Папярэдняя старонка: Паэзія

Уладзімір Бурак 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Уладзімір Бурак нарадзіўся ў Лідзе 10 сакавіка 1957 г. Вучыўся ў СШ №11, у 1976 годзе закончыў Лідскі індустрыяльны каледж, у якім зараз працуе інструктарам па вытворчым навучанні. Друкаваўся ў газеце "Принеманские вести", у "Лідскай газеце", у часопісах "Вожык" і "15 сутак". Аўтар кнігі паэзіі "Дарогі розныя бываюць".


ВЯРТАННЕ Ў РОДНЫ КРАЙ

Зямля палеская, пакутніца-зямля,

Змарнелая пад попелам Чарнобыля.

Калісьці ты прыхільнаю была,

Руплівай працай, песнямі аздобленай.


Не радуюць цяпер твае мясціны,

Пануе вецер разам з быльнягом.

Радня, што сустракала так гасцінна,

Прымушана пакінуць родны дом.


Знямела поле, амярцвелі соткі,

А на падворку - дзікае звяр'ё.

Салодкі мёд гарчэе ў поўных сотах,

Духмяны бэз стаў чэзлым кустаўём.


Іржа праела веснічак завескі,

Яны не скрыпнуць, сустракаючы гасцей...

А сэрца рвецца ў любы край палескі,

І толькі ў думках там бываю ўсё часцей.

ДЗВЕРЫ

Як толькі вып'е Ян без меры,

У хату не пускаюць дзверы.

Ён топчацца тады на ганку:

Знайсці ніяк не можа клямку.

Ян на каленях просіць дзверы:

- Пусціце ў дом мяне, халеры!

ДЗЬМУХАВЕЦ

У магазіне смех і стогн -

Зыраць людзі на батон...

Быў батон раней звычайны,

Быў духмяны, смачны, танны,

Быў ён гладкі, наразны

Без усялякай навізны.

Сёння ж дыша навізною:

Вырас вельмі ён цаною,

Бо прыдумаў нейкі спец

Яму назву "Дзьмухавец".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX