Яўген Лянцэвіч нарадзіўся ў 1980 годзе ў в. Закальное Менскай вобласці. У 2006 годзе скончыў ГрДУ імя Я. Купалы. На сённяшні дзень працуе дазнвальнікам у Лідскім РАУС. У перыядычным друку не друкаваўся.
* * *
О Беларусь мая, шыпшына!...
У. Дубоўка.
Дзе твае дзіды на галінках,
Якіх я ўсё жыццё баяўся...
Дзе твае крокі на сцяжынках,
Якім я пакланяўся?
Дзе ты сама, мой кусцік кволы?
Дзе твае кветачкі вясною?
Дзе ты, краіна без крамолы?
У сэрцы ты. Заўжды са мною.
Мой ранак, мой туман над рэчкай,
Дзе ты, прывабнасць майго краю?
Хачу сказаць табе, дарэчы,
У руках шыпшыну я трымаю.
Чарнобыль мне скрывавіў грудзі,
Але душа яшчэ трывае.
Мой сын Радзіму не забудзе!
Бо Беларусь мая жывая!!!
* * *
Жоўты лістапад,
Восеньская песня...
Пэўна, зорапад
Распачаўся дзесьці.
Жоўта-белы свет,
Шэрыя палотны,
Эратычны шэпт,
І твой стогн гаротны.
Так як і хацеў,
Так як і хацела,
У вырай адляцеў
З пахам твайго цела.
А па гарадах,
Па чужых падворках
Ходзіць-ходзіць жах
У людскіх гаворках.
Сцісне, як камяк
Бел-чырвона-сінім.
Я зусім абмяк,
Быццам тут Расія.
Ты, як быццам тут,
Але не са мною,
Мой любімы кут,
Сцежка за ракою.
Жоўты лістапад
Да душы прыцісну,
Слова ты майго
Бурай не пахіснеш...
* * *
Дарога разбіта хадою людзей.
Хто шпарка ідзе, хто бяжыць ад надзей...
Хто крочыць, хто спіць, хто вартуе, хто чуе,
А хтосьці за кімсьці начамі палюе.
Хто бегае ноччу з пасцелі ў пасцелю,
Хто спіць там, дзе Бог яму ложак пасцеле.
І толькі разбітая ходам дарога
Не просіць нічога,
Не моліць нікога...
Яна за хадою натоўпу людзей
Не бачыць наступных падзей...