Нарадзілася ў 1989 годзе ў Лідзе, скончыла СШ №17, навучаецца ў БДУ па спецыяльнасці "Журналістыка". Друкавалася ў "Лідскай газеце", "Прынёманскіх вестках", складанцы вершаў "Шануйце роднае слова!"
* * *
У чароўных поцемках ночы
Вандруе па вуліцах восень.
Я заплюшчу цёмныя вочы,
Не плачу, табе падалося.
У далонях свой твар схаваю,
Каб твой прывід не здагадаўся,
Я цябе зусім не кахаю,
Толькі нейкі смутак застаўся.
А за вокнамі павуцінне,
Лёгка так у паветры крочыць,
І адзіны сябра гадзіннік
Так глядзіць на мокрыя вочы.
А вакол так цёмна і ціха,
Сэрца нешта пякуча просіць,
На цябе б зірнуць толькі крыху,
Не плачу, табе падалося...