару,
Пасылаюць любоў яны нам.
* * *
Нездарма гадавалі рабіны
Горкіх ягад чырвоныя гронкі,
Мы не ведаем смаку чужыны,
Не пакінуўшы роднай старонкі.
Не забыць позняй восені фарбы,
Сум яе прыгажосці халоднай,
Не заменяць сусветныя скарбы
Нам свабоды, як хлеб, неабходнай.
Што рабіць, як заплачуць іконы?
Ці не гэта нам часам здаецца,
Калі мы пасылаем паклоны
Той зямлі, што Радзімай завецца.
* * *
Мы падымаемся ў гарах,
Каб зноў абняцца на вяршыне,
І свой падманваем мы жах,
Яго пакінуўшы ў даліне.
Таму сярод шалёных скал,
Адною звязаныя мэтай,
Не верым, што за рысай гэтай
Падсцерагае нас абвал.
Чаму ж прыходзім мы сюды,
Таго не ведаем і самі,
Ці знойдзем мы паміж ільдамі
Забытай вечнасці сляды?
Сусвет ляжыць ля нашых ног,
Але вяртаемся мы ў горы,
Каб тут над кропкаю апоры
Паверыць зноў, што з намі Бог...
* * *
Майго кахання ў тым загана,
Што ў недазволенай журбе
Я не магу сказаць: "Таццяна,
Дарэмна я кахаў цябе".
Чаму я быў такі нясмелы,
Зірнула толькі ты ў адказ...
І ўсё, чаго ты не хацела,
Неназаўжды звязала нас...
Напэўна, з той прычыны важкай
Ты не злавалася зусім,
Калі заўважыла, як цяжка
Быць мне нявольнікам тваім.
У вызваленне я не веру,
Навошта ў марнай барацьбе
Мне, як параненаму зверу,
Служыць забавай для цябе...